План Капіталізм як грамадска-капіталістычная форма




Дата канвертавання26.06.2016
Памер148.24 Kb.
Тэма: “Капіталізм”

План


1. Капіталізм як грамадска-капіталістычная форма.

2. Зацвярджэнне капіталістычнага ўкладу ў Еўропе і Амерыцы.

3. Зараджэнне капіталістычных адносін на беларускіх землях. Крызіс прыгоннага ладу.

4. Асаблівасці рэалізацыі рэформы 1861 года на Беларусі.

5. Развіццё капіталізму ў Беларусі ў другой палове XIX ст.

1. Капіталізм як грамадска-капіталістычная форма.

Капіталізм, тып грамадства, заснаваны на прыватнай уласнасці, рыначнай эканоміцы і дэмакратычных інстытутах улады. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, а сучасная ступень капіталізму - як «змешаная эканоміка», «постіндустрыяльнае грамадства», «інфармацыйнае грамадства» і інш. У марксізме капіталізм вызначаецца як грамадска-эканамічная фармацыя, заснаваная на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і эксплуатацыі капіталам наёмнай працы.

Узнік капіталізм у гарадах Італіі (гандаль) і Галандыі (мануфактура) у 14-15 ст. у працэсе т.зв. першапачатковага назапашвання капіталу. У выніку прамысловага перавароту была створана буйная машынная вытворчасць. Ва ўмовах капіталізму механізм рыначнай канкурэнцыі прымушае прадпрымальніка для атрымання прыбытку пастаянна павялічваць капітал і ўдасканальваць вытворчасць. Гэта садзейнічае дынамічнаму развіццю вытворчых сіл, навукі і тэхнікі. У канцы 19 - пач. 20 ст. ў развітых краінах Захаду ўзніклі буйныя прамысловыя і банкаўскія карпарацыі, важную ролю набываў фінансавы капітал, рыначная канкурэнцыя дапаўнялася механізмамі дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Склалася ўстойлівая сацыяльная структура, у якой побач з буйнымі ўласнікамі і наёмнымі работнікамі значнае месца заняў сярэдні клас уласнікаў.

Сучасныя формы капіталізму ўключаюць кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) дзяржаўнае рэгуляванне. Яно ажыццяўляецца пры дапамозе заканадаўчых і адміністрацыйных актаў, а таксама ў формах падаткаў, расходаў дзяржаўнага бюджэту, амартызацыйных адлічэнняў і інш. Акрамя гэтага існуюць галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы) развіцця вытворчасці, якія носяць рэкамендацыйны характар. Паступова ўсталяваныя ў многіх краінах развітая рыначная эканоміка і парламенцкая дэмакратыя забяспечылі ў 2-й палове 20 ст. павышэнне ўзроўню жыцця і культуры насельніцтва, змякчэнне сацыяльных супярэчнасцей і выпрацоўку прававога механізму іх рэгулявання. З ростам інтэрнацыяналізацыі гаспадарчага жыцця, узмацненнем транснацыянальных карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусветная эканамічная інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта знайшло адлюстраванне ва ўзнікненні такіх спецыяльных устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Эўрапейскі Звяз і інш.


2. Зацвярджэнне капіталістычнага ўкладу ў Еўропе і Амерыцы.

Еўрапейскія краіны і амерыка захоўвалі ў цэлым аграрны твар сваёй эканомікі. Развіццё скльскай гаспадаркі было звязана з пераходам ад федальнай да прадпрмальніцкай гаспадаркі. У сярэдзіне XIX ст. характэрнымі з’явамі паступова становяцца пераход ад аграрна-рамеснага да індустрыяльнага грамадства, прамысловая рэвалюцыя і урбанізацыя.

У другой палове XIX – пачатку XX ст. паступова фарміруюцца такія адносіны паміж грамадствам і дзяржавай, якія вызначаюцца як грамадская супольнасць. Гэтыя адносіны прадугледжвалі вылучэнне агульнадэмакратычных агульначалавечых каштоўнасцей у якасці галоўных арыенціраў развіцця. Сярэдні клас уласнікаў, які ствараўся дзякуючы буржуазным рэформам, патрабаваў ад дзяржавы прызнання сваіх грамадзянскіх правоў, удзелу ў кіраванні краінай, ператварэння дзяржаўнай улады ў надзейны інструмент рэгулявання грамадскіх адносін.
3. Зараджэнне капіталістычных адносін на беларускіх землях. Крызіс прыгоннага ладу.

У першай палове XIX ст. развіццё прамысловасці сведчыла аб тым, што тут побач з феадальным сацыяльна-эканамічным укладам узнікае капіталістычны. У 20-я гг. XIX ст. пачынаецца пераход ад рамеснай да фабрычнай вытворчасці. Уласнасць памешчыкаў на зямлю абумовіла тое, што найбольш буйныя прадпрыемствы фабрычнага тыпу былі заснаваны менавіта імі. Першыя суконныя фабрыкі належалі памешчыку Пуслоўскаму і былі пабудаваны ў мястэчках Хомск і Косава Гродзенскай губерні. На гэтых фабрыках ужываліся паравыя рухавікі, што лічыцца прыкметай прамысловага перавароту – паступовы пераход ад мануфактуры да фабрыкі, ад ручной да машыннай працы.

Машынная вытворчасць патрабавала высокакваліфікаваных майстроў. Таму прымусовая праца непісьменных прыгонных сялян, якая пераважала на памешчыцкіх прадпрыемствах, пачала паступова саступаць месца выкарыстанню кваліфікаванай вольнанаёмнай рабочай сілы на гарадскіх прамысловых прадпрыемствах. Пачалося фарміраванне новых сацыяльных слаёў – буржуазіі (прадпрымальнікаў) і рабочых (вольнанаёмных працаўнікоў).

Пасля вайны 1812 г. назіраўся хуткі рост гарадоў і іх насельніцтва – урбанізацыя. Тлумачыўся ён не столькі эканамічнымі фактарамі, у прыватнасці развіццём прамысловасці і гандлю, а колькі існаваннем “мяжы яўрэйскай аселасці” і перасяленнемў гарады яўрэяў з вёсак і памешчыцкіх маёнткаў. Важную ролю ў працэсе урбанізацыі на Беларусі адыгрывалі мястэчкі – населеныя пункты пераходнага ад вёскі да да горада тыпу. Пераважная большасць іх належала памешчыкам. Перавод вёскі ў разрад мястэчка, на што трыба было атрымаць дазвол губернатара, даваў магчымасць памешчыку павысіць прыбытковасць сваёй гаспадаркі праз адкрыццё карчмы для продажу гарэлкі (у вёсках гэта забаранялася). Размяшчалася ў мястэчках, як правіла, памешчыцкая прамысловасць. Тут засяроджвалася яўрэйскае насельніцтва, якое займалася рамяством і дробным гандлем.

Да сярэдзіны XIX ст. істотную ролю ў таварна-грашовых адносінах адыгрывалі кірмашы. Яны праводзіліся ў мястэчках і гарадах у пэўныя дні, звязаныя з царкоўнымі святамі. З цягам часу ў гарадах больш значных мястэчках усё шырэй распаўсюджваўся пастаянны гандаль у крамах і магазінах.

Развіццю капіталістычных адносін садзейнічала паляпшэнне шляхоў зносін. Яно было абумоўлена ўключэннем гаспадаркі Беларусі ва ўсерасейскі рынак.

Буржуазныя пераўтварэнні ў розных галінах жыцця ўвасобіліся ў двух альтэрнатыўных метадах правядзення мадэрнізацыі беларускага грамадства. Першым з іх стала скасаванне ў 1861 г. прыгоннага права. Прычыны адмены прыгоннага права заключаліся ў тым, што існаванне феадальна-прыгонніцкіх адносін абумовіла адсталасць краіны. Феадальна-прыгонніцкія перажыткі выяўляліся ў адсутнасці ўласнасці сялян на зямлю і ўвогуле адсутнасці іх асабістай свабоды. Паступова ў расійскага імператара Аляксандра II і сярод членаў урада выспявала думка правесці рэформу сельскай гаспадаркі «зверху», не чакаю-чы, пакуль «знізу» гэта пытанне будзе вырашана шляхам сялянскага бунту. Пры гэтым прадугледжвалася захаваць права ўласнасці дваран-памешчыкаў на зямлю, а сялянам даць асабістую свабоду, але без надзялення іх зямлёй.
4. Асаблівасці рэалізацыі рэформы 1861 года на Беларусі.

Падрыхтоўку рэформы царызм вырашыў пачаць з беларускіх і літоўскіх губерняў. Памешчыцкія гаспадаркі гэтых губерняў ужо даўно былі звязаны з заходнеўрапейскім рынкам. Вясной 1857 г. Аляксандр ІІ прапанаваў беларускаму і літоўскаму дваранству выказаць свае думкі па пытанню аб адмене прыгоннага права. Памешчыкі Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў далі сваю згоду на вызваленне сялян, але без зямлі.

20 лістапада 1857 г. быў апублікаваны рэскрыпт Аляксандра ІІ віленскаму генерал-губернатару В.І. Назімаву. У ім афіцыйна абвяшчалася аб пачатку падрыхтоўкі сялянскай рэформы, умовай якой быў выкуп сялянамi не толькі прысядзібнай, але і палявой зямлі. Для падрыхтоўкі праектаў рэформы прапанавалася стварыць губернскія дваранскія камітэты. У лютым 1858 г. Сакрэтны камітэт быў ператвораны ў Галоўны камітэт па сялянскай справе, пад яго кіраўніцтвам павінна была праводзіцца ўся работа па падрыхтоўцы аграрнай рэформы.

Губернскія дваранскія камітэты ў Беларусі былі створаны ў лютым – жніўні 1858 г. Магілёўскі і Віцебскі камітэты падтрымалі ідэю надзялення сялян зямлёй за выкуп. У складзе гэтых камітэтаў пераважалі памешчыкі, якія асноўную частку прыбытку атрымоўвалі ад прадпрыемстваў і чыншавых сялян. Яны імкнуліся пазбавіцца ад неўрадлiвай зямлі за вялікі выкуп і разлічвалі ў далейшым на прыбытак ад укладзеных у банкі грошай, атрыманых ад сялян. У заходніх губернях Беларусі зямля каштавала дорага, таму памешчыкі гэтых губерняў выказаліся за вызваленне сялян, але без зямлі. Беззямельныя і малазямельныя сяляне, якіх у гэтым рэгіёне было празмерна шмат, маглі іх забяспечыць таннай рабочай сілай.

У сакавіку 1859 г. пры Галоўным камітэце былі створаны рэдакцыйныя камісіі, якiя павінны былі выпрацаваць агульны праект закона аб адмене прыгоннага права на аснове прапаноў губернскіх камітэтаў.

19 лютага 1861 г. праекты “Палажэнняў”, распрацаваныя рэдакцыйнымі камісіямі, адобраныя Дзяржаўным саветам і падпісаныя Аляксандрам ІІ, атрымалі сілу закона.

Прававую базу адмены прыгоннага права складалі: Маніфест, Агульнае i Мясцовыя палажэнні, дадатковыя правілы, якія датычылі асобных груп насельніцтва.

У “Маніфесце” абвяшчалася аб адмене прыгоннага права. У “Агульным палажэнні” утрымліваліся правілы, па якіх праводзілася рэформа ва ўсіх губернях Расіі: вызначаліся асабістыя і маёмасныя правы сялян, парадак арганізацыі сельскага ўпраўлення, дзяржаўныя, земскія і мірскія павіннасці, а таксама правілы аб выкупе зямлі. Мясцовыя палажэнні ўстанаўлівалі парадак надзялення сялян зямлёй і выканання імі павіннасцей у пераходны перыяд.

У Беларусі рэформа ажыццяўлялася на аснове Агульнага палажэння, двух Мясцовых палажэнняў і дадатковых правіл для сялян дробнапамесных памешчыкаў і дваровых людзей.

Агульнае палажэнне абвяшчала, што прыгоннае права для памешчыцкіх сялян і дваровых людзей адмяняецца назаўсёды. Згодна з ім памешчык пазбаўляўся права распараджацца сялянамі як сваёй уласнасцю, умешвацца ў іх асабістае жыццё, прадаваць і караць іх. Сяляне атрымлівалі шэраг грамадзянскіх правоў: яны маглі заключаць розныя здзелкі, займацца гандлем і промыслам, валодаць рухомай і нерухомай маёмасцю, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д.

На беларускія ўезды Віцебскай і Магілёўскую губерні распаўсюджвалася “Палажэнне для губерняў вялікарасійскіх, новарасійскіх і беларускіх”. У Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і ліфляндскіх уездах Віцебскай губерні дзейнічала Мясцовае палажэнне для гэтых губерняў. Выдзяленне гэтых губерняў у асобную групу дыктавалася тым, што тут існавала не абшчыннае, а падворнае землекарыстанне і былі ўведзены інвентары, у якiх фіксавалiся сялянскія надзелы.

Згодна з Мясцовымі палажэннямі памешчыкі з’яўляліся ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы. Частку гэтай зямлі яны абавязаны былі прадаць сялянам. Паводле рэформы да заключэння выкупнога пагаднення, на працягу 9 гадоў сяляне называліся “часоваабавязанымі” i выконвалi павіннасці на карысць памешчыка. Яны не маглі пакінуць зямлі без дазволу памешчыка. Гэта давала памешчыкам час i магчымасць прыстасавацца да новых умоў гаспадарання.

Памеры сялянскіх надзелаў, якія падлягалі выкупу, вызначаліся Мясцовымі палажэннямі.

У Віцебскай і Магілёўскай губернях устанаўліваліся дзве нормы душавых надзелаў: вышэйшая (ад 4 да 5,5 дзесяцін на рэвізскую душу) і ніжэйшая (ад 1,3 да 2,8 дзесяціны). У Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і ліфляндскіх уездах Віцебскай губерняў сяляне захоўвалі дарэформенныя надзелы, зафіксаваныя ў інвентарах. Згодна з Палажэннямі памешчыкі маглі пераводзіць сялян на горшыя землі, забіраць сервітуты.

Устанаўліваліся аднолькавыя для ўсіх губерняў Расіі правілы выкупу сялянамі зямлі. Выкуп сядзібы мог адбыцца ў любы час і без згоды памешчыка. Патрабавалася толькі, каб сяляне папярэдне ўнеслі ўсю выкупную суму за сядзібу і не мелі нядоімак. Выкуп палявога надзела цалкам залежыў ад памешчыка, які меў права патрабаваць заключэння выкупнога пагаднення нават насуперак жаданню сялян.

Памер выкупной сумы за надзел залежыў ад сумы гадавога аброка, якую плаціў селянін. Для вызначэння выкупной сумы неабходна было суму гадавога аброка памножыць на 100 і раздзяліць на 6. Атрыманы вынік даваў выкупную суму палявога надзела.

Сяляне не ў стане былі выплаціць памешчыку адначасова ўсю выкупную суму. Таму царскі ўрад, ідучы насустрач памешчыкам, устанавіў так званую выкупную аперацыю.

Селянін пры заключэнні выкупнога пагаднення павінен быў заплаціць памешчыку толькі 20–25% ад выкупной сумы. Астатнія 75–80% за селяніна выплачвала памешчыку дзяржава, а селянін на працягу 49 гадоў павінен быў вяртаць гэты доўг, уносячы штогодна плацяжы ў банк у памеры 6% ад пазычанай дзяржавай сумы. Штогодна ўносімыя сялянамі долі доўга іменаваліся “выкупнымі плацяжамі”.

“Палажэнні” 19 лютага 1861 года датычыліся таксама вялікай групы дваровых людзей і сялян дробнапамесных памешчыкаў.

Дваровыя людзі вызваляліся праз два гады пасля апублікавання “Палажэнняў” без зямлі і матэрыяльнага ўзнагароджання за шматгадовую службу. Уладкаванне сялян дробнапамесных памешчыкаў праводзілася па асобных “Дадатковых правілах”: Дробнапамеснымі лічыліся тыя уладальнікі, за якімі па рэвізіі 1857 г. налічвалася менш 21 рэвізскай душы. Іх уладальнікі не абавязаны былі павялічваць надзел, нават калі ён быў меншым за ніжэйшую норму. Беззямельныя сяляне дробнапамесных памешчыкаў вызваляліся як дваровыя людзі, г.зн. без зямлі.

“Палажэнні” 19 лютага прадугледжвалі стварэнне новых органаў сялянскага кіравання. Сяляне, якія пражывалі на зямлі аднаго памешчыка, складалі сельскую грамаду. Усе домаўладальнікі сельскай грамады складалі сельскі сход, які выбіраў сельскага старасту, зборшчыка подацей і іншых службовых асоб (па неабходнасці – даглядчыкаў магазінаў, вучылішч, бальніц, лясных і палявых старажоў) і інш.

Некалькі памежных суседніх сельскіх грамадаў утваралі воласць. Яна стваралася па тэрытарыяльнаму прынцыпу з колькасцю ад 300 да 2000 рэвізскіх душ. Валасны сход, які складаўся з прадстаўнікоў сельскіх грамадаў (сельскіх стараст і выбраных па аднаму ад 10 домаўладальнікаў), выбіраў валасное праўленне на чале з валасным старшынёй і валасны суд.

Сельскае і валасное праўленні ведалі раскладкай і зборам подацей, сачылі за выкананнем сялянамі павіннасцей, за ўтрыманнем дарог і мастоў, аб’яўлялі сялянам дзяржаўныя законы і распараджэнні мясцовых уладаў, сачылі за грамадскім парадкам.

Для рэалізацыі “Палажэнняў” 19 лютага былі створаны мясцовыя органы: міравыя пасрэднікі, уездныя міравыя з’езды і губернскія па сялянскіх справах установы. Міравы пасрэднік быў першай інстанцыяй па ўрэгуляванню адносін паміж памешчыкам і часоваабавязанымі сялянамі. Ён павінен быў садзейнічаць прыняццю ўстаўных грамат, у якіх вызначаліся канкрэтныя ўмовы вызвалення сялян, іх узаемаадносіны з памешчыкамі.

Міравым пасрэднікам падпарадкоўвалася сялянскае ўпраўленне, прычым улада іх распаўсюджвалася на міравы ўчастак, які ўключаў некалькі валасцей.

Над міравым пасрэднікам стаяў уездны міравы з’езд, які з’яўляўся апеляцыйнай інстанцыяй па ўсіх справах, якія датычылі рэалізацыі рэформы. Старшынёй міравога з’езда з’яўляўся уездны прадвадзіцель дваранства, а членамі – усе міравыя пасрэднікі.

Правядзеннем рэформы ў губернях кіравалі Губернскія па сялянскіх справах установы, на чале якіх стаялі губернатары, а членамі былі прадстаўнікі мясцовага дваранства і назначаемыя дзяржаўныя чыноўнікі.

У Беларусі рэформа 19 лютага 1861 года была абнародавана з 8 па 12 сакавіка ў губернскіх гарадах і ў красавіку – маі – у сельскай мясцовасці.

Рэформа аб адмене прыгоннага права ў Беларусі была праведзена па больш спрыяльных умовах, чым у іншых рэгіёнах краіны. Адмена часоваабавязанага становішча і перавод сялян у разрад землеўласнікаў, зніжэнне штогадовых выкупных плацяжоў садзейнічалі больш хуткаму развіццю капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы.
5. Развіццё капіталізму ў Беларусі ў другой палове XIX ст.

Рэформа 1861 г. ліквідавала галоўную перашкоду на шляху капіталістычнага развіцця Расіі і Беларусі – прыгоннае права і абумовіла рэформы ў іншых сферах грамадства.

Самай радыкальнай з іх была судовая рэформа, яна была прынята 20 лістапада 1864 г.

Па ўмовах рэформы суд аб’яўляўся бессаслоўным, адкрытым (публічным) і незалежным ад урада. Ва ўездах уводзіліся міравыя суды і з’езды міравых суддзяў, у губернях – акруговыя суды. Крымінальныя справы ў акруговых судах разглядаліся з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці – прысяжных засядацеляў. Для юрыдычнай дапамогі падсудным быў створаны інстытут прысяжных павераных (адвакатаў), якія не знаходзіліся на дзяржаўнай службе і не залежылі ад урада. Міравыя суддзі выбіраліся ўезднымі земскімі сходамі.

У Беларусі судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г., з увядзення міравых судоў. Але тут міравыя суддзі не выбіраліся, а назначаліся міністрам юстыцыі, што ставіла іх у залежнасць ад урада. Акруговыя суды з прысяжнымі засядацелямі былі ўведзены ў заходніх губернях толькі ў 1882 г. Для сялян захоўваўся саслоўны валасны суд, якi разглядаў дробныя грамадзянскія і крымінальныя справы.

Земская рэформа, прынятая 1 студзеня 1864 г., прадугледжвала стварэнне ва ўездах і губернях выбарных устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай адукацыяй, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі справамі непалітычнага характару. У Беларусі ў сувязі з паўстаннем 1863 г. уводзіць выбарныя установы царскі ўрад не адважыўся. Ва ўсходніх губернях Беларусі земствы былі створаны толькі ў 1911 г.

Са спазненнем на 5 гадоў у Беларусі была праведзена і гарадская рэформа. Яна была прынята ў 1870 г., але яе ажыццяўленне ў Беларусі пачалося толькі ў 1875 г.

У аснову рэформы быў пакладзены прынцып усеагульных выбараў органаў гарадскога самакіравання – гарадской думы і гарадской управы ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам гараджан. Дума выбірала свой выканаўчы орган – гарадскую управу на чале з гарадскім галавой. Дзейнасць органаў гарадскога самакіравання рэгулявалася дзяржаўнымі органамі – губернскімі ўстановамі па гарадскіх справах, падпарадкаваных губернатарам.

Ваенная рэформа ў пачалася ў 1862 г., калі былі створаны 15 ваенных акругоў і тэрмін службы скарочаны да 7-8 гадоў. Аднак саслоўны прынцып камплектавання арміі быў ліквідаваны толькі ў 1874 г. З гэтага часу ўсе мужчыны, якім споўнілася 20 гадоў, павінны былі служыць у арміі, за выключэннем карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Сібіры і Поўначы. Тэрмін службы з гэтага часу зніжаўся да 6 гадоў у сухапутных войсках і да 7 гадоў – на флоце.

Буржуазны характар насілі таксама школьная (1864 г.) і цэнзурная (1865 г.) рэформы.

Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай, павялічвалася колькасць пачатковых школ, уводзілася пераемнасць розных ступеняў навучання. Агульную сярэднюю адукацыю, згодна з рэформай, давалі класічныя і рэальныя сямігадовыя гімназіі. Выпускнікі класічных гімназій мелі права без экзаменаў паступаць ва ўніверсітэты, а рэальных гімназій – у тэхнічныя інстытуты. Аднак у 1871 г. рэальныя гімназіі былі ліквідаваны і замест іх утвораны рэальныя шасцікласныя вучылішчы.

У адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было земскіх школ і грамадскасць не дапускалася да кіраўніцтва народнай адукацыяй. Тут не дзейнічала расійскае “Палажэнне аб начальных народных вучылішчах” 1864 г. Для Беларусі былі выпрацаваны спецыяльныя “Часовыя правілы для народных школ”. У адпаведнасці з імі ў кожнай губерні ствараліся дырэкцыі народных вучылішчаў. Распараджэннем Міністэрства адукацыі ад 6 студзеня 1864 г. навучэнцам забаранялася ў навучальных установах размаўляць на роднай (не рускай) мове.

У выніку цэнзурнай рэформы 1865 г. некалькі пашырыліся магчымасці друку, перш за ўсё сталічнага. Творы вялікіх аб’ёмаў, а таксама ўсе выданні навуковых устаноў маглі друкавацца без папярэдняй цэнзуры. Строга абмяжоўвалася толькі выдача дазволу на новыя перыядычныя выданні. У Беларусі доўга (да сярэдзіны 80-х гадоў) не давалі дазволу на выданне незалежных ад уладаў газет. Першым і доўгі час адзіным такім выданнем у Беларусі была газета “Мінскі лісток” (1886-1902 гг.).

Рэформы 60-70-х гадоў ХІХ ст. прывялі да значных змен у палітычным жыцці Расіі і Беларусі. Разам з тым яны былі непаслядоўнымі і абмежаванымі. Пасля забойства нарадавольцамі цара Аляксандра ІІ у 1881 г. у кіраўніцтве дзяржавы ўзялі верх рэакцыйныя сілы. Рэформы 60-70-х гадоў пачалі расцэньвацца “як фатальныя памылкі”.

14 жніўня 1881 г. было ўведзена ў дзеянне “Палажэнне аб мерах па ахове дзяржаўнай бяспекі і грамадскага спакою”, па якому любая мясцовасць і ў любы час маглі быць аб’яўлены на палажэнні ўзмоцненай або надзвычайнай аховы.

Пачалі пераглядацца і рэформы 60-70-х гадоў.

У 1884 г. царкоўнапрыходскія школы былі перададзены ў падпарадкаванне Сіноду, а ў 1887 г. у гімназіі было забаронена прымаць дзяцей прыслугі, возчыкаў, кухарак, дробных лавачнікаў і г.д. У 1882 г. быў устаноўлены таксама жорсткі кантроль за газетамі і часопісамі. Многія з іх былі закрыты.

Спробай рэстаўрацыі дарэформенных парадкаў было ўвядзенне ў 1889 г. інстытута земскіх начальнікаў. Яны назначаліся з дваран і мелі права ўмешвацца ў рашэнні сельскіх сходаў, падвяргаць сялян розным пакаранням. У Беларусі закон аб земскіх начальніках царскія ўлады ўвялі толькі ў 1900 г. і толькі ў межах Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў.

У 1892 г. было ўведзена таксама новае “Гарадское палажэнне”, якое рэзка павышала маёмасны цэнз пры выбарах органаў гарадскога самакіравання і ўзмацняла над ім кантроль з боку ўрадавай адміністрацыі.

З-за палавінчатасці і непаслядоўнасці буржуазных рэформ другой паловы ХІХ ст. крызісныя з’явы ў дзяржаўна-палітычным ладзе не былі ліквідаваны. Яны сталі адной з прычын роста рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху.


Літаратура:


- Гісторыя Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці/Пад рэд. У.Міхнюка, В.Фаміна. Мн., 2003 год.

- Гісторыя Беларусі. Пытанні і адказы/Пад рэд. А.Мяснікова. Мн., 2004 год.

- Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi/Пад рэд. У.Ігнатоўскага. Мн., 1992 год.

- Нарыс гісторыі Беларусі /Пад рэд. Г.Сагановіч. Мн., 2001 год.


















База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка