Пастанова міністэрства культуры рэспублікі беларусь 1 лістапада 2007 г. №44




старонка3/9
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.51 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Працэс навуковага апісання музейнага прадмета каардынуецца і кантралюецца галоўным захавальнікам ці намеснікам кіраўніка музея па навуковай рабоце.

110. Аб’ём раздрукаванай інвентарнай кнігі, перыядычнасць перанясення электроннай версіі на папяровы носьбіт вызначаюцца ўнутрымузейнай інструкцыяй. Раздрукаваная інвентарная кніга павінна быць падшыта ў асобную справу, прашнуравана, старонкі пранумараваны. Яна павінна быць падпісана галоўным захавальнікам, кіраўніком музея і заверана пячаткай музея.

111. На перыяд пераходу на аўтаматызаваную сістэму ўліку дазваляецца вядзенне інвентарных кніг музейных калекцый і навуковых пашпартоў музейных прадметаў на папяровых носьбітах. У гэтым выпадку інвентарная кніга да запаўнення павінна быць пранумаравана, прашнуравана, зацверджана подпісам галоўнага захавальніка, кіраўніка музея, заверана пячаткай музея.

У рукапісным варыянце інвентарныя кнігі і навуковы пашпарт музейнага прадмета запаўняюцца ў адпаведнасці з формамі, якія дадаюцца да дадзенай Інструкцыі.

112. Усе акты, кніга паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду, кніга ўліку музейных прадметаў абменнага фонду, кніга ўліку фонду навукова-дапаможных матэрыялаў, кніга ўліку фонду сыравінных матэрыялаў, інвентарныя кнiгi, пратаколы ФЗК і іншыя ўліковыя дакументы складаюць архіў улікова-захавальніцкай дакументацыі, які захоўваецца ў асобным памяшканні або металічнай шафе, што апламбіруюцца ў канцы працоўнага дня. Доступ да ўліковай дакументацыі кантралюецца галоўным захавальнікам, загадчыкам аддзела ўліку музея.

Вынас усiх пералiчаных дакументаў i кнiг за межы музея забараняецца, акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.

ГЛАВА 11

ПАРАДАК ПЕРАДАЧЫ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ, НАВУКОВА-ДАПАМОЖНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ НА ЧАСОВАЕ І ПАСТАЯННАЕ ЗАХОЎВАННЕ

113. Перадача музейных прадметаў і музейных калекцый, якія ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, а таксама навукова-дапаможных матэрыялаў ад аднаго музея да іншага і ад музея да іншай арганізацыі на часовае захоўванне тэрмінам да аднаго года ажыццяўляецца на падставе дамоўленасці паміж імі, а для дзяржаўных музеяў, зарэгістраваных як юрыдычныя асобы, таксама пры наяўнасці пісьмовага дазволу заснавальніка музея.

Перадача на часовае захоўванне тэрмінам да аднаго года музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі 0, 1, 2-й катэгорыі, а таксама тых, што стаяць на спецыяльным уліку, ажыццяўляецца з пісьмовага дазволу Міністэрства культуры.

114. Асноўнымі дакументамі для перадачы музейных прадметаў і (або) музейных калекцый, а таксама навукова-дапаможных матэрыялаў на часовае захоўванне іншым музеям і арганізацыям з’яўляюцца:

акт перадачы музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў на часовае захоўванне;

гарантыйнае пісьмо ад музея ці іншай арганізацыі, якой перадаюцца музейныя прадметы і (або) музейныя калекцыі, навукова-дапаможныя матэрыялы;

даверанасць на асобу, якой выдаюцца музейныя прадметы і (або) музейныя калекцыі, навукова-дапаможныя матэрыялы.

115. Забараняецца перадача музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў, якiя знаходзяцца на часовым захаваннi, іншым музеям і арганізацыям без згоды iх уладальнiка.

116. Пры стварэннi выстаўкi або экспазiцыi ў музеi i яго фiлiялах музейныя прадметы і навукова-дапаможныя матэрыялы выдаюцца па акце ўнутрымузейнай перадачы.

117. Іншы рух музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў унутры музея (перадача ў фоталабараторыю, для навуковай работы або напiсання навуковых пашпартоў, для правядзення работ па кансервацыі і рэстаўрацыі) ажыццяўляецца з дазволу галоўнага захавальнiка i афармляецца таксама актам унутрымузейнай перадачы.

Акты ўнутрымузейнай перадачы рэгіструюцца ў спецыяльным журнале рэгістрацыі актаў унутрымузейнай перадачы.

118. Кантроль за своечасовым вяртаннем музейных прадметаў і музейных калекцый, якія былі прыняты або выдадзены на часовае захоўванне, вядзе загадчык сектара ўлiку або адказны навуковы супрацоўнiк музея.

119. Па сканчэнні тэрмiну перадачы музейных прадметаў і (або) музейных калекцый на часовае захоўванне ён можа быць падоўжаны ў парадку, пазначаным у пункце 113, але не болей чым на адзiн год.

120. Музейныя прадметы, навукова-дапаможныя матэрыялы, якiя не ўвайшлi ў экспазiцыю цi ў склад выстаўкі, вяртаюцца ў музейныя фонды на працягу трох дзён пасля адкрыцця выстаўкi, экспазiцыi.

У выключных выпадках, калі музейныя прадметы або музейныя калекцыі, навукова-дапаможныя матэрыялы былі выдадзены на выстаўку, якая экспануецца на далёкай адлегласці ад музея, тэрмiн іх вяртання можа быць падоўжаны па ўзгадненні з галоўным захавальнiкам і кіраўніком музея на перыяд, які патрабуецца для іх вяртання.

121. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны фонд, вывазу за межы Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне не падлягаюць, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

122. Музейныя прадметы і (або) музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, могуць перадавацца ад аднаго дзяржаўнага музея да другога ў парадку універсальнай правапераемнасці, у выпадку абмену на іншы музейны прадмет і (або) музейную калекцыю ці іншым спосабам, які не супярэчыць заканадаўству, толькі па дамоўленасці паміж музеямі або юрыдычнымі асобамі, структурнымі падраздзяленнямі якіх з’яўляюцца музеі, і з дазволу Міністэрства культуры ў форме загада.

123. Перадача музейных прадметаў і музейных калекцый, якія ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, ад аднаго музея да іншага і ад музея да іншай арганізацыі на пастаяннае захоўванне ажыццяўляецца па актах перадачы музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне, якія рэгіструюцца ў журнале актаў перадачы музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне.

ГЛАВА 12


ПАРАДАК ЗВАРОТНАГА ПРЫЁМУ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ, НАВУКОВА-ДАПАМОЖНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ, ЯКІЯ БЫЛІ ПЕРАДАДЗЕНЫ НА ЧАСОВАЕ ЗАХОЎВАННЕ

124. Вяртанне музейных прадметаў і музейных калекцый, навукова-дапаможных матэрыялаў, якія былі перададзены на часовае захоўванне, ажыццяўляецца па актах зваротнага прыёму музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў, перададзеных на часовае захоўванне.

125. Акты зваротнага прыёму музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў, перададзеных на часовае захоўванне, рэгіструюцца ў журнале рэгістрацыі актаў зваротнага прыёму музейных прадметаў, перададзеных на часовае захоўванне.

ГЛАВА 13


ПАРАДАК СПІСАННЯ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ

126. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі выключаюцца з Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і падлягаюць спісанню з фонду музейных прадметаў музея, калі яны:

пашкоджаны ў такой ступені, што іх немагчыма рэстаўрыраваць;

страцілі сваю культурную, гістарычную, навуковую і (або) мастацкую вартасць;

страчаны або знішчаны ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў;

выкрадзены, што пацвярджаецца адпаведнымі дзяржаўнымі органамі;

знаходзяцца ў музейным фондзе прыватнага музея і выключаюцца на падставе пісьмова аформленай заявы гэтага музея;

абменьваюцца згодна з заканадаўствам на іншы музейны прадмет, які знаходзіцца ў замежным музеі, або прадмет музейнага значэння ці на іншую музейную калекцыю, якія знаходзяцца ў замежным музеі.

127. Для прыняцця рашэння аб выключэнні музейных прадметаў і (або) музейных калекцый з Музейнага фонду музей або юрыдычная асоба, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, падае ў Міністэрства культуры заяву, у якой пазначаны прычыны выключэння музейных прадметаў і (або) музейных калекцый, прадугледжаныя ў пункце 126 дадзенай Інструкцыі, адпаведную выпіску з пратакола фондава-закупачнай камісіі музея (для дзяржаўных музеяў), а таксама вопіс музейных прадметаў і (або) музейных калекцый, што падлягаюць выключэнню. Пры разглядзе пытанняў аб выключэнні музейных прадметаў і (або) музейных калекцый з Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь пасяджэнне фондава-закупачнай камісіі музея адбываецца з абавязковым удзелам прадстаўніка дзяржаўнага органа кіравання па падпарадкаванні музея. Рашэнне аб выключэнні музейных прадметаў і (або) музейных калекцый з Музейнага фонду прымае Міністэрства культуры ў форме загада.

128. Загад Міністэрства культуры з’яўляецца падставай для спісання і выключэння музейных прадметаў з КП або КАФ і інвентарных кнiг музея.

129. Адзнака аб выключэннi музейнага прадмета з КП, КАФ, інвентарных кнiг робiцца ў графе «Заўвагi» са спасылкай на загад Мiнiстэрства культуры, падпiсваецца галоўным захавальнiкам i завяраецца пячаткай музея.

130. Забараняецца выкарыстанне iнвентарных нумароў, вызваленых пасля выключэння музейных прадметаў, для запiсу iншых музейных прадметаў.

131. Перавод музейнага прадмета з адной інвентарнай кнiгi ў іншую i адпаведна змена iнвентарнага нумара i шыфра робяцца па рашэнні ФЗК, якое зацвярджаецца кіраўніком музея пры ўмове, што музейны прадмет застаецца ў асноўным фондзе.

132. Замена старых інвентарных кнiг новымi магчыма толькi ў выключных выпадках, калі кнігі прыйшлі ў дрэнны стан і не падлягаюць узнаўленню, i з дазволу Мiнiстэрства культуры. Пры атрыманнi дазволу i пасля завяршэння работы па замене старых iнвентарных кнiг складаецца акт на скасаванне старых інвентарных кніг згодна з дадаткам 35. Акт зацвярджаецца кіраўніком музея.

133. У акце на скасаванне старых інвентарных кніг дакладна фiксуюцца дата, дакументы, на падставе якiх адбылася замена кнiг, прычына замены, апроч таго, у акце павiнны быць адзначаны:

колькасць нумароў, перанесеных у новыя кнiгi;

колькасць нумароў, раней выключаных;

колькасць страчаных нумароў.

134. Акт на скасаванне старых інвентарных кніг складаецца ў 2 экзэмплярах: першы захоўваецца ў аддзеле фондаў музея, другі – перадаецца Мiнiстэрству культуры.

Да зацвярджэння акта на скасаванне старых інвентарных кніг дзеючым лiчыцца стары iнвентар.

135. Калі музей мае музейныя прадметы, адносна якіх ёсць доказы, што яны трапілі да яго ў калекцыю з парушэннем нормаў міжнародных дагавароў Рэспублікі Беларусь, музей павінен спрыяць вяртанню гэтых прадметаў у краіну паходжання.

ГЛАВА 14


УЛІК ФОНДУ НАВУКОВА-ДАПАМОЖНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ І ФОНДУ СЫРАВІННЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ

136. Матэрыялы фонду навукова-дапаможных матэрыялаў акцiруюцца па формах актаў прыёму музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў на пастаяннае захоўванне згодна з дадаткамі 9, 10 i заносяцца ў кнiгу ўлiку фонду навукова-дапаможных матэрыялаў згодна з дадаткам 6 (далей – кніга НД).

137. Матэрыялы фонду навукова-дапаможных матэрыялаў навуковай iнвентарызацыі не падлягаюць.

138. Выдача матэрыялаў фонду навукова-дапаможных матэрыялаў у часовае i пастаяннае захоўванне i выключэнне iх з кнiгi НД праводзiцца паводле рашэння ФЗК і загада кіраўніка музея.

139. Перавод матэрыялаў з фонду навукова-дапаможных матэрыялаў у фонд музейных прадметаў праводзiцца па рашэнні ФЗК, перавод з асноўнага фонду музейных прадметаў у фонд навукова-дапаможных матэрыялаў магчымы пасля прыняцця рашэння аб выключэнні музейных прадметаў з Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь паволе загада Мiнiстэрства культуры.

140. Сыравiнныя матэрыялы заносяцца ў кнiгу ўліку сыравiнных матэрыялаў згодна з дадаткам 5 і ў залежнасцi ад вынiкаў далейшай апрацоўкi па рашэнні ФЗК заносяцца ў асноўны фонд цi фонд навукова-дапаможных матэрыялаў.

141. Абрэвiятура музея i парадкавы нумар па кнізе ўліку фонду навукова-дапаможных матэрыялаў і кнізе ўліку фонду сыравінных матэрыялаў прастаўляюцца на прадмеце.

142. Спісанне матэрыялаў фонду навукова-дапаможных матэрыялаў і фонду сыравінных матэрыялаў ажыццяўляецца паводле пісьмовага загада кіраўніка музея на падставе рашэння ФЗК.

ГЛАВА 15

ПАРАДАК УЛІКУ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ У ФІЛІЯЛАХ МУЗЕЯ

143. У музеях, якія маюць філіялы, вядзецца цэнтралізаваны ўлiк музейных фондаў у галаўным музеі.

144. У асобных выпадках, калi фiлiялы маюць значныя гiстарычна сфармiраваныя зборы, дапускаецца асобны ўлік музейных прадметаў і музейных калекцый непасрэдна ў філіяле, які вядзецца ў адпаведнасці з правіламі, вызначанымі дадзенай Інструкцыяй. Рашэнне аб вядзенні філіялам музея асобнага ўліку музейных прадметаў і музейных калекцый прымаецца кіраўніком музея і афармляецца загадам.

База даных музейных фондаў філіяла музея павінна мець электронную копію ў галаўным музеі, у якой даныя пастаянна абнаўляюцца.

145. Зводныя даныя пра рух музейных прадметаў у фiлiяле (выдадзеных i прынятых на пастаяннае захоўванне) фіксуюцца ў гадавой справаздачы галаўнога музея вышэйстаячай арганiзацыi ў адпаведнасцi з падпарадкаваннем.

ГЛАВА 16

ЗВЕРКА НАЯЎНАСЦІ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ, НАВУКОВА-ДАПАМОЖНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ З УЛІКОВАЙ ДАКУМЕНТАЦЫЯЙ

146. Музеi абавязаны сiстэматычна праводзiць зверку наяўнасцi музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў з уліковай дакументацыяй (далей – зверка наяўнасці).

147. Музеi, якiя маюць калекцыi да 3 тысяч адзiнак, зверку наяўнасцi музейных прадметаў праводзяць штогод.

148. Музеi, калекцыi якiх складаюць 3 тысячы і больш адзiнак, штогод праводзяць зверку наяўнасцi музейных прадметаў па музейных калекцыях у адпаведнасцi з планам, зацверджаным кіраўніком музея.

Зверка наяўнасці навукова-дапаможных матэрыялаў адбываецца раз у тры гады ў адпаведнасці з планам, зацверджаным кіраўніком музея.

149. Зверку наяўнасці праводзiць камiсiя ў складзе не меней 3 чалавек, прызначаная загадам кіраўніка музея.

150. Канчатковыя вынiкi зверкi наяўнасцi музейных прадметаў і музейных калекцый з уліковай дакументацыяй фiксуюцца ў акце зверкі наяўнасці музейных прадметаў з уліковай дакументацыяй згодна з дадаткам 36, якi падпiсваецца членамі камісіі, галоўным захавальнiкам фондаў i зацвярджаецца кіраўніком музея.

151. У выпадку, калi ў вынiку зверкi выяўлены недахоп музейных прадметаў, акт зверкi накiроўваецца ў вышэйстаячую арганiзацыю з дадаткам усёй неабходнай дакументацыi i тлумачальнай запiскай кіраўніка музея аб прычынах страты i прынятых мерах.

ГЛАВА 17


УЛІКОВЫЯ АБАЗНАЧЭННІ (ІДЭНТЫФІКАЦЫЙНЫЯ НУМАРЫ)

152. Адначасова з занясеннем музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў у КП, кнігу НД i інвентарныя кнiгі на iх прастаўляюцца ўлiковыя абазначэннi (ідэнтыфікацыйныя нумары): абрэвіятура музея, нумар па КП, КАФ альбо па кнізе НД, нумар па інвентарнай кнiзе.

153. Прадметы, якія не маюць ідэнтыфікацыйных нумароў, не могуць знаходзіцца ў фондасховішчах музея, экспанавацца, перадавацца для экспанавання ў іншыя музеі і арганізацыі, публікавацца.

154. Ідэнтыфікацыйны нумар наносіцца на тую частку музейнага прадмета, якая не будзе бачнай пры яго экспанаванні.

155. У выпадку немагчымасцi праставiць улiковыя абазначэннi непасрэдна на музейным прадмеце іх прастаўляюць на яго аздабленні (раме, футарале, канверце, паспарту i гэтак далей) у выглядзе этыкеткi цi ярлыка, якi мацуецца да прадмета.

156. Усе старыя этыкеткi, ідэнтыфікацыйныя нумары на музейных прадметах скасуюцца пры замене iх новымi, але гасяцца ўмоўным знакам (касым крыжом) чорнай тушшу, для графiкi – графiтным алоўкам, пры гэтым яны павiнны лёгка чытацца. Ярлыкi, этыкеткi i надпiсы старых збораў, якiя адлюстроўваюць гiсторыю прадмета, гашэнню не падлягаюць.

157. Прадметы, якiя паступiлi ў музей на часовае захоўванне, шыфруюцца спрошчанай тэхнiкай:

на карцiнах шыфры наносяцца алоўкам на падрамнiку;

малюнках, гравюрах – на адгорце графiтным алоўкам;

скульптурах, керамiчных i металiчных вырабах, на тканiнах прымацоўваюцца ярлыкi з улiковымi абазначэннямi.

158. На карцiнах ідэнтыфікацыйны нумар прастаўляецца белай фарбай на нiжняй планцы падрамнiка ў левым вугле, без падрамнiка – на адваротным баку палатна ў левым нiжнiм вугле. На карцiнах, памер якiх вельмi вялiкi, улiковыя абазначэннi прастаўляюцца зверху i знiзу.

На iконах (дошках) шыфр i нумар прастаўляюцца белай (светлай) фарбай на тарцы або на адваротным баку дошкi. На двухбаковай iконе шыфр прастаўляецца на тарцы.

159. Акварэлi, малюнкi, гравюры, плакаты маркіруюцца штампам на адваротным баку прадмета ў левым нiжнiм вугле, нумары наносяцца графiтным алоўкам. На малюнках, уманцiраваных у раму, паспарту або акантоўку, шыфр i нумар дублююцца на акантоўцы. У выпадку асаблiва складанай манцiроўкi, калi раскантоўка можа прывесцi да пашкоджання прадмета, ідэнтыфікацыйны нумар прастаўляецца на акантоўцы прадмета, аб чым робiцца адпаведная адзнака ў графе «Заўвагi» ў інвентарнай кнiзе.

Для гравюр i малюнкаў на тонкай i празрыстай або старой паперы напiсанне нумароў дазваляецца толькi на акантоўцы цi манціроўцы.

На графiчных творах забараняецца рабiць надпiсы чарнiлам, тушшу або хiмiчным алоўкам.

160. Рукапiсы маркіруюцца толькi мiнiяцюрным штампам. Ідэнтыфікацыйны нумар прастаўляецца графiтным алоўкам.

161. Кнiгi, часопiсы, альбомы з малюнкамi цi фотаздымкамі шыфруюцца на адваротным баку тытульнага лiста ў правым нiжнiм вугле. На адваротным баку кожнага лiста альбома таксама прастаўляецца ідэнтыфікацыйны нумар.

162. Да iкон з металу, крыжоў, а таксама мiнiяцюр, дробных прадметаў, на якіх немагчыма праставiць нумары непасрэдна на прадмеце, прымацоўваюць этыкеткi з шчыльнага кардону суравой ніткай.

163. На скульптуры (дрэва, мармур, метал) нумары ставяцца ззаду злева ў нiжнiм вугле плiнта алейнай фарбай. На дробнай скульптуры ўліковыя абазначэнні прастаўляюцца на паддоне.

164. На прадметах з керамікі, шкла, дрэва ідэнтыфікацыйны нумар прастаўляецца на паддоне чорнай тушшу i пакрываецца празрыстым лакам, пры гэтым клеймы i маркi, якiя маюцца на прадмеце, павiнны чытацца.

165. На прадметах, якiя адчыняюцца (скрынках, табакерках і іншых), улiковыя нумары ставяцца ўнутры.

166. Манеты, медалi, гемы маркіруюцца на манцiроўцы i на ўпакоўцы (канвертах, футаралах, скрынках).

167. На тканiнах этыкетка са светлай матэрыi прышываецца з адваротнага боку ў левым вугле (дываны, ручнiкi, паясы i іншыя), да прадметаў (спаднiцы, кашулi) этыкетка прышываецца да нiжняга краю споду. Ідэнтыфікацыйны нумар на этыкетцы прастаўляецца чорнай тушшу.

168. На мэблi ідэнтыфікацыйны нумар наносіцца фарбай ззаду ці пад сядзеннем, з тыльнага боку або да асноўнай рамы (для сталоў). Для этыкеткi выбiраецца месца, не пакрытае лакам.

169. На аўдыёвізуальных матэрыялах улiковыя абазначэннi прастаўляюцца тушшу на ўпакоўцы. На фотаадбiтках – на адвароце ў левым нiжнiм вугле. На негатывах памерам меней за 9 х 12 мм ідэнтыфікацыйныя нумары прастаўляюцца на канверце. На негатывах вялікіх памераў дазваляецца ставіць уліковыя абазначэнні тушшу на палях з эмульсійнага боку ці на ўчастку паміж перфарацыйнымі адтулінамі на перфарыраванай плёнцы.

170. На агнястрэльнай зброi ідэнтыфікацыйны нумар наносіцца на затворнай каробцы ці на ўнутраным баку спускавой планкі; на халоднай зброi – на эфесе, або на чаранку, або на спецыяльным металічным жэтоне. На металiчных прадметах – эмалевай фарбай.

171. Музейныя прадметы, якія адносяцца да натуральна-гістарычных крыніц, маркіруюцца:

тушкi жывёл – на спецыяльных падвясных ярлыках;

чучалы – на падстаўках, на прэпаратах, якiя заключаны ў слоікi цi пастаянныя футаралы, звонку слоіка цi футарала;

гербарныя лiсты – на кожным лiсце ўнiзе злева; на гербарных лiстах, сабраных у альбом, – на першым лiсце альбома;

геалагiчныя i палеанталагiчныя ўзоры – непасрэдна на прадметах;

узоры глебы – на сценцы скрынi з маналiтамi цi на бляшанках i каробках з узорамi;

сыпучыя матэрыялы – на ўпакоўцы.

ГЛАВА 18


ДАПАМОЖНЫЯ ФОРМЫ ЎНУТРЫМУЗЕЙНАГА ЎЛІКУ

172. Дапаможны ўнутрымузейны ўлiк вядзецца з дапамогай электроннай базы даных, а на перыяд яе фарміравання – з дапамогай уліковых картатэк.

173. Уліковыя картатэкі могуць быць наступных відаў:

улiковая – уключае фонды музея ў парадку iх запiсу ў кнiгах паступленняў;

iнвентарная – уключае музейныя прадметы ў парадку iх запiсу ў iнвентарных кнiгах;

тапаграфiчная – фiксуе месцазнаходжанне музейных прадметаў у фондасховiшчах, экспазiцыях;

сiстэматычная (аўтарская, iмянная, прадметная, геаграфiчная, храналагiчная i iншая);

тэматычная – сістэматызуе музейны збор па розных тэмах;

здатчыкаў (фондастваральнiкаў);

захаванасцi – фiксуе фiзiчны стан музейнага прадмета ў момант яго паступлення i далейшыя яго змены, рэстаўрацыю.

174. Вышэйадзначаныя картатэкі спыняюць сваё існаванне з моманту ўключэння ўсёй інфармацыі аб музейных прадметах ў базу даных на электронных носьбітах.

ГЛАВА 19


ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ФОНДАЎ. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

175. Асноўнымі сховішчамі музейных прадметаў і музейных калекцый у Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца дзяржаўныя і прыватныя музеі, іншыя ўстановы музейнага тыпу (галерэі, выставачныя залы, заалагічныя сады, гістарычныя і археалагічныя паркі і іншыя).

176. Мэтай музейнага захоўвання з’яўляецца забеспячэнне аптымальных рэжымаў і рацыянальных сістэм утрымання музейных прадметаў і музейных калекцый у фондасховiшчах, на экспазiцыях, падчас перамяшчэнняў, іх ахова ад разбурэння, захворвання, крадзяжоў, іншых небяспечных абставін.

177. Галоўная ўмова захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый – гэта належны будынак, забяспечаны сістэмамі асвятлення, ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання, супрацьпажарнай бяспекі, аховы, які максімальна адпавядае нормам захоўвання культурных каштоўнасцей.

178. Перамяшчэнне музеяў з памяшканняў, спецыяльна прызначаных для экспазiцый i фондасховiшчаў, у iншыя, не прыстасаваныя для захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама выкарыстанне будынка музея (альбо яго часткi), у тым лiку фондасховiшча, не па прамым прызначэнні забараняецца.

179. Прыстасаванне пад фондасховішчы памяшканняў, якія знаходзяцца непасрэдна пад дахам, сутарэнняў, якія не маюць гідраізаляцыі, забараняецца.

180. Ахова будынкаў музеяў, экспазіцыйных, выставачных і рэстаўрацыйных памяшканняў можа быць грамадзянскай, пазаведамаснай, міліцэйскай і камбінаванай. Яна ажыццяўляецца па інструкцыі, якая зацвярджаецца кіраўніком музея і прадугледжвае забеспячэнне бесперапыннай кругласутачнай аховы музейных прадметаў і музейных калекцый і памяшканняў музея.

181. У дзённы час у музеi павінна дзейнічаць спецыяльная служба аховы (наглядчыкі экспазіцыйных і выставачных залаў, пасты аховы і іншыя) у адпаведнасці з унутрымузейнымі інструкцыямі, улічваючы спецыфіку музея.

182. Асоба, адказная за арганізацыю работы музейных наглядчыкаў, размяркоўвае пасты ўнутранага назірання паміж імі па ўзгадненні з галоўным захавальнікам або кіраўніком музея, а таксама захавальнікамі экспазіцый і часовых выставак і пастаянна кантралюе выкананне наглядчыкамі абавязкаў па ахове музейных прадметаў і музейных калекцый і памяшканняў музея.

183. Дзверы сховішчаў, экспазіцыйных залаў, а таксама шафы і вітрыны павінны мець свой парадкавы нумар, петлі для пломб, надзейныя замкі.

184. Першыя экзэмпляры ключоў ад памяшканняў фондасховішчаў і экспазіцыйных залаў павінны захоўвацца ў спецыяльным замкнёным сейфе. Ключ ад сейфа захоўваецца ў адказнага дзяжурнага.

185. Выдача ключоў дазваляецца толькі асобам, указанным у спецыяльным распараджэнні кіраўніка музея.

186. Другія экзэмпляры ключоў знаходзяцца ў галоўнага захавальніка або кіраўніка музея.

Запісы аб выдачы і вяртанні ключоў робяцца ў спецыяльным журнале, які захоўваецца ў дзяжурнага ўнутранай аховы.

187. Вынас пламбіраў і пячатак, ключоў ад памяшканняў музея з будынка музея забараняецца.

188. Кожны адказны захавальнік павінен мець асабісты пламбір або пячатку са сваім нумарам або знакам. Перадача пламбіра і пячаткі другой асобе забараняецца.

189. Адкрыццё, закрыццё і апячатванне фондасховішчаў ажыццяўляецца захавальнікамі або галоўным захавальнікам.

190. Накладанне і зняцце пячатак ці пломб без прысутнасці матэрыяльна адказнай асобы забараняецца, за выключэннем асобных выпадкаў, па якіх прымаецца спецыяльнае рашэнне кіраўніка музея.

191. Наяўнасць экспанатаў і стан экспазіцыйных залаў (у пачатку і ў канцы рабочага дня) павінны быць зафіксаваны матэрыяльна адказнымі навуковымі супрацоўнікамі і музейнымі наглядчыкамі ў спецыяльных журналах, складзеных па форме, зацверджанай музеем.

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка