Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў




Дата канвертавання05.05.2016
Памер93.14 Kb.
Пазакласны занятак па музыцы.

Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў

Школа: Яварская сярэдняя агульнаадукацыйная школа

Клас:1-2

Мэта: стварыць умовы для фарміравання паняцця аб беларускім фальклоры, пазнаёміць з беларускімі народнымі гульнямі, у якіх выкарыстоўваліся мелодыі напеваў;

садзейнічаць развіццю тэмбравага слыху, увагі, творчых здольнасцей вучняў, пачуцця гумару;

фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.

Месца правядзення: спартыўная зала

Ход занятка

1.Арганізацыйны момант

Гульня “Два астравы” (У зале выдзелены два “астравы”: востраў “Так” і востраў “Не”. Настаўнік ад першага імя гаворыць кароткае выказванне. Вучні, якія лічаць, што гэтае выказванне адносіцца да іх, займаюць месца на востраве “Так”, у іншым выпадку – на востраве “Не”).

--Мне падабаецца сумаваць.

-- Я люблю быць адзін.

--Я люблю, калі вакол весела.

-- Я не ўмею сябраваць.

--Я люблю гуляць з сябрамі.

--Я люблю слухаць музыку.

--Я не ўмею гуляць.

--Я хачу пазнаёміцца з новымі гульнямі.



Наст.: Я вельмі рада, што ўсе вы любіце быць разам з сябрамі, любіце гуляць і хочаце пазнаёміцца з новым гульнямі.

Сёння я запрашаю вас на музычна-гульнявы занятак Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў”, дзе вы пазнаёміцеся з новымі для вас гульнямі, у якія яшчэ гулялі вашы мамы і таты, бабулі і дзядулі. Гэтыя гульні называюцца фальклорныя.



2. Уступная гутарка

Наст.: А хто з вас ведае, што такое фальклор? (Гэта творы, створаныя ў даўнія часы народам. Прозвішча іх аўтараў, як правіла, мы не ведаем. Гэта прыказкі, загадкі, лічылкі, песні, гульні і інш. ). Мы з вамі развучым гульні, у якіх ёсць мелодыі напеваў. Гульні будзем праводзіць без музычнага суправаджэння – так, як у іх гулялі спакон веку.

3. Развучванне гульняў

1.Гульня “Кот Васька”

Загадка:

Калматы, вусаты па хаце ходзіць, хвастом водзіць.

Песенькі спявае, малачка жадае.

Па лічылцы выбіраецца кот Васька і мышы.



Ходзіць кот па траве, носіць сон у рукаве, Як убачыш гэты сон, мышанятка, выйдзі вон.

Дзеці, узяўшыся за рукі, ідуць карагодам і спяваюць:



1.Ходзіць Васька шэранькі,

Хвост у Ваські беленькі, ходзіць Васька кот.

Пад спеў гэтых слоў Васька ходзіць у сярэдзіне круга, перадаючы плаўныя рухі ката. Мышы па-за кругам назіраюць за катом.



2.Да хлопца прытуляецца, спінкай выгінаецца,

Хвост яго дугой.

Пад спеў другога слупка дзеці стаяць у крузе, Васька падыходзіць да каго-небудзь з дзяцей, лашчыцца, а той пагладжвае Ваську па спіне.



3.Мышкі, сцеражыцеся. Ціха! Беражыцеся!

Усіх вас зловіць кот.

Пад спеў трэцяга слупка дзеці стаяць, падняўшы сашчэпленыя рукі ўгару. Васька выходзіць за круг. Толькі на апошняе слова “кот” Васька пачынае лавіць мышэй. Дзеці ў гульні дапамагаюць мышам, як слабейшым за ката. Васька павінен пералавіць усіх мышэй.



2. Гульня “Да дзеда ў госці”

Сярод удзельнікаў гульні выбіраюць дзеда Рыгора, астатнія – унукі.

Настаўнік запрашае дзяцей пайсці да дзеда Рыгора. Унукі дамаўляюцца, што яны будуць паказваць дзеду розныя рухі (імітуючы дзеянні пры выкананні той ці іншай працы або ігры на музычным інструменце).

Потым падыходзяць да дзеда і спяваюць:



Добры дзень, дзед Рыгор,

Мы прыехалі з-за гор,

Павітацца, каб з табою,

З доўгай белай барадою.

Пасля гэтага працягваюць прывітанне ў больш хуткім тэмпе:



Каб ты быў заўжды здароў, не хадзіў да дактароў.

Дзед Рыгор адказвае напеўна:



Добры дзень, мае вы дзеткі,

Вельмі рады я гасцям!

Дзе ж вы, жэўжыкі, хадзілі?

Што вы бачылі? Рабілі?

Дзеці (весела)



Што мы бачылі – не скажам,

Што рабілі? Мы пакажам.

Усе дзеці робяць пэўныя рухі. Напрыклад, хто косіць сена, хто сячэ дровы, хто мяце падлогу, хто грае на дудцы ці на гармоніку і г.д.

Дзед Рыгор спачатку назірае за дзецьмі, потым называе па жаданню чыё-небудзь імя. Адгадаўшы, што той рабіў, дзед Рыгор спрабуе яго злавіць. Калі зловіць, той становіцца дзедам Рыгорам, калі не – гульня пачынаецца спачатку.

3. Гульня “Маша”

Наст.: Ёсць у нас дзяўчынка Маша,



І ёсць у нас хлопчык Саша,

Яны хочуць пагуляць,

Хто пакліча – адгадаць.

Дзяўчынцы або хлопчыку завязваюць вочы хустачкай. Дзеці, трымаючыся за рукі, ідуць па крузе і спяваюць:



Маша, Маша, ты пацеха наша,

Адгадай, хто пяе, імя тваё назаве.

Хто-небудзь адзін з дзяцей праспявае: “Ма-ша”. Маша, якая стаіць у сярэдзіне круга, павінна адгадаць, хто спяваў. Хто адгадае, той становіцца Машай. Калі гэта хлопчык, то дзеці спяваюць “Са-ша”


4. Гульня “Казёл”

Наст.: Як і быў у нас казёл,



Ён і разумны быў,

Ён па ваду хадзіў,

Ён і кашу варыў,

Дзеда з бабай карміў.

Па лічылцы выбіраюць казла. Ён становіцца ў сярэдзіну круга. Дзеці вядуць карагод і спяваюць. Казёл на словы ўсіх напеваў стаіць задаволены, слухае, а на словы прыпеваў паказвае рухі, якія адпавядаюць тэксту.


1.Павітай, казелінька, пакажы, казелінька,

Як бабулькі скачуць.

ПРЫПЕЎ: Вось і так, так і гэтак,

Так бабулькі скачуць

2.Павітай, казелінька, пакажы, казелінька,

Як дзядулькі скачуць.

ПРЫПЕЎ: Вось і так, так і гэтак,

Так дзядулькі скачуць

3.Павітай, казелінька, пакажы, казелінька,

Як дзяўчынкі скачуць.

ПРЫПЕЎ: Вось і так, так і гэтак,

Так дзяўчынкі скачуць

4.Павітай, казелінька, пакажы, казелінька,

Як хлопчыкі скачуць.

ПРЫПЕЎ: Вось і так, так і гэтак,

Так хлопчыкі скачуць

5.Павітай, казелінька, паглядзі, казелінька,



Як ты, козлік,скачаш. (Дзеці паказваюць самі)

ПРЫПЕЎ: Вось і так, так і гэтак,

Так ты, козлік, скачаш.

Козлік пачынае лавіць дзяцей. Каго першага зловіць, той будзе козлікам.


4.Падвядзенне вынікаў.

--З якімі гульнямі пазнаёміліся?

--Чаму іх называюць фальклорныя?

--Якая асаблівасць усіх гульняў? (У гэтых гульнях трэба спяваць)



5. Рэфлексія.

Гульня “Два астравы” (правілы гульні апісаны ў арганізацыйным моманце)

--Мне спадабаліся новыя гульні (На востраве “Так” дзеці удакладняюць, якія гульні ім асабліва спадабаліся)

--Мне было сумна.

--Мне спадабаліся песні ў гульнях. (Удакладняюць, якія)

--Я не хацеў бы больш гуляць у такія гульні.

-- Я думаю, што нашыя бабулі і дзядулі гулялі ў цікавыя гульні.

-- У мяне цяпер вельмі добры настрой.




Пазакласны занятак

музыка/выяўленчае мастацтва

Школа: Яварская сярэдняя агульнаадукацыйная школа

Настаўнік: Скрабец Г.А.

Клас:1-2

Тэма: Зіма—чароўная пара

Мэта: стварыць умовы для фарміравання ўмення “чытаць” карціну, разумець яе сэнс; для фарміравання паняцця аб тым, што музыка і жывапіс узаемазвязаны, яны могуць адвображваць рэальнасць;

садзейнічаць развіццю эстэтычнага густу, уяўлення;

выхоўваць любоў да прыроды

Абсталяванне: прэзентацыя “Зіма”, рэпрадукцыі карцін К.Ф.Юнона “Волшебница зима”, І.Э.Грабара “ Февральская лазурь”, музычныя творы: Вівільдзі “Зіма”, В.Агафоннікаў “Сані са званочкамі, П.І. Чайкоўскі “Поры года” “Люты”, П.І.Чайкоўскі “Вальс снежных хлопьев” з балета “Щелкунчик”.
Ход занятка

1.Арганізацыйны момант.

1.Прывітанне.

2.Прыём “Кветка радасці” (вучні перадаюць адзін аднаму “кветку радасці” і гавораць пажаданне)

2. Увядзенне ў тэму. Вызначэнне задач занятка.

1. Прэзентацыя “Зіма” у суправаджэнні музыкі Вівальдзі “Зіма” і ўрыўка з казкі З.Верас “Чараўніца”



З далёкай поўначы, з краю вечнага снегу і лёду, парай белых касматых мядзведзяў, спавітая ў белыя пуховыя тканіны, прыехала да нас Чараўніца. Зачаравала воды нашай мілай Зямелькі, і зрабіліся яны камянямі празрыстымі. Зачаравала лясы нашы, і заснулі яны сном глыбокім. Патрэсла шырокімі рукавамі сваёй пуховай вопраткі, і пакрыліся палі нашы снежнай беллю. І лёг наш край пад нагамі Чараўніцы белы…ціхі…задуманы. Рада яна са свае моцы, усміхнулася смехам ясным, хоць і халодным, і ад гэтага ўсмеху заіскрылася ўсё кругом цэлым морам брыльянтаў шматколерных. І стаіць сярод гэтага мора белі і бляску, магутная, грозная, хоць прыгожая, ды бязлітасная. Госця наша штогодняя з далёкай поўначы – Чараўніца-Зіма.
--Якой пары года прысвечаны наш занятак? Так, цудоўнай пары –зіме, якая ніколі нікога не астаўляла раўнадушным да сваёй прыгажосці. Пра зіму пісьменнікі пісалі вершы, мастакі—карціны, кампазітары сачынялі музыку.

Я запрашаю вас да падарожжа ў свет мастацтва, дзе мы пазнаёмімся з музычнымі творамі і творамі жывапісу, прысвечанымі гэтай казачнай пары, а таксама сёння вы будзеце мець магчымасць самі тварыць.



3. Падарожжа ў свет мастацтва.

1. Знаёмства з карцінай К.Ф.Юнона “Чараўніца зіма”

–Перад вамі карціна рускага жывапісца Канстанціна Фёдаравіча Юнона.

Як бы вы яе назвалі? Чаму?

--Сваю карціну К.В. Юнон назваў “Чараўніца зіма”. Маляваць Юнон пачаў з васьмі гадоў і ўсё жыццё прысвяціў жывапісу. Асабліва ён любіў вясну і зіму.

-- Якія ўражанні ў вас ад карціны? Які настрой яна ў вас вызывае?

--Пералічыце тое, што вы бачыце на карціне. (Рака, вёска, кала ракі дрэвы, прысыпаныя снегам).

--Што вы бачыце на пярэднім плане? (Бераг ракі, дрэвы на беразе, хлопчыкаў, якія катаюцца на каньках.)

--Ці можна сказаць аб тым, што больш за ўсё падабаецца мастаку на карціне? (Магчыма, яму вельмі падабаюцца людзі, якія выйшлі на вуліцу. Яны радуюцца зіме.)

-- Што асаблівага вы заўважылі на карціне? (Вельмі прыгожыя дрэвы, вялікія; іх галінкі вырысоўваюцца на фоне ружавата-шэрага неба.)

--Зіма—гэта ў першую чаргу снег. Як паказвае снег мастак? (Серабрысты, сіняваты, белы, пушыстай коўдрай засцілае зямлю. Снег усюды. Ён упрыгожыў галінкі дрэў. Ён ляжыць на стрэхах дамоў).

--І гэтая вялікая колькасць снегу робіць усё вакол незвычайным і казачным. Вось чаму назва карціны “Чараўніца зіма”. Так павялічыўшы памеры дрэў, мастак паказвае, што зіма – чараўніца.

--Што яшчэ стварае вобраз чараўніцы зімы? (Упрыгожаныя інеем дрэвы, вялікія сугробы).

--Што мы бачым на заднім плане? (Злева і справа вуліцы вёскі, цёмны лес, людзі на конях).

--А зараз паслухайце музычны твор, таксама прысвечаны тэме зімы. Як вы думаеце, выявам чаго на дадзенай карціне адпавядае гэтая музыка? (В.Агафоннікаў “Сані са званочкамі” (назва твора адразу не паведамляецца).

--Так, мы пачулі звон. Адкуль можа даносіцца гэты звон? (Раней на шыю коням зімой вешалі званочкі. Ад іх і разносіцца гэты гук.)

-- П’еса называецца “Сані са званочкамі”. Сачыніў яе рускі кампазітар.В.Агафоннікаў. А зараз паслухайце п’есу яшчэ раз і ўявіце, што карціна ажыла. Якія змены на ёй адбыліся б за той час, пакуль іграе музыка? (Сані паехалі далёка і іх магчыма ўжо не відаць, таму што званочкі гучалі ўсё цішэй і цішэй, і ўвогуле замоўклі).

--А ці можна было ўявіць, як гуляюць дзеці? Давайце мы паспрабуем гэта зараз паказаць.



Фізхвілінка (імітацыя зімовых забаў дзяцей)

2. Разглядванне карціны І.Э.Грабара “ Лютаўская лазур”.

пад музыку П.І. Чайкоўскага “Поры года” “Люты” .

-- Наст.: І.Э. Грабар –рускі мастак-жывапісец, які вельмі любіў сваю прыроду ў розныя поры года, назіраў за зменамі ў навакольным асяроддзі , а потым пры дапамозе фарбаў адлюстроўваў гэтую прыгажосць.

Карціна называецца “Лютаўская лазур”. Чаму мастак выбраў менавіта гэтую назву? Як вы разумееце слова “лазур”? (Гэта колер: светла-сіні, блакітны або светла-зялёны колер з фіялетавым адценнем)

--Калі бывае такое неба? (У яркі сонечны дзень)

--Што нам яшчэ дапамагае зразумець, што дзень, паказаны на карціне –сонечны? (Зіхацяці ствалы бяроз).

--А якімі колерамі намалёваны ствол бярозы і галінкі? Ці можна сказаць, што яны чыста белыя? (Не, яны з жоўтым, чырванаватым, аранжава-карычняватым адценнем, таму што сонейка на іх як бы гуляе).

А які дзень паказаў мастак – халодны ці цёплы? (Дзень зімовы, але не вельмі халодны, таму што ярка свеціць сонца, і, магчыма трошкі ўжо грэе. І мастак выкарыстаў часткова адценне цёплых колераў—чырвонага, жоўтага).

--А якімі колерамі пісаў бы мастак гэты пейзаж, калі б хацеў паказаць сцюжу? (Ён бы выкарыстаў шэрыя і сінія, больш цёмныя колеры, халодныя.)

--Якую бярозу паказаў мастак на першым плане – маладую ці старую? (Бяроза ўжо старая, бо яна скрыўленая, у яе тоўсты ствол, шмат галінак.)

--А на другім плане якія бярозы? (Там адна старая і шмат маладых бяроз)

--А па галінках можна зразумець, дзе маладая, а дзе старая? (Не, яны спляліся паміж сабой. Скрозь галінкі разглядваецца сіняе неба. Здаецца, што да яго вельмі далёка).

--А зараз звярніце ўвагу толькі на верхнюю частку карціны. Што напамінае узор галінак? (Марозны ўзор на шкле).

--А чаму менавіта бярозу выбраў мастак, каб паказаць хараство зімы? (Гэта вельмі прыгожае дрэва, мае заўжды святочны выгляд: і летам, і зімой).

-- А зараз яшчэ раз разгледзьце карціну і прыслухайцеся да музыкі (паўторнае гучанне музыкі П.І. Чайкоўскага)

--Чаму гучала менавіта такая музыка, што яна вам напамінала?(Гэта таксама музыка зімы, апошняга зімовага месяца. Называецца гэты музычны твор “Люты”. Сачыніў яго рускі кампазітар П.І. Чайкоўскі.)

--Чым падобны карціна і музыка?(паўторнае слуханне) (Адчуваецца зімовы холад і адначасовае набліжэнне вясны).



4. Практычная частка.

-- А зараз я хачу прапанаваць вам стаць мастакамі-жывапісцамі. Вам таксама неабходна будзе намаляваць зімовую карціну, а вось што будзе на вашай карціне, здагадайцеся, паслухаўшы музыку. (П.Чайкоўскі “Вальс снежных хлопьев”)

-- Што вы ўявілі?

-- Гэта твор П.І.Чайкоўскага “Вальс снежных хлопьев” з балета “Щелкунчик”.

--Уявіце, што вы –сняжынкі. Паспрабуйце пад гэтую музыку танцаваць вальс сняжынак

Фізхвілінка (танец сняжынак пад музыку П. Чайкоўскага)

--Намалюйце, якімі вы ўяўляеце сняжынкі

(Самастойная работа)

5. Выстава работ. (Усе сняжынкі змяшчаюцца на дошцы).

--Як бы вы назвалі нашу калектыўную карціну?



6. Падвядзенне вынікаў.

-- З якімі карцінамі вы пазнаёміліся?

--З якімі музычнымі творамі?

--Якія з іх найбольш уразілі вас?



7.Рэфлексія.

Гульня “Два сонейкі” (На дошцы два сонейкі: вясёлае і сумнае. Падыйсці да тога, якое адпавядае вашаму настрою. Чаму ў вас такі настрой?)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка