Няскончаная Адысея Беларуская турма для пачынаючых




старонка1/6
Дата канвертавання01.04.2016
Памер1.18 Mb.
  1   2   3   4   5   6
Няскончаная Адысея

Беларуская турма для пачынаючых

Усе персанажы, як і краіна “Беларусь”, з'яўляюцца выдумкай аўтара. Любыя супадзенні прашу лічыць выпадковасцю.

Прадмова

У сусвеце беларускай турмы багата цікавага, але няма нічога рамантычнага. Аднаго чалавека тут могуць накарміць і апрануць, іншага – згвалціць пасля адбою. Пакаяўшыяся былыя палкоўнікі тут чытаюць Біблію, забойцы з 20-гадовымі тэрмінамі – “Народную Волю”, а дробныя афіцэры з адміністрацыі просяць дастаць ім што-небудзь пра ўкраінскіх нацыяналістаў. Менш за ўсё беларуская турма падобная на тое, што Вы, дарагі чытач, аб ёй думаеце: гэта не «Архіпелаг-ГУЛАГ» Салжаніцына, не адбітак з малабюджэтных расейскіх серыялаў пра «стрэлкі» і «блатных», і нават не ізалятар на Акрэсціна, гэта нешта зусім іншае... Нешта такое, што магло стацца рэальнасцю толькі ў вывернутым сусвеце сучаснай Беларусі.

Кніжка складаецца з трох частак, адпаведна тром беларускім вязніцам, якія я наведаў падчас свайго кароткага зняволення. Так сталася, што іхныя назвы добра адпавядаюць духу і тэмпераменту дадзеных месцаў. Дзве жаночыя постаці (“Амерыканка” і “Валадарка”), адна – мужчынская (Наваполацк). Тры вязніцы – тры чалавекі. Кожны стаўся мне часовым cпадарожнікам, якога наўрадці можна будзе забыць праз усё жыццё.

Ч.1 “Амерыканка”: яна і я

Прыём

Халодная студзеньская ноч. Траса Горадня-Менск. Пад небам поўным зораў, нясецца легкавушка. Гучыць Земфіра: “Я искала тебя». Побач са мной трое здаровых мужыкоў. Раней мне часцяком даводзілася ездзіць у Менск у адным салоне з рознымі цьмянымі асобамі – яшчэ ў тыя часы, калі я займаўся антыкварыятам і з пагардай глядзеў на “безнайдзейную апазіцыю”... Толькі гэтым разам побач былі не спекулянты, а гэбня у асобе опера Барадаўкіна, які спаў на задняй сядушцы, і двух ягоных гоп-таварышаў.

…Сонечным днём 28 студзеня 2011 г. мяне ўзялі пад рукі некалькі асобаў у цывільным і разам з куды менш упэўненым у сваёй праваце ўчастковым павезлі на кватэру рабіць вобшук.


  • Ну что, ждали нас? – з усмешкай пацікавіўся ўжо ў бусіку чэкіст у шапцы-вушанцы, хіба без зоркі на ілбе.

  • Канешне, зачакаўся ўжо​ - шчыра адказаў я.

Сапраўды, тымі днямі вобшукі і затрыманні ўсё новых і новых “арганізатараў масавых беспарадкаў” і “штурмавікоў” ішлі амаль штодзённа, як у Менску, так і ў рэгіёнах. Людзі, сустракаючыся на вуліцы, першай справай выпальвалі нешта кшталту:

  • Сёння “Вясну” трэслі, пазабіралі кампутары.., а Вас?!

Сярод мітусні і разгубленасці актыўныя ўдзельнікі “Выбараў-2010” мелі мажлівасць даведацца шмат новага аб сваіх паплечніках, праверыць свае нервы, а таксама здольнасць акуратна з’язджаць на захад. Увесь апазіцыйны актыў цэлымі днямі сядзеў ля манітораў кампутараў, задаючыся адным пытаннем: “Хто наступны?”

Падобнае пытанне, але ў форме: “Чаму ты яшчэ тут?” турбавала і маіх знаёмых, якія пазналі маладафронтаўскі шэўрон яшчэ на першых кадрах з ганку Дому Ураду, пушчаных БТ. Турбавала яно і мяне.

Вобшук на кватэры трываў каля 4-х гадзінаў, дапытлівыя супрацоўнікі фільмавалі кніжныя паліцы, цікавіліся скрынямі з “археалогіяй”, даставалі са склепу стос нераспаўсюджаных плакатаў з выявай Рымашэўскага, але найвышэйшай кропкі задавальнення опер Барадаўкін дасягнуў падчас выяўлення супрацьгазавай маскі: як вядома, чэкістам яшчэ з далёкіх 30-х былі патрэбня любыя доказы падрыхтоўкі тэрактаў і дыверсіяў. Маску і атрэбуты да яе паклалі на падлогу, супрацоўнік з камерай стаў насупраць, а Барадаўкін, з адчуваннем трыюмфу пачаў задаваць эфектныя пытанні для будучага фільму. Сцэну сапсаваў ягоны калега “у вушанцы” кароткай фразай без інтанацыі:

- Убери это на хер!

Калі з кватэрай і склепам было скончана, “бравыя хлопцы” узялі мяне нібыта “для тлумачэння” з павесткай “на Тэльмана”, прасцей кажучы, у будынак упраўлення КДБ Горадні і вобласці. Пасля “тлумачэнняў” я меўся “пайсці па сваіх справах” (на ўваходзе я нават паклаў свае рэчы ў спецыяльную ячэйку, ўзяўшы ключ з нумарком). Аднак у кабінеце следчага на маё прамое пытанне, паступіў ня менш прамы адказ:


  • Да, “Амерыканка”.

Там жа апісалі і маю “няхітрую” маёмасць – пара бялізны, шнуркі, запальнічка...

На сцяне кабінету апроч уласна гэбоўскіх штандараў і граматаў вісеў календар украінскай СБУ, выкананы ў сіня-жоўтых колерах. У пэўным сэнсе мажліва і добра, што абрэвіятура “КДБ” засталася ў нас на дзяржаўным узбраенні, бо змена назову ва Ўкраіне ды Расеі наўрадці дала нейкі станоўчы вынік – штат і метады засталіся тымі ж самымі. Ва Ўкраіне, не кажучы ўжо пра РФ, нашыя чэкісты маюць поўную вольніцу – на пачатку 2000-х палкоўнік Паўлічэнка асабіста “браў” там беларукага актывіста Ігара Коктыша. “Уцёкі” некаторых нашых сучасных апазіцыянераў да паўднёвых суседзяў – з’ява хутчэй эфімерная: як трэба будзе ўзяць – возьмуць. Адным з заданняў раскрыўшагася нядаўна у Польшчы “агента” з шэрагаў былых актывістаў РПСС было менавіта выманіць Вячаслава Дзіянава на тэрыторыю Украіны… Таму хай лепш рэчы называюцца сваімі імёнамі – каб не ў каго не заставалася сумненняў.

Апошняе, што запомнілася з горадзенскага ўпраўлення КДБ – гэта прыбіральня, дзе дэманстратыўна, яскравай плямай на шэрай кафлі ляжаў разварот “СБ” з партрэтам прэзідэнта. За часамі Берыі за такую неахайнасць нехта запраста мог паехаць следам за сваімі нядаўнімі ахвярамі. Смешна, але ў гэтым “асіным гняздзе” да абавязковай для падпіскі дзярж-прэсы ставіліся так жа, як і ў ЖЭСах, дзіцячых садках, школах... як мы пасля ў калоніі ставіліся да карпаратыўнага СМІ “Трудовой путь”, перапоўненай падзякамі і паказнымі пакаяннямі зэкаў (шаблоны, мажліва, таксама яшчэ з 30-х, толькі прозвішчы мянялі ды адрэсы: з Кенгіра на Магілёў, напрыклад).

І вось, начны Менск застаўся па той бок: “Амерыканка” вітае - гэбэшны замак у цэнтры Менску запускае да свайго ўлоння легкавушку (амаль гамераўскі сюжэт). Доўгі час Барадаўкін ня можа дамовіцца з аховай, актыўна жэстыкулюючы, нібыта стараючыся прадаць тавар людзям, якім ён абсалютна непатрэбны. Гэтым часам я ад няма чаго рабіць распавядаю ягонаму калегу банальныя факты з гісторыі “Амерыканкі”: “Пабудаваная ў 1932 г., рабілася як зменшаная копія чыкагскай турмы, у форме цырку – за што і атрымала адпаведны назоў…”

Для мяне асабіста гэта пытанне дагэтуль мае містычнае адценне: чаму ва ўшчэнт разбураным Менску захаваліся Дом Афіцэраў, СІЗА КДБ, Пішчальскі замак, Дом Ураду?.. Наогул, архітэкіура Менску ў заходняга беларуса нічога акром дыпрэсіі вызваць не можа: сталінскі ампір быццам створаны для падтрымкі антынацыянальных аўтарытарных рэжымаў. Упэўнены, што менскія вуліцы самі сабой падаўляюць дэманстрацыі ня горш за ПМСН – незаўважны псіхалагічны фактар, які цісне на падсвядомасць – нібыта дэкарацыі да спектаклю, які згодна сюжэту заўжды сканчаецца перамогай дыктатуры... Роўненькія бязлікія праспекты сетачкай, зоркі ды сярпы на тле велічных калонаў, брамы, нібыта спецыяльна зробленыя для падвозу аўтобусаў з ментамі у двары. Параўнайце з Варшавай, Прагай, Мюнхенам у рэшце рэшт. Няблага было б сцэнарыстам шэсцяў улічваць таксама архітэктурны аспект вулічных акцыяў, каб у чарговы раз не стаць статыстамі ў п’есе вядомага рэжысёра…

За чарговай брамай адчыніліся драбнейшыя дзверы, і перада мной стаў звонку досыць невялікі дзвухпавярховы будынак акруглай формы. Мяне сустрэлі людзі, апранутыя ў камуфляж без пазнакаў, але з пагонамі: “Карлсан” (безтурботны кантралёр з пачуццём гумару), а троху пазней “Ганс” (начальнік змены). Вядома, пра мянушкі я даведаўся толькі з часам. А пакуль, акурат за ўваходам чакалі першыя “маскі” – людзі ў камуфляжы і чорных масках на твары, без пазнакаў ды пагонаў. Завялі ў адстойнік, распранулі, дагледзелі: шлюбны пярсцёнак, шэўрон МФ на ліпучцы, майка з выявай Пагоні, заплеечнік, шнуркі, пласцінка анальгіну… са мной далей не пайшлі. Усе пажыткі зараз змяшчаліся ў вязанай зімовай шапцы – пара бялізны, шкарпэткі, пальчаткі, туалетная папера і асадка. За спробай засунуць рукі ў кішэні праследвала два “пазначальных” удары дубінкай:

- Какая статья?!

- 293 частка 2, масавыя беспарадкі.

- Какой срок предусматривает?

- Па-мойму, ад трох да васьмі.

- Кажется вы еще не поняли в каком вы положении ...до восьми лет.

Мяне павалаклі наверх. З сутарэнняў мяне паднялі на першы паверх, а з яго ўжо па крутой металічнай лесвіцы, якая з лёккай рукі Міхалевіча пераварылася ў знакамітую “вінтавую”, паднялі на другі, дзе і месціліся ўсе 18 камераў СІЗА КДБ. 18 – на ўсю рэспубліку - чым не нагода для пыхі? На рукі я атрымаў “сэрфінг”, «вату», падушку, камплект бялізны, алюміневы кубак, лыжку і талерку. Скрыпнулі “тармаза” і я ўжо ў камеры.

Бяссонная лямпа асвятляла канічнае памяшканне з двума нарамі – двухпавярховай і звыклай, прымацаванай да сцяны. Адбой ужо прайшоў. Насельніцтва “хаты”, у асобе трох чалавек, заварушылася і насцярожана глянулі ў бок “тармазоў”, якія толькі што зачыніліся ў мяне за спіной.


  • Дзень добры.

  • Политический? Клади “вертолет”, тут вода – если захочеш пить. Утром всё объясним. Спи …если сможеш.

Адзінае, што падымала настрой – гэта памаранчовая пляма сярод шэрай камеры, падобнай на труну: увесь падваконнік быў завалены апельсінамі, ківі, лемонамі… Пасля галодных акрэсцінскіх сутак гэта дадавала надзеі. Памаліўшыся я лёг і цудоўна заснуў.

Вадзім і алмазы

Маімі сукамернікамі аказаліся палкоўнік Макараў, альбо “дзядзя Саша”, былы камандуючы войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі, прадпрымальнік Дзяніс і... Вадзім – былы следак КДБ.

З апошнім, трэба сказаць, гісторыя аказалася самай цікавай: Вадзім вёў справу старога жыда-махінатара (нібыта генерал-лейтэнанта за савецкім часам), які займаўся апрацоўкай алмазаў на пенсіі і пабудаваў схему на розніцы заканадаўчых аспектаў паміж Расеяй і Беларуссю, такім чынам перакідваючы каменчыкі паміж Менскам і Калінінградскай вобласцю. Калі генерала-махінатара зачынілі і ён у рэшце рэшт асэнсаваў, што на волю, з прычыны слабога здароўя, можа ўжо не выйсці, а галечныя пляжы Светлагорска і Баграціёнаўска будуць таптаць замест яго зуім іншыя людзі, ён зразумеў, што сітуацыя патрабуе дыпламатычнага падыходу і… грошаў. Але ці тое мала даў, ці тое даваў не таму, а мажліва наўпрост не хапіла вытрымкі, каб дачакацца рэзультатаў, карацей, генералу падалося, што Вадзім яго банальна па-дзіцячаму “кінуў”. Ня доўга думаючы, генерал “залажыў” свайго “дабрадзея”.

Далей - цікавей. Вадзіму, які апынуўся ў тым жа СІЗА КДБ, іншы следчы, які вёў ягоную справу, прапанаваў выдаць алмазы і ва ўсім прызнацца. Паколькі хлопцы былі добра знаёмыя паміж сабой, а кабінеты іх знаходзіліся адзін насупраць другога, Вадзім паверыў свайму “саслужыўцу” - “комитет своих не бросает” у рэшце рэшт… Невядома, канешне, хто ж там лічыцца “сваім”, але Вадзік атрымаў у плечы сваіх законных восем год і пры мне з’ехаў на Валадарку, перад этапам на зону.

Жыд-махінатар, у сваю чаргу, працягваў сядзець, адмаўляцца ад усяго, рэгулярна ўступаць у перапалку з намеснікам старшыні КДБ Тэртэлем, пры сустрэчы ў будынку “Упраўлення”, нягледзячы на шматлікія пакуты, пенсійны ўзрост, выведзены са страўніка катэтар... У сувязі з хісткім станам здароўя, ягонай жонцы ў выключным парадку было дазволена перадаваць мужу хатнюю ежу. Новазаехаўшым да яго ў камеру асобам, генерал працягваў рабіць “выгодныя прапановы” адносна працы з алмазамі “на будучыню”, абсыпаць кампліментамі і дробнымі падарункамі, у спадзяванні хоць неяк палегчыць сваю сітуацыю тут і зараз... А ягоным былым сукамернікам застаецца зараз не без гонару ўспамінаць, што цягам сваёй “камандзіроўкі” яны сядзелі разам з генерал-лейтэнантам, які ў лепшыя часы аддаваў загады на палігоне Байканур...

Вы запытаецеся: навошта на самым пачатку, перад тым як распавесці пра рэжым дня, “катаванні адміністрацыі”, працэдуру наведвання прыбіральні і яшчэ массу цікавых рэчаў, я выкідваю гэтую дзівацкую гісторыю пра зухаватага жыда, які патрапіў пацягнуць за сабой за краты свайго следчага? Толькі з адной прычыны: каб прадэманстраваць, што “Амерыканка” – месца незвычайнае, таямнічае, дзе мажлівыя нечаканыя гамбіты і патавыя сітуацыі, трагедыі і цуды, зрэшты, як і ў нашым штодзённым жыцці. Наўпрост трэба ўмець іх бачыць. Упэўнены, што калі КДБ разам са сваім культавым комлексам у цэнтры Менску, канчаткова ператворыцца ў атракцыю для турыстаў, справа аб “масавых беспарадках – 2010г.” станецца толькі нязначнай кропляй у моры ягоных легендаў, брудных здрадаў, таямніцаў, неадпомшчаных крыўдаў і зойме ўсяго толькі два абзацы ў турыстычным буклеце.

Што ж, вернемся да больш прыземленых рэчаў. Камера наша мела форму труны ці конуса – як каму больш падабаецца. У сталінскія часы гэтая камера была “двушкай” – разлічанай на двух чалавек. Наогул, месцаў тут было ад пачатку нашмат менш, дворыкі таксама з’явіліся толькі пасля – у часы пабудовы турмы і адразу пасля яе людзі тут, кажуць, па-доўгу не затрымліваліся... Затое старыя нары ад новых адрознівала дабротнасць, шырыня металічных палосак, якія не мулялі спіну, так што халтура ў працы пазнейшага “камітэту” прасочвалася нават у дробязях. У кожнай камеры меўся умывальнік і няхітрыя прыстасаванні прымацаваныя да сцяны замест стала (звычайна ў куце) ды табурэта. Шклопакеты вокнаў са знешняга боку закрывала каробка кратаў, плюс краты ўмантаваныя ў шклопакет (іх, кажуць, умантавалі пасля выпадку з адным таварышам з Сярэдняй Азіі, які, спрабаваў уцячы праз вакно). Падлога – бетонная, сцены пафарбаваныя ў зялёна-шэрых адценнях. Ля “тармазоў” месцілася вядро-біятуалет, якое выкарыстоўвалася для малых патрэбаў. Хочаш большага? Цярпі! Бо ў камеры ты не адзін... Над уваходам навісала таксама адмысловая паліца, якую зазвычай займаў тэлевізар, прыватны канешне ж, за ім жа час ад часу можна было знайсці пыльную радыёкропку з ашмёткамі парваных правадоў – ёй вязні “бавілі час” яшчэ ў часы Славаміра Адамовіча ў сярэдзіне 90-х. Інтэр’ер дапаўняла пара тумбачак, як мы жартавалі, часоў Цанавы.

Расклад

Расклад дня ў “Амерыканцы” быў наступны:



6.00пад’ём. Замест больш тусклай начной лампы загараецца дзённая (святло гарэла цэлыя суткі), а ў “кармушку” прасоўваецца пыса кантралёра з фразай: “Подьем!”. Я асабіста прачынаўся зазвычай за некалькі хвілінаў перад гэтым, ад грукату “кармушак” і шчоўкання штэпселяў у суседніх камерах.

З 6.00 да 7.00прыбіральня. Гэта значыць, што ў дадзеным прамежку часу кантралёр мае стукнуць ключом аб засоў дзвяроў камеры, каб ты падрыхтаваўся і праз пару хвілін вырушыў у складзе ланцужку з 3-6 сукамернікаў да прыбіральні (іх было дзве – на першым і на другім паверсе). Канешне, “пара хвілін” была ўмоўнасцю – пасля “сігналу” магло прайсці і поў гадзіны, а магло – 30 секунд. І калонна выходзіла: першы чалавек, як правіла, нёс вядро, якое выкарыстоўвалася для задавальнення “малой патрэбы” цягам вечару і ночы; на зваротнам шляху яго нёс апошні. Чаму першы? Каб раптам не абліць з вядра сукамернікаў на крутой лесвіцы (з усімі выцякаючымі для іх на “зоне” наступствамі). Распавядалі, што Зэльцэр, які ў выніку змовы дыктатара з Беразоўскім правёў у гэтых сценах два гады, неяк налаўчыўся і абліў з вядра... кантралёра. Учынак гераічны. Каб Зэльцэр зрабіў тое самае падчас дзеяння “групы ўзмацнення”, я б скінуўся на помнік гэтаму чалавеку. У самой прыбіральні час таксама ня быў жорстка пралічаны і залежыў ад адэкватнасці змены і пажаданняў начальніка СІЗА адносна канкрэтнай камеры. Дзве дзіркі ў падлозе, два рукамыйнікі, кран на ўзроўні каленяў, сметніца, кафляныя сцены, падлога і ...самотнае дрэва у вакне.

Каля 8.00сняданак. Каша: рыж ды грэчка (якія неўзабаве зніклі з рацыёну, што дазволіла нам зрабіць высновы аб стане белрускай эканомікі), альбо аўсянка. Тут жа выдаваўся і хлеб на ўвесь дзень – за колькасць боханаў часам даводзілася ваяваць і лаяцца з кантралёрам. Афіцыйныя нормы харчавання, як зрэшты і ўсяго астатняга, засталіся для нас вялікай таямніцай. Пасля заезду “палітычных” у ноч на 20-е снежня 2010 г. разам з раптоўнай заменай начальніка СІЗА з камераў зніклі табліцы з правамі і абавязкамі зняволеных. З часам іх вярнулі: засталіся толькі абавязкі...

Каля 9.00абход. У гэты час акурат заступала новая змена, якая пачынала варту з наведвання ўсіх камераў. Выглядала гэта так: у пэўны момант, якога ўжо чакалі, адчыняліся “тармаза” і ў камеру завальваўся, скажам “Ганс”, ці любы іншы начальнік змены. З-за ягонай спіны выглядала пара “масак”, каб на “Ганса” раптам ніхто не накінуўся, напрыклад, з шарыкавай асадкай у руцэ (прафесійнай зброяй шмат каго з тут прысутных палітыкаў, “хлебам” якіх была зазвычай і журналістыка).

Цягам абходу дэжурны па камеры дакладвае аб колькасці зняволеных, аддае карэспандэнцыю, заяўляе аб колькасці гадзін шпацыру і пажаданай змене (зменаў існавала тры: дзве да абеду і адна пасля).



9.00-12.30шпацыр. Першая змена – з 9.00 да 11.00, другая – з 11.00 да 12.30. Перад выхадам кантралёр зноўку праходзіць па колу і здабывае з нашых замкоў звонкі металёвы гук: «Бдзынь!» – за пару хвілінаў мы меліся апрануцца і напружана чакаць, пакуль не заскрыпяць “тармаза”.

Выхад ў дворыкі ў суправаджэнні “масак” заўжды нагадваў шоў альбо паласу перашкодаў:



  • Быстрей! Быстрей, б...!

«Бух» - удар дубінкі аб борцік

Пад крыкі, стук дубінак і пошчак электрашокераў калонну з некалькіх вязняў, якія меліся трымаць рукі за спіной, гналі па лесвіцы ўніз на першы паверх, пасля на вуліцу. Любое запавольванне каралася, таму, калі першы занадта спяшаўся, “камера” гэтага мякка кажучы не вітала – нехта ў хвасце мог спазніцца і адпаведна артымаць ад “масак”.

Турэмных дворыкаў налічвалася шэсць. Сярэдні памер – 3 на 5-6 метраў. Трэці і чацвёрты – больш прасторныя, пяты і шосты – самыя маленькія і паскудныя. Пяты меў шырыню метры паўтары, а даўжыню – 6-7, за што і атрымаў назоў “расстрэльны”. “Тут и сток для крови есть...– жартам удакладніў нехта з вязняў. Хаджэнне па колу ці ў разнабой зазвычай залежыла ад змены і гатоўнасці камеры да арганізаванага пратэсту, які хоць і зрэдку ратаваў сітуацыю, але прынамсі дазваляў адчуць мінімальную сатысфакцыю. Па мосціку гэтым часам ходзіць “прадольны”, зазіраючы ў дворыкі праз сетку, якая замінае бачыць чыстае неба, з калонак валіць “клубняк”, шансон, радыё (пакуль не забаранілі, бо трапляліся навіны), ДДТ... Я адпачываў на песнях Шаўчука і спрабаваў абстрагавацца ад рэшты музыкі. Рацыянальны сэнс ўключанай музыкі быў просты: каб дворыкі не чулі адзін аднаго - перакрыкванне пагражала карцэрам...

Каля 13.00 абед. Суп – гарохавы, боршч ці бульён з макаронамі. Другое – бігус, буракі ці макароны. Мясцовай гарбаты ніхто ніколі ня браў, таму яе нават і не вазілі на “камазах”. Нож – вельмі дэфіцытная рэч, якую падчас ежы можна вычапіць у кантралёра на хвіліну-дзве. Што казаць, калі станкі для галення выдаваліся ў адмысловыя гадзіны два разы на тыдзень, і нават зламаныя ты мусіў вяртаць праз “кармушку” кантралёру.

Адным з нешматлікіх плюсаў “Амерыканкі” была адносна спрыяльная сітуацыя з ежай – колькасць пасылак (у адрозненні ад перадачак) не абмяжоўвалася, таму харчавацца можна было сваім печывам, гарбатай, бананамі, памідорамі, каўбасой і... ўсё. Пасля заезду “палітычных” адміністрацыя раптоўна ўвяла “эмбарго” на сала, шакалад, малочныя прадукты – ці ж не самыя карысныя для здароўя прадукты. І зноў жа, мажлівасць “дастаць” са складу “недазволеныя” харчы, са сляпой верай і надзеяй перададзеныя роднымі, залежыла выключна ад персанальных стауснкаў з начальнікам “Амерыканкі”, а значыць з “камітэтам” у прынцыпе... Таму ў нас гэта амлаль ніколі не атрымлівалася. Замовіць тое ж сала мажліва было праз унутраную “атаварку”, але прадаць маглі і сапсаванае, якое пад крыкі і праклёны ўсёй камеры ішло да смецця.



Прыблізна з 16.00 да 17.00выхад у прыбіральню.

18.00 – вячэра. Буракі альбо бульба з “дэльфінамі” (селядцом). У кожнай камеры, так ужо трапляла, знаходзіўся хаця б адзін чалавек, якому было ў кайф гатаваць – таму на стале з’яўляліся салаты, вінігрэт і г.д. Не памятаю ніводнага выпадку, каб у “Амерыканцы” адбылася спрэчка з-за ежы. На “Валадарцы” гэта траплялася на кожным кроку, а на вечна галоднай зоне большасць сварак і канфліктаў узнікала вакол “кішкі” (харчовых пытанняў). Часам ежы магло быць мала, але ніхто б не ўзяў лішняга кавалку, заставіўшы сукамерніка ні з чым. Такім чынам, у СІЗА КДБ, дзе не было нават згадкі пра “паняцці”, у адрозненні ад далейшых месцаў майго побыту, захоўваўся адзін з прынцыповых момантаў турэмнай справядлівасці – накарміць галоднага, дапамагчы таму, хто патрабуе: ежай, адзеннем, лекамі, паперай ды парай капэртаў “А”-шак па Беларусі...

21.30раздача лекаў перад сном. Аналагічныя раздачы практыкаваліся пасля кожнага прыёму ежы, калі ў “кармушку” прасоўвалася пыса кантралёра з пытаннем: “Колеса?!” Большая частка камеры, а людзі гэта зазвычай былі ўжо немаладыя, зляталася да вакенца (эпітэт “кармушка” падыходзіць у гэтай сітуацыі ідэальна) са сваімі хваробамі, патрабуючы: “Колдрекс”, “Витрум”, “Простосабль!!!”, - дадаючы толькі свае прозвішчы.

Кіпяцільнікі былі ў кожнага, але выдаваліся толькі падчас прыёма ежы – адзін на камеру. Зразумела, што патрэба ў гарбаце ці ў любой гарачай вадкасці існавала пастаянна – тым больш у халодную паравіну году. Вось таму перад сном пад маркай заваркі “Колдрэксу” ці настою рамонка мажліва было апошні раз на дзень хлебануць зялёнай гарбаты – нібыта нават і легальна, як змена трапіць.



22.00адбой. Пра гэта таксама паведамляла “кармушка”. “Сонца” (дзённая лямпачка) згасала і ўзыходзіла “луна” (начная лямпачка) – без шэкспіраўскай астранамічнай лірыкі не абыйшлося. Вязні разлазіліся па койках, нехта засынаў адразу, нехта пачынаў травіць байкі, нехта адходзіў да сну акурат і толькі пад байкі... Пры зручным становішчы нары (зверху) пасля адбою можна было яшчэ пачытаць ці дапісаць ліст дахаты – чым я зазвычай і займаўся.

Канешне, дакладнасці ажно да хвіліны ў нашым уяўленні аб распарадку дня не існавала: гадзіннікі на “Амерыканцы” мела права насіць толькі адміністрацыя (адзін кантралёр нават атрымаў адмыслову мянушку: “Швайцарыя” за свой вялізныі наручны гадзіннік). Рознымі хітрыкамі часам удавалася зазірнуць на цыферблат каго-небудзь з супрацоўнкаў, трошку дапамагала сонца, якога тут было небагата, ну і канешне ж бой са званніцаў цэркваў ды касцёлаў, які не дазваляў забыць, што мы знаходзімся ў цэнтры Менску.



«Дзядзя Саша»

“Дзядзя Саша” з маёй першай 17-й камеры быў вайскоўцам у лепшым сэнсе гэтага слова: падчас абходу ён пастаянна лез дакладваць, незалежна ад графіку дэжурстваў, а цягам следавання калоннай упарта ставіў “новенькіх” у сярэдзіну, каб як што прыняць удар на сябе.

У дворыках “дзядзя Саша” актыўна дэманстраваў усім сваё Джыў-Джытсу, прыцягваючы погляды як сукамернікаў, так і кантралёраў з мосціку. Уявіце сабе: зіма, каменны мяшок дворыку, павольна падае клочча снегу, а ў куце немаладая вусатая фігура ў чорным размахвае рукамі, ставіць блокі, удыхае і выдыхае паветра… - карцінка з галівудскага фільму.

Саша Макараў быў наскрозь вайсковым чалавекам: большую частку ягоных расповедаў займалі акалічнасці службы ў Заходняй Украіне, на Каўказе, у Манголіі – на рубяжах савецкай імперыі. Некаторыя расповеды зусім нагадвалі Кіплінга: у Манголіі, напрыклад, “доблесныя савецкія афіцэры” пад выглядам каменнага вуглю прадавалі мясцоваму насельніцтву… цэглу, аблітую гаручай вадкасцю. Падносіць каланізатар запалку да такога “вуглю”: “Горит?” “Горит!”. У частку жартаўнік вяртаўся ўжо з поўсцю, скурамі, дыванамі ды рознымі дэкаратыўнымі вырабамі. Таму замена старажытнага вертыкальнага пісьма манголаў на вычварны варыянт кірыліцы не была адзіным падарункам “старэйшага брата” для сумежнай феадальнай рэспблікі.



Дзяніс

Дзяніс быў простым хлопцам, дырэктарам металаапрацоўчай фірмы. Камітэт разам прыкрыў двух ягоных братоў, бугалтэршу і саўладальніка фірмы. Падчас шынкоўкі селядца ці пры мыцці посуду ён напяваў тую ж самую песню:

- Прилетела птица извиня…

Далей словы абрываліся, хутчэй за ўсё таму, што гэтае самае “извиня” правакавала на пошук нейкіх новых сэнсаў у старым матыве, што не было простай задачай: “Извиня”? За што? Каго? І пайшло-паехала… Дзяніс з ёй не спраўляўся, таму замаўкаў, каб неўзабаве пачаць зноўку: “Прилетела…”

Хлопец быў практычны і па-добраму дапытлівы: разам са мной вучыў ангельскую мову, разам з Паўлам Севярынцам, які сядзеў тут пасля мяне, – маліўся і чытаў Біблію, а калі па тэлевізары транслявалі кадры дакументальнай хронікі часоў вайны, абавязкова каментаваў з’яўленне на экране “Мессершмідтаў” і “Штукаў” – на волі ён збіраў мадэлі самалётаў. …Ужо пасля я даведаюся, што на свабоду з судовай залі ён выйдзе ў адзін дзень з Паўлам Канстанцінавічам, таксама атрымаўшы тэрмін “хіміі”.

  1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка