Пошук «трыбунал» А. Макаёнка на сцэне тэатра імя я. Коласа лявон Кудла




Дата канвертавання10.05.2016
Памер62.1 Kb.

Пошук


«ТРЫБУНАЛ» А. МАКАЁНКА НА СЦЭНЕ ТЭАТРА ІМЯ Я. КОЛАСА

Лявон Кудла




АДЗНАЧАНАЯ на конкурсе на лепшую п'есу, які праходзіў у рэспубліцы да 100-годдзя з дня нараджэння У. I. Леніна, трагікамедыя «Трыбунал» атрымала высокую ацэнку і на пленуме праўлення СП Беларусі, прысвечаным драматургіі. Не паспелі пайсці аб ёй пагалоскі, як яна пабачыла святло рампы на рускай, украінскай і літоўскай сцэнах. У арыгінале першым паставіў твор А. Макаёнка тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Акрамя ўсіх іншых вартасцей, відаць, такая цікавасць тэатраў да «Трыбунала» тлумачыцца і не зусім традыцыйным жанравым характарам п'есы, якая адлюстроўвае падзеі мінулай вайны, — трагікамедыя. Раней было, што пра гэта гаварылася ў творах, прызначаных для сцэны, дзе выразна адчувалася драма або балада, гераічная эпапея або псіхалагічны паядынак. Камічнае займала ў іх другараднае месца (той жа, скажам, Антон Кропля ў «Канстанціне Заслонаве»). Між тым, жыццёвы матэрыял, пакладзены ў падмурак твораў пра вайну, багаты на гумар і сатыру. Партызанскі фальклор, друкаваныя выданні тыпу «Раздавім фашысцкую гадзіну», франтавы гумар яскрава сведчаць пра гэта.

Герой п'есы Цярэшка Калабок падкрэслена «просты» чалавек, звычайны пастух. Калгаснік, якіх многа. Яму драматург і дае быць рухаючай сілай у сюжэце трагікамедыі. 3 першых жа эпізодаў спектакля ў коласаўцаў глядач успрымве фігуру Калабка як з добрым гумарам абмаляваны па-мастацку збіральны вобраз простага чалавека, кемлівага і дасціпнага, разумнага і вынаходлівага. Нямецкі камендант кідае яму: «Вы ёсць дзікі чалавек...» Слектакль, пастаўлены ў Віцебску рэжысёрам С. Казіміроўскім, у адпаведнасці з аўтарскай задумай паказвае, на што здольны такі “дзікун”, калі вораг пагражае знішчыць самае дарагое для нас — свабоднае жыццё ў свабоднай Краіне Саветаў. Так, герой часта трапляе ў смешнае становішча, яго паводзіны дыктуюцца патрабаваннямі канспірацыі, ён жартуе і здзекуецца, прыкідваецца то ёлупам, то прайдзісветам, і гэта іграе артыст I. Матусевіч з добрым акцёрскім захапленнем. Па-народнаму мудры характар, ён бярэ на ўзбраенне смех. І вораг адразу ж скідваецца з “арыйскай” велічы сваёй, у святле сатырычна завостраных цярэшкааых, жартаў-здзекаў робіцца агідным і, застаючыся на пэўны час «пераможцам», усё ж прадстае голым сваёй зацятай антычалавечнасці і асуджаным на паражэнне ў змаганні з народам, з якога на пярэдні край барацьбы ідуць і такія Калабкі.

Віцябляне абазначылі на афішы жанр спектакля – трагікамедыя. Аўтар, як вядома, адносіць сваю п'есу яшчэ і да народнага лубка. Многае напісана ім смела якраз у гэтым кірунку - даць самае смешнае ў паказе блізкіх да нас па часе драматычных старонак жыцця народа. Нам здаецца, што С. Казіміроўскі меў рацыю, калі адкідаў нешта ад «лубка»: вайна яшчэ «апякае сэрцы», мастацтва вельмі асцярожна павінна здабываць з хвалюючай тэмы эквівалент смеху. Праўда, тэкст «Трыбунала» такі - як яго ні іграй, рэакцыя залы прадугледжана: смяяцца будзе! Калі прытрымлівацца «лубка», то такі смех выклікаецца абавязкова падкрэслена абкарыкатуранымі, умоўна плакатнымі персанажамі ў стылізаваных грымах і касцюмах, а дасціпныя рэплікі тут вымаўляюцца са смакам. У віцяблян на сцэне часцей за ўсё пераважаюць жыццёва трапныя рэаліі, а ўзаемаадносіны паміж дзеючымі асобамі будуюцца хай сабе і на камедыйным грунце, але і адпаведна «праўдзе жыцця».

Затое яшчэ адзін спрэчны матыў «Трыбунала», які ўжо не датычыцца жанравых асаблівасцей п'есы, тэатр цалкам захоўвае. Цярэшка Калабок на працягу ўсяго спектакля процістаіць і сваім блізкім, канфліктуе з жонкай, з дзецьмі, бо не хоча, каб нават яны ведалі, што ён вядзе «двайную ігру». Што ж, і тут драматург чэрпае сітуацыю а жыцця: было такое! Справа ў тым, як па-мастацку праўдзіва пададзены такі канфлікт. Чытаючы п'есу, думаеш, што А. Макаёнак штучна зацягнуў гісторыю падману Цярэшкам блізкіх: ён усіх так пераконвае ў сваёй здрадзе, што гэта ўжо ўспрымаеш як абразлівы недавер яго да сумленных паплечнікаў у барацьбе, нават як здзек з даверлівых сяброў. Акцёр I. Матусевіч, як і другі выканаўца ролі Г. Дубаў, прыклалі нямала намаганняў, каб унутрана, псіхалагічна глыбока апраўдаць такія паводзіны героя. Не заўсёды іх намаганні бываюць паспяховымі, бо п'еса ёсць п'еса...

Я глядзеў п'есу два разы. Мяне цікавіла і тое, што адбывалася на сцэне, і глядзельная зала. У першы вечар «Трыбунал» паказвалі студэнтам медыцынскага інстытута. У канцы першага акта я спытаў студэнтку, якая сядзела побач са мной, ці ведае яна п'есу. Аказалася — не. «Як вы думаеце: хто ён, Калабок?» Адказ быў нечаканы: «Мне яго шкада. Маленькі такі, загнаны чалавечак...» I хоць Калабок перад усімі на сцэне нават выхваляецца прызначэннем яго «вясковай уладай» — старастам, а глядач яму не верыць, бо бачыіць чалавека, які трапіў у трагічна-смешную сітуацыю. Сумленны і чысты душой Цярэшкэ, па суровым законе канспірацыі павінен паказаць сябе перад сям'ёй, усёй вёскай нікчэмным мярзотнінам. Жонка і дзеці не адразу разгадваюць хітрыкі Калабка. А зале ўсё ясна. Зала... “спачувае” герою і сочыць толькі за тым, якім чынам Цярэшка выкруціцца з усяго гэтага. Смяецца, але не захапляецца тым, што адбываецца на сцэне,

На маю думку, узнікае нешта накшталт «непаразумення» паміж творам і гледачом. Чаму? Мабыць, з прычыны розніцы ўзроўняў герояў таго часу, калі адбываецца дзея, і сучаснага маладога гледача. Жонцы Калабка, простай вясковай жанчыне, маці-герані (гэтую ролю ярка іграе 3. Канапелька), яе сыну, гарачаму юнаку Уладзіміру (артыст А. Лабанок), яе дочкам Галі (артыстка 3. Гурбо) і Зіне (Л. Заграбельная), нявестцы Надзі (Г. Бальчэўская) у жорсткіх умовах гітлераўскай акупацыі, калі забіваюць, гвалцяць, паляць, гоняць на катаржныя работы ў Нямеччыну, не было часу разгадваць такія хітрыкі бацькі. Мы ім верым: Цярэшка так «увайшоў у ролю», што гэтым персанажам і немагчыма разгадаць зрух у яго высакароднай душы і наіўнай прэстаце.


У такіх сцэнічных абставінах і бунт жонкі і дзяцей, прыгавор сямейнага трыбунала — пасадзіць здрадніка ў мяшок і ўкінуць у пельку — здаецца зусім лагічным. Недавер залы да праўдзівасці паводзін герояў узнікае з таго моманту, калі жонка Калабка, пакінуўшы мужа ў мяшку і загадаўшы дзецям пільнаваць яго, бяжыць да сакратара падпольнага райкома партыі, каб праверыць, ці часам не брэша Калабок, што ён па заданні партызанскага кіраўніцтва згадзіўся стаць старастам. Яе ўвесь час бянтэжыла — чаму Калабок знюхаўся з акупантамі, чаму зганьбіў сям'ю, мо “здурэў” на старасці. Яна ж любіць свайго Цярэшку!

Цяжка сказаць, ці ёсць прычыны для такога ўспрыняцця канфлікту паміж Цярэшкам і Палінай у п'есе: і разумееш, што так можа быць, а драматург мае права будаваць узаемаадносіны герояў такім чынам. На сцэне ж усё выглядае падкрэсленым, а правяраецца зноў жа жыццем, і тут большасць гледачоў не разумее Цярэшку: чаму ж Паліне ён не давярае, хоць і ведае, што тая мае права пайсці да сакратара райкома, які таксама ў канспірацыі? Калі ён дае такі адрас, тады няма чаго і агарод гарадзіць.

На працягу многіх мінут сцэнічнага дзеяння Калабок сядзіць у мяшку і слёзна просіць: «Развяжыце мяне!» I глядач хоча таго ж — выпусціце, урэшце, чалавека з мяшка. Усё ж ясна! Толькі юнак Валодзя зусім лагічна ідзе на гераічны ўчынак. Трагікамедыя ператвараецца ў трагедыю. На гэтым і трымаецца другі акт. Гледача хвалюе ўжо не што адбываецца на сцэне, а развіццё падзей за кулісамі, на вёсцы, куды пабег Валодзя. А на сцэне па-ра-нейшаму ў мяшку круціцца Калабок і ўжо спачуваеш не персанажу, а выканаўцу ролі, якому звязалі рукі і ногі...

У зале, паўтараю, чата ўзнікае смех. То шчыры і гучны, калі са сцэны гучыць дасціпнае, ёмкае слова сатырыка, або акцёры і рэжысура радуюць знаходкамі. Праўда, бывае ен і стрымана сцішаны, калі ў дыялог уплятаюцца танныя жарты: «Пацалуй...» і далей канкрэтны адрас — куды. Відаць, такія моцныя «дасціпы» не самы лепшы шлях выклікаць «ажыўленую» рэакцыю залы.

Я ўжо чую адказ на гэты папрок: а што вы хочаце, каб калгасны пастух гаварыў словамі лектара з таварыства «Веды»? Згодзен. У хаце Калабка ў час сваркі з жонкай магло прагучаць і больш моцнае слова. I ўсё ж драматург павінен браць з народнага побыту сапраўдныя перлы, а не вульгарнасць. Як, тактоўна гэта робіцца, можна павучыцца на прыкладзе класічнай камедыі Янкі Купалы «Паўлінка».

I на другі дзень зала была поўная. I смех быў. Побач са мной сядзеў чалавек у нечым падобны да Цярэшкі, у мінулым, аказалася, партызан. Успрымаў ён спектакль добра. Але і гэты глядач у канцы першага акта сказаў (я яго не пытаў) адносна Цярэшкі:



— Не, ён не здраднік. Толькі выкручваецца няўдала.

Ніхто не збіраецца рабіць такія ацэнкі гледача канчаткова правільнымі. Тым больш, што глядзець, як выканаўцы ролі Калабка ў Віцебску I. Матусевіч і Г. Дубаў «выкручваюцца», цікава. Тэатр здолеў паставіць маляўнічае відовішча. Праўда, фізічна Паліна 3. Канапелькі яшчэ можа «ўтаймаваць» Цярэшку, якім той атрымаўся ў I. Матусевіча, а з дубаўскім ёй цяжкавата распраўляцца). Толькі варта падумаць аб наступным — драматург прапанаваў тэатру нешта новае ў распрацоўцы жанру. Прымаць цалкам яго прапанову або, зыходзячы з агульных інтарэсаў, уносіць карэктывы ў п'есу разам з ім, — справа калектыву акцёраў і рэжысуры. Коласаўцы былі не вельмі паслядоўныя ў гэтым. Адмовіліся ад лубка як спецыфічнага відовішча, якое вымагае пэўных выяўленчых сродкаў, засяродзілі ўвагу ў першым акце на «камедыі», у другім — на «трагедыі». I ўражанне застаецца дваістае: «Трыбунал» мае ўсе правы на сцэнічнае жыццё, але спектакль у Віцебску вучыць, што пашырэнне жанравых гарызонтаў трэба рабіць больш рашуча і паслядоўна. Карысна, каб вопыт віцяблян не застаўся прыналежнасцю гэтай трупы, каб на ім праверылі сябе і тыя тэатры, што рыхтуюць цяпер пастаноўку «Трыбунала». Ды і А. Макаёнак, відаць, абдумае вынік такой трактоўкі і такога выканання яго п’есы.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка