Полацкі дзяржаўны універсітэт кафедра філасофіі Р. Д. Грудніцкі філасофія




старонка1/13
Дата канвертавання01.05.2016
Памер2.14 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13
ПОЛАЦКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

Кафедра філасофіі

Р.Д.Грудніцкі


ФІЛАСОФІЯ
КАНСПЕКТ ЛЕКЦЫЙ

Для студэнтаў усіх спецыяльнасцей


НАВАПОЛАЦК

2005

ЗМЕСТ

Уводзіны

Частка І. Праграма курса лекцый па філасофіі

Частка ІІ. Канспект лекцый па філасофіі

Раздзел І. Філасофія ў сістэме культуры

Тэма 1. Філасофія як феномен культуры

Тэма 2. Гістарычныя тыпы класічнай філасофіі

Тэма 3. Посткласічная філасофія: тэмы і праблемы

Тэма 4. Філасофія і нацыянальная свядомасць

Слоўнік асноўных тэрмінаў да 1 раздзела

Раздзел ІІ. Філасофскія праблемы быцця

Тэма 5. Метафізіка і анталогія

Тэма 6. Філасофія прыроды

Тэма 7. Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі

Тэма 8. Праблема свядомасці ў філасофіі

Тэма 9. Пазнанне як прадмет філасофскага аналіза

Тэма 10. Сацыяльная філасофія

Тэма 11. Філасофія культуры

Слоўнік асноўных тэрмінаў да 2 раздзела

Заключэнне


У В О Д З І Н Ы
“Мы маем права ва ўсе часы бачыць найвысакароднейшую задачу філасофіі ў тым, што яна фарміруе самасвядомасць культурнага жыцця, якое развіваецца... Менавіта таму значэнне філасофскіх сістэм у рэшце рэшт заключаецца не ў зменлівых формулах паняццяў, а ў тым сэнсе жыцця, якое знаходзіць у іх сваё адлюстраванне”, – пісаў В.Віндэльбанд. Словы гэтыя паказваюць практычную значнасць філасофіі ў жыцці чалавека. У дадатак да прафесійных ведаў, навыкаў, эрудыцыі, што так неабходныя для рашэння канкрэтных задач, кожны з нас мае патрэбу ў чымсьці большым. Каб разумець жыццё ва ўсёй яго складанасці, гэта значыць, каб жыць свядома, мала прафесійнага ды паўсядзённага досведу. Неабходна ўсведамляць мэты нашых учынкаў, сваё месца ў свеце, сэнс нашага жыцця. Гэта тым больш важна ў эпохі радыкальных праўтварэнняў, калі разбураюцца альбо пераадольваюцца традыцыйныя каштоўнасці, якія надавалі жыццю сэнс і значэнне, калі губляюцца маякі, што не давалі нам збіцца з дарогі праўды і веры, дарогі чалавечнасці. У гэтых умовах асабліва востра паўстае патрэбнасць у светаўяўленчых арыенцірах, у філасофскай рэфлексіі. І чакаем мы ад філасофіі арыенціраў і каштоўнасцей вечных, непадуладных будзёнасці, здольных узвышацца над часовымі інтарэсамі і памкненнямі. А менавіта філасофія даследуе фундаментальныя асновы быцця чалавека ў свеце, на выяўленне якіх скіраваны знакамітыя кантаўскія пытанні: што я магу ведаць? што я павінен рабіць? на што я магу спадзявацца? Дваццатае стагоддзе гэтыя пытанні ператварыла ў праблему. Праблему жыцця, праблему чалавечай існасці. І менавіта Кант лепш, чым хто іншы, вызначыў значнасць і значэнне філасофіі ў жыцці чалавека: калі і ёсць навука, вартая таго, каб яе вывучаць, дык гэта філасофія, якая паказвае чалавеку, што і як ён павінен рабіць, каб стаць чалавекам.

Ёсць і іншы, больш вузкі аспект уплыву філасофіі на жыццё. Яна пашырае кругагляд, фарміруе здольнасць крытычнага стаўлення да рэчаіснасці. Але найперш філасофія, надаючы сістэмнасць светаўяўленчым арыенцірам, задае спосаб бачання свету, абумоўлівае выбар напрамкаў дзейнасці, у тым ліку і навуковай, і гэтым папярэджвае поспех і ўзмацняе сацыяльную вартасць вынікаў гэтай дзейнасці.

Тым больш узрастае роля і значэнне філасофіі на сучасным этапе развіцця грамадства, які паставіў перад чалавецтвам прынцыпова новыя задачы і запатрабаваў прынцыпова новых спосабаў іх вырашэння. Працэсы глабалізацыі разбураюць нацыянальную, эканамічную і культурную, абмежаванасць, задаюць агульную мадэль развіцця, схемы дзейнасці і патрабуюць уніфікацыі адукацыйных сістэм. Вельмі актуальнай становіцца праблема рэфармавання і вышэйшай школы, мэтай якога з’яўляецца больш поўнае задавальненне адукацыйных патрэб насельніцтва і забеспячэнне рынка працы кваліфікаванымі спецыялістамі. Масавізацыя вышэйшай адукацыі, надзвычайная складанасць вытворчых і сацыяльных працэсаў патрабуюць ад чалавека такіх якасцей, як навык самастойнага крытычнага мыслення, валоданне метадамі прыняцця кіраўнічых рашэнняў, здольнасць павышаць сваю кваліфікацыю сістэматычнай адукацыяй праз усё жыццё. А гэта, у сваю чаргу, патрабуе распрацоўкі і ўкаранення ў навучальны працэс новых адукацыйных тэхналогій, інавацыйных па самой сваёй сутнасці, тэхналогій, якія радыкальна мяняюць традыцыйныя формы ўзаемаадносін выкладчыка і студэнта. Студэнт з пасіўнага аб’екта навучання ператвараецца ў актыўнага суб’екта пазнавальнай дзейнасці, які значную частку выкладаемых курсаў засвойвае самастойна.

З улікам гэтай акалічнасці і распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс па курсу “Філасофія”. У яго аснову пакладзены метадычныя і арганізацыйныя прынцыпы аналагічнай распрацоўкі, выкананай аўтарскім калектывам Беларускага дзяржаўнага універсітэта пад кіраўніцтвам доктара філасофскіх навук, прафесара Зелянкова А.І. Стрыжнявым элементам вучэбна-метадычнага комплекса з’яўляецца праграма базавага курса “Філасофія”, якая адпавядае патрабаванням дзяржаўнага адукацыйнага стандарта.

У адпаведнасці з праграмай і на яе аснове распрацаваны канспект лекцый па філасофіі. Асаблівая ўвага тут надаецца выяўленню логікі гістарычнага развіцця філасофіі і змястоўнага выкладання галоўных праблем курса. Расстаноўка акцэнтаў у праграме абумоўлена тым, што, словамі А.Ф.Лосева, “...толькі з дапамогай гісторыі філасофіі людзі змаглі зразумець, як выпрацоўваліся катэгорыі і формы тэарэтычнага мыслення, метады засваення рэчаіснасці думкай, метадалагічная культура”. З другога ж боку, разумеючы складанасць і аб’ёмнасць гісторыка-філасофскага матэрыяла, аўтар вучэбна-метадычнага комплекса ставіць задачу азначэння асноўных паняццяў і катэгорый і фарміравання на гэтай падставе здольнасці прымяняць паняційна-катэгарыяльны апарат філасофіі не толькі для аналіза ўласна філасофскіх праблем, але і сацыяльнай практыкі.

Значнае месца ў вучэбна-метадычным комплексе адводзіцца самастойнай рабоце студэнтаў. З гэтай мэтай распрацаваны планы семінарскіх заняткаў, практыкумы і калоквіумы, круглыя сталы і тэмы дыскусій па галоўных праблемах курса філасофіі. Студэнтам прапануюцца тэмы рэфератаў, філасофскіх сачыненняў і дакладаў, па кожнай тэме прыводзіцца спіс навейшай філасофскай літаратуры.

Яшчэ адным структурным элементам вучэбна-метадычнага комплекса з’яўляюцца тэставыя заданні, якія ахопліваюць усе асноўныя і найбольш важныя пытанні курса і якія могуць выкарыстоўвацца як для кантроля ведаў, гэтак і для самастойнай работы студэнтаў.

З гэтай жа мэтай у вучэбна-метадычны комплекс уводзяцца заданні для кантралюемай самастойнай работы студэнтаў, выдзяляюцца праблемныя аспекты курса, усё гэта забяспечваецца спісам дадатковай літаратуры, якая дапаможа выпрацаваць аўтарскую інтэрпрэтацыю гэтых праблем і самастойнасць разважанняў.

Заключны раздзел вучэбна-метадычнага комплекса ўтрымлівае правільныя адказы на тэсты па курсу філасофіі.

Тэматычны план курса “Філасофія”

(90 гадзін)




Змест курса

Лекцыі

Семінары

Усяго

Раздзел І. Філасофія ў сістэме культуры










Тэма 1. Філасофія як феномен культуры.

4

2

6

Тэма 2.Гістарычныя тыпы класічнай філасофіі

12

6

18

Тэма 3. Асноўныя стратэгіі развіцця посткласічнай заходняй філасофіі

4

2

6

Тэма 4. Філасофія і нацыянальная свядомасць

8

4

12

Раздзел ІІ. Філасофскія праблемы быцця










Тэма 5.Метафізіка і анталогія

4

4

8

Тэма 6.Філасофія прыроды

2

2

4

Тэма 7.Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі

2

2

4

Тэма 8.Праблема свядомасці ў філасофіі

4

4

8

Тэма 9.Пазнанне як прадмет філасофскага аналіза

6

4

10

Тэма 10.Сацыяльная філасофія

4

4

8

Тэма 11.Філасофія культуры

4

2

6

Усяго

54

36

90


Частка І. ПРАГРАМА КУРСА ЛЕКЦЫЙ ПА ФІЛАСОФІІ
Раздзел І . Філасофія ў сістэме культуры
Тэма І. ФІЛАСОФІЯ ЯК ФЕНОМЕН КУЛЬТУРЫ
Мэта вывучэння тэмы: засвоіць і асэнсаваць прычыны і ўмовы фарміравання філасофіі, яе структуру і статус у сучаснай культуры

Сацыякультурныя перадумовы ўзнікнення і развіцця філасофіі, яе сувязь з гістарычнымі формамі сацыяльнай практыкі. Праблема генезіса філасофіі. Асноўныя канцэпцыі паходжання філасофіі. Сувязь філасофіі і светапогляду, параўнальны аналіз гістарычных форм духоўнага засваення свету. Міф, рэлігія, філасофія, навука, іх месца і роля ў культуры.

Адметнасць філасофскіх праблем і спосабаў іх вырашэння. Гістарычная дынаміка праблемнага поля філасофіі. Антрапалагічная скіраванасць філасофіі. Філасофія як рацыянальна-тэарэтычны тып светапогляду, прыкметы філасофскай рацыянальнасці. Філасофія як самасвядомасць культуры і любоў да мудрасці. Прадмет філасофіі, эвалюцыя поглядаў на яго. Сувязь праблемнага поля філасофіі з гістарычнымі формамі сацыяльнай практыкі. Вытокі філасофскага плюралізма.

Філасофскі светапогляд і яго формы: перадумовы фарміравання і гістарычная дынаміка. Статус і роля філасофіі ў сучаснай культуры, функцыі філасофіі.



Месца тэмы ў курсе філасофіі:змястоўна і функцыянальна тэмы з’яўляецца ўводнай, яна прызначана раскрыць а)сацыякультурныя перадумовы ўзнікнення і развіцця філасофіі; б)сувязь філасофіі са светапоглядам, з аднаго боку, і з сацыяльнай практыкай – з другога; в)прадмет філасофскага даследавання ў яго гістарычнай дынаміцы;г)што мы можам ведаць пра філасофію і навошта нам гэтыя веды.

Змест тэмы.

  • Ключавая праблема: як магчыма і для чаго патрэбна філасофія?

  • Вядучая ідэя:філасофія – гэта тэарэтычная форма асэнсавання прысутнасці чалавека ў свеце, спосаб духоўнага самавызначэння чалавека ў культуры.

Тэма 2.ГІСТАРЫЧНЫЯ ТЫПЫ КЛАСІЧНАЙ ФІЛАСОФІІ


Мэта вывучэння тэмы: выявіць логіку развіцця філасофскіх ідэй у гістарычным працэсе, асэнсаваць механізмы сувязі і ўзаемаўплыву філасофскіх ідэй і гістарычных тыпаў сацыяльнай практыкі.

Адметнасць старажытнаўсходніх цывілізацый, асаблівасці іх культурных традыцый і ўплыў апошніх на формы і спосабы філасофствавання ў краінах Старажытнага Усходу. Рэлігійна-міфалагічны характар старажытнаіндыйскай філасофіі, яе асноўныя школы. Рэлігійна-этычная скіраванасць старажытнакітайскай філасофіі, яе месца ў старажытнаўсходняй культуры.

Антычная філасофія, яе вытокі і гістарычная эвалюцыя. Логіка развіцця антычнай натурфіласофіі. Антрапалагічныя пошукі перыяду высокай класікі. Філасофія элінізма. Антычная спадчына і яе месца ў еўрапейскай гісторыка-філасофскай традыцыі.

Сярэдневяковая філасофія як тэарэтычнае абгрунтаванне монатэістычнага светапогляду. Галоўныя максімы сярэдневяковай філасофіі, праблема яе перыядызацыі. Тварэнне сярэдневяковай філасофскай парадыгмы ў патрыстыцы. Трансфармацыі сярэдневяковай культуры і іх адлюстраванне ў схаластыцы.

Філасофія эпохі Адраджэння: адметнасць і кола праблем. Сацыяльна-палітычныя ідэалы эпохі Адраджэння. Месца філасофіі Адраджэння ў агульнаеўрапейскім гісторыка-філасофскім працэсе.

Сацыякультурная абумоўленасць, змест і напрамкі развіцця новаеўрапейскай філасофіі. Эмпірызм і рацыяналізм у філасофіі Новага Часу. Змяненне сацыяльнага статусу навукі і яе філасофскае асэнсаванне. Новы светапогляд і яго канстанты. Філасофія Асветы: чалавек, грамадства, розум.

Сацыякультурныя перадумовы і тэарэтычныя крыніцы нямецкай класічнай філасофіі. Абгрунтаванне гістарычнасці прыроды і чалавека ў трансцэндэнтальнай філасофіі. Нямецкі аб’ектыўны ідэалізм як завяршэнне філасофскай класікі. Нямецкая філасофія пасля Гегеля: крызіс класічных філасофскіх традыцый і пошук новых парадыгмаў.

Месца тэмы ў курсе філасофіі:ключавая тэма першага раздзела і асноўная тэма курса, менавіта яна павінна даць адказы на пытанні: а) чаму людзі розных эпох філасофствавалі;б)чаму яны філасофствалі так, а не інакш; в)якія наступствы мела гэтае філасофстваванне.

Змест тэмы.


  • Ключавая праблема: якімі фундаментальнымі рысамі характарызуецца гісторыка-філасофскі працэс?

  • Вядучая ідэя: філасофія – гэта імкненне зразумець вытокі недасканаласці чалавечага свету і сэнс людскога жыцця дзеля вызвалення чалавека і ліквідацыі людскіх пакутаў.

Тэма 3. АСНОЎНЫЯ СТРАТЭГІІ РАЗВІЦЦЯ ПОСТКЛАСІЧНАЙ

ЗАХОДНЯЙ ФІЛАСОФІІ
Мэта вывучэння тэмы: выявіць шляхі трансфармацыі класічнай філасофскай традыцыі і механізмы фарміравання новага вобраза чалавека ў посткласічнай філасофіі.

Крызіс класічнай культуры і яго асэнсаванне ў посткласічнай філасофіі. Традыцыйныя ўстаноўкі ў еўрапейскай класічнай філасофіі ў кантэксце новай сацыякультурнай сітуацыі другой паловы ХІХ–ХХ стагоддзяў. Вытокі крызіса класічнай філасофіі. Асноўныя напрамкі пераасэнсавання і пераўтварэння традыцыйных установак філасофскай класікі ў посткласічнай філасофіі.

Пераасэнсаванне зместу і ролі навукі ў грамадстве, пошукі новай рацыянальнасці. Аналітычная праграма сучаснай філасофіі. Светаўяўленчыя і метадалагічныя ўстаноўкі пазітывізма. Неапазітывізм і вобраз новай навукі. Гнасеалагічныя і метадалагічныя пошукі неапазітывізма. Постпазітывісцкая канцэпцыя будовы і развіцця навуковай тэорыі.

Экзістэнцыяльна-фенаменалагічная праграма сучаснай філасофіі. Фенаменалагічная філасофія, яе праблемы і спосабы іх вырашэння. Экзістэнцыялізм як філасофія “разгубленага розуму”. Рэлятывізацыя культуры ў экзістэнцыялізме і абгрунтаванне разнастайнасці спосабаў прысутнасці чалавека ў свеце.

Рэлігійная праграма ў філасофіі ХХ стагоддзя. Рэлігійна-філасофскія сістэмы канфесійнага і агульнахрысціянскага характару. Неатамізм, яго праблемы і задачы. Адметныя рысы пратэстанцкай тэалогіі.

Месца тэмы ў курсе філасофіі: тэма завяршае разгляд гісторыка-філасофскага працэса і дапамагае асэнсаваць харктар перамен, якія адбыліся ў грамадстве цягам ХХ стагоддзя і якія патрабуюць новых духоўных парадыгмаў.

Змест тэмы


  • Ключавая праблема: як суадносяцца паміж сабой класічная філасофія і посткласічнае філасофскае мысленне і да якіх наступстваў прывяло пераасэнсаванне класічнай спадчыны?

  • Вядучая ідэя: плюралізм сучаснай філасофскай думкі з’яўляецца адлюстраваннем і абгрунтаваннем шматзначнасці чалавека і разнастайнасці спосабаў яго прысутнасці ў свеце.

Тэма 4. ФІЛАСОФІЯ І НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СВЯДОМАСЦЬ


Мэта вывучэння тэмы: вызначэнне шляхоў эвалюцыі сацыяльна-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў нацыянальным і еўрапейскім агульнакультурным кантэксце

Сацыякультурныя ўмовы фарміравання беларускай філасофскай думкі, яе духоўныя крыніцы і асноўныя этапы развіцця. Філасофска-эстэтычныя і этычныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі Х – ХІІІ стст., іх сувязь са схаластычнай практыкай.

Анталагічныя і этычныя аспекты рэнесансна-гуманістычнай філасофіі ў Беларусі. Сацыяльна-палітычныя даследаванні эпохі Адраджэння ў Беларусі. Адраджэнне і Рэфармацыя.

Станаўленне нацыянальнай самасвядомасці і яе адлюстраванне ў сацыяльна-палітычнай і філасофскай думцы XV – XVII стст.

Развіццё навуковай і філасофскай думкі Беларусі ў XVII – XVIII стст. Л.Зізаній і стварэнне беларускай філасофскай тэрміналогіі. Роля творчасці Сімяона Полацкага ў культуры Беларусі. Рацыяналізм Б.Дабшэвіча. Сацыяльна-палітычныя і этычныя ідэі сярэдзіны XVIII ст. Асаблівасці беларускай асветніцкай філасофіі. Віленскі універсітэт як цэнтр асветніцкай дзейнасці.

Нацыянальна-вызваленчы рух і яго адлюстраванне ў сацыяльна-палітычнай і філасофскай думцы ХІХ стагоддзя. Нацыянальная ідэя і нацыянальная свядомаць у ХХ стагоддзі.



Месца тэмы ў курсе філасофіі: тэма дапаможа вызначыць месца духоўнай культуры Беларусі ў агульнаеўрапейскім культурным працэсе і паспрыяе выхаванню нацыянальнай свядомасці і гонару.

Змест тэмы

  • Ключавая праблема: у сферы якіх уплываў развівалася беларуская філасофія і якое месца яна займае ў еўрапейскай духоўнай культуры?

  • Вядучая ідэя: беларуская філасофская думка ёсць адлюстраванне адметнасці айчыннай культуры і сродак фарміравання нацыянальнай свядомасці.



Раздзел ІІ. Філасофскія праблемы быцця.
Тэма 5. МЕТАФІЗІКА І АНТАЛОГІЯ
Мэта вывучэння тэмы: на падставе аналіза анталагічнай праблематыкі асэнсаваць ролю філасофіі ў рацыянальным спасціжэнні свету чалавекам.

Сусвет як аб’ект філасофскага спасціжэння, асноўныя стратэгіі яго пазнання. Метафізіка і анталогія, эвалюцыя іх статуса ў гісторыка-філасофскай традыцыі. Быццё як філасофская катэгорыя і культуралагічная праблема. Варыянты разумення яе зместу. Субстанцыяльны падыход да інтэрпрэтацыі быцця. Субстанцыя як аснова Сусвету. Развіццё ўяўленняў аб матэрыі ў гісторыіі філасофіі і прыродазнаўства. Сучасная навука аб будове і ўласцівасцях матэрыі.

Матэрыяльны свет як дынамічная сістэма. Філасофскія і прыродазнаўчыя ўяўленні аб прыродзе і формах праяўлення руху. Праблема развіцця ў філасофіі і навуцы.

Прасторава-часавая структура свету. Субстанцыяльная і рэляцыйная канцэпцыі прасторы і часу. Сучаснае прыродазнаўства аб прыродзе прасторы і часу.

Філасофскі вобраз быцця ў яго суаднесенасці з сучаснай навуковай карцінай свету.

Месца тэмы ў курсе філасофіі: тэма адкрывае курс сістэматычнай філасофіі і з’яўляецца абагульненнем гісторыка-філасофскіх і прыродазнаўчых уяўленняў аб існасці і будове свету.

Змест тэмы.


  • Ключавая праблема: як у філасофіі фарміруецца паняцце Універсума і якія існуюць катэгарыяльныя сродкі яго спасціжэння?

  • Вядучая ідэя: анталогія як філасофскае вучэнне аб быцці забяспечвае самавызначэнне чалавека і свядомую арыентацыю яго у свеце.

Тэма 6. ФІЛАСОФІЯ ПРЫРОДЫ


Мэта вывучэння тэмы: выяўленне гістарычных спосабаў і форм узаемадзеяння чалавека і прыроды і механізмаў фарміравання экалагічных каштоўнасцей сучаснай цывілізацыі.

Філасофская інтэрпрэтацыя прыроды. Класічныя і сучасныя ўяўленні аб прыродзе. Прырода як прадмет філасофскага і прыродазнаўчага даследавання. Асноўныя гістарычныя этапы і формы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства.

Прырода як сфера жыццядзейнасці чалавека Гістарычныя формы прыродакарыстання і іх эвалюцыя. Узаемадзеянне прыроды і грамадства як працэс кругазвароту рэчыва, энергіі і інфармацыі.

Філасофскія аспекты экалагтчнага крызіса і стратэгія яго пераадолення. Ідэя каэвалюцыі прыроды і грамадства. Паняцце наасферы. Экалагічны імператыў як умова і падстава каэвалюцыі грамадства і прыроды.



Месца тэмы ў курсе філасофіі: тэма прыроды з’яўляецца працягам і канкрэтызацыяй праблемы быцця, спосабам выяўлення чалавечага аспекта быцця.

Змест тэмы.

  • Ключавая праблема: ці існуюць межы пераўтваральнай дзейнасці чалавека ў прыродзе?

  • Вядучая ідэя:узаемадзеянне чалавека і прыроды павінна грунтавацца на прынцыпе суіснавання і будаваца на падставе экалагічнага імператыва.

Тэма 7. ЧАЛАВЕК ЯК ФУНДАМЕНТАЛЬНАЯ ПРАБЛЕМА

ФІЛАСОФІІ
Мэта вывучэння тэмы: зразумець сутнасць чалавека і спосабы і формы яго прысутнасці ў свеце.

Чалавек як прадмет філасофскага пазнання. Эвалюцыя філасофскіх уяўленняў пра чалавека. Вобраз чалавека ў гісторыі філасофіі і культуры. Філасофская антрапалогія, яе прадмет, мэты і задачы.

Праблема паходжання чалавека і асноўныя спосабы яе вырашэння: крэацыяністскі, натуральна-эвалюцыяністскі, уфалагічны. Сучасныя канцэпцыі антрапасацыягенеза. Бівалентная прырода чалавека, суадносіны біялагічнага і сацыяльнага: варыянты інтэрпрэтацыі.

Дзейнасны характар чалавечага быцця. Чалавек як космапланетарная з’ява. Экалагічныя аспекты быцця чалавека. Каэвалюцыя чалавека і прыроды.

Аксіялагічная ацэнка быцця чалавека. Праблема жыцця і смерці ў духоўным досведзе чалавека. Сэнс жыцця. Антыноміі чалавечага быцця. Суадносіны цялеснасці і духоўнасці. Свабода і адказнасць у жыцці чалавека. Праблема існасці і існавання чалавека. Індывід, індывідуальнасць, асоба. Структура асобы, паняцце сацыяльнай ролі, статуса, інтарэсаў і патрэбнасцей асобы.

Сучасныя гуманістычныя пошукі і перспектывы чалавека ва ўмовах абвастрэння глабальных праблем сучаснасці.



Месца тэмы ў курсе філасофіі: тэма раскрывае антынамічнасць чалавечага жыцця, разнастайнасць спосабаў яго прысутнасці ў свеце і перспектывы яго дзейнасці з пункту гледжання сучасных праблем сусветнага супольніцтва.

Змест тэмы.

  • Ключавая праблема: чаму і як мяняўся вобраз чалавека ў гісторыіі філасофіі і культуры?

  • Вядучая ідэя:”чалавек – мера ўсіх рэчаў” альбо недапушчальнасць аднамернай ацэнкі чалавека.

Тэма 8.ПРАБЛЕМА СВЯДОМАСЦІ Ў ФІЛАСОФІІ


Мэта вывучэння тэмы: раскрыць сутнасць свядомасці як спосаба духоўнай арыентацыі, пазнання і пераўтварэння свету чалавекам.

Праблема свядомасці і спосабы яе вырашэння ў філасофіі. Субстанцыйны, функцыянальны і сацыякультурны падыходы да аналізу свядомасці. Спосабы асэнсавання праблемы свядомасці ў сучаснай філасофіі.

Генезіс свядомасці. Сучасныя навуковыя яўленні аб перадумовах узнікнення і механізмах функцыянавання свядомасці. Свядомасць і мозг. Псіха-фізіялагічныя асновы свядомасці і праблема ідэальнага. Функцыі свядомасці.

Структура свядомасці. Свядомае і неўсвядомленае. Свядомасць, мысленне, мова. Свядомасць і самасвядомасць.

Сацыякультурная прырода свядомасці. Культура і камунікацыя як умовы станаўлення развітых форм свядомасці. Свядомасць, паводзіны, дзейнасць.

Месца тэмы ў курсе філасофіі: тэма канкрэтызуе паняцце прыроды як сферы функцыянавання чалавечага розуму

Змест тэмы.


  • Ключавая праблема: з’яўляецца свядомасць вынікам дзеяння сацыякультурных і прыродных фактараў, альбо яна толькі сведчанне аб існаванні творчай надпрыроднай сілы?

  • Вядучая ідэя:свядомасць ёсць перадумовай ажыццяўлення і формай праяўлення крэатыўнай прыроды чалавека.

Тэма 9. ПАЗНАННЕ ЯК ПРАДМЕТ ФІЛАСОФСКАГА АНАЛІЗА


Мэта вывучэння тэмы: засвоіць асноўныя філасофскія ўяўленні аб праблемах гнасеалогіі, навучыцца выкарыстоўваць здабытыя веды для аналіза канкрэтных пазнавальных сітуацый.

Пазнанне як працэс і прадмет філасофскага аналіза. Разнастайнасць форм і спосабаў пазнання (міфалагічнае, рэлігійнае, мастацкае, філасофскае, будзённае, навуковае). Гнасеалогія як структурная частка філасофіі, яе мэты і задачы.

Праблема пазнавальнасці свету ў гісторыіі філасофіі. Магчымасці і межы пазнання. Гнасеалагічны аптымізм і феномен скептыцызма ў філасофіі.

Суб’ектна-аб’ектны характар пазнавальных адносінаў. Суб’ект і аб’ект пазнання ў класічнай філасофіі. Абгрунтаванне практычнай прыроды пазнання ў марксісцкай філасофіі. Практыка як аснова і мэта пазанння, яе функцыі ў пазнанні.

Структура і асноўныя заканамернасці пазнавальнага працэса. Адметнасць і роля пачуццяў і розуму ў пазнанні, іх узаемасувязь. Уласцівасці і формы пачуццёвага і рацыянальнага пазнання. Ацэнка эмпірызма і рацыяналізма ў гісторыка-філасофскім працэсе.

Пазнанне, разуменнне, творчасць. Фантазія, прадуктыўнае ўяўленне і інтуіцыя ў творчым працэсе.

Ісціна як мэта пазнання. Асноўныя канцэпцыі ісціны ў гісторыі філасофіі. Класічная інтэрпрэтацыя ісціны. Канцэпцыі ісціны ў посткласічнай філасофіі. Ісціна і каштоўнасць, ісціна і праўда. Праблема крытэрыя ісціны ў навуковым пазнанні.

Месца тэмы ў курсе фіасофіі: тэма дае адказ на пытанне аб тым , што можа ведаць чалавек і якую ролю ў яго жыцці выконваюць здабытыя веды.

Змест тэмы.


  • Асноўная праблема: як магчыма, калі магчыма, змястоўнае пазнанне свету і што можа ведаць чалавек пра свет?

  • Вядучая ідэя: пазнанне ёсць актыўным працэсам духоўнага засваення свету і сродкам адаптацыі ў ім чалавека.

Тэма 10. САЦЫЯЛЬНАЯ ФІЛАСОФІЯ


Мэта вывучэнны тэмы: вызначыць месца сацыяльнай праблематыкі ў межах філасофскіх ведаў і выявіць спецыфіку грамадства як здольнай да самаразвіцця сістэмы.

Грамадства як прадмет філасофскага аналіза, яго спецыфіка. Эвалюцыя ўяўленняў аб прыродзе грамадства ў гісторыіі філасофіі. Асноўныя даследчыцкія праграмы ў грамадазнаўстве: натуралістычная, культурна-гістарычная, псіхааналітычная, соцыяпсіхалагічная.

Грамадства як сістэма сацыяльных адносін і дзейнасці. Структурная арганізацыя грамадства, тыпы сацыяльных структур (сацыяльна-класавая, сацыяльна-этнічная, сацыяльна-дэмаграфічная). Формы сацыяльнай дзейнасці і асноўныя сферы грамадскага жыцця, іх узаемасувязь і ўзаемазалежнасць. Сацыяльная структура сучаснай Беларусі: адметныя рысы і тэндэнцыі развіцця.

Грамадства як здольная да самаразвіцця сістэма. Крыніцы і фактары сацыяльнай дынамікі: варыянты тлумачэння. Праблема суб’екта гістарычнай дзейнасці. Накіраванасць гістарычнага жыцця грамадства і праблема сацыяльнага прагрэса.

Ідэя адзінства і разнастайнасці гістарычнага развіцця. Фармацыйны, цывілізацыйны і культуралагічны падыход да аналіза гісторыі грамадства.

Месца тэмы ў курсе філасофіі: тэма канкрэтызуе ўяўленні аб быцці і прыродзе, разглядаючы грамадства як спосаб існавання людзей у свеце.

Змест тэмы.


  • Асноўная праблема: што злучае хаатычнае мноства людзей у грамадства як сістэмную цэласнасць?

  • Вядучая ідэя: грамадства – гэта вынік супольнай дзейнасці людзей, форма іх гістарычнага жыцця і сфера рэалізацыі чалавечых патэнцый.

Тэма 11. ФІЛАСОФІЯ КУЛЬТУРЫ


Мэта вывучэння тэмы: асэнсаваць феномен культуры як зместу сацыяльнага жыцця і сферы ажыццяўлення чалавечай свабоды.

Паняцце культуры, варыянты яго інтэрпрэтацыі. Аксіялагічны, семіятычны, сацыялагічны, дзейнасны падыходы да аналіза і ацэнкі культуры.

Культура як сфера спецыфічна чалавечай дзейнасці і яе вынікі. Праблема класіфікацыі культуры. Матэрыяльная і духоўная культура, умоўны характар гэтага падзелу. Праблема выдзялення гістарычных тыпаў культур.

Асноўныя формы культуратворчасці. Мараль як спосаб рэгуляцыі міжчалавечых адносін і аснова культуры. Мастацтва як сфера творчасці і спосаб самавыражэння чалавека. Духоўны патэнцыял рэлігіі і яе роля ў сучасным свеце.

Адзінства, разнастайнасць і ўзаемадзеянне культур. Культура і цывілізацыя. Стан і тэндэнцыі развіцця сучаснай культуры.

Месца тэмы ў курсе філасофіі: тэма раскрывае спецыфічна чалавечы спосаб існавання ў свеце і з’яўляецца працягам і канкрэтызацыяй праблемы чалавека ў філасофіі.

Змест тэмы.


  • Асноўная праблема: як у культуры і праз культуру раскрываецца сутнасць чалавека як дзейнасна-творчай істоты?

  • Вядучая ідэя: культура ёсць сферай рэалізацыі чалавека ў якасці асобы і мерай яго свабоды.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка