Пастанова міністэрства культуры рэспублікі беларусь 1 лістапада 2007 г. №44




старонка4/9
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.51 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

192. Перадача экспазіцыі ад дзённай аховы да начной (пры закрыцці музея), і наадварот (пры адкрыцці), ажыццяўляецца адказным дзяжурным або матэрыяльна адказнай асобай і музейнымі наглядчыкамі (ці спецыяльнай камісіяй) у адпаведнасці з унутрымузейнай інструкцыяй, зацверджанай кіраўніком музея.

193. Парадак аховы фондасховішчаў зброі вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

194. Допуск у фондасховішчы і рэстаўрацыйныя майстэрні пабочных асоб ажыццяўляецца толькі з дазволу кіраўніка музея або галоўнага захавальніка па спецыяльных разавых пропусках, якія па заканчэнні наведвання застаюцца ў захавальніка.

195. Галоўны захавальнік вядзе журнал рэгістрацыі наведвальнікаў фондасховішчаў.

196. Аб усіх выпадках крадзяжу, пашкоджання музейных прадметаў і музейных калекцый кіраўнік і (або) галоўны захавальнік музея, яго заснавальнік абавязаны неадкладна праінфармаваць Міністэрства культуры.

У выпадках крадзяжу кіраўнік музея павінен звярнуцца ў праваахоўныя органы, правесці ўласнае службовае даследаванне і прадставіць у Міністэрства культуры ўсю неабходную дакументацыю ў залежнасці ад прычын здарэння: акт здарэння (крадзеж, аварыя, пажар і іншае), які складаецца ў момант выяўлення і фіксуе абставіны пашкоджання ці страты музейных прадметаў, дакументы аб мерах, прынятых па факце здарэння, заключэнне спецыялістаў аб мастацкай і гісторыка-культурнай каштоўнасці музейных прадметаў, фотаздымкі музейных прадметаў, акты адпаведных службаў (пажарнай інспекцыі, тэхнічных службаў і іншых).

ГЛАВА 20


АБСТАЛЯВАННЕ ЭКСПАЗІЦЫЙНЫХ ЗАЛАЎ

197. Абсталяванне экспазіцыйных залаў павінна прадугледжваць стварэнне ўмоў для дэманстрацыі музейных прадметаў, а таксама забяспечваць іх захаванасць ад натуральнага зносу, пашкоджанняў і крадзяжоў.

198. Экспазіцыйны інвентар робіцца з улікам габарытаў і вагі экспанатаў і павінен быць трывалым і ўстойлівым.

199. Унікальныя, асабліва каштоўныя і крохкія экспанаты, а таксама рарытэтную зброю забараняецца экспанаваць у адкрытым захоўванні. Вітрыны і шафы для такіх экспанатаў павінны быць абсталяваны сігналізацыяй.

200. Экспазіцыйная мэбля павінна размяшчацца ў адносінах да акна такім чынам, каб пазбавіць экспанаты ад уздзеяння прамых сонечных прамянёў.

201. Музейнае абсталяванне ўсіх тыпаў у экспазіцыі павінна быць ізалявана ад пылу.

202. Размяшчэнне экспанатаў паблізу ацяпляльных прыбораў і вентыляцыйных адтулін забараняецца.

203. Абсталяванне часовых выставак павінна быць нейтральным па форме і разлічаным на шматразовае выкарыстанне для розных катэгорый экспанатаў.

ГЛАВА 21

ФОНДАСХОВІШЧЫ І ІХ АБСТАЛЯВАННЕ

204. Фондасховішчы музеяў размяшчаюцца ў спецыяльна абсталяваных сховішчах з вентыляцыяй, кандыцыяніраваннем і супрацьпажарным абсталяваннем.

205. Плошча фондасховішчаў вызначаецца з улікам:

складу музейных фондаў;

ступені даступнасці музейных калекцый для працы з імі (адкрытае захоўванне фондаў ці захоўванне, разлічанае на азнаямленне і вывучэнне калекцый толькі спецыялістамі);

штогадовага прыросту калекцый па катэгорыях;

комплекснасці фондавых памяшканняў.

206. Пры музейных фондасховішчах мэтазгодна мець наступныя дадатковыя групы памяшканняў:

офісныя – для працы захавальнікаў;

для даведачнай дакументацыі;

для работы наведвальнікаў;

для часовага захоўвання прадметаў;

ізалятар.

207. Музейнае абсталяванне ў фондасховішчах размяшчаецца такім чынам, каб дзвярныя і аконныя праёмы заставаліся свабоднымі.

208. Размяшчэнне музейнага абсталявання ў фондасховішчах павінна быць на адлегласці не меней за 10–15 см ад сцен і ад падлогі.

209. Музейнае абсталяванне для захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый робіцца з металу або сухога дрэва, апрацаванага антысептычнымі прэпаратамі.

210. Драўлянае абсталяванне падлягае перыядычнаму агляду для своечасовага выяўлення шкоднікаў драўніны.

211. Фондасховішчы музеяў павінны быць абсталяваны замкамі, апламбіраваны і апячатаны.

ГЛАВА 22


РЭЖЫМЫ ЗАХОЎВАННЯ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

212. Рэжымы захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый устанаўліваюць навукова абгрунтаваныя ўмовы захоўвання, што запяспечваюць доўгатэрміновае існаванне музейных прадметаў і музейных калекцый, замаруджваюць натуральныя працэсы старэння матэрыялаў, з якіх яны зроблены.

213. Рэжымы захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый павінны забяспечваць недапушчэнне:

рэзкага хістання і парушэння нормаў тэмпературы і вільготнасці;

шкоднага ўздзеяння святла або недахопу яго;

забруджвання паветра шкоднымі газамі, сажай, пылам;

уздзеяння біялагічных шкоднікаў;

нядбайнага абыходжання з музейным прадметам, якое вядзе да механічных пашкоджанняў;

неналежнага захоўвання і выкарыстання гэтых прадметаў;

несвоечасовай рэстаўрацыі прадметаў альбо няякаснага правядзення рэстаўрацыйных мерапрыемстваў.

214. Рэжымамі захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый з’яўляюцца: тэмпературна-вільготнасны, светлавы, біялагічны рэжымы.

ГЛАВА 23


ТЭМПЕРАТУРНА-ВІЛЬГОТНАСНЫ РЭЖЫМ

215. З мэтай забеспячэння ўмоў для доўгатэрміновай захаванасці музейных прадметаў і музейных калекцый яны павінны размяшчацца толькі ў будынках, якія маюць сістэму кандыцыяніравання. У будынках, якія не маюць адпаведнага абсталявання, тэмпературна-вільготнасны рэжым падтрымліваецца пры дапамозе ацяпляльнай сістэмы, праветрывання, увільгатняльнікаў і асушальнікаў.

216. Аптымальная тэмпература паветра ў музейных памяшканнях пры комплексным захоўванні музейных прадметаў з розных матэрыялаў павінна быць у межах 18 ± 1 °С. Аптымальныя ўмовы адноснай вільготнасці пры комплексным захоўванні музейных прадметаў з розных матэрыялаў – 55 ± 5 %.

Неабходная тэмпература пры паасобным захоўванні:

для металу – +18 ± 20 °С;

шкла, керамікі, эмалей – +18 ± 20 °С;

каштоўных і паўкаштоўных камянёў – +15 ± 18 °С;

дрэва – +15 ± 18 °С;

тканіны – +15 ± 18 °С;

скуры, пергаменту, футра – +16 ± 18 °С;

косці, рогу – +14 ± 15 °С;

паперы – +17 ± 19 °С;

жывапісу – +12 ± 18 °С;

чорна-белых фотаздымкаў – +12 °С;

каляровых фотаздымкаў – +5 °С.

Неабходная вільготнасць пры паасобным захоўванні:

для металу – 50 %;

шкла, эмалі, керамікі – 55–65 %;

каштоўных і паўкаштоўных камянёў – 50–55 %;

дрэва – 50–60 %;

тканіны – 55–60 %;

скуры, пергаменту, футра – 50–60 %;

косці, рогу – 55–65 %;

паперы – 50–55 %;

жывапісу – 60–70 %;

чорна-белых фотаздымкаў – 40–50 %;

каляровых фотаздымкаў – 40–50 %.

217. Для захоўвання асобных прадметаў археалогіі, мінералаў, каштоўных металаў і камянёў, калекцый з волава, воску, пластыліну і іншых неабходны асобны тэмпературна-вільготнасны рэжым у адпаведнасці з правіламі захоўвання азначаных матэрыялаў.

218. Для рэгістрацыі тэмпературы і вільготнасці ў кожным фондасховішчы і экспазіцыйнай зале неабходна ўсталяваць прыборы для вымярэння тэмпературы і вільготнасці (псіхрометры, гігрометры, тэрмометры і гігрографы, іншыя).

219. Паказчыкі тэмпературы і вільготнасці рэгіструюцца адпаведна з правіламі, прадугледжанымі ўнутрымузейнай інструкцыяй.

220. Усялякая змена тэмпературна-вільготнаснага рэжыму ажыццяўляецца паволі і паступова. Пры перамяшчэнні музейных прадметаў з аднаго будынка ў іншы неабходна прадугледзець стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць паступовую акліматызацыю.

ГЛАВА 24


СВЕТЛАВЫ РЭЖЫМ

221. Абсталяванне фондасховішчаў, экспазіцыйных і выставачных залаў павінна забяспечыць максімальна магчымую ахову музейных прадметаў і музейных калекцый ад шкоднага ўздзеяння сонечнага святла. Для гэтага ўсе вокны ў памяшканнях, дзе ўтрымліваюцца музейныя прадметы, павінны быць забяспечаны сучасным зацямняльным абсталяваннем (шторамі, жалюзі і іншым).

222. Недапушчальна ўздзеянне прамых сонечных прамянёў на ўсе віды матэрыялаў, і перш за ўсё на неарганічныя матэрыялы, а таксама на каштоўныя металы і каштоўныя камяні, мінералы, вырабы з паперы, жывапіс, графіку і каляровае шкло.

223. Для ўсіх відаў графікі, кніг, рукапісных матэрыялаў, фотаздымкаў, тканін, кніг, рукапісных матэрыялаў, батанічных і заалагічных калекцый, скуры асвятляльнасць музейных памяшканняў павінна знаходзіцца ў межах 50–75 люкс. Для ўсіх астатніх музейных прадметаў – 75 люкс.

224. Не рэкамендуецца выкарыстанне ў музеях люмінесцэнтных лямпаў. Найбольш пажадана выкарыстоўваць лямпы напальвання.

225. Пры выкарыстанні лямпаў напальвання апошнія павінны размяшчацца на такой адлегласці, каб не награваць паверхню музейнага прадмета.

ГЛАВА 25

БІЯЛАГІЧНЫ РЭЖЫМ

226. Біяпашкоджанні – гэта непажаданыя змены ў характарыстыках матэрыялу, выкліканыя ўздзеяннем жывых арганізмаў (агентаў біяпашкоджанняў): мікраарганізмаў, насякомых, грызуноў.

Галоўны напрамак у галіне аховы музейных калекцый ад біяпашкоджанняў – рэгулярныя прафілактычныя мерапрыемствы.

227. Неабходна своечасова выяўляць ачагі паражэння. Наяўнасць біялагічнага пашкоджання ці яго верагоднасць можна канстатаваць на падставе выяўлення як саміх агентаў біяпашкоджання, так і слядоў іх жыццядзейнасці. У музейнай практыцы гэта могуць быць як вынікі былой жыццядзейнасці розных арганізмаў да паступлення прадмета ў музейны фонд, так і праявы актыўнага ўздзеяння на яго ў працэсе захоўвання ці экспанавання.

Музейныя прадметы павінны рэгулярна праглядацца на наяўнасць біяпашкоджанняў.

228. Асноўны метад барацьбы з біяпашкоджаннямі – гэта прадухіленне пранікнення ў фондасховішчы і музейныя экспазіцыі насякомых, грызуноў, спораў грыбоў; скарачэнне магчымых крыніц іх харчавання; выкананне агульных санітарна-гігіенічных патрабаванняў.

229. Галоўнай умовай прэвентыўных (прафілактычных) захадаў для выключэння выпадкаў біяпашкоджанняў з’яўляецца захоўванне рэкамендаванага для музея тэмпературна-вiльготнаснага рэжыму.

Нельга дапускаць рэзкіх змен тэмпературы, бо гэта выклiкае ўтварэнне воднага кандэнсату на паверхнi прадметаў, які спрыяе прарастанню спор грыбоў (для росту многім з іх дастаткова вільгаці, што знаходзіцца ў паветры), а таксама дае неабходную для жыццядзейнасці ваду некаторым насякомым (цукровая рыбка, прусакі).

230. Новыя паступленні музейных прадметаў павінны быць добра ачышчаны ад забруджанняў, пах якіх можа прывабліваць насякомых. Забруджанасць паверхнi музейных прадметаў, абсталявання (нават у выглядзе пылу) стварае спрыяльнае асяроддзе для развiцця мiкраарганiзмаў, якія выкарыстоўваюць матэрыял як харчовы субстрат ці прадуктамі жыццядзейнасці псуюць вонкавы выгляд, выклікаюць працэсы біякарозіі.

231. Новыя паступленні музейных прадметаў павінны да змяшчэння ў фондасховішча накіроўвацца ў спецыяльны ізалятар (ізаляванае памяшканне) і там праходзіць прафілактычны агляд, абеззаражванне ў выпадку неабходнасці. Для праверкі на заражанасць шашалям прадметы вытрымліваюць у ізалятары не менш аднаго летняга сезона (з чэрвеня па жнівень).

232. Для прадухілення пранікнення насякомых у цёплы перыяд года форткі, вокны, вентыляцыйныя адтуліны ў фондасховішчах і экспазіцыйных залах павінны быць зацягнуты сеткай з памерамі ячэек дыяметрам не больш за 1 мм.

233. З мэтай абмежавання доступу насякомых да калекцый, асядання пылу з грыбнымі спорамі шафы, вітрыны ўшчыльняюцца спецыяльнай тканінаю, абсталёўваюцца дыхальным фільтрам з такой жа тканіны.

234. Апрацаваныя прадметы для папярэджання рэцыдыву пашкоджання цвіллю ці насякомымі павiнны быць абавязкова змешчаны ва ўмовы адпаведнага тэмпературна-вiльготнаснага рэжыму.

235. Для асобных відаў музейных прадметаў праводзяцца спецыфічныя мерапрыемствы:

235.1. музейныя прадметы з тканіны, адзенне, шкуры жывёл пажадана захоўваць у падвешаным стане, бо паслойнае захоўванне стварае спрыяльныя ўмовы для запаўзання лічынак скураедаў;

235.2. дываны, габелены, сувоі сукна пракладваюцца газапранікальнай паперай, перасцеленай слоем паперы, насычанай сумессю газы ці шкіпінару (1:2), злёгку падсушанай, а затым накручваюцца на драўляны ці металічны вал;

235.3. для афармлення экспазіцыі, вітрын, выставак, пры ўпакоўцы неабходна выключаць з ліку дапаможных матэрыялаў тканіны, якія ўтрымліваюць воўну. Трэба абмежаваць выкарыстанне матэрыялаў з варсістаю, рыхлавалакністаю, шурпатаю структурай паверхні як спрыяючых распаўзанню лічынак скураедаў, прыдатных для адкладкі іх яек;

235.4. неабходна па магчымасці пазбягаць выязных выставак у вясенне-летні перыяд, калі адбываецца вылет большасці насякомых;

235.5. тарцы, месцы сутыкнення драўляных паверхняў музейнага абсталявання павінны быць абаронены лакафарбавым пакрыццём;

235.6. ад паражэння некаторым відам пільшчыка можа абараніць выкарыстанне саставаў на аснове буры, борнай кіслаты, водныя растворы якіх досыць эфектыўныя супраць прусакоў, мурашак. Посуд з растворам змяшчаюць у зацішных месцах;

235.7. адзін з асноўных спосабаў прафілактыкі пашкоджанняў моллю, некаторымі іншымі насякомымі – выкарыстанне рэпелентаў – рэчываў, якія маюць уласцівасць адганяць насякомых. Аднак выкарыстанне іх найбольш мэтазгодна ў выпадках, калі непажадана выкарыстанне інсектыцыдных прэпаратаў (на экспазіцыі, у працоўным памяшканні);

235.8. для адпалохвання грызуноў і некаторых насякомых можа эфектыўна выкарыстоўвацца ультрагук. З гэтай мэтай карыстаюцца спецыяльнымі прыборамі, у тым ліку бытавымі;

235.9. для прадухілення з’яўлення ў музейных будынках галубоў, гнёзды якіх з’яўляюцца крыніцай заражэння памяшкання моллю, скураедамі, абмяжоўваецца доступ да магчымых месцаў гнездавання ці выкарыстоўваюцца спецыяльныя сістэмы для дахаў, заснаваныя на прапусканні па правадах слабага электрычнага току;

235.10. пры азеляненні тэрыторыі, прылеглай да музейных будынкаў, неабходна абмяжоўваць выкарыстанне раслін з сямейства ружакветных (верабіна, глог, шыпшына, спірэя), а таксама парасонавых (сныць), кветкі якіх прывабліваюць жукоў-скураедаў у перыяд лёту, павышаюць іх канцэнтрацыю паблізу музея;

235.11. прылеглыя да тэрыторыі музея часткі паркавай, лясной, азеляняльнай зоны павінны рэгулярна ачышчацца ад сухастою як адной з крыніц заражэння дрэваразбуральнымі насякомымі.

236. Мерапрыемствы па знішчэнні агентаў біяпашкоджанняў у музейных будынках і памяшканнях павінны ажыццяўляцца толькi вопытнымi, з веданнем спецыфiкi працы, спецыялiстамi.

ГЛАВА 26


СУПРАЦЬПАЖАРНЫ РЭЖЫМ ЗАХОЎВАННЯ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ

237. Для папярэджання пажараў неабходна выконваць усе правілы супрацьпажарнага рэжыму ў музеі, у тым ліку:

ажыццявіць вогнестойкую прапітку драўляных перакрыццяў;

забяспечыць правільнае размяшчэнне абсталявання;

забяспечыць наяўнасць і належны стан супрацьпажарнага інвентару, сістэм аўтаматычнага пажаратушэння і сігналізацыі;

праводзіць пастаянны кантроль за станам электрасетак.

238. У фондасховішчах павінны быць пазначаны шафы і вітрыны, у якіх знаходзяцца музейныя прадметы, якія падлягаюць першачарговай эвакуацыі ў экстрэмальных умовах.

ГЛАВА 27
КОМПЛЕКСНАЕ ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ

239. Пры немагчымасці забяспечыць паасобнае захоўванне музейных прадметаў і музейных калекцый з розных матэрыялаў дапускаецца іх комплекснае захоўванне.

240. У сховішчах комплекснага захоўвання дапушчальная вільготнасць не павінна перавышаць 50–65 %.

241. Усе матэрыялы, якія не пераносяць святла (тканіны, папера, кнігі, фотаматэрыялы, творы з выкарыстаннем нетрывалых фарбаў), павінны быць размешчаны ў спецыяльным абсталяванні, якое перашкаджае пранікненню святла.

242. У выпадку зніжэння ці павышэння дапушчальнага ўзроўню вільготнасці пры комплексным захаванні неабходна выкарыстоўваць сродкі агульнага яе павышэння ці паніжэння, якія звычайна ўжываюцца музеямі.

243. Пры захоўванні комплексаў матэрыялаў, напрыклад геалагічных i батанічных груп i іншых, аддаецца перавага складаючым матэрыялам (глебавым, заалагічным, батанічным i іншым). Як у экспазіцыі, так i ў фондах такія матэрыялы павінны знаходзіцца ў вітрынах (шафах), якія герметычна зачыняюцца.

ГЛАВА 28


ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ З ПАПЕРЫ (ДАКУМЕНТАЛЬНЫ ФОНД, РЭДКІЯ КНІГІ, РУКАПІСЫ)

244. Пры арганізацыі захоўвання музейных прадметаў на папяровай аснове неабходна ўлічваць, што папера разбураецца пад уздзеяннем святла, а таксама ад страты вільгаці. Забараняецца:

захоўваць музейныя прадметы з паперы i на папяровай аснове ў адкрытым выглядзе на сталах, паліцах, стэлажах;

перагінаць азначаныя матэрыялы (акрамя карт, якія замацаваны мяккай тканінай, асобных архіўных дакументаў, якія маюць натуральныя перагіны), скручваць ix;

прымацоўваць кнопкамі цi цвікамі графічныя лісты, загінаць аўтарскія палі ці адразаць ix;

прыклейваць графічныя лісты цалкам на кардон альбо прыклейваць пашпарт непасрэдна на палі малюнка цi гравюры;

выкарыстоўваць клей альбо клейкую стужку фабрычнай вытворчасці непасрэдна для замацавання твораў графікі.

245. У мэтах прадухілення ўздзеяння святла i пылу матэрыялы з паперы павінны захоўвацца ў шчыльна зачыненых шафах з паліцамі i шуфлядкамі, якія лёгка выцягваюцца.

246. Дакументы малых памераў захоўваюцца ў канвертах з паперы ці папках. Кожная папка, канверт павінны мець вопіс дакументаў.

247. Рукапісныя кнігі (на пергаменце i на паперы), старадрукаваныя кнігі захоўваюцца ў спецыяльных шафах, папках, каробках, якія забяспечваюць ix абарону ад святла i пылу.

248. Скруткі захоўваюцца ў спецыяльных папках гарызантальна альбо накручанымі на адпаведны валік і ў футарале.

249. Расклееныя часткі скруткаў захоўваюцца ў папках не болей за 50–60 лістоў у кожнай. Расклейка скруткаў дазваляецца толькі ў выпадку надзвычайнай неабходнасці пасля нумарацыі склееных лістоў.

250. Праца з рукапіснымі і старадрукаванымі кнігамі праводзіцца на месцах, абсталяваных сталамі ці пюпітрамі.

251. Памяшканні, у якix экспануюцца прадметы дадзенай групы матэрыялаў, неабходна абараняць ад прамых сонечных прамянёў, яркага дзённага святла i скразнякоў.

ГЛАВА 29

ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ З ТКАНІНЫ, СКУРЫ, КОСЦІ

252. Тканіны павінны захоўвацца асобна паводле матэрыялаў (шоўк, воўна, баваўнянапапяровыя тканіны) у глухіх шафах, гардэробах, камодах, куфрах, скрынях. Выключэнне адносна асобнага захоўвання складаюць комплексы з розных матэрыялаў, якія мэтазгодна трымаць у адной шафе.

253. Захоўваць тканіны неабходна без перагінаў i перакладваць мікалентнай паперай.

254. Касцюмы і верхняе адзенне захоўваюцца ў шафах на плечыках адпаведна крою адзення.

255. Галаўныя ўборы захоўваюцца на драўляных, кардонных балванках ці балванках з арганічнага шкла, а пры ix адсутнасці галаўныя ўборы шчыльна набіваюцца мікалентнай паперай, каб не страцілі сваёй формы. Мэтазгодна захоўваць галаўныя ўборы ў шафах i ў асобных для кожнага кардонных альбо фанерных футаралах.

256. Шпалеры i дываны захоўваюцца накатанымі на вал дыяметрам да 10 см вонкавым бокам унутр. Вал павінен мець на тарцах кружалы дыяметрам да 15 см для апоры ў ляжачым выглядзе, пры размяшчэнні валоў з дыванамі на кранштэйнах яны робяцца без кружала. Памер вала павінен быць даўжэйшым за шырыню дывана на 25–30 см. Вал з накатанымі дыванамі ці шпалерамі абкладваецца тоўстай паперай альбо баваўнянай тканінай i абвязваецца.

Зверху на вал накатваецца папяровы альбо баваўняны чахол.

257. Сцягі неабходна захоўваць накручанымі на дрэўка ў чахлах. Выключэнне складаюць сцягі, выявы i надпісы на якіх зроблены фарбамі. Ix мэтазгодна захоўваць гарызантальна на паліцах у разгорнутым выглядзе.

258. Прадметы з залатым, срэбным, жамчужным i іншым рэльефным шыццём i з футравымі ўпрыгожаннямі захоўваюцца асобна ад іншых музейных прадметаў і музейных калекцый. Кожны прадмет перакладваецца паперай, паміж імі наладжваюць пракладку з байкі ці некалькіх пластоў мікалентнай паперы.

259. Шафы, камоды, куфры i скрыні, у якіх захоўваецца тканіна, неабходна сістэматычна праветрываць, чысціць і абціраць.

260. Пазбаўленне тканін ад пылу робіцца з перасцярогай ад пашкоджанняў і пад наглядам рэстаўратараў.

261. Вырабы са скуры захоўваюцца ў шафах, пры вытворчасці якіх не ўжывaлicя драўлянастружкавыя пліты.

262. Адзенне са скуры захоўваецца на плечыках з ватнымі пракладкамі.

263. Галаўныя ўборы і абутак са скуры кладуцца ў асобныя скрынкі на балванках адпаведнай формы.

264. Плоскія прадметы перакладаюцца паперай або тканінай.

265. Музейныя прадметы з косці захоўваюцца ў зашклёных шафах, якія перасцерагаюць ад пранікнення пылу, у светлых памяшканнях.

266. Мініяцюры на слановай косці, якія намаляваны акварэллю, захоўваюцца пад шклом у аправе ці ў акантоўцы, што пазбаўляе ix ад прамога ўздзеяння святла i ахоўвае фарбы.

267. Забараняецца выкарыстоўваць вільготныя анучы для выцірання пылу на прадметах з косці. З мініяцюр пыл выводзіцца выключна мастаком-рэстаўратарам.

ГЛАВА 30


ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ З ДРЭВА

268. Драўляная скульптура, куфэркі вялікіх памераў, прасніцы i аналагічныя прадметы захоўваюцца на стэлажах альбо на паліцах, якія пакрыты лінолеумам цi пластыкам.

269. Драўляная разьба, рэшткі будаўнічага дэкору, драўляныя алтарныя брамы і іншыя буйныя прадметы захоўваюцца развешанымі на стэндах або спецыяльных кантэйнерах.

270. Прадметы з дрэва: начынне, посуд, лялькі, мэбля, рамы карцін i іншае захоўваюцца ў шафах, на стэлажах, якія адпавядаюць іх памерам.

271. Транспартныя сродкі (з дрэва і комплексу матэрыялаў) захоўваюцца на калодках.

272. Рэшткі прадметаў, якія адваліліся пры перамяшчэнні ці іншым уздзеянні на мэблю, мацуюцца на месца з поўнай атрыбуцыяй для далейшай працы рэстаўратараў.

273. Пазбаўленне ад пылу драўляных предметаў, у тым ліку паліраваных, з разьбою, пазалотаю, паліхромным роспісам, ажыццяўляецца мяккім флейцам, які абгортваецца марляю, пры адначасовым выкарыстанні пыласоса.

274. Скразное праветрыванне памяшканняў, дзе захоўваюцца прадметы з дрэва, з’яўляецца недапушчальным.

ГЛАВА 31

ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ З КЕРАМІКІ, ШКЛА, ВАПНЯКУ, МАРМУРУ, ГІПСУ

275. Прадметы невялікіх памераў з керамікі, шкла, вапняку, гіпсу, мармуру i іншых падобных матэрыялаў (у тым ліку скульптура) захоўваюцца на паліцах у зашклёных шафах. Паліцы павінны быць выраблены з дрэва.

276. Фарфоравыя, фаянсавыя i керамічныя талеркі і міскі вялікіх памераў неабходна захоўваць вертыкальна ў спецыяльных драўляных «грабеньчыках».

277. Некалькі плоскіх прадметаў дапускаецца ставіць адзін на адзін, але не болей шасці, перакладаючы іх мяккай паперай, складзенай у некалькі радоў, фланеллю, каб пазбегнуць пашкоджання палівы ці роспісу.

278. Нельга паміж прадметамі з керамікі i шкла ставіць прадметы з іншых матэрыялаў (напрыклад, з металу).

279. Вялікія рэчы з непаліванага фарфору («бісквіту») і керамікі захоўваюцца пад каўпакамі ці чахламі з тоўстай тканіны на стэлажах альбо падстаўках.

280. Порыстая кераміка без палівы патрабуе асабліва дакладнай абароны ад пылу i вільгаці.

281. Шкло нельга мыць вадою (яна спрыяе вымыванню солей, якія ўваходзяць у яго склад), яго неабходна апрацоўваць рэктыфікаваным спіртам. Працаваць са шклом трэба ў пальчатках з тканіны.

ГЛАВА 32


ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ З МЕТАЛУ

282. Нумізматыка (манеты, медалі, ордэны, жэтоны, значкі i іншае) захоўваюцца ў шафах, абсталяваных плоскімі скрынямі-латкамі, якія выцягваюцца. Прыкладная вышыня скрыні 3–5 см. На кожны латок кладзецца этыкетка з абазначэннем колькасці манет.

283. Дапушчальна захоўванне плоскіх прадметаў нумізматыкі ў спецыяльных канвертах, зробленых з тоўстай паперы. Канверты ставяцца вертыкальна ў скрыні адпаведных памераў. Дадзеныя аб прадмеце пазначаюцца на вонкавым баку.

284. Гадзіннікі, кандэлябры, настольныя ўпрыгожанні пры захоўванні па-за шафамі павінны знаходзіцца пад каўпакамі.

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка