Палажэнне аб парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь І парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім




Дата канвертавання01.05.2016
Памер72.07 Kb.



 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова


Савета Міністраў
Рэспублікі Беларусь

15.06.2006 № 762



ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім


ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзенае Палажэнне распрацавана ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195) у мэтах устанаўлення парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь (далей – Банк звестак) і вызначэння парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў ім.

2. Банк звестак рэгіструецца ў Дзяржаўным рэгістры інфармацыйных рэсурсаў.

3. Фарміраванне Банка звестак ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам «Праектрэстаўрацыя» (далей – ААТ «Праектрэстаўрацыя»), упаўнаважаным на гэта Міністэрствам культуры.

4. Банк звестак уяўляе сабой сістэматызаваны збор звестак, запісаных на электронных носьбітах, аб:

гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія ва ўстаноўленым парадку ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (далей – Дзяржаўны спіс);

адметных выніках і сведчаннях гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі незалежна ад іх месцазнаходжання;

страчаных матэрыяльных аб’ектах, прадметах і нематэрыяльных праяўленнях творчасці чалавека, наяўнасць якіх дакументальна засведчана і якія маглі б атрымаць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.

5. Фарміраванне Банка звестак ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспублiканскiм бюджэце на спецыяльныя праграмы i мерапрыемствы ў галiне культуры, iншых крынiц фiнансавання, не забароненых заканадаўствам.

ГЛАВА 2
МЭТЫ ФАРМІРАВАННЯ БАНКА ЗВЕСТАК

6. У Банку звестак захоўваюцца на электронных носьбітах сiстэматызаваная ў асобных тэматычных раздзелах інфармацыя аб каштоўнасцях, віды якіх вызначаны ў пункце 4 дадзенага Палажэння; вызначаныя ва ўстаноўленым парадку раздзелы навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях; іншыя матэрыялы або іх копіі, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны.

7. Назапашванне інфармацыі аб каштоўнасцях у электроннай форме, а таксама збор праектных, выдавецкіх і іншых матэрыялаў, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны, праводзіцца ў мэтах:

вывучэння і ўліку матэрыяльных аб'ектаў i нематэрыяльных праяўленняў творчасцi чалавека, якiя могуць мець гiсторыка-культурную каштоўнасць, садзейнічання ў наданні ім статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей і ўключэння ў Дзяржаўны спіс;

арганізацыйнай і навукова-метадычнай дапамогі ў апублікаванні Дзяржаўнага спіса;

стварэння ўмоў для комплекснай ацэнкі наяўнага стану, функцыянальнага выкарыстання і ўтрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей;

архівіравання вызначаных ва ўстаноўленым парадку раздзелаў навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, збору выдавецкіх і іншых матэрыялаў, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны народа Беларусі;

садзейнічання органам дзяржаўнага кіравання, установам, грамадскім арганізацыям, грамадзянам, іншым зацікаўленым пры вырашэнні пытанняў і арганізацыі работы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, правядзенні навукова-даследчых, праектных, вытворчых і іншых мерапрыемстваў у дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў зонах іх аховы;

садзейнічання арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны, спрыяння дзейнасці па вяртанню ў Рэспубліку Беларусь культурных каштоўнасцей, незаконна вывезеных за яе межы;

папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны народа Беларусі ў краіне і за яе межамі.



ГЛАВА 3
ПАРАДАК ФАРМІРАВАННЯ БАНКА ЗВЕСТАК

8. Фарміраванне Банка звестак ажыццяўляецца спецыялістамі ААТ «Праектрэстаўрацыя», якія маюць адпаведную кваліфікацыю, што дазваляе праводзіць ім выяўленне, аналіз і рэдагаванне інфармацыі аб каштоўнасцях, занясенне яе ў электронную базу дадзеных Банка звестак, архівіраванне навукова-даследчых, праектных і іншых матэрыялаў, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны (далей – спецыялісты).

9. На кожную каштоўнасць, вызначаную ў адпаведнасці з пунктам 4 дадзенага Палажэння, у Банку звестак запаўняецца ўліковы дакумент у форме электроннага пашпарта, раздзелы якога складаюць інтэрфейс Банка звестак.

10. У інтэрфейсе Банка звестак паслядоўна або ў іншым спецыяльна зададзеным парадку прадстаўлены наступныя раздзелы электроннага пашпарта:

уліковыя дадзеныя і месца знаходжання каштоўнасці, у якім прадстаўлены юрыдычны адрас каштоўнасці, і для гісторыка-культурнай каштоўнасці – шыфр адпаведна Дзяржаўнаму спісу;

абгрунтаванне статусу каштоўнасці з указаннем дзеючых нарматыўных прававых актаў, паводле якіх нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама страціўшых сілу нарматыўных прававых актаў, якімі гэты або прыраўняны да яго статус надаваўся ў папярэдні перыяд;

гістарычны адрас, які магла мець каштоўнасць пры яе стварэнні і ў далейшы перыяд існавання;

характарыстыка ўласнікаў (уладальнiкаў), якая змяшчае звесткі аб уласніку (уладальнiку) каштоўнасці, лакалізацыі ўладання, датах пачатку і заканчэння права ўладання, форме ўласнасці, кошце аб’екта і даце вызначэння гэтага кошту;

звесткі аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці з указаннем даты і нумара нарматыўнага прававога акта, якім зацверджаны праект зон аховы, тыпу гэтых зон, апісання межаў і рэжымаў;

звесткі аб ахоўных абавязацельствах, якія падпісаны ўласнікам (уладальнiкам) каштоўнасці або ўладальнікам зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, і зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку ў Міністэрстве культуры;

інфармацыя пра адказных за правядзенне работ асоб з указаннем звестак у адпаведнасці з дакументам, які дае ім права на правядзенне пэўных відаў работ;

кароткае апісанне каштоўнасці;

характарыстыка сучаснага тэхнічнага стану каштоўнасці;

звесткі аб элементах каштоўнасці, якія маюць самастойны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

гісторыя фарміравання і выкарыстання каштоўнасці;

кароткая гістарычная даведка пра каштоўнасць;

графічныя матэрыялы і фотаздымкі з адлюстраваннем каштоўнасці, у тым ліку ў розныя перыяды яе існавання або бытавання;

архіўныя і бібліяграфічныя крыніцы пра каштоўнасць;

звесткі аб наяўнасці навукова-тэхнічнай дакументацыі на рэстаўрацыю і іншыя віды работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.

У кожным раздзеле электроннага пашпарта ўказваюцца прозвішча і ініцыялы яго складальніка (спецыяліста), дата запаўнення гэтага раздзела.

Раздзелы пашпарта могуць быць дапоўнены іншымі звесткамі, якія змяшчаюць важную для характарыстыкі каштоўнасці інфармацыю.

11. Юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з’яўляюцца заказчыкамі распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, у абавязковым парадку павінны перадаваць у ААТ «Праектрэстаўрацыя» ўстаноўленыя Міністэрствам культуры раздзелы навукова-праектнай дакументацыі на ўсе віды работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і ў зонах іх аховы для ўнясення адпаведнай інфармацыі ў Банк звестак.

Інфармацыя перадаецца ў Банк звестак на папяровых і (або) электронных носьбітах заказчыкам распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі або па яго даручэнню праектнай арганізацыяй, якая выканала распрацоўку гэтай навукова-праектнай дакументацыі. Без выканання гэтага патрабавання навукова-праектная дакументацыя не падлягае ўзгадненню і дазвол на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях не выдаецца.

12. Запаўненне і дапаўненне інфармацыяй раздзелаў электроннага пашпарта (базы дадзеных), яе змяненне ў выніку выяўлення новых дадзеных праводзіцца спецыялістамі на падставе атрыманых у ходзе праведзеных навукова-даследчых і іншых мерапрыемстваў звестак або копій матэрыялаў, якія датычацца гісторыка-культурных каштоўнасцей або іншых адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага, культурнага i духоўнага развiцця народа Беларусi, выяўленых у ходзе гэтых мерапрыемстваў.

Не дапускаецца ўчыненне перашкод спецыялістам пры выкананні імі работы па збору звестак і матэрыялаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, правядзенне якой пісьмова пацвярджаецца Міністэрствам культуры або ААТ «Праектрэстаўрацыя». Службовыя асобы, уласнікі (уладальнікі) і карыстальнікі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, грамадзяне, кіраўнікі і супрацоўнікі навукова-праектных арганізацый, іншыя зацікаўленыя абавязаны спрыяць спецыялістам у выяўленні і атрыманні дакладнай інфармацыі і матэрыялаў аб гісторыка-культурнай спадчыне народа Беларусі.

13. За ААТ «Праектрэстаўрацыя», якое выконвае работу па фарміраванню Банка звестак, замацоўваюцца абсталяванне і тэхнічныя сродкі, непасрэдна прызначаныя для фарміравання Банка звестак, што дазваляюць з выкарыстаннем сучасных тэхналогій праводзіць выяўленне, фіксацыю, капіраванне, рэдагаванне і захаванне інфармацыі аб гісторыка-культурнай спадчыне, яе прадастаўленне ва ўстаноўленым парадку зацікаўленым, увядзенне ў шырокі ўжытак вызначаных раздзелаў Банка звестак з мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.



ГЛАВА 4
ПАРАДАК АЗНАЯМЛЕННЯ З ІНФАРМАЦЫЯЙ, ЯКАЯ ЗМЯШЧАЕЦЦА Ў БАНКУ ЗВЕСТАК

14. Электронная праграма Банка звестак разлічана на прадастаўленне інфармацыі аб гісторыка-культурнай спадчыне на электронных носьбітах пры дапамозе лакальных сетак, праз глабальную камп'ютэрную сетку Інтэрнет і на папяровых носьбітах.

15. Органы дзяржаўнага кіравання, дзяржаўныя архівы і бібліятэкі, юрыдычныя і фізічныя асобы, якія бясплатна прадстаўляюць інфармацыю аб гісторыка-культурнай спадчыне для занясення яе ў базу дадзеных Банка звестак, могуць карыстацца змешчанай у ім інфармацыяй, а таксама сабранымі матэрыяламі навукова-праектнага і архіўна-бібліяграфічнага характару на бязвыплатнай аснове.

16. Іншыя зацікаўленыя могуць карыстацца інфармацыяй, прадастаўляемай згодна з пунктам 14 дадзенага Палажэння, з аплатай паслуг Банка звестак адпаведна калькуляцыі яго рэальных расходаў, зацверджанай Міністэрствам культуры.

Сродкі, атрыманыя ААТ «Праектрэстаўрацыя» за карыстанне інфармацыяй Банка звестак, паступаюць на адпаведны рахунак гэтага прадпрыемства і выкарыстоўваюцца на патрэбы фарміравання Банка звестак або на яго матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне.

17. Пры стварэнні ў Інтэрнеце сайта Банка звестак для агульнага азнаямлення прадстаўляюцца інфармацыя, якая адпавядае раздзелам Дзяржаўнага спіса, а таксама асобныя ілюстрацыйныя матэрыялы, неабходныя для дастатковага ўяўлення гісторыка-культурнай каштоўнасці або іншых адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага, культурнага i духоўнага развiцця народа Беларусi.



18. Пры выкарыстанні інфармацыі, якая змяшчаецца ў Банку звестак, спасылка на раздзелы дадзенага Банка з'яўляецца абавязковай.












База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка