Паважанае спадарства!




Дата канвертавання15.03.2016
Памер107.4 Kb.
Паважанае спадарства!

Ініцыятыўная група Клубу еўрапейскіх настаўнікаў і ГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” пры падтрымцы Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (АМО) (Чэхія) і ПАГА “Рух “За Свабоду”” запрашаюць усiх настаўнікаў, зацiкаўленых у актуалiзацыi ведаў аб культурна-гістарычных сувязях Беларусі і Еўропы прыняць удзел у



Восьмым рэспублiканскiм конкурсе школьных каманд

«Што я ведаю пра Еўропу?».

Гiсторыя конкурсу бярэ пачатак з 2004 года, калi прайшло першае спаборнiцтва памiж школьнымi камандамi на веданне гiсторыi Еўрапейскага Саюза i гiсторыi Еўропы. Пераможцам стала каманда Ждановiцкай СШ.

У 2005 годзе конкурс праходзiў у два этапы: рэгiянальныя паўфiналы і фiнал у Мiнску. Пераможцам конкурсу стала каманда Расонскай СШ iмя П.Машэрава.

У 2006 годзе тытул пераможцаў па выніках паўфіналаў і фіналу перайшоў да каманды Славянскай гімназіі з Бабруйску.

У 2007 годзе конкурс праходзiў у адзiн этап, пераможцам якога стала каманда Еўраклуба «Дзе я?» (г. Ліда).

У 2008 годзе конкурс зноў праходзіў у два этапы: першы тур (паўфінал) - пісьмовы тэст, другі тур (фінал) - камандныя спаборніцтва. Пераможцамі ўпершыню сталі школьнікі са сталіцы - каманда мінскай СШ № 207.

У 2009 годзе конкурс праходзіў у два этапы: першы тур (паўфінал) - пісьмовы тэст, другі тур (фінал) - камандныя спаборніцтва. Пераможцамі ў другі раз стала каманда мінскай СШ № 207.

У 2010 годзе конкурс праходзіў у два этапы: першы тур (паўфінал) - пісьмовы тэст, другі тур (фінал) - камандныя спаборніцтва. Пераможцамі стала каманда з Навагрудка “Беларускае кола”.

Каманды-пераможцы конкурсу ўзнагароджваліся паездкамі ў Варшаву, Брусель, Вільню, Кіеў.

Конкурс 2011 года будзе прысвечаны 20-годдзю Вышаградскай групы:

Конкурсныя заданні арыентаваныя на вучняў 8-11 класаў, каманда складаецца з 5 вучняў і кіраўніка. Падрыхтоўка да конкурсу і выкананне заданняў адборачнага тура і фінала можа быць выкарыстана настаўнікамі для паглыблення ведаў па гісторыі Беларусі і Еўропы, а таксама ў якасці пазакласнай выхаваўчай працы для настаўнікаў, зацікаўленых у выхаванні любові, гонару і патрыятычных пачуццяў да сваей краіны.



Конкурс 2011 года будзе праходзiць у два этапы:

  1. Паўфінал (пісьмовы адборачны тур).

  2. Фiнал (камандная гульня з удзелам 3-х пераможцаў паўфіналу).

Каманды-пераможцы адборачнага тура конкурсу “Што я ведаю пра Еўропу?” паедуць на фінальную гульню ў Вільню. Усе выдаткі (праезд у Вільню і назад, пражыванне, харчаванне, культурная праграма) нясуць арганізатары. Удзельнікі гульні павінны мець пашпарт, выданы не пазней 2003 года, які мае не менш за 3 свабодныя старонкі. Фіналісты атрымаюць памятныя падарункі.

Усе каманды–удзельніцы атрымаюць ад арганізатараў конкурсу памятныя дыпломы.

Паважаныя сябры, калі Вы зацікаўлены прыняць удзел у конкурсе “Што я ведаю пра Еўропу?”, просім Вас да 21 кастрычніка 2011 г. даслаць выкананые заданні адборачнага тура на электроны адрас igken@mail.ru, указаўшы:



Мясцовасць:

Навучальная ўстанова:

Кіраўнік каманды:

Узрост удзельнікаў каманды:

Кантакты: маб.тэл. mail:

Фінал конкурсу плануецца на апошнія выходныя лістапада альбо першыя выходныя снежня, фіналісты будуць вызначаны не пазней за 25 кастрычніка.

Чакаем Вашага актыўнага ўдзелу ў конкурсе!

Заданні адборачнага тура.

Максімальная колькасць балаў за адборачны тур – 90.

За кожны правільны адказ на адкрытае пытанне даецца 1 бал, максімальная колькасць балаў – 5, правільны толькі адзін варыят. Правільны адказ пазначыць чырвоным колерам ці нумар пытання – абраны Вамі адказ. Кожны поўны правільны адказ на закрытае пытанне ацэньваецца ў 2 балы, няпоўны адказ – 1 бал, няправільны – 0. Максімальная колькасць балаў – 10. Максімальная колькасць балаў за кожны раздзел – 15.


  1. Вышаград.

1. Горад Вышаград, у якім паўстала Вышаградская група, знаходзіцца ў

а) Чэхіі;

б) Польшчы;

в) Венгрыі;

г) Славакіі

2. Сустрэчы прэзідэнтаў краін-удзельніц Вышаградскай групы адбываюцца

а) раз на два гады;

б) раз на год;

в) раз на паўгады;

г) раз на паўтары гады

3. Штаб-кватэра Міжнароднага Вышаградскага Фонда знаходзіцца ў

а) Празе;

б) Браціславе;

в) Вышаградзе;

г) Будапешце

4. У афіцыйнай сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц Вышаградскай групы, якая адбывалася ў лютым 2011 г. у Браціславе, апрача іх, бралі ўдзел кіраўнікі ўрадаў

а) Аўстрыі, Германіі і Украіны;

б) Германіі, Беларусі і Украіны;

в) Аўстрыі, Германіі і Славеніі;

г) Румыніі, Украіны і Харватыі

5. Апошняя па часе заява Вышаградскай групы, датычная адносінаў з Беларуссю, была зроблена:

а) 1 красавіка 2011;

б) 20 снежня 2010;

в) 15 верасня 2011;

г) 3 сакавіка 2011

1. Назавіце дакладную дату стварэння Вышаградскай групы?

2. Хто падпісаў дэкларацыю, якая паклала пачатак існаванню Вышаградскай групы?

3. Якая была першапачатковая назва Вышаградскай групы і што стала прычынай яе змены?

4. Якая гістарычная падзея, што адбылася ў 1335 годзе, сімвалічна інспіравала стварэнне Вышаградскай групы?

5. Якая арганізацыя з’яўляецца адзінай афіцыйнай установай, створанай у межах Вышаградскай групы?




  1. Чэхія.




  1. Ен атрымаў бліскучую адукацыю ў Карлавым універсітэце Прагі. На Радзіме, у Беларусі, ён стаў мітрапалітам, выдатным пісьменнікам, педагогам і прапаведнікам. Ен меў сталыя кантакты з еўрапейскімі манархамі, папам рымскім, істотна ўплываў на вонкавую і ўнутраную палітыку Вялікага княства Літоўскага. Гэты чалавек:

а) Францішак Скарына;

б) Язэп Руцкі;

в) Міхаіл Радівіл Чорны;

г) Іосафат Кунцэвіч



  1. “Бывай, залацістая Прага!..

Мой парус кірунак ужо меніць...

Успомню цябе я няблага

за казкі і сэрца каменняў.

За прыязні даўняй адзнакі,

кожнага нашага сына –

прымі сёння, Прага, падзяку

унучкі Францішка Скарыны!”

Аўтар гэтых радкоў:

а) Алаіза Пашкевіч;

б) Таццяна Сапач;

в) Ларыса Геніюш;

г) Вольга Дзеева

3. Ці ведаеце вы, што першая спроба аб'яднаць Еўропу належыць чэшскаму каралю. У 1462 годзе ён падрыхтаваў праект так званага "мірнага саюза". Яго ідэя атрымала прызнанне толькі праз 5 стагоддзяў. Калі ў 1944 году быў арганізаваны мірны саюз у рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, яго заснавальнікі спасылаліся і на чэшскі праект 500-летняй даўнасці. Гэта кароль?:

а) Іаган Люксембургскі;

б) Ладзіслаў Постум;

в) Генрых Харутанскі;

г) Йіржы з Падэбрадаў

4. Яе бацька Андрэй – з роду літоўскіх князёў, а маці Аляксандра была з беларускага княжацкага сямейства Друцкіх. Яе ўнук Уладзіслаў II Ягелон быў каралем Чэхіі ў 1471-1516 гг. Яе імя:

а) Ганна Цэльская;

б) Соф’я Гальшанская;

в) Ганна де Фуа;

г) Эльжбета Баніфацыя

5. Каму пастаўлена самая вялікая конная статуя ў Еўропе:

а) Яну Жыжку;

б) Людовіку XIV;

в) Марку Аўрэлію;

г) Казіма I Медзічы


  1. Назавіце свята, якому папярэднічала легенда, калі і дзе яно адбываецца: “У Х стагоддзі жыў Вітэк, які праславіўся на турнірах і ў паходах. Быў ён ужо не малады, але не было ў яго дзяцей. Аднойчы на турніры Вітэк ўлюбляецца ў маладзіцу, якая кінула яму ружу. Ад іх саюза нараджаецца пяць сыноў, а маладая жонка падчас цяжкіх родаў памірае. Пяць пялёсткаў беражліва захаванай ружы і пяць сыноў засталося ў Вітэка. Свае ўладанні Вітэк падзяліў паміж сынамі. У кожнага з братоў быў свой герб і на кожным з іх была ружа з пяццю пялёсткамі”.



  1. Назавіце замак, дзе знаходзіцца другая, пасля кароны Карла ІV, рэліквія Чэхіі. Назавіце гэтую рэліквію.



  1. Сёння чэшскі горад Слаўкаў мала чым вядомы, аднак 206 гадоў таму назад тут сустрэліся тры імператары. Назавіце прычыну і іншую назву горада?



  1. Каму належаць гэтыя словы: “Лічы няшчасным той дзень або тую гадзіну, калі ты не засвоіў нічога новага і нічога не дадаў да сваёй адукацыі.”?



  1. Помнікаў гэтаму літаратурнаму персанажу ў свеце больш, чым яго стваральніку. Назавіце імя гэтага героя і яго аўтара?



  1. Польшча

1. Адным з найстарэйшых з захаваных у Польшчы будынкаў з’яўляецца касцёл, пабудаваны ў 1079 – 1086 гг. у неіснуючым цяпер мястэчку Окул. Гэты касцёл асвечаны ў гонар:

а) Святога Барталамея;

б) Святога Крыжа;

в) Святой Агнешкі;

г) Святога Андрэя

2. Уладар Польшчы атрымаў каралеўскі тытул у:

а) 1386;

б) 966;


в) 1025;

г) 1003


3. Дынастыя Ягайлавічаў (Ягелонаў) кіравала Польшчай:

а) 300 год;

б) 187 год;

в) 164 гады;

г) 218 год

4. Ініцыятар стварэння ў 1581 годзе Полацкага езуіцкага калегіюма і яго рэктар у 1582 – 1586 гг. нарадзіўся ў польскім горадзе:

а) Кракаў;

б) Казімеж-Дольны;

в) Груец;

г) Плоцк


5. Гэты народжаны ў Брэсце выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі як прэм’ер-міністр Дзяржавы Ізраіль. Яго імя:

а) Менахім Бегін;

б) Іцхак Рабін;

в) Шымон Перэс;

г) Іцхак Шамір


  1. Народны лялечны тэатр у Беларусі называецца батлейка, ва Украіне – вэртэп. А як ён называецца ў Польшчы?



  1. Большасць польскіх каралёў пахаваныя зараз у адным горадзе на адным узгорку. Як называецца гэты горад і гэты узгорак?



  1. Гэтая вучоная польскага паходжання да сёння застаецца адзінай жанчынай у гісторыі, якая атрымала 2 Нобелеўскія прэміі. Хто гэта?



  1. Сёмы міністр замежных справаў міжваеннай Польскай рэспублікі быў адным з заснавальнікаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі і стрыечным братам вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага руху. Назавіце яго і яго стрыечнага брата.



  1. У гонар 100-годдзя гэтага ўраджэнца Мінска, 2006 год у Польшчы быў афіцыйна абвешчаны годам яго імя. Назавіце гэтага чалавека.



  1. Венгрыя



  1. Першы універсітэт узнік у Венгрыі ў чатырнадцатым стагодзі ў:

а) Сегедзе;

б) Будапешце;

в) Печы;

г) Кестхеі

2. У якім відзе спорта венгерскія спартоўцы найбольш паспяхова выступалі на Алімпійскіх гульнях:

а) фігурнае катанне;

б) фехтаванне;

в) плаванне;

г) конны спорт

3. Якога палітыка называюць “венгерскім Гарбачовым”:

а) Лайоша Кошута;

б) Янаша Кадара;

в) Франца Мадла;

г) Імрэ Надзя

4. У якім годзе Венгрыя падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз:

а) 2004;


б) 1997;

в) 1994;


г) 2002

5. Без якога прадукта не магчыма ўявіць блюда венгерскай кухні:

а) папрыка;

б) цыбуля;

в) кроп;

г) таматы



  1. Якое дачыненне мае венгерскі кароль Лайош II да дынастыі Гедымінавічаў?



  1. Хто гэты малады чалавек? Як ён праславіў Венгрыю?



  1. Якая венгерская цацка стала лідарам сусветных продажаў?



  1. На тэрыторыі Будапешта і Мінска ёсць плошчы з аднолькавай назвай. Якой?



  1. Як звязаныя паміж сабой гэтыя людзі?



  1. Славакія.

  1. Гісторыю славацкай дзяржавы ў ХХ стагоддзі ілюструе наступны ланцужок з дат: кастрычнік 1918 г. → кастрычнік 1938 г. → сакавік 1939 → май 1945 г. → студзень 1993 г.Якая падзея адпавядае даце “Кастрычнік 1938 года”?

а) стварэнне савецкай рэспублікі на федэратыўнай аснове;

б) абвяшчэнне аўтаноміі;

в) крах імперыі і утварэнне рэспублікі на федэратыўнай аснове;

г) стварэнне “незалежнай дзяржавы”

2. Браціслава - адзіная ў свеце сталіца, якая непасрэдна мяжуе з дзвума краінамі:

а) Польшчай і Венгрыяй;

б) Венгрыяй і Аўстрыяй;

в) Чэхіяй і Венгрыяй;

г) Венгрыяй і Польшчай.

3. У 2011 годзе была выдана першая кніга з серыі “Беларускія ЕўраРазмоўнікі”, прысвечаная Славакіі. У прадмове да выдання спадар ------------------- заўважае, што беларуская і славацкая мовы вельмі блізкія, да таго ж нас яднаюць “падобны менталітэт, сардэчнасць і гасціннасць”.

а) Мікулаш Дзурында;

б) Марыян Сэрватка;

в) Іван Гашпаровіч;

г) Павол Дэмітра.

4. У 1238 годзе першы горад на тэрыторыі Славакіі атрымаў прывілей свабоднага каралеўскага горада. Гэты горад:

а) Браціслава;

б) Трнава;

в) Вена;


г) Бойніцэ

5. Найстарэйшая навучальная ўстанова універсітэцкага тыпу на тэрыторыі Славакіі, якая праіснавала з 1467 да 1490 гг., называлася:

а) Каралеўская школа ў Браціславе

б) Іезуіцкі калегіюм

в) Акадэмія Істрапалітана.

г) Каледж Габсбургаў.



  1. Пазнайце гістарычны партрэт. Гэта вядомы палітык, які дзяцінства і маладосць правёў у кіргізскім Бішкеку. У перыяд дэсталінізацыі быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Славакіі. Менавіта з яго асобай звязаныя знакамітыя выслоўі “сацыялізм з чалавечым тварам” і “пражская вясна”.



  1. Ён лічыцца абавязковай стравай каляднага стала ў Славакіі: смажаны, у паніроўцы, з арэхамі, з часныком ці запечаны ў цесце, замяшаным на піве.



  1. Што за пабудова на фота? Дзе яна знаходзіцца? Падказка: у цэнтры Мінска знаходзіцца яе аналаг.



  1. Да 1919 года гэты горад меў славацкую назву Прешпорек, па нямецку ж ён называўся Прэсбург, а вянгерская яго назва была Пожонь. Як ён называецца цяпер?



  1. Сабор Святой Елізаветы – гэта адзін з самых усходніх гатычных сабораў Еўропы, буйнейшы касцёл Славакіі. У якім горадзе ён знаходзіцца?

6. Творчае заданне ( 15 балаў):

Зрабіце, калі ласка, кароткае (не больш за старонку) апісанне праекта, які ваша школа магла бы прапанаваць для сумеснай рэалізацыі школам з краін-удзельніц Вышаградскай групы.



Поспехаў ! Чакаем Вашых адказаў!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка