Палажэнне аб парадку матэрыяльнага стымулявання І аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам




Дата канвертавання28.03.2016
Памер105.13 Kb.
ЗАЦВЕРДЖАНА РЭКТАРАМ БДПУ 31 ЖНІЎНЯ 2012 г.
ПАЛАЖЭННЕ

аб парадку матэрыяльнага стымулявання

і аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам

установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»
Раздзел 1. Агульныя палажэнні

1. Палажэнне аб парадку матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка» (далей - Палажэнне) распрацавана ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і ўстанаўлівае парадак матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі студэнтам I і II ступеняў вышэйшай адукацыі і аспірантам БДПУ, якія атрымліваюць адукацыю ў дзённай форме (далей, калі не ўказана іншае, - навучэнцы).

2. Для ўпарадкавання пытанняў, звязаных з матэрыяльным стымуляваннем і аказаннем матэрыяльнай дапамогі навучэнцам, загадам рэктара ствараецца Камісія па матэрыяльным стымуляванні і аказанні матэрыяльнай дапамогі навучэнцам (далей - Камісія БДПУ), якую ўзначальвае прарэктар па вучэбнай, выхаваўчай і сацыяльнай рабоце (старшыня Камісіі БДПУ). У склад Камісіі БДПУ ўваходзяць начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, старшыня Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ (сакратар Камісіі БДПУ), спецыяліст прафсаюзнага камітэта Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці і спорта, старшыня Студэнцкага савета БДПУ, сакратар Пярвічнай арганізацыі з правамі раённага камітэта ГА БРСМ БДПУ. У склад Камісіі БДПУ таксама могуць уваходзіць начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення, прадстаўнікі Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ, органаў студэнцкага самакіравання, студэнцкіх грамадскіх арганізацый і інш.

3. Камісія БДПУ выконвае наступныя асноўныя функцыі:

3.1. разглядае пытанні размеркавання і выкарыстання сродкаў стыпендыяльнага фонду навучэнцаў, што выдзяляюцца для выплаты надбавак да стыпендый за асаблівыя поспехі ў вучобе, навуковай і грамадскай рабоце і аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам (далей - фонд матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі), якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту;

3.2. разглядае пытанні прэміравання за кошт сродкаў фонду матэрыяльнага заахвочвання студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове;

3.3. разглядае пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі студэнтам, якія атрымліваюць адукацыю на платнай аснове, за кошт сродкаў фонду матэрыяльнага заахвочвання;

3.4. здзяйсняе кантроль за выкарыстаннем сродкаў фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі структурнымі падраздзяленнямі.

4. Усе рашэнні Камісіі БДПУ афармляюцца пратаколам, на падставе якога рыхтуюцца прадстаўленні аб выкарыстанні сродкаў фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі і сродкаў фонду матэрыяльнага заахвочвання, якія зацвярджаюцца рэктарам, пасля чаго рыхтуюцца праекты загадаў рэктара.

5. Інфармацыя пра наяўнасць і аб'ёмы фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі даводзіцца ўпраўленнем бухгалтарскага ўліку і фінансаў да ведама Камісіі БДПУ ў тэрмін да першага чысла адпаведнага месяца. Агульная сума сродкаў, што выкарыстоўваюцца для матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам у адпаведным месяцы, не павінна перавышаць памер гэтага фонду.

6. Для ўпарадкавання пытанняў, звязаных з матэрыяльным стымуляваннем і аказаннем матэрыяльнай дапамогі студэнтам адпаведных факультэтаў, распараджэннем дэкана ствараецца камісія па матэрыяльным стымуляванні і аказанні матэрыяльнай дапамогі студэнтам (далей - камісія факультэта). У склад камісіі факультэта ўваходзяць дэкан факультэта (старшыня камісіі факультэта), адказны работнік дэканата (сакратар камісіі факультэта), старшыня прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў факультэта, старшыня студэнцкага савета факультэта, сакратар ПА ГА БРСМ факультэта. У склад камісіі факультэта таксама могуць уваходзіць намеснік (намеснікі) дэкана, куратары вучэбных груп, прадстаўнікі органаў студэнцкага самакіравання і грамадскіх арганізацый факультэта і інш.

7. Камісія факультэта разглядае пытанні:

7.1. выкарыстання сродкаў фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі, што выдзяляюцца Камісіяй БДПУ для выплаты надбавак да стыпендыі за асаблівыя поспехі ў вучобе, грамадскай і навуковай рабоце і аказання матэрыяльнай дапамогі студэнтам адпаведнага факультэта, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту;

7.2. унясення прапаноў у Камісію БДПУ аб прэміраванні за кошт сродкаў фонду матэрыяльнага заахвочвання студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове;

7.3. унясення прапаноў у Камісію БДПУ аб аказанні матэрыяльнай дапамогі студэнтам, якія атрымліваюць адукацыю на платнай аснове, за кошт сродкаў фонду матэрыяльнага заахвочвання.

8. Усе рашэнні камісіі факультэта афармляюцца пратаколам, на падставе якога рыхтуецца прадстаўленне ў Камісію БДПУ аб матэрыяльным стымуляванні і аказанні матэрыяльнай дапамогі студэнтам факультэта, пасля чаго рыхтуюцца праекты загадаў рэктара.

9. Кіраўнікі адпаведных структурных падраздзяленняў нясуць адказнасць за абгрунтаванасць матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам і правільнасць афармлення адпаведных дакументаў (журнал уліку заяў навучэнцаў аб аказанні матэрыяльнай дапамогі; заяў навучэнцаў аб аказанні матэрыяльнай дапамогі і прыкладзеных дакументаў, якія падцвярджаюць абставіны ў адпаведнасці з пунктамі 28, 29, 30, 32 дадзенага Палажэння, адзначаныя ў заявах; прадстаўленняў; хадайніцтваў).

10. Камісія БДПУ і камісіі факультэтаў у сваёй дзейнасці кіруюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, дзеючым Пагадненнем паміж БДПУ і Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў БДПУ, дадзеным Палажэннем.

11. Паўната і час выкарыстання фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

12. Усе пытанні, звязаныя з матэрыяльным стымуляваннем і аказаннем матэрыяльнай дапамогі навучэнцам БДПУ, кантралююцца ў межах сваёй кампетэнцыі прарэктарам па вучэбнай, выхаваўчай і сацыяльнай рабоце.


Раздзел 2. Парадак матэрыяльнага стымулявання

13. Матэрыяльным стымуляваннем навучэнцаў з'яўляецца ўстанаўленне надбавак да стыпендыі за кошт сродкаў фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам-стыпендыятам, а таксама прэміраванне студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове, за кошт сродкаў фонду матэрыяльнага заахвочвання.

14. Надбаўкі да стыпендыі прызначаюцца навучэнцам-стыпендыятам з фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі, памер якога вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ад агульнай сумы сродкаў стыпендыяльнага фонду аспірантаў і студэнтаў (пункт 2.6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06 верасня 2011 года №398 "Аб сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў"). Пры размеркаванні сродкаў фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі для выплаты надбавак да стыпендыі за асаблівыя поспехі ў вучобе, навуковай і грамадскай рабоце, як правіла, улічваецца колькасць навучэнцаў-стыпендыятаў адпаведнага факультэта, структурнага падраздзялення.

15.Надбаўкі да стыпендыі і прэміі ўстанаўліваюцца навучэнцам БДПУ на адпаведны месяц. Памер надбаўкі да стыпендыі і прэміі, устаноўленай навучэнцу, у кожным выпадку вызначаецца асобна ў залежнасці ад колькасці і якасці падстаў, прадугледжаных пунктам 16 дадзенага Палажэння.

16. Надбаўкі да стыпендыі і прэміі ўстанаўліваюцца загадам рэктара па прадстаўленнях Камісіі БДПУ, камісій факультэтаў, хадайніцтваў структурных падраздзялелняў, якія ўзгадняюцца з Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў БДПУ, органамі студэнцкага самакіравання БДПУ, ПА з правамі раённага камітэта ГА БРСМ БДІІУ, студэнцкімі саветамі факультэтаў і інтэрнатаў, прафсаюзнымі бюро факультэтаў і іншымі студэнцкімі грамадскімі арганізацыямі і аб'яднаннямі. Хадайніцтца аб устанаўленні надбавак да стыпендыі і прэміраванні навучэнцаў БДПУ прадстаўляюцца ў тэрмін да першага чысла адпаведнага месяца сакратару Камісіі БДПУ. Зыходзячы з аб'ёму фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі Камісія БДПУ ў тэрмін да дзясятага чысла адпаведнага месяца кожнага года рыхтуе прадстаўленне рэктару аб матэрыяльным стымуляванні навучэнцаў на адпаведны месяц і памер надбавак, прэмій, улічваючы прадстаўленыя хадайніцтвы.

17. Праекты загадаў рэктара аб устанаўленні надбавак да стыпендыі і прэміраванні навучэнцаў рыхтуюцца Камісіяй БДПУ.

18. Навучэнцам могуць устанаўлівацца надбаўкі да стыпендыі ці выплачвацца прэміі за:

18.1. асаблівыя поспехі ў вучобе (выдатная вучоба, авалоданне дадатковымі педагагічнымі ўменнямі і навыкамі (наведванне факультатываў і інш.), выдатнае праходжанне педагагічнай практыкі, удзел у алімпіядах, фестывалях, конкурсах педагагічнага майстэрства, публікацыя літаратурных і публіцыстычных твораў у друку, правядзенне выстаў мастацкай творчасці і г.д.);

18.2. асаблівыя поспехі ў грамадскай рабоце (дзейнасць у межах органаў студэнцкага самакіравання, Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ, тэрытарыяльнай дабравольнай дружыны БДПУ і іншых грамадскіх арганізацый; удзел у рабоце спартыўных гурткоў і секцый, удзел у складзе зборных каманд БДПУ ці факультэта ў спартыўных спаборніцтвах; удзел у рабоце гурткоў і калектываў мастацкай (самадзейнай) творчасці, удзел у складзе фарміраванняў студэнцкага клуба БДПУ ў фестывалях, конкурсах і выставах мастацкай творчасці; удзел у арганізацыі вучобы студэнцкага актыву; удзел у рабоце валанцёрскіх клубаў і аб'яднанняў і г.д.);

18.3. асаблівыя поспехі ў навуковай рабоце (удзел у конкурсах студэнцкіх навуковых прац, навуковых семінарах і канферэнцыях, публікацыя навуковых артыкулаў у друку, удзел у студэнцкіх навуковых гуртках, праблемных групах і г.д.).

19. Памер надбаўкі да стыпендыі ці прэміі не абмежаваны і вызначаецца Камісіяй БДПУ з улікам наяўнасці адпаведных грашовых сродкаў і прапаноў камісій факультэтаў, структурных падраздзяленняў.
Раздзел 3. Парадак аказання матэрыяльнай дапамогі

20. Права на атрыманне матэрыяльнай дапамогі маюць студэнты, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове, і аспіранты, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у выпадках, прадугледжаных дадзеным Палажэннем.

21. Матэрыяльная дапамога навучэнцам, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, аказваецца з фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі, памер якога вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ад агульнай сумы сродкаў стыпендыяльнага фонду аспірантаў і студэнтаў (пункт 2.6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06 верасня 2011 года №398 "Аб сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў"). Пры размеркаванні сродкаў фонду матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі для выплаты матэрыяльнай дапамогі, як правіла, улічваецца колькасць навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, адпаведнага факультэта, структурнага падраздзялення.

22. Матэрыяльная дапамога студэнтам, якія атрымліваюць адукацыю на платнай аснове, аказваецца за кошт сродкаў фонду матэрыяльнага заахвочвання, з улікам наяўнасці адпаведных грашовых сродкаў.

23. Падставай для аказання матэрыяльнай дапамогі з'яўляецца асабістая заява навучэнца або іншай асобы (у выпадку, прадугледжаным пунктам 35 дадзенага Палажэння) на імя рэктара з указаннем адпаведных абставін у адпаведнасці з пунктамі 28, 29, 30, 32 дадзенага Палажэння і прадстаўленнем дакументаў, што пацвярджаюць іх наяўнасць. Матэрыяльная дапамога аказваецца пры ўмове наяўнасці хадайніцтваў кіраўнікоў структурнага падраздзялення і адпаведнага прафсаюзнага органа.

Матэрыяльная дапамога аказваецца загадам рэктара.

24. Заявы навучэнцаў аб аказанні матэрыяльнай дапамогі рэгіструюцца сакратарамі камісій факультэтаў, адказнымі работнікамі структурных падраздзяленняў у адпаведным журнале.

25. Устанаўленне на адпаведны перыяд навучэнцу надбаўкі да стыпендыі ці выплата прэміі не могуць быць прычынай для адмовы ў аказанні яму матэрыяльнай дапамогі.

26. Прадстаўленні камісій факультэтаў аб аказанні матэрыяльнай дапамогі і заявы навучэнцаў з адпаведнымі дакументамі, што пацвярджаюць наяўнасць абставін, названых у пунктах 28, 29, 30, 32 дадзенага Палажэння, прадстаўляюцца ў Камісію БДПУ.

27. Праекты загадаў рэктара аб аказанні матэрыяльнай дапамогі навучэнцам БДПУ рыхтуюцца Камісіяй БДПУ.

28. Матэрыяльная дапамога можа быць аказана навучэнцам:

28.1. што маюць статус дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, асоб з іх ліку;

28.2. інвалідам;

28.3. якія стала (пераважна) пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання;

28.4. якія нарадзіліся па-за шлюбам;

28.5. бацькі якіх знаходзяцца ў разводзе;

28.6. якія страцілі аднаго з бацькоў;

28.7. адзін з бацькоў якіх прызнаны без вестак адсутным;

28.8. са шматдзетных сем'яў;

28.9. з сем'яў, у якіх знаходзяцца на ўтрыманні, акрамя навучэнца, не меней двух дзяцей да 18 гадоў і (ці) дзяцей, якія з'яўляюцца навучэнцамі дзённай формы атрымання адукацыі;

28.10. сямейным;

28.11. якія маюць дзіця (дзяцей).

29. Матэрыяльная дапамога можа быць аказана навучэнцам у выпадках:

29.1. цяжарнасці;

29.2. нараджэння дзіцяці;

29.3. смерці аднаго з бацькоў, мужа, жонкі ці блізкага сваяка (сястра, брат, дзядуля, бабуля, дзіця)

29.4. заключэння шлюбу;

29.5. няшчаснага выпадку;

29.6. пажару ці стыхійнага бедства і іншых абставін, якія патрабуюць аднаўлення маёмасці сям'і;

29.7. цяжкіх ці хранічных захворванняў.

30. Матэрыяльная дапамога можа быць аказана навучэнцам у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам. Рашэнне пытанняў аказання матэрыяльнай дапамогі навучэнцам у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым дадзеным Палажэннем, на падставе заявы навучэнца і прыкладзеных да яе дакументаў (у залежнасці ад асабістых жыццёвых абставін), якія падцвярджаюць цяжкае матэрыяльнае становішча.

Пры неабходнасці Камісія БДПУ і камісіі факультэтаў могуць запытваць у навучэнца дадатковыя дакументы, якія могуць сведчыць аб цяжкім матэрыяльным становішчы навучэнца.

31. Матэрыяльная дапамога можа быць аказана студэнтам, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове, з мэтай частковай кампенсацыі праезду да месца пражывання сям'і (бацькоў). Аказанне матэрыяльнай дапамогі на праезд ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і Палажэннем аб парадку аказання матэрыяльнай дапамогі на праезд маючым патрэбу студэнтам БДПУ, зацверджаным адпаведным загадам рэктара.

32. Матэрыяльная дапамога можа быць аказана студэнтам, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і на платнай аснове, у сувязі з пакрыццём выдаткаў па найму жылля ў выпадку незабяспечанасці месцам для пражывання ў інтэрнаце.

33. Матэрыяльная дапамога можа быць аказана па рашэнні Камісіі БДПУ і ў іншых выпадках, не прадугледжаных дадзеным Палажэннем.

34. Памер матэрыяльнай дапамогі не абмежаваны і вызначаецца Камісіяй БДПУ ў залежнасці ад канкрэтных абставін, з улікам наяўнасці адпаведных грашовых сродкаў.



35. У выпадку смерці навучэнца матэрыяльная дапамога аказваецца аднаму з яго бацькоў за кошт сродкаў фонду вытворчага і сацыяльнага развіцця на падставе заявы аднаго з бацькоў і копіі пасведчання аб смерці.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка