Песня “Мой родны кут”




Дата канвертавання21.05.2016
Памер68.44 Kb.
Настаўнік. Добры дзень, паважаныя сябры! Сёння мы з вамі сабраліся на пасяджэнне этнаграфічна-краязнаўчага гуртка “Спадчына”. Тэма нашай сустрэчы – “Падарожжа ў мінулае вёскі”. Пачаць наша падарожжа я хачу песняй І.Лучанка на словы Я.Коласа “Мой родны кут” у выкананні вучняў 5 класа.

Песня “Мой родны кут”.

Настаўнік. Калі беларус хоча ўсвядоміць сябе беларусам, ён рана ці позна звяртаецца да гісторыі, да культуры свайго народа. Кожны чалавек павінен ведаць, як жылі яго дзяды і прадзеды, якія мелі звычкі і традыцыі.

Верш Р.Барадуліна “Мы ўсім сваёй ахвярнасцю вядомы”.

Настаўнік. Так. Сціплы, добры і гасцінны наш народ. Багаты, шчодры і прыгожы наш край. Сённяшняе падарожжа ў вёску дапаможа нам глыбей пазнаць гісторыю свайго краю.

Заданне: уважліва слухайце выступленне гурткоўцаў, бо ў канцы падарожжа будзеце тлумачыць значэнне слоў, якія запісаны на дошцы.

Вучань. Беларуская вёска. Яна не такая, як на Украіне. У нас 20-30 двароў – гэта ўжо вёска. Праўда, ёсць і вялікія вёскі, двароў на 1500. У старой беларускай вёсцы ёсць нешта дужа мілае, задумлівае і паэтычнае. На вуліцах і завулках растуць вялікія дрэвы, на сядзібах – векавыя дубы, усюды садкі і , калі не адразу за хатамі, то недзе на гарызонце, можна ўбачыць лясы.

Вучань. Двор пад саламянаю страхою

У вякі сівыя завядзе…

Драўляная хата – традыцыйнае жыллё беларуса. На Беларусі хату часта будуюць талакою. Талака – даўні народны звычай калектыўнай дапамогі ў гаспадарчых работах. Запрашалі на адзін дзень сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў для тэрміновай і працаёмкай работы, якая патрабавала многа людзей: вывезці лес, зрубіць хату. Лесу на Беларусі ўсё яшчэ многа, таму хату будуюць з тоўстых смалістых бярвенняў.

Падлога раней у хаце была земляная або глінабітная, але з канца 19 стагоддзя яе пачала выцясняць драўляная.

Столь рабілі спачатку скляпеністай з бярвення, пазней – дашчанай.

Самым распаўсюджаным матэрыялам для пакрыцця стрэхаў былі салома і чарот. Чаротам крылі таму, што ён даўжэй служыць. Цяпер дахі хат – з шыфера і чарапіцы.



Вучань. Хата заўсёды будуецца вокнамі на вуліцу. Вакол акон, на аканіцах, на франтоне часта можна бачыць разьбу, гэта сведчыць аб тым, што беларусы – выдатныя майстры драўлянай архітэктуры. Раней хату абкружала прызба - невысокі, звычайна земляны насып знадворку ўздоўж сценаў. Яна засцерагала жыллё ад холаду і сырасці. Цяпер дамы ставяць на падмурак.

Вучань. Будаўніцтва жытла ў народнай традыцыі было звязана з пэўнымі звычаямі і абрадамі, якія мелі наступныя этапы: выбар месца для жылля, нарыхтоўка матэрыялу для будоўлі, закладка падмурка, узвядзенне страхі, улазіны.

Настаўнік. Давайце з вамі ўспомнім некаторыя з іх.

1. Дзе не дазвалялася будаваць хату?

( на спрэчных землях, на месцы, дзе хто-небудзь парэзаўся, пасекся, дзе хто-небудзь знайшоў чалавечыя косці).

2. У якім месцы нарыхтоўвалі дрэва для будаўніцтва хаты? Чаму?

( са снежня па красавік. Снежань –студзень – дрэва смалістае; сакавік – красавік – сок робіць драўніну мацнейшай).

3. Якія дрэвы не бралі для пабудовы? Чаму?

( вывернутыя па непагаддзю, тыя, што звісалі над іншымі, сухія, рыплівыя).

4. Чым забівалі адтуліны ў сценах хаты? (мохам). Як і калі нарыхтоўвалі мох?

( пачыналі з панядзелка, кожны дзень рвалі па кучцы, у нядзелю глядзелі, пад якой з іх няма мошак, чарвякоў – у той дзень на наступным тыдні і нарыхтоўвалі).

5. Чым крылі хату?

( саломай, чаротам, гонтай).

6. Што вы ведаеце пра закладку і будаўніцтва хаты?

7. Хата пабудавана. Трэба засяліцца ў яе. Раскажыце, якія звычаі і традыцыі існавалі ў час уводзін у новую хату.

Вучань. Напярэдадні ў новы дом запускалі праз акно пеўня. Калі ён спяваў – добры знак. Перабіраліся поўняй (каб жыццё ў новай хаце было “поўным”). Першым заходзіў гаспадар, які нёс гаршчок з вуголлем, гаспадыня – абраз. Гаспадар абносіў гаршчок уздоўж сцен. Спыняючыся ў кожным куце, ставіў гаршчочак на прыпечак і адразу запальваў у печы. Часта мазалі куты мёдам. У дзень перасялення запрашалі гасцей і свяшчэнніка, каб асвяціў новае жыллё. Госці, увайшоўшы ў хату, кідалі грошы на печ, клалі на стол хлеб-соль, дарылі гаспадарам посцілку, абрусы і інш.

Настаўнік. Уявім сабе, што мы зайшлі ў адну з вясковых хат. Што ж сабой уяўляла яна?

Вучань. Калі заходзіш у хату, то спачатку трапляеш у сенцы – гэта памяшканне перад жылым пакоем, якое і цяпер служыць для гаспадарчых мэтаў. Тут стаялі вёдры, цэбры, кашы. Дзверы насупраць вялі ў камору, дзе мясціліся рэчы для гаспадаркі: дзежкі, гарлачы, міскі, збанкі, гаршкі, а такасама ступа, у якой таўклі крупы. На паліцах ляжалі розныя прыпасы. Другія дзверы вялі ў так званую халодную хату. Сюды выносілі кросны, хатні ткацкі станок, калаўрот – прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, воўны. Іншы раз ў халоднай хаце можна было ўбачыць грубку – гэта невялічкая печка для ацяплення пакоя. Групка мела яшчэ назву галандка, стаяк, сцяна. Тут жа стаяў куфар (скрыня), дзе змяшчалася адзенне і іншае дабро.

Вучань. Але найбольш тыповы выгляд хаты такі. З сенцаў – уваход у хату. Ля ўвахода знаходзіўся мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. У пакоі – печ, за печчу – палок (нары), пад палком складалі розныя рэчы. Часта замест палка стаялі шырокія ложкі. Уздоўж астатніх дзвюх сцен стаялі шырокія лавы, засланыя тканымі налаўнікамі. Перад лаўкамі стаяў стол. Стол і лаўкі звычайна рабілі з тоўстых дубовых дошак. У пакоі стаялі куфры, а ўзімку – гаспадыніны кросны або калаўрот. Пакой упрыгожвалі абразы на покуці, ручнікі вакол іх, а таксама тканыя посцілкі.

Настаўнік. У нашай мясцовасці хаты мелі такі выгляд, як экспазіцыя хаткі, створанай у нашым музеі. Амаль не засталося ў вёсцы хат з такой планіроўкай. Цяпер хаты будуюць па-іншаму: шмат пакояў, замест ганку веранда.

Вучаніца. Куды б я ні паехала,

Усюды, як у сне,

Туга па вёсачцы

Сціскае сэрца мне.



Настаўнік. Так. Дзе б мы ні былі, якую б экзатычную прыроду ні бачылі, нас заўсёды цягне да нашых палёў, лясоў, да таго месца, дзе нарадзіліся. А нарадзіліся мы з вамі ў вёсцы Турэц-Баяры.

Вучань. Першае ўпамінанне пра вёску Турэц-Баяры - 1559год , гэта значыць, што нашай вёсцы ўжо 450 год. Некаторы час наша вёска належала роду Астравухавых. Ёсць звесткі аб тым, што ў 1632 годзе адбываліся міжусобныя падзеі з Лебедзеўскім суседам. Потым лёс вёскі быў звязаны з родам Яна Човеня. Некаторы час вёска належала і роду Агінскіх.

Вучань. Чаму вёска названа Турэц-Баяры, дакладна невядома. Хадоўскі сабраў каля 50 тапонімаў з коранем слова “тур” і зрабіў вывад, што ўсе яны паходзяць ад жывёлы тур, бо ў песнях часта спяваецца пра тура з пазалочанымі рагамі і турыцу, якая шукала свайго ўзятага туранятка.Таму існуе легенда, што ў вёсцы, якая знаходзілася побач з лесам, дзе вадзіліся туры, жылі Баяры, якія палявалі на тураў. І калі тураў не стала, высеклі лес і на тым месцы ўзнікла вёска Турэц. Князі суседніх вёсак ваявалі паміж сабой, але з цягам часу дзеці іх выраслі і пакахалі адзін аднаго. І таму іх бацькі вымушаны былі памірыцца паміж сабой, і ў знак згоды вырашылі яны злучыць свае вёскі. Так і атрымалася назва вёскі Турэц-Баяры.

Вучань. Наконт назвы вёскі існуе і іншая думка. У кнізе М.П.Лыча “Назвы зямлі беларускай”тапонім жа Турэц тлумачыцца тым,што ў мінулым многія ўсходнія качавыя народы называліся нашымі продкамі цюркамі ці туркамі. Яны, магчыма, пражывалі ў гэтай мясцовасці, адсюль і назва вёскі паходзіць.

Настаўнік: Ёсць і яшчэ адна думка наконт назвы вёскі. Я маю на ўвазе артыкул з “Рэгіянальнай газеты” за 23 студзеня 2004 г., дзе наш выпускнік Сяргей Лескіч змясціў матэрыял пад назвай “Таямніцы зямлі нашай”. У ім пісаў:

Народ умее цёплым словам

Радзімы край свой прыласкаць.

У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам засталася велізарная колькасць назваў населеных пунктаў, рэк, палёў, сенажацяў. У нашай мясцовасці таксама шмат цікавых назваў, звязаных з рознымі гістарычнымі падзеямі.



Вучань. У мінулым недалёка ад вёскі стаяў панскі маёнтак з гаспадарчымі пабудовамі. Маёнтка даўно няма, на тым месцы вырас лес, а месца так і называецца – Двор. Сад – месца, дзе знаходзіўся панскі сад. Аўсянка – мокрае месца, дзе ў мінулыя часы сеялі авёс.

За Хлевушкамі – лес, які знаходзіўся за панскімі хлявамі і гумнамі. Вельмі шмат у нашай мясцовасці такіх назваў. Пра іх напісала ў сваім вершы “Мая зямля” вучаніца нашай школы.



Гучыць верш “Мая зямля”.

Настаўнік. Чым прываблівае беларуская зямля? Напэўна, не толькі сваёй прыродай, мовай, легендамі, але і людзьмі, якія жывуць тут.

Вучань. У нашай вёсцы жывуць сумленныя, працавітыя людзі. Многія з аднавяскоўцаў, калі пачалася вайна, пайшлі на фронт, каб змагацца з ворагам. Адны загінулі, некаторыя прайшлі праз пекла вайны і дажылі да Перамогі. Мы вельмі ўдзячны гэтым людзям.

Мы ганарымся нашымі вяскоўцамі, якія за сваю сумленную працу атрымалі высокія ўзнагароды краіны: Сарока Ніна Мікалаеўна ўзнагароджана ордэнам Леніна; Гулецкая Галіна Андрэеўна, Бутар Любоў Афанасьеўна, Міжно Вольга Казіміраўна, Рак Марыя Пятроўна, Сарока Вера Уладзіміраўна, Сарока Ніна Мікалаеўна ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.



Вучань. Жывуць у нашай вёсцы сціплыя людзі, якія ўмеюць ткаць, вышываць і сваё майстэрства старанна перадаюць сваім дзецям і ўнукам. Старыя людзі расказваюць, што раней кожная вясковая дзяўчына павінна была ўмець ткаць і прасці. Спачатку яна цёрла лён, віла і снавала ніткі, прала, потым ткала. У нашым музеі ёсць некаторыя прылады прцы: прасніца, верацяно, калаўрот. Перад намі ляжаць саматканыя ручнікі, абрус, посцілка, сурвэткі, якія вытканы жыхарамі нашай вёскі.

Настаўнік. Вельмі прыемна, што некаторыя нашы вучні вышываюць разам са сваімі бабулямі. Звярніце ўвагу на вышыванкі Шымн Каці і яе бабулі. Вось якія цудоўныя работы! Спадзяюся, што традыцыя вышыўкі крыжам будзе працягвацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Вучань. Доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі збіраліся вясковыя жыхары на попрадкі-вячоркі. Пралі, спявалі песні, танцавалі “Лявоніху”.

Гучыць песня “Лявоніха”.

Настаўнік. Паважаныя сябры! На дошцы запісаны словы, якія вы маглі пачуць на сённяшняй сустрэчы. Растлумачце, калі ласка, іх значэнне: талака, прызба, калаўрот, мыцельнік, грубка.

Настаўнік. Наша падарожжа падыходзіць да завяршэння. Што новага вы даведаліся пра нашу вёску? Што зацікавіла? Наступнае падарожжа будзе прысвечана абрадавым святам, традыцыям, звычаям, якіх прытрымліваюцца вяскоўцы.

Верш “Мая вёска” Бужанскай Валянціны.

Падарожжа

ў мінулае вёскі

Распрацавала:

Гарбачэўская Р.І.,



кіраўнік этнаграфічна-

краязнаўчага гуртка “Спадчына”


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка