Першае чытанне іс 2, 1-5 Пан збірае ўсе народы ў вечны мір Божага Валадарства Чытанне Кнігі прарока Ісаі




старонка3/6
Дата канвертавання30.03.2016
Памер0.83 Mb.
1   2   3   4   5   6

СЕРАДА
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 40, 25-31

Усемагутны Бог умацоўвае знямоглага
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

З кім параўнаеце Мяне,

і Я буду роўны яму? – кажа Святы.

Узніміце ўгору вашыя вочы і паглядзіце:

Хто стварыў гэтыя зоркі?

Той, хто выводзіць іх шматлікае войска,

і кліча іх усіх па імені.

Сярод такой магутнасці

і вялікай моцы

ніхто не застанецца пакінутым.

Чаму ты кажаш, Якубе,

і ты, Ізраэль, гаворыш:

Схавана дарога мая ад Пана,

у Бога майго забыты закон мой.

Хіба не ведаеш ты? Хіба не чуў ты?

Пан- Бог вечны,

Ён стварыў межы зямлі.

Ён не стамляецца, не знясільваецца,

і розум Ягоны неспазнаны.

Ён дае стомленаму сілу,

Ён умацоўвае знямоглага.

І юнакі стамляюцца і знясільваюцца,

і маладыя, блукаючы, спатыкаюцца.

Але тыя, хто спадзяецца на Пана, адновяць сілы,

расправяць крылы, як арлы,

пабягуць і не стомяцца,

пойдуць і не знясіляцца.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 103(102), 1-2. 3-4. 8 і 10 (Р.: 1а)
Рэфрэн: Благаславі, душа мая, Пана.
1. Благаславі, душа мая, Пана,*

і ўсё нутро маё, імя Яго святое.

2. Благаславі, душа мая, Пана,*

і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.



Рэфрэн:
3. Ён адпускае ўсе беззаконні твае,*

і вылечвае ўсе твае хваробы,

4. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы,*

літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.



Рэфрэн:
8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *

доўгацярплівы і шматміласцівы.

10. Не чыніць з намі паводле грахоў нашых*

і не адплачвае паводле правінаў нашых.



Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вось наш Пан прыходзіць, каб збавіць народ свой.

Благаслаўлёныя, гатовыя выйсці Яму насустрач.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Евангелле Мц 11, 28-30

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Аднойчы:

Адказваючы, Езус сказаў: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.

Гэта слова Пана.


ЧАЦВЕР
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 41, 13-20

Я Адкупіцель твой, Святы Ізраэля
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.
Я, Пан Бог твой,

які ўзяў цябе за правіцу тваю,

і кажу табе: Не бойся,

Я дапамагу табе.

Не бойся, чарвяк Якубе,

люд Ізраэля.

Я дапамагу табе,- кажа Пан,

Адкупіцель твой, Святы Ізраэля.

Вось зраблю цябе вострай малатарняй,

новай, зубчатай.

Ты будзеш малаціць і крышыць горы,

і пагоркі ўчыніш мякінай.

Ты будзеш веяць іх і вецер разнясе іх,

і віхор іх рассее;

і ты ўзрадуешся ў Пану,

будзеш ганарыцца Святым Ізраэля.


Прыніжаныя і ўбогія шукаюць вады,

і няма яе.

Язык іх сохне ад смагі.

Я, Пан, выслухаю іх,

Я, Бог Ізраэля, іх не пакіну.

Я адкрыю рэкі на голых пагорках,

і крыніцы сярод раўнінаў.

Я пустыню ператвару ў возера,

і сухую зямлю ў водныя крыніцы.

Кедр пасаджу ў пустыні,

акацыю, мірт і аліўку;

Змяшчу ў стэпе разам кіпарыс, явар і бук,

каб убачылі і ведалі,

пазналі і зразумелі ўсе,

што рука пана ўчыніла гэта,

Святы Ізраэля стварыў гэта.

Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 145(144), 1і 9. 10-11. 12-13аb (Р.:8)
Рэфрэн:Пан міласэрны і ласкавы, доўгацярплівы і шматміласцівы.
1. Буду ўзвялічваць Цябе, Бог і Валадар мой,*

і благаслаўляць імя Тваё навекі.

9. Пан добры да ўсіх,*

і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі.



Рэфрэн:
10. Няхай славяць Цябе,Пане, усе Твае стварэнні*

і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.

11.Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства*

і магутнасць Тваю абвяшчаюць.



Рэфрэн:
12. Няхай сыны чалавечыя

даведаюцца пра Тваю магутнасць*

і пра веліч славы Твайго Валадарства.

13. Валадарства Тваё- валадарства ўсіх вякоў,*

і панаванне Тваё- з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Іс 45,8
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Крапіце, нябёсы, з вышыняў,

і хмары няхай пральюць справядлівасць;

няхай адкрыецца зямля і народзіць Збаўцу.



Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 11, 11-15

Не было большага за Яна Хрысціцеля
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Аднойчы:

Езус сказаў народу: Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не было большага за Яна Хрысціцеля; але найменшы ў Валадарстве Нябесным-

большы за яго. З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і гвалтаўнікі захапляюць яго. Бо ўсе прарокі і Закон прарочылі аж да Яна. І калі вы захочаце паверыць, то ён – Ілля, які павінен прыйсці.

Хто мае вушы, няхай слухае.

Гэта слова Пана.

ПЯТНІЦА
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 48, 17-19

Калі б ты зважаў на Мае запаведзі!
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан, твой Адкупіцель,

Святы Ізраэля:

Я- Пан, Бог твой,

які вучыць цябе таму, што карыснае,

які накіроўвае цябе на шлях, якім трэба ісці.

О, калі б ты зважаў на мае запаведзі,

тады спакой твой быў бы, як рака,

і справядлівасць твая, як хвалі марскія.

І Твайго патомства было б, як пяску,

і нашчадкаў з улоння твайго, як яго пясчынак.

Не знікла б і не было б знішчана

імя тваё перад Маім абліччам.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 1, 1-2. 3. 4 і 6 ( Р.: пар. Ян 8, 12)
Рэфрэн: Хто пойдзе за Табою, Пане, той будзе мець святло жыцця.
1.Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных,

і не ўзыходзіць на шлях грэшных*

і між насмешнікаў не засядае;

2. Але ў Законе Пана яго асалода, *

над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:
3. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку,*

якое плод прыносіць у свой час,

і лісце яго не вяне,*

а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.



Рэфрэн:
4. Не такі лёс бязбожных: *

яны як мякіна, што вецер разносіць.

6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *

а дарога бязбожных загіне.



Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзе Пан, Князь спакою,

выходзьце Яму насустрач.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 11, 16-19

Не слухаюць ні Яна Хрысціцеля, ні Сына Чалавечага
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Аднойчы:

Езус сказаў народу: З кім параўнаю пакаленне гэтае? Яно падобна да дзяцей,

якія сядзяць на рынку і, звяртаючыся да сваіх аднагодкаў, кажуць: Мы гралі вам, а вы не танцавалі, мы галасілі, а вы не плакалі. Бо рпыйшоў Ян, які не еў і не піў, і яны кажуць: У ім злы дух. Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: Вось чалавек, які любіць есці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў. І была апраўдана мудрасць справамі сваімі.

Гэта слова Пана.


СУБОТА
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 48, 1-4. 9-11

Зноў прыйдзе Ілля
Чытанне Кнігі Мудрасці Сіраха.
У тыя дні:

З’явіўся Ілля, прарок, як агонь,

і слова ягонае палала, як паходня.

Ён наклікаў на іх голад,

і стараннасцю сваёю зменшыў іх колькасць.

Словам Пана ён замкнуў неба,

і тройчы спасылаў з яго агонь.

Як праславіўся ты, Ілля, сваімі цудамі,

і хто можа пахваліцца, што ён роўны табе?

Ты, які быў забраны ў агністай віхуры,

у калясніцы вогненых коней.

Пра цябе напісана, што ты захаваны

для адпаведных часоў,

каб суняць гнеў, перш чым ён стане шаленствам,

каб звярнуць сэрца бацькі да сына

і аднавіць пакаленні Якуба.

Шчаслівыя тыя, хто бачыў цябе,

і хто ў любові заснуў,

бо і мы напэўна жыць будзем.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 80 (79), 2ас і 3b . 15-16.18-19(Р.:4)
Рэфрэн: Божа, аднаві нас і дай нам збаўленне.
2. Пастыр Ізраэля, паслухай,*

які сядзіш на хэрубінах, з’явіся.

3. Абудзі сваю магутнасць*

і прыйдзі нам на паратунак.



Рэфрэн:
15. Вярніся, Божа Магуццяў, *

паглядзі з нябёсаў і пабач, і наведай гэты вінаграднік.

16. Захавай тое, што пасадзіла Твая правіца,*

парастак, які Ты ўмацаваў для сябе.



Рэфрэн:
18. Няхай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй,*

над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для сябе.

19. І не адступімся мы ад Цябе,*

ажыві нас, і мы будзем заклікаць імя Тваё.



Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 3, 4. 6
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму,

і кожнае цела ўбачыць Божае збаўленне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 17, 10-13

Ілля ўжо прыйшоў і не пазналі яго.
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі сыходзілі з гары, спыталі Езуса вучні Ягоныя, кажучы:

Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсці Ілля? Езус адказаў ім:

Ілля сапраўды прыйдзе і выправіць усё. Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын Чалавечы будзе цярпець ад іх. Тады зразумелі вучні, што Ён казаў ім пра Яна Хрысціцеля.

Гэта слова Пана.



ІІІ ТЫДЗЕНЬ АДВЭНТУ
ІІІ НЯДЗЕЛЯ АДВЭНТУ, ГОД А
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 35, 1-6а. 10

Сам Бог прыйдзе і збавіць вас.
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.

Узрадуецца пустыня і сухая зямля,

і стэн узвесяліцца і зацвіце, як шафран.

Будзе прыгожа цвісці і цешыцца,

і радавацца будзе, і спяваць.

Слава Лібану будзе дадзена яму,

гонар Кармэлю і Сарону.

Яны ўбачаць славу Пана,

веліч нашага Бога.

Умацуйце слабыя рукі,

узмацніце дрыжачыя калені.

Скажыце маладушным:

Будзьце адважнымі! Не бойцеся!

Вось Бог ваш, помста прыйдзе;

адплата Божая;

Ён сам прыходзіць і збавіць вас.

Тады вочы сляпых будуць бачыць,

і вушы глухіх адкрыюцца.

Тады кульгавы, як алень, падскочыць,

і язык нямых усклікне радасна.

Выбаўленыя Панам вернуцца

і прыйдуць на Сіён з радасным спевам,

і вечная радасць акрые іх галовы.

Вяселле і радасць напоўняць іх,

а журба і стогны знікнуць.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 146(145), 6с-7. 8-9а.9b с-10 (Р.: пар. Іс 35,4)
Рэфрэн: Прыйдзі, о Пане, каб усіх нас збавіць.
Альбо: Аллелюя.
6. Бог навекі захоўвае вернасць.*

7. Справядліва судзіць пакрыўджаных,

хлеб дае пакорным, *

Пан вызваляе вязняў.



Рэфрэн:
8. Пан вочы сляпым адкрывае,*

Пан узнімае прыніжаных.

Пан любіць справядлівых,*

9. Пан абараняе чужаземцаў.



Рэфрэн:
Пан сірату і ўдаву падтрымлівае,*

а шлях грэшных скрыўляе.

10. Пан валадарыць навекі,*

твой Бог, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.



Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Як 5, 7-10

Умацуйце сэрцы вашыя, бо набліжаецца прыйсце Пана
Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод,

ранні і позні. Будзьце цярплівымі і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана.

Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі: вось Суддзя стаіць пры дзвярах. За прыклад цярплівасці і велікадушнасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана.

Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Іс 61, 1
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне

абвяшчаць добрую навіну ўбогім.

Акламацыя:Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 11, 2-11

Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:

Калі Ян пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытаць Яго:

Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага? І сказаў ім Езус у адказ: Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ў ва Мне.

Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы хадзілі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя,хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што вы хадзілі глядзець? На прарока? Так, кажу вам, і нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана: Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу. Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве- большы за яго.

Гэта слова Пана.

ІІІ НЯДЗЕЛЯ АДВЭНТУ, ГОД В
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 61, 1-2а. 10-11

Узрадуюся ў Пану
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.
Дух Пана Бога на мне,

бо Пан намасціў мяне

абвяшчаць добрую навіну ўбогім.

Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў,

прапаведаваць вызваленне палонным

і вязьням– свабоду;

абвяшчаць год ласкі Пана.

Узрадуюся ў Пану,

узвесяліцца душа мая ў Бога маім;

бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўлення,

плашчом справядлівасці ахінуў мяне,

як жаніха, увянчаў каронай,

як нявесту, упрыгожыў сваімі каштоўнасцямі.

Бо, як зямля дае сваю расліннасць,

і, як сад родзіць пасеянае ў ім,

так Пан Бог учыніць, што ўзыдзе справядлівасць

і слава перад усімі народамі.

Гэта слова Божае.


РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Лк 1, 46b-48. 49-50. 53-54(P.:Іс61,10b)

Рэфрэн: Душа ўзвесяліцца ў Богу маім.
46. Велічае душа мая Пана,*

47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.

48. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,*

і цяпер благаслаўляць, Мяне Будуць усе пакаленні.



Рэфрэн:
49. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,*

а імя Яго святое.

50. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *

над тымі, хто Яго баіцца.




Рэфрэн:
53. Дабром галодных насыціў, *

а багатых ні з чым адправіў.

54. Прыняў свайго слугу Ізраэля, *

памятаючы пра сваю міласэрнасць.



Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 5, 16-24

Дух ваш і душа, і цела няхай захаваюцца без заганы ў прайсце Пана
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.
Браты:

Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас божая воля ў Езусе Хрысце. Духа не гасіце. Прароцтвамі не пагарджайце. Усё правярайце, трымайцеся добрага. Устрымлівайцеся ад усялякага роду зла.

Сам жа Бог спакою няхай асвяціць вас цалкам, і ўвесь дух ваш, і душа, і цела, няхай захаваюцца без заганы ў прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста. Верны той, хто вас кліча; Ён гэта здзейсніць.

Гэта слова Божае.



СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Іс 61, 1
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне

абвяшчаць добрую навіну ўбогім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 1, 6-8. 19-28

Сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло.

І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталі ў яго: Хто ты? Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: Я не Хрыстус.

І спыталі ў яго: Дык хто ж? Ты Ілля?

І сказаў: Не.

Ты прарок?

І ён адказаў: Не.


Тады сказалі яму: Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?

Ён сказаў: Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая.

А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталі ў яго: Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок? Ян сказаў ім ў адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных.

Было гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

Гэта слова Пана.

ІІІ НЯДЗЕЛЯ АДВЭНТУ, ГОД С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Саф 3, 14-18 а



Пан будзе цешыцца табою ў весялосці
Чытанне Кнігі прарока Сафоніі.

Радуйся, дачка Сіёна!

Трыумфуй, Ізраэль!

Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема!

Адмяніў Пан прысуд над табою,

рпагнаў ворага твайго!

Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе:

ужо больш не ўбачыш зла.

У той дзень скажуць Ерузалему:

Не бойся! – і Сіёну:

Няхай жа не слабнуць рукі твае!

Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць!

Будзе вельмі радавацца табе,

узрушаны ў любові сваёй,

будзе цешыцца табою ў весялосці,

як у святочны дзень.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Іс 12, 2-3.4bcd. 5-6 (Р.:6)
Рэфрэн: Усе весяліцеся, бо Госпад блізка.
2. Вось Бог- маё збаўленне, на Яго спадзяюся і баяцца не буду.*

Бо Пан- мая моц і мая песня,

Ён стаў маім збаўленнем.

3. Вы з радасцю будзеце чэрпаць ваду*

з крыніцаў збаўлення.

Рэфрэн:
4. Праслаўляйце Пана,*

заклікайце імя Ягонае

і абвяшчайце сярод народаў справы Яго; *

нагадвайце, што ўзнёслае імя Ягонае.



Рэфрэн:
5. Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы,*

абвясціце гэта па ўсёй зямлі.

6. Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёну, *

бо вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.



Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Флп 4, 4-7

Пан блізка
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:


Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.

І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.

Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Іс 61, 1

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне

абвяшчаць добрую навіну ўбогім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 3, 10-18

Што мы павінны рабіць?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Аднойчы:

Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі: Што мы павінны рабіць? Ён сказаў ім у адказ: Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае.

Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: Настаўнік! Што мы павінны рабіць? Ён адказаў ім: Не патрабуйце нічога, што больш за дазволенае вам.

Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: А мы што павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю.

Калі ж народ чакаў, і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным.

Шмат чаго іншага прапаведваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

Гэта слова Пана.

ПАНЯДЗЕЛАК
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 24, 2-7. 15-17а

Узыходзіць зорка ад Якуба
Чытанне Кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Узняў Валаам вочы свае і ўбачыў Ізраэля, які размясціўся плямёнамі сваімі,

і сышоў на яго Дух Божы. І сказаў ён прароцтва сваё, гаворачы: Кажа Валаам, сын Бэора, кажа муж з вокам адкрытым, кажа той, хто чуе Божыя словы, які бачыць тое, што Усемагутны паказвае яму; які падае, і адкрываюцца вочы ягоныя. Якія прыгожыя шатры твае, Якубе, жыллё тваё, Ізраэль!

Распрасціраюцца яны як даліны, як сады каля ракі, як альясавыя дрэвы, што пасадзіў Пан, як кедры каля водаў. Паліецца вада з вёдраў ягоных, і насенне яго будзе ў мностве вады; і пераўзыдзе Агага ягоны кароль, і ўзвысіцца валадарства ягонае.

І, закончыўшы прароцтва сваё, сказаў: Кажа Валаам, сын Бэора, кажа муж з вачыма адкрытымі, кажа той, хто чуе Божыя словы, які пазнаў разуменне Усявышняга, які бачыць тое, што Усемагутны паказвае яму; які падае, і адкрываюцца вочы ягоныя. Бачу яго, не цяпер яшчэ, гляджу на яго, але не зблізку. Узыходзіць зорка ад Якуба, і падымаецца жазло Ізраэля.

Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 25(24), 4-5аb . 6-7bc .8-9(Р.:4 b )

Рэфрэн:Навучы мяне сцежкам Тваім, Пане.
4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *

і навучы мяне сцежкам Тваім.

5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы,*

бо Ты- мой Бог і Збаўца.



Рэфрэн:
6. Узгадай пра міласэрнасць сваю, Пане, *

і пра ласку сваю, бо яны спрадвеку.

7. Памятай пра мяне паводле міласці Тваёй,*

дзеля вялікай дабрыні Тваёй.



Рэфрэн:
8.Пан- добры і справядлівы,*

таму паказвае грэшнікам шлях.

9. Ён кіруе прыніжанымі ў справядлівасці,*

і навучае пакорных шляхам сваім.



Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 85(84), 8

Акламацыя:Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць

і дай нам сваё збаўленне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 21, 23-27

Адкуль быў Янаў хрост?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Аднойчы:

Калі Езус прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: Якою ўладаю Ты гэта робіш ? І хто Табе даў гэтую ўладу? Езус сказаў ім у адказ: Спытаюся і Я ў вас пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. Адкуль быў Янаў хрост: з неба ці ад людзей?

Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: Калі скажам: з неба, дык Ён скажа нам: Чаму ж вы не паверылі яму? А калі скажам: ад людзей, баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам.

І, адказваючы Езусу, яны сказалі: Не ведаем. Тады і Ён сказаў ім: І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.

Гэта слова Пана.

1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка