Па-сапраўднаму вучыцца пайшла ў мясцовую школу ў далёкім 1954 годзе




Дата канвертавання17.06.2016
Памер31.67 Kb.

Лёс настаўніка


Нарадзілася 22 мая 1947 года. Мама, Алімпіяда Сямёнаўна, з роду Жураўскіх, тата, Антон Рыгоравіч, з роду Капыткаў – пачатак жыцця – лёсу ад бацькоўскага парога. Звычайная сялянская сям’я, у якой гадавалася шмат дзяцей, мела на той час свой хутарок ля вёскі Карцэвічы. Гістарычны Нясвіжскі край. “І калі ўсё часцей звяртаешся да мінулага, - распавядае Таццяна Антонаўна, - то прыходзіш да думкі: мы, пасляваенныя дзеці, выхоўваліся прыродай. Лес, раздольнае і хвалевае поле, сцішаная ў балоце рэчка Уша, на хутары – чаромха пахучая, прыгожы бэз і мая любімая, вышчарбленая ад вятроў чарэшня ля калодзежа”.

Гады пасляваеннага ліхалецця сям’я зведала спаўна: голад, галеча, цяжкая сялянская праца. У вольны час бавілася тым, што гуляла ў школу.

Па-сапраўднаму вучыцца пайшла ў мясцовую школу ў далёкім 1954 годзе.

“Вучылася цікава, а настаўнікі былі якія! Дабрыня, пяшчота, спагада – усё гэта ішло ад аднаго настаўніка. І ўжо ў гэты час закралася маара-думка: стану настаўніцай” – успамінае Т.А. Цыганок. Цяга да навучання была вялікая. Адзнакі за год былі толькі выдатныя, на Новы год за такую вучобу атрымлівала падарункі – дзіцячыя кнігі. Пасля заканчэння васьмігодкі прадоўжыла вучобу ў сярэдняй школе №1 г.Нясвіжа. Да школы прыходзілася дабірацца пешшу 7 кіламетраў. Вучыцца працягвала старанна. Захаплялася грамадскай дзейнасцю: выбіралася старастай класа, членам камітэта камсамола, атраднай важатай, была актыўнай ўдзельніцай драматычнага гуртка пры вясковым Доме культуры.

Было жаданне змяніць жыццё да лепшага. “ У нашай вёсцы, - ўспамінае Таццяна Антонаўна, - не было лазні, мыліся дома ў начоўках. Я ўзяла ды і напісала аб гэтым у сатырычны часопіс “Вожык”. Аб маёй пісаніне стала вядома мясцоваму начальству і бацькам. Ой, як адхадзіў тата мяне папругай. Доўгі час не пакідала крыўда.”

1965 год. Атрымана сярэдняя адукацыя. Па прапанове райкама камсамола ўсталявалася працаваць у Капыльскі раённы Дом піянераў і школьнікаў метадыстам. Так пачалася працоўная дзейнасць з заробкам у 60 рублёў.

Вышэйшую адукацыю атрымала завочна, закончыўшы Беларускі Дзяржаўны Універсітэт па спецыяльнасці “Філолаг. Выкладчык рускай мовы і літаратуры” ў 1973 годзе. У 1967 годзе па сямейных абставінах пераехала ў г.Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Працавала старшай піянерскай важатай, дырэктарам Старадарожскага раённага Дома піянераў і школьнікаў, карэктарам раённай газеты “Поступ Кастрычніка”. Друкавалася ў газеце, рыхтавала рэпартажы на радыё.

У горадзе Гомелі апынулася ў 1973 годзе. Дзякуючы станоўчым характарыстыкам з папярэдніх месцаў работы, прайшла “конкурсны” адбор на пасаду педагога-арганізатара ў сярэднюю школу №40, якая ў той час была вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Восем гадоў напружанай работы ў гэтай навучальнай ўстанове далі шмат карыснага: упэўненасць у свае сілы, уменне ладзіць з людзьмі, увесь час знаходзіцца ў пастаянным пошуку, свае абавязкі выконваць так, каб быць душой калектыву.

Вопыт выхаваўчай работы быў абагульнены Рэспубліканскім інстытутам удасканалення настаўнікаў. Пад кіраўніцтвам вопытнага педагога, заслужанага настаўніка БССР, наймацнейшага кіраўніка, дырэктара СШ № 40 Аркадзя Матвеевіча Несцерчука прайшла выдатную школу кіравання і ўпраўлення. Ва ўзросце 34 гадоў накіравана дырэктарам сярэдняй школы № 36 г. Гомеля. Школа – 2тыс. 400 вучняў і звыш 200 педагогаў (з абслугоўваючым персаналам). 22 гады аддадзена гэтай ўстанове, хаця былі прапановы змяніць пасаду на больш высокую. Сэрцам прыкіпела да яе.

Праходзілі гады, мяняўся статус школ, мяняліся праграмы і падручнікі, але нязменным заставаўся дух творчасці і ўлюблёнасці ў сваю справу, дух пастаяннага клопату за лёсы дзяцей, іх будучыню. Без захаплення, асабістага прыкладу і пачуцця адказнасці, без творчага натхнення не змог бы адбыцца і рост калектыву, і аўтарытэт кіраўніка. Магчыма, ў гэтым і сакрэт таго, што ўстанова, якой кіравала Таццяна Антонаўна ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя стала нацыянальнай школай “Сузор’е”, з 1996 года – першай ў горадзе гімназіяй – Беларуска-славянскай імя Івана Мележа. Набыла славу адной з лепшых у Гомелі, была школай-пераможцай вобласці па выніках навучання і выхавання.

З пачуццём выкананага абавязку пайшла на адпачынак у 2003 годзе.

У асабістай капілцы больш за 30 узнагарод. Сярод іх 2 Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, нагрудны знак “За актыўную працу”, знак “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, Памятны знак “2000 год хрысціянству”, нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

“Роўна 40 гадоў споўнілася, як я ў г.Гомелі, - дзеліцца ўспамінамі Таццяна Антонаўна, - але душой я там, дзе нарадзілася, дзе прайшло маё дзяцінства, дзе гартаваўся характар і адкуль пайшла “у людзі”.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка