Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў непрыемная сустрэча




старонка1/9
Дата канвертавання26.06.2016
Памер2.01 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9

Бадак Алесь



НЕЗВЫЧАЙНАЕ ПАДАРОЖЖА

Ў КРАІНУ ВЕДЗЬМАЎ
1. НЕПРЫЕМНАЯ СУСТРЭЧА
На прыпынку людзей было многа, але Данік стаяў каля самай броўкі — як толькі аўтобус, чмыхнуўшы, расчыніў дзверы, ён ускочыў першы і заняў месца каля акна. Вы калі-небудзь ездзілі ў аўтобусах, седзячы каля акна? Ну, вядома ж, ездзілі! Тады вам не трэба тлумачыць, чаму пасажыры, нават калі іх на прыпынку мала, яшчэ да таго як пачуецца гэтае незадаволенае "чмы-х-х!", пачынаюць прабірацца бліжэй да броўкі. Правільна, каб заняць лепшыя месцы — каля акна, адкуль, напрыклад, вельмі зручна лічыць машыны, якія праносяцца міма. Граня, Данікаў сябрук з паралельнага класа, хваліўся, быццам аднойчы налічыў цэлую сотню, але Граню змахляваць, што чыхнуць,— паглядзіць так, быццам ты яму яшчэ і дзякуй павінен сказаць. Данікаў ракорд — шэсцьдзесят чатыры машыны, і гэта без усялякага падману.

Дзверы аўтобуса зачыніліся. Данік прымасціў у нагах цяжкі школьны ранец і затрымаў позірк на нечых дзіўных паношаных чаравіках з загнутымі, як лыжы, наскамі. Гэта з якога музея яны сюды трапілі?! Даніку закарцела зірнуць, хто б мог насіць такі абутак, хоць і так было ясна, што іх гаспадар далека не яго равеснік і чакае не дачакаецца, пакуль Данік саступіць яму месца. Вось табе і маеш, адно сеў, а ўжо трэба ўспорвацца! Аднак хлопчык вырашыў счакаць некалькі хвілін — а раптам хто-небудзь усхопіцца раней? Павінен жа ў гэтым аўтобусе ехаць яшчэ хоць адзін выхаваны пасажыр!

I тут на спінку пярэдняга сядзення — ну, проста перад яго носам! — апусцілася рука, спрэс пасечаная дробнымі маршчынкамі. На пальцах былі доўгія пазногці, закручаныя на канцах літараю "г". Але не яны здзівілі хлопчыка. На ўказальным пальцы ён убачыў шырокі залаты пярсцёнак з круглым крышталікам, усярэдзіне якога мерна пагойдвалася рыбіна вока!

Данік не вытрываў, ускінуў галаву і ўбачыў твар старой жанчыны — ссохлы, выцягнуты, з двума доўгімі сівымі валас -камі-антэнамі на падбародку. I вочы — такія ж халодныя, рыбіныя, як і на пярсцёнку.

Ты хіба не ведаеш, што трэба саступіць мне месца? — пагрозліва спытала бабулька нізкім непрыемным голасам.



Папраўдзе, усё ў ёй Даніку было непрыемным: голас, твар, рукі, старая камізэлька і доўгая чорная спадніца з вялікімі латкамі, дзіўныя чаравікі...

Я не магу, мне нага баліць! буркнуўшы, зманіў ён. I падумаў: "Ну, зараз пачнецца!"



Але бабулька адно скрывілася, пры гэтым так зіркнула на Даніка, што ён міжволі ўцягнуў галаву ў плечы і апусціў вочы. Невядома, што было б далей, але тут аўтобус нечакана заглох і спыніўся. Бабулька праціснулася да выхада і загрукала ў дзве­ры так настойліва, што шаферу давялося расчыніць іх. Толькі дзіўная пасажырка выйшла, як аўтобус сам па сабе завёўся. Шафёр недаўменна паціснуў плячыма — колькі разоў здаралася, што яго машына ні з таго ні з сяго глохла, але каб сама заводзілася!..

Нарэшце аўтобус павярнуў на іншую вуліцу, з левага боку якой ужо заканчваўся горад і пачыналася поле, за полем цямнеў лес.

Данік падняўся, каб прайсці да выхада, але нечакана войкнуў і прысеў на правую нагу.


  • Хлопчык, што з табой? — пачуў ён над сабой нечы голас і, скрывіўшыся ад болю, адказаў:

  • Нага...



2. ХАТКА НА ЎСКРАЙКУ ЛЕСУ
Як вядома, усе хваробы дзеляцца на прыемныя і непрыемныя. Прыемна прастудзіцца адразу пасля зімовых канікулаў, цэлы дзень ляжаць у пасцелі, глядзець тэлевізар і ўяўляць, як у гэты час у школе твае сябры пакутуюць каля дошкі ці за партай. А вось калі баліць зуб — тут ужо прабачце. Лепш ужо вытрываць катаванне выклікам да дошкі.

Даніку са сваей нагой цяжка было вызначыцца: радасць яму нечакана выпала ці, наадварот, непрыемнасць. Спачатку, пакуль у школе не скончыліся заняткі, ён, кульгаючы ад крэсла да тэлевізара, ад тэлевізара да кухні, ад кухні да ложка, уяўляў сябе сапраўдным героем, які толькі што ўратаваў сваю класную кіраўніцу (а яшчэ лепш — дырэктарку школы!). Аднак неўзабаве пачаліся летнія канікулы, і Даніку перастала хацецца быць героем, хацелася на вуліцу. Але не вельмі куды падасіся, кульгаючы,— ні табе ў футбол пагуляць, ні на роліках пакатацца.

Тым часам лепшыя дактары горада не маглі зразумець, што здарылася з нагой хлапчука.

Праўда, пра тое, што ён не захацеў саступіць месца дзіўнай бабулі, Данік доўга нікому не расказваў — ні маці, ні сястры, ні, тым больш, дактарам. Ды і што з таго, калі б ён і прызнаўся? Граня вунь кожны раз, калі ўрокі не вывучыць, якую-небудзь хваробу выдумляе, і хоць бы адна з іх да яго прыліпла!



Зняверыўшыся ў дактарах, Данікава маці паслухала доб­рых людзей і пачала рабіць настой з розных зёлак, каб націраць імі сынаву нагу. I тут нехта падказаў ёй, што за полем, на ўзлеску, у хатцы-шпакоўні, якая адна засталася ад колішняй вёскі, жыве старая знахарка. Калі возьмецца, любую хва­робу як рукой здыме. Адно што не кожнаму яна дапамагае, а іншага і за парог не пусціць, або так зіркне спадылба — у самога прападзе ахвота заходзіць.

Пачуўшы пра знахарку, Данік ні з таго ні з сяго заўпарціўся.

Не хачу нікуды ісці! замахаў ён рукамі.



I чым болып маці з Карынаю, сястрой Данікавай, яго ўгаворвалі, тым болып ён упарціўся.

Калі маці пайшла на працу, Карына сказала:

I што ты ўпіраешся, як малое дзіця!



Даніку ўвесну споўнілася дзесяць гадоў — вядома, якое ж ён малое дзіця!

Я на тваім месцы пагадзілася б да каго хочаш ісці, абы толькі нагу вылечылі.



Карыне было ўжо чатырнаццаць гадоў, і ёй здавалася, што гэта дастаткова важкая прычына, каб Данік яе ва ўсім слухаўся.

  • Не пайду! — буркнуў брат.

  • Ну чаму?!

I тут Данік не вытрымаў і расказаў сястры пра сустрэчу з незвычайнай бабуляй.

  • Можа, гэта і была тая знахарка! — панізіўшы голас, закончыў ён.

  • А ты папрасі ў яе прабачэння,— прапанавала Карына.

  • Ага, зараз! — чмыхнуў Данік.— Ты б паглядзела на яе! Страшнілка на дзвюх нагах, а не знахарка! Яна мяне не толькі не вылечыць, а зробіць, што я зусім хадзіць перастану!

Карына хацела зноў запярэчыць брату, але ў ягоным голасе было столькі рашучасці, што яна змоўчала і больш ужо не чаплялася са сваімі парадамі. Аднак і думаць пра Даніка не перастала.

Назаўтра, нікому нічога не сказаўшы, дзяўчынка выйшла з дому, перабегла цераз кальцавую дарогу і па зялёным полі накіравалася да лесу. Раніца была халодная. Сонца не паспявала выбрацца з адной хмаркі, нібы шэрай гурбы снегу, як тут жа правальвалася ў іншую.

Хатка, у якой жыла знахарка, быццам дазорца, выглядала на поле з-за магутных лапаў высокіх елак маленькім вокам-акенцам. Другое вока-акенца пазірала ў глыб лесу.

Карына падышла да пакрыўленых рассохлых дзвярэй і пастукала. Не дачакаўшыся адказу, націснула на клямку, лёгка піхнула дзверы, і яны са скрыпам расчыніліся. Усярэдзіне хатка здалася яшчэ меншай, чым звонку. Справа ад дзвярэй стаяла печ, злева — доўгі стол. За сталом на лаўцы сядзела бабулька ў пацёртай камізэльцы і хустцы, завязанай на падбародку. Яна перабірала зёлкі і кідала іх у чыгунок.

  • Добры дзень,павіталася Карына.

  • От і добра, што прыйшла,— не падымаючы вачэй, ска­зала знахарка, быццам даўно чакала дзяўчынку.Пайдзі назбірай сухога галля, а то трэба ў печы прапаліць, а я нешта занядужала.

Карына хоць і здзівілася такому прыёму, аднак паслухмяна выйшла з хаты. Калі яна вярнулася з бярэмем галля, зна­харка сказала:

  • Рэдка да мяне ходзяць госці, дый тых сюды гоніць хвароба, а не ахвота. А ты, бачу, здаровая.

  • У мяне брат хворы,— ціха адказала дзяўчынка.— У яго ні з таго ні з сяго пачала балець нага.

  • Ні з таго ні з сяго,— насмешліва паўтарыла знахар­ка.— Можа, пераступіў цераз саломінкі, якія ляжалі крыжам, вось і забалела.

  • Адкуль жа ў Мінску саломінкі? здзіўлена запярэчыла Карына.

  • Значыць, доўга скакаў на адной назе.

  • Ды ў яго нага забалела ў аўтобусе, ён не мог там скакаць.

Знахарка пакруціла галавой і нарэшце адклала сваю працу.

  • Ці ёсць у цябе якая- небудзь яго рэч?

  • Яго рэч? разгублена перапытала дзяўчынка.

  • Альбо хай сабе што-небудзь, да чаго ён нядаўна датыкаўся.

Карына паціснула плячыма.

  • Ёсць! раптам усклікнула яна.Гадзіннік! Мой гадзіннік зламаўся, і я ўзяла панасіць Данікаў — усё роўна ён не выходзіць на вуліцу.

  • Пакажы,— загадала знахарка.

Карына выцягнула левую руку. Гадзіннік быў новенькі, на скураным раменьчыку яны з маці падарылі яго Даніку некалькі месяцаў таму на дзень нараджэння.

Знахарка падпаліла ў печы некалькі сухіх галінак і зага­дала:

  • Здымі раменьчык і кінь у агонь.

  • Навошта? спалохалася дзяўчынка.

Але знахарка нічога не адказала, адно ўздыхнула.

Карына мусіла падпарадкавацца, хоць ёй было вельмі шкада скуранога раменьчыка. Што яна цяпер скажа Даніку?

Як толькі ад раменьчыка застаўся адзін попел, знахарка зграбла яго на савок, затым перасыпала ў жалезны кубачак, спырснула вадой і, закрыўшы кубак далонню, патрэсла. Пасля яна доўга глядзела на попел, і ў яе глыбокіх вачах спачатку з'явілася недаўменне, а пасля трывога.

  • А ты нічога ад мяне не ўтойвала? — павярнулася яна да Карыны.

  • Я не ведаю... — разгубілася дзяўчынка.Данік гаварыў мне пра бабульку ў аўтобусе. Ён думаў, што гэта вы, таму і не захацеў ісці да вас.

I яна расказала ўсё, што даведалася ад брата пра яго сустрэчу з дзіўнай бабулькай. I чым далей яна расказвала, тым больш змрочным станавіўся твар знахаркі.

Ясна! Гэта была ведзьма! — сказала знахарка, як толькі Карына закончыла расказваць.— Альбо яна не паслухалася Ганесты, альбо Ганеста пачала патураць гэтым ліхадзейкам.

А хто такая Ганеста? — здзіўлена спытала Карына.


  • Хм,— скрывілася знахарка,— Ганеста — уладарка Краіны Ведзьмаў.

  • А хіба ёсць такая краіна?

  • Ёсць,— уздыхнула бабулька.— I калі твой брат хоча, як раней, бегаць і скакаць на абедзвюх нагах, яму трэба ісці туды, да самой Ганесты. Толькі яна можа зняць з яго чары.

  • А калі я пайду замест яго? — не задумваючыся, спытала Карына.

Знахарка недаўменна паглядзела на дзяўчынку.

  • Не думай, што гэта так проста: пайшла, папрасіла і твой брат здаровы. Ганеста — ведзьма, і гора таму, хто не спадабаецца ёй ці не дагодзіць чым.

  • А як да яе трапіць? — не зважаючы на апошнія словы знахаркі, спытала Карына.

  • Гэта можна зрабіць толькі ў ноч на Івана Купалу, калі зацвіце папараць. Сарваўшы кветку, трэба выйсці на лясную сцежку, якая ў адзін бок вядзе на поўдзень, а ў другі — на поўнач, павярнуцца тварам на поўдзень, пацерці павекі пялёсткам кветкі папараці і з заплюшчанымі вачыма ісці па сцежцы, пакуль кветка ў руках не засохне.

  • А хіба папараць цвіце? — спытала Карына.

Але знахарка нібы не пачула, узяла са стала чыгунок з зёлкамі і панесла на прыпечак.

Карына не стала перапытваць, падзякавала бабульцы і пайшла да дзвярэй. На парозе раптам азірнулася і спытала:

  • А навошта ведзьмы носяць пярсцёнак з рыбіным вокам?

  • Гэтае вока дапамагае знаходзіць сцежку ў сваю краіну ў любую пару года,— не азіраючыся, растлумачыла знахар­ка.— I помні, ведзьмы могуць ператварацца ў каго хочаш, нават у птушак і звяроў. Але ты іх заўсёды пазнаеш па гэтым пярсцёнку з рыбіным вокам.


3. У ПОШУКАХ ПАПАРАЦЬ-КВЕТКІ
Пра тое, што была ў знахаркі, Карына не прызналася ні Даніку, ні маці.

А калі прыйшоў час шукаць папараць-кветку, яна сказала брату:



  • Ты ж ведаеш, вы з мамаю для мяне самыя дарагія людзі ў свеце. I я хачу, каб ты быў здаровы, і зраблю для гэтага ўсё, што змагу. Толькі не хвалюйся, калі раптам нешта здарыцца... Так і павінна быць, і ўрэшце ўсё скончыцца добра.

  • Што здарыцца? — здзіўлена перапытаў Данік, але Ка­рына ўжо выйшла з пакоя і, абуўшы лёгкія белыя туфелькі, з хвіліну пастаяла каля дзвярэй, слухаючы, як на кухні шуміць вада — маці мыла посуд.

Карына не ўмела і не хацела махляваць, а сказаць праўду, куды яна сабралася, было б яшчэ горш — маці яе нізавошта б не пусціла поначы ў лес, ды і не паверыла б ні ў якую Краіну Ведзьмаў.

"Прабач, мамачка,— у думках папрасіла Карына.— Але нічога лепшага мы з табой усё роўна б не прыдумалі".

Чым бліжэй дзяўчынка падыходзіла да лесу, тым страш­ней ёй рабілася. Месяц хоць і вісеў на небе, свяціў быццам пад прымусам і толькі і чакаў, калі можна будзе сігануць за далягляд.

"А раптам я не знайду папараць-кветку? — думала Кары­на, прыспешваючы крок.— I потым, бабулька сказала, у Краіне Ведзьмаў апынешся, калі засохне кветка,— гэта ж колькі трэба ісці? I як даведацца, што сцежка вядзе на поўдзень, а не на захад? — Карына спынілася і паглядзела на месяц.— Вось хто мне дапаможа! — здагадалася яна.— I мурашкі. Яны заўсёды будуюць свае домікі з паўднёвага боку дрэў. I ўсё ж трэба зайсці да бабулькі — можа, яна яшчэ што параіць".

У вокнах знахарчынай хаткі было цёмна. Карына пастукала ў дзверы, але за імі ніхто не адазваўся. Дзяўчынка паспрабавала адчыніць іх, аднак на тэты раз дзверы не паддаліся.

Уздыхнуўшы, Карына пайшла ў глыб лесу. Доўга блукала па ім, пакуль нарэшце ў цямнечы не ўбачыла папараць. Але дарэмна яна шукала паміж вялікіх лістоў чароўныя кветкі іх не было.



"Значыць, усё гэта няпраўда,засмуцілася дзяўчынка.— Дарэмна я паверыла знахарцы. Кожны школьнік ведае, што папараць не цвіце".

Яна стомлена апусцілася на зямлю. Як быць далей? Вяртацца дадому альбо працягваць пошукі? Раптам месяц схаваўся за воблака, і ў той жа момант Карыне здалося, што дрэвы вакол яе, нібы жывыя, пачалі паволі рухацца, набліжацца адно да ад наго, сплятаючыся галінамі.

Карына ад страху заплюшчыла вочы, а калі расплюшчыла іх, убачыла многа прыгожых жоўтых кветак — гэта зацвіла папараць! Дрэвы ўжо стаялі нерухома, і месяц вылез з-за воб­лака і, здавалася, пазіраў уніз са здзіўленнем і недаверам. Ка­рына асцярожна сарвала адну кветку, агледзелася па баках і ўбачыла непадалёку, каля высокай сасны, вялікі мурашнік. Куды цяжэй аказалася знайсці сцяжынку, якая б вяла на поўдзень. У гэтым лесе быццам зусім не стала сцежак. Карына кідалася то ў адзін бок, то ў другі — паспрабуй тут угадай, куды бегчы!

Нарэшце яна спынілася, каб аддыхацца, апусціла вочы і ўбачыла, што якраз стаіць на ёй — вузкай, амаль непрыкметнай, зарослай травою сцяжынцы. Павярнуўшыся тварам на поўдзень, Карына хутчэй адарвала ад кветкі адзін пялёстак, заплюшчыла вочы і памазала ім павекі. Не прайшло і хвіліны, як павекі пачалі цяжэць. Дзяўчынку агарнула дрымота, а ногі самі павялі яе наперад.

Невядома, колькі часу яна ішла па лясной сцяжынцы, як раптам...

Ай! — ускрыкнула Карына, наткнуўшыся на нейкую перашкоду, і, згубіўшы раўнавагу, упала.


4. ГРАНЯ

Карына не моцна выцялася, але яе дрымоту як рукой зня­ло. Яна расплюшчыла вочы і ўбачыла перад сабой хлопчыка гадоў дзесяці ў пацёртых джынсах, пакарочаных да калена, і шэрай безрукаўцы, які, як і яна, ляжаў на зямлі і недаўменна пазіраў на яе.

Першым падхапіўся хлопчык і пацёр правае плячо.


  • Прабач, калі ласка,— сказала Карына, падняўшыся і атрасаючы са сваёй блакітнай сукенкі пясок.

  • Трэба глядзець, куды ідзеш,— буркнуў хлопчык і перастаў церці плячо.

  • Трэба,— пагадзілася Карына, а сама падумала: "Хоць як я магла глядзець, калі мне сказалі заплюшчыць вочы?"

  • Моцна баліць? — спачувальна спытала яна, кіўнуўшы на плячо.

  • I нічога не моцна,— хмыкнуў хлопчык.— А, калі хочаш ведаць, баліць яно і не з-за цябе зусім.

  • А з-за каго? — здзівілася Карына.

  • З-за таго, з кім табе лепш не сустракацца. Слухай,— прыжмурыўся хлопчык,— мне здаецца, я цябе ўжо недзе бачыў.

  • I я цябе. Вось толькі дзе?

  • А я ведаю! Ты Данікава сястра.

  • А ты... ты...

  • А я — Граня, яго аднакласнік. Бачыліся мы ў вашай кватэры, калі я браў у Даніка лыжы.

  • Відаць,— няўпэўнена кіўнула Карына і ў тэты момант заўважыла ў руцэ хлопчыка кветку папараці.— А што ты тут робіш?

  • А ты? — насцярожыўся Граня.

  • Я... я іду да сваёй знаёмай.

  • Хм, і я... да знаёмага.

Некалькі імгненняў яны пільна глядзелі адно аднаму ў вочы. Карына першая адвяла позірк і раптам усклікнула:

— Дзе мы?


5. КРАІНА СОНЕЧНЫХ ЗАЙЦОЎ
Карына і Граня здзіўлена глядзелі па баках. Яны стаялі пасярод блакітнага поля, залітага сонцам. Блакітным яно было таму, што на ім раслі адны блакітныя кветкі.

  • Слухай,— узрадавалася Карына,— па-мойму, мы прыйшлі ў Краіну Ведзьмаў!

  • Ага,— насмешліва сказаў Граня,— толькі ведзьмы, мабыць, калі ўбачылі нас, ад страху пахаваліся. Я думаў, такія, як ты, ужо не вераць у казкі,— хлопчык глядзеў на Карыну знізу ўверх, і яму вельмі не хацелася, каб дзяўчынка размаўляла з ім, як з якой-небудзь малечай.

  • А хіба ты не верыш? — здзівілася Карына.— Толькі не гавары, што ідзеш да свайго знаёмага.

  • У ведзьмаў верыць мая бабуля, а не я,— патлумачыў Граня.— Яна зацягнула мяне да знахаркі, і тая нарасказвала ўсялякіх небыліц пра іхнюю краіну. Быццам толькі там можна зняць чары з маёй рукі.

  • А што з ёй здарылася? — пацікавілася Карына.

  • Ха, гэта ніводзін доктар не можа сказаць! Ішоў сабе са школы, а тут нейкая старая просіць паднесці ёй торбу. I бачыць жа, што нам не па дарозе, а ўсё роўна: "Памажы, пама­жы."— перакрывіў Граня бабулю.— А ў мяне самога ў сумцы кніг, што паваліцца можна. Але хіба ёй гэта растлумачыш? Я і сказаў, каб не крыўдзіць: "Мне рука баліць". Яна толькі з'едліва так усміхнулася і далей пайшла. А мне рука, і праўда, балець пачала.

  • I пасля гэтага ты не верыш у ведзьмаў? — недаверліва спытала Карына. 0

  • Я не такі наіўны, каб верыць, што ёсць краіна, дзе жывуць адны ведзьмы,— няпэўна адказаў Граня.

  • Ну, а папараць,— не здавалася Карына,— яна ж зацвіла!

Ну і што? — паціснуў плячыма Граня.— А хто сказаў, што яна не павінна цвісці? Глядзі.— Граня працягнуў Карыне далонь, на якой ляжала жоўтая кветка,— калі верыць знахарцы, у Краіну Ведзьмаў мы павінны дайсці, як толькі гэтая кветка засохне. Па-твойму, яна сухая?

Карына падняла з зямлі сваю кветку, якую ўпусціла, калі падала.

  • I праўда,расчаравана сказала яна,— мая таксама не засохла.

  • Ды пакуль яна засохне, пройдзе цэлы месяц! — махнуў здаровай рукой Граня.

  • Раз мы пагадзіліся на гэтае падарожжа, то павінны ісці да канца,— упэўнена сказала Карына.

  • Ды каб не ты, я ўжо немаведама дзе быў бы,— буркнуў Граня, незадаволены тым, што Карына паводзіць сябе так, быццам яна тут галоўная. I, павярнуўшыся да дзяўчынкі спіной, ён пайшоў па полі.

  • Куды ты? — крыкнула наўздагон Карына.— У тым баку не поўдзень, а захад!

  • Не,— спыніўшыся, пакруціў галавой Граня,— з табой, відаць, не вернется дадому і да канца канікулаў. Там поўдзень, а не захад!

I ён упэўнена пайшоў далей.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка