Пасля зарадкі, якую Дзяніс прывык рабіць кожны дзень, ён, прыняўшы душ, накіраваўся на кухню і, падышоўшы да акна і расчыніўшы фортку, раптам быццам аслупянеў: у кастрычніцкі прыгожы ранак нібы ўварвалася зіма




Дата канвертавання07.05.2016
Памер202.37 Kb.
РУЖА

Пранізліва-чысцюткая бель паўстала вакол, напаўняючы прастору нейкім дзіўным спакоем, праз які сэрца можа пазбавіцца тугі і вечных жыццёвых турбот, якія запаўняюць увесь час, прымушаюць хвалявацца, непакоіцца, шукаць выйсце з розных сітуацый і кожны раз ставяць чалавека перад выбарам. А чалавеку здаецца, што, хоць раз памыліўшыся ў гэтым выбары, ён застаецца безабаронным перад лёсам, што ягонае жыццё будзе зусім іншым, чым тады, калі б ён зрабіў у сваім выбары крок у іншы бок. Калі б…

…Дзяніс расплюшчыў вочы і, яшчэ не разумеючы, дзе ён знаходзіцца—у сне ці наяве—доўга прывыкаў да новага адчування—лагоды ва ўсім целе і адначасова поўнага нежадання ўставаць, таму што зразумеў самае галоўнае:сёння ж нядзеля і нікуды спяшацца не трэба! Прывыкшы кожны дзень ўставаць вельмі рана, Дзяніс толькі ў рэдкі выхадны дзень адчуваў сябе па-сапраўднаму шчаслівым—проста таму што нікуды не трэба ляцець; у дзень, калі такое нясмелае”хачу”не падпарадкоўваецца настойліваму”трэба”. Начапіўшы акуляры, зірнуў на гадзіннік: ого, дзесяць гадзін ужо! Рашуча падняўшыся, паклыпаў у куток, дзе ляжалі гантэлі і невялікая штанга. Праходзячы каля люстэрка, міжволі зірнуў у яго. На Дзяніса з люстэрка глядзеў заспаны твар чалавека “злёгку за трыццаць”, з ускудлачанымі русымі валасамі, носам”бульбачкай”, маленькімі шэра-блакітнымі вочкамі, якія нібы схаваліся за шклом акуляраў.Ад вачэй разыходзіліся павуцінкі маршчынак, калі ўсмешка кранала твар, што зусім не псавала яго, а наадварот, рабіла больш даверлівым і вясёлым.

Пасля зарадкі, якую Дзяніс прывык рабіць кожны дзень, ён, прыняўшы душ, накіраваўся на кухню і, падышоўшы да акна і расчыніўшы фортку, раптам быццам аслупянеў: у кастрычніцкі прыгожы ранак нібы ўварвалася зіма! Яшчэ ўчора ўся зямля была ўслана лісцем, рознакаляровым, чароўным, як сама восень. А сёння гэты пярэсты дыван быццам бы пасівеў: на ім ляжаў лебядзіным пухам снег, які, як ні дзіўна, зусім не хацеў раставаць, і з-пад гэтага бялюткага чыстага снегу быў бачны дзівосны лісцвяны покрыў—восень нібы апранула паверх свайго звычайнага ўбору снежна-белы—убор нявесты. Вочы яе схаваліся пад танюсенькім вэлюмам туманоў, якія лёгкай дымкаю на гарызонце злучалі неба з зямлёю. Дзяніс міжволі прыгадаў сваё вяселле, калі вэлюм скрываў вочы яго Ганначкі-Ганулькі—зялёныя, ясныя, чыстыя, шчырыя,такія глыбокія, што ў іх можна было патануць…Але гэта было вясною—шмат год таму, і іх сыну хутка споўніцца столькі, колькі было тады Дзянісу, калі яны сталі мужам і жонкаю…Як быццам гэта было ўчора…Дзяніс раптам схамянуўся, зірнуў на гадзіннік: хутка ж вернуцца Ганна з Алесем! Успомніў, што паабяцаў прыгатаваць сняданак, пабег да халадзільніка—там пуста.”Скокну ў магазін!”—вырашыў ён.

Збягаючы з лесвіцы, Дзяніс раптам заўважыў, што ў паштовай скрыні штосьці ёсць.”Пагляджу, калі буду вяртацца з магазіна,”—махнуў ён рукою і пабег далей. Па дарозе чамусьці падумалася аб тым,што Алесь абяцаў пазнаёміць іх са сваёй дзяўчынай—Машай, з якой летась пазнаёміўся ў лагеры.”Ён такі ўжо вялікі і такі яшчэ маленькі, наш Алесь!—падумалася Дзянісу.—Хаця ўжо семнаццаты год ідзе.І Ганна нарадавацца не можа, які ён самастойны, мэтанакіраваны.”

Вяртаючыся дадому, Дзяніс ледзь не праскочыў паштовай скрыні. Ключ некалькі разоў павярнуўся, шчоўкнуў замок—і дзверцы расчыніліся. З чорнай шчыліны на падлогу раптам слізгануў белы прамавугольнік. Дзяніс нахіліўся, падняў яго, кінуў позірк на адрас—адкуль прыйшло пісьмо?—і ягоныя рукі задрыжалі, а сэрца затахкала так, быццам бы хацела выскачыць з грудзей,--бязлітасна, балюча, з надрывам. Дзяніс яшчэ раз глянуў на знаёмы почырк і, не верачы сваім вачам, яшчэ і яшчэ раз перачытваючы знаёмы з юнацтва адрас, баяўся парушыць цэласнасць канверта, зірнуць у ягоную глыбіню, убачыць там штосьці да болю знаёмае, блізкае…”Трэба, перш за ўсё, падняцца ў кватэру,”—падумаў ён.

Падняўшыся на свой паверх і паставіўшы сумкі на падлогу, Дзяніс апусціўся ў крэсла і асцярожна і разам з тым нецярпліва пачаў разрываць канверт. Ён вельмі баяўся пашкодзіць пісьмо, але, нарэшце зазірнуўшы ў канверт, не ўбачыў там ніякага пісьма.Дзяніс перавярнуў яго, падставіў далонь—і на яе выпала ружа—засохлая, з пажоўклымі пялёсткамі, з кароткім тонкім сцяблом і нават з дзвюма калючкамі на ім.Маленькая чырвоная ружа—яе ружа, Тані…Яго Тані…

Мабыць, нездарма гэты дзіўны кастрычніцкі дзень накрыўся снегам—бялюткім, чыстым, як юнацкая пара—пара першага кахання, пара надзей, мрояў, летуценняў, юнацкіх згадак і першых расчараванняў, глыбокіх дум пра быццё і ідэалізацыя ўсяго, з чым сустракаешся ўпершыню. Гэта—самая лепшая пара, калі душа яшчэ чыстая, свабодная ад цяжкіх меркантыльных дум, сугучная з рытмам сучаснасці. Гэта—пара першых па-сапраўднаму самастойных крокаў у жыцці, пара першага выбару, дзе нельга памыліцца перад самім сабой. А выбар гэты можа быць раз у жыцці, як выбар дарогі, па якой пойдзеш, пакрочыш далей…

Ружа ў канверце—і больш нічога, ніякага ліста…Дзяніс раптам зразумеў усё…

* * *
…Электрычка імчала, разрываючы цемру і патокі ветру. Халодным вераснёўскім ранкам, калі нават птушкі лянуюцца выводзіць свае мілагучныя трэлі, а сонца не спяшаецца паказвацца над гарызонтам, усё здавалася панурым і маўклівым. Людзей у вагоне было нямнога ( шэсць гадзін раніцы ўсё ж такі), хацелася спаць, а ехаць заставалася цэлую гадзіну. Апошні вагон, людзей амаль няма. Дзяніс салодка пацягнуўся, прадчуваючы цудоўны адпачынак.

Тое, што адбылося потым, адаб’ецца ў ягонай памяці назаўсёды. Дзяніс сядзеў якраз насупраць дзвярэй у наступны вагон. Раптам праз шкло дзвярэй ён убачыў дзявочы твар—увесь у слязах, барвовы, у вачах—страх, адчай. Слабай рукою імкнецца расчыніць цяжкія дзверы, тыя не паддаюцца. Дзяніс ускочыў, дапамог дзяўчыне. Тая кінулася да яго:”Дзядзечка, дапамажыце! Матульцы маёй раптам дрэнна стала. У яе, ведаеце, слабае сэрца, хоць і маладая яшчэ.” Тое, што Дзяніс—урач, дзяўчына, вядома, не ведала. Але ў яе не было выбару—яна проста верыла, што свет не без добрых людзей…

Ужо потым, праз нейкі час, Дзяніс скажа сабе, што вочы дзяўчыны, яе позірк здаліся яму знаёмымі, хоць бачыў ён яе ўпершыню. Панёсся за дзяўчынай у суседні вагон. Чатыры чалавекі ў ім. Стаяць каля лаўкі, на якой ляжыць жанчына. Падляцеў. Людзі расступіліся. Машынальна, як калісьці вучылі ў медінстытуце, праверыў пульс, зірнуў у твар…ледзь сам не страціў прытомнасць.Таня…Гэта была яна.Яго Таня—яго першае каханне, юнацкая мроя, анёл яго мар і надзей. Нават Таніны і яго бацькі называлі іх жаніх і нявеста. А яны і не спрачаліся з імі, ужо тады разумелі пра тое, што існуе той самы звычайны чалавечы лёс, якому, як яны лічылі, падаўладна ўсё на свеце. Але лёс бывае розным—для кожнага з нас свой…

Гэта вырашыла само жыццё: параскідала іх у розныя бакі—у яго сям’я, сын; у яе—дачка і, напэўна, муж.

Як медык, Дзяніс заўсёды браў з сабою ў дарогу ўсё самае неабходнае: ён баяўся, што калі, не дай Бог, апынецца ў такой сітуацыі, будзе мець заўсёды пад рукой усё, што патрэбна.

Дзяніс усё зрабіў, як трэба. Праз некаторы час жанчына расплюшчыла вочы, убачыла яго, спачатку не пазнала. Потым, праз хвіліну-другую, пачуўшы яго голас, раптам нешта ўспомніла—і сляза пакацілася па яе твары.”Дзяніс?Гэта ты?Праўда?А мне падалося, што я ўжо на небе.А гэта ты, Дзяніс.Як ты трапіў сюды?Цябе,напэўна, сам Бог паслаў?”

“Як ты сябе адчуваеш?”—спытаў ён, баючыся, што той цудоўны сон, які бачыць, зараз скончыцца.”Добра,--адказала яна, адчуваючы не толькі палёгку ва ўсім целе, але і адчуванне радасці і шчасця—таго, да канца неспазнанага, таго, амаль дзіцячага, якое было шмат гадоў таму.—Ты зараз зноў знікнеш, як той сон? Як я цябе знайду?”Дзяніс пакінуў нумар свайго тэлефона:”Тэлефануй, я буду чакаць”.Абвясцілі наступную стпнцыю.”Ой, гэта ж наша!—раптам успомніла Таня.—Рыхтуйся, Машанька, на наступным выходзім.Памятаеш?”Тая, ужо супакоеная, падрыхтавалася выходзіць.І—быццам успомніла нешта:”Дзядзечка, вялікі дзякуй вам, што дапамаглі матулі!”

“Няма за што,”--адказаў ён і раптам засаромеўся:настолькі падобна яна была на маці…

Таня патэлефанавала праз некалькі дзён, якраз у суботу, калі Дзяніс толькі збіраўся адпачыць пасля бяссоннай ночы: дзяжурства ў бальніцы выдалася вельмі цяжкім, напружаным. Ён толькі лёг, як пачуўся званок.”Яшчэ раз дазволь сказаць табе дзякуй.За ўсё,”—пачуўся Танін голас у трубцы.”А калі асабіста сказаць тое ж самае—слабо?”—чамусьці вырвалася ў яго.

Пасля таго выпадку яны сустрэліся ўсяго адзін раз.Адзін раз на ўсё жыццё—дарослае, сумленнае, псеўдаўзаемнае. У цемры гасцінічнага нумара яны ўспаміналі—і не маглі спыніцца—усё, што звязвала іх у гэтым жыцці.Таня вельмі любіла ружы, і Дзяніс добра памятаў гэта. Тым больш, што ў гэты раз ён для яе падрыхтаваў цудоўны букет.Але тое, што ён пачуў ад Тані, вельмі ўразіла яго.”Я захоўваю ўсе твае кветкі, усе твае ружы,”—сказала яна Дзянісу. Яго пацалунак быў узнагародай ёй за яе цярплівасць і вернасць...

…Наранку, перад тым, як развітацца, Таня сказала Дзянісу:”Сёння увечары самалёт перанясе мяне ў іншае жыццё—у Амерыку. Я ад’язджаю туды па кантракту на два гады. Спачатку асвоюся, потым забяру Машу—няхай вучыцца тут да Новага года,--правільней кажучы, да Каляд. Муж ужо там—у яго сумеснае прадпрыемства.Толькі аб адным прашу: не прыязджай у аэрапорт—не люблю доўгіх провадаў.”Яна раптам адвярнулася, стрымліваючы слёзы, але яны дзвюма нітачкамі-ручайкамі пацяклі з яе прыгожых вачэй. Кінуўшыся да Дзяніса, Таня абвіла рукамі яго шыю. Яна цалавала яго твар, вочы, губы. Дзяніс адчуваў, як Таніны слёзы пякуць твар, шыю, але не мог зварухнуцца—стаяў, як аслупянелы. Ён запомніў кожнае яе слова, але штосьці, сказанае ёю, не давала яму спакою.А што—ён не мог зразумець. Адчуванне, што яна едзе ад яго кудысьці і калі вернецца—невядома, было такім моцным і, ў першую чаргу, такім начаканым, што Дзяніс не хацеў і баяўся сказаць хоць слова, нібы ад гэтага што-небудзь залежала.І яшчэ баяўся страціць момант шчасця—такога нечаканага і жаданага, на першы погляд бязмежнага, яле такога недаўгавечнага, хрупкага…

* * *
Увечары Дзяніс дзяжурыў у бальніцы. На шчасце, работы было мала, таму што ўсё валілася з рук, розныя думкі не давалі спакою. І асабліва балюча думалася яму, калі ўспамінаў Таніны словы перад расстаннем з ёю. Што дзіўнага было ў іх? Дзяніс успамінаў і не мог успомніць.”Сёння ўвечары ( пачатак яе слоў быў прыкладна такі ) самалёт перанясе мяне ў другое жыццё…” “Стоп! У якое гэта другое жыццё?..”—падумаў Дзяніс. Раптам у пакой уварвалася медсястра.”Дзяніс Сяргеевіч!—закрычала яна.—Ідзіце паглядзіце, што перадаюць “Навіны”! У аэрапорце ў час вылету разбіўся і загарэўся самалёт!”Не дачакаўшыся Дзяніса, дзяўчына пабегла ў хол, дзе стаяў тэлевізар. Дзяніс кінуўся за ёю. Ён раптам успомніў, што не спытаў у Тані ні нумара рэйса, ні нават у які горад яна едзе. Ён падумаў, што такіх супадзенняў быць не можа, а калі і можа, то толькі не з ёю…не з ім. Так павінен, напэўна, думаць кожны на яго месцы: няшчасце можа здарыцца з кожным, але не са мною…

У холе сабраліся хворыя і ўрачы з усяго аддзялення. Карэспандэнт, малады чарнявы хлопец, выразна вымаўляючы кожнае слова, расказваў аб здарэнні:”…Самалёт, выконваючы рэйс “Мінск—Масква—Нью-Йорк”, пацярпеў аварыю ў аэрапорце на ўзлётнай паласе. Адзін з рухавікоў “Боінга”яшчэ на ўзлёце загарэўся. Самалёт, толькі адарваўшыся ад зямлі, раптам рухнуў уніз. Ад удару аб зямлю фюзеляж “Боінга” раскалоўся, хваставая частка адвалілася. Полымя адразу шуганула па ўсім корпусе. Пасля некалькіх выбухаў стала зразумела, што ніхто не выжыў. Але…”—карэспандэнт на імгненне змоўк, прыслухоўваючыся да навушніка, які прыціскаў адной рукою да вуха, каб добра было чуваць, што яму гавораць.”Але, як толькі што стала вядома, некалькі чалавек выжыла—іх прозвішчы зараз удакладняюцца. Яны выжылі толькі таму, што знаходзіліся ў хваставой частцы самалёта, якая адразу ж адвалілася пасля ўдару “Боінга” аб зямлю.На гэты час вядома толькі тое, што гэта чатыры чалавекі—двое мужчын і дзве жанчыны. Усе чацвёра адпраўлены ў бальніцу. За развіццём падзей мы будзем сачыць і дакладваць вам, паважаныя тэлегледачы, кожную гадзіну. Заставайцеся з намі.”

Карцінка на экране змянілася, але ўжо ніхто і не глядзеў туды. Усе раптам зразумелі, што здарылася. Кожны падумаў аб сваім, хаця ўсе думалі аб адным і тым жа. Яны спачувалі родным і блізкім тых, хто загінуў, гаравалі аб загінуўшых, ставілі сябе на месца іх родных і дзякавалі Богу, што няшчасце абышло іх сем’і. У галаве Дзяніса пульсавала думка:”Нью-Йорк—гэта Амерыка. Таня ляцела на самалёце ў Амерыку. Але ў які амерыканскі горад? Не абавязкова гэта будзе Нью-Йорк.” Ён раптам ускочыў, паляцеў да тэлефона. Патэлефанаваў у аэрапорт.”Дзяўчына, мілая! Скажыце, калі ласка, якія рэйсы былі сёння, пачынаючы з шасці гадзін вечара, у Амерыку? Так, запісваю.—Дзяніс выхапіў з рук медсястры ручку.—На Вашынгтон у 19.40, на Нью-Йорк у 20.17, і ( ён зірнуў на гадзіннік, які паказваў 20.44) наступны рэйс толькі заўтра? Вялікі вам дзякуй!”Выходзіла, што ўвечары былі толькі два рэйсы на Амерыку—на Вашынгтон у 19.40 і на Нью-Йорк—той самы самалёт, які пацярпеў аварыю. Застаецца спадзявацца, што Таня ляцела першым рэйсам—на Вашынгтон. І чаму толькі ён не спытаў у яе нумар рэйса або назву горада? Змірыўся з тым, што яны больш не ўбачацца—хаця б бліжэйшыя два гады? А калі яна ляцела тым самым, апошнім, рэйсам?”Самалёт мяне перанясе ў іншае жыццё…”—гэта былі яе словы. Хацелася выць і рваць на сабе валасы. Проста так сказаныя словы набывалі жудасны сэнс. Дзяніс не верыў, што ўсё так скончыцца, што лёс—гэта не пустыя словы. Апошняй зацэпкай, нават у самай безнадзейнай сітуацыі, з’яўлялася паведамленне аб тым, што чацвёра засталіся ў жывых.”Хто яны і ў якую бальніцу іх адвезлі?-- Дзяніс зноў глянуў на гадзіннік. З моманту катастрофы прайшло ўжо амаль паўгадзіны.--Паколькі быў пажар, то іх перш за ўсё адвязуць у суседняе, апёкавае, аддзяленне(Калі толькі, вядома, павязуць у нашу бальніцу.)”. У галаве Дзяніса выстрайваўся ланцужок думак, адна горшая за другую. Ён нерашуча ўзяў тэлефонную трубку, набраў нумар суседняга аддзялення. “Міхась Сямёнавіч, гэта ты? Спачатку не пазнаў. Багатым будзеш! Што? Я не глухі—гэта ў цябе такі голас сёння! Слухай, я сур’ёзна. Ты чуў пра катастрофу самалёта? А тое, што чацвёра з іх выжылі, чуў? Што? Іх да нас у клініку прывезлі? У тваё аддзяленне? Сапраўды? А ты не ведаеш іх прозвішчаў? Пакуль не? Слухай, Міхась Сямёнавіч, я зараз да цябе ў госці зайду.Добра?”—і Дзяніс, не дачакаўшыся наступнага пытання, выскачыў з хола і паляцеў уніз па лесвіцы.

На другім паверсе, дзе знаходзілася апёкавае аддзяленне, таксама панавалі адчай і смутак. Ужо ўсе ведалі, што сюды прывезлі чацвярых людзей, якія выжылі ў страшэннай катастрофе. Урачы гатовы былі зрабіць усё—магчымае і немагчымае, каб гэтыя людзі змаглі хутчэй устаць на ногі і хаця б часткова пазбавіцца ад болю, які назаўсёды пасяліўся ў іх сэрцах.

Дзянісу падаліся вечнасцю гэтыя некалькі хвілін, пакуль ён дабег да дзвярэй суседняга аддзялення. Даляцеўшы да медыцынскага паста, Дзяніс убачыў, што ў адну з палат зайшла група людзей у белых халатах. Ён кінуўся туды. Заўважыўшы сярод медыкаў прыгожага каржакаватага цёмнавалосага мужчыну, на выгляд гадоў сарака або больш, Дзяніс кінуўся да яго:”Прывітанне, Міхась Сямёнавіч! Ты бачыў “Навіны”?—Міхась Сямёнавіч нічога не адказаў, толькі кіўнуў, цяжка ўздыхнуўшы. Ён шмат чаго бачыў у жыцці, але ўсё роўна не мог прывыкнуць да людскога гора: да гэтага, лічыў ён, увогуле прывыкнуць немагчыма. Тым больш, у мірны час.Кожны чалавек мае права на дапамогу ці хаця б на спачуванне. Але ўсё ж ёсць і незагойныя раны. Гэта страта родных дюдзей—тых, каго ўжо не вернеш. Кожны праходзіць праз гэта—рана ці позна…Рана ці позна, але пойдуць з жыцця бацькі; страта іх--сапраўдная незагойная рана ў сэрцы чалавека. Міхась Сямёнавіч Стральцоў адчуў нейкі камяк у горле і раптоўны ўкол у сэрца: у мінулым годзе ён сам пахаваў бацьку…З Дзянісам іх звязвала даўняе сяброўства, хоць Стральцоў быў старэйшы за яго на сем гадоў. У свае сорак два ён меў ужо за плячыма вучобу ў медвучылішчы, медінстытуце, зараз завочна вучыўся ў ардынатуры і пісаў дысертацыю, хаця лічыў галоўным дасягненнем у жыцці сваю сям’ю. Міхась Сямёнавіч вельмі любіў паўтараць, што жонка, дзве дачкі, цешча і сабака—галоўнае ягонае багацце (Цешча пачала жыць з імі пасля таго, як пайшоў з жыцця яе муж…).

Стральцоў ніяк не мог зразумець, чаму Дзяніс так цікавіцца выжыўшымі пасажырамі “Боінга”, чаму у яго так гараць вочы і палае твар. Міхась Сямёнавіч нават баяўся падумаць аб тым, што ў гэтым самалёце маглі быць родныя яго сябра. Але запрасіў у палату, каля ўвахода ў якую і стаяла група медыкаў, асцярожна спытаўшы:”Ты кагосьці са сваіх знаёмых шукаеш, Дзяніс?” Дзяніс на імгненне збянтэжыўся, не ведаючы, што адказаць, а потым, спыніўшыся каля Стральцова і гледзячы яму прама ў вочы, выдавіў з сябе:”Вельмі дарагога для мяне чалавека.”І, дакрануўшыся да пляча сябра, дадаў:”Потым раскажу, добра?”Увайшоўшы ў палату, Дзяніс убачыў на ложках трох чалавек—адну жанчыну і дваіх мужчын. Па нейкай прычыне яны апынуліся ў адным памяшканні. Кінуўшы позірк на твар жанчыны, Дзяніс адразу зразумеў, што гэта не Таня. Страшэнная скарынка апёку пакрывала частку твару немаладой ужо жанчыны, якая нерухома ляжала, прыплюшчыўшы вочы, мабыць, пад уздзеяннем абязбольваючых прэпаратаў.У галаве Дзяніса мільганула адразу некалькі думак.Першай была маланка-надзея:”А што калі Таня ўсё ж адправілася ў Вашынгтон у 19.40 і даволі хутка будзе там?”І—адразу ж другая, здрадніцкая:”А дзе ж апошняя з выжыўшых жанчын? Няўжо гэта Таня?”У душы Дзяніс згаджаўся з першай думкай, але не выключаў і другую.Ён маліў Бога за тое, каб Таня была ў вашынгтонскім лайнеры. Дзяніс звярнуўся да Стральцова:”Міхась, скажы, а дзе яшчэ адна жанчына—усяго ж людзей было чацвёра?”Той адразу ўспомніў:”Прабач, але я табе адразу не сказаў: тую жанчыну адправілі ў тваё аддзяленне—агонь яе не крануў, затое ў яе некалькі пераломаў і рваных ран…” Дзяніс не даслухаў да канца, кінуў:”Дзякуй!”—і панёсся па лесвіцы наверх, да сябе. Даляцеўшы да медыцынскага паста, ён спытаў у медсястры, у якой палаце знаходзіцца новенькая, але забыўся спытаць прозвішча пацыенткі.”У палаце №13,”—быў адказ.Дзяніс не быў прымхлівым, але тут адчуў, як мурашкі пабеглі па спіне.


* * *
У палаце №13 панавалі цішыня і паўзмрок. У невялікім памяшканні стаялі два ложкі, адзін з якіх пуставаў. Зайшоўшы ў палату, Дзяніс адразу быццам аслеп і аглух. Ён ясна чуў толькі адзін гук—тухканне сэрца, якое, здавалася, зараз вырвецца з грудзей,--такое моцнае было напружанне. Дзяніс баяўся зірнуць у твар жанчыны і не пазнаць у ёй Таню—і яшчэ больш баяўся пазнаць менавіта яе…

Ён не бачыў, як за ім у палату ўвайшоў Стральцоў (ён вельмі спужаўся за сябра і прыйшоў, каб дапамагчы, калі спатрэбіцца яго дапамога) і стаў у дзвярах.

…Дзяніс у дзяцінстве вельмі нядрэнна маляваў—асабліва любіў што небудзь убачыць і потым, па памяці, аднаўляў гэты вобраз. Калісьці ён зрабіў і Танін партрэт, як заўсёды, па памяці. Тады гэта была маленькая чарнявая дзяўчынка з усходне-міндалявіднымі вачыма колеру малахіту, злёгку курносая, з прыемным выразам твару.І—над верхняй губою—маленечкая кропачка-радзімка, якая заўсёды надавала шарму, рабіла яе вобраз нейкім прывабным, загадкавым, таямнічым… Перад развітаннем Дзяніс чамусьці захацеў зноўку напісаць Танін партрэт: гэта была ўжо не тая маленькая дзяўчынка—у вачах была адлюстравана сталасць, розум і развага дастаткова вопытнага чалавека. І яшчэ гэта была вельмі прыгожая жанчына, для якой галоўным у жыцці, па яе словах, было пачуццё ўнутранай свабоды і адчуванне быць любімай і патрэбнай родным.

Дзяніс падсунуў табурэтку і сеў—ён не мог больш стаяць.Пачаў узірацца. Кроў стукала ў скронях… перад вачамі нейкі туман…Сеў. Чорныя валасы на белай навалачцы. Вочы заплюшчаныя. Твар збялелы, ні крывінкі ў ім. Дзяніс раптам пахіснуўся і ледзьве не зваліўся з табурэта: над верхняй губою—вельмі знаёмая яму кропачка-радзімка…Ён не хацеў верыць і адначасова быў разгублены і ўзрадаваны, што яго Таня—жывая; што гэта яна з усіх тых, хто быў у самалёце, засталася жывою, для яе дачкі, для яго, Дзяніса. Калі Бог яе выратаваў—Дзяніс быў упэўнены,--Таня павінна выжыць, абавязкова…Дзяніс прысеў на яе ложак, паклаў сваю далонь на яе. Нешта жалезнымі абцугамі сцяла яго грудзі, сціснула так, што ён пахіснуўся—і слёзы паліліся з яго вачэй—слёзы адчаю, болю і…палёгкі: на шчасце, яму не прыйшлося шукаць яе сярод мёртвых—яна выжыла, яна будзе жыць, яна жывая! Дзяніс узяў Таніну далонь у сваю…Стральцоў падышоў да яго ззаду, паклаў руку на плячо, коратка сказаў:”Заставайся тут, ні аб чым не думай—за цябе падзяжураць,”—і пакінуў Дзяніса аднаго. Некалькі разоў у пакой заходзіла медсястра, але, убачыўшы нерухомую постаць Дзяніса, адразу ж пакідала яго аднаго. Таня спала пад уздзеяннем медыкаментаў, і Дзяніс з нецярпеннем чакаў, калі яна расплюшчыць вочы…

За акном барвовае неба здавалася нібы аблітым крывёю.Аблокі, што ў весь дзень хадзілі па небе, падсвечаныя сонцам, раздзьмуўшы свае ветразі, зараз здаваліся суцэльнай цёмнай хмарай, якая пералівалася, зіхацела ўсімі колерамі ўжо заходзячага сонца. Яно, развітваючыся з зямлёю, адыходзіла, хоць і на нейкі час, у цемру Сусвету, не спыняючы няспыннага свайго руху.Праз расчыненую фортку вецер даносіў гукі вячэрняга горада.

Дзяніс бачыць сябе ў салоне самалёта. У крэслах злева ад яго сядзяць Ганна з Алесем, а справа—Таня. Салон напаўняецца раўнамерным гулам рухавікоў.”Самалёт рыхтуецца да ўзлёту,”—здагадаўся Дзяніс. Прышпіліўшы рэмень, ён адчувае, як самалёт бярэ разгон. Праз ілюмінатар бачна, як зямля мільгае, а потым застаецца дзесьці ўнізе. Але нядоўга. Раптам Дзяніс адчувае моцную вібрацыю корпуса. Адкульсьці паваліў густы дым. У салоне пачалася паніка. Раздаўся моцны трэск, і падлога пад нагамі людзей пачала раз’язджацца.Некалькі чалавек з крыкам паляцелі ўніз. Ганна і Алесь, не прышпіленыя да сваіх крэслаў, пасля таго, як лайнер нахіліўся носам, зляцелі са сваіх месцаў і пакаціліся па праходзе. Дзяніс, расшпіліўшы рэмень бяспекі, ускочыў, каб дапамагчы ім, але ззаду раптам ён пачуў адчайны крык:”Дзяніс, дапамажы! Калі ласка, зрабі што-небудзь!”Дзяніс павярнуўся на крык і ўбачыў, што той рад крэслаў, дзе ён толькі што сядзеў, адным бокам правальваецца ў пралом.І ў адным з гэтых крэслаў сядзела Таня, яна была прышпілена рэменем бяспекі. Бяспекі, якой тут, у салоне, ужо не было ”Дзяніс, дапамажы!”—раптам пачулася і з другога боку.Жонка і сын ляжалі на падлозе, моцна ўчапіўшыся рукамі ў край правала, ногі іх звісалі ўніз. Яны літаральна чапляліся за жыццё.Дзяніс, не ведаючы, у які бок кінуцца спачатку, усёй душою адчуў, што дапамагчы адразу ўсім будзе немагчыма і што трэба, не задумваючыся ні на хвіліну, нарэшце зрабіць свой выбар…І ён рашуча пабег праз агонь, праз дым да жонкі з сынам. “Дзяніс, Дзяніс! Ты куды? Вярніся!Дзяніс!Дзяні-і-і-і-іс!”—ляцеў, затухаючы, за ім Танін голас.

“Дзяніс,--зноў пачуўся Танін голас, зусім ужо блізка.—Няўжо гэта ты?”Дзяніс расплюшчыў вочы і ўбачыў Таню, якая здзіўлена пазірала на яго, усё яшчэ не верачы сваім вачам. Яна не магла ўстаць з ложка, нават сесці—была ўся ў гіпсе, але ясна разумела: усё скончылася, яна жывая, і перад ёю, як добры анёл, ужо ў другі раз ( Таня добра памятала, хто аказаў ёй дапамогу ў электрычцы!) знаходзіцца ён, яе Дзяніс.Ён з дзяцінства быў”яе Дзянісам”, яе талісманам у жыцці, добрай прыкметай…І вось зараз, убачыўшы яго тут, Таня чамусьці адразу падумала аб тым, што наперадзе ўсё будзе добра, калі з ёю заўсёды будзе ён. Памяць канчаткова да яе яшчэ не вярнулася, але Тані не хацелася ні аб чым думаць. З яе вачэй скаціліся дзве слязінкі, і свабоднаю рукою (другая была ў гіпсе) жанчына змахнула іх, прыкрыўшы твар.”Я не хачу, каб ты бачыў мяне такой.Ты…”—Таня не паспела дагаварыць, як Дзяніс перарваў яе:”Якой гэта такой?Я ж доктар, а ты—мая пацыентка. Мы якраз зараз і знаходзімся ў бальніцы, дзе я працую. Так што табе, мая дарагая, прыйдзецца выконваць усе мае рэкамендацыі”.

Дзяніс усё ніяк не мог скінуць з сябе рэшткі сну, хаця яго вельмі ўзрадавала тое, што увесь жах быў усяго толькі сном.

Раптам дзверы расчыніліся, і ў палату ўляцела дзяўчына, расчырванелая, запыханая, кінулася да Тані, заплакала:”Матулечка, дзякуй Богу, ты жывая! А мне толькі што патэлефанавалі. Я, як толькі даведалася пра самалёт, думала што памру, калі ты…калі з табой…будзе дрэнна…”Яна запнулася, адвярнулася да акна, і плечы яе затрэсліся. Дзяніс падышоў, асцярожна паклаў рукі ёй на плечы, сказаў:”Не плач, даражэнькая. Мамачка твая жывая, усё добра, яна хутка паправіцца. Я табе абяцаю. Я доктар, і вылечу яе.Вер мне, добра?--Дзяўчына павярнулася да Дзяніса, падняла мокры ад слёз твар, заківала галавой.— Падыдзі да матулі, пасядзі разам з ёю.Ты ёй так патрэбна зараз! А я пакуль што пакіну вас адных, але хутка вярнуся. Тваёй матулі зараз патрэбен спакой-- і ніякіх хваляванняў.”З гэтымі словамі Дзяніс устаў і выйшаў з палаты, прыкрыўшы за сабой дзверы. У ягонай душы бушавала бура, і яму хацелася пабыць аднаму, разабрацца з усім. У ардынатарскай, на шчасце, нікога не было, і Дзяніс зайшоў сюды, зачыніў за сабою дзверы на ключ.
* * *
Дзяніс дакладна не памятаў, колькі часу прайшло, але неўзабаве ён пачуў стук у дзверы. Ён не адазваўся. Стук паўтарыўся, і пачуўся голас медсястры:”Дзяніс Міхайлавіч, вы тут? Вас клічуць у 13-ю палату!”

Не даслухаўшы, Дзяніс расчыніў дзверы і накіраваўся ў палату да Тані. Яна ляжала і ўжо ўсміхалася, слухаючы дачку, якая ёй аб чымсьці расказвала. Таня падняла на Дзяніса вочы і сказала:”Дзяніс Міхайлавіч, я вам яшчэ не прадставіла сваю дачку, з якой вы ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца—тады, у электрычцы!” “Маша,”—дзяўчынка ўсміхалася аднымі вачыма. Яна шчыра падзякавала яму за ўсё, а ён злёгку захваляваўся: Маша была вельмі падобна на сваю матулю—такая ж чорнавалосая, з зялёнымі вачыма, з прыгожа акрэсленымі рысамі твару. Ёй на выгляд было 16—17 гадоў.”Равесніца майго Алеся,”—падумалася Дзянісу, ён сказаў:--Мне надзвычай прыемна зноў убачыцца з табой, Машанька. Ты вельмі падобная на сваю матулю.”Тут у палату ўвайшла медсястра.”Міхась Сямёнавіч збірае кансіліум, ваша прысутнасць неабходна,”—паведаміла яна і, не дачакаўшыся адказу, паляцела далей.

“Выбачайце, калі ласка, даражэнькія мае, але мне прыйдзецца на некаторы час пакінуць вас,”—Дзяніс паглядзеў на часы і падняўся. Ён нават сам не заўважыў, што звярнуўся да Тані з Машаю, як да даўно знаёмых, нават родных яму людзей; не бацыў, што Таня зірнула на яго з цеплынёю, слёзы зноў бліснулі на яе вачах: яна чамусьці баялася, што Дзяніс можа пакінуць іх назаўсёды, яна баялася адзіноцтва, безабароннасці, ёй так неабходна была яго падтрымка. Дзяніс быццам бы пачуў яе. “Вы не хвалюйцеся,--сказаў ён, як толькі кансіліум скончыцца, адразу ж вярнуся,”—паабяцаў Дзяніс, і Таня адразу чамусьці паверыла яму. Як толькі Дзяніс выйшаў за дзверы, Маша заўважыла:”У мяне такое ўражанне, што Дзяніс Міхайлавіч размаўляў з табою, як са старой знаёмай, і ў электрычцы таксама—ён, як я памятаю, называў цябе па імені”. “А як жа інакш,--адказала ёй Таня,--ён сапраўды мой даўні знаёмы, яшчэ з дзяцінства. Але гэта было так даўно, што не хочацца варашыць мінулае…” Таня раптам замоўкла і, гледзячы кудысьці ўбок, цяжка ўздыхнула.

З таго часу Дзяніс заходзіў да Тані кожны дзень, але, успамінаючы той дзіўны сон і спачуваючы ёй пасля ўсяго перажытага, ён адносіўся да яе, як да старога сябра, і ніяк інакш. Таня адчувала гэта, але нічым не папракала яго, хаця лічыла яго самым надзейным мужчынам на свеце. Свайго мужа Таня апошні раз бачыла ў мінулым годзе, у жніўні, калі той на некалькі дзён прыязджаў сюды, каб падпісаць з партнёрам па бізнесу нейкія важныя дакументы. Ён патэлефанаваў Тані чамусьці толькі з аэрапорта, калі ад’язджаў—у ёй склалася такое адчуванне, што ён проста забыўся пра тое, што ў яго ёсць сям’я. А што зусім ёй не спадабалася—гэта тое, што ён нават не спытаў нічога пра Машу, як быццам яна для яго—пустое месца. А ёй хацелася звычайнага, “простага чалавечага шчасця”, як пішуць бульварныя раманы. І пакуль гэта “простае чалавечае шчасце”, на гэты момант, ёй мог даць—як ні груба гэта гучыць—толькі адзін чалавек, Дзяніс Сакалоўскі, яе сябар дзяцінства, яе каханы чалавек—чалавек, адзіны ў свеце, які мог падтрымаць яе зараз, у такім становішчы. Яна вельмі баялася за Машу, за яе будучыню. У яе павінен быць сапраўдны бацька, а не такі, што нават забыўся пра яе існаванне. Але Таня добра разумела, што нельга будаваць асабістае шчасце на чужым няшчасці, разбураючы чужое гняздо.Яна, вядома, магла, зрабіць усё, каб Дзяніс быў яе мужчынам, але Таня добра памятала аб тым, што у яго ёсць жонка і сын, і баялася зрабіць яму балюча. Што такое звычайны эгаізм, яна ў поўнай меры адчула, калі выйшла замуж, і не хацела лезці ў чужую сям’ю, тым больш, што ёй дастаткова было асабістых праблем. Тані проста было салодка на душы ад таго, што Дзяніс не кінуў яе ў такой сітуацыі, і, як урач і чалавек, ён прыйшоў ёй на дапамогу—лячыў не толькі цела, а і душу. Таня была вельмі ўдзячна Дзянісу за гэта, хаця лёгкая зайздрасць да ягонай жонкі—тыповая жаночая рыса--не пакідала яе. І вось зараз, калі каля яе быў такі надзейны мужчына, Таня баялася штосьці змяніць, парушыць у іх адносінах; баялася, што штосьці зменіцца, калі яна нарэшце паправіцца і пакіне бальніцу, дзе адчула, што можа па-сапраўднаму быць шчаслівай, шчаслівай па-свойму…

А Дзяніс, бачачы, як Таня папраўляецца, робіць першыя крокі, радуецца за яе, праводзіць з ёй шмат часу, каб падтрымаць яе, дапамагчы, і яна ўдзячна яму, выконвае ўсе яго рэкамендацыі, слухае парады…Так праходзіць два месяцы.
* * *

Гэты ліхтарны слуп Дзяніс запомніў з таго часу, як прыйшоў сюды ў першы свой працоўны дзень з дыпломам урача. Пасля аддзелу кадраў ён накіраваўся сюды—у хірургічнае аддзяленне, дзе будзе працаваць больш за дзесяць год. Дзяніс да дробязей памятае той, першы яго працоўны дзень, калі з усімі дакументамі ён, як малады спецыяліст, накіраваўся сюды, у гэты корпус. У той студзеньскі дзень разгулялася такая завіруха, што нічога не было відаць. І, калі б не гэты ліхтарны слуп, Дзяніс наўрад ці знайшоў дарогу…

І нават сёння, як і праз шмат гадоў запар, ён з удзячнасцю зірнуў на ліхтарны слуп, як на старога знаёмага, і, расчыніўшы да болю знаёмыя дзверы, пакрочыў да медыцынскага паста. За сталом сядзела маладая дзяўчына з русаю касой. Яна размаўляла па тэлефоне, але, убачыўшы Дзяніса, пужліва кінуўшы ў трубку:”Я табе потым патэлефаную”,--ветліва павіталася з ім і нешта залапатала.Ён падышоў, узяў журнал запісаў. Зірнуўшы ў журнал, Дзяніс уважліва агледзеў спіс хворых і заўважыў, што Таніна прозвішча ў ім адсутнічае. Дзяніс чамусьці адчуў, як яму не хапае яе… Потым, схамянуўшыся, сказаў сабе, што ў яе сваё жыццё, а ў яго сваё…

Ён папрасіў усе запісы за апошнія два месяцы. Перагортваючы старонкі журнала, Дзяніс нарэшце заўважыў яе прозвішча—насупраць было слова“выпісана”.Ён уздыхнуў, разумеючы, што больш не хопіць сіл шукаць Таню, кагосьці падманваць—на гэта пайсці ён не мог…


* * *
У гэгы майскі дзень усё чамусьці ладзілася, і настрой быў добры. Дзяніс з Ганнай чакалі Алеся, які ў той дзень павінен быў прыйсці не адзін—са сваёй сяброўкай Машай, пра якую яны чулі ўжо шмат такога, што пасля гэтых слоў хацелася Алесеву выбранніцу лічыць амаль ідэальнай парай для іх сына.

Алесь гаварыў, што яго Маша—“цудоўны чалавек, усё вырашыла для сябе ў жыцці—хоча стаць медыкам, урачом, каб прыносіць людзям толькі шчасце і ніякага болю.” “Ведаеш,--гаварыў Алесь бацьку,--Маша кожны раз успамінае нейкага доктара, які, па яе словах, некалькі разоў выратаваў яе маці ад смерці. Як бы я хацеў пазнаёміцца з гэтым доктарам! Вось сапраўдны герой нашага часу! А яшчэ гавораць, што няма ў наш час сапраўдных герояў!..”

Гануля накрыла стол, Дзяніс сеў з ёю, абняўшы за плечы і счакаўшыся, калі нарэшце прыйдзе гэтая “таямнічая, загадкавая Маша”.

Званок у дзверы раптам абвясціў канец чаканню, Таня пайшла адчыняць дзверы. Дзяніс мог уявіць сабе любую сустрэчу, акрамя гэтай…Дзверы нетаропка расчыніліся, і ў залу ўвайшла яна…Маша толькі вымавіла словы прывітання, як позірк Дзяніса сустрэўся з яе позіркам.Гэта была яна—Таніна дачка! Той жа дзіўны позірк, тыя ж бяздонныя вочы…”Дзяніс Міхайлавіч! Няўжо гэта вы?—сказала тады Маша, як толькі ўбачыла яго.—А я пра вас столькі расказвала Алесю.” Той стаяў, быццам аслупянелы: “Дык гэты славуты доктар—ты?Ты выратаваў яе маці? Гэта зрабіў ты, тата?..”

Дзяніс тады не ведаў у першы момант, што сказаць, але, потым, у глыбокім роздуме, кіўнуў…



* * *

…У глыбіні канверта можна было не шукаць нічога іншага, акрамя засохлай ружы,--гэта Дзяніс зразумеў адразу, бо ўсё якраз было на паверхні…



14.08.2006г. Дзмітрый Пятровіч


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка