Першыя партызанскія атрады




Дата канвертавання27.03.2016
Памер55.68 Kb.
Першыя партызанскія атрады.
3 наступлением вясны 1942 г. на тэрыторыі Расонскага рав­на, як і на ўсёй Віцебшчыне, пачаўся новы ўздым партызанскага руху. Актывізаваліся дзеянні партызан атрада Сяргея Майсеенкі. Яго папулярнасць усё больш трывожыла акупантаў. У пачатку мая на бок «сяргееўскіх хлопцаў» перайшла са зброяй большая частка гарнізона в. Юхавічы. Яе складалі так званыя «казакі» — былыя ваеннапалонныя з нядаўна створанага гітлераўцамі «добраахвотнага ўкраінскага атрада». Праз некалькі дзён на бок партызан перайшлі 22 паліцэйскія гарнізона. Пасля гэтага здарэння фашысты зрабілі яшчэ адну спробу знішчыць атрад. Аднак яго камандзір зноў смелым манеўрам вывеў атрад з-пад удару. Раззлаваныя правалам аперацыі гітлераўцы знішчылі ў в. Далосцы сям'ю Міхайлавых, старэйшыя дзеці якіх былі ў атрадзе. Аднак і самі не здолелі далёка адысці: на бальшаку карны атрад трапіў пад агонь партызанскай засады. Уцячы ўдалося толькі палове карнікаў. Гэты бой быў апошнім для адважнага партызанскага камандзіра С. Майсеенкі. 19 мая 1942 г. ён загінуў у разведцы ў в. Малеева (пасля гібелі камандзіра атраду прысвоена яго імя).

Вясной 1942 г. да адкрытай барацьбы з акупантамі перайшлі і Расонскія падпольшчыкі. Спачатку, згодна са складзеным планам, знік з Расонаў Машэраў з невялікай групай падпольшчыкаў, 24 красавіка выйшла ў лес астатняя частка арганізацыі, якой удалося вынесці з сабой і схаваную ў райцэнтры зброю. 3 удзельнікаў падполля арганізаваўся атрад «Дуб­няка» на чале з П. М. Машэравым (яго падпольная клічка — «Дубняк»). Адной з першых баявых аперацый атрада была засада на бальшаку. Партызанам уда­лося падарваць штабную машыну, былі забіты начальнік Дрэтунскай палявой жандармерыі і яго памочнік. Знойдзеныя ў іх дакументы дапамаглі прадухіліць арышт многіх членаў Расонскай падпольнай арганізацыі — большасць з іх былі ўнесены ў спісы падазроных з за­гадай арыштаваць. Знаходка гэтых дакументаў паскорыла пераход асноўнай групы падпольшчыкаў у лес.

Вакол атрада «Дубняка» пачалі канцэнтравацца партызанскія сілы на Расоншчыне. 19 мая 1942 г. ў в. Мыленкі да яго далучылася частка байцоў атрада Сяргея Майсеенкі.

Баявыя дзеянні атрада значна пашырыліся. 12 чэрвеня дубнякоўцы разам з атрадам імя М. В. Фрунзе Асвейскага раёна (камандзір I. К. Захараў) арганізавалі напад на невялікі гарнізон у в. Палтшчына ў Латвіі. Быў разбіты харчовы склад, 2 магазіны, знішчаны паліцэйскае і валасное ўпраўленні. 14 чэр­веня партызаны атрада ў раёне в. Лісна ўступілі ў бой з карным атрадам колькасцю да 700 чалавек. Поспехі атрада «Дубняка» ўскалыхнулі ўсё насельніцтва раёна. У гэты ж час у Расонскім і Полацкім раёнах пачынаюць дзейнічаць партызанскі атрад «Няўлоўныя» пад камандаваннем М. С. Пруднікава і асобны дыверсійна-разведвальны атрад «Баявы» В. Л. Няклюдава (у 1944 М. С. Пруднікаву і В. Л. Няклюдаву прысвоена зван­не Героя Савецкага Саюза). Абодва атрады прыбылі з савецкага тылу.

Другім аб'ядноўваючым цэнтрам пар­тызанскага руху ва ўсходняй частцы раёна, які ахопліваў тэрыторыю Змітроўскага, Шнітаўскага, Заборскага, Старадворскага, Тродавіцкага, Чырванаборскага і Парэцкага сельсаветаў, стаў атрад, створаны ў маі 1942 г. з удзельнікаў Межаўскай падпольнай арганізацыі пад кіраўніцтвам Р. А. Ахоціна.

Першым месцам размяшчэння групы Ахоціна стала невялікая, з пяці хутароў, вёсачка Арэхавая Баравіна, якая знаходзілася на граніцы Пскоўскай і Віцебскай абласцей непадалёк ад чыгуначнай станцыі Сілкова. Аддаленая ад раённых цэнтраў Себеж і Расоны, яна яшчэ не кантралявалася фашысцкімі гарнізонамі. Жыхары вёскі, пераважна па прозвішчы Зуевы, па-брацку сустрэлі беларускіх партызан, падзяліліся з імі прадуктамі харчавання. Падпольшчыкі ўстанавілі сувязь з партызанамі атрада імя Сяргея. Праз тыдзень партызаны накіраваліся ў в. Альбрэхтава, дзе да іх далучыліся Сцяпан Голубеў, Віктар Юрэнка, Сяргей Со-калаў, Эдуард Цвінцік, Іван Шабасоў. Потым група папоўнілася жыхарамі Гарбачэўскага і Заборскага сельсаветаў. Жадаючых стаць партызанамі было шмат, але бралі ў першую чаргу толькі тых, хто ўжо меў зброю. Вялікую дапамогу аказаў партызанам Ахоціна шаснаццацігадовы Васіль Навіцкі з в. Шлях. Ён яшчэ ў 1941 г. сабраў шмат зброі і боепрыпасаў, перадаў партызанам 13 вінтовак, тысячы патронаў і толавых шашак, палявую рацыю і сам стаў партызанам. Так фарміраваўся атрад імя I. В. Сталіна пад камандаваннем Р. А. Ахоціна, які потым вырас у буйную Расонскую брыгаду імя I. В. Сталіна.

29 мая 1942 г. на беразе воз. Межна супраць дома лесніка Глазкіна быў праведзены сход камуністаў Расонскага раё­на. На ім для арганізацыі і кіраўніцтва партызанскімі атрадамі падпольны рай­ком стварыў штаб на чале з сакратаром райкома В. Я. Лапенкам і камандзірам атрада імя I. В. Сталіна Р. А. Ахоціным. У склад штаба ўвайшлі таксама Р. Я. Каралёў, П. Я. Рубіс, Г. П. Мезенцаў. Амаль ва ўсе сельскія Саветы былі накіраваны пасланцы для арганізацыі но­вых партызанскіх атрадаў. На працягу чэрвеня рады народных мсціўцаў папоўніліся жыхарамі з Старадворскага, Руднянскага, Заборскага і Сяляўшчынскага сельсаветаў. Атрады хутка раслі, да канца верасня ў іх ужо налічвалася 1200 чалавек. Партызаны дзейнічалі вельмі актыўна, толькі ў маі 1942 г. народныя мсціўцы разграмілі паліцэйскія ўчасткі і валасныя ўправы на тэрыторыі 10 сельсаветаў Расонскага раёна.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка