Працоўныя з буйных прадпрыемстваў г. Менску




Дата канвертавання01.05.2016
Памер30 Kb.
У ліпені 2009 года Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) пачаў рэалізацыю праекту Еўрапейскай камісіі “Развіццё грамадскага дыялогу пра сацыяльна-эканамічныя й палітычныя альтэрнатывы: падвышэнне патэнцыялу грамадскай супольнасці ў Беларусі”. Галоўная мэта гэтага праекту – надаць грамадскім арганізацыям здольнасці да актыўнага ўдзелу ў адкрытым дыялогу на розных узроўнях і падвысіць іх здольнасці зрабіць унёсак у працэс дэмакратызацыі знізу, у тым ліку праз пашырэння прынцыпу адпавядальнасці палітыкі інтарэсам спецыфічных групаў.

У рамках праекту Аксыёметрычная лабараторыя “НОВАК” зладзіла 6 фокус-групаў (кастрычнік-лістапад 2009 г.) на тэму “Успрыманне эканамічнага крызісу ў Беларусі рознымі сацыяльнымі групамі: роля дзяржавы й практыкі выжывання”. У даслеедаванні бралі ўдзел прадстаўнікі наступных сацыяльных групаў:



  • працоўныя з буйных прадпрыемстваў г. Менску;

  • працоўныя горадаўтваральнага прадпрыемства (г. Жодзіна);

  • “бюджэтнікі”;

  • людзі, што страцілі працу падчас крызісу;

  • моладзь (навучэнцы);

  • моладзь, блізкая да палітычнай апазіцыі.

Падчас правядзення фокус-групаў былі закранутыя наступныя тэмы:



  • успрыманне наяўнасці крызісу, часу яго пачатку, “адказных” за крызіс;

  • асноўныя праявы крызісу дзеля азначанай сацыяльнай групы;

  • змяненне ролі дзяржавы ў дачыненні да сацыяльнай групы (у т.л. у параўнанні з іншымі групамі);

  • параўнанне сітуацыі з папярэднімі эканамічнымі крызісамі;

  • практыкі выжывання й эканамічных паводзінаў.

Атрыманы наступныя вынікі даследавання.

1. Існаванне крызісу па-рознаму ацэньваецца бюджэтнікамі, працоўнымі й моладдзю. Працоўныя з’яўляюцца групай, якая найбольш адчула ягоныя наступствы. Гэта праявілася ўва змяншэнні даходаў, няпоўнай занятасці альбо пагрозе беспрацоўя. Бюджэтнікі не адчулі моцнага ўплыву крызісу, але не праз моцную абароненасць, а з прычыны пачаткова нізкага ўзроўню жыцця.

2. Прычыны крызісу бачацца ў сусветных тэндэнцыях, якія спрычыніліся да звужэння рынкаў збыту беларускіх тавараў.

3. Паводле успрымання працоўных, ва ўмовах крызісу стратэгіяй дзяржавы з’яўляецца не сацыяльная падтрымка, а змяншэнне сацыяльных забавязальніцтваў перад насельніцтвам. Гэта адлюстроўваецца ў скарачэнні занятасці, змяншэнні заработная платы. Насельніцтва разлічвае не на падтрымку дзяржавы, а, хутчэй, на падтрымку бліжэйшага асяродку – родных і сяброў.

4. Узмацненне крызісу спараджае атамізаванасць, сацыяльную раз’яднанасць – людзі ўсё часцей успрымаюць адно аднаго адмоўна, як канкурэнтаў за рэсурсы, колькасць якіх скарачаецца. Крызіс выклікае адчуванне боязі й непакою за ўласную будучыню. Песімізм узмацняецца тым, што людзі баяцца апынуцца ў “даўгавой яміне” (асабліва калі маюць банкаўскія крэдыты), бо бачаць рэальную магчымасць застацца бяз працы.

5. Крызіс не з’яўляецца штуршком да далейшага развіцця – актывізацыі прыватнай ініцыятывы, прадпрымальніцкай дзейнасці. Перашкодай для вялікай часткі насельніцтва з’яўляецца своеасаблівая “прышчэпка”* 1990-х гг., калі паслякрызісная прадпрымальніцкая ініцыятыва не апынулася для большасці сталай крыніцай падвышэння дабрабыту. Увогуле, крызіс 1990-х гг. у пакалення, якое атрымала тагачасны досвед, з’яўляецца падставай для параўнання з сучасным станам (прычым такое параўнанне паўстае спантанна), а таксама ацэнак і пабытовых прагнозаў.

6. Крызіс з’яўляецца фактарам рэгрэсу, пра што сведчаць асноўныя стратэгіі выжывання: сыйсце ў менш кваліфікаваную дзейнасць, пошук нясталай працы, якая патрабуе ніжэйшай кваліфікацыі, больш актыўны занятак натуральнай гаспадаркай, прысядзібнай дзялкай, альбо зменшыць спажыванне. Найбольш выразная мэта насельніцтва – “перачакаць” з надзеяй на вяртанне папярэдняй сітуацыі.

На падставе вынікаў фокус-групаў будзе падрыхтаваная анкета для нацыянальнага апытання, якое запланаванае на канец 2009 – пачатак 2010 гг. Канчатковы аналіз вынікаў фокус-групаў і апытання будзе прадстаўлены праз шэраг аналітычных матэр’ялаў, якія будуць падрыхтаваныя ў пачатку 2010 г.




* Аўтарка панятку – Надзея Яфімава.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка