Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь І Федэральным Саветам Швейцарскай Канфедэрацыі аб міжнародных аўтамабільных пасажырскіх І грузавых перавозках




Дата канвертавання16.05.2016
Памер112.4 Kb.


ПАГАДНЕННЕ

паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Федэральным Саветам Швейцарскай Канфедэрацыі аб міжнародных аўтамабільных пасажырскіх і грузавых перавозках

Урад Рэспублікі Беларусь і Федэральны Савет Швейцарскай Канфедэрацыі, якія называюцца далей Дагаворнымі Бакамі, імкнучыся садзейнічаць развіццю пасажырскіх і грузавых перавозак паміж дзвюма дзяржавамі, а таксама транзітам праз іх тэрыторыі, пагадзіліся аб ніжэйпададзеным:



Артыкул 1

Галіна прымянення


Палажэнні гэтага Пагаднення прымяняюцца да пасажырскіх і грузавых перавозак з тэрыторыі, або на тэрыторыю дзяржавы аднаго з Дагаворных Бакоў, якія ажыццяўляюцца транспартнымі сродкамі, зарэгістраванымі на тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

Артыкул 2

Азначэнні


Тэрміны, якія ўжываюцца ў гэтым Пагадненні, азначаюць:

1. «Перавозчык» - фізічная або юрыдычная асоба, якая ў Рэспубліцы Беларусь або ў Швейцарскай Канфедэрацыі мае права ажыццяўляць аўтамабільныя перавозкі пасажыраў або грузаў у адпаведнасці з заканадаўствам, якое дзейнічае ў яго дзяржаве.

2. «Транспартны сродак» - аўтатранспартны сродак з механічным прывадам, а таксама ў выпадку неабходнасці яго прычэп або паўпрычэп, якія прызначаны для перавозкі:

а) болей 9 чалавек, якія сядзяць, уключаючы вадзіцеля;

б) грузаў.

3. «Дазвол» - ліцэнзія, канцэсія або дазвол, якія патрэбны ў адпаведнасці з законам, што прымяняецца ў дзяржаве кожнага з Дагаворных Бакоў.



Артыкул 3

Пасажырскія перавозкі


1. Не патрабуецца дазвол для нерэгулярных перавозак пасажыраў, якія адпавядаюць адной з наступных умоў:

а) перавозка адных і тых жа асобаў адным і тым жа транспартным сродкам на працягу ўсёй паездкі, пункты адпраўлення і прыбыцця якіх размешчаны ў дзяржаве рэгістрацыі транспартнага сродку, пры гэтым ні адна асоба не ажыццяўляе пасадку і высадку па ўсім маршруце або на астаноўках па-за вызначанай дзяржавы (кальцавы тур пры зачыненых дзвярах); або

б) перавозка групы асобаў з месца, размешчанага ў дзяржаве рэгістрацыі транспартнага сродку, у пункт, размешчаны ў дзяржаве другога Дагаворнага Боку, прычым транспартны сродак выязджае парожнім з тэрыторыі гэтай дзяржавы; або

в) перавозка групы асобаў з пункта, размешчанага ў дзяржаве другога Дагаворнага Боку, у пункт, размешчаны ў дзяржаве рэгістрацыі транспартнага сродку, пры ўмове, што перавозцы папярэднічаў парожні праезд «туды» і што пасажыры:



  • былі сфарміраваны ў групы згодна з транспартным кантрактам, заключаным перад іх прыбыццём у дзяржаву, дзе ажыццяўляецца пасадка; або

  • былі перавезены перад гэтым тым жа перавозчыкам у адпаведнасці з умовамі, зазначанымі ў пункце «б» гэтага Артыкула, у дзяржаву, дзе зноў была зроблена іх пасадка і яны былі вывезены за межы тэрыторыі гэтай дзяржавы; або

  • былі запрошаны адправіцца ў дзяржаву другога Дагаворнага Боку, прычым транспартныя выдаткі пакрываюцца за кошт запрашаючага. Пасажыры павінны складаць аднародную групу, якая сфарміравана не толькі для гэтай паездкі;

г) транзітныя паездкі па тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

2. Дазвол не патрэбны для перавозак пасажыраў, калі тыя адпавядаюць наступным умовам:



  • маятнікавыя перавозкі з начлегам, транзітам або на тэрыторыю дзяржавы другога Дагаворнага Боку; і

  • парожнія паездкі транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюцца ў сувязі з маятнікавымі перавозкамі.

3. Перавозкі, зазначаныя ў пунктах 1 і 2 гэтага Артыкула, ажыццяўляюцца з ужываннем кантрольнага дакумента.

4. Для перавозак, адрозных ад зазначаных у пунктах 1 і 2 гэтага Артыкула, патрэбны дазвол у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам дзяржаў Дагаворных Бакоў. Дазволы выдаюцца на ўмовах узаемнасці.



Артыкул 4


Грузавыя перавозкі

1. Любы перавозчык дзяржавы аднаго Дагаворнага Боку мае права на падставе дазволу часова ўвезці парожні або загружаны транспартны сродак на тэрыторыю дзяржавы другога Дагаворнага Боку, каб перавезці грузы:

а) паміж пунктам на тэрыторыі дзяржавы аднаго Дагаворнага Боку і пунктам на тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку; або

б) пры адпраўленні з тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку ў трэцюю дзяржаву або з трэцяй дзяржавы на тэрыторыю дзяржавы другога Дагаворнага Боку; або

в) транзітам праз тэрыторыю дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

2. Выключэнні, якія тычацца дазваляльнай сістэмы, вызначаны ў Пратаколе, указаным у Артыкуле 9 гэтага Пагаднення.



Артыкул 5


Прымяненне нацыянальнага заканадаўства

Па ўсіх пытаннях, не ўрэгуляваных гэтым Пагадненнем, перавозчыкі і вадзіцелі транспартных сродкаў дзяржавы аднаго Дагаворнага Боку, якія знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку, павінны выконваць законы і правілы гэтай дзяржавы, якая будзе імкнуцца прымяняць іх на недыскрымінацыйнай аснове.


Артыкул 6

Забарона ўнутраных перавозак

Не дазваляюцца кабатажныя перавозкі грузаў і пасажыраў. Змешаная Камісія, зазначаная ў Артыкуле 10, можа прыняць іншае рашэнне па дадзеным пытанні.


Артыкул 7

Парушэнні

1. Кампетэнтныя органы дзяржаў Дагаворных Бакоў ажыццяўляюць кантроль за выкананнем перавозчыкамі палажэнняў гэтага Пагаднення.

2. Да перавозчыкаў і вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія парушылі на тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку палажэнні гэтага Пагаднення, або законы і правілы па ажыццяўленню аўтамабільных перавозак, або правілы дарожнага руху, што дзейнічаюць на ўказанай тэрыторыі, па патрабаванню кампетэнтных органаў гэтай дзяржавы могуць быць прыменены наступныя меры з боку органаў дзяржавы рэгістрацыі транспартнага сродку:

а) папярэджанне;

б) часовае, частковае або поўнае пазбаўленне права ажыццяўляць перавозкі на тэрыторыі дзяржавы Дагаворнага Боку, дзе адбылося парушэнне.

3. Орган, які зрабіў такі захад, інфармуе аб гэтым кампетэнтны орган дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

4. Судамі або кампетэнтнымі органамі дзяржавы Дагаворнага Боку, на тэрыторыі якой былі ўчынены такія парушэнні, могуць быць прыменены таксама і санкцыі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

Артыкул 8


Кампетэнтныя органы

Дагаворныя Бакі інфармуюць узаемна адзін аднаго аб органах, адказных за прымяненне гэтага Пагаднення. Гэтыя органы падтрымліваюць прамыя кантакты адзін з адным.


Артыкул 9

Парадак прымянення

Дагаворныя Бакі ўзгадняюць парадак прымянення гэтага Пагаднення ў Пратаколе, які з'яўляецца неад'емнай часткай гэтага Пагаднення.


Артыкул 10

Змешаная Камісія

1. Для разгляду пытанняў, выцякаючых з прымянення гэтага Пагаднення, ствараецца спецыяльная Змешаная Камісія, у састаў якой уваходзяць прадстаўнікі кампетэнтных органаў.

2. Гэта Камісія мае права змяніць або дапоўніць Пратакол, указаны ў Артыкуле 9. Рашэнні Змешанай Камісіі ўступаюць у сілу пасля ўзаемнага паведамлення адзін аднаму па дыпламатычных каналах аб выкананні неабходных унутрыдзяржаўных працэдур.

3. Кампетэнтныя органы аднаго з Дагаворных Бакоў могуць звярнуцца з просьбай аб правядзенні пасяджэння Змешанай Камісіі. Пасяджэнні Змешанай Камісіі будуць праводзіцца па чарзе на тэрыторыі дзяржавы кожнага з Дагаворных Бакоў.



Артыкул 11


Прымяненне ў Княстве Ліхтэнштэйн

У адпаведнасці з пажаданнем Урада Княства Ліхтэнштэйн гэтае Пагадненне распаўсюджваецца таксама на Княства на перыяд, на які яно звязана са Швейцарскай Канфедэрацыяй Дагаворам аб мытным саюзе.


Артыкул 12

Уступленне ў сілу і тэрмін дзеяння

1. Кожны з Дагаворных Бакоў паведамляе другому Дагаворнаму Боку па дыпламатычных каналах аб выкананні працэдур, прадугледжаных заканадаўствам для ўступлення ў сілу гэтага Пагаднення. Пагадненне ўступае ў сілу з даты атрымання апошняга паведамлення.

2. Пагадненне заключана на няпэўны тэрмін. Кожны з Дагаворных Бакоў можа яго дэнансаваць шляхам пісьмовага паведамлення другому Дагаворнаму Боку за шэсць месяцаў да канца каляндарнага года.

У засведчанне гэтага ніжэйпадпісаныя, належным чынам упаўнаважаныя сваімі Урадамі, падпісалі гэтае Пагадненне.

Здзейснена ў г. Берне «18» снежня 2000 г. ў двух сапраўдных экзэмплярах, кожны на беларускай і французскай мовах, прычым абодва тэксты маюць аднолькавую сілу.
За Урад За Федэральны Савет

Рэспублікі Беларусь Швейцарскай Канфедэрацыі


ПРАТАКОЛ

да Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Федэральным Саветам Швейцарскай Канфедэрацыі аб міжнародных аўтамабільных пасажырскіх і

грузавых перавозках,
падпісанага ў г. Берне «18» снежня 2000 г.

Дагаворныя Бакі ў адпаведнасці з Артыкулам 9 Пагаднення дамовіліся аб ніжэйпададзеным:


1. Пасажырскія перавозкі (Артыкул 3)

Перавозкі, зазначаныя ў пунктах 1 і 2 Артыкула 3 Пагаднення, выконваюцца пры наяўнасці пуцявога ліста і спіска пасажыраў.

Заяўкі аб выдачы дазволаў для іншых перавозак пасажыраў, не адпавядаючых умовам, зазначаным у пунктах 1 і 2 Артыкула 3 Пагаднення (напрыклад, рэгулярныя перавозкі), павінны быць прадстаўлены кампетэнтнаму органу дзяржавы рэгістрацыі транспартнага сродку, які перадае іх кампетэнтным органам дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

У сваіх заяўках перавозчыкі павінны ўказаць расклад, тарыфы, маршрут і іншыя сведкі, якія запытваюць кампетэнтныя органы. Працэдура выдачы дазволу і іншыя пытанні, якія адносяцца да яе, будуць рэгулявацца сумесна на падставе ўзаемнасці кампетэнтнымі органамі дзяржаў Дагаворных Бакоў.

Кампетэнтны орган, які выдаў дазвол, паведамляе аб гэтым кампетэнтнаму органу дзяржавы другога Дагаворнага Боку, накіроўваючы яму копію выдадзенага дакумента.

Дазволы павінны знаходзіцца ў транспартных сродках і прад'яўляцца па патрабаванню каытралюючых органаў. Для рэгулярных перавозак выдаецца неабходная колькасць дазволаў на падставе колькасці транспартных сродкаў, ажыццяўляючых перавозкі па гэтым маршруце.

Падчас парожняга праезду транзітам перавозчык павінен даказаць, што ён перасякае ў парожнім стане тэрыторыю дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

Пры прад'яўленні неабходных доказаў для транспартных сродкаў, прызначаных для замены пашкоджаных або пацярпеўшых аварыю аўтобусаў, папярэдні дазвол для парожняга ўезду не патрабуецца.



2. Грузавыя перавозкі (Артыкул 4)

Падчас перавозак, якія ажыццяўляюцца счэпленымі транспартнымі сродкамі, элементы якіх зарэгістраваны ў розных дзяржавах, палажэнні Пагаднення прымяняюцца да ўсяго аўтапоезда, калі транспартны сродак - цягач зарэгістраваны ў дзяржаве аднаго з Дагаворных Бакоў.

Вызваляюцца ад афармлення дазволаў у адпаведнасці з пунктам 2 Артыкула 4 Пагаднення:

1) Нерэгулярныя грузавыя перавозкі ў аэрапорты або з аэрапортаў у выпадку адмены рэйсаў.

2) Перавозкі багажу прычэпамі, счэпленымі з транспартнымі сродкамі, прызначанымі для перавозкі пасажыраў, а таксама перавозкі багажу любымі відамі транспатрных сродкаў у аэрапорты або з аэрапортаў.

3) Паштовыя перавозкі.

4) Перавозкі пашкоджаных транспартных сродкаў.

5) Перавозкі туш жывёл для апрацоўкі.

6) Перавозкі пчолаў і малькоў.

7) Пахавальныя перавозкі.

8) Грузавыя перавозкі за ўласны кошт.

9) Перавозкі запасных частак і прадуктаў, прызначаных для забеспячэння марскіх суднаў.

10) Перавозкі звышгабарытных па масе і памерах грузаў пры ўмове наяўнасці ў перавозчыка неабходнага спецыяльнага дазволу ў адпаведнасці з нацыянальнымі рэгламентацыямі ў галіне дарожнага руху.

11) Перавозкі каштоўных грузаў (напрыклад, каштоўных металаў), якія ажыццяўляюцца з дапамогай спецыяльных транспартных сродкаў, у суправаджэнні паліцыі або іншых органаў бяспекі.

12) Перавозкі прадметаў, неабходных для медыцынскага абслугоўвання ў выпадку аказання неадкладнай дапамогі, у прыватнасці, пры стыхійных бедствах і гуманітарнай дапамозе.

13) Перавозкі грузаў аўтатранспартнымі сродкамі, дапушчальная агульная маса якіх з грузам, уключаючы прычэп, не перавышае 6 тон або дапушчальная грузападымальнасць якіх, уключаючы грузападымальнасць прычэпа, не перавышае 3,5 тоны.

14) Парожні праезд транспартнага сродку, прызначанага для перавозкі грузаў, які накіроўваюць для замены пашкоджанага транспартнага сродку, а таксама працяг перавозкі гэтым транспартным сродкам па дазволе, выдадзеным для пашкоджанага транспартнага. сродку.

15) Перавозкі прадметаў і твораў мастацтва, прызначаных для выстаў, кірмашоў або іншых некамерцыйных мэт.

16) Перавозкі прадметаў і абсталявання, прызначаных выключна для мэтаў рэкламы і інфармацыі.

17) Перавозка абсталявання, рэквізіту і жывёл з (на) тэатральных, музычных, кінематаграфічных, спартыўных, цыркавых паказаў, кірмашоў і святкаванняў, а таксама абсталявання для запісу радыёперадач, кіна- або тэлездымкаў.

18) Пераезды, якія ажыццяўляюцца парожнімі транспартнымі сродкамі, прызначанымі для грузавых перавозак.

19) Перавозкі маёмасці ў сувязі з пераездамі, якія ажыццяўляюцца прадпрыемствамі, маючымі для гэтай мэты спецыяльны персанал і абсталяванне.



3. Прымяненне нацыянальнага заканадаўства (Артыкул 5)

Дагаворныя Бакі прымаюць да ведама, што Артыкул 5 Пагаднення адносіцца, у прыватнасці, да заканадаўства аб аўтамабільных перавозках, дарожным руху, масе і габарытах транспартных сродкаў, працягласці працы і адпачынку экіпажу транспартных сродкаў і перыядах знаходжання за рулём, а таксама аб дарожных зборах, платных дарогах.



4. Кампетэнтныя органы (Артыкул 8)

Кампетэнтнымі органамі па прымяненню Пагаднення з'яўляюцца:


Для Рэспублікі Беларусь:

Міністэрства транспарту і камунікацый

220029, г. Мінск, вул. Чычэрына, 21
Для Швейцарскай Канфедэрацыі:

Федэральны дэпартамент навакольнага асяроддзя, транспарту, энергетыкі і камунікацый, Федэральнае бюро па транспарту

СН-3003, г. Берн

5. Маса і габарыты транспартных сродкаў

Дагаворныя Бакі прымаюць абавязацельствы не ставіць да транспартных сродкаў, зарэгістраваных у дзяржаве другога Дагаворнага Боку болей жорсткіх патрабаванняў у адносінах да масы і габарытаў, чым да транспартных сродкаў, зарэгістраваных на сваёй тэрыторыі.

Калі транспартныя сродкі перавышаюць максімальныя масу і габарыты, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам дзяржавы кожнага з Дагаворных Бакоў, прымяняюцца адпаведна наступныя працэдуры:

Для Рэспублікі Беларусь:

Транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Швейцарскай Канфедэрацыі, могуць уязджаць у Рэспубліку Беларусь пры наяўнасці дазволу, выдадзенага Дзяржаўным прадпрыемствам «Белдорцентр» (220036, г. Мінск, завулак Дамашэўскі, 11).

Заяўкі павінны быць загадзя накіраваны гэтаму органу.

Для Швейцарскай Канфедэрацыі:

Транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, могуць уязджаць у Швейцарскую Канфедэрацыю ў зоне, бліжэйшай да граніцы, вызначанай Федэральным дэпартаментам юстыцыі і паліцыі, пры наяўнасці дазволу, выдадзенага або Мытным бюро Швейцарскай Канфедэрацыі, або аддзелам кантролю дарожнага руху Федэральнага бюро дарог, г. Берн.

Для перавозак, якія ажыццяўляюцца па-за гэтай зонай, аддзел кантролю дарожнага руху Федэральнага бюро дарог (СН - 3003, г. Берн) выдае спецыяльныя дазволы толькі для непадзельных грузаў і пры ўмове, што дарожныя ўмовы дазваляюць выдачу такога дазволу. Заяўкі павінны быць загадзя накіраваны гэтаму органу.

Агульная маса, унесеная ў дазвол на праезд, ні ў якім выпадку не павінна быць вышэй за прадугледжаную.



6. Мытны рэжым

Гаручае, якое ўтрымліваецца ў звычайных баках транспартных сродкаў, што часова ўвозяцца, вызваляецца ад збірання мытных пошлін і падаткаў.

Увоз запасных частак для рамонту пэўнага часова ўвезенага транспартнага сродку дапускаецца ў рэжыме часовага ўвозу без збірання мытных пошлін і падаткаў, а таксама без імпартных забарон і абмежаванняў.

Замененыя часткі павінны прайсці мытнае афармленне і быць вывезены назад або знішчаны пад мытным кантролем.


Здзейснена ў г. Берне «18» снежня 2000 г. ў двух сапраўдных экзэмплярах, кожны на беларускай і французскай мовах, прычым абодва тэксты маюць аднолькавую сілу.

За Урад За Федэральны Савет


Рэспублікі Беларусь Швейцарскай Канфедэрацыі



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка