Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага І ўсяе Русі кірыла




Дата канвертавання23.03.2016
Памер48.63 Kb.
Пасхальнае пасланне

Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА

архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам

і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы
Узлюбленыя ў Госпадзе браты архіпастыры,

пачэсныя айцы, набожныя інакі і інакіні,

дарагія браты і сёстры!
З радасцю вітаю вас старадаўнім і ва ўсе часы новым і жыццесцвярджальным пераможным воклічам:

Хрыстос уваскрэс!
У гэтым цудоўным сугуччы сапраўды жыватворных слоў — аснова нашай веры, дар надзеі, крыніца любові.

Яшчэ ўчора мы разам з вучнямі Госпада смуткавалі аб смерці свайго любімага Настаўніка, а сёння з усім светам — бачным і нябачным — радуемся: «Бо паўстаў Хрыстос — радасць вечная» (Канон Святой Пасхі). Яшчэ ўчора, здавалася, была страчана апошняя надзея на спасенне, а сёння мы здабылі цвёрдае спадзяванне на жыццё вечнае ў вечна светлым дні Царства Божага. Яшчэ ўчора прывід тлення пагражаў стварэнню, ставячы пад сумненне сам сэнс зямнога быцця, а сёння мы абвяшчаем усім і кожнаму пра вялікую перамогу Жыцця над смерцю.

Боганатхнёны апостал Павел, кажучы пра значэнне цуду, які адбыўся ў тую далёкую, але заўжды блізкую кожнаму хрысціяніну ноч, упэўнена сцвярджае, што гэтая падзея — найважнейшая для нашай веры. Бо «калі Хрыстос не ўваскрэс, то марная і пропаведзь наша, марная і вера ваша» (1 Кар. 15, 14). Пасха Гасподняя — стрыжань і неадольная моц хрысціянства: яна, паводле слова свяціцеля Філарэта Маскоўскага, дае надзею, запальвае любоў, акрыляе малітву, спасылае благадаць, прасвятляе мудрасць, знішчае ўсялякае бедства і нават саму смерць, надае жыццю жыццёвасць, робіць блажэнства не марай, а явай, славу — не прывідам, а вечнай маланкай вечнага святла, што ўсё азарае і нікога не абпальвае (Слова ў дзень Святой Пасхі, 1826 год).

З верай ва Ўваскрасенне Хрыстова непарыўна спалучана і вера Царквы ў тое, што Ўцялеснены Сын Божы, здзейсніўшы Адкупленне роду чалавечага, разарваўшы путы граху і смерці, даў нам сапраўдную духоўную свабоду і радасць уз’яднання са сваім Тварцом. Да гэтага бясцэннага дару Спасіцеля ў поўнай меры маем дачыненне ўсе мы, якія сышліся ў гэтую светлазарную ноч у праваслаўных храмах, каб насыціцца, паводле слова свяціцеля Іаана Залатавуста, трапезай веры.



Пасха — кульмінацыя цярністага шляху Спасіцеля, увянчанага пакутамі і Галгофскай Ахвярай. Невыпадкова і ў творах святых айцоў, і ў літургічных тэкстах Хрыстос шматразова называецца «Пачынальнікам подзвігу нашага спасення». «Я даў вам прыклад» (Ін. 13, 15), — кажа Гасподзь вучням і заклікае ўсіх нас пераймаць прыклад Яго жыцця.

Але як мы можам пераймаць прыклад Спасіцеля? Якім можа быць наш подзвіг з улікам рэалій сучаснага жыцця? Сёння, калі мы прамаўляем слова «подзвіг», у свядомасці людзей нярэдка ўзнікае вобраз нейкага легендарнага воіна, гістарычнага дзеяча ці славутага героя з мінулага. Але сэнс подзвігу заключаецца зусім не ў пошуках гучнай славы ці набыцці ўсеагульнага прызнання. Праз подзвіг, нязменна звязаны з унутраным намаганнем і самаабмежаваннем, мы маем магчымасць на вопыце спазнаць, што такое сапраўдная і дасканалая любоў. Таму што ахвярнасць, якая ляжыць у аснове любога подзвігу, ёсць найвышэйшая праява гэтага пачуцця.



Гасподзь заклікаў нас да подзвігу дзейснай любові, якая праяўляецца ў самаадданым служэнні бліжнім, а найперш тым, хто мае асаблівую патрэбу ў нашай падтрымцы: гаротным, хворым, адзінокім, засмучаным. Калі гэты закон жыцця, які так выразна быў паказаны і выяўлены ў зямным жыцці Самога Спасіцеля, стане здабыткам большасці, то людзі будуць сапраўды шчаслівымі. Бо служачы іншым, чалавек набывае непараўнальна больш, чым аддае: Сам Гасподзь уваходзіць тады ў яго сэрца, і праз далучэнне да Божай благадаці змяняецца ўсё чалавечае жыццё. Як без намагання няма святасці, як без Галгофы няма Ўваскрасення, так і без подзвігу немагчыма сапраўднае духоўна-маральнае праабражэнне асобы.

Калі ж подзвіг робіцца зместам жыцця не толькі асобнага чалавека, але і ўсяго народа, калі ў імкненні да вышняга злучаюцца сэрцы мільёнаў людзей, гатовых абараняць сваю Радзіму, адстойваць высокія ідэалы і каштоўнасці, тады адбываюцца сапраўды дзівосныя, цудоўныя і часам нават невытлумачальныя з пункту гледжання фармальнай логікі рэчы. Такі народ набывае велізарную духоўную сілу, адолець якую не могуць ніякія бедствы і ворагі. Яркім пацвярджэннем гэтых слоў з’яўляецца Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, дасягнутая самаадданым подзвігам нашага народа. 70-годдзе гэтай слаўнай даты мы ўрачыста святкуем у бягучым годзе.

У смутку і спакусах мы закліканы захоўваць спакой і бясстрашнасць, бо нам дадзены вялікія і слаўныя абяцанні пра перамогу над злом. Ці ж нам смуткаваць і адчайвацца! Мы складаем Царкву Хрыстову, якую, паводле праўдзівага слова Госпада, не змогуць адолець нават вароты пякельныя (Мф. 16, 18), і пра нас сведчыць Божае Адкравенне, прадказваючы, што «абатрэ Бог усялякую слязу з вачэй іх, і смерці не будзе ўжо; ні плачу, ні крыку, ні хваробы ўжо не будзе, бо ранейшае мінула» (Адкр. 21, 3-4).

Малітоўна жадаю ўсім вам, Праасвяшчэнныя браты архіпастыры, пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры, сілы духу і цвёрдасці ў веры, міру і невычарпальнай радасці ў Госпадзе, Які перамог смерць.

Пранікаючыся святлом Уваскрасення Хрыстовага і далучаючыся да тайны пасхальнага цуду, будзем дзяліцца нашай пераможнай радасцю з бліжнімі і дальнімі, усім несучы сведчанне пра Спасіцеля, Які паўстаў з гроба.

Няхай ва ўсе дні жыцця нас нязменна саграваюць і суцяшаюць, даюць сапраўдную радасць быцця і натхняюць на добрыя справы палымяныя словы пасхальнага дабравесця:


Хрыстос уваскрэс!

САПРАЎДЫ Ўваскрэс Хрыстос!

+ КІРЫЛ,

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі
Масква,

Пасха Хрыстова,



2015 год


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка