Пайзулаева Алена Альбінаўна




Дата канвертавання05.05.2016
Памер36.26 Kb.


Пайзулаева Алена Альбінаўна
Багата Зэльвенская зямля на таленты: ёсць і славутыя вучоныя, і паэты, і музыканты…. Усіх не пералічыць. Асобна ў гэтым спісе стаяць людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё чужым дзецям. Дзецям, што сталі для іх роднымі і для якіх яны таксама сталі роднымі. Гэта - настаўнікі. Кожны з іх мае не толькі прафесію, але і занятак па душы. Адной з такіх асоб з’яўляецца былая настаўніца СШ №2, а зараз ужо пенсіянерка, Пайзулаева Алена Альбінаўна.

Нарадзілася Алена Альбінаўна 4 сакавіка 1944 года ў вёсцы Азярніца Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння азярніцкай дзесяцігодкі з’ехала па вярбоўцы на Каўказ. Але працавала нядоўга. Ужо летам 1961 года паступіла ў медвучылішча. Правучыўшыся ўсяго два месяцы, зразумела, што лячыць людзей, бясспрэчна,– высакародная справа, але яе больш цягне да маленькіх дзяцей, падабаецца няньчыцца з імі, таму дзяўчына перайшла ў педклас Першамайскай сярэдняй школы Грозненскага раёна, пасля заканчэння якога на выдатна завочна вучылася ў Грозненскім педагагічным інстытуце.



Па размеркаванню Алена Альбінаўна была накіравана на працу настаўніцай пачатковых класаў у сяло Вялікія Варонды Савецкага раёна , якое заходзілася ў гарах, на вышыні 2000 метраў над узроўнем мора. Ехаць туды маладой настаўніцы было страшнавата: чужыя людзі, чужая мова, чужыя звычаі. Карэннае насельніцтва – чачэнцы, а рускія толькі настаўнікі і медыкі. Але хвалявалася яна дарма: сустрэлі настаўніцу ветліва, сардэчна.


Спачатку было складана: дзеці зусім не ведалі рускай мовы і настаўніцы прыходзілася карыстацца жэстамі, прызваць на дапамогу ўсю сваю кемлівасць . Іншы, магчыма, спасаваў бы перад цяжкасцямі. Але трэба ведаць Алену Альбінаўну: яна працавала настойліва, ні разу не ўзнікла нават думкі кінуць такую складаную працу. Настаўніца аддавала дзецям усю сваю душу, ёй было цікава з імі, і , відаць, дзеці гэта адчувалі: навучанне ішло хуткімі тэмпамі і ўжо ў канцы першага класа ўсе вучні Алены Альбінаўны размаўлялі на рускай мове. Настаўніца вучыла дзяцей размаўляць па – руску, а яны яе вучылі чачэнскай мове. Як прызнаецца сама Алена Альбінаўна, ёй прыйшлося цяжэй, але за тры гады такога сумеснага навучання яна ўжо разумела ўсе чачэнскія словы і магла больш – менш свабодна размаўляць.

Настаўніца любіла сваіх вучняў і стала для іх другой маці. Не толькі на ўроках яны былі разам, разам праводзілі і вольны час. Часта ладзілі экскурсіі ў горы. Натура ўзнёслая і творчая, Алена Альбінаўна захаплялася прыгажосцю чачэнскіх краявідаў, магла часамі глядзець на хмаркі, што чапляліся сваімі “рожкамі” за горы, альпійскія лугі, падвясныя масты, перавалы … Яна “заразіла” і дзяцей сваім захапленнем, вучыла бачыць ў самым звычайным прыгажосць і цуд.

Адзін з вучняў, якога звалі Эмін, так прывязаўся да Алены, што са слязьмі на вачах прасіў маці адпусціць яго жыць да настаўніцы і паабяцаў: “Вырасту – жэнюс”. Пазней, калі Эмін праходзіў вайсковую службу ў Брэсце, ён заязджаў да былой настаўніцы. Успаміналі першы клас, разглядалі фотаздымкі, шчыра смяяліся, прыгадаўшы гэты выпадак.

Па суботах і нядзелях настаўнікаў і медработнікаў збіралі з усіх аулаў і прывозілі ў райцэнтр, дзе ладзіліся вечары адпачынку. Алена Альбінаўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Найбольш ёй падабаліся заняткі ў танцавальным гуртку: настаўніца вывучыла многія танцы народаў Каўказа. Іх невялікі гурток неаднаразова выступаў у Грозным і займаў прызавыя месцы на конкурсах.

Усяго на Каўказе Алена Альбінаўна правяла 17 гадоў. Прыйшлося працаваць не толькі настаўніцай пачатковых класаў. Выкладала і рускую мову, і матэматыку, і фізкультуру, была завучам і нават інспектарам пачатковых класаў РАА. Там жа, на Каўказе, ёй было прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”. Выйшла замуж, нарадзілася дваіх сыноў… Але ўсё часцей і часцей з памяці выплываў вобраз роднай вёскі, усё мацней і мацней цягнула на радзіму.

Таму ў 1970 годзе Алена Альбінаўна пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Зэльву, дзе і працавала да выхаду на пенсію ў школе (спачатку Зэльвенскай СШ, а потым у Зэльвенскай СШ №2) настаўніцай пачатковых класаў.

Алена Альбінаўна асоба няўрымслівая, справа так і гарыць у яе руках. Яе творчыя здольнасці праявіліся не толькі ў асноўнай прафесіі. Як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Былая настаўніца захапляецца рознымі відамі мастацкай творчасці. У розныя часы яна займалася і пляценнем з саломкі, і вязаннем, і вышыўкаю, лепкаю з гліны, ажурным аздабленнем ікон, макрамэ, разьбой па дрэву… З – пад яе рук выходзяць сапраўдныя высокамастацкія творы. Здзіўляешся, як можа адзін чалавек стварыць такую прыгажосць.

Усяму, што ўмела сама, яна вучыла і сваіх выхаванцаў. Давала магчымасць кожнаму вучню праявіць сябе. Гурток “Умелыя рукі”, які вяла Алена Альбінаўна, наведвалі і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Яна і зараз упэўнена, што кожнае дзіця надзелена пэўным талентам, неабходна толькі дапамагчы гэтым талентам раскрыцца.

За творчую, плённую працу Алена Альбінаўна ўзнагароджана ганаровымі граматамі РАА, Гродзенскага аблвыканкама, Міністэрства асветы БССР, медалём “Ветэран працы”. У 1984 годзе ёй прысвоена званне “Настаўнік – метадыст”. Але Алена Альбінаўна лічыць, што не ўзнагароды - галоўная ацэнка яе работы. Душу грэе тое, што ні дзеці, якіх яна вучыла, ні іх бацькі не забываюць былую настаўніцу: тэлефануюць, віншуюць са святамі.

Зараз Алена Альбінаўна на пенсіі. Былая настаўніца прызнаецца, што ёй не хапае зносін з дзецьмі, што сумуе па школе, па сваёй працы. Яна засталася актыўным і творчым чалавекам. Працягвае займацца рукадзеллем і карункавым аздабленнем ікон.



кіраўнік гісторыка – краязнаўчага музея

СШ №2 г.п. Зэльва

Ступчык Н.Ф.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка