Павінен быць творчы агеньчык




Дата канвертавання22.06.2016
Памер28.17 Kb.
"Павінен быць творчы агеньчык..."
На філалагічным факультэце БДУ ў фальклорна-этнаграфічным кабінеце-музеі беларускай культуры па ініцыятыве прафесара кафедры беларускай літаратуры і культуры І.В. Казаковай пачаў ажыццяўляцца новы праект правядзення выставак манаграфій, вучэбна-метадычных дапаможнікаў і іншых друкаваных прац выкладчыкаў-юбіляраў філалагічнага факультэта. Студэнты атрымалі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі, напісанымі іх выкладчыкамі, убачыць разнастайнасць іх навуковых і філалагічных інтарэсаў, зразумець, як многа яны паспяваюць рабіць для беларускай навукі.

Так, 8 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё першай выстаўкі гэтага праекта, на якой прадстаўлены публікацыі загадчыка кафедры беларускай літаратуры і культуры, доктара філалагічных навук, прафесара Т.І. Шамякінай, якая прыйшла ў БДУ яшчэ студэнткай і ўсё жыццё працуе ў alma mater. Выстава яскрава адлюстроўвае багаты творчы набытак Т.І. Шамякінай за гады працы ў БДУ. Гэта цікавыя навуковыя і вучэбна-метадычныя працы па гісторыі беларускай літаратуры, сусветнай культуры, міфалогіі і фалькларыстыцы. Т.І. Шамякіна – аўтар больш чым 400 друкаваных прац: манаграфій, артыкулаў, творчых эсэ, перакладаў... Сярод яе кніг наступныя: "На лініі перасячэння", "Міфалогія Беларусі", "Беларуская класічная літаратура і міфалогія", "Міфалогія і літаратура", "Славянская міфалогія" ў беларускім і рускім варыянтах, "Кітайскі жывёльны каляндар і славянскі міфалагічны бесціярыум", "Беларуская літаратура і міфалогія", "Іван Шамякін у незвычайных ракурсах" і інш. Ёй напісаны адзін з раздзелаў у падручніку "Беларуская літаратура ХІ – ХХ ст.". За кнігу "Традиционный китайский календарь и славянские мифологические параллели" ў 2010 г. атрымала першую прэмію на рэспубліканскім конкурсе літаратурных прац у намінацыі "Літаратуразнаўства". Больш за 10 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для базавай школы і для ВНУ па беларускай літаратуры і тэорыі літаратуры напісана ў сааўтарстве. Яе навуковы плён цэніцца не толькі беларускімі вучонымі, але і замежнымі. На сённяшні дзень фактычна ў кожнай другой дысертацыі па беларускай філалогіі цытуюцца працы Т.І. Шамякінай, бо даследаванне міфа-паэтычнага аспекту з’яўляецца вельмі актуальным у сучасным літаратуразнаўстве.

Акрамя загадвання кафедрай беларускай літаратуры і культуры БДУ, Т.І. Шамякіна – член Экспертнага савета ВАК, член Прэзідыума і член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член аб'яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі навукі, культуры і мастацтва, член рэдакцыйных саветаў і навуковы кансультант часопісаў і зборнікаў "Веснік БДУ", "Роднае слова", "Іпакрэна", "Полымя", "Міфалогія – фальклор – літаратура: праблемы паэтыкі", "Беларускае літаратуразнаўства". Узнагароджана медалём Францыска Скарыны (2007), Граматамі Міністэрства адукацыі БССР, ВАК Рэспублікі Беларусь, рэктарата і дэканата БДУ. Выдатнік адукацыі (2008).

Юбіляра віншавалі кіраўніцтва факультэта (з віншавальным словам выступіў дэкан філалагічнага факультэта, доктар філалагічных навук, прафесар І.С. Роўда), а таксама калегі (загадчык кафедры тэорыі літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар В.П. Рагойша, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры Т.П. Казакова, ад імя кафедры беларускай літаратуры і культуры выступіла доктар філалагічных навук, прафесар Л.Д. Сінькова і інш.), аспіранты, магістранты, студэнты. Асабліва былі адзначаны яе інтэлігентнасць і незвычайная працавітасць. У сваю чаргу Т.І. Шамякіна расказала прысутным пра тое, як пачынаўся яе шлях у навуку, з чаго ўзнікла яе зацікаўленасць даследаваннем міфа-паэтыкі, узгадала В.А. Каваленку, аўтара кнігі "Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры", і сваіх настаўнікаў І.Я. Навуменку і А.А. Лойку. Яна падрыхтавала 5 кандыдатаў філалагічных навук па гэтым напрамку.



Дачка народнага пісьменніка Беларусі І.П. Шамякіна, Таццяна Іванаўна пераклала з беларускай мовы на рускую каля 10 яго раманаў і аповесцей (сярод іх такія творы, як аповесць "Гандлярка і паэт", раман "Вазьму твой боль", і інш.). А зараз Т.І. Шамякіна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы да друку 23-томнага збору твораў І.П. Шамякіна (ужо надрукавана 13 тамоў), піша каментарыі і пасляслоўі. Да таго ж Т.І. Шамякіна – маці дзвюх дачок-філалагінь.

Шчыра віншуем Таццяну Іванаўну з юбілеем, зычым моцнага здароўя, творчага натхнення (як казаў яе хросны бацька Андрэй Макаёнак, – агеньчыка), плёну ў навукова-даследчай і выкладчыцкай працы!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка