Пастанова міністэрства культуры рэспублікі беларусь 1 лістапада 2007 г. №44




старонка5/9
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.51 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

285. Шафы, у якіх захоўваюцца прадметы з каляровых i чорных металаў, павінны быць выраблены з ліставых парод дрэва.

286. Пры рабоце з металічнымі прадметамі ўжываюцца ніцяныя пальчаткі.

287. Металічныя прадметы, якія захоўваюцца на адкрытых паліцах, закрываюцца ад пылу тканінай ці мікалентнай паперай.

288. Металічныя прадметы нельга мыць вадой. Яны падлягаюць ачыстцы спецыяльнымі растворамі, якая праводзіцца музейнымі кансерватарамі-рэстаўратарамі.

ГЛАВА 33

ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ АЎДЫЁВІЗУАЛЬНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ

289. Негатывы, якія толькі што набыты музеем, падлягаюць абавязковай прамыўцы ў праточнай вадзе ад рэштак гіпасульфіту.

290. Негатывы i дыяпазітывы захоўваюцца ў металічных шафах i звычайных каробках альбо з гнёздамі, кожны – у асобным канверце з тоўстай паперы тыпу крафт ці з калькі.

291. Каробкі з негатывамі кладуцца вертыкальна на паліцах шафаў, i на ix вонкавым баку ўказваецца нумар захоўвання i анатацыя.

292. Негатывы малых памераў, у тым ліку на стужцы, захоўваюцца ў канвертах.

293. Ролікавыя стужкі малога фармату рэжуцца па колькасці кадраў i ўкладаюцца ў канверты. Пры вялікай колькасці азначаных негатываў іх пажадана захоўваць у жалезных шафах са скрынямі тыпу каталожных. Нельга дакранацца да эмульсіі негатыву.

294. У дыяпазітывах эмульсійны бок трэба ахоўваць з выкарыстаннем шкла. Абодва шкельцы па краях клеяцца паперай ці тканінай. Стужкавыя дыяпазітывы ахоўваюцца шклом з двух бакоў.

295. Пазітывы захоўваюцца ў папяровых пакетах адпаведных памераў (не болей за 10 у адным).

296. Альбомы з пазітывамі захоўваюцца вертыкальна i асобна ад іншых пазітываў.

297. Для наклейвання фотаадбіткаў нельга выкарыстоўваць канцылярскі клей.

298. Старыя фотаадбіткі манціруюцца i захоўваюцца як творы графікі.

299. Стан захаванасці фотаматэрыялаў аглядаецца раз у два гады.

300. Пашкоджаныя фотаадбіткі i негатывы захоўваюцца асобна.

301. Кінастужкі захоўваюцца ў жалезных стандартных каробках, стужкі з гуказапісамі – у спецыяльных кардонных каробках.

302. Відэастужкі, CD, DVD захоўваюцца ў пластмасавай упакоўцы. У рабоце выкарыстоўваюцца копіі.

303. Грампласцінкі захоўваюцца ў індывідуальных канвертах, у шафах – вертыкальна. Паліцы шафаў падзяляюцца перагародкамі, у якіх могуць знаходзіцца да 12 пласцінак.

304. Магнітныя стужкі захоўваюцца ў асабістай упакоўцы i ў спецыяльна зробленых кардонных каробках вертыкальна на драўляных стэлажах.

305. Паблізу ад сховішча магнітных i відэастужак забараняецца размяшчаць апараты, якія ствараюць магнітнае поле.

ГЛАВА 34


ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ ГЕОЛАГА-МІНЕРАЛАГІЧНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ

306. Да прадметаў, якія звязаны з вывучэннем зямной кары, адносяцца:

мінералы i горныя пароды;

геалагічныя i палеанталагічныя аб’екты;

матэрыялы з глебы.

307. У склад прадметаў групы мінералаў i горных парод уваходзяць:

разнастайныя калекцыі (сістэматычныя, рэгіянальныя, геахімічныя i іншыя);

асобныя мінеральныя аб’екты (штуфы, пробы, эталоны і іншае);

вырабы i паўфабрыкаты.

308. Асноўным патрабаваннем да захоўвання мінералаў і горных парод з’яўляецца прадухіленне рэзкіх змен тэмпературы, ахоўванне ад вільгаці і пылу.

309. Адбіткі раслін, насякомых, рыб i іншых арганізмаў захоўваюць у ваце ў каробках (скрынях).

310. Маналіты глебы кладуцца ў спецыяльныя скрыні, якія ставяцца да сцен пад вуглом, а пробы глеб, якія вылучаны для хімічнага аналізу, – у шкляныя cлoiкi закаркаванымі.

ГЛАВА 35
ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ БАТАНІЧНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ

311. Асноўнымі відамі батанічных калекцый i матэрыялаў з’яўляюцца гербарыі, батанічныя групы, вадкасныя прэпараты i ўзоры драўляных парод.

312. Расліны павінны быць добра засушаны.

313. Захоўваць гербарыі неабходна ў папках i закрытых шафах. У закрытых шафах таксама захоўваюцца біягрупы, вадкасныя прэпараты i ўзоры драўляных парод.

314. Найлепш класці папкі з гербарыямі ў скрыні з накрыўкамі, якія герметызуюцца ліпкімі стужкамі. У такіх выпадках скрыні магчыма захоўваць i на стэлажах.

ГЛАВА 36


ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ ЗААЛАГІЧНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ

315. Па кансервацыі заалагічныя матэрыялы падзяляюцца на дзве групы: вадкасныя прэпараты, якія захоўваюцца ў кансервуючых вадкасцях (спірт, фармалін), да ix належаць рыбы, земнаводныя, паўзуны, дробныя млекакормячыя i іншыя, і сухія аб’екты – чучалы, шкуркі i тушкі, шкілеты i чарапы, яйкі i гнёзды птушак, калекцыі бесхрыбетных жывёл.

316. Шкуркі пушных звяроў захоўваюцца ў шафах у падвешаным выглядзе.

317. Для захоўвання набітых тушак птушак i млекакормячых ужываюцца спецыяльныя куфры. У ix жа могуць захоўвацца невялікія чарапы.

Выкарыстоўваюцца два віды куфраў:

куфры з верхняй накрыўкай, якая герметычна зачыняецца (для тушак буйных млекакормячых (лісіца i больш вялікія жывёлы) i набітых тушак буйных птушак (арлы, жоравы i іншыя);

куфры з дзверцамі па баках i скрынямі-латкамі, якія выцягваюцца.

318. Вадкасныя прэпараты адчувальныя да святла, таму ix лепш захоўваць у глухіх шафах.

319. Аб’екты, якія зафіксаваны ў спірце ці фармаліне, захоўваюцца ў шкляных слоіках закаркаванымі.

320. Паталагічныя i мікраскапічныя прэпараты захоўваюцца ў скрынках з гнёздамі i пад шклом альбо на планшэтах адпаведных памераў з ячэйкамі пад шкло.

321. Губкі, кішачнаполасцевыя, асобныя шматшчацінкавыя чарвякі, малюскі, мшанкі, плечаногія, членістаногія, многаножкі, iглacкypыя захоўваюцца толькі ў спірце-рэктыфікаце (72–75°) без наяўнасці дабаўкі кіслотаў i завісей. Kopкi слоікаў шчыльна абмотваюцца ліпкімі стужкамі. Аб’екты павінны знаходзіцца цалкам у вадкасці.

322. Для захоўвання энтамалагічных калекцый выкарыстоўваюцца спецыяльныя шафы, якія шчыльна зачыняюцца, i скрыні, якія выцягваюцца.

ГЛАВА 37

ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ АНТРАПАЛАГІЧНЫХ КАЛЕКЦЫЙ

323. Антрапалагічныя калекцыі складаюцца з чалавечых костак, што знойдзены падчас археалагічных даследаванняў, невялікіх збораў узораў валасоў, гіпсавых злепкаў, чарапоў, масак i іншых.

324. Чарапы неабходна захоўваць у шафах, на паліцах i пакрываць тканінай. Найбольш каштоўныя ў навуковых адносінах i крохкія чарапы лепш захоўваць у асобных скрынях альбо глыбокіх латках накрытымі.

325. Дробныя косткі ступняў i кісцей лепш захоўваць у асобных скрынках.

326. Зборы валасоў прамываюцца эфірам i захоўваюцца ў шкляных прабірках, якія шчыльна закаркоўваюцца ватай.

ГЛАВА 38

УПАКОЎКА I ТРАНСПАРЦІРОЎКА МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

327. Музейныя прадметы, якія падлягаюць транспарціроўцы, павінны быць дакладна агледжаны рэстаўрацыйным саветам, калі ён існуе, ці спецыяльнай камісіяй, у склад якой уваходзяць галоўны захавальнік i захавальнікі фондаў, навуковыя супрацоўнікі, мастак. Склад камісіі прызначаецца кіраўніком музея.

328. Упакоўка павінна забяспечваць ізаляванасць музейных прадметаў ад знешніх атмасферных уздзеянняў i ix абарону ад механічных пашкоджанняў.

329. Для найбольш каштоўных, унікальных музейных прадметаў, а таксама для прадметаў, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане, павінна выкарыстоўвацца спецыяльная ўпаковачная тара з улікам асаблівасцей кожнага музейнага прадмета.

330. Забараняецца:

упакоўка музейных прадметаў з розных матэрыялаў i рознай вагі ў адну скрыню;

упакоўка музейных прадметаў у мяккую тару.

331. Упакоўка музейных прадметаў павінна ажыццяўляцца кваліфікаваным работнікам музея пад наглядам галоўнага захавальніка фондаў i адказнага супрацоўніка.

332. У кожную ўпаковачную скрыню кладзецца адзін экзэмпляр вопісу музейных прадметаў, якія знаходзяцца ў ёй, падпісаны галоўным захавальнікам фондаў, адказным захавальнікам, рэстаўратарам i спецыялістам, які ажыццяўляе ўпакоўку, а таксама суправаджальнай асобай.

333. Прыёмка музейных прадметаў праводзіцца групай спецыялістаў прымаючай арганізацыі па даручэнні яе кіраўніка ў прысутнасці прадстаўніка музея, які адпраўляў груз.

334. Музейныя прадметы, якія знаходзяцца ў скрынях, дакладна аглядаюцца. Пры неабходнасці да ix прымаюцца меры па рэстаўрацыі ці кансервацыі. Вынікі прыёмкі афармляюцца актам.

335. Калі падчас транспарціроўкі прадметы атрымалі пашкоджанні, аб гэтым інфармуецца музей, які ix адпраўляў, прымаюцца меры па пакрыцці страт у адпаведнасці з дагаворам і заканадаўствам.

336. Перавозка музейных прадметаў аўтатранспартам павінна ажыццяўляцца толькі ў крытых аўтафургонах.

337. У выпадку перавозкі музейных прадметаў пры тэмпературы ніжэй за 0 °С скрыні з музейнымі прадметамі адкрываюцца не раней чым праз суткі іх знаходжання ў закрытых памяшканнях.

338. Упаковачная тара павінна надзейна бараніць музейныя прадметы ад магчымых пашкоджанняў i быць дастаткова зручнай.

339. Нельга вырабляць упаковачную тару з матэрыялаў, якія пашкоджаны мікраарганізмамі.

340. Скрыні для ўпакоўкі твораў графікі павінны мець усярэдзіне рэйкі, у якія гэтыя творы ставяцца, i мяккія пракладкі для кожнай рамы.

341. Карціны вялікіх памераў могуць перавозіцца накручанымі на валы.

ГЛАВА 39


УПАКОЎКА ТВОРАЎ СТАНКОВАГА ЖЫВАПІСУ

342. Творы станковага жывапісу на палатне групуюцца па скрынях адпаведных памераў. Пажадана, каб вага скрыні з музейнымі прадметамі не была большай за 100 кг.

343. Творы жывапісу могуць пакавацца як разам з рамамі, так i без іх.

344. Зашклёныя карціны перад упакоўкай дэмантуюцца, паміж шклом i рамамі закладваюцца ўпаковачныя мяккія матэрыялы, якія адпавядаюць памеру карціны. Пасля гэтага карціна зноў афармляецца ў раму.

345. Усе музейныя прадметы станковага жывапісу перад упакоўкай абгортваюцца крафтам ці белай паперай, а да гэтага – фланэллю.

346. Карціны, якія накіроўваюцца за межы рэспублікі, падчас упакоўкі змяшчаюцца ў супрацьвільгасныя чахлы ці канверты, краі якіх заклейваюцца.

347. Карціны кладуцца ў скрыню шчыльна парамі адной жывапіснай паверхняй да другой. Іх фарбаваны слой папярэдне абгортваецца мікалентнай ці папяроснай паперай i перакладваецца фланэллю. Потым абедзве карціны абгортваюцца паперай ці крафтам.

348. Усе існуючыя ў скрынях пустоты запаўняюцца амартызацыйнымі матэрыяламі (паперай, паралонам ці пенапластам).

349. Карціны вялікага фармату пры транспарціроўцы здымаюцца з падрамніка і накручваюцца на вал. Гэтая аперацыя павінна праходзіць толькі ў прысутнасці вопытнага рэстаўратара.

Краі палотнаў, якія накатаны на вал, не павінны даходзіць да кружала на 5–10 см з кожнага боку. Вал з накатанымі карцінамі абгортваецца рулоннай паперай, потым сінтэтычным матэрыялам і месціцца ў спецыяльнай скрыні. Транспарціруецца скрыня ў гарызантальным стане.

350. Карціны невялікага габарыту розных памераў кладуцца ў скрыні на спецыяльна зробленыя для гэтага драўляныя рамкі, якія накладаюцца адна на адну.

Перад упакоўкай карціны падбіраюцца па памерах i кладуцца ў скрыні фарбаваным слоем уніз гарызантальна, прысоўваюцца да аднаго з вуглоў скрыні. Вуглы ляпных ці разных рам абкладаюцца паралонавымі альбо ватнымі падушкамі.

351. Скрыні з творамі станковага жывапісу транспарціруюцца так, каб запакаваныя карціны незалежна ад спосабу іх укладкі (гарызантальна ці вертыкальна) абавязкова знаходзіліся ў вертыкальным стане.

ГЛАВА 40


УПАКОЎКА ТЭМПЕРНАГА ЖЫВАПІСУ

352. Перад упакоўкай творы тэмпернага жывапісу групуюцца па памерах, адпаведна якім робіцца тара для транспарціроўкі.

353. Вага ўпаковачнай скрыні з музейнымі прадметамі не павінна перавышаць 80 кг.

354. Усе музейныя прадметы абгортваюцца белай фланэллю. Фарбаваны слой папярэдне закрываецца васковай калькаю, мікалентнай ці папяроснай паперай.

355. Творы тэмпернага жывапісу невялікіх памераў кладуцца ў скрыню гарызантальна і парна (фарбаванымі слаямі адзін да аднаго). Паміж слаямі на вуглах кладуцца накладкі з мяккіх матэрыялаў. На дно скрыні месціцца паралон альбо гафрыраваная папера. Пустоты паміж сценкамі скрыні i тарцамі твораў набіваюцца скруткамі скамечанай паперы.

356. Творы тэмпернага жывапісу вялікіх памераў пакуюцца не болей аднаго-двух у скрыню, замацоўваюцца амартызацыйнымі пракладкамі. Жывапісныя слаі месцяцца адзін да аднаго праз мяккія пракладкі. У месцах сутыкнення твораў з умацаваннямі пракладаюцца падушкі.

357. Творы тэмпернага жывапісу з пашкоджанай асновай пакуюцца ў асобныя скрыні. Яны кладуцца жывапісным слоем уніз на мяккія пракладкі i шчыльна прыціскаюцца да ix абгорнутымі ў паперу брускамі, якія кладуцца ўздоўж валокнаў дошкі па лініі яе найбольшага прагіну. Брусок мацуецца да бакавых сценак скрыні. Паміж сценкамі скрыні i краямі дошкі месцяцца амартызацыйныя пракладкі з гафрыраванага кардону ці іншыя пракладкі, якія забяспечваюць захаванасць твораў ад пашкоджанняў.

358. Упакоўка абразоў з унікальнымі аправамі павінна ажыццяўляцца толькі пад кіраўніцтвам вопытнага рэстаўратара.

359. Абразы невялікіх памераў перад упакоўкай у скрыню месцяць у асобныя касеты.

ГЛАВА 41


УПАКОЎКА ТВОРАЎ ГРАФІКІ

360. Акварэлі, малюнкі i гравюры пакуюцца ў скрыні ў папках, у якіх яны захоўваюцца ў фондах музея.

361. Папкі падзяляюцца на групы па памерах, абгортваюцца ў паперу, кладуцца ў вільгаценепранікальныя падвойныя пакеты i потым гарызантальна ў скрыні. На дно скрыні месціцца пракладка з пенапласту. Усе пустоты ў скрыні запаўняюцца ўпаковачным матэрыялам.

362. Творы графікі павінны ўпакоўвацца манціраванымі ў паспарту, але асобна ад шкла і рам. Перад упакоўкай шкло неабходна заклеіць цэлым лістом паперы ці марляй альбо шырокімі палоскамі ліпкай сінтэтычнай стужкі.

363. Творы графікі ў старой, мастацкай ці аўтарскай манціроўцы не падлягаюць пры ўпакоўцы дэмантажу.

364. Транспарціроўка пастэлей i малюнкаў вугалем дапушчальна толькі ў выключных выпадках у зашклёным выглядзе. Скрыні з зашклёнай пастэллю транспарціруюцца ў вертыкальным стане.

ГЛАВА 42

УПАКОЎКА СКУЛЬПТУРЫ

365. Разборныя часткі скульптуры пакуюцца асобна.

366. Перад упакоўкай кожны прадмет абгортваецца паперай, якая мацуецца вяроўкай i месціцца ў чахол з белай тканіны. Выкарыстанне глянцавай i парафініраванай паперы забараняецца.

367. Скульптура (акрамя гіпсу) сярэдніх i вялікіх памераў надзейна мацуецца ў скрыні ў залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей (планкамі з мяккімі пракладкамі, упорамі з дошак). Пустоты запаўняюцца ўпаковачнымі матэрыяламі.

368. Скульптуры з мармуру пакуюцца па адной у скрыню. У выпадку ўпакоўкі дзвюх скульптур у адну скрыню яны паміж сабой раздзяляюцца надзейнай сценкай i добра замацоўваюцца.

ГЛАВА 43

УПАКОЎКА ТВОРАЎ ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОГА МАСТАЦТВА

369. Пры ўпакоўцы твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва кожны з іх абгортваецца тонкай паперай, потым ватаю, жгутом з лігніну, зноў паперай i перавязваецца. Кожная дэталь абгортваецца асобна.

370. Пры ўпакоўцы найбольш крохкіх твораў разам з абгортваннем мяккімі матэрыяламі ix трэба размяшчаць у невялікіх скрынях з фанеры ці кардону, а потым – у агульную скрыню.

371. Надзвычай каштоўныя i крохкія творы абгортваюцца ў паперу i пакуюцца кожны ці ў спецыяльны футарал, які зроблены па ix форме, ці ў індывідуальныя кардонныя, а потым у фанерныя скрыні.

372. Фанерныя скрынкі ці футаралы з творамі пакуюцца ў агульную скрыню, i пустоты шчыльна набіваюцца ўпаковачнымі матэрыяламі.

373. Скрыні для ўпакоўкі тканін павінны быць забяспечаны засцерагальнай унутранай накрыўкай i здымнымі паліцамі, на якія кладуцца тканіны. Яны пакуюцца ў скрыню без залішніх згінаў i перакладаюцца паперай.

374. Папярэдне тканіны змяшчаюцца ў вільгацеўстойлівыя пакеты.

375. Дываны i шпалеры (габелены) перад транспарціроўкай перакладаюцца двума слаямі паперы i накручваюцца на вал ворсам унутр.

376. Асобныя разборныя дэталі мэблі пры ўпакоўцы здымаюцца i месцяцца ў скрыні разам з асноўнымі.

377. Музейныя прадметы з металу ўпакоўваюцца аналагічна прадметам з керамікі i шкла.

 

 



 

Дадатак 1

да Інструкцыі аб парадку камплектавання


музейных фондаў, унутрымузейнага ўліку,
навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных
у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь,
навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў

 

_____________________________________________________________________________

(назва музея)

 

ЗАЦВЯРДЖАЮ



Кіраўнік музея ____________

«__» ____________ 20__ г.

Пячатка музея

АКТ № ____


прыёму музейных прадметаў на матэрыяльна адказнае захоўванне

«__» _____________ 20__ г.

Дадзены акт склалі:

галоўны захавальнік ____________________________________________________________

(прозвішча, імя, імя па бацьку)

і адказны захавальнік музейнай калекцыі __________________________________________

(назва калекцыі, прозвішча, імя, імя па бацьку захавальніка)

______________________________________________________________________________

у тым, што першы перадаў, а другі прыняў на матэрыяльна адказнае захоўванне наступныя музейныя прадметы.

Падстава: _____________________________________________________________________

 

№ 
п/п

Прадметнае імя і назва, аўтар, кароткае апісанне, час і месца стварэння, матэрыял, тэхніка, памер, цана

Колькасць частак

Ідэнтыфікацыйны нумар

Захаванасць

Заўвагі

 

 

 

 

 

 

 

Усяго па акце перададзена ____________________________________ музейных прадметаў.

(лічбамі і пропіссю)

 


Перадаў галоўны захавальнік __________ __________

 

Прыняў _________ __________

(подпіс)

 

(подпіс)

 

Прысутнічаў
загадчык сектара ўліку ____________

 

___________________________

(подпіс)

 

(разборліва прозвішча, ініцыялы)

 

 

Дадатак 2

да Інструкцыі аб парадку камплектавання


музейных фондаў, унутрымузейнага ўліку,
навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных
у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь,
навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў

Класіфікацыя музейных прадметаў

1. Выяўленчыя крыніцы:

1.1. скульптура:

1.1.1. станковая;

1.1.2. манументальная;

1.1.3. манументальна-дэкаратыўная;

1.1.4. скульптура малых формаў;

1.2. жывапiс*:

1.2.1. станковы;

1.2.2 манументальна-дэкаратыўны;

1.2.3. дэкарацыйны;

1.2.4. дыярамна-панарамны;

1.2.5. мiнiяцюра;

1.2.6. іканапіс;

1.3. графiка:

1.3.1. станковая;

1.3.2. кнiжная;

1.3.3. газетна-часопiсная;

1.3.4. прыкладная;

1.3.5. навукова-тэхнiчная;

1.3.6. архiтэктурна-будаўнiчая;

1.3.7. мастацкi плакат;

1.3.8. картаграфiя.

______________________________

*Для мастацкiх музеяў можна вылучыць яшчэ адну разнавіднасць жывапiсу – дэкаратыўны роспiс прадметаў побыту, паколькi мастацкiя музеi камплектуюць прадметы побыту з пункту гледжання iх мастацкага афармлення. У музеях iншых тыпаў прадметы побыту адносяцца да рэчавых крынiц, таму што яны маюць функцыянальнае прызначэнне, а дэкаратыўнасць – адна з iх уласцiвасцей, мастацкая якасць формы.

2. Пісьмовыя крыніцы:

2.1. дакументы:

2.1.1. актавыя*;

2.1.2. справаводныя;

2.1.3. асабістыя;

2.2. рукапісы**;

2.2.1. рукапісныя кнігі;

2.2.2. аўтографы***;

2.3. друкаваныя выданні:

2.3.1. ліставыя;

2.3.2. старадрукі;

2.3.3. кнігі;

2.3.4. брашуры;

2.3.5. буклеты;

2.3.6. часопісы;

2.3.7. газеты;

2.3.8. тасерыстыка****.

______________________________

*Маюцца на ўвазе прававыя дакументы.

**Рукапіс – тэкст, напісаны ад рукі, а таксама надрукаваны на пішучай машынцы.

***Аўтографы – уласнаручныя аўтарскія і аўтарызаваныя рукапісныя або машынапісныя тэксты.

****Тасерыстыка – карткі, талоны, купоны, кніжкі спажывецкія.

3. Рэчавыя помнікі:

3.1 археалогiя (археалагiчныя помнiкi):

3.1.1. абутак;

3.1.2. адзенне, тканіны;

3.1.3. часткі жылля;

3.1.4. прылады працы;

3.1.5. прадметы побыту;

3.1.6. зброя, рыштунак;

3.1.7. кераміка;

3.1.8. будаўнiчыя матэрыялы;

3.1.9. кафля;

3.1.10. культавыя рэчы;

3.1.11. астэалагiчны матэрыял;

3.1.12. адходы вытворчасцi;

3.1.13. упрыгожанні і іншыя;

3.2. нумiзматыка:

3.2.1. манеты, у тым ліку скарбы манет;

3.2.2. злiткi плацёжныя (грыўны);

3.2.3. жэтоны разліковыя;

3.3. банiстыка:

3.3.1. знакi грашовыя;

3.3.2. боны (разлiковыя квiтанцыi);

3.3.3. каштоўныя паперы;

3.4. фалерыстыка:

3.4.1. ордэны;

3.4.2. медалi;

3.4.3. знакi;

3.4.4. жэтоны;

3.4.5. плакеты;

3.4.6. значкі;

3.5. сфрагiстыка:

3.5.1. клеймы;

3.5.2. штампы;

3.5.3. пломбы;

3.5.4. пячаткi;

3.6. узбраенне*:

3.6.1. зброя;

3.6.2. рыштунак;

3.6.3. боепрыпасы;

3.6.4. даспехi (засцерагальнае ўзбраенне);

3.6.5. баявая тэхнiка і прыборы;

______________________________

*У фондавым зборы практычна кожнага музея прысутнічаюць прадметы рэчавага тыпу, звязаныя з выкарыстаннем іх чалавекам у ваеннай справе. Гэтае функцыянальнае прызначэнне дае падставу аб’яднаць такія рэчы па прынцыпе сістэматычнай калекцыі пад агульнай назвай «узбраенне». Музейныя фонды часта ўтрымліваюць таксама асобныя дэталі ўзбраення. Дэталі ўзбраення трэба ўлічваць разам з адпаведнымі ўзорамі ўзбраення.

3.7. адзенне:

3.7.1. цывільнае;

3.7.2. форменнае вайсковае;

3.7.3. форменнае грамадзянскiх устаноў;

3.7.4. школьнае, спартыўнае;

3.7.5. спецыяльнае;

3.7.6. народны касцюм;

3.7.7. тэатральна-сцэнiчны касцюм;

3.7.8. служыцеляў культу;

3.7.9. галаўныя ўборы;

3.7.10. абутак;

3.7.11. аксесуары;

3.7.12. упрыгожаннi;

3.8. тканiны:

3.8.1. народныя;

3.8.2. дэкаратыўныя;

3.8.3. культавыя;

3.8.4. прамысловыя;

3.9. вексілалогія:

3.9.1. флагі*;

3.9.2. сцягі**;

3.9.3. прыналежнасці***;

______________________________

*Да разнавіднасці «флагі» адносяцца: арыфламы, вымпелы, гюйсы, значкі, транспаранты, флюгеры.

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка