Пан езус прыгавораны да смерці




Дата канвертавання15.03.2016
Памер95.96 Kb.
КРЫЖОВЫ ШЛЯХ – МІСТЭРЫЯ
ПРЫПЫНАК І

ПАН ЕЗУС ПРЫГАВОРАНЫ ДА СМЕРЦІ


Знаходжуся ў зале сабранняў Сінедрыону. Цяпер перапынак ў пасяджэнні. Усе неверагодна ўзбуджаныя. Размаўляю з адным з фарысеяў.

  • Чаму пасяджэнне адбываецца ноччу?

  • Гэтага патрабуе грамадская карысць. Мы схапілі Чалавека, які з’яўляецца пагрозай. Хочам Яго як мага хутчэй асудзіць і прыгаварыць.

  • Што такога Ён зрабіў?

  • Абвясціў Сябе Сынам Божым.

  • Гэта злачынства?

  • Так. Гэта вялікае багахульства. Наш найвышэйшы святар павінен быў у знак пратэсту разарваць сваё адзенне.

  • Якая кара пагражае асуджанаму?

  • Найвышэйшая мера пакарання.

  • А гэта не занадта сурова?

  • Гэта яшчэ не ўсе абвінавачанні. Назваў Сябе таксама Царом, што меціць у нашы добрыя адносіны з Рымам. Сведкі таксама сцвярджалі, што чулі, як Ён пагражаў разбурыць святыню, а потым за тры дні яе аднавіць. Мы вырашылі дзейнічаць. Лепш загіне адзін Чалавек, чым будзе пакутаваць усё грамадства.

  • Аднак раней пра Яго гаварылася шмат добрага. Быццам бы Ён аздараўляў хворых, вяртаў зрок сляпым, абвяшчаў Добрую Вестку пра збаўленне. Не зрабіў ніводнага дрэннага ўчынку.

  • Маем добрах шпіёнаў, таму ведалі пра ўсё адразу ж. Натоўпы, якія вакол Яго збіраліся, маглі стаць ачагом бунту. Акрамя таго, абсалютна немагчыма, каб Ён рабіў гэта моцай Божай. Мы, фарысеі, вельмі добра ведаем Святое Пісанне, усе рэлігійныя традыцыі і рэлігійныя прадпісанні. Мы спецыялісты ад Пана Бога. Ён да гэтага не падыходзіць.

Мой суразмоўца спешна адыходзіць, бо праз хвіліну адбудзецца абвяшчэнне прысуду. Стражнік прыспешвае мяне хутчэй пакінуць залу сабранняў. Краем вока бачу задаволеныя твары суддзяў.

ПРЫПЫНАК ІІ

ПАН ЕЗУС БЯРЭ КРЫЖ НА СВАЕ ПЛЕЧЫ
Знаходжуся на падворку палаца Пілата. Рымскія салдаты рыхтуюцца да выканання экзекуцыі. Фарміруецца вялікі атрад для ўстрымання агрэсіўнага натоўпу. Сотнік зрабіў ужо астатнія ўказанні і згаджаецца на хвіліну размовы.


  • Дзе адбудзецца ўкрыжаванне?

  • На вяршыні Галгофы за горадам.

  • Навошта вы прымушаеце Асуджанага несці крыж?

  • Каб Яго больш змучыць. Гэта адпавядае нашым правілам.

  • Але чаму Вы дазволілі сваім салдатам так жорстка здзеквацца з Яго? Усклалі на Яго цярновую карону, плявалі на Яго, білі Яго і высмейвалі.

  • Мае салдаты што дзень маюць справу са злодзеямі і таму не ведаюць літасці.

Сотнік заканчвае размову і вяртаецца да свайго атрада. Бачу тры крыжы. Такім чынам, будзе залічаны ў злачынцы. Адзін з салдатаў загадвае Яму выбірацца са двара.

ПРЫПЫНАК ІІІ

ПАН ЕЗУС ПАДАЕ ПАД КРЫЖАМ
Я на вузенькай вулцы сярод раз’юшанага, разгарачанага натоўпу. Хтосьці прыціскае мяне локцем да сцяны. Страчваю з позірку галаву Асуджанага. Якісьці дужы, але, на шчасце, спакойны чалавек засланяе мне від. Набіраюся адвагі, каб яго зачапіць.


  • Вы што-небудзь бачыце?

  • Паваліўся, таму нічога не відаць.

  • Хто-небудзь можа дапамагчы Яму ўстаць?

  • Добразычлівыя пахаваліся. Баяцца, каб да іх не паставіліся так, як да Яго. Але, відаць, сам устаў.

Натоўп захваляваўся і павольна пачынае рухацца. Высокі мужчына аддаляецца, зручна праторваючы сабе праход. Толькі яго галава яшчэ некаторы час бачна над натоўпам, яна перасоўваецца ўвесь час на той жа самай, не заблізкай, але і не занадта вялікай, адлегласці ад – цяпер таксама бачнай – перакладзіны Крыжа.

ПРЫПЫНАК IV

ПАН ЕЗУС СУСТРАКАЕ СВАЮ МАЦІ
Пачынаецца спякота і натоўп цяпер як быццам бы троху спакайнейшы. Мне ўдаецца падысці да групкі, якая ідзе каля самых салдатаў. Іду за дзвюма жанчынамі. Адна з іх заўважае магчымасць наблізіцца да Асуджанага і амаль знікае з маіх вачэй. Падыходжу да другой.


  • Вы не ведаеце тую жанчыну, якая размаўляе з Ім?

  • Гэта Яго Маці.

  • Выглядае як прыстойная Жанчына.

  • Гэта так дзіўна?

  • Здаецца, паходзяць з Назарэта, а ці можа быць штось добрае з таго горада?

  • Як відаць, можа. Але Ён нарадзіўся не ў Назарэце, а ў Віфлееме, горадзе цара Давіда.

  • Ці кахаў Сваю Маці?

  • Вельмі. Ёна Сам ёсць Любоў.

  • Аднак пакінуў Яе, каб вандраваць па краіне.

  • Ніколі Яе не пакідаў, бо іх заўсёды лучыла самая глыбокая сувязь, і цяпер, у гэтыя цяжкія хвіліны яны таксама разам.

  • Што Вы маглі б пра Яе сказаць?

  • Толькі адно: хацела б, каб Яна была таксама маёй Маці.

ПРЫПЫНАК V

СЫМОН З КІРЭНЕІ ДАПАМАГАЕ ПАНУ ЕЗУСУ НЕСЦІ КРЫЖ
Праціскаюся яшчэ бліжэй да салдатаў. Гэта досыць вялікі атрад, які замыкае картэж асуджаных. Мне ўдаецца пачуць фрагмент іх размовы. Яны баяцца, што Асуджаны можа не дайсці ўласнымі сіламі да вызначанага месца. Гавораць, што, напэўна, трэба будзе прымусіць кагосьці дапамагчы. Салдат, які ідзе каля мяне, пачынае аглядаць натоўп і на хвіліну накіроўвае позірк на мяне. Карыстаюся гэтым, каб задаць пытанне.


  • Ці нельга проста прапанаваць гэта людзям? Можа, хтосьці сам згадзіўся б дапамагчы?

  • На такую дапамогу няма ахвотнікаў.

  • Чаму?

  • Ніхто не хоча па ўласнаму жаданню несці крыж.

Яго позірк на кімсьці затрымліваецца, і твар набывае выраз задавальнення. Прабягаю вачыма той бок. Бачу плячыстага, апранутага ў вясковае адзенне мужчыну, які ідзе з боку ўзгоркаў. Яшчэ не разумее прычыны зборышча. Да яго набліжаюцца два салдаты і амаль груба вядуць яго да вязня. Страчваю іх з вачэй. Натоўп, які на хвіліну прыпыніўся, зноў рухаецца далей.

ПРЫПЫНАК VІ

СВЯТАЯ ВЕРАНІКА ВЫЦІРАЕ ТВАР ПАНУ ЕЗУСУ
Адбылося невялікае замяшальніцтва. Пакуль не разумею, у чым справа. Бачу ўзрух у групе людзей, якая знаходзіцца не перада мной, а бліжэй да Асуджанага. Здаецца, штосьці адзін аднаму паказваюць ці перадаюць з рук у рукі. Я не ўпэўнена, але хіба пачула слова “цуд”. Звяртаюся да жанчыны, якая, як і я, выцягвае шыю.


  • Ці здарылася што-небудзь?

  • Я бачыла! Толькі хвіліну, але бачыла!

  • Што Вы бачылі?

  • Хустку Веранікі!

  • А хто гэта, Вераніка?

  • Гэта стрыечная сястра жонкі майго брата.

  • Што сталася з яе хусткай?

  • Выцерла ёй твар Настаўніка, і Яго твар адлюстраваўся на хустцы!

  • Твары не адлюстроўваюцца на хустках, нават калі іх імі выціраем. Гэта, напэўна, былі палосы поту і крыві, што цячэ з-пад цярновай кароны.

  • Гэта быў Яго твар! Ведаю яго, бо калісьці Ён паглядзеў на мяне, калі дакранулася да яго плашча. Ён тады мяне аздаравіў.

  • Вы яшчэ бачыце яго?

  • Не. Вераніка схавала хустку і выслізнула. Думаю, потым пайду да яе і будзем маліцца перад гэтым абліччам.

  • Жанчына хутка аддаляецца і знікае ў натоўпе.

ПРЫПЫНАК VІІ

ПАН ЕЗУС ПАДАЕ ДРУГІ РАЗ


Мы ўжо за горадам. Ані шматка ценю, а спёка зрабілася жахлівай. Сонца пячэ зусім, як летам. Спыняемся. Пердада мной мужчына на хвіліну ўзняў сваю дачку.

  • Што, зноў хтосьці выцер Яму твар, а Ён здзейсніў новы цуд?

  • Не. Ён зваліўся.

  • А памочнік?

  • Калі б не памочнік, крыж, напэўна б, прыдавіў Яго.

  • Ці дапамагае хоць Яму ўстаць?

  • Так, дапамагае, але вельмі цяжка гэта ім удаецца.

  • Але чаму зваліўся?

  • Напэўна, вунь тыя кідалі ў Яго камяні.

Цяпер бачу групу падлеткаў і маладых мужчынаў з цынічнымі, хулігаскімі тварамі. Яны смяюцца і выкрыкваюць вульгарныя словы. Шмат людзей з натоўпу паддаецца іх прыкладу, кідаючы абразы і грубыя жарты. Становіцца горача. Не толькі ад спякоты.

ПРЫПЫНАК VІІІ

ПАН ЕЗУС СУЦЯШАЕ ЖАНЧЫН, ЯКІЯ ПЛАЧУЦЬ ПА ІМ
Частка жанчын выразна ўражаная агрэсіўнасцю натоўпу і бездапаможнасцю Асуджанага. Яны спрабуюць праціснуцца да Яго, каб паказаць Яму сваё суперажыванне, лямантуючы і прычытаючы. Раптам змоўкваюць. Можа быць, размаўляюць з Ім. Картэж перамяшчаецца наперад, у той час як яны застаюцца ўвесь час на месцы. Праз хвіліну знаходжуся тут, каля іх.


  • Ці размаўляў з вамі Асуджаны?

  • Так, звярнуўся да нас.

  • Ён гаварыў пра тое, як моцна пакутуе?

  • Не. Ён перажываў за нас. Гаварыў, што прыйдуць цяжкія часы.

  • Што гэта значыць?

  • Што нам можа быць горш, чым цяпер Яму. Непакоіўся пра нас і пра нашых дзяцей.

  • Цяпер жанчыны размаўляюць паміж сабой сцішаным голасам, разважаючы пра словы Назараніна. Абмінаю іх і іду далей.

ПРЫПЫНАК ІХ

ПАН ЕЗУС ПАДАЕ ТРЭЦІ РАЗ
Мы ўжо на палове шляху да вяршыні Галгофы. Салдаты троху запавольваюць крок, і я на момант бачу постаць Асуджанага. Ён нізка схілены, ідзе з апошнімі сіламі. Яго доўгае адзенне перашкаджае Яму рухацца маршам угару. Страчваю Яго з вачэй, і менавіта ў гэтую хвіліну Крыж, бачны над галовамі, падае дзесьці ў натоўп. Звяртаюся да асобы перада мной.


  • Зноў упаў?

  • Так, але вельмі доўга не ўстае.

  • Можа, Ён знясілены бічаваннем і дарогай?

  • Думаю, што нават калі б быў злачынцам, выклікаў бы спагаду.

Стаім яшчэ досыць доўга. Мой суразмоўца некалькі разоў выцірае пот з ілба. Раблю па яго прыкладу.

ПРЫПЫНАК Х

З ПАНА ЕЗУСА ЗДЫМАЮЦЬ АДЗЕННЕ
Картэж затрымліваецца на вяршыні. Ідучы ўвесь час блізка каля салдат, маю даволі доброую магчымасць усё бачыць. На жаль, мне не ўдаецца ўбачыць твара ці хаця б постаці Назараніна. Камандзір дае ўказанні некаторым салдатам, іншыя застаюцца на сваіх месцах. Размаўляю з адным з іх.


  • Якая цяпер працэдура?

  • У асуджаных адбіраецца адзенне, іх укладваюць на бэльках крыжоў і прыбіваюць, а потым крыжы ставяцца ў вертыкальнай пазіцыі ў спецыяльных паглыбленнях.

  • Што робіцца з убраннем? Ці аддаецца яна сем’ям?

  • Няма такога прадпісання. Звычайна дзелім адзенне між сабой, і, спадзяюся, мне таксама штосьці дастанецца. У мінулым годзе адзін асуджаны меў у кішэнях залатыя манеты, так што я нядрэнна нажыўся.

  • Вы бачыце, хто атрымаў адзенне Настаўніка з Назарэта?

  • Так, Яго адзенне ўжо падзелена паміж маімі таварышамі. Але не ўсё. Туніку немагчыма падзяліць, будзем, напэўна, кідаць жэрабя, каму яна павінна дастацца.

Салдат спешна адыходзіць. На яго твары выразна бачна хцівасць.

ПРЫПЫНАК ХІ

ПАН ЕЗУС ПРЫБІТЫ ДА КРЫЖА
Чуюцца ўдары малатка па доўгіх, тоўстых цвіках. Каля мяне якісьці чалавек плача, спрабуючы гэта скрыць. Мне здаецца, што гэта той самы мужчына, які ішоў, стараючыся не быць занадта блізка ад салдат. Паспрабую зноў з ім паразмаўляць.


  • Вы што-небудзь бачыце?

  • Не бачу, але хопіць таго, што чую. Гэты гук разрывае мне сэрца.

  • Многія, так як і Вы, думаюць, што Ён не заслужыў такой кары.

  • Гэта за нашы грахі Ён пакутуе. Прадказваў гэта раней, але мы Яму не верылі.

  • Аднак шмат ёсць задаволеных. Кпяць з Яго, гаворачы, каб сышоў з Крыжа.

  • Не думаю, што я намнога лепшы, чым яны. Яшчэ ўчора хваліўся, што гатовы аддаць за Яго жыццё, а сёння са страху тры разы адмовіўся, што ведаю Яго, і трымаюся здалёку.

Водгукі ўдараў замаўкаюць. Крыжы ўстаноўлены. Сэрцы ўздрыгнулі.

ПРЫПЫНАК ХІІ

ПАН ЕЗУС ПАМІРАЕ НА КРЫЖЫ
Хаця цяпер яшчэ толькі сярэдзіна дня, на здзіўленне, зрабілася вельмі цёмна, як быццам змрок ахінуў усю зямлю. Мінаюць гадзіны. Людзі замаўчалі, чуецца піск перапужаных птушак. Езус з Назарэта, пераўзмагаючы вялікі боль і недахоп паветра, спрабуе размаўляць з асобамі, што акаляюць Яго. Каля мяне якісьці малады чалавек шэптам паўтарае сабе Яго словы.


  • Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць...

  • Сапраўды, кажу табе: сёння будзеш са Мной у раі...

  • Жанчына, гэта сын Твой... Гэта Маці твая...

  • Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?..

  • Прагну... Здзейснілася...

  • Ойча, у Твае рукі давяраю Дух Мой...

ПРЫПЫНАК ХІІІ

ПАН ЕЗУС ЗНЯТЫ З КРЫЖА
Аказваецца, Настаўнік таксама меў сяброў сярод вучоных. Вось адзін з іх дапамагае жанчынам зняць Яго цела з Крыжа. Бачу, як потым ён падыходзіць да сотніка, паказваючы якісьці дакумент. Цяпер набліжаецца да іншага вучонага, які стаіць каля мяне і трымае посуд з пахавальнымі алеямі. Прыглушаным голасам завязваю з імі размову.


  • Той дакумент датычыў згоды на пахаванне цела?

  • Так. У мяне недалёка, у садзе, ёсць свая пахавальня, і хачу ахвяраваць яе Езусу з Назарэта.

  • Як я разумею, пахавальня новая?

  • Канешне. І будзе прызначана толькі Яму. Ведаю таксама, што Пілат ужо прызначыў стражу сачыць за гробам, а таксама загадаў запячатаць яго.

  • З якой нагоды?

  • Баіцца, што вучні Езуса вынесуць Яго цела, а потым скажуць, што Ён уваскрос. Пілату ўжо не хапае прыдзвінутага каменя, каб зрушыць які патрэбны не менш, як дванаццаць мужчынаў.

Пад час нашай размовы Маці Памерлага трымае Яго на каленях. Уся Яе постаць сцятая болем, але ў Ёй не бачна пратэсту. Марыя з Назарэта дазваляе, каб Яе Сын перажыў Свой лёс.

ПРЫПЫНАК ХІV

ПАН ЕЗУС ПАКЛАДЗЕНЫ Ў ГРОБ
Тут, пры гробе, нас – акрамя шматлікай стражы – невялікая групка. Ужо позна, праз некаторы час пачанецца свята Пасхі. Малады чалавек, які перад тым стаяў пад Крыжам, тут каля Марыі гаворыць, што Настаўнік учора ўжо з’еў са Сваімі вучнямі пасхальную вячэру. Я падтрымліваю тэму.


  • Навошта?

  • Ведаў, што памрэ, і хацеў развітацца з намі. Мы не вельмі ў гэта верылі, але адчувалі, што гэта вячэра асаблівая. Спачатку вымыў усім нам ногі, а потым, ламаючы нам хлеб, сказаў, што гэта Яго Цела, даючы ж віно – што гэта Яго Кроў.

  • Можа, хацеў пакінуць гэты жэст як напамін пра Сябе?

  • Думаю, што не толькі як напамін. Ён, напэўна, хацеў нам сказаць, што якімсьці чынам застанецца з намі назаўсёды. Яшчэ не разумею гэтага, і гэта мяне вельмі засмучае.

Я таксама павінна сабе прызнацца, што, нягледзячы на столькі праведзеных размоў, нямнога яшчэ ведаю пра Езуса з Назарэта. Тое, што ўжо ведаю, вядзе мяне ў невядомыя абшары, і я шкадую, што мне не дадзена было сустрэць Яго раней.

Заканчваю рэпартаж, развітваючыся з жанчынамі схіленнем галавы. Чую яшчэ, як дамаўляюцца, што пасля шабату пойдуць у пахавальню памазаць Цела. Толькі хто ім адсуне камень...








База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка