Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага І ўсяе Русі кірыла




Дата канвертавання11.05.2016
Памер50.71 Kb.
Пасхальнае пасланне

Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА

архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам

і ўсім верным сынам і дочкам Рускай Праваслаўнай Царквы 
Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец:

каб мы называліся дзецьмі Божымі;

і мы з'яўляемся імі

(1 Ін. 3, 1)
Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы,

богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
Гэтымі радаснымі і жыццесцвярджальнымі словамі сардэчна вітаю ўсіх вас, дарагія мае, і віншую з вялікім і спасіцельным святам Пасхі.

Святам над святамі і ўрачыстасцю над урачыстасцямі называе Царква гэты святы дзень вуснамі аднаго з усяленскіх настаўнікаў свяціцеля Грыгорыя Багаслова. І ў гэтым заключаны глыбокі духоўны сэнс, бо «настолькі Пасха пераўзыходзіць усе ўрачыстасці, не толькі чалавечыя і зямныя, але нават Хрыстовы і тыя, што дзеля Хрыста здзяйсняюцца, наколькі сонца пераўзыходзіць зоры» (Слова 45. На Святую Пасху). У слаўным Уваскрасенні Госпада Іісуса, якое стала найважнейшай падзеяй у гісторыі спасення чалавечага роду, заключаецца самы сэнс і глыбінная сутнасць нашай веры, стрыжань і моцная сіла хрысціянскага паслання свету. Уся наша пропаведзь у гэтыя дні ўмяшчаецца ўсяго ў два словы. «Хрыстос уваскрэс! — Сказаўшы гэта, што магу сказаць яшчэ? Усё сказана — усклікае свяціцель Філарэт, мітрапаліт Маскоўскі (Слова ў дзень Святой Пасхі, 18 красавіка 1826 года).

Гісторыя чалавецтва пасля грэхападзення Адама — гэта гісторыя несупыннай барацьбы дабра са злом. Праявіўшы непаслухмянасць Тварцу, людзі ўпусцілі ў сваё жыццё і ў свет грэх, а разам з ім — пакуты і хваробы, тленне і смерць. Але, самае галоўнае, грэх разлучыў людзей з Богам, Які зла не стварыў і адчужаны ад усялякай няпраўды. Ніводны праведнік не быў здольны пераадолець гэтага трагічнага раздзялення, гэтай велізарнай духоўнай прорвы, паколькі выключна чалавечымі сіламі зрабіць гэта немагчыма. І таму, як кажа свяціцель Грыгорый Багаслоў, «мы маем патрэбу ў Богу ўцялесненым і аддадзеным на смерць, каб нам ажыць» (Слова 45. На Святую Пасху).

Інакш кажучы, Уваскрасенне Хрыстова стала тым прарывам у вечнасць, дзякуючы якому была пераадолена чалавечая абмежаванасць і натолена прага яднання з Богам. Пасха — гэта трыумф бязмежнай любові Тварца да людзей, «бо так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ін. 3, 16).

Але што значыць святкаваць Пасху ў свеце, абцяжараным болем і пакутамі, знясіленым ад войн і канфліктаў, поўным нянавісці і злосці? Што значыць спяваць «смерцю смерць растаптаў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў», калі смерць застаецца відавочным завяршэннем зямнога жыцця кожнага з нас? Безумоўна, Пасха не адмяняе рэальнай прысутнасці смерці ў Сусвеце, але цяпер чалавечы боль і трагедыя зямнога быцця перамагаюцца Уваскрэслым Госпадам Іісусам, Які дараваў нам, Яго вучням і паслядоўнікам, непахісную надзею на дасягненне вечнага жыцця. Смерць з гэтага часу для нас, хрысціян, — больш не разлука, а радасная сустрэча і жаданае ўз’яднанне з Богам.

Хрыстос, першынец з памерлых (1 Кар. 15, 20), паказаў нам адзіны магчымы шлях пераадолення граху і смерці. Гэта шлях любові. І пра гэтую любоў мы закліканы сведчыць усяму свету. І сведчыць закліканы ў першую чаргу на прыкладзе ўласнага жыцця, бо па тым пазнаюць усе, што мы вучні Спасіцеля, калі будзем мець любоў паміж сабою (гл. Ін. 13, 35).

Любоў, якая, паводле слоў апостала Паўла, з’яўляецца сукупнасцю дасканаласці (Кал. 3, 14), — гэта найвышэйшая і найвялікшая з хрысціянскіх дабрадзейнасцей. З пераходам у вечнасць, калі нам будзе дадзена ўбачыць Самога Госпада, наша вера ператворыцца ў веды, а надзея на спасенне міласцю Божай дасягне ажыццяўлення. Аднак жа любоў ніколі не перастане (гл. 1 Кар. 13, 8) і ніколі не зменіцца.

Як цудоўна піша свяціцель Ігнацій (Бранчанінаў), дасканаласць хрысціянства заключаецца ў дасканалай любові да бліжняга (Аскетычныя вопыты. Аб любові да бліжняга). А што значыць «дасканалая любоў»? Гэта любоў, якая ўзыходзіць да любові да незнаёмых людзей, да нядобразычліўцаў і нават да ворагаў. Гэта любоў ахвярная, якая пераўзыходзіць усякае чалавечае разуменне, паколькі не ўмяшчаецца ў рамкі звычайнай штодзённай логікі. Здабыць яе можна праз духоўны подзвіг, які прыцягвае благадаць Божую, а яна і дае нам магчымасць адказваць любоўю на нянавісць і дабром на зло.

Менавіта такую любоў праявіў да нас Хрыстос, дзеля нашага спасення перацярпеўшы страшныя знявагі, крыжовыя мукі і пакутлівую смерць. Яго любоўю, якая ўсё перамагае і ўсё напаўняе, было дашчэнту зруйнавана пекла, а для ўсяго чалавецтва адчынена, нарэшце, брама раю. У любых абставінах жыцця мы закліканы памятаць пра тое, што на самой справе сілы зла ілюзорныя і не настолькі вялікія, бо яны не могуць параўнацца з сіламі любові і дабра, адзіная крыніца якіх — Бог. Будзем жа памятаць і пра тое, што лепшы адказ і дзейны сродак супрацьстаяння граху і няпраўдзе — наша шчырая малітва, якая ідзе з глыбіні сэрца, і ў першую чаргу — малітва саборная, якая ўзносіцца ў храме падчас богаслужэння, найперш жа — прычашчэнне Целу і Крыві Самога Спасіцеля ў Таінстве Еўхарыстыі.

Перажываючы сёння вялікую пасхальную радасць і ўглядаючыся з трымценнем і заміраннем сэрца ў Хрыста Жыццядаўца, Які паўстаў з Гроба, падзелімся ж гэтай спасіцельнай весткай з бліжнімі і дальнімі, каб і яны ўбачылі невымоўнае ззянне Божай любові і разам з намі благаславілі і праславілі найпачэснейшае і велічнае імя Айца і Сына і Святога Духа.

Спасіцельнае святло Уваскрасення Хрыстовага, што перавышае ўсякае разуменне, няхай азарае нязменна наш жыццёвы шлях, прасвятляючы і суцяшаючы нас, робячы саўдзельнікамі і спадкаемцамі Нябеснага Царства.
Радуйцеся, дарагія мае, бо

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос Бог!
+ Кірыл,

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі

Пасха Хрыстова,

2016 год


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка