Пiшам па новых правiлах




Дата канвертавання10.05.2016
Памер44.79 Kb.
ПIШАМ ПА НОВЫХ ПРАВIЛАХ

 



Сустрэча класных кіраўнікоў

СШ №8 г. Слоніма

з настаўнікам беларускай

мовы, кіраўніком школьнага МА

настаўнікаў

беларускай мовы і літаратуры

Ірынай Пятроўнай Ганісеўскай


  • Ірына Пятроўна, як вядома, закончыўся пераходны перыяд, адведзены на ўкараненне новага правапісу. І з 1 верасня 2013 года мы кіруемся і цалкам падпарадкоўваемся ўжо новым правілам беларускай арфаграфіі.



  • Так, 1 верасня 2013 года ўступіў у сілу  закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які ўвёў  у дзеянне новую рэдакцыю Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі . Пры гэтым навукоўцы, якія працавалі над унясеннем змяненняў, запэўніваюць, што гэта ні ў якім разе не рэформа мовы, таму што рэформа – гэта значныя змены ў той ці іншай сістэме. У новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі адбылася толькі карэкціроўка і ўдакладненне таго, што было.



  • Хочацца дадаткова атрымаць пэўныя звесткі з гісторыі беларускага правапісу.



  • Гістрыя беларускага правапісу налічвае больш за сто гадоў. У 1905 годзе афіцыйна была знята забарона на ўжыванне беларускай мовы. Выйшла з падполля кнігадрукаванне, пачалі выдавацца па-беларуску газеты. Узнікла пільная патрэба ў граматыцы, якая зафіксавала б асноўныя асаблівасці функцыянавання мовы. I такія граматыкі з’явіліся. Іх было не дзве, не тры, а болей. Найбольш вядомай і папулярнай стала граматыка, створаная Браніславам Тарашкевічам. Яна адыграла важную ролю ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы, таму што дала магчымасць стабілізаваць моўныя нормы. 

Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі былі выдадзены ў 1959 годзе. Менавіта імі мы і кіраваліся на працягу паўстагоддзя. Але жыццё не стаіць на месцы. Разам з ім змяняецца і наша мова.

 Закон “Аб правілах беларускай пунктуацыі і арфаграфіі” быў падпісаны Прэзідэнтам нашай краіны 23 ліпеня 2008 года, а ўступіў у сілу 1 верасня 2013года. Дакументам толькi замацоўваюцца асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфii i пунктуацыi. Змяненнi датычацца не самiх асноўных правiл, а напiсання асобных слоў, груп слоў, якiя з’яўляліся выключэннямi.

  - Нагадайце яшчэ раз, што мы цяпер павінны пісаць па-новаму?

  Па-першае, ліквідаваны выключэнні з “залатога” беларускага правіла акання. Таму калі на “о” не падае націск, яно пішацца як “а”: Токіа, трыа, адажыа,  Антарыа, Антоніа, Ватэрлоа, імпрэсарыа, капрычыа і іншыя.

Па-другое, у правiлах знiмаюцца выключэннi ў напiсаннi складанаскарочаных слоў. Цяпер яно будзе падпарадкоўвацца адзiнаму правiлу: часткi яго пiшуцца так, як i ў поўным слове. Таму зараз правільна будзе прафкам, райвыканкам, гаркам і г.д.

Будзе патрэбна ведаць, што цяпер правільна пісаць Нью-Ёрк,
Ёфе.



  • Вядома , што закранулі змены і правапіс літары “э”.




  • У новай рэдакцыі правіл напісанне Э ў запазычаннях значна пашыраецца: кашнэ, каратэ, Мерымэ, але пасля к і л пішам е: філе, піке. Таксама трэба заўважыць, што ў некаторых запазычаных словах ненаціскны спрадвечны [э] па-ранейшаму перадаецца праз ы: брызент, дрызіна, інжынер, канцылярыя, рысора, цырымонія.

У перадачы акання на пісьме ў правілах было зроблена даволі істотнае ўдакладненне. Яно датычыць ненаціскных -эль, -эр. Своеасаблівым штуршком да выяўлення гэтай праблемы стала моднае на сёння слова камп’ютар (з англ. computer - «вылічальнік»). 3 аператыўным пашырэннем слова, як і з распаўсюджаннем самога камп’ютара, звязваўся арфаграфічны і вымаўленчы разнабой: камп’ютэр - камп’ютар - кампутар. У новай рэдакцыі «Правіл»: ненаціскныя  -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп’ютар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар. Выключэнне было зроблена для ўласных імёнаў: ненаціскныя  -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.

 
- На якіх яшчэ змяненнях вы б засяродзілі ўвагу ?



  • Так, “у” пасля галоснага пераходзіць у “ў” не толькі ў беларускіх, але і ў іншамоўных словах: зараз пішам “ва ўніверсітэце”, “пасля ўнікальнай аперацыі”. Выключэнне, аднак, усё ж зроблена: для лацінскіх слоў, якія заканчваюцца на -ус і -ум: радыус, прэзідыум.

Яшчэ раз нагадаю, што паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць

У адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі ўпарадкавана напісанне вялікай i малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах i г.д. (напрыклад, Савет Mіністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм‘ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Mітрапаліт Mінскі i Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і г.д.).



У новую рэдакцыю “Правіл” уведзены новы параграф “Вялікая i малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных i казачных герояў”. Напрыклад: “3 вялікай літары пішуцца асабовыя назвы вышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Уладыка Нябесны, Святая Троіца ...”.
Адбылося істотнае спрашчэнне правіл пераносу слоў са збегам зычных паміж галоснымі. У адпаведнасці з новымі правіламі дапускаецца свабодны перанос слоў, напрыклад: бя-скрыўдны, бяс-крыўдны, бяск-рыўдны, ра-змова, раз-мова, за-става, зас-тава. Як бачым, перанос можна ажыццяўляць на мяжы папярэдняй галоснай і наступнага збегу зычных, але ён не можа адбыцца на мяжы папярэдняга збегу зычных і наступнай галоснай (нельга пераносіць: разм-ова; заст-ава).

Напрыканцы адзначу: змены ў правапісе – даволі далікатная рэч, якая датычыцца кожнага носьбіта мовы. Пакаленні сапраўдных беларусаў, чытаючы творы Максіма Танка, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Уладзіміра Караткевіча і іншых пісьменнікаў, увабралі хараство і чысціню беларускага слова, выхавалі свой моўны густ, засвоілі законы пісьма. Таму трэба ўдасканальваць сваё веданне роднай мовы, ганарова дэманстраваць яе прыгажосць і мілагучнасць.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка