Някляеў Уладзімір Пракопавіч




Дата канвертавання27.03.2016
Памер16.75 Kb.
Някляеў Уладзімір Пракопавіч

Беларускі паэт, празаік, эсэіст. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1973 г.). Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 года ў в. Крэва. Бацька — Някляеў Пракоп Мікалаевіч, рускі, па прафесіі механік. Маці — Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пракоп Някляеў, ураджэнец Сібіры, па сканчэнні вайны быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь ствараць калгас у Смаргонскім раёне. Там ён пазнаёміўся з маці Уладзіміра і пабраўся з ёю шлюбам. Працаваў старшынёй сельсавету ў вёсцы Крэва.

Дзіцячыя гады пражыў у Крэве, скончыў Смаргонскую СШ. У 1962—1966 гг. вучыўся ў Мінскім тэхнікуме сувязі. Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Займаўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973). У 1972—1975 — літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Знамя юности», у 1975—1978 — рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск». З 1978 — старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 — галоўны рэдактар часопіса «Крыніца» («Родник»), штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Быў членам Савета творчай і навуковай моладзі пры ЦК ЛКСМБ, членам тэатральнага аб’яднання. З 1998 па 2001 — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1999 г. выехаў у Польшчу.

Дэбютаваў вершамі ў 1970 г. (верш на рускай мове “Отполыхала осень пламенем”). Аўтар зборнікаў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979), «Знак аховы» (1983), «Местное время» (1983), «Наскрозь» (вершы і паэмы, 1985), «Дерево боли» (1986), «Галубіная пошта» (1987), «Вежа» (1989), «Прошча» (1996), «Выбранае» (1998), «Так» (2004). Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданні «Хайбах», «Чмель і вандроўнік», «Меў Марык бомбу», аповесці «Прага», «Няхай жыве 1 Мая» і інш.). Аўтар раману «Лабух» (2003).

У перыядычным друку выступае з празаічнымі творамі (паводле аповесці «Вежа», часопіс «Полымя», 1988, А.Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя «Вавілон», пастаўленая Мікалаем Мацкевічам у 1990), літаратурнымі эсэ, крытычнымі артыкуламі.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1979) за зборнік вершаў «Вынаходцы вятроў» і паэму «Дарога дарог», Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1998 за зборнік “Прошча” (1996).

Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2008).



Лаўрэат першай прэміі імя Ежы Гедройца (2013) за раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без».

Ганаровы грамадзянін Смаргоні (1993).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка