Па лесвіцы правіл здаровага харчавання




Дата канвертавання01.05.2016
Памер53.84 Kb.
Факультатыўны занятак у першым класе “ Па лесвіцы правіл здаровага харчавання”
Тэма занятка: Карысная для здароўя ежа

Мэты: пашырыць веды пра ежу, якая дапамагае расці, дае энергію; дапамагчы зразумець, чаму чалавеку неабходна карысная ежа;

фарміраваць навыкі правільнага харчавання, прапагандаваць здаровы лад жыцця;

выхоўваць адказнасць за сваё здароўе;

Абсталяванне: малюнкі з выявай прадуктаў харчавання, муляжы садавіны, агародніны, плакаты, маскі для інсцэніравання, церамок, люстэрка

Ход занятка:

1. Арганізацыйны момант. Псіхалагічны настрой на занятак

Рана-раніцай прачынайся,

Сабе, людзям усміхайся,

Ты зарадкаю займайся,

Заўсёды правільна харчуйся,

Акуратна апранайся,

У школу смела выпраўляйся!

Такімі добрымі словамі мы пачнём занятак.

На пачатку яго правядзём цікавую гульню.

Гульня “ Памяняйся месцамі”.( Давайце памяняемся месцамі тыя, хто мае добры настрой, тыя, хто ранкам карысна паеў, тыя, хто хоча даведацца на занятку шмат цікавага, тыя, хто радуецца веснавому сонейку, тыя, хто хоча атрымаць добрыя веды, усміхніцеся адзін аднаму і займіце свае месцы).

2.Паўтарэнне пройдзенага матэрыялу

Доктар Айбаліт прыслаў нам карткі на якіх намаляваны прадукты харчавання. Давайце ўспомнім з мінулага занятка на якія тры групы мы можам падзяліць гэтыя прадукты.

Раскладзіце прадукты па групах: бялкі, вугляводы, тлушчы.

Для чаго патрэбны бялкі? Бялкі: мяса, рыба, яйкі, малако –будаўнічы матэрыял для росту, калі не хапае бялкоў, чалавек павольна расце.

Для чаго патрэбны вугляводы? Вугляводы: хлеб, крупы грэцкія, крупы рысавыя, садавіна, агародніна-даюць арганізму энергію, якая дае магчымасць чалавеку хадзіць, бегаць, нястача вугляводаў-няма энергіі для скачкоў, бегу, гульняў.

Навошта арганізму тлушчы? Тлушчы: алей, масла, смятана-даюць энергію ў выглядзе цяпла, нястача тлушчаў-чалавек худзее, лішак прыводзіць да атлусцення. Што вы можаце парэкамендаваць мне, калі я буду есці толькі садавіну, агародніну? Ці правільна я харчуюся?

Скажыце, калі ласка, можа чалавек пражыць без адной з гэтых груп? Не. Чалавеку для жыццядзейнасці патрэбны бялкі, вугляводы, тлушчы.

3.Паведамленне тэмы і мэты ўрока. Гутарка па тэме

Пра што мы пагаворым на нашым занятку? Можа пра тое, без чаго чалавек не здольны жыць? Дык што ж будзе аб’ектам увагі на нашым занятку? ( чытаем тэму: “ Карысная для здроўя ежа”).

(На дошцы запісаны пытанні, дзеці павінны выбраць толькі тыя, якія падыходзяць да нашай тэмы).Малайцы, вы выбралі правільны накірунак.

Правільна сёння мы будзем весці гутарку пра ежу, вызначым чаму чалавеку неабходна карысная ежа, будзем вучыцца правільна выбіраць прадукты.

У мяне ў руках незвычайная скрыначка, усярэдзіне тое, з дапамогай чаго вы можаце ўбачыць самае каштоўнае і дарагое для кожнага чалавека. Што там? Вы зможаце адказаць, калі пагуляем у гульню “ Так-не”.( Вучні задаюць пытанні). Тут-люстэрка. Паглядзіце ў яго. Каго кожны з вас убачыць? Сябе. Самым каштоўным для нас з’яўляемся мы самі. А самае каштоўнае для кожнага-яго здароўе.

У нашай рэспубліцы ўдзяляецца шмат увагі ўмацаванню і захаванню здароўя чалавека. Дзеці, скажыце чым быў знакаміты 2008 год? Правільна 2008 год у Беларусі быў аб’яўлены годам здароўя, 7 красавіка штогод адзначаецца Дзень здароўя. А здароўе, працаздольнасць чалавека ў многім залежыць ад харчавання. Якім яно павінна быць?У чалавека шмат шкодных звычак. А да чаго прыводзіць яшчэ адна шкодная прывычка-пераяданне?

4. Работа над тэмай занятка.

( інсцэніраванне верша пра абжорства).

Дзеці, а вы ведаеце выказванне “няграматны чалавек”? Гэта не толькі той, хто не ўмее чытаць і пісаць, але і той хто не ведае правіл здаровага ладу жыцця. Давайце пазнаёмімся з вобразам жыцця асобных дзяцей і ацэнім іх паводзіны.

( аналіз сітуацый на картках).

А цяпер прачытайце тэкст і растлумачце яго.

( на лісце запіс).

Пераяданне, адсутнасць меры ў ядзе прыводзіць да лішняй вагі, атлусцення. Пры гэтым у падкожавай тлуставай клетцы і ў большасці органаў адкладваецца лішняя колькасць тлушчу, што мяшае нармальнай працы ўнутраных органаў, зніжае супраціўленне арганізма да хваробаў.

5.Фізкультхвілінка.

Нам пара і адпачыць,

Сталі роўна, нахіліліся

Раз-уперад, два-назад.

Пацягнуліся, выпраміліся,

Паўтараем усё падрад.

А цяпер папрысядаем

Мы калені размінаем,

Нашы ногі трэніруем.

Са здароўем усё ў парадку,

Калі робім мы зарадку.

4.Работа над тэмай занятка.

Гіпакрат, лекар Старажытнай Грэцыі, філосаф, заснавальнік медыцынскай навукі, які пражыў 104 гады казаў: “ Ваша ежа павінна быць лекамі, а вашы лекі ежай”. Гэта ён казаў пра адну з раслін. Пра якую адкажаце, калі паслухаеце загадку:

Што за скрып, што за хруст?

Гэта што яшчэ за куст?

Ну, а як жа быць без хруста, калі я…( капуста).

А якую яшчэ садавіну і агародніну вы ведаеце?

( інсцэніраванне казкі “ Церамок”).

Ёсць на свеце вельмі незвычайнае і цікавае вітаміннае каралеўства. Ніхто не ведае яго межаў. Вітаміны жывуць усюды. Яны клапоцяцца, каб мы з вамі былі здаровымі. У цэлым яны дораць людзям жыццё. Вітамінамі іх празвалі таму, што слова “ віта” азначае жыццё. Вітаміны прыслалі нам тэлеграмы з сваімі фотаздымкамі, у якіх гавораць аб сваёй карысці. Паслухайце іх змест.

( чытанне тэлеграмаў).

6.Замацаванне вывучанага.

Не ўсе прадукты, якія есць чалавек, карысны для здароўя. Правільнае харчаванне-залог здароўя, няправільнае прыводзіць да хваробаў. Давайце пагуляем у гульню “ Што разбурае, а што ўмацоўвае здароўе”.

( на стале муляжы прадуктаў: разлажыць іх у 2 групы-карысныя, некарысныя).

Чаму вы так зрабілі? Чым гэтыя прадукты карысная? Якую шкоду наносяць арганізму некарысныя прадукты? А зараз за тое, што вы добра працавалі, паслухайце нешта цікавае:

а) Прыродным полівітамінам называюць плады шыпоўніка, якія лечаць ад 40 хвароб.

б) Ранняй вясною, калі адчуваецца недахоп вітамінаў,гэта называецца авітамінозам, асабліва карысна квашаная капуста. У ёй шмат вітаміна С. Яшчэ вясной пажадана ўжываць стравы з зялёнага шчаўя, радыскі, салаты.

в)Ягады журавіны замяняюць лімон, дапамагаюць пры хваробах.

г) Вельмі карысна печаная бульба. Яна амаль цалкам захоўвае вітаміны і мінеральныя рэчывы.

Чытанне звестак з энцыклапедыі.

7. Падвядзенне вынікаў.

А зараз дзеці паглядзіце на дошку, давайце прачытаем правілы здаровага харчавання. Пра некаторыя мы гаварылі на сённяшнім занятку, пра іншыя будзем весці размову на наступных.Дзеці скажыце як называлася наша тэма? Што мы сёння даказалі ў канцы занятка?

Рабяты, каб захаваць сваё здароўе, вам патрэбна выконваць гэтыя правілы. А самае галоўнае правіла: “ Ніхто не паклапоціцца аб табе лепш, чым ты сам”. Не забывайце пра гзта.

Чалавеку трэба есці,

каб можна было ўстаць і сесці,

каб расці і развівацца,

скакаць каб і куляцца.

Песні пець , пабольш смяяцца

і пры гэтым не хварэць.

Трэба правільна харчавацца

з самых малых гадоў.

Трэба есці памідоры,

агародніну, лімоны.

Ранкам кашу, суп у абед,

а ўвечар вінагрэт.

8. Рэфлексія.

Настаў час скончыць наш занятак. Дзеці давайце збяром невялікі пакунак для Карлсана і пакладзём туды толькі карысныя прадукты. Нагадайце яму якія прадукты харчавання трэба ўжываць? Што варта ўспомніць, калі вельмі захочацца прысмакаў?

Мы пачалі свой занятак з усмешкі, давайце і закончым яго так, пажадаем адзін аднаму ўсяго найлепшага.

Гульня “ Круг”.

( дзеці становяцца ў круг, кладуць рукі адзін аднаму на плечы і жадаюць поспехаў).

А я хачу падарыць кожнаму з вас памяткі аб правільным харчаванні, каб кожны вёў здаровы лад жыцця.



Усім дзякуй за працу!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка