П. І. Лявонава (Мінск) успрыманне беларускай паэзіі мяжы хх–ххі ст. Ст. Студэнтамі-культуролагамі




Дата канвертавання09.05.2016
Памер108.6 Kb.
П. І. Лявонава (Мінск)
УСПРЫМАННЕ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ

МЯЖЫ ХХ–ХХІ СТ. СТ. СТУДЭНТАМІ-КУЛЬТУРОЛАГАМІ
Літаратура двух апошніх дзесяцігоддзяў у курсе гісторыі беларускай літаратуры вывучаецца студэнтамі-культуролагамі не так шырока, як яна таго заслугоўвае, з-за дэфіцыту вучэбнага часу: увесь курс (ад даўняй літаратуры да сучаснай) разлічаны на 34 заняткі. Таму вялікае значэнне для паўнавартаснага ўспрымання сучаснай беларускай паэзіі, прозы або драматургіі мае папярэдні адбор выкладчыкам найбольш значных і цікавых з пункту гледжання непасрэднага чытацкага ўспрымання і культуралагічнай дасведчанасці студэнтаў аўтараў і твораў. Так, напрыклад, вершы З. Вішнёва або А. Бахарэвіча тыпу “Я саджу пінгвіня на каня…” успрымаюцца студэнтамі з вялікімі намаганнямі і пакідаюць уражанне незразумеласці, а скажам, верш В. Жыбуля “Карэктар снег” ці вершы В. Морт, не гаворачы ўжо пра паэзію А. Сыса, прачытваюцца з цікавасцю і разуменнем.

Студэнты найперш выяўляюць цікавасць да тых твораў, якія станоўча ўздзейнічаюць на іх эмацыянальны свет, поўняцца разнастайнымі настроямі і пачуццямі, прасякнуты мяккім гумарам, а то і іроніяй, або тымі, у якіх ёсць пэўная “зачэпка” для абуджэння ўражанняў, выкліканых папярэдняй дасведчанасцю па гісторыі культуры ды іншых літаратур свету, што вывучаюцца ўжо з першага курса. Так, моладзь разумее каштоўнасць кнігі Р. Барадуліна “Ксты”, вылучае біблейскія або фальклорныя матывы ў творчасці С. Сакалова-Воюша, з задавальненнем чытае падборкі вершаў такіх старэйшых і прызнаных паэтаў, як А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, прымае паэзію Л. Дранько-Майсюка, У. Някляева, Э. Акуліна, Р. Сітніцы, цікавіцца лімерыкамі А. Хадановіча, творамі В. Куставай і шмат якімі іншымі.

Дзеля выпрацоўкі ў будучых спецыялістаў-культуролагаў пэўнай сістэмы крытэрыяў для ацэнкі твораў сучаснай літаратуры важна, на наш погляд, своечасова пазнаёміць іх з некаторымі тэарэтычнымі палажэннямі пра адметнасць развіцця нацыянальнай літаратуры ХХ−ХХІ стагоддзяў, пра найважнейшыя характарыстыкі беларускага мадэрнізму. Абапіраючыся на працы П. Васючэнкі і В. Максімовіча, а таксама зыходзячы з іншых літаратуразнаўча-крытычных матэрыялаў, мы падаём неабходныя зыходныя палажэнні прыкладна ў такой форме і паслядоўнасці.

Беларускі мадэрнізм ХХ стагоддзя быў падначалены нацыянальна-адраджэнскім ідэям, скіраваны на мастацкі эксперымент, валодаў павышанай структурнай рухомасцю, адкрытасцю, разамкнёнасцю, тым больш што сам працэс мадэрнісцкага руху на памежжы ХІХ−ХХ стагоддзяў быў сціснуты, спрэсаваны ў часе, паскораны. У многім пераняўшы ўстаноўкі і сродкі рамантычнай паэтыкі, мадэрнізм пайшоў далей па шляху паглыблення асобасна-індывідуальнага пачатку, паралельна і адначасна спасцігаючы супярэчлівы характар усёй нацыі, якая ўпершыню адчула вялікую прагу духоўнага ачышчэння [1, с. 133]. Атрымліваецца, што ў пачатку і ў сярэдзіне ХХ стагоддзя мадэрнізм сінтэзаваў у сабе функцыі рамантызму, яго разуменне чалавека як носьбіта сутнасных, ідэальных сіл, спасцігаючы пры гэтым невымерныя глыбіні суб’ектыўнага, псіхалагічнага, падсвядомага. У другой палове ХХ ст., і асабліва напрыканцы яго, у 90-я гады, беларуская літаратура, як зусім слушна сцвярджае П. Васючэнка, замест ранейшай “магістральнай” савецкай схемы, набывае “веерны”, рознаскіраваны выгляд, хаця ў ёй па-ранейшаму застаюцца матывы катастрофы і лабірынту. І нягледзячы на тое, што галоўныя функцыі літаратуры (пазнавальная, выхаваўчая, эстэтычная) адыходзяць на другі план, за літаратурай захоўваецца функцыя пераўтварэння, культурнага абжывання Сусвету [2, с. 7, 180, 193]. Вялікі Пісьменнік, па словах П. Васючэнкі, не адлюстроўвае, а пераадольвае і перастварае рэчаіснасць, творыць свой уласны свет, з адпаведнай сістэмай каардынат, з унікальнымі прасторай і часам. І маладыя паэты або празаікі, калі нават іх “заносіць” у постмадэрнізм з яго містыфікацыяй, другаснасцю, парадыйнасцю, паўторамі − адлюстраваннямі, эксперыментамі з мастацкім часам і г. д., таксама імкнуцца адгукацца на сучасныя запатрабаванні асобы і грамадства, па-свойму рэалізуючы стваральную функцыю мастацкай літаратуры. І няхай тут шмат яшчэ ўласнага пазіцыявання, кітча, перанасычанасці пазнавальнасцю, камп’ютарнымі гульнямі, захаплення відовішчамі замест сапраўднага мастацтва, празмерная плынь свядомасці, шматслоўнасць, выявы цьмянай або хваравітай фантазіі і г. д., усё ж з гэтай гульні словамі, стылямі, кірункамі, гульні з чытачамі і з сабой у рэшце рэшт паўстаюць новыя таленавітыя аўтары, выяўляюцца новыя адметныя спосабы вырашэння асабістых і грамадскіх праблем.

Каб студэнты не заблыталіся ў моры аўтарскіх імён і твораў сучаснай літаратуры, неабходна даць ім пэўныя арыенціры, прозвішчы тых аўтараў, якіх варта чытаць. Гэта празаікі У. Арлоў, Б. Пятровіч з яго творамі-“фрэскамі” ці снабачаннямі, А. Федарэнка з традыцыйна-псіхалагічнай распрацоўкай характараў маладых герояў, якія жывуць у постсавецкай прасторы, У. Сіўчыкаў, В. Мудроў, У. Някляеў як таленавіты празаік і нават драматург (п’еса “Армагедон”), а не толькі паэт, А. Бахарэвіч, Ю. Станкевіч, В. Іпатава, Л. Рублеўская і інш., паэты старэйшыя і маладзейшыя, сярод якіх імёны В. Зуёнка, Н. Гілевіча, С. Законнікава, Г. Бураўкіна, Р. Барадуліна як прызнаных мэтраў нашай літаратуры і шмат хто іншы. Безумоўна, што апроч рэкамендаваных выкладчыкам, студэнты чытаюць і шэраг іншых аўтараў, прытым, бывае, прачытваюцца творы, з якімі не паспеў пазнаёміцца і выкладчык, напрыклад, выдадзеная невялічкім накладам кніга У. Ахроменкі і М. Клімковіча “Янкі, альбо астатні наезд на Літве”. У такім выпадку кароткае паведамленне студэнта чытача на занятках або ў “пазаўрочны” час прыцягвае ўвагу астатніх, нязмушана пабуджае іх да чытання.

На жаль, з-за недахопу часу, на занятках не заўсёды знаходзіцца магчымасць наладзіць абмеркаванне самастойна прачытаных студэнтамі твораў, але ў сваіх дзённіках (рабочых сшытках) яны хаця б у вельмі сціслай і зразумелай перш за ўсё ім самім форме занатоўваюць свае чытацкія ўражанні, каб яны засталіся з імі і пасля заканчэння ВНУ, а не толькі былі прад’яўлены выкладчыку на заліку або экзамене як доказ прачытання і роздуму. Больш падрабязная інтэрпрэтацыя асобных твораў беларускіх аўтараў адбываецца ў курсе “Аналіз мастацкага тэксту”, які мае практычную скіраванасць на выпрацоўку і ўдасканаленне будучага прафесійнага ўмення студэнтаў-культуролагаў разумець і ацэньваць твор мастацтва, і перш за ўсё, мастацтва слоўнага, якое найбольш сцісла і пранікнёна ўплывае на свядомасць праз знакі, сімвалы, сваю мастацкую цэласнасць. Менавіта тэкст, які лучыць цяперашняе з мінулым, а часта праграмуе і будучыню, тэкст, зразуметы ў сваёй эстэтычнай функцыі, дазваляе кожнаму ажыццяўляць эмацыянальную рэфлексію, шукаць і знаходзіць уласныя асобасныя сэнсы, што так неабходна сёння ў нестабільным грамадстве з дэфіцытам духоўнасці і распаўсюджанасцю маскультуры.

Прывядзём некаторыя прыклады ўспрымання студэнтамі твораў сучаснай беларускай літаратуры. Адразу трэба адзначыць, што ўзровень ўспрымання розніцца ў залежнасці ад ступені агульнай і мастацкай падрыхтаванасці асобы, ад складанасці самога тэксту, ад таго, нават, наколькі прыязна паставіўся да студэнта выкладчык, калі рэкамендаваў пачытаць той ці іншы твор. Адна справа, калі гэта першае знаёмства з творамі пэўнага аўтара і зусім іншая, калі гаворка вядзецца пасля перачытвання яго тэкстаў, тым больш, пасля самастойнага пошуку новых тэкстаў. Найбольш поўнае і глыбокае разуменне мастацкіх тэкстаў, безумоўна, выяўлялася ў тых студэнтаў, якія пісалі рэфераты або курсавыя працы па творчасці асобных аўтараў, разглядаючы яе ў межах спецыяльных або агульных праблем культуры, а таксама ў тых, хто браў удзел у студэнцкіх навуковых канферэнцыях.

Вось як, напрыклад, разважае пра вершы А. Сыса студэнтка пасля першага прачытання яго паэмы “Алаіза.”. “Гэта імя для мяне новае, як і вершы, гаворыць дзяўчына і працягвае. − У паэта няма пафасных у афіцыйным сэнсе выразаў, а ёсць размоўная інтанацыя. Ёсць шчырасць і патрыятызм, адчуваецца: сам з народа. Шмат паўтораў, яны, як рытм сэрца. Пачуццё болю, смутку, трывогі, роздуму і адначасова вера ў Беларусь. Тэма паэта, лёсу, жыцця і смерці. Вобраз крыві вельмі часта. Думаю, гэта сімвал кроўнай сувязі з народам, са сваёй зямлёй. Прадчуванне трагізму. Не зразумела паэму “Алаіза”, ні па змесце, ні па структуры. Затое “Пан Лес”, па-мойму, сімвалізуе сілы народныя, супольнасць, адраджэнне. Шмат вершаў-прысвячэнняў, як сябрам, так і паэтам-класікам, А. Гаруну, напрыклад. Наогул, мне яго паэзія спадабалася”.

Як бачым, выказванне даволі змястоўнае, у цэлым, правільнае, хаця і патрабуе глыбейшага асэнсавання творчасці А. Сыса. Звычайна студэнты выказваюцца больш сцісла, на ўзроўні “падабаецца – не падабаецца, “зразумела – не ўсё зразумела”. Паглыбіць першае чытацкае ўяўленне часта дапамагае парада выкладчыка прачытаць уголас той тэкст або ўрыўкі з яго, які чымсьці прыцягнуў увагу напачатку. І тады праз чытанне для другога (для значымага другога, як сказалі б псіхолагі), а фактычна праз перачытванне, з’яўляецца лепшае разуменне мастацкага твора для сябе, бо ў свядомасці, напэўна, адбываецца дапрацоўка, якую вымагаюць самі зносіны, дыялог чытача з аўтарам, “справакаваны” чытачом-выкладчыкам. Яшчэ адзін педагагічны прыём, які дае добры вынік ва ўсведамленні студэнтам адметнасці стылю або ўсёй творчасці аўтара, што жыў ці жыве на мяжы ХХ – ХХІ ст.ст., - гэта дарэчы прыведзеная асабістая ацэнка або спасылка на абагульняльнае выказванне дасведчанай і аўтарытэтнай асобы. У гаворцы, напрыклад, пра А. Сыса “спрацоўвае” такое шчыра-спавядальнае слова маладой таленавітай паэткі В. Куставай: “Анатоль Сыс – як ніхто іншы – абсалютна адчуваў, што ягонаму натхненню не злятаць з пухнатых аблакоў вясёлкамі ды пялёсткамі, а прыдушваць за гарляк, за дыхла да страты прытомнасці, калі боль распірае нутро і робіцца нетрывучым, пякельным – каб высекчы, выкрычаць, вылаяцца скрываўленым вершам. Такім было ягонае натхненне. Натхненне з болю. Вобраз, які мог найяскравей выявіць сутнасць Анатолевай паэзіі… Раскрыжаванае сэрца ў агні, праз якое прараслі парасткі жыта” [3, с. 301]. Своеасаблівым варыянтам эмацыянальнай і слушнай ацэнкі творчасці аднаго паэта другім, не менш таленавітым, можа стаць выказванне пра А. Сыса Уладзіміра Някляева. Прывядзём яго тут у скарочаным варыянце: “Яго месца побач з Купалам, Коласам, Багдановічам… З сучаснікаў – побач з Барадуліным… Напісаў ён не многа… Выдыхаючы ў вершы ўсяго сябе, колькі цябе ёсць, многа не напішаш. Многа – гэта пустата. А ў яго амаль кожны радок – крываток, намаганне духу. Барацьба з пустатой, што запаўняе абыякавае неба” [4, с. 505]. Ацэнкі перагукваюцца па змесце, але розныя па вобразнасці, якая выступае не менш важкім крытэрыем у мастацтве слова і ў эстэтычным выхаванні студэнтаў.

Прывядзём яшчэ два прыклады з практыкі зносін са студэнтамі ў працэсе вывучэння імі беларускай літаратуры. Выказванні, на нашу думку, вылучаюцца дастатковай прадуманасцю і доказнасцю, хаця ацэнкі тэкстаў паэтаў дыяметральна супрацьлеглыя. Адно з іх тычыцца цыкла твораў Алеся Разанава, змешчаных у часопісе “Дзеяслоў” [5], другое – цыкла тэкстаў Зміцера Вішнёва, таксама ўзятых з “Дзеяслова” [6]. Вось як ацэньваецца падборка пункціраў А. Разанава “Воплескі даланёю адною”. “Я так зразумела, − гаворыць студэнтка, што пункціры – гэта невялічкія вершы у 3-4 радкі, як правіла, без рыфмы, але з глыбокай думкай, нават афарызмам. Думка нечаканая, таму яна ўражвае, як і яе слоўная абалонка. Словы тут не простыя, а з сугуччаў, з гукаў і цэлых складоў, якія паўтараюцца, пераклікаюцца, прыцягваюць увагу да сэнсу. Гэта не проста гульня слоў, хаця, канешне, гульня ёсць, але ў культуры гэта натуральна, гульня як з’ява культуры, як свята. А тут яна як з’ява паэзіі, як прыпадабненні, як элемент сувязі ўсяго з усім у нашым жыцці. На першы погляд, паэт вядзе гаворку пра простыя рэчы, з’явы прыроды ці побыту: дождж, гром, траву, качку, казу, дзядоўнік, сабаку, лодку, цягнік і г. д. Але пастаўленыя ў суадносіны з унутраным светам чалавека, з яго перажываннямі, яны як бы выпраменьваюць нечаканыя сувязі яго з усім, што існуе на свеце: сувязі прыроды – духоўнасці – слова як знаку і сімвала духоўнасці. Адбываецца пры чытанні як бы адкрыццё вось гэтай гармоніі, а не раз’яднанасці чалавека з Сусветам. І яшчэ кожны раз здзіўляе эканомнасць маўлення, прыгажосць нашай мовы. Вось, напрыклад: “Мае сябе – спявае ручай, а сумёт нямы”. Я так разумею сэнс сказанага: тое, што ў руху, − выказвае сябе, а ў статыцы патаемнае бязмоўнае, яго не адчуеш. Або вось якія сугуччы: “Вагаецца вецце за вокнамі і адтуль тлумачыць, што тут утульна”. Або вось узор еднасці прыроды і чалавека: “Па самае горла: увайшлі ў раку гарлачыкі і чалавекі”. Нельга пераставіць ці зблытаць ніводнага слова, на тое яна і паэзія, цуд яднання слова і сэнсу. Думаю, аўтар – паэт і даследчык адначасова”. Да зусім слушных разважанняў студэнткі выкладчыку застаецца толькі дадаць, што эсэістычнае мысленне – відавочная прыкмета мастацкай свядомасці Алеся Разанава, як і шмат каго з іншых пісьменнікаў памежжа ХХ–ХХІ стагоддзяў.

На жаль, гэта не адносіцца да Зміцера Вішнёва, таксама таленавітага літаратара, якому якраз не хапае “энергаёмкасці” мастацкага слова. Яго вершы і прозу студэнты не ўспрымаюць, а калі і пачынаюць разумець, то выказваюцца негатыўна. Вось адзін з прыкладаў найбольш усвядомленага водгуку. Гаворка ідзе пра цыкл З. Вішнёва “Караваны слоў”. “Мы хочам, пачынае студэнт, - каб вершаваныя радкі складалі нешта цэлае: ці думку-пачуццё, ці вобраз прыроды, партрэт чалавека – лірычнага героя ці самога аўтара, каб былі настраёвымі, светлымі. А калі такога няма, ці калі настрой замест светлага, нейкі злосны, нават, агрэсіўны, калі людзі і іх рэчы выглядаюць няздарнымі, гідкімі або нахабнымі, то можна згадзіцца з самаацэнкай аўтара. Мабыць, сапраўды ў такіх вершах “словы нагадваюць піўную пену”, думкі – скарпіёнаў, а аўтар “караванаў слоў” і насамрэч падобны да “дробнабуржуазнага псіха”, як сам ён сябе называе, толькі не на “антысавецкага”, а хутчэй за ўсё на антылюдскага, антыгуманнага”. Як бачым, выказванне даволі катэгарычнае, па-юнацку максімалісцкае, але ў слушнасці маладому чытачу не адмовіш.

Такім чынам, з усяго сказанага можна зрабіць наступныя высновы. Па-першае, успрыманне студэнтамі-культуролагамі беларускай паэзіі, створанай на мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў, павінна быць педагагічна арганізаваным, для таго каб яно не стала хаатычным, фрагментарным, ці каб, наогул, з поля зроку моладзі не выпала сучаснасць як найважнейшы этап гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Адных толькі лекцый і семінарскіх (практычных) заняткаў, на нашу думку, тут недастаткова, асабліва ва ўмовах дэфіцыту вучэбнага часу. Патрэбна таксама ўласная ініцыятыва выкладчыка ў налажванні зацікаўленых, прыязных адносінаў паміж ім і студэнтамі, а таксама студэнтаў паміж сабой.

Пры гэтым крытэрыямі ацэнкі новых мастацкіх твораў для студэнтаў выступаюць іх дасведчанасць у сутнасці пануючых мастацкіх кірункаў, плыняў, з’яў свайго часу і эстэтычны (а не ідэалагічны або маральны ) падыход да аналізу і інтэрпрэтацыі тэксту.

На паўнавартаснае, эстэтычнае ўспрыманне студэнтамі сучаснай беларускай паэзіі ў значнай ступені ўплывае выкладчык літаратуры, і не толькі як яе знаўца, як прафесіянал, але і як асоба. Ад яго мастацкага густу, педагагічнага такту, чалавечай дабрыні, веры ў магчымасці і здольнасці студэнта, часта залежаць яго поспехі ў адукацыі, абуджэнне чытацкай зацікаўленасці, даследчыцкага пошуку, яго творчыя дасягненні.

Чытанне і перачытванне студэнтамі тэкстаў спачатку зусім не знаёмых беларускіх паэтаў, пасля знаёмых толькі часткова, з’яўленне патрэбы самастойна знаходзіць і працаваць з мастацкімі тэкстамі дапамагаюць выкладчыку забяспечваць пэўны мінімум ведаў пра літаратурны працэс у нашай краіне, і разам з тым разнявольваюць асобу студэнта як у плане маўлення па-беларуску, так і ў жаданні даць уласную аб’ектыўную ацэнку твора ці творчасці пэўнага аўтара, параўнаць яго з іншымі славутымі постацямі ў заходнееўрапейскіх або амерыканскай літаратурах, якія вывучаюцца больш дэталёва, чым беларуская. Інакш кажучы, самастойны чытацкі дыялог з айчынным пісьменнікам выводзіць студэнта на абсягі сусветнай літаратуры, далучае да самога сябе як асобы, здольнай да творчасці ў галіне літаратуры, іншых відаў мастацтва, да ўласных інтарэсаў як будучага спецыяліста- культуролага.

Сучасная беларуская паэзія на памежжы стагоддзяў – плынь шырокая, разнавектарная, ахоплівае сабой як вартасці, дасягненні, так і выявы заняпаду мастацкасці і маральнасці. Таму тактоўнае і своечасовае кіраўніцтва чытацкімі запытамі ды зацікаўленнямі студэнтаў з боку выкладчыка ёсць своеасаблівая педагагічная “прышчэпка” супраць распаўсюджанага цынічнага “сцёбу”, які не спыняецца нават перад святынямі (тыпу “Увесь Белліт – графаманія ў параалімпійскім вазочку”), супраць смакавання брыдотаў, прымітыву і звычайнай неадукаванасці. Справа выкладчыка, на нашу думку, даць студэнтам такія эталоны, меры мастацкай вагі, глыбіні, каб аберагчы іх ад падробак пад мастацкасць, ад “бурапены”. Узорамі сапраўднай мастацкасці выступае тут паэзія: Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, У. Някляева, Н. Гілевіча, А. Сыса, а з маладых – творчасць В. Куставай, М. Мартысевіч, В. Морт, В. Жыбуля, В. Бурлак, А. Хадановіча і некаторых іншых сучаснікаў, а то і амаль што аднагодкаў студэнтаў.

______________________________

1.Максімовіч, В. А. Беларускі мадэрнізм у школьным і вузаўскім навучанні/ В. А. Максімовіч // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. Мінск, 2008. − С. 126–135.

2. Васючэнка, П. В. Ад тэксту да хранатопа : артыкулы, эсэ, пятрогліфы. / П. В. Васючэнка Мінск, 2009.

3. Кустава, В. У абліччы адчаю. Штрыхі да партрэту паэта Анатоля Сыса / В. Кустава // Дзеяслоў: Галіяфы,. 2008. − № 5. − С. 299–310.

4. Някляеў, У. Выбраныя творы. /У. Някляеў. − Мінск, 2010.

5.Разанаў, А. Воплескі даланёю адною./ А. Разанаў // Дзеяслоў. – 2007 −№ 39. − С. 5–15.



6.Вішнёў, З. Караваны слоў./ З. Вішнёў // Дзеяслоў. – 2007 − № 31. − С. 90–97.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка