Новае ў атэстацыі педагагічных работнікаў: Гарантыі пашыраны, нормы ўдакладнены




Дата канвертавання15.03.2016
Памер199.56 Kb.


Новае ў атэстацыі педагагічных работнікаў:

Гарантыі пашыраны, нормы ўдакладнены
Каментарый да змяненняў і дапаўненняў, унесеных у Iнструкцыю аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi (акрамя педагагiчных работнiкаў з лiку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыi), у адпаведнасці з пастановай Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 26 сакавiка 2014 г. №20.
Пасля шматлікіх кансультацый спецыялістаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь са ўсімі зацікаўленымі, у тым ліку галіновымі міністэрствамі, у падпарадкаванні якіх маюцца ўстановы адукацыі, а таксама Цэнтральным камітэтам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, была прынята пастанова Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 26 сакавiка 2014 г. №20 ”Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанова Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 22 жніўня 2012 г. №101“. Пасля гэтага ў ЦК галіновага прафсаюза пачалі звяртацца педагагічныя работнікі, прафсаюзны актыў, а таксама прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і іх атэстацыйных камісій па каментарыі да гэтых змяненняў і дапаўненняў. У сувязі з гэтым паўстала неабходнасць разгорнутага каментарыя да пастановы Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 26 сакавiка 2014 г. №20 (далей – пастанова).

Трэба адзначыць, што асноўны змест пастановы закрануў нормы зацверджанай пастановай Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 22 жніўня 2012 г. №101 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi (акрамя педагагiчных работнiкаў з лiку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыi) (далей – Інструкцыя). Большасць гэтых змяненняў і дапаўненняў былі доўгачаканымі для педагагічнай грамадскасці, галіновага прафсаюза і, безумоўна, станоўча паўплываюць на вырашэнне пытанняў атэстацыі педагагічных работнікаў на месцах. Варта сказаць, што на многіх карэктывах прынцыпова настойваў галіновы прафсаюз.

Тым не менш, важна спыніцца на змяненні, якое ўнесена непасрэдна ў саму пастанову Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 22 жніўня 2012 г. №101. Гэта змяненне датычыцца пункта 2 гэтай пастановы, згодна якому атэстацыя педагагічных работнікаў на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў вападку, калі гэта кваліфікацыйная катэгорыя прысвоена ім больш як пяць гадоў назад, ажыццяўляецца да 1 верасня 2017 года. Карэктыва з’яўляецца досыць кардынальнай, бо да гэтага меркавалася завяршыць атэстацыю на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі да 1 верасня 2014 года. Фактычна пераходны перыяд галоўнае адукацыйнае ведамства расцягвае на без малога пяць гадоў з часу ўступлення ў сілу Інструкцыі. Выклікана гэта было як зваротамі педагагічнай грамадскасці, так і магчымасцямі наймальнікаў і адпаведных устаноў адукацыі якасна і ў поўным аб’ёме правесці кваліфікацыйныя экзамены. Інфармацыя пра перанос тэрмінаў абавязковай атэстацыі на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з’явілася адразу ў каментарыі Міністра адукацыі Рэспублiкi Беларусь Сяргея Аляксандравіча Маскевіча па выніках праведзенай ім нарады па пытаннях удасканалення Інструкцыі, а цяпер гэты перанос замацаваны пастановай.

Цяпер звернемся непасрэдна да змяненняў і дапаўненняў, якія закранулі саму Інструкцыю. Шэраг змяненняў носяць рэдакцыны характар. Частка першая пункта 3 Інструкцыі прыведзена ў адпаведнасць з тэрміналогіяй Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Пункты 11, 14 Інструкцыі прыведзены ў адпаведнасць з тэрміналогіяй Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 12.04.2013 №168 ”Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама колькасці іх работнікаў“ у частцы назваў аддзелаў (упраўленняў) адукацыi, спорту i турызму раённых (гарадскіх) выканаўчых камiтэтаў, мясцовых адмiнiстрацый раёнаў ў гарадах.

Частка другая пункта 15 Інструкцыі ўдакладнена ў адносінах да атэстацыі педагагічных работнікаў індывідуальных прадпрымальнікаў, бо ў папярэдняй рэдакцыі прадугледжвалася праходжанне атэстацыі самімі ІП, а не іх педагагічнымі работнікамі. Устаноўлена, што педагагiчныя работнiкi прыватных устаноў адукацыi, iншых арганiзацый, якiм у адпаведнасцi з заканадаўствам дазволена ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, педагагiчныя работнiкi IП праходзяць атэстацыю у выпадках, прадугледжаных часткай першай дадзенага пункта, гэта значыць у тых жа выпадках, што і педагагічныя работнікі дзяржаўных устаноў адукацыі.

Таксама педагагiчным работнiкам прыватных устаноў адукацыi, iншых арганiзацый, якiм у адпаведнасцi з заканадаўствам дазволена ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, педагагiчным работнiкам IП дадзена магчымасць праходзіць атэстацыю ў атэстацыйнай камiсii аддзела (упраўлення) адукацыi мясцовага выканаўчага i распарадчага органа не толькі па месцы дзяржаўнай рэгiстрацыi, але і па месцы знаходжання структурнага (адасобленага) падраздзялення адпаведных наймальнікаў.

Пункт 17 Інструкцыі дапоўнены нормай, якой прадугледжана, што рашэнне аб допуску цi адмове да допуску педагагiчнага работнiка да атэстацыi прымаецца на чарговым пасяджэннi атэстацыйнай камiсii. Устаноўлена, што дадзенае рашэнне з’яўляецца падставай да выдання загада аб правядзеннi атэстацыi. Такім чынам, уводзіцца паняцце допуску цi адмовы да допуску педагагiчнага работнiка да атэстацыi, якое раней у Інструкцыі адсутнічала.

У частцы першай пункта 19 Інструкцыі ўдакладнена скарачэнне тэрміна ”стаж працы на пасадзе, па якой атэстуюцца“.

Пункт 19 Інструкцыі дапоўнены часткамі чацвёртай і пятай, якімі ўрэгуляваны пытанні праходжання атэстацыі педагагічнымі работнікамі, прынятымі з пасады прафесарска-выкладчыцкага складу, у залежнасці ад працягласці стажу працы на такіх пасадах. Такім чынам у выпадку, калі педагагічны работнік прыняты з пасады прафесарска-выкладчыцкага складу, стаж працы па якой складае не менш чым два гады, ён дапускаецца да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі незалежна ад яго стажу на пасадзе, па якой праходзіць атэстацыю. Калі стаж працы педагагічнага работніка на пасадзе прафесарска-выкладчыцкага складу не менш чым пяць гадоў, тады ён дапускаецца да атэстацыi на прысваенне першай квалiфiкацыйнай катэгорыi незалежна ад яго стажу на пасадзе, па якой праходзіць атэстацыю. Дадзеная норма дазволіць прывабіць асоб з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу да працы ва ўстановах адукацыі розных тыпаў.

У частцы сёмай пункта 19 Інструкцыі дзеянне гарантыі адносна не залічэння ў стаж працы педагагiчнага работнiка на пасадзе, па якой атэстуецца, перыяду знаходжання ў адпачынку па догляду за дзiцём да дасягнення iм узросту трох гадоў распаўсюджана на ўсе выпадкі, прадугледжаныя дадзеным пунктам.

Пункт 20 Інструкцыі ўдакладнены ў частцы распаўсюджвання яго дзеяння на ўсе выпадкі наяўнасці ў педагагічнага работніка кваліфікацыйнай катэгорыі па іншай адпаведнай пасадзе педагагічнага работніка, што дае яму права прэтэндаваць, а атэстацыйнай камісіі прысвоіць такую ж кваліфікацыйную катэгорыю па займаемай пасадзе. Раней дадзеная гарантыя дзейнічала толькі ў абмежаванай колькасці выпадкаў пераводу работніка з адной пасады педагагічнага работніка на іншую адпаведную пасаду педагагічнага работніка.

Пералічым усе выпадкі распаўсюджвання пункта 20 Інструкцыі ў новай рэдакцыі:

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўнiка цi выкладчыка стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка-дэфектолага, метадыста, педагога-арганiзатара, педагога сацыяльнага, педагогага-псiхолага, выхавальнiка, акампанiятара, канцэртмайстра, майстра вытворчага навучання ўстановы адукацыi;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах выкладчыка цi настаўнiка, настаўнiка-дэфектолага, майстра вытворчага навучання ўстановы адукацыi стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка цi выкладчыка;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выкладчыка стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўнiка;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўнiка стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выкладчыка;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка цi выкладчыка, настаўнiка-дэфектолага, выхавальнiка дашкольнай адукацыi, педагога сацыяльнага, педагога-псiхолага, педагога-арганiзатара, педагога дадатковай адукацыi, майстра вытворчага навучання ўстановы адукацыi стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах выхавальнiка-метадыста, метадыста, выхавальнiка;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка цi выкладчыка, настаўнiка-дэфектолага, выхавальнiка, метадыста, выхавальнiка-метадыста, педагога сацыяльнага, педагога-псiхолага, педагога-арганiзатара стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе выхавальнiка дашкольнай адукацыi;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах выхавальнiка дашкольнай адукацыi, выхавальнiка стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах педагога-псiхолага, педагога сацыяльнага, педагога-арганiзатара;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах культарганiзатара, выхавальнiка, педагога-псiхолага, педагога сацыяльнага стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе педагога-арганiзатара;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка цi выкладчыка, выхавальнiка дашкольнай адукацыi, акампанiятара, культарганiзатара, канцэртмайстра, педагога дадатковай адукацыi стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе музычнага кіраўніка;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка цi выкладчыка, выхавальнiка, выхавальнiка дашкольнай адукацыi, музычнага кiраўнiка, кiраўнiка фiзiчнага выхавання, майстра вытворчага навучання ўстановы адукацыi, культарганiзатара, метадыста, акампанiятара, педагога-арганiзатара стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе педагога дадатковай адукацыi;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка цi выкладчыка, музычнага кiраўнiка, педагога дадатковай адукацыi стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах акампанiятара, канцэртмайстра;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка цi выкладчыка, выхавальнiка дашкольнай адукацыi, педагога дадатковай адукацыi, педагога-арганiзатара стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе кiраўнiка фiзiчнага выхавання;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе метадыста стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах настаўнiка-дэфектолага, педагога сацыяльнага, педагога-арганiзатара;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах педагога-псiхолага, педагога-арганiзатара, педагога дадатковай адукацыi стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе педагога сацыяльнага;

у выпадку наяўнасці адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе культарганiзатара стала магчыма прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадах выхавальнiка, педагога сацыяльнага.

Унясеннем змяненняў і дапаўненняў у пункт 20 Інструкцыі фактычна вырашана праблема прызнання наяўнасці кваліфікацыйных катэгорый па адпаведных пасадах педагагічных работнікаў у выпадках змянення імі месца працы, пасады і г.д. пры адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням.

Выключэнне пункта 21 Інструкцыі дазволіла пазбавіцца калізіі, калі з аднаго боку пры ажыццяўленні кіраўнікамі арганізацый сістэмы адукацыі (іх намеснікамі) педагагiчнай дзейнасці ў частцы рэалiзацыi зместу адукацыйных праграм, праграм выхавання неабходна было праходзіць атэстацыю ва ўстаноўленым Iнструкцыяй парадку, а з другога боку Інструкцыяй прадугледжвалася выключна атэстацыя па займаемай пасадзе. Адпаведна атэстацыя кіраўнікоў арганізацый сістэмы адукацыі (іх намеснікаў) на прысваенне, пацвярджэнне кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнага работніка магчыма толькі пры ўмове займання імі адпаведнай пасады педагагічнага работніка, гэта значыць пры наяўнасці працоўнага дагавора па сумяшчальніцтве.

Акрамя рэдакцыйных карэктыў у частцы другой пункта 22 Інструкцыі ўдакладненны тэрмін давядзення да ведама атэстуемых загада аб правядзеннi атэстацыi. Зараз дадзены тэрмін вызначаны на працягу трох працоўных дзён з дня выдання загада. Раней дадзены тэрмін вызначаўся не пазней чым за адзiн месяц да пачатку атэстацыі. Такім чынам, выдалены падставы для розначытанняў у частцы тэрмінаў давядзення загада аб правядзеннi атэстацыi да ведама атэстуемых.

Пункт 22 Інструкцыі таксама дапоўнены новымі часткамі трэцяй, чацвёртай і пятай, якімі дакладна вызначаны тэрміны правядзення атэстацыі.

Так, часткай трэцяй устаноўлены тэрмін правядзення атэстацыі на прысваенне другой і першай кваліфікацыйных катэгорый, а таксама іх пацвярджэнне ў дачыненні да педагагічнага работніка, які знізіў узровень сваёй працы і дзейнасць якога не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням, або педагагічнага работніка, які мае перапынак у працы на педагагічных пасадах больш як два гады (частка пятая пункта 5 Інструкцыі). Такі тэрмін у дачыненні канкрэтнага педагагічнага работніка не павінен перавышаць трох месяцаў з даты азнаямлення яго з загадам аб правядзеннi атэстацыi.

Часткай чацвёртай устаноўлены тэрмін правядзення атэстацыі на прысваенне, пацвярджэнне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi цi квалiфiкацыйнай катэгорыi "настаўнiк-метадыст". Такі тэрмін у дачыненні канкрэтнага педагагічнага работніка не павінен перавышаць чатырох месяцаў з даты выдачы яму выпiскi з пратакола пасяджэння квалiфiкацыйнай камiсii аб здачы квалiфiкацыйнага экзамену гэтым педагагiчным работнiкам.

Акрамя таго, часткай пятай урэгуляваны выпадкі вызначэння тэрмінаў правядзення атэстацыі ў дачыненні педагагічных работнікаў, якія ў адпаведныя тэрміны мелі часовую непрацаздольнасць i працоўны i (цi) сацыяльны адпачынак. Такім чынам, перыяды часовай непрацаздольнасці і дадзеных адпачынкаў не ўлічваюцца ў тэрміны правядзення атэстацыі, устаноўленыя часткамі трэцяй і чацвёртай пункта 22 Інструкцыі.

У частцы трэцяй пункта 23 Інструкцыі ўдакладнены тэрмін азнаямлення атэстуемага з характарыстыкай. Устаноўлены канкрэтны этап атэстацыі, ад якога адлічваецца гэты тэрмін. Так, у выпадку праходжання атэстацыі непасрэдна ў атэстацыйнай камісіі наймальніка тэрмін азнаямлення атэстуемага з характарыстыкай не павінен быць менш за тыдзень да пачатку атэстацыйнай гутаркi. У выпадку праходжання атэстацыі ў атэстацыйнай камiсii аддзела (упраўлення) адукацыi мясцовага выканаўчага i распарадчага органа дадзены тэрмін не павінен быць менш за два тыдні да пачатку атэстацыйнай гутаркi.

У частцы пятай пункта 23 Інструкцыі ўдакланены тэрмін падрыхтоўкi атэстацыйных матэрыялаў.

Так, у выпадку праходжання канкрэтным педагагічным работнікам атэстацыі на прысваенне другой або першай квалiфiкацыйнай катэгорыi такі тэрмін не павiнен перавышаць двух месяцаў з даты азнаямлення яго з загадам аб правядзеннi атэстацыi.

Для педагагічнага работніка, які праходзіць атэстацыю на прысваенне, пацвярджэнне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi цi квалiфiкацыйнай катэгорыi "настаўнiк-метадыст", такі тэрмін не павiнен перавышаць двух месяцаў з даты выдачы яму выпiскi з пратакола пасяджэння квалiфiкацыйнай камiсii аб здачы квалiфiкацыйнага экзамену гэтым педагагiчным работнiкам.

У пункце 25 Інструкцыі удакладнены перыяд правядзення кваліфікацыйных экзаменаў. Калі раней змест пункта вызначаў форму правядзення кваліфікацыйнага экзамену (абарона ўласнага вопыту або абарона аўтарскай методыкi выкладання вучэбнага прадмета па выбару атэстуемага), то зараз вызначэнне гэтай формы пакінута за адпаведнымі метадычнымі рэкамендацыямі, дзеючымі на сёння ў распрацаванай ДУА ”Акадэмія паслядыпломнай адукацыі“ і зацверджаная Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевічам 17.12.2012 рэдакцыі.

Зараз пунктам 25 Інструкцыі устаноўлена, што кваліфікацыйны экзамен праводзiцца, як правiла, у перыяд засваення зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў. Такім чынам, галіновае міністэрства вырашыла праблему неабходнасці асобнага камандзіравання ўсіх педагагічных работнікаў як на перыяд засваення зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў, так і на перыяд здачы кваліфікацыйных экзаменаў. Тым не менш, пункт 25 не выключае сітуацыі, калі здача кваліфкацыйнага экзамену будзе адбывацца і па-за перыядам засваення зместу адукацыйнай праграмы павышэння квалiфiкацыi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў.

Прадугледжаная пунктам 30 Інструкцыі гарантыя, гэта значыць вызваленне ад здачы кваліфікацыйнага экзамену, распаўсюджваецца зараз пры адпаведных умовах на педагагічных работнікаў, якія праходзяць атэстацыю як на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, так і на яе пацвярджэнне. Раней дадзеная гарантыя распаўсюджвалася на адпаведных педагагічных работнікаў толькі ў выпадках прысваення вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Змяненні і дапаўненні, унесеныя ў падпункты пункта 30 Інструкцыі, не толькі пашыраюць гарантыі педагагічным работнікам, але ствараюць дадатковую матывацыйную глебу для адпаведных напрамкаў педагагічнай дзейнасці.

Унесеныя у падпункт 30.3 пункта 30 Інструкцыі змяненні дазваляюць распаўюджваць яго дзеянне не толькі на настаўнікаў і выкладчыкаў, як гэта было раней, але і на ўсіх педагагічных работнікаў з ліку аўтараў падручнiкаў, вучэбных дапаможнiкаў, афiцыйна зацверджаных або дапушчаных у якасцi адпаведнага вiду вучэбнага выдання Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Карэктывы падпункта 30.5 пункта 30 Інструкцыі найперш закранаюць пытанне тэрміну дзеяння адпаведнай падставы для распаўсюджвання прадугледжаных гэтым падпунктам гарантый на педагагічных работнікаў, якія праходзяць атэстацыю на прысваенне цi пацвярджэнне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi. Зараз яго дзеянне закранае падставы, якія ўзніклі ў педагагічных работнікаў за апошнiя пяць гадоў да правядзення адпаведнай атэстацыі. Да пераліку гэтых падстаў акрамя падрыхтоўкі пераможцаў (дыпломы I, II, III ступенi) адпаведных мiжнародных алiмпiяд, заключнага этапу рэспублiканскай алiмпiяды па вучэбных прадметах, рэспублiканскай алiмпiяды прафесiйнага майстэрства, мiжнародных фестываляў тэхнiчнай i мастацкай творчасцi навучэнскай моладзi, афiцыйных спартыўных спаборнiцтваў, якія ўваходзілі ў ранейшы пералік, дададзены такія падставы, як падрыхтоўка пераможцаў (Гран-пры, першае, другое, трэцяе месца, дыпломы I, II, III ступенi) i (або) прызёраў мiжнародных i рэспублiканскiх фестываляў, конкурсаў, выстаў, пленэраў, iншых мастацка-творчых спаборнiцтваў, тэле- i радыёпраектаў, якiя праводзяцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, а таксама пераможцаў мiжнародных (рэспублiканскiх) фестываляў (конкурсаў) сярод выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыi.

Пашыраны пералік падстаў, прадугледжаны падпунктам 30.6 пункта 30 Інструкцыі. Зараз да пераліку гэтых падстаў акрамя наяўнасці ў педагагічнага работніка статусу пераможцы конкурсу настаўнiкаў, навукова-педагагiчных работнiкаў ці асобы, якой уручана пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў, што ўваходзіла ў ранейшы пералік, дададзена такая падстава, як наяўнасць ў педагагічнага работніка статусу асобы, якой уручана пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi. Тэрмін узнікнення дадзеных падстаў для распаўюджвання на педагагічнага работніка гарантый, прадугледжаных пунктам 30 Інструкцыі, не абмежаваны.

Дапаўненне пункта 30 Інструкцыі падпунктам 30.7 дазволіла распаўсюдзіць дзеянне гэтага пункта на педагагiчных работнiкаў, калектывы якiх атрымалi пад iх кiраўнiцтвам найменне "народны" ("узорны") непрафесiйны (аматарскi) калектыў мастацкай творчасцi або званне "Заслужаны аматарскi калектыў Рэспублiкi Беларусь". Тэрмін узнікнення дадзеных падстаў для распаўюджвання на педагагічнага работніка гарантый, прадугледжаных пунктам 30 Інструкцыі, не абмежаваны.

Дзякуючы дапаўненням, унесеным у частку першую пункта 34 Інструкцыі, правядзенне кваліфікацыйных экзаменаў на прысваенне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi, а таксама прысваенне і пацвярджэнне квалiфiкацыйнай катэгорыi "настаўнiк-метадыст" будзе праводзіцца не толькі ў ДУА "Акадэмiя паслядыпломнай адукацыi", УА "Рэспублiканскi iнстытут прафесiянальнай адукацыi", ДУА "Рэспублiканскi iнстытут вышэйшай школы", але і ў УА "Беларускi дзяржаўны педагагiчны ўнiверсiтэт iмя Максiма Танка", ДУА "Iнстытут культуры Беларусi", УА "Беларуская дзяржаўная акадэмiя музыкi", УА "Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт фiзiчнай культуры", ДУА "Беларуская медыцынская акадэмiя паслядыпломнай адукацыi". Гэта дазволіць не толькі актывізаваць працу па правядзенні кваліфікацыйных экзаменаў, але і стварыйць спрыяльныя ўмовы правядзення кваліфікацыйных экзаменаў для асобных катэгорый педагагічных работнікаў у адпаведнасці з напрамкамі педагагічнай дзейнасці.

Па аналогіі з дапаўненнямі, унесенымі ў пункт 34 Інструкцыі, дапоўнены і пункт 35 Інструкцыі ў частцы пашырэння пераліку ўстаноў адукацыі, якія вызначаюць метадычнае забеспячэнне, формы кваліфікацынага экзамену. Цяпер акрамя ДУА "Акадэмiя паслядыпломнай адукацыi", УА "Рэспублiканскi iнстытут прафесiянальнай адукацыi", УА "Беларускi дзяржаўны педагагiчны ўнiверсiтэт iмя Максiма Танка" такімі паўнамоцтвамі валодаюць ДУА "Iнстытут культуры Беларусi", УА "Беларуская дзяржаўная акадэмiя музыкi", УА "Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт фiзiчнай культуры", ДУА "Беларуская медыцынская акадэмiя паслядыпломнай адукацыi". Гэта дазволіць пры вызначэнні метадычнага забеспячэння, формаў кваліфікацынага экзамену ўлічыць прафесійныя асаблівасці канкрэтных напрамкаў педагагічнай дзейнасці.

Дапаўненне, унесенае у пункт 36 Інструкцыі, дае зараз магчымасць педагагічным работнікам азнаёміцца з праграмай i формамi кваліфікацыйнага экзамену не толькі непасрэдна ва ўстанове адукацыі, дзе яны здаюць экзамен, але і на афiцыйным iнтэрнэт-рэсурсе дадзенай установы.

Пункт 37 Інструкцыі удакладнены ў частцы стварэння камiсiй для правядзення кваліфікацыйнага экзамену пры праходжаннi атэстацыi на прысваенне вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi і квалiфiкацыйнай катэгорыi "настаўнiк-метадыст" па напрамках педагагiчнай дзейнасцi.

Удакладнены нормы, прадугледжаныя пунктам 47 Інструкцыі, што робіць больш пэўнымі варыянты прыняцця адпаведных рашэнняў атэстацыйнымі камісіямі.

Дакладна вызначаюцца дзеянні атэстацыйнай камісіі пры прыняцці рашэння аб адмене педагагiчнаму работнiку другой квалiфiкацыйнай катэгорыi (іншыя кваліфікацыйныя катэгорыі могуць толькі зніжацца). У такіх выпадках дадзеная квалiфiкацыйная катэгорыя адмяняецца.

У выпадках зніжэння педагагiчнаму работнiку кваліфікацыйнай катэгорыі за ім захоўваецца адпаведная ніжэйшая за папярэднюю кваліфікацыйная катэгорыя. Гэта значыць пры зніжэнні першай кваліфікацыйнай катэгорыі за педагагічным работнікам захоўваецца другая, пры зніжэнні вышэйшай – першая, пры зніжэнні квалiфiкацыйнай катэгорыi "настаўнiк-метадыст" – вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя.

Пункт 49 Інструкцыі дапоўнены часткай другой, якой прадугледжаны алгарытм дзеянняў атэстацыйнай камісіі ў выпадку, калі педагагiчны работнiк адмовiўся ад праходжання абавязковай атэстацыi на пацвярджэнне квалiфiкацыйнай катэгорыi або не з’явiўся на квалiфiкацыйны экзамен або атэстацыйную гутарку без уважлiвых прычын. У дадзеным выпадку рашэннем атэстацыйнай камiсii кваліфікацыйная катэгорыя, прысвоеная раней дадзенаму педагагічнаму работніку, знiжаецца (адмяняецца). Трэба мець на ўвазе тое, што ў адпаведнасці са зменамі, унесенымі ў пункт 2 пастановы Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 22 жнiўня 2012 г. №101 "Аб зацвярджэннi Iнструкцыi аб парадку правядзення атэстацыi педагагiчных работнiкаў сiстэмы адукацыi (акрамя педагагiчных работнiкаў з лiку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыi)", атэстацыя педагагічных работнікаў на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў вападку, калі гэта кваліфікацыйная катэгорыя прысвоена ім больш як пяць гадоў назад, ажыццяўляецца да 1 верасня 2017 года. Гэта значыць, што ў выпадку з пацвярджэннем вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі норму, прадугледжаную часткай другой пункта 49 Інструкцыі, можна будзе прымяняць толькі з 1 верасня 2017 года. Зыходзячы з таго, што прыняцце рашэння па выпадках, прадугледжаных часткай другой пункта 49 Інструкцыі, аднесена да кампетэнцыі атэстацыйнай камісіі, прызнанне ўважлівымі прычын, па якіх педагагічны работнік адмовiўся ад праходжання абавязковай атэстацыi на пацвярджэнне квалiфiкацыйнай катэгорыi або не з’явiўся на квалiфiкацыйны экзамен або атэстацыйную гутарку, таксама адносіцца да кампетэнцыі атэстацыйнай камісіі. Гэта значыць, што рашэнне аб прызнанні дадзеных прычын уважлівымі павінна прымацца членамі атэстацыйнай камісіі калегіяльна ва ўстаноўленым парадку.

Акрамя рэдакцыйных карэктыў, унесеных у пункт 54 Інструкцыі, трэба спыніць увагу на істотнасць унесенага ў частку другую гэтага пункта дапаўнення. Права адмянiць рашэнне атэстацыйнай камiсii арганiзацыi сiстэмы адукацыi (аддзела (упраўлення) адукацыi мясцовага выканаўчага i распарадчага органа) пры выяўленнi парушэнняў працэдуры атэстацыi аднесена да кампетэнцыі атэстацыйнай камiсiі вышэйстаячага аддзела (упраўлення) адукацыi мясцовага выканаўчага i распарадчага органа. Да кампетэнцыі дадзенай атэстацыйнай камісіі аднесена і права ў месячны тэрмiн з дня звароту атэстуемага правесцi паўторную атэстацыю работнiка, у дачыненнi да якога былi дапушчаны парушэннi.

Ці змогуць унесеныя ў Інструкцыю змяненні і дапаўненні вырашыць усе спрэчныя пытанні атэстацыі педагагічных работнікаў? Безумоўна, знята шмат найбольш праблемных пытанняў, зроблены істотны крок наперад, у большасці выпадкаў на карысць педагагічных работнікаў. Але практыка заўсёды падае нам новыя і новыя пытанні, таму працэс удасканалення нарматыўнай базы будзе працягвацца.

Тым не менш, мяркуем, ёсць пытанні, якія павінны быць вырашаны ў самы бліжэйшы час. Найперш гэта датычыцца неабходнасці ўнясення карэктыў у Метадычныя рэкамендацыі аб парадку правядзення кваліфікацыйнага экзамену пры праходжанні атэстацыі педагагічнымі работнікамі на прысваенне і пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кваліфікацыйнай катэгорыі ”настаўнік-метадыст“, дзеючымі на сёння ў распрацаванай ДУА ”Акадэмія паслядыпломнай адукацыі“ і зацверджанай Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевічам 17.12.2012 рэдакцыі. Карэктывы павінны закрануць формы правядзення экзамену. Таксама ўзнікаюць пытанні па пацвярджэнні вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнымі работнікамі, якім названая катэгорыі была прысвоена з улікам дзеючых на той час кваліфікацыйных патрабаванняў. Гэта значыць, што парушэнняў пры правядзенні атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі не было, але на час пацвярджэння кваліфікацыйныя патрабаванні змяніліся. Галоўнаму адукацыйнаму ведамству неабходна патлумачыць дадзеныя выпадкі наймальнікам на карысць педагагічных работнікаў.

У дапамогу педагагічным работнікам, атэстацыйным камісіям, прафсаюзнаму актыву ЦК галіновага прафсаюза распрацаваны параўнальны аналіз норм Інструкцыі, у якія ўнесены змяненні і дапаўненні, за каментарыямі. З гэтым матэрыялам можна азнаёміцца на сайце галіновага прафсаюза www.estu.by.


Распрацоўшчык – Р.В.Дапіра, намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка