Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы




Дата канвертавання08.06.2016
Памер33.95 Kb.
Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла,

Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі,

архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям

Беларускай Праваслаўнай Царквы

Плоццю заснуўшы, як мёртвы,

Ты, Цару і Госпадзі,

на трэці дзень уваскрэс,

узняўшы з тлення Адама

і знішчыўшы смерць.

Пасха нятлення, свету спасенне.
Эксапасціларый Пасхальнага канона
Узлюбленыя ва Ўваскрэслым Госпадзе Праасвяшчэнныя браты архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, набожныя інакі і інакіні, богалюбівая паства Беларускай Праваслаўнай Царквы, дарагія браты і сёстры!

З вялікай радасцю, сапраўдным лікаваннем і бязмернай удзячнасцю Госпаду нашаму Іісусу Хрысту сардэчна віншую ўсіх вас і вашых блізкіх са свяшчэнным і спасіцельным святам — Пасхай Гасподняй:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Сёння ўся наша Царква Праваслаўная напоўнена пасхальнай радасцю і лікаваннем. Свята Пасхі, паводле слова свяціцеля Епіфанія, епіскапа Кіпрскага, — «галава і вяршыня ўсіх свят», яно для ўсяго свету — «урачыстасць абнаўлення і спасення».

У светлазарны дзень Пасхі Хрыстовай Царква ў сваіх свяшчэнных песнапеннях называе яе вялікай, той, якая дзверы райскія нам адкрывае, нядзеляй святой, Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем; заклікае зямлю і неба, свет бачны і нябачны святкаваць: «Бо паўстаў Хрыстос — радасць вечная» (трапар 1-й песні Пасхальнага канона).

Пасха — краевугольны камень хрысціянскага светапогляду. Пасха — знаменне ацалення чалавецтва і ачышчэння яго ад граху, гэта вяртанне да крыніцы любові і жыцця — Тварца і Госпада нашага. Уваскрасеннем Хрыстовым змятаюцца ўсе перашкоды са шляху нашага спасення, да нас вяртаецца магчымасць стаць узлюбленымі дзецьмі Айца нашага Нябеснага. Уваскрасеннем Хрыстовым грэх перастае панаваць над чалавекам, а смерць пазбаўляецца свайго смертаноснага джала (1 Кар. 15: 55).

Уваскрэслы Хрыстос Спасіцель стварыў Царкву Сваю і даў ёй асаблівую благадатную сілу Святога Духа, сілу, жыватворную для кожнага чалавека, які веруе ў Хрыста. Святая Царква садзейнічае праз Уваскрасенне Хрыстова стварэнню ў сэрцы кожнага чалавека Царства Божага, каб мы разам з апосталам Паўлам маглі ўсклікнуць: «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос» (Гал. 2: 20).

Усе мы, дзеці Царквы Хрыстовай, атрымалі найвялікшы дар Божы — несці бліжнім і дальнім Добрую Вестку пра Ўваскрасенне Хрыстова і пра здзейсненае спасенне свету ад граху і смерці.

Пасха — гэта свята яднання. «Праца Царквы, — кажа Свяцейшы Патрыярх Кірыл, — будзе паспяховай роўна ў той меры, у якой яна зможа знайсці агульную мову са сваім народам. Таму што праблемы, якія перад намі стаяць, паасобку не змогуць вырашыць ні духавенства, ні свецкая ўлада, ні тая ці іншая палітычная партыя, ні той ці іншы паспяховы бізнесмен. Іх мы адолеем толькі разам».

На жаль, не ўсе мы сёння маем такую ісцінную і цвёрдую веру, здольную перамяніць наша асабістае жыццё і жыццё нашых бліжніх. Перамена жыцця ў Хрысце — гэта перамена ўзаемаадносін з самім сабой і з навакольным светам, перамена, здольная прывесці нас да паўнаты быцця. І свята Пасхі дапамагае нам адчуць тую Божую задуму пра нас, якая выяўляецца і ў гісторыі, і ў жыцці кожнага чалавека.

Праасвяшчэнныя архіпастыры, узлюбленыя айцы, браты і сёстры, віншуючы ўсіх вас са святам свят — Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем, малітоўна жадаю благадатнай дапамогі Божай у вашай адказнай грамадзянскай і царкоўнай працы на славу Святой Праваслаўнай Царквы і нашай зямной Бацькаўшчыны.

Няхай пасхальная ўрачыстасць заўсёды жыве ў душы кожнага з нас і жывіць яе, усяляючы ўпэўненасць і радасць аб Уваскрэслым Госпадзе нашым Іісусе Хрысце. Няхай гэтай бясконцай радасцю будзе насычана ўсё наша жыццё. Прымаючы стваральную любоў Спасіцеля, будзем дзяліцца ёю з тымі, хто пакутуе і церпіць нягоды, хто мае патрэбу ў спагадзе і простай чалавечай увазе, будзем дарыць усім людзям лікаванне ў Хрысце Ўваскрэслым і радасць яднання з Ім:


ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!


+ Павел,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,



Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова

2015 года

г. Мінск


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка