Па факце парушэньня права на адукацыю й дыскрымінацыі па нацыянальна-моўнай і палітычнай прыкметах




Дата канвертавання21.03.2016
Памер63.66 Kb.
У суд горада Жодзіна

Заяўнікі: бацькі Янкі Лапіцкага,

Аляксей Лапіцкі й Сьвятлана Лапіцкая

Вул. 50 Год Кастрычніку 8а-30,

222160 г.Жодзіна,

х.т.: 8 (1775) 3-49-70



Па факце парушэньня права на адукацыю й

дыскрымінацыі па нацыянальна-моўнай

і палітычнай прыкметах

Заява

Жодзінскім гарадзкім выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне № 928 аб чарговай ліквідацыі (другі раз за апошнія 4 гады) беларускамоўнага навучаньня нашага сына Янкі Лапіцкага ў Гімназыі № 1 г. Жодзіна й прымусовым пераводзе яго на рускамоўнае навучаньне з прычыны неабходнасьці рацыянальнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў. У 2004 годзе разам з прымусовай ліквідацыяй беларускамоўнае клясы Жодзінская беларуская гімназыя страціла й свой беларускі статус дый была пераназваная ў Гімназыю № 1.


Абставіны па справе
У парушэньне пастановы Камісыі па справах непаўнагадовых ад 20.10.2009, якая з улікам наяўнай і адзначанай у афіцыйным адказе ад 06.10.2009 зь Мінадукацыі магчымасьці й адпаведных заяваў ад бацькоў ад 31.08.2009 і ад 12.10.2009, а таксама нашых прозьбаў і патрабаваньняў як бацькоў, абавязала Жодзінскі ГАА ў 5-дзённы тэрмін аднавіць беларускамоўнае навучаньне нашага беларускамоўнага сына Янкі Лапіцкага ў памяшканьні Гімназыі №1 – наш сын сёньня неправамерна застаецца пазбаўленым права на адукацыю на роднай дзяржаўнай мове й працягвае падвяргацца дыскрымінацыі разам з намі па нацыянальна-моўнай і палітычнай прыкмеце.
Адзначаная пастанова Камісыі за №417 ад 20.10.2009 пачала рэалізоўвацца, аднак зь ініцыятывы дырэкцыі Гімназыі №1 навучаньне зноў раптоўна было спынена й пастанова перастала рэалізоўвацца.
Так, дырэктар Гімназыі №1 з спасылкаю на нейкае чарговае телефанаваньне зь Менаблвыканкаму (прозьвішча телефанаваўшага ананіма не апавешчаецца …!?) і ўласнае нежаданьне быццам бы парушаць (!?) інструкцыю … выклікаў да сябе ў кабінэт нашага непаўнагадовага сына і зноў забараніў яму на наступны дзень прыходзіць у адукацыйную ўстанову. Што выклікала шок у дзіцяці й у нас адпаведна.
Толькі з адказу пракуратуры нам стала вядома, што па факце чарговага спыненьня беларускамоўнага адукацынага працэсу ў Гімназыі №1 сп. Г.Каршун выдаў адмысловы нутраны загад за №511. Са зьместам загаду нас ніхто не знаёміў. У тым ліку, у парушэньне дзейснага закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзянаў” мы не атрымалі аніводнага афіцыйнага пісьмовага адказу зь Гімназыі №1 на ўсе ўласныя мінулыя звароты, зробленыя намі па адукацыйнай праблеме з 31.08.2009 году.
Ня гледзячы на гэта, адміністрацыя гімназыі ў сваём журнале ўліку спраўнай перапіскі (як сьцьвярджае пракурорская праверка) адзначае быццам бы ёй зробленыя сваечасова ўсе неабходныя адказы на нашыя заявы, якіх мы ў вочы ня бачылі (!!?), якія не дасылаліся нам як заяўнікам зусім ніколі, ні сваечасова, ні з спазьненьнем. І мы не ведаем пра што можа ісьці тут навогул гаворка. На паседжаньні Камісыі па справах непаўнагадовых дадзены факт, адсутнасьці адказаў ад адміністрацыі гімназыі на нашыя заявы, нават не аспрэчваўся дырэктарам. Яму не было, што прадставіць у сваё апраўданьне. І дадзены факт улічваўся 20.10.2009 як важкі аргумэнт у выносімай калегіяльнай пастанове за №417.
Зусім выклікае шок, што адказная асоба, дырэктар адукацыйнае ўстановы, каб пазьбегнуць адказнасьці па законе, апускаецца да падобных падтасовак і выдумляе нават такія экзатычныя абставіны, калі нібы па нашае прозьбе, адказ на апошнюю заяву ад 12.10.2009 быў быццам бы адпраўлены нам факсам (!?), падобным незвычайным для перапіскі з грамадзянамі спосабам. І гэта з-за таго, што натуральна ні на водны адказ, які, верагодна, зараз заднім чыслом далучаны да справаздачнасьці, у адміністрацыі няма й ня можа быць дакумэнтальнага пацьверджаньня аб паштовай адсылцы. Сумна назіраць падобную брудную й нізкую валтузьню вакол элемэнтарных працэдураў спраўнай камунікацыі ў той час, як спасылка на інструкцыю … увесь час дазваляе спакойна парушаць права на адукацыю нашага беларускамоўнага сына ў межах хатняй формы навучаньня па нашай заяве ў памяшканьні Гімназыі №1 (!?)
Бо з моманту прыняцьця адзначанага вышэй загаду дырэктара Гімназыі №1 наш сын Янка з пачатку месяца зноў пазбаўлены права на атрыманьне якасных адукацыйных паслугаў на роднай мове, бо пазбаўлены гімназычнага памяшканьня для працягу заняткаў.
Акрамя таго, адміністрацыя гімназыі строга сочыць за тым, каб адукацыйныя паслугі НЕ АКАЗВАЛІСЯ беларускамоўнаму вучню НАСТАЎНІКАМІ ў іншых умовах акрамя, як дома ў Янкі насуперак волі й пажаданьняў бацькоў, законных уладальнікаў хатняга памяшканьня (!?).
Такім чынам, груба ігнаруюцца службовыя й прафэсыйныя абавязкі працаўнікоў адукацыйнае сфэры, а таксама парушаецца арт. 29 Канстытуцыі краіны, якім гарантуецца недатыкальнасьць прыватнага памяшканьня ягоных уладальнікаў, у парушэньне міжнародных стандартаў права (МПГіПП) і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, аказваецца адміністрацыйны ціск і шантаж з мэтаю прымусіць бацькоў да адмовы ад уласных поглядаў і перакананьняў ...
У выніку, прымус да расейскамоўнай адукацыі нас, як беларускамоўных грамадзянаў і нашага сына Янкі ў Жодзіне, распачаты прыняцьцём Рашэньня №928 Жодзінскага выканкаму, працягваецца. Ён носіць цалкам неправамерны антыканстытуцыйны характар і павінен быць неадкладна й безумоўна спыненым.
***

ПРЫ ГЭТЫМ, ЛІЧЫМ НЕАБХОДНЫМ АДЗНАЧЫЦЬ, што Усеагульная дэклярацыі правоў чалавеку замацавала права кожнага чалавека на адукацыю, а таксама правы бацькоў у прыярытэтным выбары тыпу адукацыі для сваіх малалетніх дзяцей.


У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначана, што "дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца беларуская й руская мовы" (арт. 17), "кожны мае права на адукацыю"(арт. 49), а "дзяржава адказная за захаваньне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае разьвіцьцё культур усіх нацыянальных супольнасьцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь" (арт. 15) і "гарантуе ў адпаведнасьці з законам свабоду выбару мовы выхаваньня й навучаньня" (арт. 50).
Паводле арт. 3 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб правах дзіцяці" ад 19 лістападу 1993 г. N 2570-XII "каардынацыя дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыяў у рэалізацыі дадзенага закону ажыцьцяўляецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь".
Кожнае дзіця мае права на атрыманьне адукацыі, а дзяржава забясьпечвае дзецям магчымасьць прылучэньня да гісторыі, традыцыяў і духоўных каштоўнасьцяў народу Рэспублікі Беларусь і дасягненьняў сусветнае культуры (арт. 22, 23 Закону "Аб правах дзіцяці").
Паводле арт. 2 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб мовах Рэспублікі Беларусь" ад 26 студзеня 1990 г. N 3094-XI "у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца беларуская й руская мовы.
Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае разьвіцьцё й функцыянаваньне беларускай ды рускай моваў ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця.
Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным разьвіцьці й ўжываньні ўсіх нацыянальных моваў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.
Дзяржаўныя ворганы, ворганы мясцовага кіраваньня й самакіраваньня, прадпрыемствы, установы, арганізацыі й грамадзкія аб'яднаньні ствараюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэньня беларускай і рускай моваў і дасканалага валоданьня імі.
Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад'емнае права на выхаваньне і атрыманьне адукацыі на беларускай альбо рускай мове. Гэта права забяспечваецца сыстэмай дашкольных установаў, агульнаадукацыйных школаў, прафэсыйна-тэхнічных вучэльняў, сярэдніх спэцыяльных і вышэйшых вучэбных установаў. У Рэспубліцы Беларусь вучэбная і выхаваўчая праца ў агульнаадукацыйных школах вядзецца на беларускай і (альбо) рускай мовах" (ст. 22. 23 Закона "Аб мовах Рэспублікі Беларусь".
У адпаведнасці з арт. 3 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб адукацыі" ад 29 кастрычніка 1991 г. N 1202-XII "права грамадзянаў на адукацыю забясьпечваецца стварэньнем умоваў для атрыманьня адукацыі з улікам нацыянальных традыцыяў, а таксама індывідуальных запатрабаваньняў, здольнасьцяў і запытаў тых, хто навучаецца (выхаванцаў), а асноўнымі мовамі навучаньня й выхаваньня ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца беларуская й руская.
Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару мовы навучаньня й выхаваньня ды стварае адпаведныя ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Навучаньню на беларускай мове, выданьню літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка" (арт. 5 Закону).
Лічым, што рашэньне № 928 Жодзінскага гарадзкога выканаўчага камітэту зьяўляецца незаконным і груба парушае правы й законныя інтэрасы нашага беларускамоўнага непаўнагадовага сына, Янкі Лапіцкага.

На падставе выкладзенага і, у тым ліку, кіруючыся арт. 112 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь …


Просім ВАС

разабрацца ў выкладзеных вышэй фактах працягу дыскрымінацыі па нацыянальна-моўнай і палітычнай прыкмеце, стварэньні перашкодаў у навучаньні нашага беларускамоўнага сына па-беларуску ў памяшканьні Гімназыі №1 і сыстэматычных парушэньнях дзейснага заканадаўства …;




  • ПРЫНЯЦЬ РАШЭНЬНЕ ДЛЯ ЎЗНАЎЛЕНЬНЯ Й ГАРАНТАВАНАГА ЗАБЕСЬПЯЧЭНЬНЯ ПРАВА НА АДУКАЦЫЮ НА РОДНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ ДЛЯ НАШАГА беларускамоўнага сына Янкі Лапіцкага, а таксама нашых законных інтарэсаў як бацькоў – на ДАЛЕЙШЫ ГАРАНТАВАНЫ БЕЗПЕРАПЫННЫ ПРАЦЯГ НАВУЧАЛЬНАГА ПРАЦЭСУ па беларускамоўнай гімназычнай праграме ў памяшканьні Жодзінскай Гімназыі №1.

"28" 12. 2009 ____________Лапіцкі А.І.



__________Лапіцкая С.П.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка