Першая сусветная вайна 1914 – 1918




Дата канвертавання19.03.2016
Памер154.11 Kb.
Да 100 годдзя

пачатку


І Сусветнай вайны.

Старонкі з летапісу Ільі і наваколля

(1914-1918)

1914

Першая сусветная вайна
1914 – 1918

Буйнейшая глабальная катастрофа ХХ стагоддзя. У баявыя дзеянні было ўцягнута больш за 30 краін свету.

Вынікам той вялікай вайны быў не толькі чарговы падзел тэрыторый і мільёны ахвяр і бежанцаў – яна абумовіла хвалю рэвалюцый і грамадзянскіх войнаў, перамогу савецкай улады ў Расіі і ўзнікненне фашысцкага рэжыму ў Германіі. У гэтым сэнсе следствам Першай сусветнай вайны стала яшчэ больш жорсткая Другая сусветная вайна.

Гэта "невядомая", нявывучаная вайна пакінула пасля сябе мноства слядоў менавіта на беларускай зямлі. Амаль палову вайны, з 1915 па 1917 гады, лінія фронту паміж бакамі пралягала па тэрыторыі сучаснай Беларусі. Праціўнікі вялі тут пазіцыйную, акопную вайну і стварылі дзве асобныя лініі абароны – сотні кіламетраў баявых умацаванняў, частка з якіх захавалася да нашых дзён – рэшткі акопаў, дотаў, бліндажоў, дарог, мастоў...

З той пары захаваліся дзесяткі могілкаў – пахаванняў расійскіх і германскіх салдат.

Існуе літаратура аб тых падзеях – успаміны, даследванні, мастацкія творы. У дзяржаўных сховішчах – архівах і музеях – збярогся вялізны па памерах і каштоўнасці масіў звестак пра тую вайну.

Гэта тэма патрабуе ўвагі даследчыкаў – вывучэння і асэнсавання. Наспела пара, калі мы маем магчымасць запоўніць прабел у нашай гістарычнай памяці. Каб ведаць і памятаць, і зберагчы для нашчадкаў.

Хроніка першай дзіцячай экспедыцыі па лініі фронту Першай сусветнай вайны. 11 верасня 2009 года. Вілейскі краязнаўчы музей.

У гэтым годзе лета было сухое, што спрыяла пасевам і травам. 18 ліпеня ўстрывожыла ўсіх прыхаджан і парушыла іх нармальнае працоўнае жыццё аб'яўленне Германіяй вайны Расіі. Трэба заўважыць, што сяляне пакорна ўспрынялі гэтую сумную вестку і амаль бязмоўна паслалі сваіх сыноў на абарону Айчыны. Усведамляючы важнасць моманту, сур'ёзнасць падзей і патрабаванні доўгу, прыхаджане ахвотна і нямала ахвяравалі на патрэбы вайны грашамі і рэчамі. 3 аб'яўленнем вайны было забаронена прадаваць спіртныя напоі, што садзейнічала паляпшэнню матэрыяльнага становішча прыхаджан і ўзняло іх рэлігійны дух. На многа менш стала сварак між прыхаджанамі. Людзі святлей пачалі глядзець на жыццё, сталі часцей наведваць царкву, старанна маліцца і больш ахвяраваць на храм Божы. Прыбыткі царкоўныя вельмі ўзрасталі, чаму нямала садзейнічала народнае гора — вайна, калі народ міжволі ўспамінае пра Бога і больш старанна моліцца.

У пачатку верасня ў межах прыхода з'явіліся варожыя раз'езды, але толькі мімаходзь. Так, немцы прайшлі праз вёскі Саколі Вугал, завод «Залессе», Малявічы. Баёў на тэрыторыі прыхода не было. Падышлі нашы войскі і немцаў прагналі.

У гэтым годзе ўсяго налічвалася прыхаджан: мужчын 1614, жанчын 1644, нарадзілася 67 мужчын і 54 жанчыны, узялі шлюб 28 пар, памерла 20 мужчын, 27 жанчын.



летапісу царквы Маладосць №4 1996г.)

У Вілейскім уездзе да пачатку вайны 1914 года было больш 70 пачатковых школ, не лічачы царкоўна-прыходскіх школ граматы. Дзве апошнія катэгорыі школ былі духоўнага ведамства да рэвалюцыі.

У быўшай Вязынскай воласці школы былі ў такіх населеных пунктах: у Вязыні (2-х класнае), у Латыгалі, Паняцічах, Ярмолічах, Калодчыне, Судніках, Бязводным, Ільі, Залессі, Малявічах, Казлах, Шыпках. У Вязыні і ў Ільі былі таксама жаночыя царкоўна-прыходскія школы. Ва ўсіх школах працавалі настаўнікі, якія закончылі настаўніцкія семінарыі або настаўнікі, якія мелі званне настаўніка народнага вучылішча, а таксама, якія закончылі 2-х класныя царкоўныя школы і вытрымалі экзамен пры акрузе на званне настаўніка народнага вучылішча.

Праект “Мая школа ў асобах і падзеях”. Матэрыялы музея “Ільянскія далягляды”



Захоўваецца ў музеі “Ільянскія далягляды”



1915

У гэтым годзе хваля крывавай вайны з немцамі дакацілася і да нашага прыхода. У пачатку верасня нечакана, як снег такою парою, нямецкія раз'езды пабывалі ў вёсках Саколі Вугал, Малявічы і ў заводзе «Залессе». Шкоды людзям яны ніякай не зрабілі, але вельмі ўстрывожылі ўсіх. Прыйшлі нашы войскі, ворага адагналі далёка, але парушана было і без таго неспакойнае жыццё прыхаджан.

Лета было спякотнае, што крыху паўздзейнічала на пасевы, асабліва на травы.

Усяго прыхаджан было: мужчын 1634, жанчын 1665; нарадзілася: мужчын 61, жанчын 68; памерла: мужчын 20, жанчын 23; узялі шлюб 7 пар.

29 снежня рэзалюцыяй яго высокапраасвяшчэнства архіепіскама святар Віктар Вашчанка пераведзены да Стара - Краснапольскай царквы Вілейскага павета.



(З летапісу царквы Маладосць №4 1996г.)

Калі ў 1914 г. усе школы яшчэ працавалі, то ўжо на наступны навучальны год многія з іх закрыліся (былі мабілізаваны настаўнікі ці заняты школьныя памяшканні пад патрэбы арміі). У час зацішша


ад ваенных дзеянняў многія палкі адводзілі ў тыл для адпачынку. Тут яны кватаравалі ў мясцовых сялян. У салдат можна было шмат чаго дастаць на абмен.

Арганізаваныя яшчэ раней сельскагаспадарчыя гурткі пачалі займацца дабрачыннасцю — дапамагалі матэрыяльна сем'ям, у якіх мужчын забралі ў армію, прымалі ўдзел у правядзенні імі работ на пасяўной, пры ўборцы ўраджаю і г.д. Так, Ільянскі гурток выдзеліў такім сем'ям 128 пудоў жыта на пасяўную, а таксама больш за 380 пудоў сена, 560 пудоў саломы і іншага фуражу.

У чэрвені — ліпені 1915 г. у некаторых гарадах, у тым ліку і Вілейцы, былі адкрыты аддзелы Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якія мелі права весці работу незалежна ад цэнтра.
Таварыства арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, імкнулася аказаць медыцынскую дапамогу бежанцам. Такія пункты працавалі ў Вілейцы, Даўгінаве, іншых месцах павета.

Нараўне з абароннымі работамі насельніцтва прыфрантавой паласы ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў мабілізоўвалася і на ўборку ўраджаю.

Прымусовая закупка жывёлы і фуражу ў насельніцтва для патрэб арміі перарасла ў бязлітасную рэквізіцыю. Дзейнічалі як грамадзянскія рэквізіцыйныя камісіі, так і шматлікія армейскія, корпусныя і дыкізійныя рэквізіцыйныя атрады.

Баланин Д. Вилейка. Военный сборник. 1915. № 10.

Беларуская мінуўшчына. 1996. № 2.

Документы н материалы по истории Белоруссии 1917. Т. 3. Мн., 1953.

Зайончковский А. Мировая война 1914 - 1918 гг. М., 1940.

Евсеев II. Свенцянский прорыв. М., 1938.

Подорожный Н.Е. Нарочская онерация в марте 1916 г. на русском фронте минровой войны. М., 1938.

В.В.Лукша, А.В.Рогач.


1916

10 лютага рэзалюцыяй архіепіскапа Ціхана да Ільскай Свята-Ілліной царквы пераведзены па прашэнні святар Краўскай св. Аляксандра Неўскай царквы Сяргей Іваноў-Голасаў, які прыбыў на месца службы 1 сакавіка.

Фронт ад Іліі быў у вярстах 60-ці (Крэва – Смаргонь- Нарач). Штодзень чулася кананада. Руская армія рыхтавалася да наступлення. У Турцыі яна пад камандаваннем генерала Юдзеніча мела велізарны поспех: былі ўзяты Ярзерум, Трапезунд і іншыя стратэгічныя пункты. У Галіцыі пад кіраўніцтвам генерала Брусілава разграміла аўстрыйцаў і акупіравала ўсю Букавіну і Галіцыю.

Па ініцыятыве святара С. Голасава ў лістападзе віленскаму губернатару, які ў той час жыў у г. Дзясне (Вільня была акупіравана немцамі), было пададзена прашэнне, каб дазволілі адкрыць у м. Іліі спажывецкае таварыства. Статут таварыства быў зацверджаны, і 28 снежня адбыўся першы ўстаноўчы сход. Тады ж у таварыства запісалася больш 500 членаў. У праўленне былі выбраны святар Голасаў, ксёндз А. Чыжэўскі, п-т начальнік А. Радзішэўскі і земляроб Н. Гайко.



(З летапісу царквы Маладосць №4 1996г.)

Нарачская вайсковая аперацыя
18 – 28 сакавіка 1916 года

Наступленне расійскіх войскаў у раёне возера Нарач з мэтай прарыву ў тыл германскай лініі абароны.

Рашэнне Стаўкі аб правядзенні гэтай аперацыі не было глыбока падрыхтаваным і ў выніку не дало плёну, але прывяло да велізарных чалавечых стратаў. Моцная германская лінія абароны з бетонных дотаў за некалькімі радамі калючага дроту, недастатковая падтрымка артылерыі, вясновая распуціца – усё было супраць наступаючых расійскіх войскаў.

Толькі па аднаму паказчыку пераўзыходзілі яны праціўніка – у жывой сіле. Удзельнік тых падзей, расійскі палкоўнік Грыпенберг потым напіша: "Войска стоят по колено в воде... И, чтобы передохнуть немного, складывают немецкие трупы и на них садятся, так как окоп полон воды... К вечеру они начинают замерзать, и вдобавок к ним вползают раненые, изуродованные, не перевязанные, стонущие... И, тем не менее, они безропотно идут вперед. Нет, войска заслуживают глубокого уважения..."

Расійскія войскі сцякалі крывёй дзень за днём, пакуль камандаванне загадала перапыніць атакі. Нарачская аперацыя захлынулася, і наступаючыя войскі вярнуліся амаль на тыя ж пазіцыі, дзе былі.

Галоўным вынікам сталі дзесяткі тысяч загінуўшых з абодвух бакоў. Мноства вайсковых могілкаў з цягам часу былі закінуты і паступова зніклі. Тыя, што захаваліся, сёння патрабуюць нашай асобай увагі.



Хроніка першай дзіцячай экспедыцыі па лініі фронту Першай сусветнай вайны. 11 верасня 2009 года Вілейскі краязнаўчы музей.

У канцы 1916 года акцыянеры Залескай гуты, захапіўшы з сабой усё каштоўнае абсталяванне і грошы, уцяклі ўглыб Расіі. З гэтага часу і да 1936 года гута не працавала.



(А.В. Рогач. Бляск і галеча гуты «Залессе»)

У Асцюковічах пан некалі, яшчэ за царскім часам, пабудаваў сапраўдны чыгуначны вакзал, пачуўшы перад гэтым, што плануецца правесці чыгунку з Маладзечна ў Плешчаніцы праз Асцюковічы і Ілью. Але чыгунку, як вядома, улады не пабудавалі, а вакзал застаўся стаяць, не пабачыўшы сваіх пасажыраў і так і разбурыўся з часам. Толькі ўсё яшчэ некаторыя мясцовыя жыхары называюць вакзалам і цяпер тое месца ў полі каля вёскі, дзе стаяў вакзал. А яшчэ Тукалы любілі фазанаў і разводзілі іх. Улетку выпускалі птушак на волю ў лес побач з вёскай.



У.С. Кажамяка. “Там за лесам”. Не пакідаюць нас белыя лебедзі. Мінск, Выд. І.П. Логвінаў 2011

У 1916 годзе маладога, моцнага і прыгожага хлопца з Кобузяў Юльяна Жаўняровіча забралі ў царскую армію. Ва ўзросце 18 гадоў радавы 33 Ялецкага пяхотнага палка адразу ж трапіў на фронт амаль у самае пекла – у пінскія балоты. Вада там была не меншым ворагам, чым нахабныя кайзераўцы. Не дапамагалі ні тыя драбіны, ні плятні, якія рабілі самі салдаты і клалі іх у ваду. Лічыў тады царскі салдат Юльян Жаўняровіч, што ўжо ніколі не вернецца адтуль жывым.

Але яму пашанцавала: жывым і здаровым высачыў немца, прад’явіў яго свайму камандаванню. За гэта ён атрымаў узнагароду – Крыж за адвагу – і хутка развітаўся з пінскімі балотамі, бо полк перакінулі ў акопы пад Паставы. Там пад нагамі была ўжо зямля, у якую можна было больш надзейна закапацца, і абараняцца з дапамогай цуда-бярданкі, гэтай зусім ненадзейнай зброі, таму што пасля трох-чатырох выстралаў куля затрымлівалася ў ствале і яе няпроста было адтуль дастаць.



У.С. Кажамяка. “У Кобузях”. Не пакідаюць нас белыя лебедзі. Мінск, Выд. І.П. Логвінаў 2011


1917

У апошніх чыслах лютага ў Расіі адбылася рэвалюцыя. Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу народнага цярпення, быў роспуск Дзяржаўнай думы, што настойвала на адказнасці перад народам міністраў. Г.Д. Радзянка паслухаўся свайго сатрапа Старшыню міністраў Пратапопава, і, як толькі Дума была распушчана, успыхнула рэвалюцыя, і 2 сакавіка імператар Мікалай II адрокся ад трона, перадаўшы яго брату Міхаілу Аляксандравічу.Але і апошні адмовіўся ўступіць на трон да ўстаноўчага сходу.

Кіраўніцтва дзяржавай перайшло ў рукі Часовага ўрада, склад якога часта мяняўся. У ім толькі нязменна заставаўся Керанскі, былы член Дзяржаўнай думы. Па ўсёй Расіі было ўведзена земства, была аб'яўлена свабода. Паўсюль, у тым ліку і ў Іліі, адбываліся мітынгі. Народ загаварыў, загаварыў, загаварыў... Керанскі ўзяў на сябе ваеннае камандаванне і ў ліпені меўся зрабіць рашучае наступленне на ўсіх франтах. Наступленне, якое адбылося на Крэўскім накірунку, было ўдалым і магло б быць вельмі паспяховым, але не атрымалі падтрымкі ўдарнікі і жаночы батальён смерці. Пасля прарыву нямецкіх перадавых ліній нашы стомленыя войскі адступілі з вялікімі стратамі, а ў тыле адбываліся мітынгі — салдаты ўсё гаварылі, гаварылі, гаварылі... Сярод іх усё часцей чуўся лозунг «Далоў вайну!».



У кастрычніку адбылася другая рэвалюцыя, якая скінула Часовы ўрад. Улада перайшла ў рукі салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў. На чале гэтай улады сталі Ленін (Ульянаў) і Троцкі (Бернштэйн). Фронт стаў хутка распадацца, дысцыпліна ўпала, начальства вайсковае стала выбарным. Адказныя пасты занялі людзі непадрыхтаваныя, якія часта не разумелі свайго прызначэння. Усе выдатныя генералы або пакінулі свае пасады, або іх прымусілі гэта зрабіць. Новая Савецкая ўлада стала весці барацьбу са сваімі ўнутранымі ворагамі — капіталістамі і буржуазіяй. Усё стала нацыяналізавацца, адбірацца. Пад гэта трапілі афіцэры, чыноўнікі і духавенства. Многіх расстралялі, пасадзілі ў турмы, зрабілі выгнаннікамі. 3 духоўных асоб палі ахвярамі мітрапаліт Кіеўскі Уладзімір і архіепіскап Смаленскі Макарый. Многіх святароў прагналі са сваіх прыходаў, а некаторых забілі.

Савецкая ўлада асобна ад нашых саюзнікаў уступіла ў перагаворы аб міры без анексій і кантрыбуцый па праве самавызначэння народаў. Перагаворы аб міры з немцамі вяліся ў Брэст-Літоўску. Ворагі ўлічылі наш рэзрух і прадыктавалі ганебны мір для Расіі, які падпісалі нашы прадстаўнікі Троцкі і Іофе. Салдаты пакінулі фронт і пайшлі па дамах, а ў Расіі пачала стварацца наёмная (?) Чырвоная Гвардыя. Цэны на прадукты харчавання сталі хутка расці, кошт пуда жыта з 3 рублёў летам узняўся да 40 рублёў да канца года.

16 жніўня быў скліканы Усерасійскі царкоўны Сабор, які выбраў патрыярхам нашага былога архіепіскапа Ціхана — ён незадоўга да гэтага стаў маскоўскім мітрапалітам. Справы Сабора з прычыны бязладдзя, канфіскацыі друкарні не атрымалі шырокага распаўсюджвання.

Вясной па хадайніцтве святара Голасава мясцовая ўлада амаль кожнаму раздала бясплатна па 50 пнёў будаўнічага лесу для царкоўнай агароджы. Бёрны вывезлі прыхаджане.

У 1917 годзе былі створаны воласць у м. Ілія, культурна-асветніцкае таварыства, старшынёй якога быў святар Голасаў. Ен жа быў з 1 чэрвеня па 1 студзеня і старшынёй харчовай управы.

1 лютага Ільскае таварыства спажыўцоў адкрыла сваю лаўку, праз якую прадаваліся мука, крупы, селядцы і іншыя тавары. Чыстага прыбытку кааператыў за год меў больш 8000 рублёў.



Свабода не адлучыла ад праваслаўя нікога з прыхаджан, былі тры выпадкі пераходу ў праваслаўе.

(З летапісу царквы Маладосць №4 1996г.)

Ваяваць на Пастаўшчыне Юльяну давялося нядоўга. Рэвалюцыя хутка даляцела да пастаўскіх акопаў.

Салдаты сустрэлі яе з радасцю, прагналі царскіх камандзіраў і падтрымалі бальшавікоў, бо яны агітавалі салдат пакінуць акопы, не ваяваць і заклікалі да міру, шмат абяцалі: аддаць зямлю сялянам, а фабрыкі і заводы – рабочым, абяцалі ўсім шчаслівае жыццё.

Два тыдні Юльян Іванавіч пешшу дабіраўся з Пастаў на Вілейшчыну і прынёс у родную вёску верш. Гэты сцішок на той час ведалі ўсе салдаты-акопнікі і, напэўна, усе рэвалюцыйныя масы Расіі: “Няма Мікалашкі і жонкі яго Сашкі, і маці яго Машкі, і сястры Лізаветы – усёй сволачы гэтай”.

Рэвалюцыйная ўлада настойліва насаджала ў краіне свае новыя парадкі. Яны ўсталёўваліся вельмі марудна, бо многія людзі былі супраць бальшавісцкага рэжыму. І бальшавікі, як ні стараліся, не здолелі мірным шляхам супакоіць народ, і недзе праз два гады іх заклік “Айчына ў небяспецы” імгненна разнёсся па ўсёй Расіі. Даляцеў ён і да Кабузяў. Грамадзянская вайна разгаралася імкліва, і бальшавікі прымусова забіралі ў войска бараніць савецкую ўладу ўсіх, каго толькі можна было забраць.

Забралі яны і мужчын з Кобузяў, у тым ліку і Юльяна Жаўняровіча, і пагналі іх спачатку на дзянікінскі фронт, а пазней перакінулі дабіваць банды на Украіне.

Цяжкасцей на вайне было ажно праз верх. Ваявалі ў лапцях, бо другога абутку не было. Бесперапынныя скрытыя рэйды ў любы час сутак і ў любое надвор’е падоўгу не давалі нават дыхнуць хатнім паветрам. Зноў давялося сустрэцца са знаёмымі бярданкамі цяпер ужо рэвалюцыйнаму салдату, камандзіру ўзвода, старшаму унтэр-афіцэру 17 Сумскага стралковага палка Юльяну Іванавічу Жаўняровічу.

Вельмі было цяжка. Гінулі таварышы. Дзевяць чалавек аднавяскоўцаў, якія пайшлі разам з Юльянам, засталіся ляжаць пад Харкавым, Варонежам і ў іншых мясцінах Расіі. Сам Юльян Іванавіч быў паранены на Халоднай гары пад Харкавым і ў выніку застаўся без вока. Доўгі час ляжаў у шпіталі і лячыў яшчэ абмарожаныя ногі.



Да 1922 года “гуляў” ён па стэпах Украіны, пакуль не перасталі існаваць Цёмная Хмара, Маруся, Каця і іншыя белыя банды, вялікія і малыя.

У.С. Кажамяка. “У Кобузях”. Не пакідаюць нас белыя лебедзі. Мінск, Выд. І.П. Логвінаў 2011

1918

У гэты час розныя палітычныя сілы Беларусі вялі барацьбу за дзяржаўнасць.

25 сакавіка 1918 г. Радай Беларускай Народнай Рэспублікі Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Гэта не ўваходзіла ў інтарэсы яе суседзяў, ды і германскія акупацыйныя ўлады сваё тут панаванне ні з кім дзяліць не збіраліся. Радзе БНР у лепшым выпадку адводзілася роля «пасрэдніка паміж нямецкімі ўладамі і беларускім народам, для таго каб, па магчымасці, палегчыць жыццёвыя цяжкасці, якія выкліканы вайной», пра што заявіў камандуючы 10-й нямецкай арміяй генерал Эрых фон Фалькенхайн прадстаўнікам Рады.

Актыўны ўдзел у арганізацыі і рабоце Рады прынялі прадстаўнікі і ўраджэнцы Вілейшчыны: Антон Аўсянік, Леанард Заяц, Аляксандр Уласаў, а таксама Клаўдзій Альшук з Ільі, Станіслаў Заяц з Даўгінава і іншыя.

Першапачаткова Рада спрабавала змякчыць акупацыйны рэжым, надаць які-небудзь парадак нямецкім рэквізіцыям. На адрас Народнага сакратарыята БНР ішлі скаргі ад насельніцтва на неправамерныя дзеянні акупацыйных улад. Так, у чэрвені такія лісты паступілі ад жыхароў Вязынскай, Даўгінаўскай, Іжанскай і іншых валасцей. У адказ грамадзяне гэтых валасцей атрымлівалі лісты з абяцаннем прыняць належныя захады для высвятлення спраў аб злоўжываннях нямецкіх улад, а таксама аб становішчы спраў у валасцях.

Былі скаргі і просьбы ад асобных грамадзян. Так, жыхар мястэчка Ілья Борух Левін 17.6.1918 г. заяўляў аб тым, што нямецкія жаўнеры забралі ў яго 1800 яек, закупленых для мясцовых жыхароў на іудзейскае свята Пяцідзесятніцы. Жыхарка в. Шчукі Сухая Яўгенія прасіла выдаць ёй неабходную даведку, каб атрымаць магчымасць выехаць у Расію. На скаргу грамадзян Мільчанскай воласці ліст з просьбай даць распараджэнне аб яе разглядзе быў перасланы ў штаб 10-й нямецкай арміі.

Мясцовае насельніцтва цярпела не толькі ад акупантаў, але і ад распаўсюджанай тут звычайнай крымінальшчыны і бандытызму, асабліва лютавалі бандыты каля Хаценчыц.


Памяць” Вілейскі раён БЕЛТА 2003
Цяжкім для духавенства Расіі быў гэты год. Савецкая ўлада выдала дэкрэт аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Усю зямлю царкоўную і манастырскую адабралі, платы духавенства ніякай не атрымлівала, жыло на выпадковыя даходы ад прыхаджан. Чырвоная Гвардыя перараджалася ў Чырвоную Армію, якая вяла ўнутры краіны вайну: на поўдні з казакамі, якімі камандавалі Карнілаў, Каледзін, Красноў, а потым генерал Дзянікін; на ўсходзе (Урал) з чэхаславакамі і сібірскімі войскамі пад камандаваннем Калчака; на поўначы з саюзнікамі; на захадзе граніца ўжо была па лініі Орша — Пскоў.

Па Брэсцкім міры немцы акупіравалі ўсю Літву, Беларусь, Эстляндыю, Курляндыю і Украіну. (Гэта мір без анексіі.). Савецкая ўлада ўплаціла Германіі шмат кантрыбуцыі, некалькі вагонаў золата і крэдытных білетаў.



16.07.1918 г. у Екацерынбургу быў расстраляны Савецкай уладай былы імператар Мікалай II. Сацыялісты-рэвалюцыянеры (меншавікі) змагаліся з балышавікамі. Былі забіты камісар Урыцкі і паранены Ленін, пасля чаго моцна лютаваў чырвоны тэрор.

Заняўшы нашу мясцовасць, немцы прабылі ў м. Іліі з пачатку лютага па 9 снежня. Нельга сказаць, што дрэнна адносіліся да насельніцтва. Бралі ў насельніцтва маладняк жывёлы, але за даволі вялікія грошы, так што за бычка-пярэзімка плацілі рублёў 200—300.

Вясной, калі адступала старая руская армія, яна пакінула шмат коней. Коні дохлі з голаду, ад каросты. Восенню распаўсюджвалася хвароба «іспанка», ад якой памерла шмат людзей.



Юльян і Пётр Астроўскія

У лістападзе саюзнікі разбілі немцаў і заключылі перамір'е. 11 снежня ў м. Іліі з'явіліся бальшавікі і ўстанавілі Савецкую уладу. У першы ж дзень у кааператыве былі рэквізаваны тавары, таварыства панесла страту на 846 рублёў. Прыватны гандаль не рэквізаваўся. Цэны на прадукты харчавання раслі кожны дзень. Пуд жыта, які восенню каштаваў 30—40 рублёў, стаў каштаваць 160, а кошт фунта цукру вырас з 7 да 30 рублёў, газы зусім не было, не хапала солі.

Рымска-каталіцкае насельніцтва пад агітацыяй некаторых ксяндзоў часам варожа ставілася ў некаторых месцах да праваслаўя. Так, у вёсцы Камень-Спасе каталікі адабралі храм, прагналі святара Васіля Забруднага і захапілі прычтавыя пабудовы і палі. Айцу Забруднаму пагражалі, яго абражалі, ледзь не забілі. Каталікі агаварылі яго перад немцамі, Забруднага арыштавалі, ён прасядзеў месяц у віленскай турме. Затым быў апраўданы судом, і нават адстаяў сваю маёмасць і царкву. Але немцы пайшлі, прыйшлі бальшавікі, святар не вярнуўся ў Камень-Спас, дзе і застаўся ксёндз. Айцец Забрудны пасяліўся ў вёсцы Кастыкі. Яго матушка памерла, не перанесла жахаў...

У тым жа годзе каталікі пры падтрымцы немцаў адабралі храм у в. Батурына, наладзілі ў ім касцёл. У Вільні каталікі забралі Кафедральны сабор, Свята-Троіцкі манастыр, жаночае епархіяльнае вучылішча, Прачышчанскі сабор, Антакольскую царкву і да 20-ці цэркваў у Літоўскай епархіі.



Немцы ў лістападзе ў сувязі з палітычным пераваротам у іх дзяржаве, звяржэннем там манархіі, спешна пакінулі Беларусь і Польшчу. Палякі абяззброілі іх і пачалі фарміраваць сваё войска. Услед за немцамі прыйшлі савецкія войскі, Савецкая ўлада. Па законе Савецкай улады ўсё духавенства пазбаўлена грамадзянскіх правоў, г. зн. яно не мае права выбіраць і быць пыбраным на якую б там ні было грамадзянекую пасаду.

(З летапісу царквы Маладосць №4 1996г.)

У 1918-1920 г.г. па р. Іліі праходзіла дзяржаўная мяжа паміж Савецкай Расіяй і буржуазнай Польшчай. У выніку паспяховага наступлення польскай арміі, мяжа была перанесена далей на ўсход і праходзіла паблізу в.Старынкі, дзе да цяперашняга часу захаваўся блок-пост, пабудаваны з бетону-стражніца.



Краязнаўчы маршрут “Ільянскія далягляды”.

Абадоўцы. …у лютым – снеж. 1918 г. – акупіраваны германскімі войскамі.

Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя том 8,кніга 1, Мінск “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2010



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка