П'еса для дзіцячага тэатра ў дзвюх дзеях Дзейныя асобы к І м




старонка1/3
Дата канвертавання11.05.2016
Памер424.17 Kb.
  1   2   3
КІМ
П'еса для дзіцячага тэатра ў дзвюх дзеях

Дзейныя асобы К і м

Ю л я

К а р а л ё ў



Л ена

X а д з е е ў


ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Столік дзяжурнай сястры ў клініцы. Гарыць лямпа. Позні вечар.

Кі м і Ю л я.

К і м. Гэты рэцэпт вынайшлі лекары фараонаў у Старажытным Егіпце. Бярэцца 273 чорныя разынкі.

Ю л я. Чаму менавіта 273?

К і м. Пра гэта трэба спытаць фараонаў. Не перапыняйце мяне, мэм... Кожная разынка разразаецца крыж накрыж на чатыры роўныя паловы ў першую гадзіну першай квадры месяца... Дадаецца сем лыжак веснавога, менавіта веснавога, мёду. Усё старанна перамешваецца.

Ю л я. А як перамешваць?

К і м. У сэнсе?

Ю л я. Па стрэлцы гадзінніка ці супраць?

К і м. Супраць. Не менш сямі разоў.

Ю л я. Белая магія.

К і м. Пасля гэтага прыгатаваная маса апраменьваецца на падаконніку месячным святлом.

Ю л я. Колькі?

К і м. Не менш гадзіны. Затым выціскаецца сок з трох лімонаў, зноў перамешваецца.

Ю л я. I зноў сем разоў? I супраць стрэлкі гадзінніка?

К і м. Дзевяць і па стрэлцы! Ужываць па маленькай лыжцы тры разы на дзень да, у час ці пасля яды. Кроў абнаўляецца на самую поўню пры ўмове, што ніводнага разу... ніводнага! Не будзе перапынку ў прыёме лекаў...

Ю л я. I ў час прыёму пацыент не будзе думаць пра белага мядзведзя.

К і м. Вы цынічны, мэм... Менавіта ён вашу кроў і псуе першы... Цыкл пачнем з заўтрашняга ранку.

Ю л я. Няўжо ты сядзеў ноччу і рэзаў на чатыры часткі разынкі... Пад месяцам.

К і м. Яшчэ чаго! Я стамляюся за дзень і мне трэба выспацца, каб усю гэтую араву зранку пабудзіць, памыць, прычасаць, прымусіць заслаць ложкі, накарміць і развесці каго куды... Разынкі крышыў ваш любімчык Піня.

Ю л я. Божа! Ты даў дзіцёнку нож у рукі.

К і м. Я не даваў дзіцёнку ў рукі нож! Ён рэзаў разынкі брытвай. Гэты дзіцёнак — дзіцёнак толькі тады, калі з ім сюскаюцца, як гэта робіце вы, мэм... А са мной, як шоўкавы... Усё робіць! I заўважце, мэм, усё есць... нават пярловую кашу. Варта толькі было вам апынуцца ў клініцы, у яго на наступны ж дзень з'явіўся апетыт і перастаў балець жывоцік... Як бачыце, іншым разам і хвароба на нешта вартая.

Ю л я. А што Баранеса?

К і м. У-у-у! Трагедыя... Учора вярнулася са школы, залітая слязьмі, як дажджом...

Ю л я. ІПто здарылася?

К і м. Тройка па літаратуры!

Ю л я. I што?

К і м (дражніць). Мой тата — паэт, а ў мяне тройка па літаратуры!

Ю л я. Што ты ёй сказаў?

К і м. А я сказаў, што ў мяне тата — дэсантнік, парашутыст, а я з другога паверху вышыні баюся... Галава кружыцца...

Ю л я. I што?

К і м. Зарагатала. Усё, мэм! Позна, мне рана ўставаць... Заўтра зранку адну лыжачку...

Ю л я. За што ты купіў разынкі і мёд?

К і м. Эканомія...

Ю л я. Кім!

К і м. Што Кім? Што Кім? Мы зарабілі! Мы з Пінем працавалі...

Ю л я. Дзе?!

К і м. Упрыгожвалі парк...

Ю л я. Зноў?!

К і м. Мэм! Мы прыбіралі парк!

Ю л я. Зноў?

К і м. Мэм! У вас «предрассудки»... Дарэчы, «предрассудки» з двума «с».

Ю л я. Не!

К і м. Няўжо з адным?

Ю л я. Не! Забабоны пішуцца без «с»!

К і м. Не можа быць...

Ю л я. Я ж цябе прасіла...

К і м. Што я зрабіў дрэннага? 3 Пінем. Мы прыбіралі парк пасля свята, там было шмат бутэлек. Я хацеў іх выкідваць, але ваш Піня, мэм, хадзіў за мной як хвост і талдычыў: «Сто ты! Сто ты? Зацэм? Зацэм? Здадзім, здадзім!» Я б не дадумаўся! Ну такі расце прашчалыга, такі круцель... Уяў-ляеш, стаміліся, селі адпачываць, я адвярнуўся на хвілінку, прыходжу. Сядзіць на лавачцы, ну, такі няшчасны, такі бедны, такі галодны... Між іншым, ідучы ў парк, ён з'еў банку тушонкі і во такую талерку пярлоўкі, а тут... Зрабіў такі выгляд, быццам яго ад дня нараджэння ніхто ніколі нічым не карміў. I шапачка побач. I ў шапачку ўжо накідаць паспелі... Я яго ледзь не забіў! (Дражніць.) А сто я зрабіў? Сто я зрабіў? Я стаміўся! Я заснуў! Сапацка звалілася. А цаго яны туды гросы кідалі? Я не прасіў! I сапраўды ж не прасіў, паразіт!

Ю л я. Кі-ім...

К і м. Калі ў Баранесы бацька паэт, то ў гэтага... Я не ведаю... Банкір, мабыць.

Ю л я. I ты не выкінуў іх?

К і м. Каго?

Ю л я. Грошы...

К і м. Мэм, мне здаецца, што вы лечыцеся не ў той клініцы... Грошы выкідваў толькі герой Дастаеўскага... У якім гэта рамане?

Ю л я. «Ідыёт»...

К і м. Правільна, раман «Ідыёт»! Дарэчы, вы зноў дзяжурыце, а Джульета ў садзе на спатканні?!

Ю л я. Я ўсё адно не сплю... Якая розніца, дзе не спаць?

К і м. Я пайшоў. Баранеса без мяне не засынае.

Ю л я. А Піня?

К і м. Фу-у, гэты прачынаецца толькі затым, каб паесці, а есці толькі затым, каб адразу заснуць. Значыць, заўтра адну лыжачку ў час сняданку. Халадзільнік тут ёсць?

Ю л я. Ёсць.

К і м. Трымаць у халадзільніку.



Зумер сігналізацыі.

Ю л я. Пабудзь ля тэлефона. Пятая палата выклікае. Я хутка!



Выходзіць. З'яўляецца Л е н а.

Л е н а. Салют, Кім!

К і м. Сястра, вас у даўнія часы называлі сёстрамі міласэрнасці... А што робіце вы?

Л е н а. Што я раблю?

К і м. Нават дыктатарскія рэжымы забараняюць выкарыстоўваць працу непаўналетніх. А вы выкарыстоўваеце працу хворых.

Л е н а. Не дуры галавы!

К і м. I дзеля чаго?! Каб бегаць у парк і цалавацца пад плакатам «Осторожно — СППД!»

Л е н а. Адкуль ты ведаеш?

К і м. Гэта ведаю не я. Гэта ведаюць усе, хто праходзіў па тратуары каля клінікі. А ці ведаеце вы, сястра, што па апошніх даследаваннях вучоных Занзібара пацалункі на рабочым месцы аказваюць неспрыяльны ўплыў на нервовую сістэму, а ў Амерыцы...

Л е н а. Ой, дэмагог!

К і м. А ў Амерыцы за пацалунак у офісе пагражае турэмнае зняволенне...

Л е н а. Пайшоў к чорту! Дзе Юля?

К і м. Мэм адпрацоўвае вашу разбэшчанасць. Мяняе заместа вас хвораму судна.

Л е н а. У якой палаце?

К і м. У пятай...

Л е н а. Будзь здароў, акселерацік!

К і м. Лена!

Л е н а. Што?

К і м. Як яна?

Л е н а. Складана, Кім, складана...

К і м. Аналізы не палепшыліся?

Л е н а. Горшымі сталі... Толькі ёй не кажы. Яна не ведае...

К і м. Яна адчувае...

Л е н а. Патрэбна аперацыя.

К і м. I колькі яна каштуе?..

Л е н а. Чорт яе ведае... Дорага, канечне...

К і м. Даведайся, калі ласка.

Л е н а. Добра. Пайду яе падмяню...

К і м. Скажы, што я пайшоў. I прасачы, каб яна заўтра абавязкова прыняла маю сумесь. Чао!

Л е н а. Будзь здароў.

Разыходзяцца. Праз нейкі момант з'яўляецца К а р а л ё ў, прыціскаючы адну руку да сэрца, а ў другой трымаючы пісталет. Левае крысо пінжака запэцкана крывёй. Уваходзіць Ю л я.

Ю л я. Божа!

К а р а л ё ў. Памажы мне...

Ю л я. Я паклічу доктара!

К а р а л ё ў. Назад! (Наводзіць на Юлю пісталет.) Нікога не клікаць! Ты зразумела?

Ю л я. Зразумела.

К а р а л ё ў. Крыві баішся?

Ю л я. Не.

К а р а л ё ў. Хадзі сюды! Вазьмі пінцэт... не той, большы! Там тырчыць куля...

Ю л я. Дзе?

Каралёў. У грудзях. Насупраць сэрца. Дастань яе.

Ю л я. А... бачу!

К а р а л ё ў. Зачапі пінцэтам і цягні!

Ю л я. Вам будзе балець!

К а р а л ё ў. Цягні, дура!

Юля (спрабуе нешта зрабіць). Не атрымліваецца! Яна паміж рэбраў засела.

К а р а л ё ў. Цягні!

Ю л я. Пінцэт зламаўся!

К а р а л ё ў. Пашукай пласкагубцы...

Ю л я. Гэта клініка! Адкуль тут пласкагубцы? Я паспрабую зубамі...

К а р а л ё ў. Ты што?!

Ю л я. Рукі!



Каралёў адводзіць рукі, Юля схіляецца над ім і зубамі выцягвае з грудзей кулю. Каралёў стогне.

К а р а л ё ў. Дай сюды...

Ю л я. Я зараз кроў спыню...

К а р а л ё ў. Дай сюды кулю! Прапалашчы рот вадой. Яна атручаная... А кроў спыняць не трэба. Хай атруту вымывае... Прапалашчы рот вадой! Куля атручаная! Ты што не баішся?

Ю л я. Не.

К а р а л ё ў. Ну і чорт з табой! Каб не партманет у левай кішэні — каюк! Партманет уратаваў...

Ю л я (дастае з пінжака маленькую кніжачку). Гэта не партманет...

Каралёў. А што?

Ю л я. Біблія...

К а р а л ё ў. Уроды...



Офіс Хадзеева. Уваходзіць К а р а л ё ў.

X а д з е е ў. Ты?!

Каралёў. Я пригласил вас, господа, с тем, чтобы сооб-щить пренеприятное известие: Бог, оказывается, есть.

X а д з е е ў (пасля паўзы). Гэта... ты?

К а р а л ё ў. Я... Толькі давай так... галаварэза свайго не мачы... Ён зрабіў усё як мае быць. Маэстра! Два сантыметры ніжэй левага саска пацэліў. Зірні.

X а д з е е ў. Адкуль ты?

Каралёў.Я спадзяюся, ты здагадаўся, што не з морга. Але і не з пракуратуры. Як у цябе справа з атэізмам? Мае светапогляды пахіснуліся... Паўгода таму, каб адчапіцца ад надакучлівых манашак, я купіў ім машыну цэглы, а яны мне падаравалі (дастае з кішэні кніжачку, чытае) «Новы запавет» Госпада нашага Ісуса Хрыста. Новы пераклад з грэчаскага арыгінала. Твой абармот яго прастрэліў... Наскрозь. Я панёс матэрыяльныя страты, Халдзей!

Хадзееў. Я — Хадзееў...

К а р а л ё ў. Мне ўсё адно. Святыя сёстры падарылі мне кніжку, а я не магу яе пачытаць, бо ты мне яе сапсаваў. Яна прабіта атручанай куляй і залітая маёй крывёй... Я не магу яе пачытаць!!! Дык вось, гэта... гэта мой тавар... вось гэтая кніжачка... Я яе мяняю на тое, што я табе вінен... Я так яе ацаніў! Яна столькі каштуе!

X а д з е е ў. Не псіхуй!

К а р а л ё ў. Ты згодны на абмен?

X а д з е е ў. Ты ж прыйшоў адзін...

К а р а л ё ў. Адзін! Ты згодны на такі абмен?

X а д з е е ў. Згодны.

К а р а л ё ў. Слова!

X а д з е е ў. Слова.

К а р а л ё ў (аддае яму пісталет). На, я прыйшоў адзін, ён зараджаны. Ты можаш мяне застрэліць. Я асуджаны. Але перад смерцю прашу выканаць маё апошняе жаданне. Відак працуе?

X а д з е е ў. Працуе...

К а р а л ё ў. Хачу мульцікі перад смерцю паглядзець...

Дастае з кішэні відэакасету, устаўляе ў відэамагнітафон.

Уключы... (Хадзееў уключае.) Дзень першы, пасля таго, як ты мяне хацеў замачыць... Ды там дата стаіць, ты бачыш... Та-а-к... Вось тваю Зайку выводзіць з дома ахоўнік... Ты здымаеш для яе катэдж у Баравусе... Азёрная, 4... Глядзі, глядзі... Вось ён адчыняе машыну. Зараз на яе шапачцы чырвоненькая кропачка з'явіцца... Ведаеш, што гэта? Лазарны прыцэл! Та-а-ак... Элітарны ліцэй... тысяча баксаў у месяц. Урок па прадмеце «Чалавек і свет»... Зараз наезд будзе... Воось... Гэта праз акно здымалі... Вунь Зайка сядзіць на другой парце... Уй, які банцік! А на банціку бачыш чырвоненькую кропачку... О, о! Настаўніца занепакоілася... Заўважыла! Але падумала, што нехта з вучняў забаўляецца лазарным ліхтарыкам... I быў дзень, і быў вечар... Дзень другі... Глядзім...

X а д з е е ў (кідаецца да Каралёва). Ты... ты... скаціна... Калі з ёй што-небудзь... Калі хоць адна валасінка... Я... я цябе...

К а р а л ё ў. Што? Што ты мяне? Я ж табе пісталет аддаў! Ты думаеш, я гарбатага ляплю... Дай сюды! (Забірае пісталет.) Якая ў цябе тут самая каштоўная ваза... А, вунь!



(Прыцэльваецца, страляе. Ваза разлятаецца на кавалкі.) Бачыў? На! Там яшчэ шэсць патронаў засталося. Стаць да сценкі? Ці мо ў ванную пройдзем? Га? Ні храна ты са мной не зробіш і нічым не дастанеш... Я — адзін... У мяне нікога. Нікога. Зразумеў, Халдзей?

Хадзееў. Я — Хадзееў...

К а р а л ё ў. Хадзееў! Ты мяне цяпер ахоўваць будзеш... Варта толькі мне знікнуць. Знікнуць на адзін дзень, і банцік тваёй Зайкі будзе сапсаваны... Той самай куляй, што прабіла гэту кніжачку! I нідзе ты яе не схаваеш! Яе дастануць, нават на Канарах! Ты б ужо спраўляў па ёй дзевяць дзён, каб не прыдуркаватая медзічка з клінікі, якая зубамі дастала кулю з маіх грудзей! Яна на каленях прасіла мяне не рабіць гэтага, бо мяне ўратаваў сам Бог, паклаўшы ў маю кішэню гэтую кніжачку! Так што давай грошы на свечку... Я не жартую... Грошы на тоўстую-тоўстую свечку!

X а д з е е ў. Хопіць?

К а р а л ё ў. Хопіць. Хаця не! Я прыехаў сюды на таксі... Давай і за таксі. А сам чытай знявечанае пісанне і малі Бога, каб мне на галаву не звалілася цагліна, каб не збіла машына, каб не прыхапіў інфаркт, каб я не атруціўся ў рэстаране чым-небудзь... Таму што кветкі з маёй магілы можна будзе ўскласці на магілу тваёй Зайкі. Завянуць не паспеюць.

Бар. За столікам Ю л я. Перад ёй бакал. З'яўляецца К і м.

К і м. Тут холадна, мэм, я прынёс вам кофту.

Ю л я. Дзякую...

К і м. Вы сваёй сумнай постаццю нагадваеце нешта з імпрэсіяністаў. О! «Абсент» Ван Гога.

Ю л я. «Абсент» у Гагена. Двойка.

К і м. Дарэчы, што такое абсент?

Ю л я. Алкагольны напой на палыне. Яшчэ адна двойка.

К і м. Я непаўналетні і маю законнае права гэтага не ведаць.

Ю л я. Калі непаўналетні, няма чаго швэндацца вечарам па барах...

К і м. Я прынёс вам кофту, няўдзячная! I заадно паведаміць, што сям'я хвалюецца і хоча ведаць, ці хутка вы з'явіцеся дадому. Малым класціся спаць, ці вас яшчэ можна дачакацца?

Ю л я. Ідзі. Я хутка.

К і м. Праз паўгадзіны я вас чакаю каля пад'езда.

Ю л я. Добра.

К і м. Я пайшоў.



Выходзіць. З'яўляецца К а р а л ё ў.

К а р а л ё ў. Што адзначаеш, прыгожая?

Ю л я. Свята...

К а р а л ё ў. Чаму адна?

Ю л я. Так.

Каралёў. А якое ў цябе свята?

Ю л я. Не ў мяне асабіста, ва ўсіх. Няўжо не чулі? Сёння дзень закаханых...

К а р а л ё ў. А-а-а, нешта чуў... Людзі ўсё, чым толькі ні займаюцца на зямлі, якой бы брыдотай ні займаліся, усё хочуць звязаць, знітаваць з нябёсамі... Са святымі. Як яго?

Ю л я. Дзень святога Валянціна...

К а р а л ё ў. Гэта яшчэ нічога... А ты ведаеш, што ў ракетчыкаў... ну ў тых, што з ядзернымі боегалоўкамі... таксама ёсць свая святая. Чэснае слова! Святая Варвара... Варррваррра... Смешна?

Ю л я. Не.

Каралёў. I мне не смешна. А ты што, закаханая?

Ю л я. Так.

Каралёў. I хто ён?

Ю л я. Мужчына.

К а р а л ё ў. Ты вельмі прыгожая...

Ю л я. Дзякую.

К а р а л ё ў. Плюнь на свайго п'яніцу... і паехалі да мяне.

Ю л я. Не магу.

К а р а л ё ў. Ты мне падабаешся... Ты мне некага нагадваеш нават...

Ю л я. Ну маці, вядома, так звычайна гавораць.

К а р а л ё ў. Паслухай, у мяне ніколі не было ні маці, ні бацькі, і я прашу на гэтую тэму не жартаваць!

Ю л я. Скуль жа я ведала? Даруйце...

К а р а л ё ў. Ну во... ты зноў мне падабаешся. Паедзем да мяне... У маёй спальні шкляная столь... Уяўляеш? Ты спіш, а над табой свецяць зоркі... Я аднаго разу метэарыт бачыў... Так жу-ух праляцеў справа налева... Ну што табе твой п'яніца? Га? I чаму вы, жанчыны, любіце толькі пры-пыленых, няўдачнікаў і альфонсаў, якія корчаць з сябе «непонятых гениев»...

Ю л я. Гэта да яго не падыходзіць.

К а р а л ё ў. Дык хто ён?

Ю л я. Бандзюга дурны...

К а р а л ё ў. Калі бандзюга ды яшчэ дурны, ты хутка ўдавою будзеш... Такія доўга не жывуць.

Ю л я. Мабыць.

К а р а л ё ў. Мяркуючы па тым, як ты апранута, ён не надта і клапоціцца пра цябе...

Ю л я. Зусім не клапоціцца...

К а р а л ё ў. Ну дык...

Ю л я. Я яго кахаю...

К а р а л ё ў. Паехалі!

Ю л я. Не.

К а р а л ё ў (дастае з партманета некалькі зялёных банкнотаў, кладзе іх на бакал). Ладна, давай так... Я пайду за шампанскім, а ты за гэты час пе-ра-ду-ма-еш... О'кэй...

Ю л я (б'е Каралёва па шчацэ і выходзіць).

К а р а л ё ў (ашалела). Яна ўдарыла мяне... Яна мяне ўдарыла... (Машынальна бярэ бакал Юлі і выпівае.) Якая гадасць!



Дом Каралёва. Раніца. Каралёў у вопратцы спіць на падлозе. Валяюцца бутэлькі, паміж імі сотавы тэлефон. Ён і звініць. Доўга звініць. Каралёў прачынаецца, бярэ тэлефон.

К а р а л ё ў. Слухаю... Які пацан? А колькі яму гадоў? Ну, прыкладна! Праверылі ўсё? Хай заходзіць...

Каралёў знаходзіць недапітую бутэльку, налівае ў бакал, п'е. Уваходзіць К і м, трымаючыся за нос.

К і м. Дзень добры...

К а р а л ё ў. Салют! Што скажаш?

К і м. У вас сурвэткі няма?

К а р а л ё ў (дастае насоўку). На... I што з табой?

К і м. Капіляры знаходзяцца блізка каля сценкі носа... Пры нязначным узрастанні напружання лопаюцца... Гэта ў мяне з дзяцінства... сястра кажа, што калі мне паказаць здалёк кукіш, у мяне з носу пальецца кроў.

К а р а л ё ў (бярэ тэлефон, націскае кнопку). Навошта ты яго біў?

К і м. Ён мяне не біў!

К а р а л ё ў. Заткніся! (У трубку.) Я цябе пытаюся, урод, навошта ты яго біў? Ах, проста нос паміж пальцамі сціснуў... (Да Кіма.) Колькі табе гадоў?

К і м. Трынаццаць.

Каралёў (у трубку). Выйдзеш за вароты і па перыметру абыдзеш дом... (Да Кіма.) Колькі табе гадоў, ты казаў?

К і м. Трынаццаць.

Каралёў (у трубку). Абыдзеш дом трынаццаць разоў на кукішках! На кортачках, урод!

К і м. Прабачце, я пайду...

К а р а л ё ў. Табе шкада яго?

К і м. Шкада.

Каралёў (у трубку). Адбой: ён табе амністыю абвясціў... Не я, а ён! (Кідае тэлефон.)

К а р а л ё ў (налівае). 3 твайго дазволу... (П'е.) Цяпер кажы, хто ты...

К і м. Я ваш сын...

К а р а л ё ў. Яшчэ раз.

К і м. Я ваш сын...

К а р а л ё ў. Вельмі прыемна, сынуля...

К і м. Мне таксама.

К а р а л ё ў. За сустрэчу! (П'е.) Калі б ты ведаў, як я цябе доўга шукаў. Ты, канечне, сынок, бедны, няшчасны, адзінокі, табе няма чаго есці і табе трэба грошы... так?

К і м. Не зусім. Я не сірата, не бедны, не адзінокі, мне ёсць што есці і ёсць дзе жыць... А вось грошы мне патрэбны. Тут вы здагадаліся.

К а р а л ё ў. Колькі?

К і м. Пяцьдзясят тысяч.

К а р а л ё ў. Ну, мужык, ты сціплы...

К і м. Я пра долары...

К а р а л ё ў. Тады «ой»! Ты сапраўды мой сын. Па размаху. Цябе мамка паслала?

К і м. Мама памерла дзесяць гадоў таму.

К а р а л ё ў. А як яе звалі?

К і м. Эльвіра.

Каралёў. А дзе мы з ёй... сустракаліся?

К і м. На фестывалі моладзі і студэнтаў... Вы тады былі намеснікам старшыні Саюза моладзі.

К а р а л ё ў. Колькі табе гадоў?

К і м. Вы пыталіся ўжо два разы... Трынаццаць.

К а р а л ё ў. А-а-а... Так, так... I з кім ты жыў?

К і м. Жыў я ў дзетдоме, бо ў мамы таксама нікога з блізкіх не было... Дом знаходзіўся ў Расасенцы. Калі здарылася Зона, дзетдом рассялілі па ўсёй рэспубліцы... Я цяпер жыву тут, у сямейным дзіцячым доме.

К а р а л ё ў. I як ты пра мяне даведаўся?

К і м. Ваша інтэрв'ю было ў «Дзелавой газеце».

К а р а л ё ў. Ну ясна. А яна што расказвала табе пра мяне і ты ўсё запомніў... Калі яна памерла?

К і м. Я ж казаў... дзесяць гадоў таму.

Каралёў. I ты нешта запомніў з таго, што яна табе расказвала... пра мяне? У такім узросце?

К і м. Яна амаль нічога не расказвала... Толькі перад смерцю прашаптала: «Фестываль. Тваё імя — твой бацька...»

К а р а л ё ў. Чыё імя?

К і м. Маё.

Каралёў. Аяк цябе завуць?

К і м. Кім...

К а р а л ё ў. Пры чым тут я?

К і м. Вы знаёмы з абрэвіятурай? Назавіце сябе і зразумееце...

К а р а л ё ў. Называю: Каралёў... I што?

К і м. Поўнасцю...

К а р а л ё ў. Каралёў Ігар Міхайлавіч... I што? А-а-а... Крута... Кім атрымліваецца... Толькі няўвязачка з прозвішчам па бацьку. Справа ў тым, што мяне на вакзале некалі знайшоў сяржант міліцыі... Мая мамачка пакінула мяне на падаконніку... Прозвішча ў сяржанта было Міхайлаў... Так я стаў Міхайлавічам.

К і м. А чаму Каралёў?

К а р а л ё ў. Тады ўсе шызелі ад касманаўтыкі.... Акурат на тым тыдні памёр славуты генеральны канструктар...

К і м. А Ігар?

Каралёў. А вось гэтага не ведаю... Можа нянечка якая ахрысціла, а можа клапатлівая матуля запіску пакінула... Не ведаю.

К і м. Даруйце...

К а р а л ё ў. Усё пуцём, Кім! Дык ты кажаш мой сын? I прыйшоў па аліменты? Лады, Кім... Толькі давай так... Колькі ты заяўляў?

К і м. Пяцьдзясят тысяч.

К а р а л ё ў. Замётана. Тры нулі закрэсліваем і... Атрымай і распішыся!.. (Падае купюру.)

К і м. Мне столькі не трэба.

К а р а л ё ў. Маеш рацыю. За геніяльную прыдумку трэба дадаць яшчэ... (Дастае яшчэ купюру.)

К і м. Бывайце...

К а р а л ё ў. Чакай! Што ты сабе хочаш купіць? Велік? Камп'ютар?

К і м. Я нічога не хачу купіць. Мне патрэбна пяцьдзясят тысяч долараў.

К а р а л ё ў. На меншае ты не згодны?

К і м. Не.

Каралёў. Я балдзею ад цябе... Ну ты ж разумны, муЖЫК. Табе не смешна? Я прачынаюся з пахмелу, заяўляешся ты і... здравствуйте, я ваша тётя! Не тётя, а сын! Сын! I за гэту хохму ты хочаш атрымаць пяцьдзясят тысяч баксаў... Навошта яны табе?

К і м. Асабіста мне непатрэбна ані цэнта. Такія грошы трэба маёй сястры... На лячэнне.

К а р а л ё ў. Гэта яна цябе паслала?

К і м. Не.

Каралёў. I колькі ёй?

К і м. Дваццаць два.

К а р а л ё ў. Клас! Значыць, у мяне і дачка зусім дарослая! Ну раз ты мой сын, а яна твая сястра... Колькі кажаш? Дваццаць два? А-а-а, помню, помню... Я тады ў пяты клас хадзіў, а яна нарадзілася перад самымі вясеннімі канікуламі... Мяне завуч з дырэктарам павіншавалі і адпусцілі з урокаў у раддом.

К і м. Бывайце.

К а р а л ё ў. Стаяць! Я цябе яшчэ не адпусціў. Кажы, хто і навошта цябе прыслаў да мяне?

К і м. Мяне ніхто не прысылаў... Мая сястра хворая. Мне патрэбны грошы, каб вылечыць яе...

К а р а л ё ў. Якая к чорту сястра, калі ты сцвярджаеш, што ты мой сын!

К і м. Канечне, яна не родная мне. Калі здарылася Зона і дзетдом рассялілі, яна ўзяла мяне, Піню і Баранесу на выхаванне... Мэрыя выдзеліла трохпакаёвую кватэру. Гэта называецца сямейны дзіцячы дом. Яна нас усынавіла і ўдачарыла...

Каралёў. А цяпер ты хочаш, каб я яе ўмацярыў, аж на пяцьдзясят тысяч баксаў?!

К і м. Яна захварэла! Гэта пасля Зоны!.. I калі не будзе грошай, яна памрэ! I нас расселяць па дзіцячых дамах! Я — нічога... Прывыкну... А вось Піня з Баранесай...

К а р а л ё ў. Хто такія Піня з Баранесай?

К і м. Дзеці. Хлопчыку пяць, дзяўчынцы тры...

К а р а л ё ў. Яны таксама ад мяне?

К і м. Пусціце!

К а р а л ё ў. Не, пачакай...

К і м. Я больш нічога не скажу!

Каралёў. Я скажу, сынуля... Мяне сентыментальнымі байкамі разжалабіць не атрымаецца... Па-першае, я сам хапануў за жыццё вось так і болей, але я ніколі не быў няшчасненькім. Ніколі! Галодным быў! Прыніжаным быў! Бітым быў! У адчаі да слёз гарачых быў! Але няшчасненькім ніколі! Ні-ко-лі!

К і м. Не ва ўсіх жа клыкі, як у ваўка.

К а р а л ё ў. Ты як з бацькам размаўляеш, гадзёныш!

К і м. Даруйце.

К а р а л ё ў. Гэта першае. А па-другое, сын мой, калі чалавек пакутуе, значыць, Гасподзь Бог яго за нешта пакараў! Ён адпрацоўвае свае грахі... I калі я буду аблягчаць яго долю, хоць самую горкую, значыць уступлю ў канфлікт з самім Богам! А з гэтым паханам лепш не спрачацца...

К і м. Вы падвялі пад сваё злое існаванне прымітыўную філасофскую базу і гэтым апраўдваеце свае абыякавыя адносіны да ўсяго і ўся... I ў першую чаргу да сябе самога...

К а р а л ё ў. Чаму ты раней да мяне не прыходзіў?!

К і м. Таму што маці, паміраючы, сказала: «Кім, дай мне слова, што звернешся да яго толькі тады, калі не будзе выйсця, калі будзе тупік. Я яго кахаю і не хачу, каб хоць нечым ён быў у жыцці засмучаны». У мяне цяпер тупік. Калі яна памрэ, я згублю сям'ю... I дзеці згубяць яе... А так я ніколі б да вас і не звярнуўся і не падышоў...

К а р а л ё ў. Чаму?

К і м. Ваўкоў баюся.

К а р а л ё ў. Ты зноў?!

К і м. Даруйце...

К а р а л ё ў. Ты разумееш, усё, што ты прыдумаў, абсалютна неверагодна...

К і м. Таму гэта і праўда! Хлусню вы па свайму вопыту павінны ведаць...

К а р а л ё ў. Зноў?!

К і м. Дык вось, хлусня неверагоднай не бывае! Яна заўсёды апранае былое адзенне праўды...

К а р а л ё ў. Слухай ты, Спіноза, я б цябе мог проста выгнаць...

К і м. Я б даўно сам пайшоў, вы ж не пускаеце мяне...

К а р а л ё ў. Мне раскалоць цябе — раз плюнуць...

К і м. Каліце...

Каралёў. У цябе фота маці ёсць?

К і м. Цяпер няма... Калі здарылася Зона і нас вывозілі, рэчы браць забаранілі...

К а р а л ё ў. Ну а ты памятаеш яе? Пазнаў бы на здымку?

К і м. Канечне.

К а р а л ё ў. Не пашчасціла табе, сынуля... Рэч у тым, што ў мяне захаваўся здымак усёй дэлегацыі, якая ездзіла на фестываль... Зараз... (Дастае з шуфляды стала здымак у рамачцы.) Вось, іншым разам зірну, каб збегаць на спат-канне са сваім юнацтвам. На, зірні і ты... Падкрэсліваю, тут уся дэлегацыя. Уся! Гэта мы на Краснай плошчы пасля паходу ў Маўзалей. Мяне пазнаў... Вось я ў цэнтры абдымаю дзвюх прыгажунь... Якая з іх твая мама?

К і м. Ні тая, ні тая...

К а р а л ё ў. Правільна. Адна з іх цяпер жонка камандуючага пагранвойскамі, а гэта працуе дыктарам радыё... Жывыя, здаровыя... ну а дзе ж твая нябожчыца-маці?

К і м. Здымак вельмі дробны...

Каралёў. Ая табе лупу дам. На! Шукай...

Кім (паводзіць лупай па здымку). Вось яна...

К а р а л ё ў. Дзе?

К і м. Пятая злева ў другім радзе...

К а р а л ё ў. Пакажы, пакажы... (Бярэ здымак, потым вырывае з рук у Кіма лупу, уважліва разглядае.) Дык як ты кажаш яе звалі? Эма?

К і м. Эльвіра... дайце, калі ласка, вады...

К а р а л ё ў. Ты так расхваляваўся?

К і м. Мне лякарства трэба запіць...

К а р а л ё ў. Не толькі сястра, і ты хворы?..

К і м. Прафілактыка. Пасля Зоны...

К а р а л ё ў. Можа мінералкі?

К і м. Проста вады. 3-пад крана.

К а р а л ё ў. Зараз...



К а р а л ё ў выходзіць імкліва. Выходзіць і К і м. Вяртаецца са шклянкай К а р а л ё ў.

А ў якой школе ты вучышся? Гэй! Ты дзе? Кім!



Бярэ тэлефон, набірае нумар.

Зараз будзе выходзіць пацан, не выпускай яго... Як выпусціў?! I машыну даў?! Ты... А калі б ён сказаў, каб ты мне галаву адрэзаў, ты б і гэта зрабіў, уррод! Пазвані ў машыну і скажы... Лёня без мабільніка?! Усё! Не пападайся мне сёння на вочы, прыдурак!!!



Ходзіць па пакоі, трымаючы перад сабой здымак. Задуменна спыняецца. Бярэ са стала насоўку, што пакінуў Кім.

Ды не... Лухта ўсё гэта! Лух-та!

Клініка. За столікам Юля і Лена. Вечар.

Л е н а. Ты зноў сабралася ў бар?

Ю л я. Так...

Л е н а. I што ты там робіш?

Ю л я. Гляджу на яго.

Л е н а. Дзіўлюся...

Ю л я. Я сама дзіўлюся... Мне даўным-даўно нехта салодкага кіпеню ў душу лінуў... Плыву... Прыходжу ў бар і чакаю... Ён з'яўляецца і пачынае напівацца... Кожны дзень... Ты ўяўляеш? Кожны дзень!.. Потым сядзіць у кутку за столікам, смаліць. 3 выгляду круты-круты, а я бачу ў ім дзіцёнка, што выйшаў пагуляць на перон, а цягнік з баць-камі пайшоў... Ты разумееш, ён плача...

Л е н а. Не выдумляй. Такія не плачуць.

Ю л я. Плача! Ён плача нават тады, калі смяецца...

Л е н а. У цябе аналізы палепшыліся.

Ю л я. Яго ніхто ніколі не любіў...

Л е н а. Ты ведаеш, што нас, жанчын, у адносінах да мужыкоў падзяляюць на тры катэгорыі: сёстры, жонкі, маці...

Ю л я. Адкрыла Амерыку...

Л е н а. Ды не ў прамым сэнсе! Як характар, як від... Сёстры строгія, сухаватыя і прагматычныя. Не раўнуюць. Жонкі раўнівыя, больш чуллівыя, аднак таксама патрабавальныя і строгія... Ну і мамачкі... Чым болей сыночак гадасцей робіць, тым больш яго любяць. Чым больш падоністы, тым даражэйшы. Ты — тыповая мама...

Ю л я. А ты?

Л е н а. Я і па прафесіі і па натуры — сястра... Большага мужчыны не заслугоуваюць! Ты калі пазнаемішся з ім...

Ю л я. Ужо пазнаёмілася...

Л е н а. I што?

Ю л я. Да сябе запрашаў. У яго спальня са шкляным дахам... Спіш, а на цябе зоркі свецяць...

Л е н а. Дык ты хадзіла?!

Ю л я. Ты з глузду з'ехала! Як гэта я пайду.

Л е н а. Ты ж казала, што кахаеш...

Ю л я. Кахаю.

Л е н а. Чаму ж не пайшла?

Ю л я. А ты б пайшла за трыста долараў?

Л е н а. Ён табе яшчэ і трыста долараў даваў?!

Ю л я. Прапаноўваў. Ну скажы, ты б пайшла?

Л е н а. Калі б кахала, якія пытанні!

Ю л я. Ой, не выпендрывайся ты... Як гэта называецца, ты ведаеш...

Л е н а. Ведаю! Але я як медык, мілая, яшчэ нешта ведаю... Быў у маёй практыцы выпадак, калі праблемы такія ж, як і ў цябе, у адной дзяўчынкі адышлі самі па сабе, без медыкаментаў.

Ю л я. I што з ёй здарылася?

Л е н а. Што з усімі намі рана ці позна здараецца. Зацяжарыла...

Ю л я. I што?

Л е н а. Арганізм складаны камп'ютар... Нешта ў ім шчоўкнула — праз тры месяцы з уліку знялі. А ўжо рукой на яе ўсе махнулі...

Ю л я. Значыць, яна кахала і ён кахаў...

Л е н а. У гэтыя дэталі я не ўнікала.

Ю л я. Іначай нічога б не адбылося...

Л е н а. Можа. Не затрымлівайся.

Ю л я. Добра... (Выходзіць.)

З'яўляецца К і м.

К і м. Яна зноў пайшла?

Л е н а. Вітацца трэба.

К і м. Хэлло!

Л е н а. Чао, бамбіна!

К і м. Па-французску трэба казаць «гутэн таг». Чаму ты яе зноў адпусціла швэндацца па начным горадзе?

Л е н а. А ты раўнуеш?

К і м. Яна мая сястра, і я за яе непакоюся. Рэўнасць жа, як вам, мабыць, вядома з сусветнай літаратуры, бывае толькі да маці... Вы Сафокла чыталі?

Л е н а. Слаўны з цябе мужчына атрымаецца, Кім...

К і м. Не падлізвайцеся...

Л е н а. Не, сур'ёзна. Быў бы ты гадоў на пятнаццаць старэйшы, я б выйшла за цябе замуж.

К і м. Быў бы я гадоў на пятнаццаць старэйшы, я б з'еў каля загсу свой пашпарт, а з табой не ажаніўся...

Л е н а. Паччаму?

К і м. Ты спазнялася калі-небудзь на цягнік?

Л е н а. На цягнік не... Затое я заўсёды спазняюся на спатканні.

К і м. Вы гэта робіце знарок, міс! I на спатканні вы не спазняецеся, я ведаю... Вы прыходзіце іншым разам раней за вашага амаранта і з-за вугла назіраеце, калі з'явіцца ён, а потым цярпліва вытрымліваеце пяць-сем хвілін і...

Л е н а. Нахабнік!

К і м. ...і з лёгкадумным выглядам заяўляецеся. Ах, я зноў спазнілася!

Л е н а. Усё, надакучыў!

К і м. Вы гублялі калі-небудзь грошы?

Л е н а. Усё!

К і м. Ці праспалі вы хоць раз на экзамен?

Л е н а. Усё я сказала!

К і м. Вы плакалі хоць раз без прычыны, а проста ад замілавання?

Л е н а. Ты мяне давядзеш!

К і м. Узяць з вамі шлюб — тое ж самае, што пасадзіць сябе на жорсткую дыету на ўсё жыццё... Я жартую. Куды яна пайшла?

Л е н а. Куды і заўсёды.

К і м. I зноў без кофты... Толькі прастуды мне яшчэ не хапала... Я пайшоў.

Л е н а. Ты, можа, прабачэння папросіш?

К і м. Міс, даруйце мне і ў маёй асобе ўсім мужчынам, што крыўдзілі вас, крыўдзяць цяпер і будуць крыўдзіць (выходзіць).

Л е н а (глядзіць на сябе ў люстэрка). Ну, нягоднік малы! Трэба ж наплесці такога...

З'яўляецца К а р а л ё ў.

К а р а л ё ў. Добры вечар...

Л е н а. Добры. Вы да каго?

К а р а л ё ў. Не ведаю. Мабыць, да цябе.

Л е н а. Тады чым магу?

К а р а л ё ў. Ты даўно тут працуеш? Нічога, што я на ты?

Л е н а. Карона не зваліцца. Даўно працую.

К а р а л ё ў. Ты не можаш мне сказаць, хто тут дзяжурыў дваццатага.

Л е н а. А вы хто?

К а р а л ё ў. Ты не бойся, усё нармальна...

Л е н а. А я і не баюся...

К а р а л ё ў. Разумееш, дваццатага са мной непрыемнасць адна здарылася. У нейкай бальніцы мне дапамаглі. Выскачыў, схапіў таксі і... нават дзякуй не сказаў.

Л е н а. Падумаеш! У нас такая прафесія: ні грошай, ні дзякуй.

К а р а л ё ў. Разумееш, мне здорава дапамаглі... Я ў гарачцы быў... не памятаю, як дадому дабраўся... I не памятаю, у якой бальніцы быў...

Л е н а. Крутая гарачка была.

К а р а л ё ў. Ты нават не ўяўляеш.

Л е н а. Якога вы казалі?

К а р а л ё ў. Дваццатага.

Л е н а. А ў які час?

К а р а л ё ў. Вечарам.

Л е н а. Да дзесяці? Пасля?

К а р а л ё ў. Пасля.

Л е н а (глядзіць у графік). Я дзяжурыла 20-га. 3 21-й да сямі раніцы.

К а р а л ё ў. Не-е, там медсястра прыгожай была...

Л е н а. Дзякую за камплімент.

К а р а л ё ў. Не-не-не! Я не тое хацеў сказаць! У сэнсе прыгожая, што падобная...

Л е н а. На каго? На Сафі Ларэн ці Пугачову?

К а р а л ё ў. На маці маю падобная! На маці! Ты таксама нішто сабе, але ты на яе не падобная...

Л е н а. Ты таксама да майго бацькі не дацягваеш...

К а р а л ё ў. Хіба я супраць?

Л е н а. Значыць, так... Дваццатага вечарам дзяжурыла я. Нічыіх гарачак тут не было. Усё?

К а р а л ё ў. Не ўсё. Па-першае, не крыўдуй. Калі я цябе пакрыўдзіў, прашу прабачэння.

Л е н а. За вас ужо папрасілі прабачэння.

К а р а л ё ў. Хто?

Л е н а. Тут адзін акселерат швэндаецца... Што па-другое ў вас?

Каралёў. А па-другое, хачу аказаць вашай клініцы дабрачынную дапамогу... (кладзе на столік канверт).

Л е н а. А па-трэцяе, ніякіх медыкаментаў, ні за якія грошы я вам даставаць не буду... Так што забярыце свой дабрачынны канверт і каціцеся к чортавай матары...

К а р а л ё ў. Ды якія к чорту медыкаменты! Калі мне спатрэбяцца наркотыкі, я іх воз дастану... I цябе магу пачаставаць...

Л е н а. Значыць проста так ахвяруеце...

К а р а л ё ў. Не, не зусім.

Л е н а. Забярыце канверт.

К а р а л ё ў. Спакойна! Ты будзеш чыстая, як херувім. (Дастае з кішэні насоўку.) Вось бачыш насоўку... На ёй кроў. Не баішся крыві?

Л е н а. Я медсястра і не баюся нават голых мужчын...

К а р а л ё ў. Гэта калі яны хворыя... Цяпер вось гэтая бутэлечка... Тут таксама кроў. Мне трэба ведаць: ці ёсць паміж імі розніца.

Л е н а. I ўсё?

Каралёў. I ўсё. Гэта (паказвае на канверт) раздасі лабаранткам за паслугі. А хочаш, купі для іх новы мікраскоп.

Л е н а. Там хопіць на мікраскоп?

К а р а л ё ў. Хопіць. Ну? I ў чым тут крымінал? Запэўніваю, што ўласнікі гэтых крывей жывыя і здаровыя.

Л е н а. Навошта гэта вам?

Каралёў.Я пісьменнік. Пішу дэтэктывы. Распрацоўваю адзін сюжэт. Хачу, каб усё ў ім было праўдападобным.

Л е н а. Ну добра, зайдзіце дні праз тры, ці лепш пакіньце тэлефон, я вам пазваню...

Зумер.

Даруйце, мне ў палату трэба... (Выходзіць.)

К а р а л ё ў накіроўваецца да выхаду і сутыкаецца з Ю л я й.

Ю л я. На вуліцы надзвычай холадна...

К а р а л ё ў. Так...

Ю л я. Затое на небе зорак багата...

К а р а л ё ў. Так...

Ю л я. I ўсе буйныя-буйныя... I мігцяць.

К а р а л ё ў. Так...

Ю л я. I яшчэ. Адзін мой выпадковы знаёмы ў бары, калі я сказала яму, што кахаю цябе дванаццаць гадоў... Прасіў перадаць табе, што ты ўрод...

Каралёў.Я з ім згодны. (Абдымае яе.) Я сапраўды ўрод...

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка