Паэтычны тэкст як феномен сучаснай культурнай парадыгмы




Дата канвертавання04.05.2016
Памер57.83 Kb.
Алексяевіч Ганна Віктараўна

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, г.Мінск
ПАЭТЫЧНЫ ТЭКСТ ЯК ФЕНОМЕН СУЧАСНАЙ КУЛЬТУРНАЙ ПАРАДЫГМЫ
Суіснаванне некалькіх паняццяў, якія ў межах адной літаратуразнаўчай метадалогіі ўжываюцца як сінонімы, але па сваёй сутнасці істотна розняцца, сігналізуе аб пераходзе на якасна новы ўзровень літаратурнага развіцця. Гэта адбываецца ў выпадку, калі назапашаны масіў артэфактаў немагчыма асэнсаваць, карыстаючыся ўжо распрацаванай метадалогіяй. Як вынік, пачынаецца працэс пранікнення інструментарыя сумежных гуманітарных навук, працэс сэнсавага пашырэння першапачаткова больш звужаных паняццяў ці, наадварот, працэс звужэння і спецыялізацыі паняццяў, якія напачатку называлі большую колькасць літаратурных з’яў.

Падобная сітуацыя складваецца ў айчынным літаратуразнаўстве, дзе назіраецца слабая дыферэнцыяцыя паняццяў “дыскурс”, “мастацкі тэкст”, “мастацкі твор”. І калі апошняе з іх займае выключна прывіліяванае месца, першыя два толькі пачынаюць распрацоўвацца і актыўна ўключацца ў метадалагічнае поле. Спынімся падрабязней на вызначэнні сутнасных характарыстык паняццяў “мастацкі тэкст” і “мастацкі твор”.

Як тэкст, так і мастацкі твор – у нашым выпадку літаратурны твор – гэта пісьмова занатаваны прадукт духоўнай дзейнасці чалавека. Беларускі даследчык Я.А.Гарадніцкі вызначае літаратурны твор як “пэўнае ідэйна-эстэтычнае адзінства” [2, с.9]. Іншымі словамі, для яго характэрна цэласнасць, самадастатковасць і завершанасць. Тэкст у адрозненне ад літаратурнага твора не з’яўляецца “рэччу ў сабе”, ён пазбаўлены іерархічнай структуры і ідэйнай зададзенасці. Выхад паняцця “тэкст” за межы ўласна лінгвістыкі адбыўся дзякуючы структуралістам. Канцэпцыя постмадэрнізму ўвабрала іх здабыткі і ўключыла гэта паняцце ў больш шырокі кантэкст. Літаратура і літаратурная крытыка – асабліва постмадэрнісцкай скіраванасці – усё часцей звяртаюцца да паняцця “тэкст”, адначасова ігнаруючы паняцце “літаратурны твор”. Вядома, што апелецыя да аднаго з іх і выключэнне з ўжытку іншага можа быць абумоўлена ідэйнай пазіцыяй, абранай даследчыкам. На наш погляд, аднак, галоўная прычына такога ўзаемавыключэння палягае ў слабым размежаванні абодвух паняццяў, адсутнасці аб’ектыўных крытэрыяў, па якіх было б магчыма іх адрозніць і вызначыць кожнаму сваё месца ў літаратуразнаўчай тэрміналогіі.

Калі засяродзіцца на даследаванні непасрэдна паэзіі, то варта ўдакладніць, што тэкст і твор з’яўляюцца паэтычнымі. Пры разглядзе асобных вершаў такое ўдакладненне дадае канкрэтыкі, даследчыку зручней вывучаць матэрыял з пэўнага ракурсу, г. зн. увага канцэнтруецца на вызначальных катэгорыях (напр., лірычны суб’ект/герой, лірычны пафас, лірычны сюжэт і інш.).



Такім чынам, абазначым найбольш істотныя характарыстыкі “паэтычнага твора” і “паэтычнага тэкста”.

Па-першае, цэласнасць твора супрацьстаіць фрагментарнасці тэкста. Твор заснаваны на цесным узаемаперапляценні ўсіх яго кампанентаў, якія ў сваёй сукупнасці ствараюць непадзельнае адзінства. Скіраванасць на ідэйную, стылёвую, фармальную цэласнасць абумоўлівае падпарадкаванасць элементаў адзінству. Паводле слоўніка актуальных тэрмінаў і паняццяў “Паэтыка” [3, с.195-196] у аснове станаўлення твора палягае наступная трохступенчатая сістэма: 1) узнікненне цэласнасці як першаэлемента; 2) разгортванне цэласнасці ў састаўных элементах; 3) завяршэнне цэласнасці. Як бачым, мастацкая цэласнасць з’яўляецца іманентнай уласцівасцю твора, яна папярэднічае творчаму працэсу, скіроўвае яго і сканчвае. Паэтычны твор зыходзіць з наяўнасці цэласнасці пачуцця. Зададзенасць пазіцыі лірычнага суб’екта, зрэшты, і сам факт яго прысутнасці з’яўляецца сведчаннем мастацка-ідэйнага адзінства твора. У вершы А.Сыса “Вам, на ложку зямным…” [4, с.212 – 213] кожны яго элемент (запрашэнне гасцей за вясельны стол, прамаўленне тоста, расповяд пра зямных нявест і іншыя) падпарадкаваны агульнаму лірычнаму пафасу, цэласнасць лірычнага пачуцця падмацавана таксама выразнай пазіцыяй яго носьбіта, які супрацьпастаўляе сваё адчуванне свету астатнім. Паказальнай з’яўляецца згадка пра Хрыста, што ўскосна адсылае да самога лірычнага суб’екта і, такім чынам, да яго самасцвярджэння як прарока. У процівагу твору для тэкста ўласціва адносная аўтаномія кожнага яго складніка ці некалькіх складнікаў. Яны звязаны з усім тэкстам слабей, часта элементы развіваюцца самастойна, кіруючыся сваёй логікай. Па сутнасці ствараецца сеціва лейтматываў, якія могуць пераплятацца, але адначасова захоўваць самастойнасць. Паэтычны тэкст пазбаўлены выразнага цэнтра (лірычнага суб’екта), частка і цэлае знаходзяцца ў становішчы раўнапраўных членаў, часта нават асобны элемент мае большае значэнне, чым сума астатніх. Верш Ул.Арлова “Прага” [1, с.66 – 68] утрымлівае фармальныя адзнакі мастацкага твора: ёсць лірычны суб’ект і назва, у якой фіксуецца тэма. Але рэалізацыя ўласна тэкста адпавядае структуры, на якую ўвесь час нанізваюцца новыя драбнейшыя тэмы (прагулка па Карлавым мосце, сабор св.Віта, пропаведзь Яна Багаслова ў Віцебску, Франц Кафка і тэма яўрэйства, сустрэча з Л.Геніюш і іншыя). Яны не развіваюцца, няскончаныя пераліваюцца ў новыя, якія таксама абрываюцца. Такім чынам, паэтычны тэкст працяты шматлікімі ледзь улоўнымі лейтматывамі, якія ўяўляюць сабой накід неразгорнутых тэм.

Па-другое, адзначым завершанасць твора і працэсуальнасць/адкрытасць тэкста. Твор – гэта “рэч у сабе”, якая на прамой часу займае пэўнае месца. Істотнае значэнне тут мае наяўнасць аўтарскай задумы, якой прадугледжвацца пачатак і канец. Мастацкі твор перастварае быццё, па сваёй сутнасці бясконцае і незавершанае, але перастварае ў нешта канечнае і завершанае. Апошняе знайшло сваё найбольш поўнае праяўленне ў распрацоўцы паняцця “мастацкі свет”. Тэкст незапраграмаваны на часавую зададзенасць, ён не ствараецца як артэфакт канкрэтнай культурна-гістарычнай эпохі. Працэсуальнасць тэкста супрацьпастаўляецца аўтарскай задуме, бо стваральнік/аўтар не разглядаецца як спараджальнік новых сэнсаў. Цэнтр цяжару пераносіцца на сам творчы працэс. А.Сыс у вышэйзгаданым вершы ўводзіць разбіўку на строфы, якія з’яўляюцца лагічна завершанымі цэлымі. Але першыя дзве страфы “прадказваюць” наступныя, дзе лірычная сугестыўнасць значна павышаецца і дасягае максімальнага напружання ў апошняй страфе. Дарэчы, якраз на яе прыпадае кульмінацыя ўсяго твора. У адрозненне ад яго верш Ул.Арлова не ўтрымлівае такіх структурных кампанентаў, як завязка, кульмінацыя, развязка, ён прамаўляецца роўна, адсутнічаюць акцэнты і кропкі найбольшага напружання. Прыкметна, што тэкст разарваны аўтарскімі заўвагамі, якія падаюцца ў дужках. Яны не маюць вялікай сэнсавай нагрузкі, але якраз яны з’яўляюцца відавочнымі паказчыкамі таго, што тэкст нараджаецца ў працэсе, што адзіны спосаб яго рэалізацыі – гэта ўключэнне яго ў плынь мовы без памежных пачатку і канца.

Па-трэцяе, іерархічнасць твора супрацьстаіць калажу тэкста. Структурная арганізацыя твора вызначае кожнаму элементу толькі адно магчымае месца. Для тэкста мажліва іх перагрупіроўка. Мастацкі твор скіраваны на адбор стылістычных сродкаў, якія б спрыялі найдакладнейшаму разгортванню аўтарскай задумы. У вершы А.Сыса выкарыстаныя паўторы (сінія, зорка, бурштын, нявеста, законны жаніх і іншыя) выконваюць ролю своеасаблівага каркаса, які трымае астатнія элементы. З іншага боку, паэтам створаны адмысловы семантычны рад (запрашу іх за стол, зорка, нявеста, зямныя, законны жаніх, крываваю, босых нагах, Ісус Хрыстос), які ў межах іерархічнай структуры выконвае сэнсававызначальную ролю ўсяго верша. У тэксце дэманструецца змешванне розных стылістычных пластоў (гутарковая, мастацкая, навуковая мова), жанравая дыфузія, нагрувашчванне розных культурных кодаў, цытацыя. Напрыклад, Ул.Арлоў інтэрпрытуе тэму Прагі, называючы разнастайныя рэальныя і сімвалічныя прадметы і з’явы: прыродныя і культурныя аб’екты (Вэлтава, сабор св.Віта, Карлаў мост), гістарычныя падзеі і імёны (Грунвальд, БНР, Геранім Праскі, Ян Багаслоў), літаратурныя рэаліі (Бабуля, паручнік Лукаш, Франц Кафка), элементы быту (бэхераўка, піццэрыя, пльзенскае піва). Сумяшчэнне розных па часе планаў, размяшчэнне ў адзіным семантычным радзе слоў канкрэтна-бытавога і сімвалічнага характару, адсутнасць сэнсавых дамінант, – усё гэта працуе на стварэнне эклектычнага вобраза Прагі, які адначасова падмацаваны беларускім кантэкстам.

Развіццё сучаснай літаратуры, у прыватнасці беларускай паэзіі памежжа XX – XXI стагоддзяў, дае падставы для размежавання паняццяў “мастацкі твор” і “тэкст”. Апошняе пакуль застаецца нераспрацаваным у айчынным літаратуразнаўстве, але, улічваючы корпус тэкстаў, якія прапануюць нашай увазе сучасныя паэты (Н.Артымовіч, Ул.Арлоў, З.Вішнёў, В.Жыбуль, С.Мінскевіч, А.Хадановіч і іншыя), узрастае неабходнасць дыферэнцыяцыі вышэйзгаданых паняццяў і функцыянаванні іх у межах літаратуразнаўчай метадалогіі як раўнапраўных.


Літаратура:

1. Арлоў Ул. Паром празь Ля-Манш / Ул.Арлоў. – Мн.: Логвінаў, 2006. – 156 с.

2. Гарадніцкі Я.А. Паэтыка беларускай літаратуры XX стагоддз / Я.А. Гарадніцкі. – Мн.: Бел. навука, 2010. – 332 с.

3. Поэтика: словарь актуальных терминов и понятий/ гл. науч. ред. Н.Д. Тамарченко. – М.: Издат. Кулагиной, Intrada, 2008. – 358 с.



4. Сыс А. Лён / А.Сыс. – Мн.: Кнігазбор, 2006. – 435 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка