Працуем па новым падручніку “Беларуская мова” для 1 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання




Дата канвертавання09.05.2016
Памер95.8 Kb.
Працуем па новым падручніку “Беларуская мова” для 1 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання

Аўтар: Н. У. Антонава, метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела метадычнага забеспячэння пачатковай адукацыі НІА.

Анатацыя: У артыкуле разглядаюцца асаблівасці новага падручніка “Беларуская мова” для 1 класа. На канкрэтных прыкладах падрабязна апісваюцца прыёмы і метады працы з ім. У матэрыяле змешчана метадычная распрацоўка часткі ўрока па тэме "Наша мова".
У 2011/2012 навучальным годзе выкладанне беларускай мовы ў 1 класе ажыццяўляецца па істотна абноўленым падручніку, які цалкам адпавядае вучэбнай праграме. Нагадаем, што ў ёй для вучняў 1 класа прапануецца вусны курс беларускай мовы. Ён прадстаўлены трыма зместавымі лініямі: навучанне асэнсаванаму ўспрыманню беларускай мовы на слых; назапашванне лексічнай базы беларускай мовы; прапедэўтычнае навучанне чытанню на беларускай мове.

Кожны разварот падручніка ўтрымлівае матэрыял аднаго ўрока, які змяшчае пэўную тэму. Для таго каб арганізаваць працу па вывучэнні лексікі, прапануюцца малюнкі. У большасці выпадкаў малюнкі зроблены на аснове сюжэтаў літаратурных твораў, праслухоўванне якіх і забяспечвае фарміраванне ўменняў асэнсаванага ўспрымання тэкстаў на беларускай мове, спрыяе назапашванню лексікі.

Звернем увагу, што фарміраванне спецыяльных фанетыка-артыкуляцыйных навыкаў беларускай мовы ў падручніку не прадстаўлена, паколькі гэта -- фанетычная праца, і праводзіцца яна на матэрыяле гукаў праз слыхавыя адчуванні і артыкуляцыйныя абагульненні. Мэтанакіраваная выпрацоўка навыкаў распазнавання ў маўленні і вымаўлення спецыфічных гукаў ([г], [ў], [дз'], [дж], [р], [ч], [ц΄], спалучэнне [шч]) павінна праводзіцца на кожным уроку беларускай мовы. Паэтапная сістэма вымаўленчых практыкаванняў прадстаўлена як структурны кампанент урока “Маўленчы трэнінг” у вучэбна-метадычным дапаможніку “Беларуская мова ў 1 класе” (НІА, 2010 г.).

Навучанне асэнсаванаму ўспрыманню беларускай мовы на слых

Каб дзеці маглі ўспрымаць вусную інфармацыю на беларускай мове з неабходнай ступенню асэнсаванасці, у першакласнікаў фарміруюцца ўменні:

прагназаваць змест тэксту па ілюстрацыях;

суадносіць ход развіцця падзей з малюнкавым радам і запамінаць паслядоўнасць у развіцці падзей;

вызначаць дзеючых асоб, суадносіць дзеючую асобу і ўчынак;

выяўляць прычынна-выніковыя сувязі паміж падзеямі і ўчынкамі герояў;

вылучаць незразумелыя словы і выразы ў мінімальным кантэксце.

Названыя ўменні вызначаюць змест работы настаўніка і вучняў з мастацкімі творамі, прадстаўленымі ў падручніку асобным малюнкам ці малюнкавым радам. На старонках падручніка даецца загаловак твора, які вучні будуць успрымаць на слых, і малюнкі па змесце твора. Каб сфарміраваць уменні асэнсаванага ўспрымання на слых, праца з тэкстам і малюнкамі арганізуецца па наступным плане:



1. Перадмаўленчыя практыкаванні па падрыхтоўцы да ўспрымання твора, верагоднаснае прагназаванне яго зместу па малюнках і загалоўку. Настаўнік прапануе вучням разгледзець малюнкі, назваць герояў, прааналізаваць, што адбывалася, адзначыць эмацыянальны стан герояў (увесь час дапамагае вучням выказвацца па-беларуску), паведамляе загаловак тэксту і просіць спрагназаваць, што адбудзецца. Потым вылучае найбольш падыходзячае прагнознае меркаванне. У працэсе гэтай працы павінны быць раскрыты значэнні найбольш важных для разумення твора слоў.

2. Мэтавыя ўстаноўкі перад слуханнем. Ставіцца заданне ці пытанне для канцэнтрацыі ўвагі і палягчэння разумення твора. Пытанне датычыцца галоўнай падзеі ў творы (пажадана, каб яно насіла праблемны характар). Адказ на гэтае пытанне пасля праслухоўвання твора павінна забяспечыць разуменне яго калізіі.

3. Успрыманне твора на слых, актуалізацыя ў час слухання. Настаўнік чытае тэкст і прасочвае эмацыянальную рэакцыю дзяцей, сканцэнтраванасць іх увагі. Калі трэба, спыняецца і задае пытанне, якое дазваляе зняць непаразуменні ў змесце тэксту.

4. Суразмоўніцтва па змесце праслуханага. Вучні запытваюцца пра незразумелыя словы, настаўнік тлумачыць іх значэнне. Калі словы могуць быць зразумелыя з кантэксту, то настаўнік прачытвае ўрывак з твора і просіць выказаць здагадкі пра іх значэнне. У гутарцы па змесце твора вучні прасочваюць сюжэтную лінію, асэнсоўваюць значэнне і ролю прыказак і прымавак, фразеалагічных выразаў, вылучаных з тэксту настаўнікам, выкарыстоўваюць лексіку, засвоеную ў працэсе працы над творам, выказваюць уласнае стаўленне да падзей тэксту.
У якасці прыкладу прывядзём метадычную распрацоўку часткі ўрока па тэме “Наша мова” (урок 1, с. 5 падручніка):

1. Перадмаўленчыя практыкаванні па падрыхтоўцы да ўспрымання твора, верагоднаснае прагназаванне яго зместу па малюнках і загалоўку:

-- Разгледзьце малюнак. Каго на ім бачыце? (Настаўнік называе дзеючых асоб па-беларуску). Тэкст наываецца “Як Мікітка сукенку з’еў”. Як завуць хлопчыка? Хто ведае, што такое па-беларуску “сукенка”? Ці можна яе з’есці? “Што такое "цукерка", "перакладчык"”? Хочаце даведацца, пра што размаўлялі бабуля з унукам?

2. Мэтавыя ўстаноўкі перад слуханнем.

-- Слухайце ўважліва, потым скажаце, ці сапраўды Мікітка з’еў сукенку.

3. Успрыманне твора на слых, актуалізацыя ў час слухання.


Як Мікітка сукенку з’еў

Прыехаў Мікітка да бабулі Алены ў госці. Пачаставаліся, тады бабуля і пытае:

-- А ты, Мікітка, не забыў беларускія словы, добра ведаеш іх?

-- Не, не забыў, -- упэўнена адказаў унук, запіхваючы ў рот цукерку. -- Можаш праверыць, як я гавару.

-- Тады так зробім, -- ажывілася бабуля Алена. -- Я спачатку буду вымаўляць словы па-руску, а ты -- пераказваць іх за мною па-беларуску. Перакладчыкам будзеш. Дамовіліся?

-- Дамовіліся, -- згадзіўся ўнук і заадно пацікавіўся: -- А што робіць перакладчык? (Адкажыце на пытанне.)

-- Зараз пабачыш сам, -- яшчэ болей ажывілася бабуля і пачала падшукваць у памяці словы, якія можна было б задаць унуку. А Мікітка пасур'ёзнеў, нават цукерку за шчакою прытрымаў.

Бабуля ж пачала:

-- Клюква.

-- Журавіны. (Пакажыце на малюнку ў падручніку.)

-- Лук.


-- Цыбуля. (Пакажыце.)

-- Картошка.

-- Бульба. (Пакажыце.)

-- Сахар.

-- Цукар. (Пакажыце.)

-- Бумага.

-- Папера. (Пакажыце.)

-- Аист.


-- Бусел... (Пакажыце.)

Гэтак перабралі дзесяткі са два слоў. Убачыўшы, што ўнуку ўсё даецца лёгка, бабуля Алена прапанавала:

-- А цяпер давай наадварот зробім. Будзем словы пераказваць з беларускай мовы на рускую.

I ўжо на першым жа слове нечакана спатыкнуліся.

-- Сукенка, -- вымавіла бабуля Алена, з усмешкай зірнуўшы ў вочы ўнуку.

-- Канфета, -- хуценька пераклаў Мікітка і языком перакінуў «канфету» за другую шчаку.

-- Авой! -- прытворна здзівілася бабуля Алена. -- Няўжо ты можаш з'есці... платье? Сукенка -- па-руску «платье»!

-- Не, бабуля, ты жартуеш, -- пакрыўдзіўся Мікітка. -- Я добра ведаю, што цукерка -- гэта канфета.

-- Дык я ж пра сукенку гаварыла, -- аж крышку разгубілася бабуля Алена.

-- А я пра цукерку, -- соладка прыцмокнуў Мікітка.

Абодва задаволена рассмяяліся. Асабліва радаваўся Мікітка: пабыў жа перакладчыкам. А што недачуў трошкі -- з кім такога не бывае?

Паводле М.Чарняўскага
4. Суразмоўніцтва па змесце праслуханага:

-- Што з’еў Мікітка? Якія словы ён пераблытаў? Што трэба ведаць, каб правільна гаварыць па-беларуску? Разгледзьце малюнкі. Назавіце словы, якія загадвала бабуля ўнуку. Назавіце іх па-беларуску. Запытайцеся адзін у аднаго.

Літаратурныя творы, якія складаюць маўленчую аснову ўрока, друкуюцца ў часопісе “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”, № 8/2011.

Назапашванне лексічнай базы беларускай мовы

Азнаямленне з лексікай беларускай мовы прадугледжваецца на кожным уроку беларускай мовы ў 1 класе. Для лепшага засваення прапанаванай лексікі яна аб’яднана ў больш буйныя групы. Напрыклад: лексічная група “настаўніца і вучні” ўваходзіць у тэму “Я і мая школа”. Такая структура дазваляе засвойваць і выкарыстоўваць лексіку, аб’яднаную адной тэматыкай, на працягу некалькіх урокаў. Ва ўмовах абмежаванага вучэбнага часу такі падыход дае магчымасць больш трывала фарміраваць лексічную базу беларускай мовы.

Яшчэ на першым уроку беларускай мовы вучні ў выніку назіранняў за маўленнем настаўніка павінны зрабіць вывад, што ў беларускай мове ёсць словы, гучанне якіх толькі крыху адрозніваецца ад рускай мовы (приехал -- прыехаў), а ёсць словы зусім іншыя (мальчик -- хлопчык). Для таго каб навучыцца размаўляць па-беларуску, трэба ўважліва слухаць настаўніка і прагаворваць за ім словы, падобныя да рускіх слоў, а зусім іншыя словы трэба запомніць і ўжываць пры адказе. Калі слова незразумелае -- неабходна паспрабаваць здагадацца пра яго значэнне ці запытацца ў настаўніка. Звяртаем увагу настаўнікаў на тое, што трэба паступова весці работу па ўжыванні вучнямі слоў беларускай мовы ў маўленні: выкарыстоўваць іх пры адказе на пытанні, выказванні ўласных думак, нават тады, калі ўсё выказванне пабудавана па-руску.

На засваенне лексікі скіраваны і ўвесь матэрыял падручніка. Спачатку даюцца малюнкі, у гутарцы па каторых настаўнік знаёміць вучняў з новымі словамі і выразамі, ажыццяўляе першаснае замацаванне праз адказы вучняў на пытанні з выкарыстаннем новых слоў. Як правіла, гэтаму прысвечана левая старонка развароту падручніка. Далейшае замацаванне слоў адбываецца ў працэсе слухання і суразмоўніцтва па праслуханым творы, які таксама тэматычна звязаны з лексікай, што вывучаецца. Звычайна ён займае другую частку развароту. У якасці прыкладу разгледзем, як адбываецца ўвядзенне лексічнай тэмы “Я і мая сям'я. Мае сваякі” (урок 6, с. 14 падручніка):



1) Уступная гутарка

-- У кожнага чалавека ёсць родныя людзі -- сваякі (родственники). Сягоння даведаемся, як іх называюць па-беларуску.

Паслухайце верш. Запомніце словы, якія называюць сваякоў:

Мы -- працоўная сям'я:

дзед, бабуля,

тата, мама,

брат з сястрой,

таксама -- я.



В. Лукша

Назавіце сваякоў, пра якіх гаворыцца ў вершы.



2) Работа па падручніку

-- Разгледзьце малюнак. Знайдзіце і пакажыце дзядулю, бабулю. Вымавіце гэтыя словы хорам. Хто прыехаў да іх у госці? Што робіць хлопчык? Кім ён прыходзіцца дзядулі і бабулі, маме і тату? Што робіць дзяўчынка? Кім яна прыходзіцца дзядулі і бабулі, маме і тату?

Неабходна ўвесь час звяртаць увагу на тое, каб вучні выкарыстоўвалі ў сваім маўленні новыя словы.

Прапедэўтычнае навучанне чытанню на беларускай мове

Навучанне чытанню на беларускай мове ў 1 класе паступова адбываецца пасля таго, як вучні авалодаюць навыкам чытання на рускай мове. У 1 класе адносна навучання чытанню ставяцца задачы:

ажыццявіць перанос навыку чытання на беларускую мову (этапы 1 і 2);

фарміраваць фанетыка-артыкуляцыйныя навыкі для гукаў [г], [ў], [р], [ч], [дж], [дз΄], [ц΄], навыкі арфаэпічна правільнага апазнавання літар г, ў, р, ч, ц, і, апострафа, дыграфаў дз, дж (этап 3);

асвойваць уменне сачыць за чытаннем настаўніка;

развіваць пільнасць успрымання.

Перанос навыку чытання арганізуецца так. На першым этапе вучні чытаюць словы, якія не адрозніваюцца ў рускай і беларускай мовах (с. 26, 28, 33 падручніка). Настаўнік паведамляе, што чытаюць па-беларуску так, як і па-руску: глядзяць на літары і агучваюць іх.

На другім этапе сярод слоў, прапанаваных для чытання, сустракаюцца словы ўласнабеларускай лексікі, з якімі вучні сутыкаліся пры праслухоўванні твора (с. 29, 31, 32, 35--47). Чытанне такіх слоў абавязкова павінна суправаджацца тлумачэннем вучнямі іх значэнняў.

На трэцім этапе (с. 48--61) навучанне чытанню арганізуецца як самастойная частка ўрока па наступным плане:

1. Маўленчы трэнінг. Настаўнік узнаўляе фанетыка-артыкуляцыйныя характарыстыкі гука; у займальнай форме знаёміць вучняў з новай літарай, устанаўлівае трывалыя сувязі паміж графічным і гукавым вобразамі праз разглядванне і абмеркаванне асацыятыўнага малюнка (апостраф, які мірыць задзіраў на с. 48, літара г, якая бачыць у люстры сваю крыху змененую выяву на с. 50 і г.д.), чытанне складоў з літарай, што вывучаецца (адпаведная частка ўрока ў падручніку абведзена блакітнай рамачкай).

2. Перадмаўленчыя практыкаванні па падрыхтоўцы да чытання. Вылучэнне новай моўнай з’явы ў словах і чытанне іх, назіранне за вымаўленнем, вызначэнне значэння слова, яго сувязі з праслуханым тэкстам, чытанне слоў з новай літарай вучнямі, правільная пастаноўка націску, папярэдняе праглядавае чытанне тэксту, вызначэнне незразумелых слоў, падрыхтоўка да чытання (падкрэсліванне літар, якія чытаюцца па-беларуску своеасабліва).

3. Чытанне тэксту. Настаўнік чытае тэкст, вучні сочаць па падручніку, фіксуюць незразумелыя словы.

4. Суразмоўніцтва па прачытаным. Вучні запытваюцца пра незразумелыя словы, правільную пастаноўку націску, адказваюць на пытанні настаўніка па змесце з выкарыстаннем выбарачнага чытання, устанаўліваюць сэнсавую сувязь з праслуханым творам.

5. Узнаўленне тэксту. Вучні чытаюць тэкст індывідуальна ўголас, самастойна ў парах і г.д., абмяркоўваюць з настаўнікам і аднакласнікамі правільнасць чытання.
Такім чынам, урок беларускай мовы ў 1 класе структурна арганізуецца па наступных этапах:

І. Паўтарэнне вывучанага на мінулым уроку (узнаўленне фанетычнага і лексічнага матэрыялу папярэдняга ўроку).

ІІ. Маўленчы трэнінг (фарміраванне фанетыка-артыкуляцыйных навыкаў).

ІІІ. Новы матэрыял (увядзенне ў займальнай форме лексічнай тэмы).

IV. Замацаванне (практыкаванні па асэнсаваным успрыманні на слых твораў на беларускай мове з вывучанай лексікай).

V. Хвілінка адкрыццяў (знаёмства з лексічнымі і граматычнымі асаблівасцямі беларускай мовы ў параўнанні з рускай мовай: міжмоўнымі амонімамі, словамі з несупадзеннем роду і г.д., прапедэўтычнае навучанне чытанню на беларускай мове).

VI. Вынік урока (паўтарэнне асноўных момантаў урока ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі).

Адзначым, што прапанаваная структура ўрока можа відазмяняцца ў сваёй паслядоўнасці, аднак усе вызначаныя структурныя кампаненты трэба захоўваць. Нагадаем, што ў склад ВМК па беларускай мове для 1 класа, акрамя падручніка, уваходзяць: “Беларуская мова. 1 клас. Рабочы сшытак” (“Аверсэв”, 2011 г.); DVD-дадатак (электронны дадатак № 5, 6 да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”, 2010 г.); наглядны дэманстрацыйны матэрыял (каляровыя ўклейкі ў часопіс “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”, 2010 г.).







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка