Папялушка ці Крышталёвы пантофлік 2-6 Кот у ботах 6-9 Малое Пальчанё 9-15




старонка1/3
Дата канвертавання18.05.2016
Памер384.16 Kb.
  1   2   3
Шарль Перо
Чырвоная Шапачка 1-2

Папялушка ці Крышталёвы пантофлік 2-6

Кот у ботах 6-9

Малое Пальчанё 9-15

Прыгажуня ў сонным лесе 17-19
Чырвоная Шапачка
Жыла-была ў адной вёсцы маленькая дзяўчынка. Такая прыгожая, што прыгажэйшай за яе і на свеце не было. Маці яе вельмі любіла, а бабуля яшчэ больш.

У дзень нараджэння ўнучкі падарыла ёй бабуля чырвоную шапачку. З таго часу дзяўчынка ўсюды хадзіла ў сваёй новай цудоўнай шапачцы.

Суседзі так пра яе і гаварылі:

— Вунь Чырвоная Шапачка ідзе!

Аднойчы спякла мама піражок і сказала дачцэ:

— Схадзі ты, Чырвоная Шапачка, да бабулі, занясі ёй гэты піражок і гарнушак масла ды даведайся, ці здаровая яна.

Сабралася Чырвоная Шапачка і пайшла да бабулі ў суседнюю вёску. Ідзе яна лесам, а насустрач ёй шэры воўк. Дужа захацелася яму з?есці Чырвоную Шапачку, ды толькі не асмеліўся ён: дзесьці непадалёку стукалі сякерамі дрывасекі. Аблізнуўся воўк і пытаецца ў дзяўчынкі:

— Куды ты ідзеш, Чырвоная Шапачка?

А Чырвоная Шапачка яшчэ не ведала, як гэта небяспечна - спыняцца ў лесе і размаўляць з ваўком. Павіталася яна з ваўком і кажа:

— Іду да бабулі і нясу ёй вось гэты піражок і гарнушак масла.

— А ці далёка жыве твая бабуля? - пытаецца воўк.

— Даволі далёка, —адказвае Чырвоная Шапачка. - Вунь у той вёсц за млынам, у першай хатцы з краю.

— Добра, — кажа воўк, — мне таксама хочацца наведаць тваю бабулю. Я па гэтай дарозе пайду, а ты ідзі па той, паглядзім, хто з нас хутчэй прыйдзе.

Сказаў гэта воўк і пабег з усіх ног па самай кароткай дарожцы. А Чырвоная Шапачка пайшла па самай доўгай дарозе. Ішла яна, не спяшалася, час ад часу спынялася, кветкі рвала і збірала ў букет. Не паспела яна яшчэ і да млына дайсці, а воўк тым часам прыбег да бабулінай хаты і стукаецца ў дзверы:

— Стук-стук!

— Хто там? - пытаецца бабуля.

— Гэта я, унучка ваша, Чырвоная Шапачка, — адказвае воўк тоненькім голасам. - Я да вас у госці прыйшла, піражок прынесла і гарнушак масла.

А бабуля якраз хворая была і ляжала ў ложку. Яна падумала, што гэта і праўда Чырвоная Шапачка, і крыкнула:

— Шмаргані за вяровачку, дзіцятка маё, — дзверы і адчыняцца.

Воўк шмаргануў за вяровачку - дзверы і адчыніліся. Кінуўся воўк на бабулю і зараз праглынуй яе. Ён быў дужа галодны, бо тры дні нічога не еў. Потым зачыніў дзверы, улёгчя на балулін ложак і пачаў чакаць Чырвоную Шапачку. Неўзабаве яна прыйшла і пастукалася.

— Стук-стук!

— Хто там? - пытаецца воўк.

А голас у яго грубы, хрыплы. Чырвоная Шапачка спалохалася спачатку, але потым падумала, што бабуля ахрыпла ад прастуды і таму ў яе такі голас.

— Гэта я, унучка ваша, — кажа Чырвоная Шапачка, — Прынесла вам піражок і гарнушак масла.

Воўк адкашляўся і сказаў тоненька:

Шмаргані за вяровачку, дзіцятка маё, — дзверы і адчыняцца.

Чырвоная Шапачка шмарганула за вяровачку - дзверы і адчыніліся.

Зайшла дзяўчынка ў дамок, а воўк схаваўся пад коўдру і кажа:

— Пакладзі, унучка, піражок на стол, гарнушак на паліцу, а сама прыляж побач са мной. Ты, мусіць, вельмі стамілася.

Чырвоная Шапачка легла побач з ваўком і пытаецца:

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія рукі?

— Гэта каб мацней цябе абняць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія вушы?

— Каб лепш чуць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія вочы?

— Каб лепш бачыць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія зубы?

— А гэта каб хутчэй з?есці цябе, дзіцятка маё!

Не паспела Чырвоная Шапачка і войкнуць, як люты воўк накінуўся на яе і праглынуў разам з чаравікамі і чырвонай шапачкай.

Але на вялікае шчасце, у гэты самы час міма хаткі праходзілі дрывасекі з сякерамі на плячах. Пачулі яны шум, убеглі ў хатку і забілі ваўка. А пасля распаролі яму жывот, і адтуль выйшла Чырвоная Шапачка, а за ёй бабуля - абедзве цэлыя, нібы нічога і не здарылася.

Тэкст з "Чытанкі для дзіцячага сада", 1990, укладальнікі: В.Р.Вячорка, Н.І.Маскаленка, П.В.Садоўскі.

Даслала Наталька Цюленева



http://www.dzietki.org/article/cms_view_article.php?aid=110
Папялушка ці Крышталёвы пантофлік
Жыў сабе адзін удавец, і вырашыў ён ажаніцца другі раз. Ды ўзяў сабе ў жонкі сама ганарыстую і сама фанабэрыстую кабету ў свеце. Ад першага мужа былі ў той кабеты дзве дачкі, і мелі яны такі самы дрэнны характар, як і іхняя маці. А ў чалавека таксама была дачка, але характару добрага, ласкавага - такога, што і параўнаць няма з чым. Яна пераняла яго ад маці-нябожчыцы, найдабрэйшай жанчыны, якую толькі можна сабе ўявіць.
І вось, не паспелі яшчэ згуляць вяселле, як мачаха пачала аказваць свой злы нораў: яна трываць не магла сваёй добрай падчаркі, побач з якой яе дочкі здаваліся яшчэ болей агіднымі. Яна прымусіла бедную дзяўчыну рабіць сама чорную работу ў хаце. Падчарка павінна была мыць падлогу і посуд, прыбіраць у спальнях у мачахі і ў яе дачок, а сама спала ў маленькім пакойчыку на гарышчы, дзе ложкам ён быў мулкі сяннік. У сёстрыных пакоях падлога была тафлёваная, стаялі модныя ложкі і віселі вялікія люстры, у якіх можна было агледзець сябе з галавы да ног. Але бедная дзяўчына моўчкі цярпела такую несправядлівасць і не адважвалася паскардзіцца бацьку, які за гэта толькі насварыўся б на яе, бо ва ўсім патрафляў новай жонцы.
Калі дзяўчына ўпраўлялася з працай, яна ціхутка сядала каля агменя ў закутку, у які звычайна змяталі попел. І таму ў хаце яе празвалі Папялдупкай. Праўда, малодшая сястра была не такая шкодная, як старэйшая, і звала яе проста Папялушкай. Але нават у беднай вопратцы Папялушка была ў сто разоў прыгажэйшая за сваіх раскошна прыбраных сястранак.
Аднойчы сын тамтэйшага караля даваў баль і запрасіў на яго ўсіх знакамітых асоб. Дзвюм нашым паненкам таксама прыйшло запрашэнне, бо ў тых краях іх род належаў да высокага свету. Вось ужо яны ўзрадваліся! Кінуліся адразу выбіраць найлепшыя гарнітуры, прыдумляць прычоскі, каб выглядаць прыгажэйшымі. Але больш за ўсё клопату выпала зноў Папялушцы: яна прасавала сёстрам бялізну, крухмаліла каўнерыкі і манжэты. А тыя толькі і гаманілі, як ды ўва што прыбяруцца.
- Я, - сказала старэйшая, - надзену чырвоную аксамітную сукенку і накідку з карункамі.
- А я, - сказала малодшая, - буду ў звычайнай сукенцы, але наверх надзену манто з залатымі кветкамі і закалю ў валасы дыяментавую шпільку.
Каб завіць паненкам дробныя кудзеркі, паслалі па найлепшую цырульніцу, у найлепшай краме купілі ім банты. Нарэшце паклікалі спытаць парады і Папялушку, бо густ у яе быў вельмі добры. Папялушка агледзела сястрыц, шчыра параіла ім, як ды што дзе паправіць лепей, і нават сама ўзялася іх прычасаць, на што сёстры адразу згадзіліся.
Пакуль Папялушка прычэсвала іх, сёстры ў яе пыталіся:
- Папялушка, скажы, а ты была б радая, каб і цябе запрасілі на баль?
- Што вы, паненкі, усё кпіце з мяне. Хіба ж мне туды можна?
- І то праўда. Вось бы пасмяяліся ўсе, каб убачылі, як Папялдупка на баль сунецца!
За такія кпіны іншая наўмысна прычасала б іх дрэнна, але ў Папялушкі было добрае сэрца, і яна пастаралася зрабіць сёстрам сама прыгожыя прычоскі. А сёстры так ужо радаваліся, так радаваліся, што два дні амаль нічога не елі. Ды ўсё роўна, зацягваючы гарсэты, парвалі цэлы тузін шнуроў, пакуль ім удалося надаць трошкі зграбнасці сваім станам. Увесь час яны толькі і круціліся перад люстрам.
Нарэшце радасны дзень настаў, і сёстры выправіліся на баль. Папялушка доўга, як магла, праводзіла іх вачыма, а калі карэта знікла за павароткай, горка заплакала. Хросная ўбачыла, што дзяўчына плача, і спыталася, што здарылася?
- Мне так хацелася б... мне так хацелася б...
Але Папялушка плакала так горка, што не здолела дагаварыць.
Тады хросная, якая была чараўніца, сказала:
- Ты, напэўна, вельмі хочаш на баль?
- Але! Вельмі хачу, - адказала Папялушка і сумна ўздыхнула.
- Ну што ж, калі ты будзеш паслухмяная дзяўчынка, - паабяцала хросная, - то я зраблю, каб ты туды трапіла.
Яна завяла яе ў свой пакой і сказала:
- Ідзі ў сад ды прынясі мне гарбуз.
Папялушка адразу пабегла ў сад, выбрала там найлепшы гарбуз і прынесла яго хроснай. Але яна ніяк не магла зразумець, як гэты гарбуз можа дапамагчы ёй трапіць на баль? Хросная тым часам вычысціла гарбуз, пакінуўшы адну лупіну, дакранулася да яго чарадзейнаю палачкай, і гарбуз адразу ператварыўся ў чароўную залачоную карэту.
Потым хросная пайшла да мышынае пасткі, дзе аказалася шэсць мышак. Яна загадала Папялушцы трошкі адчыніць дзверцы, і калі мышы адна за адной пачалі выскокваць, дакраналася да кожнай чарадзейнаю палачкай, і мышы адразу ператвараліся ў коней. Праз хвіліну перад імі стаяў ужо выдатны шасцярык шэрых мышастых коней.
Папялушка заўважыла, што хросная задумалася, з чаго ёй зрабіць фурмана, і сказала:
- Чакайце, пайду я гляну, можа ў вялікую пастку трапіў пацук? З яго і зробім фурмана.
- І то праўда, - пагадзілася хросная. - Ідзі зірні.
Папялушка прынесла вялікую пастку. А ў ёй сядзелі тры тлустыя пацукі. Чараўніца выбрала таго, у якога былі даўжэйшыя вусы, дакранулася да яго палачкай, і пацук перавярнуўся ў пузатага фурмана з такімі раскошнымі вусамі, якіх ніхто ніколі не бачыў. Тады хросная сказала Папялушцы:
- А цяпер ідзі ў сад, і там за калодзежам убачыш шэсць яшчарак. Прынясі іх мне.
Прынесла Папялушка яшчарак, і хросная адразу ператварыла іх у шэсць прыгожа апранутых лёкаеў, якія адразу сталі на запяткі, нібыта ўсё жыццё толькі гэтае і рабілі.
Тады чараўніца сказала Папялушцы:
- Ну вось, цяпер у цябе ёсць на чым ехаць на баль. Ты рада?
- Вядома, рада, - адказала Папялушка. - Але як жа я паеду ў такой брыдкай вопратцы?
Хросная толькі дакранулася да яе сваёй палачкай, і ў тую ж хвіліну Папялушчына сукенка ператварылася ў дзівоснае ўбранне, абсыпанае каштоўным каменнем. Потым хросная дала дзяўчыне пару найпрыгажэйшых у свеце крышталёвых пантофлікаў.
Калі Папялушка, багата прыбраная, ужо села ў карэту, хросная яе папярэдзіла, што, як бы там ні было, але на балі яна не павінна заставацца пазней за поўнач, бо калі яна запозніцца хоць на хвіліну, яе карэта зноў зробіцца гарбузам, коні - мышамі, лёкаі - яшчаркамі, а адзенне набудзе свой ранейшы выгляд.
Дзяўчына паабяцала хроснай, што да поўначы абавязкова пакіне баль, і, не помнячы сябе ад радасці, ад'ехала.
Сын караля, якому паведамілі аб прыездзе нікому не вядомай важнай і багатай прынцэсы, сам выйшаў яе сустракаць. Каб дапамагчы ёй выйсці з карэты, ён падаў ёй руку і правёў у залу, дзе сабраліся госці. Адразу ж запанавала поўная цішыня, усе кінулі танцаваць, скрыпкі змоўклі - так моцна ўсе былі ўражаныя незвычайнаю прыгажосцю незнаёмай прынцэсы. Чуўся толькі прыглушаны шэпт: «Ах! Якая яна прыгожая!» Нават кароль, хоць быў ужо вельмі стары, не мог звесці з яе вачэй і ціхутка прызнаўся каралеве, што даўно ўжо не бачыў такой прыгожай і прыемнай асобы. Усе паненкі ўважліва разглядалі яе прычоску і вопратку, каб заўтра зрабіць сабе такую самую, калі знойдуцца прыдатная тканіна і ўмелыя швачкі.
Сын караля пасадзіў прынцэсу на сама пачэснае месца, а потым запрасіў яе на танец. Яна танцавала так зграбна, што ўсе яшчэ больш замілаваліся ёю. Потым прынеслі сама раскошныя стравы, але малады прынц амаль нічога не еў: ён увесь час толькі і пазіраў на Папялушку. А яна села побач са сваімі сястранкамі і пачала іх усяляк хваліць. Яна пачаставала сясцёр апельсінамі ды цытрынамі, якія падаў ёй прынц, і гэта іх вельмі здзівіла, бо яны зусім не пазнавалі Папялушкі.
Але тут, гамонячы з сёстрамі, Папялушка пачула, як гадзіннік прабіў без чвэрткі поўнач. Яна адразу раскланялася перад гасцямі і як мага хутчэй пабегла з палаца.
Калі яна вярнулася дадому, яна пайшла да хроснай і вельмі ёй падзякавала. А потым прызналася, што і заўтра таксама хацела б паехаць на баль, бо яе запрашаў каралевіч. І вось, калі яна сядзела і распавядала хроснай пра тое, як праходзіў баль, у дзверы пастукаліся сёстры. Папялушка пабегла ім адчыняць.
- Як доўга вас не было! - сказала яна, пазяхаючы, і пачала церці вочы і пацягвацца, быццам толькі што прачнулася. Між тым яна і не думала спаць з той хвіліны, як яны рассталіся.
- Каб ты была на балі, - сказала ёй адна сястра, - табе не давялося б так нудзіцца. Там была такая прыгожая прынцэса, найпрыгажэйшая ў свеце! Яна нагаварыла нам столькі прыемных словаў! І яшчэ пачаставала апельсінамі і цытрынамі!
Папялушка, не помнячы сябе ад радасці, спытала, а як звалі тую прынцэсу? Але сёстры адказалі, што, на жаль, не ведаюць яе імя і што сын караля быў гэтым таксама вельмі засмучаны і аддаў бы ўсё на свеце, каб даведацца, хто яна і адкуль. Папялушка ўсміхнулася і сказала:
- Няўжо яна была такая прыгожая? Божа мой! Якія вы шчаслівыя! Як бы я хацела хоць раз зірнуць на яе. Ах! Мілая Жавота, пазычце мне ваш жоўты гарнітур, у якім вы ходзіце кожны дзень.
- Ага, - сказала Жавота, - так я і згадзілася! Аддаць ёй свой гарнітур, гэтай бруднай Папялдупцы! Трэба, каб я раней звар'яцела!
Папялушка чакала, што ёй адмовяць, і толькі парадавалася гэтаму, бо каб сястра згадзілася пазычыць ёй сваё адзенне, яна апынулася б у даволі цяжкім становішчы.
Назаўтра абедзве сястры зноў былі на балі, і Папялушка - таксама, але ў яшчэ прыгажэйшым убранні, чым мінулы раз. Сын караля ўвесь час завіхаўся вакол яе і безупынна абсыпаў рознымі пяшчотамі. Дзяўчыне зусім не было часу нудзіцца, і яна забылася на тое, пра што яе папярэджвала хросная. Ёй здавалася, што яшчэ толькі адзінаццаць, калі раптам гадзіннік выбіў першы ўдар, абвяшчаючы поўнач. Яна падскочыла і жвава, як касуля, кінулася ўпрочкі. Прынц пабег быў за ёю, але дагнаць так і не здолеў. Па дарозе дзяўчына згубіла адзін крышталёвы пантофлік, і прынц пяшчотна падабраў яго. Без карэты, без лёкаеў, задыханая, Папялушка прыбегла дамоў. Яна зноў была ў сваім агідным адзенні, і з усяе пышнасці ў яе застаўся толькі адзін пантофлік - такі самы, як той, што яна згубіла.
У брамнікаў запыталіся, ці не бачылі яны, каб з палаца выходзіла прынцэса. Але яны адказалі, што бачылі толькі нейкую вельмі неахайную дзяўчыну, падобную больш да сялянкі, чым да паненкі.
Калі сёстры вярнуліся з балю, Папялушка спытала, ці добра яны прабавілі час і ці была на балі тая прыгожая пані? Сёстры адказалі, што была, але калі гадзіннік адбіў поўнач, яна так хутка пабегла, што нават згубіла адзін крышталёвы пантофлік, такі прыгожы, што ва ўсім свеце такіх ні ў кога няма. Сёстры сказалі, што сын караля падабраў той пантофлік і да канца балю ўжо толькі і глядзеў на яго, таму што, вядома ж, вельмі закахаўся ў чароўную ўладальніцу гэтага пантофліка.
Яны казалі праўду, бо праз некалькі дзён сын караля пры ўсім народзе абвясціў, што ажэніцца з той, каму гэты пантофлік будзе акурат па назе. Спачатку яго паперамервалі ўсе прынцэсы, потым графіні і ўся дворня, але ўсё дарма. Нікому ён не падыходзіў.
Прынеслі яго і да дзвюх сясцёр. Як толькі яны не высільваліся, каб усунуць нагу ў пантофлік! Ды нічога ў іх не выйшла. Папялушка пазнала свой пантофлік і, з усмешкай гледзячы на сясцёр, сказала:
- Дайце, я памераю, ці не падыдзе ён мне?
Сёстры пачалі смяяцца і кпіць з дзяўчыны. Але прыдворны, які насіў пантофлік, зірнуўшы на Папялушку, заўважыў, што яна прыгожая, і сказаў, што яна мае рацыю, бо ён атрымаў загад даваць мерыць пантофлік усім дзяўчатам. Ён запрасіў Папялушку сесці і паднёс пантофлік да яе ножкі. І тут усе ўбачылі, што пантофлік лёгка надзеўся на нагу і аказаўся ў самы акурат, нібыта быў на яе зроблены. Здзіўленне ў сясцёр яшчэ больш павялічылася, калі Папялушка дастала з кішэні другі такі самы пантофлік і надзела яго на другую нагу. У гэты момант у пакой увайшла хросная. Яна дакранулася да Папялушчынага адзення чарадзейнаю палачкай, і яно зрабілася яшчэ прыгажэйшым, чым ранейшыя два разы.
І тады нарэшце сёстры прызналі ў ёй тую прыгожую прынцэсу, якую бачылі на балі. Яны кінуліся Папялушцы ў ногі, пачалі перапрашаць за ўсё дрэннае, што ёй даводзілася ад іх цярпець. Але Папялушка папрасіла іх падняцца і сказала, што ўсё шчыра ім даравала і хоча, каб яны заўсёды яе любілі.
Ва ўсім гэтым прыгожым убранні Папялушку правялі да маладога прынца. Прынцу яна здалася яшчэ прыгажэйшаю, чым раней, і праз некалькі дзён яны пажаніліся. Папялушка, у якой дабрыні было не меней, чым прыгажосці, запрасіла сясцёр жыць у палац і ў той самы дзень ажаніла іх з двума знатнымі панамі з каралеўскай дворні.
Мараль
Краса ў дзяўчат - вялікі скарб, бясспрэчна,

Мы захапляцца ёй не стомімся ніколі,

Ды ветлівасць усё ж каштуе болей

І большую цану мець будзе вечна.

Таму і хросная дзяўчыну навучала

Быць далікатнай, выпраўляючы на баль,

Ды так яе пры гэтым прыбірала,

Што стала каралеўнаю яна.

Адсюль - мараль:

Хто хоча схільнасці ў любага дабіцца,

Адной красою дасягне не многа;

Тут ветласць - вось дар чараўніцы,

Бо з ёй магчыма ўсё, а без яе - нічога.
Другая мараль
Вядома, што зусім няблага,

Калі ў вас ёсць і розум, і развага,

І працавітасць, і калі вы не без роду, -

Тут трэба толькі шанаваць прыроду,

Што падарыла вам такую перавагу.

І ўсё ж, мой дружа, будзе мала плёну

Ва ўсім, што б вы не мелі, - будзе ўсё дарма

І поспеху не дасць ў жыцці штодзённым,

Калі ў вас хроснага ці хроснае няма.

Пераклад: Аўтар невядомы


Беларуская Палічка: http://knihi.com http://www.knihi.com/Sarl_Pero/Papialuska_ci_Krystalovy_pantoflik.html
Кот у ботах
Памёр адзін млынар і пакінуў сваім тром сынам толькі млын, асла ды ката. Спадчыну дзялілі нядоўга; нават суддзю з падсудкам не клікалі, бо з гэтымі, вядома, нічога не засталося б ад такога небагатага набытку. Старэйшы брат узяў сабе млын, сярэдні - асла, а малодшаму дастаўся кот.
Вельмі смуткаваў малодшы брат, што выпаў яму такі горкі лёс.
- Добра маім братам, - казаў ён. - Калі будуць жыць разам, дык і на хлеб змогуць сабе зарабіць. А я - з'ем свайго ката, зраблю з яго скуры рукавіцы, а потым - хоць ты з голаду пухні.
Пачуў Кот гэтыя словы, але выгляду не падаў. І сказаў такім разважным і сур'ёзным голасам:
- Не журыцеся, мой гаспадару, дайце мне лепей якую торбу ды купіце боты - каб мне было ў чым лазіць па кустах. А тады ўбачыце, што не такая ўжо благая вам выпала доля, як здаецца.
Хлопец, вядома, не даў Катовым словам вялікае веры. Але й не збезнадзеіўся, бо хто яго ведае, можа, і праўда, Кот дасць яму якое рады ў няшчасці. Хлопец часта бачыў, як спрытна Кот лавіў пацукоў і мышэй: то павісаў на адных лапах, то хаваўся ў муцэ ды прыкідваўся мёртвым.
Неўзабаве Кот атрымаў усё, чаго прасіў. Ён адразу хвацка нацягнуў боты, закінуў за плечы торбу і, узяўшы яе абедзвюма пярэднімі лапамі за матуз, рушыў у лес, дзе вадзілася многа трусоў. У торбу ён насыпаў вотруб'я, заечай капусты, а сам лёг на зямлі і, удаўшыся за мёртвага, пачаў чакаць, калі якое трусяня, не надта яшчэ абазнанае ва ўсякіх хітрасцях свету, залезе ў торбу, каб пачаставацца пакладзенымі туды ласункамі.
І толькі паспеў ён легчы, як адразу з радасцю ўбачыў, што нейкае легкадумнае трусяня ўжо капошыцца ў торбе. Кот, не марудзячы, зашморгнуў матуз, схапіў труса і бязлітасна яго забіў.
Горды здабычай, ён рушыў да караля і папрасіў мовіць перад ім слова. Ката пусцілі ў пакоі Яго Вялікасці. Увайшоўшы, Кот нізка пакланіўся каралю і сказаў:
- Вашамосць, гэтага труса мне даручыў паднесці вам ад свайго імя пан маркіз дэ Карабас (такое імя яму ўздумалася даць свайму гаспадару).
- Ну што ж, - адказаў кароль, - скажы свайму гаспадару, што я яму дзякую і вельмі рады яго падарунку.
Другі раз Кот схаваўся ў жыце і зноў разгарнуў сваю торбу, а калі ў яго ўлезлі дзве курапаткі, зацягнуў матуз і злавіў абедзвюх. Потым, як і труса, ён занёс курапатак да караля. Кароль прыняў падарунак ізноў з вялікім задавальненнем і загадаў даць Кату гасцінца.
Так два ці тры месяцы Кот насіў каралю дзічыну, упаляваную нібыта яго гаспадаром. І аднойчы даведаўся, што кароль са сваёю дачкой, найпрыгажэйшаю прынцэсаю ў свеце, збіраецца выправіцца на шпацыр па беразе рэчкі. Вось і кажа ён свайму гаспадару:
- Калі вы паслухаецеся маёй парады, дык будзеце шчаслівы да канца сваіх дзён. А дзеля гэтага вам трэба зрабіць адно: пайсці да рэчкі і там, дзе я пакажу, залезці ў ваду. Усё астатняе я зраблю сам.
Маркіз дэ Карабас паслухаўся Ката і зрабіў усё, як той яму нараіў, хоць, праўду кажучы, зусім не разумеў, навошта ўсё гэта трэба.
І вось сядзіць ён у вадзе, а побач якраз праязджае кароль. Тут Кот як закрычыць:
- Ратуйце! Ратуйце! Маркіз дэ Карабас топіцца!
Пачуўшы гэтыя крыкі, кароль высунуў галаву з карэты і, пазнаўшы Ката, які столькі разоў насіў яму дзічыну, адразу загадаў сваёй варце хутчэй бегчы і дапамагчы маркізу дэ Карабасу.
Пакуль небараку маркіза выцягвалі з рэчкі, Кот падышоў да карэты і сказаў каралю, што калі яго гаспадар купаўся, нечакана з'явіліся злодзеі і ўкралі ўсё яго адзенне, хоць ён, Кот, крычаў на ўсю сілу: «Трымай іх! Трымай злодзеяў!» (Адзенне ж хітрун схаваў пад вялікім каменем.)
Кароль адразу загадаў служкам пры сваім гардэробе паехаць і прывезці пану маркізу дэ Карабасу адзін з найлепшых сваіх гарнітураў. Калі маркіз апрануўся, кароль сустрэў яго вельмі ласкава. А таму, што прыгожае адзенне, якое маркізу прывезлі, вельмі яму пасавала (а ён і сам з сябе быў хлопец ладны ды зграбны), то каралеўская дачка адразу яго ўпадабала. І варта было маркізу дэ Карабасу два-тры разы зірнуць на каралеўну з пашанай і трошкі з пяшчотай, як яна закахалася ў яго без памяці.
Кароль запрасіў маркіза ў карэту, і далей яны паехалі разам. Кот вельмі радаваўся, што яго планы пачынаюць спраўджвацца. Ён пабег наперад і, убачыўшы на сенажаці сялян, якія касілі траву, сказаў ім:
- Гэй, людзі добрыя, касцы! Ведайце: калі вы не скажаце каралю, што гэтая сенажаць належыць маркізу дэ Карабасу, вас усіх патаўкуць на дробны мак!
Кароль сапраўды спытаў у касцоў, чыю гэта сенажаць яны косяць?
- Маркіза дэ Карабаса, - адказалі яны ўсе хорам, бо Катова пагроза вельмі іх напалохала.
- У вас добрыя землі, - сказаў кароль маркізу дэ Карабасу.
- Але, Ваша Вялікасць, - адказаў маркіз. - Гэтая сенажаць кожны год дае багаты прыбытак.
А Кот усё бег наперадзе. І калі напаткаў жняцоў, сказаў ім:
- Гэй, людзі добрыя, жняцы! Ведайце: калі вы не скажаце, што ўсё гэтае жыта належыць маркізу дэ Карабасу, вас усіх патаўкуць на дробны мак!
Кароль, які праязджаў хвілінай пазней, захацеў даведацца, чыё гэта жыта расце ўздоўж дарогі?
- Маркіза дэ Карабаса, - адказалі жняцы.
І кароль зноў парадаваўся такому адказу разам з маркізам.
А Кот усё бег наперадзе карэты і ўсім, каго ні сустракаў, паўтараў тое самае. Кароль быў вельмі ўражаны вялікім багаццем маркіза дэ Карабаса.
Нарэшце Кот прыбег у раскошны замак, дзе гаспадаром быў Людаед, найбагацейшы з усіх людаедаў у свеце, бо ўсе землі, па якіх праязджаў кароль, былі пад уладаю гэтага замка.
Кот, які загадзя паклапаціўся праведаць, хто такі гэты Людаед і што ён умее рабіць, папрасіў дазволу пагутарыць з ім. Ён сказаў, што не мог прайсці міма замка і не выказаць яго гаспадару пашаны.
Людаед прыняў яго так ветліва, як толькі можа прыняць людаед, і запрасіў садзіцца.
- Мяне запэўнівалі, - раптам сказаў яму Кот, - што вы нібыта здольны ператварацца ва ўсякіх жывёл, што вы можаце зрабіцца, напрыклад, ільвом ці сланом.
- Гэта праўда, - грубым голасам адказаў Людаед. - І каб ты мог сам убачыць і болей не сумняваўся, я зараз на тваіх вачах абярнуся ў ільва.
Кот так напалохаўся, убачыўшы перад сабой ільва, што стрымгалоў ускараскаўся аж на самы дах, хоць зрабіць гэта было цяжка, дый небяспечна, бо хадзіць у ботах па гонце вельмі нязручна.
Праз хвілінку, калі Людаед набыў свой ранейшы выгляд, Кот спусціўся з даху і прызнаўся, што леў нагнаў на яго добрага страху.
- А яшчэ мне бажыліся, - сказаў Кот, - ды ў гэта я ўжо зусім не веру, быццам вы ўмееце абарочвацца ў сама драбнюткіх звяркоў, і можаце абярнуцца, напрыклад, у пацука ці ў мыш. Але мне, прызнаюся, здаецца, што гэта абсалютна немагчыма.
- Немагчыма? - зароў Людаед. - Зараз пабачыш.
І ў тое ж імгненне ён ператварыўся ў мыш, якая забегала па падлозе. Толькі Кот яе ўбачыў, як адразу кінуўся на яе і з'еў.
Тымчасам побач якраз праязджаў кароль. Ён заўважыў раскошны людаедаў замак і захацеў паглядзець яго зблізу.
Кот пачуў грукат карэты, якая ехала па пад'ёмным мосце, выбег насустрач і сказаў каралю:
- Сардэчна запрашаем Вашу Вялікасць у замак маркіза дэ Карабаса!
- Няўжо, пане маркізе?! - крыкнуў кароль. - І гэты замак таксама ваш? Хіба можа быць штось прыгажэйшае за гэты двор і будынкі?! Калі дазволіце, хацелася б зірнуць і на вашыя пакоі.
Маркіз падаў маладой прынцэсе руку, і следам за каралём, які йшоў наперадзе, яны ўвайшлі ў вялікую залу. Там стаяў стол з дзівоснымі стравамі, прыгатаванымі Людаедам сваім сябрам, якія меліся завітаць да яго ў той самы дзень, але не адважыліся, ўбачыўшы, што ў замак прыехаў кароль.
Кароль быў зачараваны знатнасцю маркіза дэ Карабаса, а яго дачка ад кахання ледзь зусім не страціла розум. І вось, убачыўшы, што маркіз валодае такім вялікім багаццем, кароль праглынуў пяць ці шэсць кубкаў запар і прамовіў:
- А ці не хочаце вы, пане маркізе, быць мне зяцем?
З нізкім паклонам маркіз падзякаваў каралю за такі вялікі гонар і таго ж дня ажаніўся з прынцэсай. А Кот зажыў вялікім панам і болей ужо не лавіў мышэй. Хіба што зрэдку - дзеля забавы.
Мараль

Якія б ні былі выгоды

У тым, што ў спадчыну заўсёды

Сынам ад бацькі застаецца ўвесь пажытак,

Хай помняць маладыя людзі,

Што кемлівасць заўсёды будзе

Каштоўнейшая за любы прыбытак.
Другая мараль

З таго, што малады млынар

Ад мілае прынцэсы ў дар

Змог атрымаць і сэрца, і руку,

Зрабіць выснову досыць проста:

Пытанні вопраткі і ўзросту

Ў каханні маюць не маленькую вагу.

Пераклад: Аўтар невядомы


Беларуская Палічка: http://knihi.com http://www.knihi.com/Sarl_Pero/Kot_u_botach.html
  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка