Пакуль памятаюць жывеш




Дата канвертавання06.05.2016
Памер103.72 Kb.
Пакуль памятаюць – жывеш

(М.П.Лобан)


Развітаўся і праводзіў у незваротную вечнасць большасць сваіх равеснікаў, старэйшых і маладзейшых сяброў, да болю і крыўды яшчэ не расквітнелых пабрацімаў.

Азіраюся на вуліцы – поўна маладых, дужых, прыгожых і, відаць, шчаслівых людей. Саступаючы ім дарогу, яшчэ зрэдзь кульгаюць рэшткі майго пакалення. І я сярод іх – адзінокі, самотны і забыты запознены пасажыр на імклівай планеце Зямля. І няма з кім сустрэцца. Няма з кім пагаварыць, параіцца, паспрачацца, пабедаваць, падзяліцца запаветным, няма каму пазваніць. Маў - чанне…

Такі, відаць, лёс кожнага пакалення. А было ж! А былі ж! Якія сябры і сябрыны, якія сустрэчы, праходкі і размовы, прадоўжаныя па тэлефоне, якія, па студэнцкай традыцыі на разасланай газеце, посныя застоллі вярталі ў маладосць! Незабыўныя гаворкі, вогнішчы, тосты і песні! Яны жывыя ў памяці, пакуль жывыя мы, а забудуцца, адыдуць з апошнім сучаснікам. Такі непарушны, нікому непадуладны закон існавання на адзінай, спакутаванай, скалечанай чалавецтвам Зямлі.

А было ж! Здаецца працягні руку і дакранешся да блізкага, жывога і самага дарагога незабыўнага дня, убачыш усмешку, пачуеш голас сяброў.

Дзякуй табе, памяць!

На пісьменніцкіх сходах, вечарах азіраюся і рэдка сустракаю знаёмыя абліччы. Наўкол – маладыя незнаёмыя, не ім мы роўня, таленты. Дзе ж вы мае сябры, мае аднагодкі? Адпаведна намеклатурным рангам, - на розных могілках, у розных магільных шэрагах, пад рознымі нумарамі, помнікамі і без іх. Афіцыйна іх успамінаюць у круглыя даты, праводзяць “мерапрыемствы” і забываюць да наступных угодкаў.

Вось і надыйшла нагода ўспомніць аднаго з таленавітых празаікаў і маўклівага пакутніка – Міколу Лобана ў пару яго 85-годдзя. Круглая дата не юбілей, а памінанне. І я хачу ўспомніць Міколу Паўлавіча не з вышіні дацэнцкай аналітычнай кафедры, а расказаць у межах магчымага пра адметнага, непаўторнага Колю Лобана. Успомніць сумленнейшую і нястомную працавітасць і амаль вясковую сціпласць яго людскага непадабенства.

Аж у 1930 годзе з бабруйскай “Вясны” запомнілася толькі імя Мікола Лобан. Апавяданне не ўразіла і не запомнілася. А прозвішча дэбютанта не забылася. Тады ж не было столькі выданняў і аўтараў. Можа, запомнілася таму, што нагадвала Коласавага Лабановіча. Праз шмат гадоў, калі мы пазнаёміліся і пасябравалі, Мікола расказваў, што колісь яго род і зваўся Лабановічамі, а канчатак страціўся, як упершыню яго дзед Васіль прыйшоў у школу. Настаўнік спытаў прозвішча і здзівіўся: “Як? Як? Мужык і шляхецкае прозвішча носіш? Лобан ты. Запомні!” Так і запісаў. Ад таго дзеда і пайшоў род Лобанаў. А пра першае апублікаванае апавяданне ў сталым веку аўтар прызнаваўся: “Цяпер ніколі б яго не ўспомніў, каб не праныры-літаратуразнаўцы”. Ён ужо вучыўся ў Слуцку на педагагічных курсах і саромеўся прызнацца аднакурснікам, што гэта надрукаваны яго твор.

“Літаратураю захварэў, - прызнаваўся Лобан, - у раннім дзяцінстве ў родных Чаплічах на багатай талентамі сваёй Случчыне. Гадоў у дзесяць напісаў некалькі апавяданняў і “выдаў зборнік, перапісаны ад рукі друкаванымі літарамі”.

На пачатку дваццатых гадоў для ўсіх пачалося агульнае захапленне беларускаю мовай, гісторыяй, літаратурай і мастацтвам. У “Маладняку” аб’ядналася больш за 500 літаратараў, у акругах ствараліся філіі, выдаваліся альманахі, літаратурныя дадаткі да газет. У самыя глухія куткі прыходзілі Багушэвіч, Купала, Колас, Гарун, Багдановіч, Бядуля, Гартны. Яго “Сокамі цаліны” зачытваліся маладыя і людзі сталага веку, у вёсках адкрываліся хаты-чытальні, самая папулярная “Беларуская вёска” друкавала байкі і “Біблію” Крапівы. Чапліцкую хату-чытальню ўзначаліў Мікола Лобан. Да яго па свежыя кніжкі і навіны бегаў з суседніх Еўлічаў захоплены літаратураю Цімох Крысько (пасля - Васіль Вітка). З тае пары яны пасябравалі на ўсё жыццё. У пяцідзесятыя гады Цімох звёў і здружыў нас да апошніх Міколавых дзён.

Часцей за ўсё мы сустракаліся зімою ў Каралішчавіцкім доме творчасці. Двухпавярховы будынак з сасновага кругляка, памаляваны светлаю вохраю, па-хатняму быў утульны і гасцінны, сагрэты творчаю атмасфераю даверу і шчырае дружбы. У нас склалася трыо лыжнікаў – Гілевіч, Лобан і я, часам – Хадкевіч, Бураўкін, Караткевіч, Герчык, а нязменнымі былі мы. Пасля доўгіх прабежак па лясных сцежках і ўзгорках, стомленыя, але шчаслівыя, завальваліся ў чый-небудзь пакой. Там ўжо чакаў нас тэрмас гарачага чаю, а часам і глыток “аквавіты” для пашырэння сасудаў і сугрэву. І пачыналіся гаворкі, чытанне яшчэ не астылых старонак і ўспаміны, успаміны. Асабліва захапляла пярэстае жыццё Міколы Лобана. Ён ніколі не выхваляўся сваім ветэранствам, не насіў ордэнаў і медалёў, не расказваў пра подзвігі. Гаварыў, як пра самае звычайнае і будзённае.

У гаворцы, як і ў паводзінах, як у хадзе, у грунтоўнай разважлівасці ён быў нетаропкі і дасціпны. Высокі, статны, у пукатых акулярах з прысоленым сівізною густым вожыкам над высокім ілбом. Сапраўдны Лобан. Яму было што ўспомніць і расказаць. У тую пару ён працаваў у Інстытуце мовы Акадэміі навук над складаннем слоўніка нашай мовы – дасведчаны і багаты знаўца роднага слова.

Ён часта ўспамінаў, як у 20-я гады з пачуццём годнасці і гонару беларусы адчулі сябе беларусамі, а літаратурная мова стала прыкметаю высокай культуры. У аўтабіяграфіі Мікола Паўлавіч расказваў, як у 1925 годзе у Слуцкай сямігодцы “нам абвясцілі, што з наступнага панядзелка ўсе ўрокі будуць выкладаць па-беларуску. Не здзівіла нас і тое, як закарэнелыя старарэжымныя інтэлігенты, выкладчыкі былой класічнай гімназіі змогуць адразу перайсці на беларускую мову. Мы пранікліся яшчэ большай павагай да нашага любімага выкладчыка матэматыкі, праслухаўшы першую на беларускай мове лекцыю. Нам паказалася, што ён ніколі так прыгожа на гаварыў, як на гэтай лекцыі”.

Пасля педагагічных курсаў Лобан сам падаўся на настаўніцкі хлеб у палескія вёскі Пласток і доўгую, як жніўная песня, Таль.

“Аднойчы іду на ўрок і бачу па гразкай вуліцы ў бок Любані ідуць фурманкі. На пярэдняй – Янка Купала і Платон Галавач. А праз некаторы час чытаў у “Звяздзе” паэму “Над ракою Арэсай”. Настаўнічаў і не кідаў пісаць. Пасылаў вершы і апавяданні ў “Беларускую вёску” і дадатак “Чырвоны сейбіт”. Вершаў не ўхваліў Пятро Глебка, а прозу настойліва раіў пісаць Кузьма Чорны. Потым успамінаў Мікола Паўлавіч, як з Бабруйскага “Камуніста” “незабыўны Хвядос Шынклер за вушы цягнуў у літаратуру, прадракаў чорт ведае якую будучыню…” І не памыліўся. Мабыць тады пачынаўся свядомы ўваход у мастацтва таленавітага Міколы Лобана…

Пасля лыжаў у зацяжным чаяванні мы з Нілам Сымонавічам захоплена слухалі павольныя, без знешніх эмоцый, успаміны Міколы Паўлавіча, як лёс ударыў па ім і надоўга адарваў ад літаратуры: у 1939 годзе неадольная хвароба забрала самую дарагую і каханую Любоў Іванаўну. “Гора прамусіла мяне з’ехаць у Кіеў на філфак універсітэта, а потым вярнуцца ў Мінск, у БДУ”. Потым была напісана шчымліва-лірычная аповесць “Любка”, але яна так і не пабачыла свету.

На другі дзень вайны з палаючага, ператрушчанага ў друз і попел Мінска, зняты па хваробах з вайсковага ўліку, студэнт Лобан у натоўпе бежанцаў падаўся на Усход. Пакутніцкія сцежкі галодных, знясіленых, змуленых вялі праз Магілёў, Клімавічы, Рослаў на Арол і Ліпецк. У раённым гарадку “Адна жанчына выйшла на сярэдзіну вуліцы, расставіла рукі: -- Куды ж вы, мужчыны? На каго нас пакідаеце?” Крыўда, боль і сорам прывялі белабілетніка Лобана на Волхаўскі фронт. У кастрычніку 1941-га каля станцыі Мга быў паранены ручною гранатаю. “Адзін з асколкаў і цяпер сядзіць у шыйным пазванку, прылашчыўшыся да сардэчнага нерва”, а другі выйшаў праз правую шчаку і на ўсё жыццё пакінуў глыбокі след.

У санітарны цягнік па дарозе ў Валагодскі шпіталь трапіла авіяцыйная бомба і з усяго вагона з параненымі абедзвума нагамі жывы выпаў адзін Мікола Лобан. Відаць лёс збярог яго дзеля нашай мовы, літаратуры і культуры.

Пасля Іркуцкага шпіталя прыклыпаў з кіёчкам у абсмаленым шынялі на станцыю Сходня у прытулены там Беларускі універсітэт Мікола Лобан. Разам з такім жа параненым Іванам Мележам хадзілі на лекцыі і аднакурснікам выкладалі ваенную навуку. Там жа Пятро Глебка разгледзеў лінгвістычны талент студэнта-франтавіка і запрасіў Міколу Паўлавіча ў Камісію па складанні руска-беларускага слоўніка пры Акадэміі навук, хоць яшчэ і грымела вайна.

Пасля універсітэта Мікола Паўлавіч стаў адным з вядучых лінгвістаў нашай Акадэміі, кандыдатам навук, заслужаным работнікам культуры, нястомным і да жорсткасці патрабавальным да сябе празаікам.

У 1953 годзе выйшла яго аповесць “Іркуцянка”. Не давалі спакою ўбачаныя, перажытыя, перапакутаваныя падзеі нашага трагічна зламанага часу і вырашыў паказаць іх на лёсе аднаго роду Шэметаў. Параіўся са сваім земляком Янкам Скрыганом. “Дык у цябе ўсё ёсць, - сказаў вопытны пісьменнік, - трэба пісаць”.

У 1964 годзе з’явілася першая кніга задуманай трылогіі “На парозе будучыні” (О, каб ён ведаў нашу будучыню!). Яе заўважылі, чыталі, хвалілі, захапляліся жывою, багатаю моваю. Падзеі развіваліся ў фарватеры тагачаснай ідэалагічнай плыні. “Гарадок Устронь” (псеўданім Слуцка) дапісваў у Каралішчавіцкім доме творчасці. У асноўным пісаў на машынцы. Відаць, той асколачак, што “прылашчыўся да сардэчнага нерва” напамінаў пра сябе ўсё часцей і часцей: дрыжалі рукі, стамляліся ногі. Кожная старонка па некалькі разоў правілася і перадрукоўвалася, каб вярнуцца зноў і зноў.

Каралішчавіцкі дом творчасці не абміноўвалі пісьменнікі Масквы, Ленінграда, Украіны, любілі чарнічныя паляны і маліннікі літаратары Грузіі і Сярэрняй Азіі. Летам 1976 года прыехала маскоўская паэтэса Марына Тарасава. Яна адразу пасябравала з усімі насельнікамі дома. Асабліваю ўвагаю абкружыла Міколу Паўлавіча. Яны разам гулялі, Марына ўважліва слухала суровую праўду ягонага жыцця і неўзабаве прысвяціла Міколу Паўлавічу верш. Я яго пераклаў на беларускую мову і даў ёй на ўспамін. Вось ён:

Я трымаю яго пад руку,

Лёгкую, як ластаўчына крыло,

Я гуляю з ім пад самотнымі соснамі.

Ад “Скокаў святога Віта”

Яго непаслухмяныя пальцы

Заўсёды трымцяць,

Нібы метраном неспакойнага веку,

Сіл не стае сядзець у ганаровым прэзідыуме,

Сіл не стае прышпіліць ордэнскую калодку

Да злінялага пінжака.

Адзінокі светлы стары

З вачамі лясное крыніцы

Засланіў нашу Радзіму.

Як гэта сказана гучна.

Як гэта сказана ціха.



1976 год

Асабліва шчыраваў Лобан зімою. Святло ў яго пакоі не выключалася з цёмнай раніцы да глыбокай поўначы. Ён не любіў расказваць пра свае задумы, сэжэтныя хады, пра тое, што хвалюе яго. Часам распытваў мяне пра забароненыя рэпрэсіўныя факты маёй біяграфіі. Я цікавіўся, ці не спатрэбіцца гэта яму для рамана. Пасля доўгай паўзы ён прызнаваўся: “Як многія сумленныя людзі, і мой герой павінен прайсці кругі пекла”. Падрабязнасцей ён не расказваў. Ды да напісання твора шкодна яго перасказваць. Гэта тое самае, што невідушчаму распісваць прыгажосць і веліч “Сікстінскай мадонны”. Яе трэба бачыць, а твор чытаць.

Нарэшце стомлены, але шчаслівы між іншым прызнаўся, што ў “Гарадку Устронь” паставіў апошнюю кропку. Сябры віншавалі. Хто жартам, а хто і ўсур’ёз прапанавалі ў часе вячэры адзначыць завяршэнне работы. А каб не было сумна, трэба нешта прыдбаць, ажывіць і аздобіць калектыўную вячэру. Мы з Міколам сталі на лыжы і выправіліся ў суседні пасёлак па пратаптанай многімі пісьменнікамі сцежцы.

Вецер снежным шротам хвастаў нашы твары, залепваў шкельцы Міколавых акуляраў. Магазіншчыцу мы знайшлі дома, але яна паслухалася, прывяла нас у краму і адпусціла чым быў багаты гандаль тае пары. Увечары дапазна працягваліся вясёлыя пісьменніцкія “дажынкі”. З тых застольнікаў ужо нікога не засталося.

Асабліва напакутваўся Мікола з апошняю кнігаю трылогіі – “Шэметамі”. Ён набраўся адвагі сказаць тую праўду, якая не давала яму спакою ўсе гады: Андрэй Шэмет прайшоў высокія партыйныя пасады, вайну, партызаншчыну, сталінскія рэпрэсіі, пакутнае і горкае каханне. А гэта не ўкладалася ў пракрустава ложа ідэалагічных стандартаў. Рэдактары па некалькі разоў прымушалі перарабляць адно і тое ж, потым вярталіся да ранейшага варыянта і крэслілі зноў. Усё было не так, як патрабавалі ўстановачныя інстанцыі. Яны згаджаліся з аргументамі аўтара, але моўчкі тыцкалі пальцам у столь: “Ідзі туды і ўзгадняй”. Ён абіваў парогі, прасіў пропуска, далікатна, хітра псаваў твор. І нарэшце ў 1981 годзе “Шэметы” завяршылі трылогію.

Блуканне па пакутах і хвароба дабівалі пісьменніка. Ён вельмі любіў пах і смак клубніц. Іх прадавалі ў вялікіх плеценых з дранкі кашах. Мы часам бралі найбольшы і ласаваліся са смакам. “Гэта ж пахне мамінымі градамі”, - усміхаўся ён. Як ні трэсла хвароба, а ён не здаваўся – пісаў і пісаў, думаў, разважаў, асуджаў несправядлівасць, спагадаў пакрыўджаным у кароткіх эсэ, асацыяцыях, артыкулах, запісах і сваю апошнюю кнігу назваў “Пяць раніц тыдня”. Яе спагадліва і хутка выдалі ў 1984годзе. У кожнай раніцы столькі роздуму, назіранняў, пярэчанняў усталяваным ілжывым ісцінам. Хіба ж нам шукаць спакойнага “абы ціха жыцця? Як сказаў Л.Талстой пра спакой? “Спакой – душэўная подласць”. Гэта крэда і запавет сумленнага Лобана.

Зусім хворы, дрыготкімі рукамі ён сам даводзіў да ладу трэці том сваіх выбраных твораў. Але пабачыць іх не паспеў. Я ведаў пра цяжкі стан свайго друга, хоць ён не надта скардзіўся.

19 снежня з Васілём Віткам мы паехалі да яго ў водведкі. Ён быў увесь у клопатах і працы. Перасільваючы боль і ўсе нязручнасці, падараваў нам толькі выдадзеныя “Пяць вечароў тыдня”, аформленыя яго дачкою мастачкай Ірынай Лобан. Кароткія аўтографы напісаны дрыготкім почыркам.

Мы доўга развітваліся з гасцінным гаспадаром. Кожны з нас адчуваў трывогу, а Мікола ўсміхаўся, прасіў заходзіць часцей. Па дарозе дамоў мы ўсю дарогу маўчалі. Я баяўся часта званіць.

28 снежня пазваніла яго Браніслава Леапольдаўна і сказала тры страшныя словы:”А Колі больш няма”.

Труна і ў сцюжу патанала ў кветках, а дарога да жалобнага катафалка ўрошвалася слязьмі яго супрацоўніц, прыхільніц, сяброў і блізкіх. Можа цяпер наступнікі выдатнага майстра адведаюць астатні прыстанак Міколы Лобана? Веру, - прыйдзе час і ўваскрэснуць яго кнігі, а складзеныя і адрэгаваныя ім слоўнікі і ў наш скрутны час штодня служаць службоўцам, настаўнікам, выдаўцам, вучням, усім улюбёным у роднае слова. Колькі ж ён мог яшчэ кніг напісаць за гэтыя дванаццаць гадоў?!

“А Колі няма”. Зусім нядаўна адышоў назаўсёды з нашай сбрыны Васіль Вітка – апошні друг. У каго ж цяпер спытаць?

Але я не самотны. Адгортваю любую старонку першага Лобанавага дня на світанні і, здаецца, чую яго разважлівы голас: “Калі пачынаецца вырай, то ў месцах, дзе пралятаюць дзікія качкі ці гусі, свойскія, як магнітам прыцягнуты да гэтага трукутніка ў паветры, нязграбна спрабуюць узляцець за імі, узмахваючы крыламі, падаюць долу. Даўні покліч гарпуном чапляе іх непазбыўныя інстынкты.” І развагі. Развагі, аналогіі, назіранні і на кожнай старонцы – россып моўных перлаў. Я некалі захапляўся “скрыганізмамі”, а “лабанізмы” дапаўняюць і аздабляюць іх.

Чаго варты: “памыдліны”,”вілястая сцежка”,”рады няма”,”не адманьвайся”, “аблежваеш кусты”, “у захапы цягалі сушняк”, “пахілая цявіна”. І так на кожнай старонцы – навіны яскравыя, крынічныя, з народных глыбіняў.

На другім дні тыдня ўспомніў свайго настаўніка Кузьму Чорнага:”Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”. Проста, зразумела, а вось сам не дадумаўся. А як Лобан шануе Антуана дэ Сэнт-Экзюперы! Вось і яшчэ адзін субяседнік. “Жыць – гэта не толькі функцыяніраваць. Неўсвядомленая праца – гэта праца раба. Жыццё свабоднага чалавека – гэта ўсвядомленая праца, творчая праца, на каго я раблю і для чаго я раблю”.

Вось і пятая крыніца тыдня:”Кніжышча (кніжны склад), што вадзішча з усіх бакоў цяжкімі стагоддзямі цісне на грудзі, ні ўздыхнуць, ні закрычаць. Няма нічога больш каштоўнага за кнігу”. Чытаю, адкрываю, радуюся.

А яго “Размова з другам” - размова з глыбокім даследчыкам і аналітыкам нашай сталай і маладой прозы, асабліва глыбокае веданне і разуменне філасофскай эпікі Кузьмы Чорнага…

Вось і нагаварыўся з даўнім другам, запомненым і жывым. Здаецца, разам надыхаліся спелым борам, праводзілі жураўліныя ключы, дыхнулі пахам талага снегу на вірах паводкі, дакрануўся да дум і душы незабытага друга.

А колькі раніц мінула не пабачаных ім? Колькі?

Маўчанне. Адзі-но-та.


Сяргей Грахоўскі

Кастрычнік 1996г





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка