Праблема якасці паслугаў у нямецкай адукацыі дарослых




Дата канвертавання01.05.2016
Памер249.58 Kb.
Галіна Верамейчык,
аспірант кафедры псіхалогіі і педагогікі
Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы БДУ

Праблема якасці паслугаў у нямецкай адукацыі дарослых


Адукацыя з'яўляецца непаўторным «прадуктам», які не можа быць параўнаны ні з адным прадуктам ні з адной паслугай якой-небудзь галіны вытворчасці. Асаблівасць адукацыі заключаецца ў тым, што гэты «прадукт» не можа быць «выпрадукаваны» тым, хто яго прапаноўвае, а яго спажывец – гаворка ідзе пра навучэнца – павінен стварыць гэты прадукт пад час асабістай актыўнасці. Гэты асаблівы статус сферы адукацыі патрабуе распрацоўкі асобнай мадэлі якасці.» 1
Дэбаты па пытаннях якасці адукацыі дарослых набылі вялікае значэнне ў ФРГ на пачатку дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя і з невялікімі перапынкамі працягваюцца і да сённяшняга дня. У іх удзельнічаюць розныя акторы, уключаючы прадстаўнікоў дзяржавы, арганізацый адукацыі дарослых і іх аб’яднанняў, навуковых і даследчых установаў, камерцыйных адукацыйных арганізацый і так званых новых адукацыйных інцыятываў, якія прадстаўляюць сабой у большасці выпадкаў грамадскія аб’яднанні. Тут патрэбна адзначыць, што ў параўнанні з беларускімі традыцыямі сфера адукацыі ў Германіі мае вельмі развітую “грамадскую інфраструктуру”2, да якой належаць рознага кшталту аб’яднанні, утвораныя як фізічнымі, так і юрыдычнымі асобамі (прафесійныя саюзы, зямельныя і федэральныя асацыяцыі народных высшых школаў, таварыства, скіраваныя на развіццё таго ці іншага сектара адукацыі і г.д.), што дазваляе ўсім групам інтарэсаў браць актыўны ўдзел у абмеркаванні актуальных пытанняў і ўплываць на канчатковае рашэнне. Найбольш яскрава гэта праяўляецца ў сферы адукацыі дарослых, якая гістарычна ўзнікла і развівалася рознымі сацыяльнымі групамі і без значнага ўдзелу дзяржавы.

Гэтая “новая хваля”* дыскусій мела пад сабой шэраг прычын, сярод якіх:



  1. Новая палітычная стратэгія адносна ролі дзяржавы ў адукацыі ўвогулле і непасрэдна ў адукацыі дарослых.

  2. Рэструктурызацыя ўстановаў адукацыі дарослых ў кірунку свабоднага рынку, што адбывалася ў адказ на скарачэнне грамадскага (дзяржаўнага) фінансавання.

  3. Афармленне спажыўцамі новага попыту адносна характара і умоваў навучання.

  4. Спробы камерцыйных адукацыйных установаў вызначыць сваё месца на рынку прадоўжанай адукацыі.

  5. Хуткі рост дадзенага сектару адукацыі і, адпаведна, павышэнне актуальнасці пытанняў абароны спажыўцоў.

  6. Выдаткаванне значных грашовых сродкаў на адукацыйныя мерапрыемствы, звязаныя з нямецкім ўз’яднаннем, без адэкватнай яснасці адносна крытэрыяў якасці для адукатараў, навучэнцаў і ўстановаў прадоўжанай адукацыі.

Неабходна адзначыць, што ў Германіі менавіта шырокая дыскусія па пытаннях якасці ў адукацыі дарослых сталася адной з важкіх прычын дзеля пад’ёму гэтага пытання ў другіх сферах адукацыі, і ў значнай ступені гэта адбылося ў сувязі з распаўсюджваннем канцэпцыі адукацыі на працягу ўсяго жыцця. Характэрная для дадзенай канцэпцыі арыентацыя на інтэграцыю розных адукацыйных сектароў і установаў, таксама як на прадастаўленне магчымасці індывідуяльнага навучання набыла значны ўплыў у Германіі адносна недаўна. Адной з афіцыйных ініцыятываў у гэтым накірунку была арганізацыя “Форума адукацыі” у 1999 г. з мэтаю арганізацыі нацыянальнага абмеркавання пяці галоўных тэмаў: будучыя мэты адукацыі і кваліфікацыі, роўныя магчымасці, гарантыі якасці ў кантэксце міжнароднага спаборніцтва, адукацыя на працягу жыцця, новая культура навучання і выкладання. (http://www.forum-bildung.de).

Другім імпульсам для актывізацыі дыскусіі і ўкаранення канцэпцыі адукацыі на працягу ўсяго жыцця сталася новая праграма фінансавання (http://www.blk-lll.de) Камісіі федэрацыі і земляў па адукацыйнаму планаванню і развіццю даследаванняў. (http://www.blk-bonn.de/contents.htm). Прафінансаваныя праекты скіраваныя на інавацыі ў культуры навучання (адукацыйнай культуры), на меры падтрымкі самастойна кіруемага навучання (selbstgesteuerte Lernen /self-directed learning), на павышэнне якасці і з’яўленне новых форм паслугаў і кансультаванне спажыўцоў.



Усё гэта прывяло да павышэння ўзроўню андрагагічнай рэфлексіі і ўсвядамленню шэрага зменаў (альбо праблемных кропак) у прафесійнай самасвядомасці андрагогаў. Напрыклад, наступныя выказванні з’яўляліся галоўнымі дыскусійнымі пытаннямі пад час ацэнкі рознага кшталту мадэльных праектаў, палітычных і нарматыўных дакументаў, выступленняў на канферэнцыях і публікацый, міжнародных і нацыяльных даследванняў:

  • Асаблівасці адукацыі як віда паслуг: “(1) ... беспарапынная адукацыя з’яўляецца невызначаным таварам ці, кажучы інакш, таварам “назапашваемага досведу”, карысць якога робіцца зразумелай толькі пад час самога працэсу альбо нават пазней... (2) ... бесперапынная адукацыя ў некаторым сэнсе з’яўляецца змешаным таварам. .... гэта і індывідуяльны, і калектыўны тавар, прычым апошняе часта разглядаецца пазітыўна, але неахвотна аплочваецца. Таму зразумела, што праграма па палітычнай сацыяльна-інтэграцыйнай адукацыі наўрад ці можа быць самаакупальнай. (3)... адукацыя гэта, перш за ўсё, такі тавар, які цяжка набыць. Усе паслугі патрабуюць некаторай ступені актыўнага ўдзелу ад іх спажыўца. Але... наўрад ці ёсць якая-небудзь іншая паслуга, акрамя адукацыі, дзе поспех так залежыць ад асабістага ўдзелу і намаганняў навучэнца...”3

  • Размова аб якасці можа ісці толькі ў множным ліку, г.зн. аб якасцях. Патрэбна адрозніваць, як мінімум, “якасць установы, якасць праграмы навучання, якасць правядзення і якасць вынікаў”4 . Некаторыя дадаюць да гэтага пераліку таксама такую катэгорыю як “якасць сістэмы прадоўжанай адукацыі”5.

  • Негледзячы нават на тое, што слоўнік дае вызначэнне якасці ў адукацыі дарослых як “…арыентацыі на задавальненне кліентаў”6, ўдзельнікі дыскусіі палічылі патрэбным зазначыць, што “паняцце якасці ў прадоўжанай адукацыі павінна выкарыстоўвацца такім чынам, каб задавальненне ўдзельніка не магло быць адзіным крытэрыем... Безумоўна ўдзельнікі граюць пэўную ролю ў вызначэнні якасці таго, што адбываецца ў адукацыі дарослых. Але галоўнай мэтай адукацыі дарослых павінна быць стварэнне магчымасцяў і матывацыі самастойных дзеянняў для людзей і для сябе саміх.”7

  • Вызначэнне “арыентацыя на кліента” павінна быць выкарыстана ў якасці карэктыроўкі “патэрналістскіх адносін” да навучэнцаў у некаторых установах адукацыі дарослых. Яно можа прывесці да перагляду вобраза “студэнта”. Арыентацыя на кліента таксама азначае, што арганізацыі павінны больш звярнуць увагі на паняцце “абслугоўванне” 8.

  • Больш шырокае выкарыстанне прынцыпаў вольнага рынка і павялічэнне прызнання адукацыі дарослых як адной з найбольш важных складнікаў адукацыі на працягу жыцця павінна прывесці да ўзмацнення канцэпцыі абароны кліента (спажыўца) і абароны індывідуальнага навучэнца.

  • Канцэпцыя якасці з яе ўвагай на прэвентыўныя меры з’яўляецца вельмі важнай, паколькі, у першую чаргу, дазваляе замяніць “выпраўленне памылак на папярэджанне”. Прадоўжаная адукацыя разглядаецца як цэласны працэс, які павінен быць арганізаваным; і калі якасць павінна быць гарантаваная, то кожная асоба, якая задзейнічана ў гэтым цэластным працэсе, павінна несьці за яе адказнасць і здзяйсняць самакіраванне.

  • Далейшая прафесіяналізацыя дадзенай сферы адукацыі. Гэта азначае неабходнасць распрацоўкі крытэрыяў якасці для новых формаў адукацыі дарослых, асабліва для самакіруемага і базуючагася на выкарыстанні кампутара навучання.

  • Кампетэнцыі, неабходныя для выканання функцый унутранага кіравання якасцю, сярод персанала адукацыйных установаў можна сустрэць толькі зрэдку. Адпаведна патрэбны спецыяльныя праграмы падрыхтоўкі персанала, якія ўжо спрабуе прапаноўваць Нямецкі інстутут адукацыі дарослых.

Цікавым момантам з’яўляецца таксама разгляд пытанняў якасці з пункту гледжання заканадаўства. Як адзначаецца ў матэрыялах вышэйпазначанага даследвання “практычна ўсе зямельныя законы вызначаюць устойлівыя крытэрыі якасці для ўстановаў і курсаў прадоўжанай адукацыі, такія як

  • адкрыты доступ і праграмы для грамадства,

  • наяўнасць кіраўнічага персанала з адпаведнай адукацыяй

  • адэкватная адукацыя выкладчыкаў (андрагогаў),

  • наяўнасць магчымасці павышэння кваліфікацыі для персанала,

  • наяўнасць матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання і вучэбных планаў, неабходных для паспяховай дзейнасці”9.

Але гэтыя крытэрыі не з’яўляюцца вычарпальнымі і дастатковымі для забеспячэння беспарапыннага працэсу павышэння якасці. Як вынік новай дыскусіі па праблемах якасці былі распрацаваныя новыя крытэрыі, частка з якіх ўтрымлівалася і раней ў некаторых зямельных законах. Напрыклад, такія як абарона спажыўца, ацэнка і сістэма кіравання якасцю. Так элемент абароны спажыўца быў узмацнены праз абавязак інфармаваць навучэнцаў аб асобе выкладчыка, прадмеце, праграме і графіку, аб тым, якія веды і падрыхтоўку пажадана мець будучаму ўдзельніку, патрабаваннях да допуску да экзаменаў, атрымання сертыфіката і кошце курсу (Мекленбург-Пярэдняя Памеранія). У Ніжней Саксоніі, установы, якія атрымліваюць грошы з публічных крыніц, абавязаны рэгулярна ацэньваць сваю працу і даваць справаздачу. У зямлі Брэмен установы прадоўжанай адукацыі ў дапаўненне да ўмоваў, пазначаных вышэй, павінны прадэманстраваць, што яны валодаюць сістэмай кіравання якасцю. Гэта павінна быць пісьмова задакументавана, праверана і пацведжана знешнім асэсарам (ацэньшчыкам). Установы павінны таксама мець адпаведных супрацоўнікаў (на поўную стаўку), якія займаюцца праграмай развіцця і забеспячэння якасці.

Такім чынам відавочна, што праблема якасці адукацыйных паслугаў для дарослых знайшла сваё адлюстраванне як на ўзроўні ўсведамлення, так і на ўзроўні нарматываў. Да таго ж з сярэдзіны 90-х гадоў можна назіраць актыўные спробы распрацоўкі і апрабацыі розных спосабаў і мадэляў ацэнкі якасці. Паспрабуем разгледзець якім чынам гэта ўплывае на сферу практычнай дзейнасці і прадставіць найбольш актуальныя падыходы да ацэнкі і кіравання якасцю, якія сёння выкарыстоўваюцца ў нямецкай адукацыі дарослых.

Мадэль ISO-9000, базуючаяся на знешняй сертыфікацыі і зарыентаваная на працэсуальны ўзровень і забяспячэнне арыентацыі на кліента. Гэты мадэль выкарыстоўваецца, перш за ўсё, ўстановамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі і навучання.

Самаацэнка згодна з Еўрапейскай мадэллю усебаковага мэнеджменту якасці, распрацаванай Еўрапейскім фондам кіравання якасцю (European Foundation for Quality Management, EFQM). Яна была выкарыстана ў Севернай Рэйн-Вестфаліі спецыяльна для шэрагу мадэльных праектаў у галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі і навучання і ва ўстановах агульнай прадоўжанай адукцыі (напрыклад, у установах для сямейнай адукацыі дарослых).

Самаацэнка ў спалучэнні са знешняй інспекцыяй экспертаў практыкуецца Асацыяцыямі рэгіянальных надаўцоў паслугаў. На аснове гэтага падыхода была распрацаваная Мадэль якасці, арыентаваная на вучэнне для прадоўжанай адукацыі (Das lernerorientierte Qualitätsmodell in der Weiterbildung/LQW).

Абапіраючыся на асноўныя характарыстыкі мадэляў Штэфані Харц10 прыводзіць наступную табліцу, што дазваляе нам вельмі наглядна іх параўнаць



Мадэль

Асаблівасці і вынікі

ISO

Знешняя ацэнка

Стварэнне іміджу/маркетынг

У мадыфікаваным выглядзе (у адукацыі дарослых) набліжаецца EFQM


EFQM

Самаацэнка

Узмацненне самарэфлексіі

Арыентацыя на развіццё


LQW

Камбінацыя ўнутранай і знешняй ацэнак

У цэнтры – “удалае вучэнне”

Арыентацыя на развіццё

Распрацавана непасрэдна для прадоўжанай адукацыі


Першыя дзве мадэлі былі запазычаны з эканамічнай сферы і выкарыстоўваюцца ў адукацыі дарослых у мадыфікаваным выглядзе. Апошняя мадэль была распрацавана непасрэдна для дадзенага сектару адукацыі Ніжнесаксонскім аб’яднаннем народных вышэйшых школ сумесна з Інстытутам крытычных сацыяльных даследаванняў і адукацыйнай працы АртСет (ArtSet, Institut für kritische Sozialforschung und Bildungsarbeit). Менавіта таму яна прадстаўляе сабой найбольшую цікавасць і будзе разгледжана больш падрабязна.

На аснове папярэдніх распрацовак і дасведчанняў, атрыманых у межах пілотнага праекту ў Ніжняй Саксоніі сёння праводзіцца кантрольная фаза двухбаковага (федэрацыя-землі) сумеснага праекту “Тэсціраванне якасці ў прадоўжанай адукацыі” з мэтай ўкаранення дадзенай формы ацэньвання і планавання развіцця якасці. Неспарэднымі выканаўцамі праекту з’яўляюцца Арт-Сет-інстытут (Гановер) і Нямецкі інстытут адукацыі дарослых (DIE) (Бонн).

Фактычна ў межах распачатага праекта павінна быць створаная адзіная сістэма развіцця якасці, якая можа быць адаптаваная да любой арганізацыі, незалежна ад памеру і профілю. Згодна гэтай новай мадэлі занятыя (супрацоўнікі) павінны быць аўтарамі свайго развіцця. Праз знешнюю ацэнку наяўнасць стрэтэгіі развіцця якасці толькі падцвярджаецца. Заставанне падобнай сістэмы дазволіць спажыўцам параўноваць якасць паслугаў незалежна ад рэгіянальнай спецыфікі, а арганізацыям выкарыстоўваць падтрымку спецыялістаў.

Гэтая мадэль мае тры асаблівасці: Па-першае, арыентуецца на вучэнне, па-другое, легка дапасоўваецца да спецыфікі арганізацыі, па-трэцяе, накіраваная на арганізацыйнае развіццё. Пад час тэсціравання арганізацыя павінна выкананаць мінімальныя запатрабаванні, якія будуць пераправераныя звонку, у наступных сферах якасці: вобраз сябе (арганізацыі), аналіз патрэбаў, ацэнка адукацыйнага працэса, якасць навучання, ключавыя працэсы, персанал, кіраўніцтва, камунікацыя з кліентамі, інфраструктура, катролінг і стратэгічнае планаванне. Арганізацыя, якія паспяхова праходзяць тэсціраванне, атрымлівае адпаведнае пасведчанне ад спецыялізаванага адделу, у працы якога ўдзельнічаюць прадстаўнікі федэрацыі, зямель, навукоўцы і практыкі.

Больш падрабязна дадзены мадэль прадстаўлены ў дадатку № 1, дзе прадстаўлены паслядоўнасць спосаба ацэнкі і метады падрыхтоўкі галоўнага выніку дадзенай працы - сваеасабістай “самасправаздачы”.

Патрэбна таксама адзначыць, што да сённяшняга дня ўдзел у тэсціраванні не з’яўляецца абавязковым, але павышэнне запатрабаванняў кліентаў і канкурэнцыі прымушаюць установы і іх супрацоўнікаў клапаціцца аб стварэнні пазітыўнага іміджу арганізацый і распрацоўцы дакладнай стратэгіі развіцця, якая б забяспечвала не толькі выжыванне, але і бесперапынны працэс падвышэння якасці адукацыйных паслугаў.


Дадатак № 1. Мадэль якасці, арыентаваная на вучэнне

Паслядоўнасць тэсціравання


Працэс тэсціравання фактычна пачынаецца тады, калі дасягаецца дамоўленасць паміж адпаведнай службай, умоўна назавем яе аддзелам ацэнкі, паколькі ў розных землях гэтыя функцыі выконваюць розныя арганізацыі, і арганізацыяй. Як правіла стартавай кропкай з’яўляецца ўводны семінар альбо працоўная сустрэча, якія даюць ўводзіны ў працэдуру і дазваляюць зрабіць першы аналіз стану арганізацыі. Пасля чаго (самае позняе праз год) ўстанова павінна падрыхтаваць самасправаздачу. На гэтым этапе аддзел ацэнкі называе знешняга арбітра, які ацэньвае справаздачу, і паведамляе яго высновы арганізацыі. Рэкамендавана, што пасля падрыхтоўкі і здачы самасправаздачы арганізацыя і арбітр зкаардыноўваюцца і вызначаюць дату заключнага семінару. Гэты семінар павіннен быць арганізаваны праз установу адукацыі дарослых не пазней як за 4 тыдні пасля вынясення арбітрам заключэння па справаздачы. Ён скіраваны, перш за ўсё, на арганізацыю зваротнай сувязі і забеспячэння самарэфлексіі, а г.зн. забеспячэнне працэсу арганізацыйнага навучання. Пры наяўнасці спрэчных момантаў могуць праведзены папярэднія сустрэчы і перамовы. Пад заключнага мерапрыемства – пры неабходнасці – могуць быць праясненыя толькі дробязныя моманты і пытанні. На апошнім семінары таксама выпрацоўваюцца мэты стратэгічнага развіцця для наступнага перыяду. Гэтыя стратэгічныя мэты павінны быць прыкладзены ў якасці апошняга дадатка да самасправаздачы. Адносна стратэгічных мэтаў арбітр выконвае толькі функцыю кансультанта. Мэты не ацэньваюцца як правільныя альбо не. Арганізацыя мае тут свабоду выбару сваей будучыні. Проста абмеркаваныя мэты з’яўляюцца кропкай адліку пры наступным тэсціраванні. У выпадку, калі яны не будуць дасягнуты, то спатрэбіцца падрабязны аналіз і абгрунтаванне.

Пасля правядзення заключнага семінара арганізацыя атрымлівае пасведчанне. Яно выдаецца Арт-Сет-інстытутам і дадаткова падпісваецца адпаведным Міністэрствам альбо аддзелам, якому перададзена гэтая функцыя.

У выпадку калі на заключным семінары будуць выяўлены недапрацоўкі і недахопы, якія могуць быць выпраўлены на працягу 3-х месяцаў, выдача пасведчання адкладваецца на гэты тэрмін. Пасля дапрацоўкі справаздача правяраецца аддзелам ацэнкі і павінна быць узгодненая з арбітрам. У выпадку калі самасправаздача не адпавядае нават мінімальным патрабаванням, арганізацыя можа паспрабаваць правесці самаацэнку праз паўгады. Аднак з боку знешняя эксперта яны атрымліваюць паведамленне аб выяўленых дэфіцытах. Працэс падрыхтоўкі і прыняцця новай справаздачы аналагічны падрыхтоўцы першай. Паслядоўнасць арганізацыі і правядзення тэсціравання прадстаўлена на мал. 1.

Мал. 1. Паслядоўнасць арганізацыі і правядзення тэсціравання


Самасправаздача і рабочыя лісты для яе падрыхтоўкі


Самасправаздача з’яўляецца свайго роду сведчаннем клопату арганізацыі аб падвышэнні якасці і апісвае саму арганізацыю. Найбольшая карысць гэтай працы – гэта падвышэнне ўзроўню ўнутрыарганізацыйнай рэфлексіі. Самасправаздача можа быць таксама пацверджаннем якасці альбо нават выкарыстана ў якасці маркетынгавага інструменту. Пад час распрацоўкі выяснецца што ўжо было зроблена, што робіцца і як гэта робіцца. Пісьмовае выкананне дазваляе самаусвядоміць вынікі, вобраз дзеянняў і метады, а таксама дакладна прапісаць абаснаванне і канктэрныя мерапрыемствы для зменаў. Гэтая праца дапамагае арганізацыі “кінуць кантрольны позірк на себе саму” і падрыхтавацца да прыняцця грунтоўных рашэнняў. Надалей самасправаздача павінна ўвесь час дапрацоўвацца, і такім чынам фактычна дакументуецца жыццёвы шлях арганізацыі, якая навучаецца.

На наступных лістах прадстаўлены 12 накірункаў (альбо пласкасцей) якасці, якія павінны быць апрацаваны арганізацыяй. Кожны лісток пабудаваны па падобнай схеме.

Пры апісанні перш за ўсё прытрымліваюцца агульнага разумення гэтай плоскасці якасці. Такім чынам закладываюцца ўнутраныя прынцыпы і рамкі для ўзаемапаразумення пад час сумеснай працы. Гэта разуменнне канкрэтызуецца праз пералік асобных кампанентаў, якія дапамаюць структурна і дзеяздольна арганізаваць апрацоўку. Кампаненты не з’яўляюцца мінімальнымі запатрабаваннямі, але яны выконваюць паясняльную функцыю Пералік кампанентаў можа быць дапоўлены.

Наступным крокам з’яўляецца суправаджэнне альбо праясненне кожнага кампанента канкрэтным спосабам дзеяння і стандартам для практычнай рэалізацыі. Гэта і ёсць мінімальныя запатрабаванні, якія павінны быць выкананыя арганізацыяй пад час працэсу тэсціравання і прадмет самасправаздачы і знешняй ацэнкі.

У якасці доказу прыводзяцца спасылкі і прапановы, якія даюць спасылкі на магчымасці доказу і пацвярджэння мінімальных запатрабаванняў.

Праз гэтыя 12 рабочых лістоў мадэль тэсціравання становіцца больш яснай і нагляднай, ствараюцца рамкі, унутры якіх патрэбна выканаць спецыфічную для арганізацыі “юсціроўку” і задакументаваць і апісаць распрацаваныя дзеянні па паляпшэнню якасці.


Плоскасць якасці 1


“Вобраз арганізацыі”

Вобраз арганізацыі – гэта самаапісанне альбо самаўяўленне, якое разумеюць і прымаюць усе супрацоўнікі.




Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

Ідэнтычнасць і Прізваніе

Здольнасці

Кліенты

Паслугі


Каштоўнасці

Агульныя мэты

Рэсурсы

Дэфініцыя удалага навучання (вучэння)




Выпрацавана пры саўдзеле супрацоўнікаў

Пісьмова зафіксавана

Інфармацыя ёсць звонку і ўнутры

Дакладна вызначана адказнасць за кантроль і рэвізію

Есць выказванні і каментары да ўсіх васьмі кампанентаў


дакументы

публікацыі

палажэнні аб дзеянні




Плоскасць якасці 2


Аналіз патрэбаў

Пад аналізам патрэбаў разумецца выкарыстанне адпаведных інструментаў для сістэматычнага даследвання рынку (адносна развіцця патрэбаў грамадства і адукацыйных запатрабаванняў кліентаў). Праграма, распрацаваная з ўлікам вынікаў даследвання, павінна ўключыць гэтыя патрэбы і запатрабаванні (нужды і потребності) ў інстытуцыянальнае прызначэнне – місію арганізацыі.




Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Інфармацыя аб патрэбах грамадства

  • Інфармацыя аб арганізацыйных патрэбах

  • Інфармацыя аб патрэбах асабаў




  • Аналіз адбываецца рэгулярна

  • Выкарыстоўваюцца адпаведныя метады

  • Прадстаўлена абаснаванне графіку, спосабаў і аб’ёму даследванняў

  • Лічбы, дадзеныя, факты аб запатрабаванняў рынку і патрэбах кліентаў.

  • Выкарыстаныя інструменты



Плоскасць якасці 3

Ацэнка навучальнага працэсу

азначае, што праца, якая вядзецца, рэгулярна пераправяраецца і ацэньваецца з дапамогай адпаведных інструментаў. Галоўным элементам для ацэнкі з’яўляецца задаволеннасць удзельнікаў і пры неабходнасці заказчыка, а таксама рэалізацыя задумак і намаганняў арганізацыі-паслугадаўцы.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Зваротная сувязь ад тых хто вучыцца.

  • Зваротная сувязь ад тых, хто вучыць

  • Выказванні навучэнцаў і выкладчыкаў аб агульнай задаволеннасці, вучэбных поспехах, навучаным працэсе і інфраструктуры.

  • Зваротная сувязь рэгулярна

  • Прыведзена абаснаванне аб’ёму і перыядычнасці

  • Выкарыстоўваюцца розныя метады

  • Высновы, зробленыя з зваротнай сувязі, робяцца разам з выкладчыкамі

  • Задакументаваныя вынікі ацэнкі

  • Пратаколы ацэначных канферэнцыі



Плоскасць якасці 4

Якасць навучання

Пад якасцю навучання разумеецца кампетэнцыя выкладчыкаў, інтэрактыўныя ўзаемаадносіны паміж выкладчыкамі і навучэнцамі, а таксама элементы, звязаныя з вучэбным працэсам, якія падтрымліваюць т.зв. самакіруемае вучэнне удзельнікаў. Кансультаванне з’яўляецца важным складнікам андрагагічнай кампетэнцыі.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

Якасць выкладання:

  • Прадметная кампетэнтнасць

  • Метадычна-дыдак­тычная кампетэнтнасць

  • Сацыяльная кампетэнтнасць

  • Асабістая кампетэнтнасць

  • Навыкі кансультавання

Якасць навучальнага працэсу:

  • “Празрыстасць” мэтаў, зместу, форм працы і выкладчыкаў для навучэнцаў

  • Навучэнцы могуць уплываць на змест, мэты і формы працы

  • Навучальны працэс і вынікі ўвесь час рэфлексіруюцца

  • Навучальны працэс стварае прастору для практыкі і выпрацоўкі спосабаў прымянення

  • Вызначана практыка падбору і найму персанала

  • Выкладчыкам прапануецца павышэнне кваліфікацыі

  • Кансультаване і падтрымка выкладчыкаў адбываецца пры дапамозе педагогічнага персанала, адказнага за праграму.

  • Праграма інфармуе аб якасці навучання.

  • Дакументацыя аб кваліфікацыі і кампетэнтнасці выкладчыцкага персанала

  • Улік мерапрыемстваў павышэння кваліфікацыі

  • Пратаколы

  • Праграма



Плоскасць якасці 5

Якасць вучэбнай інфраструктуры

Вучэбная інфраструктура ахоплівае арганізацыйна-тэхнічныя, сітуатыўныя, часовыя, матэрыяльныя і масс-медыйныя ўмовы непасрэднага вучэбнага кантэксту.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Памяшканне і абсталяванне

  • Памер вучэбнай групы

  • Навучальныя матэрыялы

  • Масс-медыйныя сродкі




  • Арганізацыя рэгулярна пераправярае ці адпавядае памяшканне і яго абсталяванне тэмам, адэсатам і выкарыстоўваемым метадам працы.

  • Забяспечваецца магчымасць выкарыстання масс- медыйных сродкаў

  • Тэхнічны стан масс-медыйных сродкаў рэгулярна пераправяраецца

  • Кантрольныя справаздачы

  • Дакументацыя і графікі

  • Пералік (каталаг) масс-медыйнага абсталявання



Плоскасць якасці 6

Цэнтральныя працэсы -

Гэта працэсы, якія вядуць да выпрацоўкі спецыфічных для арганізацыі адукацыйных паслугаў. Яны вызначаюць права і спасабы дзейнасці, абавязкі персанала, ўдзельнікаў і зацікаўленых асобаў, забяспечваюць празрыстасць, яснасць, надзейнасць і магчымасць сумесных дзеянняў.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Рапрацоўка Праграмнага каталога

  • Планаванне, правядзенне і ацэнка адкрытых, праектных і дагаварных мерапрыемстваў

  • Пошук і афармленне заказаў

  • Падбор, абавязкі і кансультаванне выкладчыцкага персанала

  • Кансультацыі для навучэнцаў

  • Камунікацыя з кліентамі




  • Адказнасць за працэсы дакладна вызначана і зафіксавана

  • Паслядоўнасць (працэс) задакументаваная

  • Прыведзена абгрунтаванне спеціфічных для арганізацыі цэнтральных працэсаў.

  • Аналіз адбываецца рэгулярна

  • Выкарыстоўваюцца адпаведныя метады

  • Прадстаўлена абаснаванне графіку, спосабаў і аб’ёму даследванняў

  • Унутраныя палажэнні

  • Дагаворы

  • Арганаграмы

  • Фармуляры

  • Планы і спісы



Плоскасць якасці 7

Кіраўніцтва (руководство), кіраванне (Мэнеджмент ці (управленіе), і працэс прыняцця рашэнняў

Кіраванне – гэта ёсць функцыя кааператыўнага спосабу працы і ахоплівае кіраванне ўсімі працэсамі. Кіраўніцтва у арганізацыях апісваецца звыш таго як кіраўнічая пазіцыя, якая адказвае за ўвядзенне і далейшае развіццё сістэмы мэнеджменту, уключаючы развіццё якасці. Рашэнні надаюць форму і накірунак арганізацыйным дзеянням і забяпечваюць працу. Кіраўніцтва і кіраванне могуць знаходзіць свае месца на розных узроўнях арганізацыі.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Стварэнне камунікатыўнай структуры

  • Працэс прыняцця рашэнняў

  • Кіраванне працэсамі і кааперацыяй

  • Кантроль

  • Кіраванне ведамі

  • Прыняцце агульнай адказнасці

  • Афармленне зменаў

  • Адказнасць за развіццё якасці

  • Стратэгічныя дзеянні

  • Эканамічнае планаванне і кантроль за ўтрыманнем будынка

  • Парадак правядзення сходаў вызначаны і апісаны

  • Рэгулярна адбываюцца сустрэчы і размовы супрацоўнікаў

  • Працэс і спосабы прыняцця рашэнняў апісаны і задакументаваны

  • Маецца ў наяўнасці сістэматычная і рэгулярна абнаўляемая дакументацыя аб унутраных працэсах і правілах арганізацыйнага жыцця

  • Вызначана ў чыёй кампетэнцыі знаходзіцца развіццё якасці

  • Арганаграма

  • Службовыя інструкцыі

  • Статут /Палажэнне

  • Пратаколы

  • Бюджэты

  • Пісьмовыя прынцыпы і пагадненні

  • Дамовы на выкананне працы



Плоскасць якасці 8

Развіццё персаналу

ахоплівае – з улікам вобраза арганізацыі, арганізацыйных мэтаў і выканання спецыфічных задач, звязаных з працоўным месцам і функцыямі, - усе мерапрыемствы для прафесійнага, асабістага і сацыяльнага развіцця занятых на стаўку. Звыш таго, яно скіраванае на інтэграцыю персанала, падтрымку і развіццё здольнасці да супрацоўніцтва, уключаючы партыцыпатыўныя навыкі (навыкі ўдзелу). Да развіцця персанала належыць таксама падтрымка і павышэнне кваліфікацыі супрацоўніц і супрацоўнікаў, якія працуюць на ганарнай аснове альбо ў якасці валанцёраў.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Профіль абавязкаў персанала (службовыя інструкцыі)

  • Планаванне персанала

  • Размовы з супрацоўнікамі (паседжанні, сабранні)

  • Павышэнне кваліфікацыі

  • Развіццё навыкаў каманднай працы




  • Профіль абавязкаў для кіравання, планавання і арганізацыі дакладна апісаны і будзе прапрацоўвацца далей

  • Распрацаваны і будзе актуалізавацца профіль кампетэнцый для супрацоўнікаў сферы кіравання, планавання і арганізацыі

  • Рэгулярна праводзяцца бяседы, скіраваныя на развіццё персанала

  • Існуе сістэматычнае планаванне павышэння кваліфікацыі і ацэнкі для ўсіх супрацоўнікаў

  • Рэгулярна актуалізуюцца дадзеныя аб усіх сумяшчальніках і валанцёрах.

  • Дакументуюцца мерапрыемства, скіраваныя на для развіццё навыкаў каманднай працы і ўдзелу ў прыняцці рашэнняў.

  • Статыстыка павышэння кваліфікацыі

  • Банк дадзеных аб персанале

  • Пратаколы паседжанняў






Плоскасць якасці 9

Кантролінг

Катнролінг ахоплівае ўсе мерапрыемствы, якія служаць таму каб ацэніць ступень дасягнення арганізацыйных мэтаў і на гэтай аснове апрацаваць кіраўнічыя рашэнні (управленческие). Такім чынам устанаўліваюцца колькасныя і якасныя паказчыкі, лічбы і індыкатары, з дапамогай якіх могуць быць прааналізаваныя і ацэненыя доказы эфектыўнасці арганізацыі цалкам, а таксама яе асобных праграм і сфераў дзейнасці, і зробленыя высновы.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Эканамічныя рэсурсы

  • Праграма навучання

  • Аказанне паслугаў

  • Кліенты, мэтавыя групы, удзельнікі

  • Супрацоўніцы і спрацоўнікі

  • Узгадненне мэтаў




  • Маецца задакументаваная справаздачнасць па ўсім кампанентам

  • Уведзены разлік ўнеска (уклада)

  • Сфармаваныя асноўныя лічбы для разліку фінансавання і коштаў

  • Рэгулярна надаецца інфармацыя аб знешніх магчымасцях

  • Разлік выдаткаў

  • Статыстыка

  • Зборы

  • Справаздачы

  • Кааператыўныя пагадненні

  • Кіраванне ріскамі

  • Бенчмаркетынг



Плоскасць якасці 10

Вытворчыя ўмовы і камунікацыя з кліентамі

Вытворчыя ўмовы і спосабы арганізацыі камунікацыі вызначаюцца і дзейнічаюць адпаведна вытворчым адносінам і камунікацыі паміж арганізацыяй і яе кліентамі. Яны служаць празрыстасці, гарантыі правоў і абароне спажыўца.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Умовы ўдзелу

  • Прадпасылкі доступу

  • Спосаб заяўкі (рэгістрацыі)

  • Мадальнасць выхаду і папярэджанняў

  • Спосабы камунікацыі з кліентамі

  • Абарона дадзеных

  • Абніжкі, ільготы

  • Вытворчыя ўмовы задакументаваныя і апублікаваныя

  • Прадуглдежаны ўсе спосабы рэгістрацыі

  • Умовы аплаты, выхада і даведкі зарыентаваныя на спажыўца

  • Важнейшыя спосабы камунікацыі з кліентам задакументаваныя.

  • Гадавая праграма

  • Рэкламоўкі

  • Унутраныя пісьмовыя дакументы і нарматывы



Плоскасць якасці 11

Інфармацыя аб прапаноўваемых паслугах

Ахоплівае дадзеныя, неабходныя для камунікацыі, запытаў і выкарыстання праграмы і паслугаў арганізацыі. Яны павінны быць вычарпальна, зразумела і з арыентацыяй на кліента сфармуляванымі.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Паведамленні ў СМІ

  • Унутраная і знешняя інфмарцыйная і мас- медыйная прадукцыя.

  • Радыюс дзеянняў і адкрытасць праграмаў

  • Зразумеласць

  • Паўната

  • Арыентацыя інфармацыі на кліента



Поўная інфармацыя даецца праз:

  • Тэматыку прапануемых мерапрыемтсваў

  • Аказанне паслугаў

  • Кансультаванне

  • Выкладчыкаў і персанал

  • Перадумовы допуску

  • Мадальнасць праверкі (экзаменаў)

  • Вытворчыя ўмовы

  • Памяшканні

  • Планы (схемы) будынка і памяшканняў

  • Заснавальніка і прававую форму арганізацыі




  • Гадавая праграма

  • Інтэрнет

  • Рэкламныя лісткі

  • Інфармацыйныя дошкі, вывескі, схемы памяшканняў

  • І г.д.



Плоскасць якасці 12

Мэты стратэгічнага развіцця



- доўгатэрміновыя мэты арганізацыі, якія вызначаюць дзе павінна знаходзіцца арганізацыя праз вызначаны адрэзак часу. Гэтыя мэты базуюцца на “вобразе арганізацыі”, а таксама на выніках унутранай і знешняй ацэнкі.


Кампаненты

Мінімальныя запатрабаванні

Магчымасці пацверджання

  • Распрацоўка місіі і доўгатэрміновых мэтаў

  • Пазіцыянаванне арганізацыі ў знешнім асяроддзі

  • Удзел у вызначэнне прыярытэтаў і фарміраванні палітыкі ў сферы адукацыі дарослых

  • Фарміраванне і развіццё рынку

  • Пошук і атрыманне кліентаў, адрасатаў і ўдзельнікаў

  • Далейшае развіццё ўнутраных кампетэнцый

  • Доўгатэрміновая забяспечанасць рэсурсамі

  • Далейшае развіццё арганізацыйнай структуры і вучэбнай інфраструктуры

  • Далейшае развіццё якасці

  • Рэгулярна адбываюцца сустрэчы (семінары) па пытаннях ацэнкі і развіцця

  • Мэты развіцця ўзгодненыя ва ўсёй арганізацыі і задакументаваныя

  • Распрацаваны каталог мерапрыемстваў па развіццю



  • Пратаколы сустрэч, семінараў

  • Дакументацыя па ўзгадненню мэтаў развіцця

  • Дакументацыя па мерапрыемствах па развіццю якасці




1 Ch.Ehses, J.Heinen-Tenrich, R.Zech. Das lernerorientierte Qualitätsmodell für Weiterbildungsorganisationen. Expressum Verlag, Hannover, 2001, S.8

2 В.И.Андреев. Развитие систем образования в ФРГ и Республике Беларусь: сравнительно-педагогический анализ. Мн., 1999. С. 208.

* Безумоўна да першай хвалі грамадскіх дыскусій па пытаннях забеспячэння якасці ў адукацыі дарослых патрэбна аднесці перыяд з 1970 па 1975 г., калі быў прыняты Структурны план (1970) і шэраг зямельных законаў аб адукацыі дарослых / прадоўжанай адукацыі. Дзякуючы чаму дэ-юра быў замацаваны статус “чацвертай сферы адукацыі”, абавязкі дзяржавы па яе падтрымцы і як следства - шэраг стандартаў якасці, якія павінны былі выконвацца ўстановамі адукацыі дарослых, у тым выпадку, калі яны прэтэндавалі на дзяржаўныя субсідыі. (заўв. аўт.)

3 Эрхард Шлутц. Непрерывное образование как вид услуг – совместное производство, включающее развитие организационных сетей и индивидуализацию. // Перспективы и тенденции в образовании взрослых. Сб. статей. С-Петербург, 2000. – с. 61-75.

4 Інтэрнет (культура)

5 Stefanie Hartz., Qualität in der Weiterbildung. On-line im Internet: URL: http://www.die-bonn.de/esprid/dokumente/doc-2003/hartz03_01.pdf

6 http://www.111er.de/lexikon/begriffe/qualita4.htm

7 Felicitas von Küchler: ESNAL: Quality Assurcance and Development in European Continuing Education, DIE, 2000. P. 10

8 Felicitas von Küchler: ESNAL: Quality Assurcance and Development in European Continuing Education, DIE, 2000. P. 10

9 Felicitas von Küchler: ESNAL: Quality Assurcance and Development in European Continuing Education, DIE, 2000. P. 9

10 Stefanie Hartz,. Qualität in der Weiterbildung. On-line im Internet: URL: http://www.die-bonn.de/esprid/dokumente/doc-2003/hartz03_01.pdf





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка