Пытання пра традыцыйную фізічную культуру беларусаў




Дата канвертавання18.03.2016
Памер43.98 Kb.

powerpluswatermarkobject83924936


ДА ПЫТАННЯ ПРА ТРАДЫЦЫЙНУЮ ФІЗІЧНУЮ КУЛЬТУРУ БЕЛАРУСАЎ

Няма сумненняў, што пытанні традыцыйнай беларускай культуры далёкія да свайго асвятлення ў айчыннай культуралагічнай тэорыі і практыцы. Яшчэ менш даследаваны праблемы так званай “традыцыйнай фізічнай культуры”, бо, на жаль, не ўсе ўсведамляюць, што “фізічная культура” з’яўляецца важнейшай, неад’ёмнай часткай нацыянальнай этнакультурнай спадчыны. “У традыцыйным грамадстве фізічная культура існавала ў сінкрэтычным адзінстве разам з іншымі формамі культуры” [8. С. 8].

Навуковыя пошукі ў галіне фізічнай культуры ажыццяўляюцца ў некалькіх перспектыўных накірунках. Аднак не заўсёды прасочваецца дакладнае размежаванне паняццяў “фізічная культура”, “фізічнае выхаванне”, “спорт”, “традыцыйная фізічная культура” і накаторых іншых. Такое становішча, як думаецца, звязана з рознымі падыходамі да фізічнай культуры, а тым больш традыцыйнай. У асноўным зараз даследчыкі схіляюцца да разумення гэтай з’явы ў спапучэнні “фізічная культура і спорт”, пераважна акцэнтуючы ўвагу на паняцці “спорт” – “фізічныя практыкаванні (гімнастыка, барацьба, турызм і пад.), якія маюць мэтай развіццё і загартоўку арганізма. Пра гульню ў шахматы, шашкі, пра рыбалоўства і пад.” [9. Т. 5. Кн. І С. 270]. Адсюль вельмі цікавае і глыбокае, але ў пэўнай ступені аднабаковае вывучэнне пытанняў фізічнай культуры. Комплекснае, сістэмнае вырашэнне шматлікіх праблем у вялікай ступені забяспечваецца пры арыентацыі на больш шырокае азначэнне – “усебаковае ўдасканаленне і ўмацаванне чалавечага цела шляхам фізічных практыкаванняў, захавання правільнага рэжыму” [9. Т. 2. С. 754]. Што да “традыцыйнай фізічнай культуры” беларусаў, то пакуль, думаецца, не зусім дакладна вызначаны прадмет і аб’ект даследавання, не дадзена навукова абгрунтаванае вызначэнне гэтага паняцця. Такая сітуацыя параджае розныя, часам супрацьлеглыя, меркаванні наконт перспектыў вывучэння і магчымасці выкарыстання ў практычнай рабоце традыцыйнай сістэмы фізічнай культуры. Тым не менш, першыя публікацыі некаторых навукоўцаў па праблемах традыцыйнай фізічнай культуры беларусаў пераконваюць у правільнасці ўзятага накірунку.

Неабходна пагадзіцца з меркаваннем Г.Э.Адамовіча, Р.М.Беляковай ды іншых, што асноўнымі відамі дзейнасці чалавека, якія ўплывалі на фізічнае развіццё і загартоўку асобы, былі:



  • традыцыйныя народныя гульні;

  • традыцыйныя народныя танцы;

  • народныя віды барацьбы;

  • традыцыйныя віды вайсковай падрыхтоўкі;

  • асновы народнага загартоўвання і прафілактыка захворванняў;

  • аздараўленне, заснаванае на традыцыях народа і яго веры ды іншыя [1. С. 13; 2. С. 6–16]. Але некаторыя выдзеленыя “структурныя элементы” традыцыйнай фізічнай культуры беларусаў самі па сабе з’яўляюцца састаўной часткай культуры ў цэлым, або адносяцца да народнай медыцыны ці валеалогіі. Пагэтаму толькі разгляд названых элементаў праз прызму ўсебаковага ўдасканалення і ўмацавання цела і духу, фарміравання ўстойлівай арыентацыі на здаровы лад жыцця, заснаванай на агульначалавечых каштоўнасцях, дазволіць заглыбіцца ў праблемы традыцыйнай фізічнай культуры, вызначыцца з аб’ектам даследавання, мэтамі і задачамі, навукова іх абгрунтаваць. Даследаванні такога характару, безумоўна, павінны праводзіцца ў кантэксце агульнай традыцыйнай культуры беларускага народа, не павінны адмяжоўвацца ад сучаснай сістэмы фізічнай культуры. Зроблены ўжо і першыя спробы ў гэтым накірунку. Сярод вядомых работ вылучаюцца публікацыі Г.Э.Адамовіча, Р.М.Беляковай, Я.Р.Вількіна, В.I.Карзенкі, А.Ю.Лозкі, А.У.Рагулі, А.А.Шамака ды іншых. Праўда, некаторыя аўтары часам атаясамліваюць паняцці “фізічная культура” і “фізічнае выхаванне”. Напэўна, не ўсе фізічныя нагрузкі, якія ўплываюць на фізічны стан чалавека і з’яўляюцца сродкам выхавання, можна назваць традыцыйнай культурай. У прыватнасці, сцвярджэнне: “Цяжкая сялянская праца патрабавала значных высілкаў, але, з другога боку, гартавала і развівала такія якасці, як цярплівасць, цягавітасць, моц”, – у большай ступені адносяцца да “фізічнага выхавання”, чым да “фізічнай культуры” [10. С. 42]. Сапраўды, знясільваючая праца выхоўвала, але адмоўна ўплывала на здароўе.

Вывучэнне сродкаў развіцця традыцыйнай фізічнай культуры, укараненне іх у практыку дасць станоўчыя вынікі не толькі ў фізічным удасканаленні асобы, а і ў фарміраванні духоўных каштоўнасцей. Таму не выпадкова, што гуманістычны патэнцыял традыцыйнай культуры зараз нікім не адмаўляецца. “У беларускай нацыянальнай фізічнай культуры, як і іншых яе відах, кансалідацыйныя тэндэнцыі пераважаюць над індывідуалістычнымі, а нарматыўныя правілы даюць прастор індывідыуму для праяўлення сваіх здольнасцей” [8. С. 10].

Такім чынам, вывучэнне традыцыйнай фізічнай культуры – патрабаванне часу.


Літаратура


  1. Адамович Г.Э. Традиционная физическая культура белоруссов // Традыцыйная фізічная культура беларусаў: гісторыя, тэорыя, практыка: матэрыялы рэсп. канф. 14 мая 1998 г.: Мн., 1998.

  2. Адамович Г.Э. Традиционные методы психофизической тренировки. Мн., 1999. 166 с.

  3. Белякова Р.М. Беларускія народныя гульні як сродак развіцця традыцыйнай фізічнай культуры беларусаў // Традыцыйная фізічная культура беларусаў: гісторыя, тэорыя, практыка: матэрыялы рэсп. канф. 14 мая 1998 г.: Мн., 1998. С. 60–63.

  4. Вількін Я.Р. Беларускія народныя гульні. Мн., 1996.

  5. Корзенко В.И., Брускова И.В., Гогунская Л.В. Валеология как составная часть общей культуры древних белорусов // Традыцыйная фізічная культура беларусаў: гісторыя, тэорыя, практыка: матэрыялы рэсп. канф. 14 мая 1998 г.: Мн., 1998. С. 26–31.

  6. Лозка А.Ю. Традыцыйная фізічная культура беларусаў і сучаснасць // Традыцыйная фізічная культура беларусаў: гісторыя, тэорыя, практыка: матэрыялы рэсп. канф. 14 мая 1998 г.: Мн., 1998. С. 56–58.

  7. Рагуля А.У. Гульнёвы аспект у гісторыі культуры // Традыцыйная фізічная культура беларусаў: гісторыя, тэорыя, практыка: матэрыялы рэсп. канф. 14 мая 1998 г.: Мн., 1998.

  8. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. 6 кн. Мн., 1977–1984.

  9. Шамак А.А. Традыцыйная фізічная культура беларускага сялянства ХІХ – пачатку ХХ ст. // Традыцыйная фізічная культура беларусаў: гісторыя, тэорыя, практыка: матэрыялы рэсп. канф. 14 мая 1998 г.: Мн., 1998.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка