Пігаль Іван Аляксандравіч




Дата канвертавання29.05.2016
Памер51.88 Kb.
Пігаль Іван Аляксандравіч

вучань 11 класа ДУА “Залужская сярдняя школа Старадарожскага раёна”.

Намінацыя “Мой куток зямлі роднай”

Нарыс “Мая вёска – мой лёс”
Сустрэнеш часам краявіды, як карціны.

Што вока вабяць хараством,

Але бліжэй няма, чым родныя мясціны,

Мая ты вёска, вуліца і дом.

Якая б доля край мой не спаткала.

І колькі б не прайшло яшчэ гадоў.

Навекі любай і адзінай стала.

Мая старонка – першая любоў.

У кожнага чалавека ёсць куток, дзе ён з’явіўся на свет. Гэты куток дзяцінства – наша радзіма. Я нарадзіўся ў цудоўнай вёсцы Залужжа Старадарожскага раёна. Залужжа яшчэ называюць сялом, бо тут ёсць царква. Старыя людзі так і кажуць: “ Пайду на сяло”.

Першае ўпамінанне аб Свята-Георгіеўскім храме адносіцца да 18 стагоддзя. Цяперашні будынак царквы быў узведзены у 1903 годзе на месцы старога, згніўшага. Пры царкве дзейнічала народнае вучылішча.

У наш час паселішча атрымала статус аграгарадка. Але для мяне ўсё ж бліжэй слова “вёска”. І я хачу, каб пра маю вёску ведалі па ўсёй Беларусі, каб палюбілі яе так, як яе люблю.

Мая вёска прыгожая і “мабільная”. Праз яе праходзіць магістраль “Старыя Дарогі – Мар’іна Горка – Мінск”. Вёска Залужжа размешчана на паўночным усходзе Старадарожскага раёна за 15 кіламетраў ад раённага цэнтра і 120 кіламетраў ад абласнога. За 12 кіламетраў ад вёскі знаходзіцца возера Скачальскае.

У вёсцы налічваецца 11 вуліц і завулкаў, 223 двары, 573 жыхары. Вучнямі і настаўнікамі Залужскай школы ў 1966 годзе быў закладзены парк і ўстаноўлены за сродкі калгаса “Залужжа” памятны знак у гонар 126 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Гэта месца з’яўляецца самым любімым у залужан, тут штогод праводзяцца “Святы вёскі”.

З кожным годам і днём мая вёска прыгажэе, маладзее. Ёсць у аграгарадку Залужжа сярэдняя школа, дзіцячы садок, магазін, бібліятэка-клуб, аддзяленне сувязі, ФАП, сталоўка ААТ”Залужжа”, лазня, лесапільня. Жыхары вёскі працуюць у асноўным у ААТ ”Залужжа” і Залужскім лясніцтве.

Вёска Залужжа мае багатую гісторыю, таму што вядома з 16 стагоддзя як вёска Мінскага павета Мінскага ваяводства. У розныя перыяды гісторыі ёю валодалі Алелькавічы, Радзівілы, Вітгенштэйны, у 1846 годзе выкуплена ў казну. Многія факты з гісторыі вёскі сцерліся, сталі міфамі. А вось што гаворыць “Словарь географический королевства Польского и других краёв славянских” (т.14, с.360; Варшава, 1895 год выдання): “Залужжа – вёска, якая некалі належала Радзівілам. Знаходзіцца за 91 вярсту ад Бабруйска. Маецца 96 двароў, пархіяльная царква святога Юрыя. З даўніх часоў мае 2,5 валокі зямлі. Парафіян, людзей-вернікаў, каля 1500 чалавек. Мясцовасць маладая, неабжытая. Глеба пясчаная. Шмат выганаў і лугоў. Мясцовае насельніцтва жыве ў курнях (курных хатах)…”

Існуе некалькі версій наконт паходжання назвы маёй вёскі. Але я схіляюся больш да думкі аўтара этнаграфічнага нарыса “Беларусы-сакуны” (1915). Па меркаванні І.А.Сербава вёска размешчана за лугам, заснавана “за лужамі”, пагэтаму і называецца Залужжа.

Шмат розных падзей адбылося ў жыцці маёй вёскі: і рэвалюцыі, і войны, і пажары ( у гады грамадзянскай вайны Залужжа акупіравалі белапалякі, калі адступалі, то падпалілі вёску), і калектывізацыя ( у 1929 годзе ў Залужжы быў арганізаваны першы калгас , які называўся “Новы селянін”), і эпоха атэізму (у 1933 годзе ўлады забралі ў вернікаў царкву святога Юрыя, перабудавалі яе і прыстасавалі пад клуб, свяшчэннаслужыцель Уладзімір Талюш быў рэпрэсіраваны і сасланы ў Сібір, дзе і загінуў пакутніцкай смерцю, разам з ім былі рэпрэсіраваны яшчэ 8 прыхажан: Мікалай Шыбко, Юрый Ралько, Ігнацій Цыганкоў, Сямён Свірын, Ціхан Мышка, Васіль Дражын, Іван Мельнік , Пётр Гейсік ), і новабудоўлі ( да сярэдзіны 60-х гадоў 20 стагоддзя дамы мясцовых жыхароў былі драўлянымі, у асноўным з трыма вокнамі, у 1964 годзе пачалося будаўніцтва першых цагляных дамоў, якія прызначаліся для спецыялістаў калгаса “Залужжа”; у 1970 былі пабудаваны тыпавыя цагляныя будынкі дзіцячага сада і магазіна, лазні, у 1977 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю сучасны двухпавярховы будынак Залужскай СШ, першы двухпавярховы жылы дом з усімі выгодамі, вадаправод, у канцы 80-х 9 вуліц і завулкаў вёскі былі заасфальтаваны).

Залужане ганарацца сваімі аратымі, сейбітамі, леснікамі, жывёлаводамі, настаўнікамі, людзьмі ўсіх прафесій, рознага роду заняткаў, землякамі – тымі, хто годна жыў і жыве, сумленна рабіў і робіць сваю справу, працуе на сваю і агульную карысць.

Ёсць у маіх землякоў цудоўная магчымасць наведваць богаслужэнні ў Свята-Георгіеўскім храме, ачышчацца пры гэтым ад усялякага душэўнага бруду, будаваць сваё духоўнае жыццё па праваслаўных канонах.

Я ганаруся сваёй зямлячкай Мельнік Ганнай Якаўлеўнай, якая ўнесла вялікі асабісты ўклад у адраджэнне духоўных праваслаўных традыцый. Яна прынімала актыўны ўдзел у аднаўленні і вяртанні праваслаўным вернікам сяла Залужжа Свята-Георгіеўскага храма.

Будынак царквы быў вернуты ў 1991 годзе. З гэтага моманту пачаліся рамонт і рэстаўрацыя храма. Адначасова праводзіліся літургіі, святочныя богаслужэнні.

Цяжка было прыхажанам , калі ім даводзілі, што адабралі ў моладзі клуб. Г Гадамі выбівалася з душ людзей вера ў Бога, але калі ў чалавека здаралася няшчасце, ён заўсёды звяртаўся да вышэйшых сіл за дапамогай. Бездухоўнасць спарадзіла многія заганы сучаснага грамадства.

Калі сустракаўся з Ганнай Якаўлеўнай Мельнік, то дзівіўся яе жыццёваму аптымізму. Ганна Якаўлеўна мае паважаны ўзрост (нарадзілася 21 верасня 1924 года), але пры гэтым захавала добрую памяць, душэўную шчодрасць. Яна прыклад таго, як трэба любіць бліжняга і не пасаваць перад жыццёвымі нягодамі і горам. У 1999 годзе Г.Я.Мельнік была ўзнагароджана Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта за шчырую працу на славу царквы Хрыстовай. 22 снежня 2000 года Г.Я. Мельнік атрымала пасведчанне ад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь да памятнага знака “2000 год Хрысціянству”.

Большасць жыхароў вёскі Залужжа праваслаўныя, але пры гэтым моцна трымаюцца народных традыцый. Так званае “народнае” праваслаўе – прыкметная з’ява сучаснага грамадства.

Найбольш мае землякі прытрымліваюцца народных традыцый і святкуюць Каляды (07.01), Шчадрэц(13.01), Вадохрышча (19.01), Грамніцы(15.02), Вербную нядзелю (за 7 дзён да Вялікадня), Вялікдзень, Радаўніцу, Тройцу, Юр’я (раней на Юр’я 06.05 ладзіліся ў вёсцы Залужжа кірмашы, на якія з’язджаліся госці з усёй акругі ). Па праваслаўных канонах у гэтыя дні святкуюцца: Ражджаство Хрыстова (07.01), Хрышчэнне Гасподняе (19.01), Стрэчанне Гасподняе (15.02), Уваход Гасподні ў Іерусалім (за тыдзень да Уваскрасення Хрыста), Пасха, Радаўніца, Святая Тройца, Святы Юрый (Георгій Перамоганосец 06.05). Вялікая колькасць вернікаў ў гэтыя дні ўдзельнічае ў святочных літургіях у Свята-Георгіеўскім храме, сярод іх шмат моладзі .

Я лічу, што менавіта духоўнасць жывіць карані маёй вёскі.

Пройдзе час. Год. Два. Дзесяць. Пятнаццаць…Мая вёска зменіцца. Яна стане яшчэ больш прыгожай, утульнай. Моладзь не будзе пакідаць яе, бо ўмовы жыцця зусім не будуць адрознівацца ад гарадскіх. Я бачу акуратныя вуліцы, сучасныя дамы з цэглы і дрэва, каля якіх разбіты незвычайныя кветнікі і няма агароджы. Дамы пафарбаваны ў белыя, ружовыя, светла-зялёныя колеры і выглядаюць лепей, чым у сталіцы, дзе рознакаляровая стракатасць псуе выгляд найпрыгажэйшага будынка.

Найцікавейшае месца ў вёсцы - яе цэнтр. Тут размесцяцца высокія гмахі, сярод якіх мясцовы Цэнтр рамёстваў, гатэль, цудоўныя магазіны, рэстаран, аптэка, Палац моладзі, спартыўны комплекс з трэнажорамі, басейнам, міні-стадыёнам. Вяскоўцы змогуць паправіць сваё здароўе ў Доме адпачынку.



Купалы Свята-Гергіеўскага храма будуць ззяць на сонцы пазалотай і клікаць вернікаў мілагучным звонам бронзавых званоў.

Духоўнасць будзе пераважаць над бездухоўнасцю і цемрай! Я веру ў шчаслівую будучыню вёскі Залужжа і зычу ёй міру, дабрабыту і росквіту.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка