Перадвыбарная праграма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь




Дата канвертавання01.05.2016
Памер28.14 Kb.
ПЕРАДВЫБАРНАЯ ПРАГРАМА

кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

пятага склікання

па Вілейскай выбарчай акрузе №74

МАЛЯРЧУКА Уладзіміра Архіпавіча
Паважаныя выбаршчыкі!

Тое, што адбываецца ў нас у краіне кожныя некалькі гадоў, назваць выбарамі ніяк нельга. У камісіі прызначаюцца людзі, залежныя ад уланы. З 70 000 чальцоў участковых камісій толькі 61 чалавек – з апазіцыйных партый! Як можна давяраць афіцыйным вынікам, калі ўлада баіцца дапусціць да падліку галасоў незалежных ад яе людзей?

Падчас агітацыі кандыдаты знаходзяцца ў няроўных умовах. Нават пакладзеныя па закону 5 мінут для выступаў па радыё і ТБ (удумайцеся – 5 мінут за 4 гады!) – і тыя падвяргаюцца цэнзуры, што з'яўляецца найгрубым парушэннем Канстытуцыі. Большасць выступаў кандыдатаў ад АГП наогул не выпушчана ў эфір! Замест іх пускалі рэкламу і музыку, хоць нашы кандыдаты выступалі ў строгай адпаведнасці з законам. Проста, яны казалі нязручныя рэчы. Улады баяцца, што вы можаце пазнаць праўду. Нават у мяне Вілейская акруговая камісія скрала 2 нядзелі агітацыйнай кампаніі. А мая нерэгістрацыя і яе вынік?

А датэрміновае галасаванне? Пяць дзён кіраўніцтва арганізацый усімі спосабамі падахвочвае падпарадкаваных галасаваць датэрмінова. І ўсё таму, што ўрны для галасавання пяць начэй застаюцца без нагляду.

Калі Вам здаецца, што я згушчаю фарбы, праверце самі: збярыце дзесяць подпісаў вашых суседзяў і зарэгіструйцеся ў якасці назіральніка.

У 21 веку ў Беларусі – у цэнтры Еўропы – людзі сядзяць у турме за свае перакананні. У тым ліку былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, праваабаронца Алесь Беляцкій, малады барацьбіт за дэмакратычную Беларусь Зміцер Дашкевіч, філосаф Ігар Оліневіч і іншыя. Ва ўмовах такой дзікасці ўдзельнічаць у "выбарах" не толькі бессэнсоўна, але і амаральна.

Таму нашых прозвішчаў не будзе ў бюлетэнях. Усе кандыдаты ад АГП здымаюцца за тыдзень да галасавання. Мы не жадаем удзельнічаць у зневажальным спектаклі. Што рабіць Вам – вырашыце для сябе самі. Кожны разумны чалавек у стане цвяроза ацаніць сітуацыю і зрабіць выбар.

Вынік адсутнасці сумленных выбараў у краіне мы з вамі ўбачылі ўвесну 2011 года, калі зарплаты і пенсіі паваліліся ў два разы, а зберажэнні – амаль у тры! І ніхто за гэта не адказаў. А што будзе пасля гэтых "выбараў"?

Аб'яднаная грамадзянская партыя прапануе:

1. Ухіліць бюракратычныя перашкоды для інвестыцый.

2. Спыніць таемную прыватызацыю, праводзіць яе адкрыта, пералічваючы выгандлёваныя сродкі ў першую чаргу ў пенсійны фонд і ў фонд сацыяльнай абароны.

3. Скараціць колькасць службоўцаў, першым чынам "ідэолагаў" і ім падобных.

4. Рэарганізаваць сістэму дапамогі беспрацоўным, гарантаваўшы ім годны дапаможнік, бясплатнае перанавучанне, дзяржаўную дапамогу.

5. Аднавіць добрыя адносіны з суседнімі краінамі, ЕС і ЗША, выкарыстоўваць дапамогу міжнароднай супольнасці.

6. Стварыць сістэму мясцовага самакіравання, пры якой мясцовая ўлада абіраецца грамадзянамі і адчытваецца перад імі.

7. Пытанне будаўніцтва Атамнай электрастанцыі адкласці да правядзення вольных выбараў у краіне.

Міф пра "эфектыўнасць" беларускай эканамічнай мадэлі паваліўся разам з нашай нацыянальнай валютай. І зараз ніхто не сумняваецца, што Беларусі патрэбна новая эканамічная палітыка. Але рэальнае развіццё магчыма толькі калі ў нас будзе дэмакратыя і сумленныя выбары. Беларусь пойдзе наперад, калі ініцыятыва людзей будзе заахвочвацца, а не душыцца, як цяпер. Нам патрэбны конкурс праграм, конкурс ідэй, кааб усе бачылі здольнасць кожнага дэпутата.

Кажаце, рэжым намалюе сабе любыя лічбы? Намалюе. Але "мастакоў" трэба будзе ўсё больш і больш. Праўда будзе прасочвацца. Усё больш людзей будуць бачыць фальш. Наступны крок – гэта аб'яднаць тых, хто жадае жыць у звычайнай краіне і разам вырашаць, што рабіць.

Мы ўсе бачым, што гэта непрацаздольная сістэма цягне нас у тупік, але выйсце ёсць – гэта справядлівыя і сумленныя выбары.

Разам мы пераможам: даможамся сумленных выбараў і выведзем краіну з тупіку!



Кандыдат у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Уладзімір Малярчук.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка