Паблізу вёскі Студзенка Бялыніцкага раёна былі сярэднявечныя могілкі?




Дата канвертавання01.05.2016
Памер29.56 Kb.
Паблізу вёскі Студзенка Бялыніцкага раёна былі сярэднявечныя могілкі?

У лесе пахне восенню, вільготна, жоўтае лісце і хваіны сыплюцца на галаву, вецер качае высокія яліны. Але навакольнага пейзажу не заўважае кампанія, якая сядзіць абапал вялікага плоскага каменя, прыкладна ў метр даўжынёй. Дзяўчына, два хлопцы і мужчына паліваюць пліту вадой, задумліва гладзяць яе рукамі і ўглядаюцца ў выбітыя на камені старыя надпісы.

— Уверсе выразна чытаецца «Дара», — гаворыць адзін з хлопцаў.

— Так, гэта кірыліца, побач крыж, і Дара сугучна старажытнаславянскаму імені Дарына, — адгукаецца мужчына. — Можа, маецца на ўвазе, што яна аддала цела дзеля выратавання душы? Гэта, вядома ж, не сялянскае пахаванне. І, верагодна, ХVІІІ стагоддзе…

Анатоль Іванавіч Марозаў — настаўнік гісторыі ў вучэбна-педагагічным комплексе аграгарадка Свяцілавічы. Побач яго вучні з 10 класа, удзельнікі школьнай пошукавай групы «Следапыт» Ірына Канстанцінава, Сяргей Чупыркін і Ілья Брэчка.

Нам падаецца, што тут выбіты такія словы: Дара, сама, цела, душа, — падводзіць вынік агляду Анатоль Іванавіч. — Ёсць стрэлка як сімвал узнясення душы. З правага боку, я мяркую, ёсць знакі з глаголіцы. Праз аб’ектыў камеры і на экране камп’ютара будзе відаць лепш. А сваё апошняе слова пра нашу знаходку павінны сказаць навукоўцы.

Гэты старажытны надмагільны камень знайшлі леснікі, калі рабілі санітарную вырубку. Адно з дрэў упала на камень, людзі ўбачылі на ім нейкія пісьмёны і паведамілі пра незвычайную знаходку мясцоваму настаўніку гісторыі Анатолю Марозаву, які даўно займаецца краязнаўствам.

Школьнікі разгледзелі гэты вялікі камень, разышліся навокал і… нечакана для ўсіх знайшлі яшчэ 22(!) камяні розных формаў і памераў, яны літаральна ўраслі ў зямлю. На некаторых з іх ёсць выбітыя малюнкі — у прыватнасці, крыжы і літары. Гэта стала, узгадвае настаўнік, сапраўдным шокам: каля Студзенкі знойдзены старажытны некропаль!

— Камяні знаходзяцца непадалёк ад вясковых могілак, і людзі іх проста не заўважалі, — расказаў краязнаўца. — Яны выглядалі звычайна, нібыта адкінутыя з поля, дзе аралі. Мы ж сталі паліваць іх вадой, чысціць ад бруду, церці анучамі і зубнымі шчоткамі… І ўбачылі, што гэта ўнікальныя камяні.

Анатоль Іванавіч і дзеці вядуць да каменя з выявай крыжа, падобнага да знака Лівонскага рыцарскага ордэна.

— У мяне ёсць гіпотэза, што гэтае пахаванне мае дачыненне да падзей грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХV стагоддзі, — расказвае Марозаў. — У князя Свідрыйгалы тады былі ў саюзніках лівонскія рыцары. Можа, адзін з іх ляжыць тут? У любым выпадку, гэта толькі меркаванне, тут патрабуецца навуковае даследаванне.

Настаўнік таксама хоча паказаць спецыялістам і іншыя камяні, якія, як яму падаецца, маюць дачыненне да капішча. На тых камянях, расказвае ён, ёсць выявы шкілета рыбы і галавы рысі.

— Часта гавораць, што нам нібыта не пашанцавала: вельмі мала захавалася помнікаў сярэднявечча, — гаворыць Анатоль Іванавіч. — Але гэта не так: яны ёсць і на тэрыторыі нашага сельсавета. Мы зараз знайшлі сярэднявечны некропаль, і гэта дасць магчымасць па-іншаму паглядзець на нашу гісторыю.

Да вывучэння свяцілавіцкіх знаходак далучыцца загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Марзалюк. Размова ідзе пра археалагічную экспедыцыю і раскопкі ў бліжэйшы час. Напрыканцы гэтага тыдня Ігар Марзалюк і яго студэнты будуць працаваць на рацэ Віхра ў Мсціславе, дзе нядаўна былі знойдзены сярэднявечныя рыцарскія даспехі. Пасля гэтага археолагі рушаць на Бялыніччыну, каб на свае вочы пабачыць камяні са знакамі.

Хоць на фотаздымках сапраўды нібыта больш выразнымі падаюцца малюнкі і надпісы, але камп’ютарныя выявы ўсё ж не перадаюць іх энергетыку. Гэта асаблівая старажытная прыгажосць!.. Да каменя трэба дакрануцца рукой: лініі малюнкаў, якія вятры, дажджы і снягі згладзілі за стагоддзі, даюць адчуванне гісторыі, якая навокал нас. Трэба толькі ўгледзецца, заўважыць, знайсці.

Школьнай групе «Следапыт» на чале са сваім настаўнікам гэта ўдалося. Яны пачыналі з ваенна-патрыятычнага выхавання, а потым заняліся гісторыяй роднага краю і экалогіяй. Дзеці ходзяць у паходы: нядаўна знайшлі два старажытныя курганы ў сваіх Свяцілавічах.

Сельскія школьнікі — сціплыя, і з іх слова не выцягнеш. Але старажытныя камяні ў лесе іх захапілі па-сапраўднаму. Знаходка выклікала радасць і захапленне, таму яна дала разуменне, што за шмат гадоў да іх тут жылі людзі, што на роднай зямлі ёсць іх карані.

Ілона ІВАНОВА. Фота аўтара.



“Звязда”


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка