Ну, а звяры хоць тут ёсць? пацікавіўся я ў свайго спадарожніка




Дата канвертавання18.05.2016
Памер67.68 Kb.
Тое, што ў Асіповіцкім раёне ёсць Лочынскае возера я ведаў здаўна, а вось пабачыць унікальную, паверце мне, мясціну давялося голькі зараз.

У першай палове кастрычніка, як толькі выдаўся вольны час, разам з начальнікам аддзела аховы абароны лесу і паляўнічай гаспадаркі Асіповіцкага лясгаса Антонам Шабовічам, які, здаецца, стаў ужо нашым традыцыйным гідам-экспертам, адбылося дзіўнае і запамінальнае падарожжа. I здзіўляцца, шчыра кажучы, было чаму.

Пасля таго, як каля чэкаў-катлаванаў, куды ў недалёкім мінулым пампаваўся азёрны сапрапель, спыніўся наш аўтамабіль, перад вачыма паўстала ўразлівая карціна чалавечага гвалту над прыродай. На вялікім абшары з занядбанымі вялізнымі канавамі, парослымі травой і самасейнымі дрэўцамі, дзе-нідзе тырчэлі жалезныя рэшткі нейкіх механізмаў, а крыху воддаль можна было заўважыць і заржавелы ,,шкілет" кінутага трактара.

- Ну, а звяры хоць тут ёсць? — пацікавіўся я ў свайго спадарожніка.

- Крыху ёсць. Асабліва тут раскоша бабрам і андатрам. Яны нават змагаюцца супраць меліяратараў. Вакол водаадводных каналаў увесь бярэзнік парэзалі. Быццам бы і шкоду чыняць лесу, але на самой справе з паваленых дрэў яны робяць запруды і такім чынам змяншаюць сцёк вады і ўвільгатняюць глебу.

Антон вылез з машыны і прайшоў некалькі крокаў па коўзкай дарозе, якая гублялася ў шызым тумане.

— Усё, далей трэба ісці пешшу. Не праедзем.

Пакуль крочылі да возера, высветлілася, што Градзянскае лясніцтва, а ў прыватнасці лочынскія лясы, некалі былі аблюбаваны аленямі, якіх тут па расказах старых паляўнічых, было ўдосталь. Наогул, на думку майго спадарожніка, пасля таго, як асушылі балоты, менавіта каля Лочынскага возера знайшлі сабе прытулак ласі, якіх яшчэ ў васьмідзесятых было да 100 галоў, а зараз утрая менш...


Неўзабаве наперадзе з’явілася тонкая паласа вады, якая праз некалькі хвілін ператварылася ў вялізнае, казачнае возера. Казачнасць надавалі не столькі вялізныя памеры прыроднага вадаёма, колькі невядома скуль узятыя металічныя фрагменты нейкай канструкцыі, якія невядома як трымаліся на вадзе амаль пасярэдзіне возера.

— Гэта ўсё, што засталося ад трубаправода, праз які пампаваўся сапрапель, — пракаменціраваў убачанае Антон. — Пасля таго, як у канцы васьмідзесятых спынілася яго здабыча, усё тут стала занядбаным. Вось толькі гэтыя рэшткі ад вялікай трубы і засталіся, як напамін, што тут быў чалавек...

Гледзячы на жалезныя канструкцыі, якія аніяк не ўпісваліся ў водны ландшафт возера, чамусьці адразу ўзніклі асацыяцыі з канцом свету. Згадзіцеся, калі сярод балот і лясоў перад вамі паўстае вялізнае возера (многа ні мала, а размова ідзе аб 60 гектарах вады), з берагоў ахутанае непраходнай дрыгвой, пасярод якога тырчаць жалезныя канструкцыі, першае, што прыходзіць у галаву, дык

гэта адчуванне пазачасавай, незямной, фантасмагарычнай атмасферы. Шчыра кажучы, такое адчуванне падмацоўвалася і, так бы мовіць, характарыстыкай самога возера. Аказваецца, сярэдняя глыбіня воднай абалонкі вадаёма не перавышае паўтара метра. Іншымі словамі, не возера, а нейкая лужына. Але, і што самае дзіўнае, яго сапраўдная глыбіня, г.зн. таўшчыня сапрапеля, складае 15-20 метраў. Адчуваеце, якое дно ў гэтай ледніковай лужыны?..

— А рыба тут ёсць? — пацікавіўся я ў прыяцеля.

— Няшмат, але ёсць. Шчупакі, карасі, а іншым разам трапляецца і плотка. Праўда, вада тут хоць і чыстая, але для рыбы не надта прыдатная. Уся справа ў тым, што зімою возера прамярзае, і рыба задыхаецца, а ўсё ад таго, што мала вады.

Раптам з прыбярэжнага чароту ў неба ўзляцела чарада качак. Недзе з дзесяткі два птушак імкліва набралі вышыню, а праз хвіліну геаметрычны клін знік на поўдні шэрага неба. Як зазазначыў Антон, Лочынскае возера здаўна ўжо служыць пералётным птушкам надзейным месцам адпачынку перад далёкім пералётам у вырай. І з’яўленне качак тут не дзіва.

— А чым яшчэ знакамітыя лочынскія лясы? — з чарговым пытаннем звярнуўся да свайго гіда.

— Як чым? У 171 і 172 кварталах Лочынскага лясніцтва знайшлі сабе дом нашы зубры. Зараз яны ходзяць па лесе, а зімою, у пошуках ежы, выйдуць на калгасныя палі. Вясной, напрыклад, зубры стапталі каля 100 гектараў жыта калгаса ,,Чырвоны ўдарнік". Ні многа ні мала, а сельскай гаспадарцы ўчынілі шкоды амаль на мільён рублёў. Лясгас да гэтага часу ўсё яшчэ кампенсуе нанесеныя страты, хаця нашай віны тут няма. Есць у гэтых мясцінах і вывадак ваўкоў, які з пачатку восені ўжо паспеў зарэзаць сем цялушак. Мы ўжо з месяц дзяжурым каля загонаў на патаемных вежах-хованках, але пакуль шэрыя зладзеі пазбягаюць пакарання...

Азірнуўшыся апошні раз на возера, ад якога так і патыхала таямнічымі загадкамі, схаванымі пад тысячавекавым сапрапелем, мы пакрочылі да машыны. А па дарозе давялося пачуць шмат дзіўных, часам, смешных гісторый, якія з вуснаў Антона гучалі каларытна і цікава...


Поп і Фёдар

Даўным-даўно ў вёсцы Зборск, на стромкім беразе Свіслачы стаяла царква. Ладная такая, ды і прыход заўсёды быў шматлюдны. На той час усе былі вернікамі, і таму мясцовы поп ведаў кожнага са сваіх парафіян. Ведаў безумоўна, і мясцовага жартаўніка-балбатуна Фёдара.

Аднаго разу перад пачаткам службы выйшаў поп на вясковую вуліцу і сустракае Фёдара, які ў руках трымае аброць.

— Фёдар, гарэза ты гэтакі. Раскажы што-небудзь, каб сэрца павесялілася, — спытаў святар у падвыпіўшага аднавяскоўца.

Ды няма калі, бацюшка. Вось бачыш, з аброццю бягу па каня, каб хутчэй патрапіць на возера, — з сур'езным выразам твару адказаў Фёдар, які адразу страпянуўся і шпарка пакрочыў па вясковай вуліцы.


  • А што здарылася? — кінуў наўздагон заінтрыгаваны святар.

— Як што?! — не спыняючыся, вымавіў мужык, — невядома чаго і хто спусцілі ваду з возера. зараз там уся вёска, рыбу возяць вазамі.

Поп развярнуўся на 180 градусаў і бегма дадому. Запрог каня і напрасткі да возера. Прыляцеў, а... возера, як стаяла, так і стаіць. Ладна павесялілася з такога жарту вёска, а службы ў той дзень народ так і не дачакаўся...




Сабака Радзівіла

Некалі (у цяперашнім 130 квартале Жорнаўскага лясніцтва) рос дуб. Дуб, здаецца, як дуб, але пасля таго, як на паляванне разам з мужыкамі пайшоў дзед Яўхім, з вялізным дрэвам адбылася цікавая гісторыя. Аказваецца, калі верыць старому, некалі ў мясцовы лес надта любіў прыязджаць на паляванне знакаміты на ўсю Беларусь пан Радзівіл. На той час у лесе хапала дзічыны, а асабліва быў даспадобы паляўнічым мядзведзь. Аднаго разу Радзівіл са сваім знатным сабакам, які меў шмат медалёў і ўзнагарод, упалявалі ляснога драпежніка. Але стрэл аказаўся няўдалым, і паранены звер накінуўся на чалавека. Невядома чым бы ўсё закончылася, каб не адданы гаспадару сабака, які кінуўся на мядзведзя і, па сутнасці, выратаваўчалавека. Праўда, атрыманыя ад смяротнай бойкі, раны сталі для сабакі смяротнымі. Засумаваў Радзівіл па свайму заўчасна памерламу чатырохногаму сябру і вырашыў яго пахаваць з усімі медалямі менавіта каля згаданага дуба.

Гісторыя гісторыяй, але пагалоска аб ёй дайшла і да трактарыстаў калгаса ,,Чырвоны ўдарнік", якія ўжо ў нашы сямідзесятыя гады вырашылі знайсці пахаванага сабаку і... пакарыстацца скарбам (на іх думку медалі павінны былі быць залатымі). Словам, прыехалі мужыкі на бульдозеры да дуба і перакапалі ўсё ўздоўж і ўпоперак, а жаданага ,,узнагароджання" так і не знайшлі. Праўда, руплівае механічнае капанне вакол дрэва, не прайшло дарэмна для дуба, які неўзабаве засох. Даведаўся аб гэтым тагачасны дзяржінспектар па ахове прыроды, які адразу выклікаў да сябе вінаватых, з якіх патрабаваў штраф. Тыя катэгарычна адмаўляліся: маўляў, не мы капалі вакол дуба. Словам, справа дайшла да суда, падчас якога выклікалі і галоўнга сведку — старога дзеда Яўхіма.

— Гэта вы расказвалі пра сабаку Радзівіла? — спытаўся суд.

Дзед крыху збянтэжыўся.

— Можа, і расказваў, можа, і не. Чаго на п'яную галаву не навярзеш за добрым паляўнічым сталом.

Суд у адрозненне ад трактарыстаў не даў веры выдуманай гісторыі і аштрафаваў вінаватых. Зразумела, не за сабаку Радзівіла...

У абдымках з зубрам

Аднойчы зубр па мянушцы ,,Пірат", які з моманту засялення ў нашы лясы адбіўся ад статка, хадзіў у пошуках корму вакол вёскі Дуброва. I так выпала, што напаткалі яго два мясцовыя мужыкі, якія былі пад добрай „мухай". Невядома, што ўлезла ў галаву п'яным людзям, але яны кінуліся на звера і давай таму круціць рогі.

— Бычок, ты наш добранькі, — мармыталі яны абдымаючы ашаломленую жывёліну.

Раптам зубр рэзка матляе галавой, і мужыкі ўмомант як шарыкі, пакаціліся на зямлю. Праз імгненне працверазелыя вяскоўцы кінуліся наўцёкі і схаваліся за бліжэйшай асінай. Тым часам раз'юшаны звер грабе капытамі зямлю, а праз секунду рогі ляснога волата ўрэзваюцца ў ствол. А яшчэ праз імгненне цалкам цвярозыя мужчыны з лямантам панесліся ў бок вёскі...

Пасляслоўе


Дзіўна, але Лочынскае возера, якое з'яўляецца самым вялікім на тэрыторыі вобласці, не выклікае ніякай увагі з боку прыродахоўнага Міністэрства. Прагледзеўшы ладны стос даведачнай літаратуры, больш-менш грунтоўнай інфармацыі аб унікальнай прыроднай мясціне я так і не знайшоў. Зразумела, не нададзены возеру і статус асоба ахоўваемай тэрыторыі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка