Паняцце "міфалогія" мае два значэнні. Міфалогія гэта сукупнасць міфаў таго ці іншага народа. І ў гэтым сэнсе яна з’яўляецца сімвалічнай мадэллю свету




Дата канвертавання01.05.2016
Памер111.21 Kb.
ПРАДМОВА

Паняцце "міфалогія" мае два значэнні. Міфалогія — гэта сукупнасць міфаў таго ці іншага народа. І ў гэтым сэнсе яна з’яўляецца сімвалічнай мадэллю свету. Міфалогія — гэта яшчэ і навука, якая вывучае міфы, даследуе іх генезіс і эвалюцыю, параўноўвае міфы розных народаў. Абодва гэтыя аспекты вызначылі галоўны прынцып укладання матэрыялу ў вучэбным дапаможніку, прысвечаным старажытнагрэчаскай міфалогіі. На беларускай мове пераказ міфаў з навуковым каментарыем робіцца ўпершыню. Праўда, спецыфіка і аб’ём працы дазволілі аўтару толькі спарадычна звярнуцца да паралеляў падчас разгляду міфаў, канстатаваць тое істотнае агульнае, што ёсць у грэчаскай і іншых міфалогіях.

Тэрмін "міф" грэчаскага паходжання (mythos — слова, аповед), які абагульняў комплекс уяўленняў старажытных людзей аб стварэнні і ўпарадкаванні свету, аб тым ці іншым прадмеце альбо з’яве прыроды. (Наша веданне пра міф фрагментарнае, бо мы знаёмімся з ім, як правіла, пры дапамозе мастацкіх твораў, а паколькі мастацтва немагчымае без фантазіі, сэнс міфа часам скажаецца). Нягледзячы на тое, што міф вывучаецца ўжо не адно стагоддзе, яго прырода да канца не даследавана.

Для чалавека архаічнага часу міф быў першаснай аб’ектыўнай рэальнасцю, існуючай незалежна ад яе ўсведамлення. Характэрная рыса міфалагічнага мыслення — анімізм (лац. anima — душа) — адухаўленне сіл і з’яў прыроды. Чалавек успрымаў іх як істот, што жывуць, думаюць, адчуваюць, і абагаўляў. Дрэвы раслі і шамацелі лісцем... Ручаі цяклі і таксама гаманілі... Агонь нараджаўся, паглынаў ежу і паміраў... Усё рухалася, значыць, было жывым. Чалавек бачыў агонь, які ўспыхваў ад удару маланкі, полымя ў кавальскім горне, вогнішчы, агонь лясных пажараў... Усе гэтыя канкрэтныя праявы агню ён абагульніў у адным слове, даўшы імя вогненнай сіле — той сіле, што жыла агнём, сама была агнём і кіравала агнём — Гефест. Надалей слова-міф абагачалася жыццёвым вопытам, выдумкай, фантазіяй, і ўжо пачынаў стварацца аповед-міф пра Гефеста як ачалавечанага ў канкрэтным вобразе персанажа — пра яго паходжанне, бацькоў, сям’ю, яго ўчынкі, характар. Так нараджаліся словы-міфы — Зеўс, Гефест, Арэс, Афіна і г.д., якія разрасталіся ў аповеды-міфы пра вышэйшыя істоты, падобныя да чалавека, але вельмі магутныя і бессмяротныя.

Міф зыходзіць з таго, што ўсё ў Космасе звязана паміж сабой — зямля, неба, мора, сонца, месяц, зоркі, паветра, падземны свет... Спецыфічнасць міфалагічнага асваення свету ў тым, што яго паходжанне і ўпарадкаванасць, сэнс і з’явы жыцця тлумачацца ў канкрэтна-пачуццёвых вобразах. Зямля — гэта багіня Гея, неба — бог Уран, мора — бог Пасейдон, сонца — бог Геліяс, і месяц, і кожная зорка, і вятры — таксама багі... Але, як было паказана на прыкладзе Гефеста, гэта не азначае, што існавала столькі багоў, колькі прадметаў і з’яў прыроды. Ва ўсім "зямным" прысутнічала Гея, у кожным спеючым зерні — Дэметра, у розных крыніцах жылі тыя ж самыя німфы. Боскае імя абазначала і індывідуум, і агульнае паняцце. Індывідуальнае і агульнае спалучалася ў міфе, як ідэальнае і матэрыяльнае. Міф не ведаў падзелу на суб’ект і аб’ект.

Унікальная, ні на якую іншую не падобная грэчаская прырода сама па сабе спрыяла творчасці, абуджала фантазію, жывіла светаадчуванне, сутнасцю якога была злітнасць з прыродай, а асноўным матывам настрою — радасць жыцця. Вось як пра гэта пісаў наш зямляк, перакладчык Гамера і старажытна-грэчаскай драматургіі на беларускую мову Юльян Дрэйзін: "Грэцыя... краіна незвычайна празрыстага паветра і сонечнага бляску. Няма ніводнага месца ў Еўропе, дзе паветра было б такое празрыстае, як у прыгожай Эладзе. І ў гэтым празрыстым паветры залітыя яскравымі праменнямі сонца, слепячы, мігацяць абголеныя мармуровыя пароды, ласкава смяецца чароўнае грэчаскае мора, і ясна, рэльефна выдзяляецца кожная рэч — скалы, дрэвы, галіны на іх, кожны лісцік, ручай, возерка... У істоце прырода Грэцыі небагатая, але ў гэтым празрыстым паветры і сонечным бляску яна здаецца надзвычайна прыгожаю і, што найгалоўнейшае, яснай, рэльефнай ва ўсіх сваіх нават найдрабнейшых праявах. І грэкі прызвычаіліся да гэтай рэльефнасці і прыгажосці і зрабіліся народам мастакоў... Дзейнасць прыроды зрабілася дзейнасцю жывучых у ёй багоў, яе сілы сталі сіламі яе багоў. Так і законы прыроды зрабіліся законамі багоў..." Нялішне прыгадаць, што самая выдатная філасофія створана старажытнымі грэкамі. Зместам іх першых філасофскіх сістэм, а шмат у чым і наступных, з’явіліся міфалагічныя вобразы, ператвораныя ў паняцці.

Для элінаў Сусвет быў упарадкаванай еднасцю. Наогул, іх міфалогіі ўласцівы цэласнасць і прыгажосць у падыходзе да свету. Грэчаскае слова kosmos азначае не толькі Сусвет, але і суладнасць, і прыгажосць. У гамераўскіх паэмах Космас — цела, канечнае ў прасторы. Космас нагадваў па форме яйка, аднолькава сплюшчанае на полюсах. Верхні полюс — гэта верхняе неба, якое змыкалася з эфірнымі высямі: светлы і радасны Алімп, жытло багоў, якія кіравалі ўсім светам. Ніжняе неба — гэта глыбокі Тартар, крайняя мяжа сушы і мора: вечная цемра, дзе пакутавалі зрынутыя ў яе тытаны. Алімп і Тартар знаходзіліся на адной адлегласці ад зямлі, дзе жылі людзі. На зямлі ўзвышаліся горы, зелянелі лясы і квітнелі палі, цяклі рэкі, і ўсё гэта абмывалася бяскрайнім морам. Зямлю грэкі ўяўлялі падобнай на тонкі дыск, які нібыта прарэзваў гэтае яйка — Сусвет папалам. Пад зямлёй знаходзілася царства смерці, дзе ўладарыў Аід з жонкай Персефонай. А над зямлёй кожную раніцу з’яўлялася зара — Эас, удзень рухалася сонца — Геліяс, а ўначы зямля асвятлялася месяцам — Селенай і безліччу зорак.

У міфалагічным мысленні адсутнічала ўяўленне аб аднародных прасторы і часе. Час успрымаўся ў выглядзе прасторы, якая мела адрэзкі, а прастора — як чаргаванне аб’ектаў (горы, лясы, сонца, мора і да т. п.). Багі, а таксама героі (якім дапамагалі багі) былі здольныя пераадольваць любую адлегласць. Багі жылі па-за часам і былі вечнымі.

Важная асаблівасць элінскай міфалогіі — антрапамарфізм (чалавечы выгляд багоў). Да антрамарфізму прыходзілі ўсе міфалогіі, але ні ў якой іншай не было такой канкрэтнасці і такога крытыцызму ў дачыненні да багоў. Алімпійскія багі ў большасці не былі такімі магутнымі і жорсткімі, як, напрыклад, егіпецкія ці шумерскія божышчы. Архаічныя рысы захаваліся ў міфалогіі элінаў толькі ў выглядзе асобных рэліктаў. І менавіта чалавека паставілі яны ў цэнтр сваёй міфалагічнай сістэмы. Міфалогія грэкаў развівалася галоўным чынам у форме казанняў пра герояў: багам адводзілася цэнтральнае месца ў касмагоніі і тэагоніі, а таксама ў культавых паданнях.

Міф — гэта не казка! Міф узнік і развіваўся раней за казку і іншыя жанры фальклорнай творчасці. Аб’ектам міфаў заўсёды былі прырода і чалавецтва: паходжанне элементаў і з’яў прыроды, грамадскія працэсы. Міфы складваліся ў цыклы, якія адлюстравалі агульнагрэчаскія падзеі — адплыццё арганаўтаў у Калхіду, Калідонскае паляванне, ваенны паход Семярых супраць Фіваў. У міфы старажытныя людзі верылі безагаворачна, бо лічылі іх свяшчэннай гісторыяй свайго народа.

На франтонах грэчаскіх храмаў знаходзіліся выявы бітвы лапіфаў (фесалійскага племені) з кентаўрамі. Людзі з дапамогай багоў перамаглі звярынае варварства. Гэта міфічны погляд на гісторыю культуры. У акропальскім храме Эрэхтэя паказвалі студню з салёнай вадой, а ў храме Афіны — аліву: гэта была першая ў свеце аліва. Удзячныя Афіне за гэты падарунак людзі аддалі ёй перавагу над Пасейдонам (яго дар — салёная вада) у іх спрэчцы за апякунства над горадам. Дакладна ведалі і другую ў свеце аліву: яна расла непадалёк ад Афін у свяшчэнным гаі Акадэма, дзе вучыўся філосаф Платон. Толькі два дрэвы ў свеце былі старэйшыя: свяшчэнная вярба Геры на востраве Самас і свяшчэнны дуб Зеўса ў Дадоне. А пасля дзвюх аліў ішлі лаўр Апалона на востраве Сірас і таполя, пасаджаная ў Аркадзіі царом Менелаем напярэдадні паходу на Трою. Дрэвы ўшаноўваліся: ім прыносілі ахвяры.

Багі былі для старажытнага грэка часткай свету. Як адмаўляць Гестыю, калі яна рэальна знаходзілася ў кожным доме, ахоўвала ачаг? А ўсе лекары мелі сваім родапачынальнікам бога Асклепія. Гара Алімп, на вяршыні якой жылі самыя шанаваныя людзьмі багі, сапраўды знаходзілася ў Фесаліі. Геракл, як і іншыя героі, здзяйсняў свае подзвігі ў гарадах і мясцінах, добра вядомых грэкам, бо яны самі там жылі. Багі адкрывалі сваю волю варажбітам, вызначалі лёс смяротнага. Пасвячоны меў зносіны з багамі падчас містэрый (рэлігійных абрадаў).

Паступова міфы ўключалі ў сябе новыя і новыя людскія веды, новае ўспрыманне навакольнага асяроддзя. Марскія падарожжы, адкрыццё новых зямель і іх каланізацыя, асваенне новых рамёстваў — усё гэта зафіксавалася ў міфалогіі. І ў гэтай сувязі можна канстатаваць: міф — гэта абагульнены вопыт чалавека, праяўлены праз сістэму вобразаў.

Ці варта згадваць, што ў казках апавядалася пра выпадкі з жыцця асобных людзей, а не ўсяго народа або грамадства. Казка свядома прыдумвалася, з загаддзя намечанай мэтай і ідэяй; той, хто яе распавядаў, і той, хто слухаў, добра разумелі казачную выдумку і верылі ёй умоўна. Такім чынам, міф і казка розняцца па лініі — верагоднасць і неверагоднасць. Важная яшчэ адна лінія — сакральнасць (свяшчэннасць, якая адносіцца да рэлігійнага культу) і несакральнасць. Працэс разбурэння міфаў і ўзнікнення казак адбываўся перш за ўсё як дэсакралізацыя міфа і развіццё казачнай выдумкі.

Адметнасцю старажытнагрэчаскай міфалогіі ў параўнанні з міфалогіяй Егіпта ці Месапатаміі з’яўляецца тое, што яна багацейшая за рытуалы. У ХХ ст. склалася школа вучоных-міфолагаў (Дж. Фрэзер, У. Р. Сміт, Дж. Харысан і інш.), якім належыць рытуальная інтэрпрэтацыя міфа: міф і рытуал — гэта неразрыўная еднасць; міф развіўся з рытуалу і г. д. Гэта справяд-ліва ў дачыненні міфаў пра паміраючых і ўваскрасаючых багоў (як Дыяніс у элінаў). Аднак сумніўна, што ўсе міфы ўзыходзяць да абрадавай рэлігіі. Рытуал — гэта перш за ўсё чалавечая практыка, чалавечая эмоцыя, увасобленая ў сацыяльна-значным дзеянні. Міф — не проста практыка і эмоцыя, а вобразнае выяўленне гэтых фактараў у такой форме, дзе не існуе супярэчнасцей паміж увасабленнем і адлюстраваннем (Р. Вей-ман). Эліны валодалі багатай паэтычнай фантазіяй. У той самы час абрад, свята, карнавал ажыўлялі падзеі, пра якія апавядалася ў міфе, перадавалі іх праз магічныя дзействы. А міф, у сваю чаргу, уплываў на рэальнасць праз рытуал.

Галоўная форма існавання міфа — вусная (бо пісьменнасці яшчэ не было). Міф як аповед меў асаблівае значэнне для фармавання славеснага мастацтва. Ён быў галоўнай крыніцай эпасу, але паэтычным творам яго назваць нельга: старажытны міфалагізм меў несвядомы характар, а міфічная фантазія была несвядома паэтычнай, мастацкай. Разам з тым літаратура звязана з міфалогіяй па тыпу творчасці (вобразнасці). Такім чынам, міфалогія ўяўляе сабой сістэму першабытнай духоўнай культуры, сінкрэтычнае адзінства філасофіі, паэзіі, рэлігіі.

У міфе распавядалася пра стварэнне ўсяго існага, пра тое, якім чынам узніклі пэўныя формы паводзін, законы, устанаўленні, працоўныя навыкі і да т. п. Менавіта міф з’яўляецца парадыгмай (грэч. paradeigma — прыклад, узор) усіх значных праяў чалавечых стасункаў.

Новую сутнасць міфа раскрыла псіхааналітычная інтэрпрэтацыя. Згодна з канцэпцыяй К. Юнга, міфы — гэта перш за ўсё псіхічныя з’явы, якія выяўляюць глыбінную сутнасць душы. Агульнасцю чалавечай псіхікі і памяці філосаф абумовіў агульныя матывы і сюжэты, якія пранізваюць усю культуру. Устойлівыя псіхічныя мадэлі, якія несвядома ўзнаўляюцца ў рытуалах, міфах, у мастацкай творчасці, Юнг назваў архетыпамі. Міф — гэта першапачатковая форма жыцця, архетып, які глыбока закладзены ў калектыўнай падсвядомасці і мае псіхалагічную падаснову.

Міфолагі вылучаюць розныя катэгорыі міфаў і перш за ўсё — касмаганічныя (грэч. kosmos — свет, genos — нараджэнне) і тэаганічныя (грэч. theos — бог) міфы. Яны паказваюць працэс стварэння космасу з хаосу і з’яўленне багоў. Для тэакасмаганічнага працэсу міфалогіі грэкаў, як і для ўсіх язычнікаў, характэрны політэізм (мнагабожжа). Гэты працэс цесна звязаны са зменай пакаленняў багоў і канфліктамі паміж імі. Антрапаганічныя (грэч. anthropos — чалавек) міфы распавя-даюць пра паходжанне чалавека, першых людзей, альбо першапродкаў, і з’яўляюцца часткай касмаганічных і тэаганічных міфаў. Эсхаталагічныя (грэч. eschathos — самы апошні, крайні; logos — слова) міфы, якія даюць уяўленне аб «канечных лёсах» чалавецтва і ўсяго свету, не адыгралі якой-небудзь значнай ролі ў міфалогіі грэкаў з іх аптымістычным адчуваннем. Адзіны сю- жэт — пра Дэўкаліёнаў патоп.

Этыялагічныя (грэч. aitia — прычына) міфы тлумачаць перш за ўсё паходжанне розных жывёл і раслін, а таксама мораў, гор, нябесных свяціл і метэаралагічных з’яў, агню, смерці і г. д. З гэтых міфаў мы даведваемся, чаму, напрыклад, адно мора называецца Эгейскім, другое — Іанічным, чаму зялёныя палі эфіопаў ператварыліся ў пустыню, а на востраве Лемнас дзейнічае вулкан.



Гераічныя міфы распавядаюць пра герояў — сыноў і нашчадкаў багоў, фіксуюць найважнейшыя моманты жыццёвага цыкла, будуюцца вакол біяграфіі героя (гераічныя міфы складуць аснову 2-й часткі вучэбнага дапаможніка).

У грэчаскай міфалогіі распаўсюджаны матыў ператварэння смяротных у раслін і жывёлін (напрыклад, міф аб Нарцысе, Дафне, Актэоне). Гэта рысы так званых татэмічных (англ. totem — "яго род") міфаў, заснаваных на веры старажытных людзей у сувязь рода з якой-небудзь жывёлінай ці раслінай. Ахейскае племя, якое жыло ў Фесаліі, звалася мірмідонскім, бо вяло сваё паходжанне ад мурашак (па-грэчаску — мірмекс).



Каляндарныя міфы мадэліруюць цыклічны прыродны працэс. Яны звязаны з аграрнай магіяй, скіраванай на рэгулярную змену пары года. Гэта міфы, прысвечаныя багіні ўрадлівасці Дэметры альбо героям і багам, што паміраюць і ўваскрасаюць, як Адоніс ці Дыяніс. Дэметра і Персефона выступаюць у міфах падобнымі да культурных герояў: яны вучаць людзей земляробству, але гэты матыў адступае на другі план перад аграрным рытуальным комплексам.

Існуюць таксама астральныя, салярныя, лунарныя, блізнячыя міфы. Усіх іх аб’ядноўвае анталагізм.

Фармаванне алімпійскага пантэона адносіцца да мікенскай эпохі грэчаскай гісторыі (XVI — XII ст. да н. Х.). Але міфалогія Элады застаецца парадыгматычнай для ўсяго еўрапейскага культурнага рэгіёну, адной з самых універсальных матрыц быцця. Яна складае падмурак антычнай культуры і з гэтага пункту гледжання таксама працягвае ўплываць на сусветны літаратурны і культурны працэс. Дастаткова назваць такія імёны паэтаў і пісьменнікаў ХХ ст., як Леся Украінка, В. Брусаў, Р. М. Рыльке, М. Багдановіч, Я. Івашкевіч, Ж.-П. Сартр, К. Вольф, Д.Апдайк...

Даўнюю традыцыю ў распрацоўцы вобразаў і матываў грэка-рымскай міфалогіі мае беларуская літаратура. Вобразы антычных багоў і герояў у якасці рэмінісцэнцый прысутнічаюць у лацінамоўнай беларускай паэзіі, пачынальнікам якой быў Я. Вісліцкі (XV — XVI ст.); яны з’яўляюцца пастаянным кампа-нентам паэтыкі вершаў Сімяона Полацкага (XVII ст.), А. Бела-блоцкага (XVII — XVIII ст.) і становяцца асновай сюжэтапабу-довы асобных твораў паэта-лацініста М. Карыцкага (XVIII ст.) і Ф. Князьніна (XVIII — пач. XIX ст.), які пісаў на лацінскай і польскай мовах. Антычная традыцыя не перапыняецца ў творчасці А. Міцкевіча, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, іншых рамантыкаў XIX ст. Значная з’ява ў гісторыі рэцэпцыі класічнай міфалогіі ў беларускай літаратуры — паэмы "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе". Гэтыя сатырычна-парадыйныя творы вызначаюцца спрашчэннем семантыкі міфалагічнага матэрыялу і насычэннем яго зніжана-бытавой тэматыкай, а таксама нацыянальным каларытам. Іранічныя і камічныя інтэрпрэ- тацыі антычных багоў і герояў, зніжэнне высокага і абытаў- ленне гераічнага — істотныя рысы паэтыкі і стылістыкі В. Дуніна-Марцінкевіча.

Своеасаблівым эстэтыка-мастацкім арыенцірам для развіцця беларускай паэзіі ХХ ст. з’явілася творчасць М. Багда-новіча, у якой сучаснае спалучылася з класічным, а нацыянальнае — з сусветным. Шляхам, які быў вызначаны паэтам адносна іншых культур і міфалагічнай спадчыны Элады, пайшлі У. Жылка, У. Дубоўка, Я. Пушча, А. Звонак, Ю. Таўбін, пазней — М. Танк, С. Грахоўскі, У. Караткевіч, іншыя шматлікія мастакі слова. Духоўны крызіс цывілізацыі ў другой палове ХХ ст., смутныя часы, якія мы перажываем напрыканцы гэтага стагоддзя, спарадзілі пільную патрэбу далучыцца да сусветнай культурнай традыцыі, ля вытокаў якой знаходзіцца і еўрапейская антычнасць.

Зварот да міфалагічных вобразаў, сюжэтаў, матываў дазваляе паэтам адысці ад імгненнага ў сферу вечнага і агульначалавечага, філасофскі заглыбіць праблему, інтэлектуа-лізаваць свой твор (такі тып рэцэпцыі ў творчасці У. Караткевіча, А. Разанава, У. Арлова, А. Мінкіна). Разам з тым выкарыстанне міфалагічнага матэрыялу можа спрыяць актуалізацыі сучаснай, у тым ліку палітычнай, праблематыкі (В. Вітка, М. Танк, Л. Дай-нека, В. Шніп). Паэтычным светаўспрыманнем, эстэтызацыяй рэальнага і жыццёвага праз насычэнне мастацкіх структур вобразамі і рэмінісцэнцыямі з антычнай міфалогіі вабяць вершы С. Грахоўскага, А. Русецкага, Л. Дранько-Майсюка, А. Пісьмян-кова. У шчырых, шчымлівых і разам з тым вельмі светлых паэтычных радках Р. Баравіковай і Л. Рублеўскай — імкненне з дапамогай міфалагічных матываў і алюзій асэнсаваць сябе, сваё месца ў свеце.

Беларуская літаратура як рэцыпіент (той, хто ўспрымае, запазычвае) антычнай міфалогіі знаходзіцца ў рэчышчы вядучых тэндэнцый развіцця сусветнай культуры ХХ ст. Адна з гэтых тэндэнцый — арыентацыя на сучаснасць — творча рэалізуецца нашымі паэтамі ў цеснай сувязі з нацыянальнай праблематыкай (лёс Беларусі, Чарнобыль, пагроза знішчэння роднай мовы).

Знаёмства з элінскімі міфамі — гэта далучэнне да вялікіх гуманістычных і эстэтычных каштоўнасцей чалавецтва. Пра гэта згадвае паэт:

Нас раздзяляюць з Грэцыяй вякі,

А мы ўсё ходзім к элінам у госці.

І вучацца у іх нашчадкаў мастакі

Тварэнню вечнай прыгажосці.



У. Клішэвіч ("Грэцыя")

Адправімся ж і мы ў цудоўны свет Элады, такі наіўны і такі гарманічны, дзе думка і пачуццё, радасць і сум, жыццё і смерць, штодзённасць і паэзія выступаюць у непарыўным адзінстве.







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка