Палітыка-прававыя погляды (ідэі) платона, арыстоцеля, цыцэрона, адлюстраваныя ў статуце вкл 1566 Г. Д. С. Жук




Дата канвертавання19.03.2016
Памер63.12 Kb.
ПАЛІТЫКА-ПРАВАВЫЯ ПОГЛЯДЫ (ІДЭІ) ПЛАТОНА, АРЫСТОЦЕЛЯ, ЦЫЦЭРОНА, АДЛЮСТРАВАНЫЯ Ў СТАТУЦЕ ВКЛ 1566 Г.
Д.С. Жук
Уплыў гісторыка-прававой і палітычнай спадчыны антычных мысліцеляў зведала на сабе палітыка-прававая думка эпохі Адраджэння шэрагу еўрапейскіх краін. Не стала выключэннем і Вялікае Княства Літоўскае. Палітыка-прававыя погляды (ідэі) Платона, Арыстоцеля і Цыцэрона знайшлі сваё ўвасабленне ў нормах Статута ВКЛ 1566 г.

Падкрэсліваючы ўсю важнасць і прыярытэтнасць абароны дзяржавы, захавання яе незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і годнасці Платон піша: «…наши стражи должны отбросить все остальные занятия и заниматься лишь охраной свободы государства – самым тщательным образом и не отвлекаясь ничем посторонним» [7, с. 395]. Аб важнасці абароны дзяржавы гаворыцца ў арт. 3 другога раздзела Статута ВКЛ 1566 г., які не дазваляе ні вялікаму князю, ні гетману вызваляць ваеннаабавязаных асоб ад воінскай службы, за выключэннем толькі тых асоб, якія знаходзяцца на іншай дзяржаўнай службе.

У Платона ёсць некалькі фармулёвак справядлівасці: «...справедливость сама по себе есть нечто наилучшее, для самой души и что душа должна поступать по справедливости...» [7, с. 612] або «…справедливость состоит в том, чтобы каждый имел свое и исполнял тоже свое» [7, с. 433]. Платон надае справядлівасці шмат увагі, таму што яна вызначае прыроду і якасці шэрага паняццяў яго філасофіі, у тым ліку і закона.

У сваю чаргу Арыстоцель лічыў, што «паняцце справядлівасці звязана з уяўленнем аб дзяржаве, бо права, што служыць крытэрыем справядлівасці, з’яўляецца рэгулятыўнай нормай палітычнага супольнага жыцця» [4, с. 196].

У Статуце ВКЛ 1566 г. таксама шмат у якіх артыкулах робіцца акцэнт на справядлівасць як аснову закона і дзяржавы. Асабліва гэта прасочваецца ў тых артыкулах, якія рэгулююць парадак адпраўленне правасуддзя. Напрыклад, у артыкуле 39 трэцяга раздзела напісана: «обецуемъ… ижъ мы Господаръ, и панове рада наши маемъ кождому стану всимъ заровно однакую справедливость чинить безъ отволоки…» [9, с. 61]. Тое ж самае сустракаецца ў прысягах суддзі, падсудка, земскага пісара (Статут 1566, Р. ІV, арт. 1).

На думку Цыцэрона, гасудар павінен з’яўляцца гарантам справядлівасці і законнасці: «правитель государства должен быть выдающимся и ученейшим мужем; при этом он должен быть и мудрым, и справедливым, и воздержным, и красноречивым, дабы ему было легко своей непринужденной речью проявлять скрытые качества своего духа и править плебсом. Он также должен быть сведущим в праве…» [11, с. 76]. Падобныя думкі знайшлі адлюстраванне ў Статуце ВКЛ 1566 г., многія артыкулы якога пачынаюцца са слоў «мы, господаръ», дзе далей ён пазіцыянуецца як гарант выканання прававых нормаў (Статут 1566. Р. І, арт. 1, Р. ІІІ, арт. 1, 2, 4 і інш.).

Платон лічыў закон найвялікшай карысцю: «…закон ставит своей целью не благоденствие одного какого-нибудь слоя населения, но благо всего государства. То убеждением, то силой обеспечивает он сплоченность всех Граждан, делая так, чтобы они были друг другу взаимно Полезны в той мере, в какой они вообще могут быть полезны для всего общества» [7, с. 519]. Антычны мысліцель таксама называў закон саюзнікам усіх грамадзян: «…и закон, поскольку он союзник всех граждан государства…» [7, с. 590]. Фактычна ён абвяшчаў прынцып роўнасці ўсіх грамадзян перад законам.

Дадзены прынцып у Арыстоцеля раскрываецца праз думку аб тым, што закон вышэй за ўсіх правіцеляў: «…ибо порядок и есть закон. Поэтому предпочтительнее, чтобы властвовал закон, а не кто-либо один из среды граждан… Закон – это свободный от безотчетных позывов разум» [1, с. 481].

Паводле Статута ВКЛ 1566 г., суддзя, падсудак і пісар перад тым як прыступіць да выканання сваіх абавязкаў, павінны былі даць клятву, у якой абяцалі судзіць «…не фолкгуючи высокимъ и подлымъ станом, на достойностяхъ и на врядехъ седячимъ, на богатого ани на вбогого, на пріятеля кровного заховалаго, ани на непріятеля, на тутошнего, не на гостя не смотречи, не съ пріязни не зъ вазни не зъ боязни не за посулы и дары, ани сподеваючися на потомъ дарованъя и якого нагороженья, и не радечи стороне, а ни боячися казни помсты и погрозокъ, але самого Бога и его светую справедливость и право посполитое и сумненье свое передъ очима маючи...» [9, с. 63] (Статут 1566. Р. IV, арт. 1). Паколькі ў дакуменце ўтрымліваецца абяцанне «судити и справовати» адным правам у адносінах да ўсіх «станов», то гэта і ёсць праява роўнасці ўсіх перад законам, а таксама ўвасабленне ідэі справядлівасці.

Рускі гісторык І.І. Лапо ў сваіх даследаваннях па гісторыі стварэння Статутаў ВКЛ таксама акцэнтаваў увагу на ўплыве палітыка-прававых ідэй антычных мысліцеляў на заканадаўства ВКЛ другой паловы XVI ст. Яму прадстаўлялася, што тэарэтычная пабудова дзяржавы ў эпоху распрацоўкі Статута ВКЛ 1566 г. у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе зыходзіла з вучэнняў, завешчаных антычным светам. Па яго меркаванню, Арыстоцель і Цыцэрон з’яўляліся беспярэчнымі аўтарытэтамі ў гэтай вобласці еўрапейскай думкі [5, с. 213]. Навукоўца нават сцвярджаў, што складальнікі праекта Статута ВКЛ 1566 г. змясцілі ў арт. 1 першага раздзелу палажэнне аб тым, што “ўсе ў ВКЛ адным правам пісаным судзіцца павінны” менавіта таму, што яны хацелі зусім вызначана ўказаць манарху, што ён павінен правіць выключна на аснове пісанага закону. Таксама звязваў ён гэта яшчэ і з тым, што добра вядомыя членам статутнай камісіі погляды Арыстоцеля і Цыцэрона аб значэнні закона для дзяржавы і манарха, патрабавалі пачаць увесь складаемы імі звод законаў ВКЛ менавіта артыкулам з такім зместам [5, с. 155].

Айчынны гісторык С.А. Падокшын істотную ролю ў фарміраванні элементаў юрыдычнага светапогляду, новай правасвядомасці і думкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. адводзіў этыка-палітычным вучэнням Платона, Арыстоцеля, Цыцэрона, якія, на яго думку, гуманістычна пераасэнсоўваліся і актуалізаваліся беларускімі філосафамі і правазнаўцамі [10, с. 12].

Да іх ліку можна аднесці А. Валовіча і А. Ратундуса, якія прымалі ўдзел у распрацоўцы Статута ВКЛ 1566 г., выкарыстоўваючы пры гэтым палітыка-прававыя і філасофскія ідэі антычных мысліцеляў. На гэта ўказваюць наступныя факты: 1) погляды А. Валовіча, якія цесна пераклікаліся з ідэямі Платона, Арыстоцеля, Цыцэрона (напрыклад, наконт тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці дзяржавы); 2) шматлікія спасылкі А. Ратундуса на антычных аўтараў (сем на Платона [13, s. 40, 56, 61, 62], пяць на Арыстоцеля [13, s. 23, 35, 52, 61, 63] і дванаццаць на Цыцэрона [13, s. 13, 14–15, 37, 43, 60, 63]) у прыпісываемым яму аналітыка-публіцыстычным трактаце дзяржаўна-палітычнай праблематыкі «Размова паляка з літвінам аб вольнасці і аб няволі» (1564); 3) веданне і актыўнае выкарыстанне А. Ратундусам у справаводстве дзяржавы лацінскай мовы (І.І. Лапо ўказваў на вучонасць А. Ратундуса і цудоўнае веданне ім «латинскаго языка, котораго онъ, въ ту эпоху расцвета классической латыни, былъ выдающимся знатокомъ и стилистомъ» [5, с. 62]); 4) распаўсюджанасць антычнай літаратуры на тэрыторыі ВКЛ у XVI ст. [4, с. 631; 10, с. 460, 541]; 5) факт навучання А. Валовіча ў адным з заходнееўрапейскіх універсітэтаў [2, с. 84; 6, с. 61; 8, с. 5], А. Ратундуса ў Вітэнбергскім, Падуанскім і іншых універсітэтах [3, с. 510; 12, с. 114], якія ў XVI ст. зведалі на сабе моцны ўплыў тэндэнцый эпохі Адраджэння, адной з якіх з’яўляўся актыўны зварот (вывучэнне, пераасэнсаванне, выкарыстанне ў палітычных, прававых, філасофскіх тэорыях, канцэпцыях і інш.) да антычнай палітыка-прававой і філасофскай спадчыны.

Прааналізаваўшы погляды мысліцеляў эпохі Антычнасці, можна зрабіць выснову, што палажэнні іх работ і нормы Статута маюць шмат агульнага. Перадавыя розумы эпохі Адраджэння, заканадаўцы і дзяржаўныя дзеячы перапрацавалі ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснай ім дзяржавы спадчыну Платона, Арыстоцеля, Цыцэрона і выкарысталі яго пры складанні Статута ВКЛ 1566 г. Задача цяперашняга пакалення – захоўваць, шанаваць і памнажаць гісторыка-прававую спадчыну асветнікаў свайго часу. Палітыка-прававыя ідэі, выказаныя антычнымі мысліцелямі і замацаваныя ў Статуце ВКЛ 1566 г., мелі прагрэсіўны характар. Яны і сёння застаюцца актуальнымі і запатрабаванымі сучаснай прававой навукай.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1. Аристотель : сочинения : в 4-х т. / под общ. ред. А.И. Доватура. – М. : Мысль, 1975 – 1983. – Т. 4. – 1983. – 830 с.

2. Асветнікі зямлі Беларускай : энцыкл. даведнік / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – 496 с.

3. Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя ў 2 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2005–2006. – Т. 2: Кадэцкі корпус – Яцкевіч / Г.П. Пашкоў [і інш.]. – 2006. – 792 с.: іл.

4. Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі : у 6 т. пад рэд. С.І. Санько [і інш.] – Мінск : Беларуская навука, 2008–2010. – Т. 2: Протарэнесанс і Адраджэнне / С.І. Санько [і інш.] – 2010. – 840 с.

5. Лаппо, И.И. Литовский Статут 1588 года / И.И. Лаппо. – Т. 1, Исследование Ч. 1. – Каунас : Spindulio, 1934 – 473 с.

6. Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. даведнік / рэдкал. : Б.І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1995. – 671 с.: іл.

7. Платон : сочинения : в 3 т. / под общ. ред. А.Ф. Лосева и В.Ф. Асмуса. – М. : Мысль, 1968–1972. – Т. 3, ч. 1. – 1971. – 687 с.

8. Саверчанка, I.В. Астафей Валовіч: гіст.-біягр. нарыс / I.В. Саверчанка. – Мінск : [б. в.], 1992. – 92, [2] с.

9. Статут Великого Княжества Литовского 1566 года : предисловие И. Беляева. – М. : издание Императорского Московского общества истории и древностей российских, 1855?. – [4], 242 с.

10. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 : Тэксты. Даведнік. Каментарыі / рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелСЭ. – 1989. – 573 с.

11. Цицерон, М.Т. Диалоги / редкол.: И.Н. Веселовский (гл. ред.) [и др.]. – М. : Наука, 1994. – 223 с.



12. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993–2003. – Т. 6, Кн. 1: Пузыны – Усая / Г.П. Пашкоў [і інш.]. – 2001. – 591 с.: іл.

13. Rotundus, A. Rozmowa Polaka z Litwinem (1564) / wydał Dr. J. Korzeniowski. – Kraków : Drukarnia Uniwersytetu Jagiellońskiego, 1890. – VIII, 91 s.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка