О. Генры Праз дваццаць гадоў




Дата канвертавання12.05.2016
Памер45.49 Kb.
О. Генры
Праз дваццаць гадоў

(After Twenty Years)



Апавяданне
Паліцыянт, які патруляваў праспект, вылучаўся імпазантнасцю. Імпазантнасць была ў яго натуры, а не робленая на публіку, да таго ж і гледачоў было вобмаль. Не было яшчэ і 10 гадзін вечара, а сцюдзёныя парывы ветру з водарам дажджу паразганялі з вуліц амаль усіх людзей.
Праходзячы міма будынкаў, ён торгаў за дзверы, мудрагеліста і па-майстэрску пакручваў дручком і час ад часу азіраўся, каб абвесці пільным позіркам ціхую дарогу, — дужы і злёгку франтаваты, гэты афіцэр ствараў цудоўны вобраз ахоўніка спакою. У наваколлі спаць клаліся рана. Сям-там гарэла святло ў вокнах цыгарнай крамы або кругласутачнай сталоўкі, але большасць дзвярэй належалі да ўстановаў, якія ўжо даўно зачыніліся.
Прайшоўшы толькі палову аднаго з кварталаў, паліцыянт раптам запаволіў хаду. Да дзвярэй неасветленай гаспадарчай крамы прыхіліўся мужчына з незапаленай цыгарай у роце. Варта было паліцыянту да яго падысці, як ён шпарка загаварыў.
— Усё ў парадку, афіцэр, — добразычліва сказаў ён. — Проста сябра чакаю. Мы дамовіліся тут сустрэцца дваццаць гадоў таму. Нечакана гучыць, праўда? Каб вы не сумняваліся, што ўсё ў парадку, магу растлумачыць. Прыкладна ў той час на месцы гэтай крамы быў рэстаран — “У “Вялікага Джо” Брэйдзі”.
— Яго знеслі пяць гадоў таму,— адказаў паліцыянт.
Чалавек ля дзвярэй чыркнуў запалкай і прыкурыў цыгару. Полымя асвятліла бледны твар з квадратнай сківіцай і пранізлівымі вачыма, а таксама маленькі шнар каля правага брыва. Шалік быў на дзіўны манер заколаты шпількай з вялікім дыяментам.
— У гэтую ноч спаўняецца роўна дваццаць гадоў, — пачаў расказваць чалавек, — як я абедаў тут, у “Вялікага Джо” Брэйдзі, з Джымі Ўэлзам, маім найлепшым прыяцелем і самым файным хлопцам у цэлым свеце. Мы выраслі тут, у Нью-Ёрку, разам, як два браты. Мне было васямнаццаць, а Джымі — дваццаць. Наступнай раніцай я мусіў выправіцца на Захад, каб скалаціць сабе капітал. А Джымі было не выцягнуць з Нью-Ёрка, ён думаў, ва ўсім белым свеце больш і няма нічога. Дык мы тым вечарам і дамовіліся, што зноў сустрэнемся тут роўна праз дваццаць гадоў ад таго дня і той гадзіны, якімі б ні былі абставіны і з якой бы далечыні нам ні давялося прыехаць. Мы разлічвалі, што праз дваццаць гадоў кожны з нас ужо знойдзе свой лёс і заробіць той капітал, які наканаваны.
— Гучыць даволі цікава, — адказаў паліцыянт. — Але ж, здаецца, занадта вялікі інтэрвал паміж сустрэчамі. Няўжо вы так нічога і не чулі пра сябра пасля ад’езду?
— Дык так, нейкі час мы ліставаліся, — прамовіў той.— Але праз год-два згубілі след адзін аднаго. Разумееце, Захад — гэта даволі заманлівая прапанова, і я даволі жвава ўзяўся за працу. Але я ведаю, што Джымі прыйдзе сюды сустрэцца, калі толькі ён жывы, бо ён заўсёды быў самы верны, самы адданы стары сябар у свеце. Ён не забудзецца. Я праехаў тысячу міляў, каб сёння ўвечары стаяць каля гэтых дзвярэй, і калі мой стары таварыш з’явіцца, то яно таго вартае.
Той, хто чакаў сябра, выцягнуў прыгожы гадзіннік з вечкам, упрыгожаным дыяментамі.
— Без трох хвілін дзесяць, — аб’явіў ён. — Было роўна дзесяць, калі мы рассталіся на гэтым месцы каля дзвярэй рэстарана.
— Паспяхова папрацавалі на Захадзе, як я бачу, — заўважыў паліцыянт.
— Анягож! Спадзяюся, Джымі зарабіў хаця палову ад таго. Хоць і добры быў хлапчына, але было ў ім штось ад валацугі. Я мусіў спаборнічаць з найсвятлейшымі галовамі, каб яны мяне не абставілі. А ў Нью-Ёрку чалавек трапляе ў каляіну. Каб загартаваць чалавека, патрэбны Захад.
Паліцыянт крутануў дручком і зрабіў крок-другі.
— Трэба ўжо ісці. Спадзяюся, ваш сябар прыйдзе ў час. Калі зараз не з’явіцца, адразу пойдзеце?
— Ні ў якім разе! — адказаў другі. — Дам яму не менш за паўгадзіны. Калі Джымі яшчэ на гэтым свеце, гэтага часу яму хопіць. Бывайце, афіцэр.
— Добрай вам ночы, сэр, — адказаў паліцыянт і вярнуўся на свой маршрут, торгаючы па дарозе дзверы.
Была цудоўная халодная імжа, і пасля няпэўных парываў вецер пачаў дзьмуць няспынна. Рэдкія пешаходы, што рухаліся па квартале, у панурай і бязгучнай спешцы праходзілі міма з высока паднятымі каўнярамі палітонаў, засунуўшы рукі ў кішэні. А ля дзвярэй гаспадарчай крамы чалавек, які праехаў тысячу міль на няпэўную амаль да абсурду сустрэчу з сябрам юнацтва, чакаў і курыў цыгару.
Ён прачакаў хвілін дваццаць, калі з супрацьлеглага боку вуліцы спешна пачаў набліжацца высокі чалавек у доўгім палітоне з паднятым да вушэй каўняром. Ён ішоў проста на таго, хто чакаў.
— Гэта ты, Боб? — няпэўна спытаў ён.
— Гэта ты, Джымі Ўэлз? — закрычаў чалавек ля дзвярэй.
— Блаславі цябе Бог! — гукнуў прыбыш і схапіў сябра за абедзве рукі. — Гэта Боб, немінучы, як лёс. Не сумняваўся, што знайду цябе тут, калі ты яшчэ на гэтым свеце. Вось дык так! Дваццаць гадоў — доўгі тэрмін. Старога рэстарана ўжо няма, Боб, а хацеў бы я, каб ён нас дачакаўся і мы яшчэ раз у ім павячэралі. Ці добра абыходзіўся з табой Захад, стары?
— Па галоўцы не гладзіў. Але ж даў мне ўсё, пра што я прасіў. А ты моцна змяніўся, Джымі. Мне заўсёды здавалася, што ты меншы цалі на дзве-тры.
— О, я трохі рос яшчэ і пасля дваццаці гадоў.
— Як твае поспехі ў Нью-Ёрку, Джымі?
— Нішто сабе. Займаю пасаду ў адной установе. Боб, я ведаю адно месца, давай пройдземся туды і добра пагутарым пра старое.
Двое рушылі па вуліцы рука ў руку. Чалавек з Захаду, чыя ганарлівасць стала празмернай праз поспех, пачаў расказваць гісторыю сваёй кар’еры. Другі занурыўся ў палітон і з цікавасцю слухаў.
На рагу ззяла ў электрычных агнях, як брыльянт, аптэка. Калі яны выйшлі на святло, то абодва адначасова павярнуліся, каб зірнуць адзін аднаму ў твар.
Чалавек з Захаду раптам спыніўся і вызваліў руку.
— Ты не Джымі Ўэлз! — выкрыкнуў ён. — Дваццаць гадоў — вялікі тэрмін, але і за гэты час рымскі нос не ператворыцца ў бульбіну.
— Бывае, што за гэты час добры чалавек робіцца благім, — адказаў высокі. — Ты ўжо дзесяць хвілін як арыштаваны, “Шаўковы” Боб. У Чыкага падумалі, што ты на нашай тэрыторыі, і даслалі нам тэлеграму, што хацелі б з табой пагутарыць. Ну і ціха ж ты перасоўваешся, праўда? Відавочна, што так і ёсць. Дык вось, перш чым мы адправімся да ўчастка, мяне тут папрасілі перадаць табе цыдулку. Можаш тут, каля вітрыны, і прачытаць. Яна ад патрульнага Ўэлза.
Чалавек з Захаду разгарнуў аркушык паперы, які яму далі. Ён трымаў руку роўна, калі пачаў чытаць, а калі дачытаў, яна ужо злёгку дрыжала. Цыдулка была даволі кароткай.
Боб, я прыйшоў на месца, як і дамаўляліся. Калі ты чыркнуў запалкай, каб прыкурыць цыгару, я ўбачыў аблічча чалавека, аб’яўленага ў вышук у Чыкага. Чамусь я не змог зрабіць гэтага сам, таму вярнуўся і паслаў на заданне чалавека ў цывільным.
ДЖЫМІ”.
пераклад з ангельскай — Павел Донаў
Упершыню пераклад надрукаваны ў газеце “Наша Ніва”: http://nn.by/?c=ar&i=118550.

© Павел Донаў, пераклад, 2013


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка