Партоліна М.І. Бдукім, Мінск




Дата канвертавання12.05.2016
Памер84.23 Kb.
Партоліна М.І.

БДУКІМ, Мінск

Злучэнне традыцыі і сучаснасці ў фальклорным калектыве (на прыкладзе ансамбля народнай песні «Гаманіна»)
Традыцыйны фальклор заўсёды трансліраваў базавыя жыццёвыя каштоўнасці, вызначаючы тым самым асновы сацыяльна-культурнага быцця грамадства. Зараз карціна свету сучаснага чалавека будуецца на іншых уяўленнях і спосабах арыентацыі ў сацыяльным і прыродным асяроддзі. Яна шмат у чым выпрацавана даўней прафесійнай традыцыяй. Элементы народнага светапогляду прысутнічаюць толькі фрагментарна. Звяртанне да фальклору – гэта ў асноўным сфера спецыяльных інтарэсаў асобных груп (навукоўцаў, носьбітаў традыцый, фальклорных калектываў ).

Да праблемы ўзаемаадносін традыцыі і сучаснасці звярталісь многія: фалькларысты, этнографы, педагогі: Н. Міхайлава, В. Гусеў, Б. Пуцілаў, І. Грамовіч.

Жыццё будуецца з улікам вопыту мінулых пакаленняў і яго захоўвання, таму і сёння традыцыі займаюць у ім не апошняе месца. «Што тычыцца народнапесенных традыцый, то яны больш стабільныя ў сваім існаванні. Менавіта таму з далёкай мінуўшчыны прайшлі да нас песні з магічнымі заклінаннямі і варажбой, своеасаблівымі абрадавымі дзеяннямі і рытуальнымі танцамі. Безумоўна, што кожнае пакаленне па-свойму ўплывала на развіццё народнапесеннага мастацтва» [1, с.7]. Але ж бывала і так, што традыцыя набывала новыя формы і ў такім выглядзе перадавалася наступнаму пакаленню.

У апошнія гады ў нашай краіне стаў актыўна ўзраджацца рух за вяртанне песеннага фальклору ў жыццё чалавека. Усё больш людзей далучаюцца ў працэс яго вывучэння і засвойвання. Асноўнымі захавальнікамі і прапагандыстамі народнапесенных традыцый з’яўляюцца прафесійныя і аматарскія фальклорныя гурты і ансамблі народнай песні. Злучэнне традыцыі і сучаснасці ў калектывах фальклорнага кірунку дапамагае ім быць больш запатрабаванымі на канцэртнай пляцоўцы. Таму мы вырашылі звярнуцца да вопыту сучасных мастацкіх калектываў, і ў прыватнасці, да мастацкай творчасці ансамбля народнай песні «Гаманіна».

Ансамбль народнай песні «Гаманіна» пры Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлеткронікі быў створаны Н. Сазановіч, выпускніцай кафедры беларускай народна-песеннай творчасці Мінскага інстытута культуры.

Кіраўнік калектыву лічыць, што для яе калектыву вельмі важна мець эксклюзіўны «багаж» (напрыклад, запісы з фестываля «Берагіня»), каб можна было знаёміць удзельнікаў не толькі з кніжнымі ўзорамі песеннага фальклора, але і з «жывым» матэрыялам, які да гэтага часу існуе ў тым выглядзе, у якім існаваў шмат стагоддзяў.

Рэпертуар калектыву вельмі разнастайны, як па жанру, так і па прэзентацыі, падачы народнай песні гледачам. Рэпертуарная палітыка калектыва залежыць ад складу яго ўдзельнікаў. Так асноўну калектыву складаюць студэнты – маладыя людзі з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны і, нават, з-за яе межаў. Нажаль, у сваёй большасці, яны не вельмі знаёмы з беларускімі народнымі песеннымі традыцыямі, не маюць цягі да народных спеваў і вывучэння таго, што засталося нам у спадчыну. Таму і прыходзіцца кіраўніку траціць вельмі шмат намаганняў каб іх зацікавіць народнай песняй. А зацікаўленасць іх народнай песняй пачынаецца з таго, што ім прапануюць праслухаць некалькі варыянтаў гучання аднаго і таго ж песеннага ўзору: у сучаснай апрацоўцы і неапрацаваны, аутэнтычны. Спачатку студэнтаў прываблівае эстраднізаваны варыянт, а калі праходзіць пэўны час, яны пачынаюць з захапленнем спяваць і аўтэнтыку. Але кожны раз кіраўніку прыходзіцца нешта выдумляць новае. Каб заахвоціць моладзь спяваць народныя песні, трэба іх зацікавіць да творчасці ўвогуле. У «Гаманіне» праяўленне ініцыятывы заўседы падтрымліваецца. Гэта тычыцца, як выканання песен, музыкі, так і акцёрскай працы на сцэне.

Канцэрты ансамбля – гэта нейкія міні-спектаклі, бо вельмі важна, каб гледачу было цікава слухаць і ўспрымаць тое, што даносяць да яго артысты, важна, каб глядач быў паўнацэнным удзельнікам канцэрта. Амаль усе танцы, якія выконваюць артысты, танцуюць і гледачы, якіх яны запрашаюць. Гэта значыць, што танцы вельмі легка вучацца, бо яны не пастановачныя, а простыя, бытавыя, якія танцавалі на вячорках, ігрышчах нашы бабулі. Многа такіх бытавых танцаў у рэпертуары «Гаманіны» гэта: «Суботка», «Кракавяк», «Падыспань», «Ойра», гэта такія танцы-песні , як «Гоп-гоп васілечкі», «Свеціць месяц», «А ў новых сенях - каляда», «Ехаў мазур да млына», «Лысы», «Юрачка», «Грэчанікі» і г.д.

Па-новаму глядзіцца вясельная песня «Чобаты», запісаная ў Гомельская вобласці Мозырскі раён на фестывалі «Берагіня». Некалькі гадоў запар яна мае вялікі поспех у гледачоў, таму што спалучае натуральнае вакальнае выкананне, сучасную музычную апрацоўку, дзе адбываецца налажэнне на мінусавую фанаграму гучанне жывога інструмента – беларускай дуды, усходніх бонгаў, і выкарыстанне сучаснага кірунку хіп-хопа – брэйк дансу. Гэты феерычны нумар любяць і калектыў, і гледачы.

Яшчэ адным прыкладам злучэння традыцыі і сучаснасці можа служыць прыгожая восеньская песня «Чаго ты, косю». Сучасная музычная апрацоўка не дала згубіцца і натуральнаму вакальнаму гучанню, так як выконваецца гэта песня ў традыцыйнай народнай спеўнай манеры. Але аправа гэтай песні – прыгожая фанаграма, у якой спалучыліся і гукі прыроды – раскаты грому, шум дажджу, завыванне сабакі, ці воўка, кляцанне каліткі, якую трымціць вецер і гукі перкусіі, якая накладаецца жывым гучаннем. Спалучэнне гэтых момантаў надае песне нейкі трагізм, сум, настальгію. Нават самыя маладыя слухачы-гледачы выдзяляюць яе ў канцэртах, яна ніколі не застаецца без увагі. Звяртаюць увагу на яе і спецыялісты-фалькларысты, якія адзначаюць вельмі ўдалы сінтэз некранутага традыцыйнага напеву і сучаснай апрацоўкі.

Уплясці, спалучыць сучаснае і традыцыйнае ўдалося і ў канцэртнай праграме «Жыве на свеце шчасце», якая была прадстаўлена ў чэрвені 2010 года. Яна вырашана ў жанры фольк-мюзікл, музычная дзея па матывах казкі «Жыве на свеце шчасце» пісьменніцы Караткевіч В. Тэма казкі – шчасце, якое вакол нас.

Са слоў «Жыве на свеце шчасце. А ў якім месцы? Невядома… Але тое, што ёсць яно ведаюць усе. Кажуць, што прыходзіць шчасце абавязкова да кожнага, хоць аднойчы у жыцці... » [3, с.135] і пачынаецца мюзікл. Простая вясковая жанчына расказвае гэту казку сваёй маленькай дачушчцы, якая засыпае на руках у матулі. Гукі прыгожай сучаснай музыкі ў народным стылі, з гукамі скрыпак і валынкі надаюць чароўнасць дзее, у якіх крыецца нейкі сакраментальны, магічны сэнс. Мабыць, кожны чалавек павінен ведаць і разумець, што шчасце – вакол нас. Сапраўднае шчасце – калі здаровы твае блізкія людзі, калі ёсць паразуменне, калі дзеткі радуюць, калі свеціць сонейка, калі ідзе дождж, калі расквітаюць кветкі. Але вельмі часта мы яго не заўважаем, мяркуючы, што шчасце – гэта нешта эфемернае і далекае. У музычным спектаклі, які падрыхтавалі студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, усім усё было зразумела. Бо тая атмасфера радасці была так натуральна паказана, што нават самі самадзейныя артысты жадалі ў рэальнасці пажыць у гэтай шчаслівай весцы з прыгожай і пяшчотнай назвай “Утульнава”.

Песенны змест мюзікла разнастайны: ад жартоўных восеньскіх («Каровы мыкалі») ды восеньскіх сумных песен («Чаго ты, косю»), да салдацкіх («Ой жа мама, маменька», «Ой, у лузе, лузе»), у якіх чуем і галашэнне па загінуўшым жаніху і сум па пакінутай дзяўчыне, да зімы з каляднымі песнямі («Добры вечар табе», «Каляда-калядзіца», «Пасярод двара», «Ой, дзе мы ходзім», «Нова радасць стала», традыцыйнай «Го-го-го каза»). Ды яшчэ суправаджаецца ўсё дзеянне смехам, жартамі, добрым настроем. Удалае спалучэнне аутэнтыкі з сучасным, любоўныя балады, жартоўныя песні, песні каляндарнага цыклу, калядныя канты, прыгожая інструментальная музыка. А лейтматыў да спектакля, напісаны па матывах песні «Чаго ты, косю» надаваў спектаклю асаблівую атмасферу і дапамагаў падзяліць спектакль на некалькі дзей.

Сярэдневяковая музыка, якую мы чуем у інструментальных нумарах «Бранль», «Уступ» падфарбавала карцінку вясёлай гулянкі нібы ў старажытнай карчме, а песня-танец «Свеціт месяц» пра вяселых дзяўчат, якія прыехалі працаваць у веску, у калгас, не аставілі гледачоў у супакоі. Былі слезы ад смеху і сапраўдны рогат, бо вельмі тонкі гумар і просты тэкст, які меў дыялектычныя асаблівасці, расказалі нам дзіўныя гісторыі пра людзей сярэдзіны дваццатага стагоддзя. А жарты, якімі кідаліся артысты, тычыліся амаль што кожнага, хто прысутнічаў у зале. Натуральны смех артыстаў, гумар перадаваліся гледачам. Спектакль прайшоў на адзіным подыхе. Чароўная музыка, якую граў аркестр, заварожвала, нібыта калыбельная матулі. Усе апрацоўкі для аркестра, які нада сказаць, састаіць не з прафесійных, а з маладых самадзейных музыкаў, робіць вельмі таленавіты музыкант – Юрый Галаўко, у якога адметны густ і пачуцце народнай музыкі. Усе апрацоўкі вельмі самабытныя. Увесь час, калі слухаеш аркестр, падаецца, што ты на вясковым вяселлі.Так мілагучна і настальгічна гучаць інструментальныя творы.

Змена дэкарацый таксама прыбавіла нейкай адметнасці спектаклю. Усё было, як у сапраўдным тэатры . Чорнае адзенне сцэны, тэатральнае святло, якое змянялася ад цемнага да светлага, падкрэсліваючы кожны момант таго, што там адбывалася. Адзнака гледачоў, якія апладысментамі доўга не адпускалі артыстаў са сцэны, казалі аб тым, што ўсё спалучылася вельмі добра.

Многа яшчэ можна пісаць аб калектыве, але асобная тэма – гэта сцэнічныя касцюмы «Гаманіны», якіх артысты маюць по два камплекты – эксклюзіўныя традыцыйныя строі і эксклюзіўныя сучасныя: стылізаваныя касцюмы – зробленыя з вялікім густам і якія апранаюць артысты ў залежнасці ад той праграмы, ад тых песен, якія трэба спяваць на канцэрце.

І гледзячы на самадзейных артыстаў, якія ў штодзённым жыцці не маюць аніякага дачынення да мастацтва, а з’яўляюцца студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі, супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлеткронікі, думаецца, што ёсць будучыня ў беларускай народнай творчасці, што зерне, якое кінулася ў такую глебу ўзрасце вельмі добрымі, здаровымі калоссямі, якое дасць вельмі багаты ўраджай. І спалучэнне сучаснага і традыцыйнага, дасць магчымасць маладому пакаленню не забыцца пра нашыя карані і пра нашу спадчыну.

Спіс выкарыстаных крыніц:




  1. Грамовіч, І.М. Методыка работы з фальклорным гуртам: курс лекцый / І.М.Грамовіч, Л.В.Снапкова. – Мн.: Бел. дзярж. ун-т культуры і мастацтваў, 2009. – 139 с.

  2. Казакова, І.В. Беларускі фальклор: вучэбны дапаможнік/ І.В.Казакова. – Мінск: Выд. Цэнтр БДУ, 2007. – 309 с.

  3. Караткевіч, В.Г. Жыве на свеце шчасце: казкі для дзяцей і дарослых/ В.Г.Караткевіч. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2010. – 140с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка