Падарожжа па народных промыслах Беларусі




Дата канвертавання30.04.2016
Памер105.51 Kb.




Выхаваўчае мерапрыемства

Настаўнік: Каранковіч Святлана Уладзіміраўна,

вышэйшая катэгорыя

ДУА “Мокраўскі ВПК д/с – СШ” Пружанскага р-на
Падарожжа па народных промыслах Беларусі

З бабулінага куфэрка”



Мэта: фарміраваць пачуццё прыгажосці і ўяўленні аб культурна-гістарычным асяроддзі, якое існуе ў жыцці беларусаў; стварыць умовы для выхавання паважлівых адносін да культурнай спадчыны нашага народа, пачуцця нацыянальнай годнасці.
( На сцэне пакой сялянскай хаты. У адным куце – печ, у другім – куфар. Паабапал сцен на сталах стаяць вырабы народных умельцаў з саломкі, з дрэва, з гліны)

Вядучыя:

  1. Дзень добры, зямліца родная!

Пачынаецца свята народнае.

Дзень добры, палеткі і хаты,

Дзень добры, малойцы, дзяўчаты,

Дзень добры, рамёслаў свята,

Што сабрала народу багата.



  1. Слава майстру, што серп прыдумаў,

Што гладыш, нібы кветкі майструе!

Слава добрым і шчырым рукам!

Мы ніц схіляемся чалом

Перад народам майстроў.





  1. Кожны чалавек па сваёй натуры мастак, - гэтыя словы нагадваем кожны раз, калі знаёмімся з творчасцю беларускіх народных майстроў, якія на працягу многіх вякоў стваралі з самых распаўсюджаных і даступных матэрыялаў не толькі зручныя і практычныя, але і прыгожыя мастацкія вырабы.




  1. Да чаго ж багата талентамі наша Пружанская зямліца! У кожнай вёсцы пры жаданні можна знайсці мастака: не вышывае, дык тчэ, пляце з саломкі, стварае цуды на ганчарным крузе. Варта толькі пашукаць.


(Гучыць песня “Люблю мой край”)
Алеся:

Ой, колькі тут дзетачак,

Як у полі кветачак.

Давайце павітаемся: добры дзень!

А цяпер давайце пазнаёмімся.

Я – Алеся-весялінка,

І ў словах прывітання

Пажадаць я вам хацела,

Каб ад нашага спаткання

Песня шчыра зазвінела,

Каб не ведалі вы злосці,

Каб жылі ў весялосці,

Таму што вакол нас мноства цудоўных рэчаў, якія дораць нам хараство і прыемны настрой.

А як вас клічуць? Я кругом павярнуся, а вы голасна назавіце кожны сваё імя.



(Дзеці хорам называюць свае імёны)
Алеся:

Вось і пазнаёміліся.

Ой-ой-ой ! Забылася! Куфар цудоўны дома забылася. А ці ведаеце вы, што гэта такое?
Дзяўчынка: (падыходзіць да куфра)

Спытайцеся ў сваёй бабулі, што такое куфар, і вы пачуеце доўгі, паэтычны расказ у якім будуць прысутнічаць і сваты, і вясельны поезд , і ўрачысты перавоз пасагу нявесты ў дом жаніха.

Яшчэ не так даўно ў куфра была надта пачэсная роля. Стаяў ён на самым прыкметным месцы ў хаце. І дзяўчына складвала ў яго свой пасаг: пасцель, адзенне, ручнікі. Да вяселля куфар патрэбна было запоўніць увесь. І вось настаў той час, калі дзяўчына развітвалася з родным домам, пераязджаючы да свайго суджанага. Спецыяльна выдзеленыя ўдзельнікі вяселля, якія называліся “кубельнікамі”, грузілі на воз, ці на сані куфар з пасагам і ўрачыста везлі па вёсцы: “Глядзіце, якая ўмелая і працавітая нявеста”
Алеся:

А вось і мой куфэрак! А колькі ў ім прылад і рэчаў, колькі гульняў і запевак!

Хопіць нам на цэлы вечар. А з чаго пачынаць?

(Чуецца мелодыя песні “У суботу Янка ехаў ля ракі”. Дзеці спяваюць і інсцэніруюць гэтую песню)
Алеся: (бярэ ў рукі саматканы ручнік)

Вось, вось, вядома, начну з ручнікоў. У нас на Беларусі існуе добры звычай – вітаць дарагіх гасцей хлебам-соллю, які падаюць на саматканым ручніку. Ручнік – сімвал чысціні, цяпла і роднай хаты.


Хлопчык і дзяўчынка: (трымаюць у руках хлеб на ручніку)

Мы звычай зямлі сваёй зберагаем,

Усіх гасцей хлебам-соллю вітаем.
Алеся:

А хто з вас бачыў, як ткуць ручнікі?


Хлопчык:

Ткацтва – самы даўні і распаўсюджаны від беларускага народнага мастацтва.Уменне ткаць было абавязковым для кожнай сялянкі. Асноўную частку пасагу дзяўчыны, што выходзіла замуж, павінны былі складаць тканыя вырабы: адзенне, пасцель, абрусы, ручнікі. Прасці, ткаць і вышываць на Беларусі павінны былі ўмець нават княжацкія дочкі.


Дзяўчынка:

“Не ўважай Ясеньку, каб была росла, сам глядзі, у людзей спытай, ці ўмее ткаць кросны.

Не глядзі Ясю, ці ў пацерках шыя, сам глядзі, у людзей спытай, ці кашулю ўшые”


З ткацтвам звязана шмат старадаўніх абрадаў і звычаяў, вельмі часта яно згадваецца ў беларускіх народных песнях:
Хлопчык:

Садзіцца маё сэрца-ткаля ў кросенькі,

Набіліцамі громка б’е,

Кладуцца ўтоку гусценька палосанькі,

Сучу я цэўкі для яе.

Тчы, мая ткаля! Кроў твая ўзыгралася,

Маланкай гойсае чаўнок.

О, каб хаця аснова ўжо не рвалася!

Каб моцны й спорны быў уток!

Янка Купала “Яна і я”


Хлопчык:

Як толькі закончваліся асеннія работы, у хату ўносілі ткацкі станок – кросны. Усю зіму, прыбіваючы нітку да ніткі, ляскалі бёрды. Асноўным матэрыялам для ткацтва служылі лён, воўна, канопля. З асаблівай паўнатой праявілася майстэрства і мастацкі густ ткачых і вышывальніц пры аздабленні ручнікоў. Ручнік не толькі кавалак тканіны, якой выціраюцца. На ім прымалі навароджанага, падносілі хлеб-соль. Ім павязвалі свата, упрыгожвалі покуць.

Асабліва важную ролю выконвалі ручнікі ў вясельных абрадах. Як правіла, ручнікі маюць белае поле, на якім, пераважна на канцах, размяшчаецца тканы ці вышываны геаметрычны ўзор чырвонага колеру. Нярэдка з дабаўленнем чорнага ці жоўтага.

(Гучыць песня “Беларуская старонка”)
Алеся:

Паглядзіце, у маім куфэрку яшчэ нешта ёсць. Гэта адзенне маёй прабабулькі. Давайце ўспомнім, як яно называлася.


Першая дзяўчынка:

Аснову жаночай вопраткі складала льняная кашуля. Тканым ці вышываным арнаментам чырвонага колеру ўпрыгожваліся звычайна верхнія часткі рукава, манжэты, каўнер. Што азначаюць чырвоныя ромбы на рукавах сарочак?

Ромбы – гэта знак сонца, які павінен быў ахоўваць уладальніка вопраткі ад злых духаў. А чырвоны – значыць прыгожы, сонечны.
Другая дзяўчынка:

А якім багаццем фарбаў вызначаюцца спадніцы, якія яшчэ называліся андаракамі. Іх звычайна шылі з ільняной ці шарсцяной тканіны ў клетку белага, чырвонага колераў на чырвоным, вішнёвым або чорным фоне.

Прыгожа выдзяляліся на яркіх андараках белыя фартухі. Яны звычайна аздабляліся вышыўкай узору з нескладаных геаметрычных фігур.
Трэцяя дзяўчынка:

Завершанасць і святочнасць жаночаму касцюму надавалі галаўныя ўборы. Дзяўчаты насілі вянкі ці вузенькія ручнікі, якія абкручвалі вакол галавы, не закручваючы макаўку. Калі ж дзяўчына выходзіла замуж, яна павінна была мяняць свой галаўны ўбор на жаночы, які б поўнасцю хаваў валасы. На палессі насілі намітку, падобную на ручнік, з вельмі тонкага кужэльнага палатна, аздобленага на канцах геаметрычнай вышыўкай чырвонага колеру.



(Падчас аповеду дзяўчынак, дзве дзяўчыны, апранутыя ў народнае адзенне, ходзяць па сцэне, нібы па подыуме, і дэманстрыруюць яго)
Алеся:

А цяпер давайце пагуляем у гульню са спадніцамі.



(Дзве каманды апранаюць спадніцы, аббягаюць стул, вяртаюцца, перадаюць наступнаму ўдзельніку)
Хлопчык у беларускім нацыянальным касцюме:

Дэкор мужчынскага адзення быў больш стрыманы. Сціплы арнамент размяшчаўся на каўнерыку, манжэтах, падоле кашулі, якая падпярэзвалася тканым, вязаным ці плеценым поясам. Вельмі важнай і абавязковай дэталлю касцюма з’яўляецца пояс. Паясы насілі ў будні і ў святы, дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Важнае месца пояс займаў у розных звычаях і абрадах беларусаў. З поясам звязваліся розныя прыкметы, павер’і, загаворы, гаданні. Паясы вілі, плялі на пяльцах, на калодачцы, на вілачцы, на сцяне, ткалі на дошчачках, на бердзечку, на кроснах, вязалі пруткамі. Беларускі народны пояс працягвае сваё жыццё як твор мастацтва, як арыгінальны сувенір.


Дзяўчынка:

Паясочак сіні – недзе ад матулі,

а чырвоны, яры – мужу да кашулі,

а вось гэты – гожы, доўгі, з кутасамі,

падпярэзваў святам бабін брат часамі.

Загудзелі дуды, гуслі заігралі,

Брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі.

А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі,

Падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі.

(Дзяўчынкі выконваюць песню “Слуцкія паясы”)
Алеся:

А цяпер пагуляем у гульню “Паясы”



(Двое дзяцей бяруць доўгі пояс за канцы, закручваюцца ў яго і раскручваюцца. Хто хутчэй)
Алеся:

Як вы думаеце, з чаго зроблены гэтыя дзіўныя рэчы?


Дзеці:

З ільну!
Алеся:

А як патрэбна працаваць з ільном?
Дзеці:

А мы песню ведаем у якой пра лён усё расказваецца.


Алеся:

Вось здзівілі, дык здзівілі!



(Дзеці танцуюць і спяваюць песню “Ох і сеяла Ульяніца лянок”)
Алеся:

Ой, глядзіце, што ёсць у куфэрку. Капялюш. Калісьці капелюшы былі саламяныя.


Хлопчык у саламяным капелюшы:

Іх народныя ўмельцы плялі з саломы. Саломай аздаблялі, упрыгожвалі розныя куфэркі, рамкі, шкатулкі, плялі розныя ўпрыгожванні.

У сапраўднае золата можа ператварыцца звычайная жытняя салома, калі яна пабывае ў руках сапраўднага маўстра. Салома з’яўляецца даступным і лёгкім у апрацоўцы прыродным матэрыялам. Вельмі прывабна выглядае ў вырабах каляровая саломка: чырвоная, зялёная і іншая.Для афарбоўкі выкарыстоўваюць марылку, каляровыя лакі.

З саломы на Беларусі здаўна рабілі разнастайны посуд для захоўвання зерня, мукі, прадметаў хатняга ўжытку: каробкі, гарцы, меркі, шыяны, кублы.

Сёння саломапляценне – адзін з самых папулярных відаў народнага мастацтва, які нязменна прадстаўляе Беларусь на замежных выставах. Саламяныя сувеніры – ці не лепшы падарунак гасцям нашай рэспублікі?
Алеся:

Давайце ўспомнім гульню “Журавель”. Станьце ўсе у круг – вось гэта луг. А на лузе – журавель (хлопчыку надзяваюць капялюш).

Дзеці ходзяць па крузе і спяваюць:


  • Ходзіць, ходзіць журавель каля нашых канапель,

А я тому жураўлю хвост ды дзюбу абарву.

На словы “хапай, журавель” журавель павінен некага злавіць.



Алеся:

Паглядзім, што яшчэ ёсць у нашым куфэрку. О, бочка! (Дастае маленькую



драўляную бочачку)

Хлопчык:

Бочка – справа не простая – гавораць майстры. Лепей за ўсё, каб яна была дубовая, прадзьмутая ветрам, памытая дажджом, нагрэтая сонейкам. Возьмуць майстры клепачкі, падбяруць шчыльна дошчачкі, надзенуць драўляны або металічны абруч – вось і гатова бочка. Пахне яна лесам, жаўцее сонечнымі бакамі, здзіўляе людзй талентам чалавека, яе зрабіўшага.


Алеся:

А што захоўваюць у бочцы? Соляць у ёй? Адным словам – гародніну.

Давайце адгадаем, якая гародніна ў нашай бочцы.

(Выходзяць дзеці, апранутыя ў касцюмы рознай гародніны і загадваюць загадкі)


Алеся:

Во, колькі мы ўсяго ў бочачку сабралі. Ці не сапраўдная я гаспадыня? Ой, божачкі, а соль забылася. Хто ж мне яе наважыць? Вядома, самыя дужыя хлапчукі. Станавіцеся спінамі, рукі бярыце ўзачэп і паднімайце адзін аднаго сабе на спіну, а мы палічым, колькі солі наважыць самы дужы хлопчык.


Дзяўчынка:

Шырокае распаўсюджанне ў сялянскім побыце мелі драўляныя лыжкі. Яны былі розных памераў і рознай формы. Каб зрабіць драўляную лыжку патрэбны шматлікія разцы, цясло, а таксама беласнежныя асінавыя паленцы. Майстар надае паленцу форму, у якой ужо ўгадваецца лыжка. Канчаткова завяршае работу разцом. Потым лыжку сушаць, шліфуюць. Часам чаранкі лыжак аздабляюцца сціплым узорам.


Хлопчык:

У дзядзькі цэлы спрат запасаў –

Не любіць дзядзька пустаплясаў.

Вось вы зірніце ў хлеў на вышкі,

Там многа яблынін на лыжкі,

Там ёсць і груша, і кляніна,

Якая хочаш дравяніна:

Грабільны, коссі, клёпкі, восі …

(Так піша Я.Колас у сваёй паэме “Новая Зямля”)
Дзяўчынка:

У Беларусі, багатай лясамі, многа майстроў, якія займаюцца апрацоўкай дрэва. У нашай вёсцы Мокрае жыве сапраўдны майстар-рэзчык Янкоўскі Віктар Рыгоравіч. Ён займаецца вырабам скульптуры і пано па матывах казак.


Алеся:

Адгадайце загадку.

Быў я на канапцы, быў я на кружанцы,

Быў на пажары, быў на базары,

Малады быў – увесь свет карміў,

А як стары стаў – пелянацца стаў;

Давялося ж паміраць –

Некаму касцей пахаваць.

(Збан. Гаршчочак)
Алеся дастае з куфра стары збан

Колькі год яму? – хіба ўспомніш,

Уталяў ён нам голад не раз:

Сырадоем бываў напоўнен,

Дастаўляў на пакосы квас.
Хлопчык:

Ганчарства – адзін з нешматлікіх відаў беларускага народнага майстэрства, які мае характар промысла. Раней у святочныя дні ў часы кірмашоў амаль на кожным базары можна было ўбачыць ганчароў са сваім таварам. У выглядзе традыцыйнага народнага промысла жыве ганчарства і сёння, так як попыт на гліняны посуд яшчэ існуе.

Ганчар – сапраўдны чараўнік.

Ён гліны ўзяў камяк,

І вось збанок на крузе ўзнік,

А потым – круглы гляк.

А. Лойка
Дзяўчынка:

На Пружаншчыне ганчароў было многа. Яшчэ ў 20 гадах іх налічвалася каля 80. Пружанскія ганчары карысталіся добрай славай на 100 вёрст ад родных мясцін.

Больш 60 гадоў круціў ганчарнае кола народны майстар Беларусі Такарэўскі. І нават у 80 гадоў ён не мог жыць без любімай справы. З- пад залатых рук майстра выйшлі цудоўныя збаны, глякі, міскі, спарышы.

Асаблівую вядомасць прынесла Такарэўскаму чорная кераміка.

Вырабы гэтага майстра вядомы не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за мяжой.
Хлопчык:

Мы былі на глінішчы,

Бралі гліну ў прыгаршчы,

Шмат на ганак нанасілі,

Там мяшалі і мясілі.
Дзяўчынка:

Наляпілі гладышоў,

Місак, сподкаў, спарышоў.

Хіба мы не ганчары,

Ды не працавітыя?
Разам:

Усе лаўкі і сталы посудам укрытыя.


Алеся:

І сапраўды,

Самая смачная і халодная вада ў гліняным гладышы, а малако, смятана лепш за ўсё захоўваюцца ў гліняных гаршочках і жбанах. А якія смачныя бульба і каша, запечаныя ў гліняным гаршэчку. Усе каштавалі? Смачна?
(Спяваюць песню “Мы з бульбянага краю”

Выконваецца песня-танец “А мы проса сеялі”)
Алеся:

Прыводзячы людскія сэрцы ў рух,

Мастацтва і хвалюе, і лагодзіць.

Народзе мой, твой незалежны дух,

Ад продкаў да нашчадкаў пераходзіць.
Мастацтва – жыццядаўнае пітво,

Што сілу нам даваць заўсёды будзе.

Ратуе свет зямное хараство,

Якое з веку ў век ствараюць людзі









База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка