Паланізмы ў творах беларускай драматургіі XVIII ст




Дата канвертавання15.03.2016
Памер80.95 Kb.
Галіна Ціванова, Мінск.
Паланізмы ў творах беларускай драматургіі XVIII ст.
XVIII ст.– пераломны этап ў гісторыі беларускай мовы. Старабеларуская літаратурная мова, якую тагачасныя жыхары Вялікага княства Літоўскага называлі “рускай”, у 1696г. была афіцыйна забаронена для ўжывання ў дзяржаўным справаводстве1. Польская мова набыла статус дзяржаўнай на ўсім абшары Рэчы Паспалітай.Аднак яшчэ на працягу нейкага часу старабеларускай літаратурнай мовай працягвалі карыстацца. Вядома, што апошняя друкаваная кніга на ёй “Собраніе припадковъ краткое и духовнымъ особомъ потребное” была выдадзена ў Супраслі ў 1722г. І ўсё ж беларуская мова паступова выцяснялася ў паўсядзённую побытавую сферу. Адам Мальдзіс слушна даводзіць, што ўсе тагачасныя жыхары Вялікага княства Літоўскага “добра ведалі беларускую мову–і старажытную, кніжную, і гутарковую, на якой размаўлялі сяляне”2. Праўда, стаўленне да яе было розным: і паважлівым, і абыякавым, і грэблівым.

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795гг.) Беларусь апынулася пад уладай Расійскай імперыі. Афіцыйнай мовай становіцца руская. Аднак “царскі ўрад з агульнапалітычных меркаванняў павінен быў быць вельмі асцярожным у сваёй аб'яднаўчай палітыцы і часова пакідаць у недатыкальнасці самакіраванне вобласцей, выкарыстанне мясцовай (г. зн. польскай – Г.Ц.) мовы ў судзе і адміністрацыі”3. Беларуская ж мова – мова карэннага насельніцтва – нейкі час застаецца па-за ўвагай уладаў. Абмежаваная ў выкарыстанні, яна набывае мастацкую апрацоўку толькі ў фальклорных творах, а таксама ў літаратуры “нізкіх” жанраў: камедыях, інтэрмедыях, інтэрлюдыях.

У тэатрах паміж актамі сур'ёзнай драмы дзеля пацехі гледачоў паказваліся невялікія па памеры сцэнкі. Аб'ектам гумару ў іх былі простыя сяляне, пазначаныя ў спісе дзеючых асоб як безыменныя ліцвін, мужык, хлоп. Часам – цёмныя, забітыя, нават дуркаватыя, часам – хітраватыя спрытнюгі. Выключэннем з'яўляецца толькі “Камедыя” Каятана Марашэўскага – паўнакроўны драматычны твор, дзе па-беларуску гавораць галоўныя героі: Дзёмка і жыд.

Усе беларускія драматычныя творы XVIIIст. неаднародныя па мове: побач з беларускамоўнымі дзейнічаюць героі, што гавораць па-польску, па-руску, часам заўважаецца яўрэйскі, украінскі акцэнт.

Аўтарскія рэмаркі падаюцца на лацінскай, польскай або рускай мовах. Большасць твораў напісана лацінкай польскай мадыфікацыі, але ў інтэрмедыях Смаленскай семінарыі, а таксама ў інтэрлюдыях, напісаных выхадцамі з Кіева-Магілянскай акадэміі,выкарыстоўваецца кірыліца. Пры гэтым беларускія фанетычныя асаблівасці паслядоўней перадаюцца менавіта ў тэкстах, напісаных лацінкай. Бо, як слушна адзначаў Я.Ф.Карскі, выкарыстанне чужой графічнай сістэмы арыентуе аўтара на свядомае прымяненне фанетычнага прынцыпу правапісу 4. Але менавіта ў гэтых тэкстах адзначаюцца графічныя паланізмы.

Так, звароткі ў тэксце інтэрмедыі “Вакханалія” часта перадаюцца польскімі скарочанымі абазначэннямі: Szczo wy żartuiecie PP (Вакх., 20) – панове; WPP(Васіль – Г.Ц.) Durnym sia czynić (Вакх., 27) – васпанства. Механічным перанясеннем польскага графічнага прыёма з'яўляецца таксама напісанне зваротных дзеясловаў у “Камедыі” Марашэўскага: spadziewajusię, dziulusię (М., 18-б). Цікава, што такім напісанням аддаваў перавагу толькі перапісчык пачатку тэксту, ды і то непаслядоўна: Dzierżysie Dziemidzie, dzierżsię nieboże (М., 18-б). Другі ж перапісчык у такіх выпадках арыентуецца на народнае вымаўленне: zmaryusia, zapazniusia (М., 23-б). Аналогіяй з польскай арфаграфіяй тлумачыцца і памылковае напісанне прыназоўніка пры-: szeleha przy duszy nie maiu (М., 14), а таксама канцавое ł ў дзеясловах прошлага часу: nie potierał (Пр. рус., 15), pozwolił (Пр. рус., 16). Усе пералічаныя з'явы незалежна ад частотнасці іх фіксацыі не былі абавязковымі: у арсенале аўтараў меліся сродкі для больш дакладнай перадачы асаблівасцей вымаўлення.

Калі ж гаварыць пра пераемнасць польскіх графічных прыёмаў, то неабходна адзначыць спосаб перадачы галоснага [о] пасля мяккіх зычных у кірылічных рукапісах. Згадаем, што літары ё ў тыя часы яшчэ не было і пісцы сталі ўжываць дыграф іо, дзе першая літара, як і ў польскай графіцы, перадае мяккасць папярэдняга зычнага: поидзіом, всіо (Інт., 99-б), бабіонка (См., 66-б), з маскаліовъ (См., 67).

Фанетычныя паланізмы зафіксаваны ў творах, што ўзніклі ў заходніх рэгіёнах Беларусі5. Так, героі “Вакханаліі” спарадычна ўжываюць насавыя галосныя, але перапісчык не выкарыстоўвае для іх перадачы спецыяльных літар: u ton czas; byu ton paradak uczora (В., 23), każu ciabie słuhom maim padziełać (В., 23) – польск. sługą. Адзначаны таксама і акцэнтуальныя паланізмы: sosnu (М.,14) – сасну, ani (не можа – Г.Ц.) rabotu robić (Ц.,86) – рабіць і інш.

Сярод граматычных формаў таксама выяўлены асобныя паланізмы. Такімі з'яўляюцца назоўнікі мужчынскага роду з цвёрдай асновай, што ў творным склоне адзіночнага ліку ўжыты з канчаткам -ем: pered Bohem (Пр. рус., 16), z Iwanem (Вакх., 23), z djabłem (М.,17), z rodem (М., 17-б). Граматычным паланізмам з'яўляецца і канчатак –е назоўніка людзі ў назоўным склоне: heto ludzie tonuć (Вакх., 20)6. Аналогіяй з польскай мовай можа быць растлумачаны ненаціскны канчатак –ее ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку прыметніка ніякага роду : (wino Г.Ц.) kisłeie (Вакх., 23). Усе пералічаныя асаблівасці з'яўляюцца рэдкаўжывальнымі і не складаюць граматычнай нормы ў аналізуемых помніках.

У сістэме дзеяслова польскім уплывам абумоўлена свабоднае месца зваротнай часціцы ся (sia, sie, się), а таксама наяўнасць формаў умоўнага ладу, дзе часціца бы (б) ужываецца перад зваротнай часціцай: ab siermiahu tahdy by nie kłapacili by sie (М.,14), adrok by sie i zakładu (М., 17), adrok by sia użo y sto rubley (М., 26). Аналагічных прыкладаў адзначана шмат, таму мажліва меркаванне, што гэтыя граматычныя паланізмы былі засвоены жывой беларускай гаворкай XVIII стагоддзя.

Найбольш выразна польскі ўплыў праявіўся ў лексічным складзе помнікаў. Асабліва ў тэкстах, пісаных лацінкай: вчворнасоб – польск. wczwornasob “чатыры разы”: addam ia tabie za swaio wczwornasob (Вакх., 23); встыдно – польск. wstydno “сорамна”: jak siermiaszka zdzieretca …nieatkul uziać a horsz szto nie za szto kupić … i wstydno (М.,14); вшэлякі – польск. wszelaki “розны, усякі”: …wymałacić wszelakoho zboża (Вакх.,21); змысляць – польск. zmyślać “выдумляць”: durnatu zmyslaie (Вакх., 24); ніж – польск. niż “чым, як”: bolsz kłopatu niż picia (М.,15-б); піўніца – польск. piwnica “склеп”: uziali na muki y wsadyli w piwnicu (Пр. рус.,15); сукня – польск. suknia “адзенне”: …łapci u czabaty obiernułysia y siermiaha u sukniu (Вакх.,21); уважаць – польск. uważać “лічыць, звяртаць увагу”: użo ciaper ani na chłopcau ani na paniczau uważać nia budu (М.,24); юж – польск. uż “ужо”: czy iuż ia zaprawdy pan (Вакх., 21) і інш. Заўважым, што беларуская і польская мовы – роднасныя. Вялікая колькасць слоў ў іх мае агульныя славянскія карані і па гучанні адрозніваецца нязначна. Гэта акалічнасць безумоўна спрыяла пранікненню паланізмаў: бездэнны – польск. bezdenny “бяздонны”: w wielikim biezdennym harszku (Пр. рус., 15); задусіць – польск. zadusić “задушыць”: kanwulsy niekrie mała szto nie zadusiuć (Ц., 86-б); слодкі – польск. słodki “салодкі”: słodkoho spiewania słuchaiut (Пр. рус., 16); скора – польск. skora “скура”: …z skory… nie wyskoczit (Пр. рус., 25) і інш.

Цікава, што перапісчыкі ў польскіх словах часам адлюстроўваюць беларускія фанетычня асаблівасці. Такія як аканне: астрожна – польск. ostrożnie “асцярожна”: panie chmiel astrożniey, astrożniey (Вакх., 23); кастур – польск. kostur “кій, кульба”: heto kastur moy perewiernusia u sznablu (Вакх., 21); зацвярдзенне [р]: прэпасць – польск. przepaść “прапасці”: ia ciepier prepau (Вакх., 24); асіміляцыя па глухасці: лэпскі – польск. łebski “выдатны, адмысловы”: baćka taki byu remiasnik łepski (Вакх., 21); вымаўленне [п] на месцы [ф]: патрапіць – польск. potrafić “здолець, змагчы”: za dzień siem kop wymałacić wszelakoho zboża patrapiu (Вакх.,21). Прыведзеныя асобныя прыклады фанетычнага засваення паланізмаў паказваюць іх трывалае замацаванне ў народнай гаворцы, дзе яны не ўспрымаліся ўжо як чужародныя элементы.

Значная колькасць польскіх па паходжанні слоў захавалася ў народных гаворках Беларусі і сёння. Доказам гэтаму з'яўляецца іх фіксацыя ў дыялектных слоўніках: барзо – польск. barzdo “вельмі, надта, дужа” , СПн-ЗБ7 , т.1, с.170, “вельмі”: nie barzo ia tabie ciapier brat (Вакх., 23); жадны (займ.) – польск. żaden „ніякі, ні адзін”, СПн-ЗБ, т.2, с.133 „ніякі, ніводзін”: kłopatu żadnoho nie mieli b (М., 14); лэпскі – польск. łebski “кемлівы, цямлівы, разумны”, Сцяшк.8 с.229 “лоўкі”: łepski remiasnik (Вакх.,21); лоньскі – польск. łoński “леташні, мінулы”, СПн-ЗБ, т.2, с.671 “мінулы”: czort łoński jeje dusić (М., 14); патрафіць – польск. potrafić „здолець, змагчы”, СПн-ЗБ, т.3, с.448, “натрапіць; змагчы”: mauczać zdajetca potraflu (М., 17-б); свянцаць – польск. święcić “свяціць”, СПн-ЗБ, т.4, с.402 “свяціць; перан. лупцаваць”: ja swaju (жонку – Г.Ц.) czasto swięczu (М., 15).

Але паланізмы часам выкарыстоўваюцца аўтарамі і ў стылістычных мэтах. Так, у “Камедыі” К.Марашэўскага ёсць эпізод: жыд падлашчваецца да д'ябла, гаворачага па-польску, і сам пераходзіць на польскую мову: Ja W Pa niewidziauszy na Dziomkę kryczalem (М., 16). Няведанне польскай мовы часта з'яўляецца асновай камічнай сітуацыі ў п'есе. Так, у Смаленскай камедыі галоўны герой (мужык) прыязджае ў Любавічы, “ а тамъ усіо хазаны да ляхи, и гаворки ихъ не познаишъ (См., 68). Ён упершыню трапляе ў касцёл, не ведае як сябе паводзіць, нічога не разумее, а словы з каталіцкай сферы ўсе перакручвае. Таму імша ( польск. msza ) ў яго ператвараецца ў замшу, касцёл ён называе хасцёлай, ксяндза – хазанам: тамъ и стали брязгаць по нашему то к абедни, а па ихъ к замши вотъ я паидзись у ихъ хасціолу (См., 66-б), пат тую пару и придзись па нашему попъ, а па ихъ хазанъ (См., 67). Неадукаванасць, непісьменнасць, няведанне польскай мовы – гэта традыцыйны прадмет асмяяння ў творах школьнай драмы. У “Камедыі” К.Марашэўскага ёсць аналагічная сцэна: Chłop Ty waszeć musisz być dużo mudrym, bo kali szto każesz, tak ja i paznać nie mahu. Skaży ty waszeć mnie, szto heto za padwiązki, och nie! za związki, za związki. Djabeł Ja nie mowię związki dziewockie, ale to jest, kiedy co z jedney rzeczy poznaney druga wypływa. Chłop Da duszy sz heto prauda musić być, bo mnie czasto krou z nosa pływieć (М., 16).

Такім чынам, паланізмы ў беларускіх драматычных творах XVIII ст. адзначаны на ўсіх моўных узроўнях. Але ўсе яны выразна падзяляюцца на дзве групы: а) ужытыя выпадкова, пад уплывам аналогій з польскай мовай і б) ужытыя свядома з мэтай перадачы асаблівасцей народнай гаворкі, стварэння моўнай характарыстыкі героя.

Прынятыя скарачэнні:


Вакх. – інтэрмедыя “Bacchanalia”, 1725. Рукапіс Цэнтральнага

дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы, фонд 1135, вопіс №2,

адз. захоўвання 89, с.19-28;

Інт. – інтэрлюдыя №2 з тэксту “Интерлюдии или междувброшенныя

забавныя игралища” ў зборніку №19. Рукапіс Дзяржаўнай

публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, вопіс ОСРК,

QXIV–19, сс.99–100-б.

М. – “Камедыя” К.Марашэўскага, 1787. Рукапіс Цэнтральнай

бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, фонд 18, рук.1.

Пр. рус. – “Прамова русіна” (Concio ruthena; Alia Concio Ruthena pro

Nativitate Dm). Рукапіс Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы.

Фонд 1135, вопіс №2, адз.89, с.15–17.

См. – “Выписано изъ бывшихъ в Смоленской семинаріи комедей”.

Рукапіс Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-

Шчадрына , вопіс ОСРК, QXVIII – 168, с.66-б–70-б.

Ц. – М.Цяцерскі “Доктар па прымусу”. Рукапіс Цэнтральнай

бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, фонд 18, рук.1, с.86–90.

Апублікавана : Białostocki przegląd krzesowy. – t.VII. – Białystok, 1999. – s.38-42.



1 Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. документов и материалов в 3т.–Мн.,1960.–Т.2–с.362.

2 Мальдзіс Адам. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIIIстагоддзя.–Мн.,1982.–с.89-92.

3 Пичета В.И. Восточная Белоруссия под властью царизма (1773–1796) // Учебн. зап. Моск. гос. ун-та. История. – 1946. – Вып.91, кн.I.– с.20-40.

4 Карский Е.Ф. Белорусы. – Пг., 1921. – Т.3, кн.2. – с.234-240.

5 «Камедыя» К.Марашэўскага і «Доктар па прымусу» М.Цяцерскага адлюстравалі асаблівасці гаворак Полаччыны, інтэрмедыя «Вакханалія» – верагодна Смаргоншчыны ці Ашмяншчыны.

6 Форма людіе адзначана і ў «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» (вып. 17. – Мн., 1998. – с.187), але там яе паходжанне хутчэй за ўсё тлумачыцца кніжнаславянскай традыцыяй, паколькі ўсе ілюстрацыі дадзены з рэлігійных помнікаў.

7 Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча: у 5-ці тамах.– Мн., 1979.

8 Сцяшковіч Т.Ф. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці.– Мн., 1972.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка