Педмайстэрня (11 клас) Тэма




Дата канвертавання10.05.2016
Памер52.51 Kb.
Педмайстэрня (11 клас)

Тэма: "Простае шчасце людское..."

(Праблема чалавечага шчасця ў апавяданні Я. Брыля “Галя”)



Мэта: Вызначыць канцэпцыю (сістэму поглядаў) шчасця па Я. Брылю на прыкладзе апавядання "Галя".

Вучыцца разважаць, абменьвацца думкамі на прапанаваную тэму. Выхоўваць культуру чалавечых узаемаадносш, абудзіць думкі аб сэнсе жыцця, аб шчасці.



Абсталяванне: Партрэт Я. Брыля, выстава кніг, ілюстрацыі да твора (малюнкі вучняў), выстава кніг, касета з рамансам "Белой акации гроздья душистые..." у выкананні Л. Сенчынай, эпіграф-пажаданне А. Моцарта: "Шануйце кожнае імгненне, кожны дзень жыцця - можа гэта і ёсць самая галоўная навука, сапраўднае шчасце".

Ход урока

1. Аргмомант.

2. Паведамленне тэмы I мэты ўрока, яго від.

I. Індукцья. Настаўнік чытае верш М. Танка "Шчасце".

II. Самаканструкцыя.

- Запішыце ўсшыткі асацыятыўны рад да слова "шчасце" у Танкавым разуменні, дапоўніце яго сваімі паняццямі, выберыце самае значнае, на думку кожнага, слова ці словазлучэнне. (Вучні называюць словы)

- Шчасце не мае аднолькавай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобую мерку для шчасця і свой асабісты погляд на самое шчасце. Пацвярджэннем таму служаць вашы словы-дамінанты.

Паслухайце, што аб шчасці гаворыць народная мудрасць (настаўнік расказвае казку "Пра цара і кашулю").

Гэтая казка яшчэ раз даказвае, што мерка шчасця ў кожнага свая. Якая яна ў Янкі Брыля і герояў яго апавядання “Галя", мы паспрабуем сёння высветліць. Для гэтага спачатку выканаем заданні па групах.

III. Сацыяканструкцыя.

1 група складе віктарыну на тэму "Пазнай героя".

2 група дае характарыстыку Даньку Хамёнку і вызначае яго стаўленне да шчасця.

3 група характарызуе Міколу Хамёнка і яго разуменне шчасця.

4 група характарызуе Галю і яе погляды на шчасце.

IV. Сацыялізацыя. Кожная група абараняе свой праект.

1 група (віктарына складаецца так, каб ніхто з герояў твора не застаўся

па-за ўвагай).

2 група (характарызуючы Даньку Хамёнка, трэба звярнуць увагу на наступныя пытанні:

1) Як праз знешні выгляд героя Я. Брыль раскрывае яго ўнутраны свет?

2) Для чаго жыве Д. Хамёнак?

3) 3 чым асацыіруюцца рукі Д. Хамёнка?

4) Каго з герояў замежнай лігаратуры нагадвае герой?

5) Ці ашчаслівіў Данька сваіх родных гэтым багаццем?

6) Чаму Я. Брыль заканчвае жыццё Д. Хамёнка хутка пасля 1939 года?)

3 група (апісваючы Міколу Хамёнка, варта звярнуць увагу на наступныя пытанні

1) Як знешні выгляд героя дапамагае раскрыць стан яго душы?

2) Чаму М. Хамёнак пайшоў супраць волі бацькоў? Ці закахаўся ён?

3) Чым падобны М. Хамёнак да бацькі і чым адрозніваецца ад яго?

4) Куды прывяла М. Хамёнка яго жыццёвая дарога? Чаму?).

Слова настаніка. Такім чынам, ні Даньку Хамёнка, ні яго сына Міколу іх жыццёвыя прынцыпы не зрабілі шчаслівымі. Лагічна, шго носьбітам тых маральных каштоўнасцей, якімі вымярае шчасце Я. Брыль, з'яўляецца Галя. Гэта ён сцвердзіў і самой назвай апавядання. Якія ж яны, гэтыя каштоўнасці?

Прасачыць за лёсам гераіні нам дапамагае храналагічна прадуманая кампазіцыя твора, дзе мінулае паўстае з сённяшніх успамінаў гераіні. (Настаўнік чытае радкі з верша В. Зуёнка "Упадзе на тваё плячо...", потым гучаць дзве страфы раманса "Белой акации гроздья душистые...").

Зусім маладой паўстае ў творы і наша гераіня. Давайце паслухаем гісторыю яе жыцця.

4 група (расказваючы пра лёс Галі, патрэбна не абысці ўвагай наступныя пытанні:

1) Знешні выгляд гераіні, яе адносіны да працы.

2) Галя і яе дзеці.

3) Чаму, апынуўшыся ў сям'і Хамёнкаў, Галя не дапамагае ім красці?

4) Чаму Галя выйшла замуж за М. Хамёнка?

5) Ці можна сказаць, што жыццё з Хамёнкам-малодшым было асуджана на пакуты?

6) Ці мог М. Хамёнак зрабіць Галю шчаслівай?

7) Што такое каханне? (адказам на гэтае пытанне будзе паведамленне вучня, якое ён рыхтаваў загадзя, абапіраючыся на погляды псіхолагаў).

Слова настауніка. Давайце падсумуем сказанае і пачутае і паспрабуем адказаць на пытанне: "Ці шчаслівая Галя?" А дапамогуць вам у гэтым цытаты (настаунік раздае цытаты кожнай групе). Ці можна сказаць, што прыведзеныя словы маюць дачыненне да лёсу гераіні (вучні абмяркоўваюць).

Цытаты.


I. "Праца можа зрабіць чалавека шчаслівым, прыводзячы яго душу ў яснасць, гармонію і задаволенасць самім сабой." В.Р.Бялінскі.

II. "У жыцці ёсць два моцныя якары - работа і дзеці".

Н.М. Амосаў

III. "Што слава? Шчасце нам прамое - з сумленнем нашым жыць у спакоі".

Г.Р.Дзяржавін

IV. "Для кахання аднолькава неабходны і цяжкія выпрабаванні жыцця, і жывыя ўспаміны таго, як яно, каханне, пачыналася. Шчаслівы той, хто захаваш гэта ў сэрцы сваім".

А. Фадзееў

Слова настаўніка. Галя не толькі захавала ўспаміны ў сэрцы сваім, а і працягвае жыць гэтым каханнем. Ёй не трэба многа. Ёй дастаткова ведаць, што каханы недзе недалёка. Яна шчаслівая тым, што ён проста жыве. I пацвярджэннем таму служаць апошнія радкі твора.

(Настаўнік чытае радкі з верша Н. Мацяш "А ты жыві, каханы мой, жыві...", затым гучыць другая частка раманса "Белой акации гроздья душистые...").

V. Разрыў. Якімі ж маральнымі каштоўнасцямі вымярае шчасце Я.

Брыль (імі ён надзяліў Галю)?

(1) праца; 2) мацярынства; 3) чыстае сумленне; 4) уменне кахаць)

Дапоўніце свой асацыятыўны рад. Ці змянілася слова - дамінанта?



VI. Творчая праца. "Маё разуменне шчасця" (Вучні пішуць сачыненне-мініяцюру і потым абменьваюцца ўражаннямі).

VII. Рэфлексія. Якія пачуцці выклікаў сённяшні ўрок у вашых душах? Чаму? (Абмен думкамі). Слова настаўніка. Хочацца верыць, што ўрок прымусіў вас задумацца над тым, што такое шчасце. I калі вы задалі ўжо сабе такое пытанне: "Ці ёсць шчасце ў маім жыцці?", то няхай будуць кропкай адліку словы А. Моцарта, якія мы дорым на памяць усім прысутным.

(Чытаецца эпіграф з дошкі)



Выстаўленне адзнак.

Дамашняе заданне.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка